Пацяплее, пройдуць дажджы і мокры снег, але зіма працягваецца – надвор’е на тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць неустойлівае надвор’е, з плюсавымі тэмпературамі. Яно будзе ў асноўным пахмурнае з праясненнямі, з невялікім снегам, мокрым снегам, дажджамі, што прывядзе да дэградацыі снегавога покрыва. 

Цяплыні да +10 +13°С як у 1961 і 2002 годах не прагназуецца. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 18 хвілін і дасягне 11 гадзін 55 хвілін.

https://yandex.ru/pogoda/mogilev?lat=53.894548&lon=30.330654 

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 13 сакавіка: раніцай -4 -7°С, удзень 0 +3°С, уноч  да +3 +4°С. Прагназуецца невялікі снег у першай палове дня і невялікі дождж – у другой. З рання воблачна з праясненнем, на працягу астатняга дня пераважна пахмурнае неба. Хуткасць ветра да 5-8 м/с. На дарогах галаледзіца.

У аўторак, 14 сакавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, месцамі з кароткімі праясненнямі, з невялікім дажджом. Раніцай тэмпература +4 +5°С, днём ад +6 да +9°С, увечар +7 +8°С.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 15 сакавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е з дажджом у другой палове дня. Уранні +1 +4°С, удзень да +7 +9°С, у ноч +2 +5°С. На працягу сутак прагназуецца прыток паветраных мас з паўднёвага ўсхода. Хуткасць вятроў да 6–8 м/с.

У чацвер, 16 сакавіка, вецер памяняе свой накірунак на паўночна-заходні з хуткасцю да 5 м/с, прагназуецца пахмурнае даждлівае надвор’е. З рання да +1+3°С, удзень да +6, да ночы тэмпература панізіцца да  0 +1°С. 

У апошні дзень працоўнага тыдня, 17 сакавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з дажджом, а месцамі дажджом і снегам, надвор’е з панаваннем паўночна-заходніх вятроў хуткасцю 4-5 м/с. Раніцай каля 0°С, днём да +4 +6°С, да ночы тэмпература складзе 0 +1°С.

 Фота: mogilev.media

Пахмурнасць, снег з дажджом – надвор’е на тыдзень

На новы рабочы тыдзень, на які прыпадае Жаночы дзень, у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць неўстойлівае надвор’е з невялікімі маразамі ўноч і блізкімі да нуля тэмпературамі удзень, у асноўным пахмурнае з праясненнямі, са снегам і мокрым дажджом. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 14 хвілін і дасягне 11 гадзін 24 хвілін.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 6 сакавіка: раніцай -1 -3°С, удзень каля 0 -1°С, уноч -1 -3°С. Прагназуецца невялікі снег, пахмурнае з праясненнямі неба ў першай палове дня, воблачнае надвор’е ў другой палове дня. Вецер заходні і паўднёва-заходні хуткасцю да 4-5 м/с. На дарогах галаледзіца.

Цімафей Веснавей (народны каляндар).

У даўніну лічылі, што ў гэты дзень вясна ўжо прыйшла і стаіць перад дзвярыма: “на Цімафея-вяснавея – цяплынь ля дзвярэй”.

Калі першы гром грымне пры паўночным ветры – да халоднай вясны, пры ўсходнім – да сухой і цёплай, пры паўднёвым – да цёплай.

Дажыць да Веснавея, а тамака і зіма не страшная.

Масавы прылёт гракоў.

У аўторак, 7 сакавіка, надвор’е абяцае быць пахмурным, пераважна без ападкаў, з панаваннем паўднёва-заходніх і паўднёвых вятроў хуткасцю да 4-5 м/с, месцамі да 8 м/с. Раніцай тэмпература -1 -3°С, днём і ўвечар каля 0°С. На дарогах галаледзіца. Поўня на небе.

Прыкметы. Час цецерукоў выступаць з запеўкамі.

У сярэдзіне рабочага тыдня, на Жаночы дзень 8 Сакавіка, прагназуецца снег, снег з дажджом, пахмурнае надвор’е. Уранні -1 0°С, удзень каля +1°С, увечары да -2 -4°С. На працягу сутак чакаецца змена накірункаў руху паветраных мас з паўднёвага на паўднёва-заходні, заходні – да ночы. Хуткасць вятроў да 6-8 м/с. Поўня на небе.

Прыкметы. З 8 па 15 сакавіка магчымае вяртанне марозных дзён: “Сакавік месяц любіць куралесіць: марозам ганарыцца і на нос садзіцца”.

