Эксперт растлумачыла, чым небяспечная зімняя адліга для глыбінкі

Падчас зімняй адлігі для рэгіёнаў, дзе няма цэнтралізаванага вадаправода, вялікай праблемай становіцца якасць пітной вады.

Зімняя паводка – падобная той, што склалася на Магілёўшчыне – можа выклікаць непрыемныя наступствы для чалавека. У такі час павялічваецца каламутнасць вады не толькі ў вадаёмах, але і ў крыніцах нецэнтралізаванага пітнога водазабеспячэння, адбываецца масавае забруджванне вады ў студнях, крыніцах, дробных свідравінах – расказала памочнік урача-гігіеніста Наталля Лаўрэнава выданню “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Ваду забруджваюць бруд і гной з ферм, ачышчальных збудаванняў, са сметнікаў, з гаспадарчых двароў і туалетаў. А таксама ў верхавыя грунтавыя воды паступаюць сцёкі з палёў, з  прысядзібных участкаў, якія змяшчаюць як хімічныя элементы, якія ўваходзяць у склад мінеральных угнаенняў, так і арганічныя забруджванні (той жа гной, змесціва выграбных ям). 

Фільтраванне праз глебу з ападкамі такіх забруджванняў прыводзіць да пагаршэння якасці пітной вады па органалептычных (мутнасць, пах, прысмак), мікрабіялагічных і па санітарна-хімічных паказчыках (па нітратах), што ў сваю чаргу ўплывае на здароўе чалавека.

Фота ілюстрацыйнае