Выданне The New York Times апублікавала новыя матэрыялы пра вайсковую частку пад Асіповічамі, якая можа выступаць як сховішча для ядзерных боепрыпасаў. Раней, у сакавіку гэтага года даследчыкі з Федэрацыі амерыканскіх навукоўцаў ужо звярталі ўвагу на гэтую частку – пісалі mogilev.media.
На думку экспертаў, якія вывучалі новыя спадарожнікавыя здымкі ваеннага аб’екта пад Асіповічамі і падзяліліся сваімі ўражаннямі з The New York Times, па сваім дызайне частка стала ўсё больш нагадваць тыповыя расійскія сховішчы атамнай зброі.
Эксперты адзначылі, што вайсковая частка працягвае забудоўвацца, на аб’екце з’явіўся аварыйны эвакуацыйны выхад і дадатковая сістэма супрацьпаветранай абароны.
Адна змена ў архітэктуры ваеннага аб’екта паставіла ў тупік даследчыкаў. Раней частка была абнесеная чатырма лініямі агароджы, а зараз іх толькі тры.
Схема размяшчэння ліній агароджы і кантрольна-прапускнога пункту на базе пад Асіповічамі, на думку экспертаў, стала нагадваць тыповыя сховішчы атамнай зброі ў Расійскай Федэрацыі, у Наўгародскай, Хабараўскай, Белгарадскай і іншых абласцях.
Адзін з экспертаў, Уільям Мун, заявіў выданню The New York Times, што дызайн магчымага сховішча расійскай ядзернай зброі пад Асіповічамі вельмі нагадвае сучасныя ядзерныя базы ў Расіі, дзе Мун, па ягоных словах, бываў асабіста ў складзе дэлегацый Пентагона ў якасці назіральніка за бяспекай захоўвання ядзернай зброі.