Самы час сарокам у лес ляцець, а цецерукам выступаць з запеўкамі.

Вераб’і галдзяць – месцы для гнёздаў дзеляць.

На рэках добры клёў.

У чацвер, 9 сакавіка, пры пануючых заходніх і паўднёва-заходніх вятрах хуткасцю да 5-7 м/с, прагназуецца пахмурнае марознае надвор’е з невялікім снегам. З рання да -4 -5°С, удзень -1 -2°С, ноччу да -3 -4°С.

Народныя прыкметы.

Вяртаюцца з цёплых краёў пералётныя птушкі, а ўбачыць жаўрука ці бусла ў гэты дзень – на шчасце.

Калі “рогі” ў Месяца стромкія і яркія, значыць быць марозу.

Калі дзяцел стукае ў сакавіку, то вясна будзе позняй.

Калі птушкі ўюць гнёзды на сонечным баку хат, значыць лета будзе халодным.

Фота mogilev.media

Невялікія маразы зменяцца калянулявымі тэмпературамі, у асноўным будзе пахмурна

Надвор’е на бліжэйшыя дні – канец лютага, пачатак сакавіка.

На новы рабочы тыдзень, на які прыпадае першы тыдзень паста ў праваслаўных, канец лютага і пачатак сакавіка, у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць неустойлівае надвор’е, з невялікімі маразамі ўночы і блізкімі да нуля тэмпературамі ўдзень, у асноўным пахмурнае, з праясненнямі і ападкамі. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 18 хвілін і дасягне 10 гадзін 54 хвіліны.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 27 лютага: раніцай -6 -4°С, удзень каля -2 -4°С, увечар -5 -10°С. Прагназуюцца снегапады, пахмурнае з праясненнямі надвор’е. Вецер днём заходні і паўночна-заходні, пад вечар – паўночны, які і прынясе паніжэнне тэмператур, хуткасцю да 3-5 м/с. На дарогах галаледзіца.

Кірыла (народны каляндар). Прыкметы.

Добрае надвор’е на Кірылу абяцае працяг маразоў.

У аўторак, апошні дзень месяца, 28 лютага, надвор’е абяцае быць пахмурным з праясненнямі, з невялікім снегам. Раніцай тэмпература -5 -10°С, але паўночна-заходнія вятры прынясуць з Балтыкі ужо павышэнне тэмператур да 0 +1°С. Хуткасць ветра 4-6 м/с.

Прыкметы. Вялікія ледзяшы прадказваюць, што вясна будзе доўгай.

У сярэдзіне рабочага тыдня і ў першы дзень сакавіка, будзе крышачку марознае з невялікім снегам, пераважна пахмурнае надвор’е. Уранні -1 -3°С, удзень -2 -3°С, увечары -4 -5°С. На працягу сутак працягнецца панаванне паўночна-заходніх вятроў хуткасцю да 3–5 м/с. Пераважна без ападкаў.

Прыкметы. Звычайна ўпершыню ў новым годзе з’яўляюцца кучавыя аблокі.

У чацвер, 2 сакавіка, пры пануючых заходніх вятрах хуткасцю да 5-7 м/с, з рання прагназуецца невялікі мароз да -5 -6°С, днём тэмпература падрасце да 0 +1°С, увечары каля 0°С. Пахмурна, пераважна без ападкаў.

Вялікапакутнік Фёдар. Прыкметы.

З гэтага дня варона пачынае будаваць гняздо.

Якое надвор’е на Фёдара, такое яна і ўлетку.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 3 сакавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае без ападкаў надвор’е з панаваннем заходніх вятроў хуткасцю 3-5 м/с. Раніцай каля -1°С, днём да +1 +2°С, да ночы тэмпература будзе вагацца каля 0 -2°С.

Які сноп – пшанічны, жытні ці іншы пакрыецца больш інеем, на той і ўраджай будзе больш.

Птушку-аўсянку пачыталі, ды прыгаворвалі: “балёк у яе жаўтлявы, хрыбцік зялёны”.

З’яўленне звычайнай аўсянкі азначала набліжэнне цёплых вясновых дзён.

Студзень 2023 года ў Магілёўскай вобласці – доўгатэрміновы прагноз, народныя прыкметы

У старабеларускай мове месяц назваўся стычень (як і ў польскай –  Styczeń) пры гэтым славянская назва выкарыстоўвалася побач з лацінскай формай генвар. У выданнях Ф. Скарыны даецца народная назва студзеня – стычень, таксама яна ўпамінаецца ў «Храналогіі» Андрэя Рымшы (1581). 

Слова студень выкарыстоўвалася ў старабеларускіх тэкстах у значэнні «холад».

Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 годзе, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. 

Паслядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся такія варыянты назвы: у 1907 – январ (стычань), у 1908 – стычань, у 1909 – январ, у 1910-1912 – студзень (январ); далей – студзень бо дужа сцюдзёна»).

Іахім фон Зандрарт, Студзень, 1642.

“Студзень – году пачатак, зіме сярэдзіна”.

За гэты месяц паўдзённая вышыня сонца павышаецца на 8º (на 22 студзеня), амаль на 1,5 гадзіны павялічваеца дзень, але гэта недастаткова, каб паўплываць на тэмпературу паветра ў бок яе павышэння, – піша П. Лярскі ў кнізе “Прырода Магілёўскай вобласці” (2005).

У студзені сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ніжэйшая за снежаньскую толькі на 1ºС, у межах вобласці вагаецца ад -8,3º у Горках да -6,8ºС у Бабруйску. У Магілёве яна складае -7,6ºС.

Самая халодная трэцяя дэкада студзеня – на 1ºС ніжэй за пачатак месяца. Адзін раз на 4 гады сярэдняя тэмпература паветра ў студзені ніжэйшай за -10º, адзін раз на 20 гадоў -13ºС і ніжэй.

Студзень 1987 года стаў самым халодным за ўсю гісторыю метэаназіранняў з паказчыкам – 17,1ºС (у 1950 годзе -15ºС). А рэкорд цяпла пабіў студзень 1989 года, -0,6º (да гэтага быў рэкорд 1925 года  -0,9ºС).

Глыбокія і доўгія адлігі пад уплывам марскога умеранага паветра, калі тэрмометр паказвае +3 +5ºС у студзені на тэрыторыі Магілёўшчыны не такія ўжо і рэдкія. 11 студзеня 2005 года у Магілёве фіксаваўся рэкорд +9,8º С.

У студзені нас турбуе і Арктыка. Арктычныя паветраныя масы часта прыносяць “калядныя маразы” – у канцв другой, пачатку трэцяй дэкады. 

17 студзеня 1940 года быў пастаўлены рэкорд абсалютнай мінімальнай тэмпературы ў Магілёве -37,3º. Былі пастаўлены рэкорды і ў іншых месцах: Горкі -39,5ºС, Касцюковічы -38,1ºС, Бабруйск і Прапойск (з 1945 года – Слаўгарад) -37,4ºС, Клічаў -37,0ºС. 

А вось на тэрыторыі Жорнаўскай лясной доследнай станцыі ў Асіповіцкім раёне слупок тэрмометра ўвогуле ўпаў да адзнакі -41ºС – самая нізкая з калі-небудзь адзначаных у Магілёўскай вобласці. Ад такіх марозаў поўнасцю загінулі граб і арэшнік.

У студзені менш за ўсё адліг.  Дзён без адліг у Бабруйску – 21, Горках – 24.

За месяц у сярэднім выпадае ападкаў 40-45 мм. У 1915 годзе ў Магілёве выпала іх рэкордная колькасць – 103 мм, а ў 1947 годзе толькі толькі 3 мм. Амаль рэкордным па ападках стаў і 2004 год – 99,7 мм.

Сярэдняя вышыня снегавога порыва на канец месяца складае 25-30 см, а вось снежны 2004 год даў у студзені вышыню – 60 см.

Пры вялікіх марозах у Магілёве глеба прамярзае да 130 см пры адсутнасці значнага покрыва снега.

Доўгатэрміновы прагноз на студзень 2023 года (можа спраўдзіцца на 30%) такі: 

Пасля адлігі на пачатку года, яшчэ магчыма адліга ў сярэдзіне месяца. У асноўным прагназуюцца тэмпературы паветра ўдзень ад -2 да -10ºС, уночы ад -5 да -13ºС, у самую халодную дэкаду студзеня начныя тэмпературы могуць скласці -10 -17ºС. Прагназуецца 2 дні ясных, 12 перменна ясных, 17 з воблачнасцю. 18 дзён будзе без ападкаў, 13 – з ападкамі, у тым ліку 4 – снег з дажджом.

Народныя прыкметы

Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы.

Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.

Студзень пагодны – будзе год плодны.

Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.

Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.

Студзень мяце – ліпень залье.