24 ліпеня 1938 года дзякуючы швейцарскаму хіміку Максу Моргенталеру з кампаніі Nestle на рынку з’явілася першая папулярная марка гэтага напою – Nescafe.
Такая кава стала абавязковай у рацыёне амерыканскіх салдат падчас Другой сусветнай вайны.
Распушчальная кава карыстаецца вялікім попытам з-за лёгкасці прыгатавання.
Штодня ў свеце выпіваецца каля 2,5 мільярдаў кубкаў кавы, і больш за палову прыпадае на долю распушчальнай.
У скандынаўскіх краінах, ФРГ больш за 70% насельніцтва п’юць заварную каву, а бразільцы, амерыканцы, беларусы, наадварот, больш любяць распушчальную.
1618 год. У Еўе (цяпер Вевіс, Літва) выдадзены першы «Буквар мовы славенскай…».
Першы ў свеце элементарны падручнік пад назвай “Буквар”. А другі буквар надрукаваў магілёвец Спірыдон Собаль (1631).
1790 год. Упершыню ў гісторыі дакументальна зафіксавана падзенне метэарыта на Зямлю.
Метэарыт упаў у Паўднёва-Заходняй Францыі, каля гасконскага гарадка Барбатан.
Хоць гэтае здарэнне было афіцыйна засведчана мясцовымі ўладамі, адзін з акадэмікаў Клод Бертолле заявіў: “Як сумна, што цэлы муніцыпалітэт заносіць у пратакол народныя казкі, выдаючы іх за сапраўды бачанае, тады як не толькі фізічным чыннікам, але і наогул нічым разумным гэта нельга растлумачыць”.
Будучы ўпэўненымі, што “гасконцы заўсёды былі вялікімі фантазёрамі і выхвалякамі”, навукоўцы прынялі пастанову, якая заклікала суграмадзян надалей не рэагаваць на падобныя “забабоны”.
У той час навукоўцы яшчэ не верылі, што метэарыты падаюць на Зямлю з касмічнай прасторы. Толькі ў 1803 годзе рэальнасць “нябеснага” паходжання метэарытаў была імі афіцыйна прызнана. Калі ў мястэчку Эгле выліўся жудасны “каменны дождж”, які ўсыпаў зямлю аскепкамі і быў засведчаны мноствам узбуджаных відавочцаў, Французская акадэмія навук змушаная была пагадзіцца, што гэта сапраўды былі “камяні з неба”.
1820 год. Нарадзіўся Люцыян Крашэўскі (1820-1892).
Беларускі і польскі мастак, фатограф, прыродазнавец, краязнавец. Брат Юзэфа Крашэўскага і Каятан Крашэўскага. Ілюстратар іх твораў.
Аказваў дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў, за што быў сасланы на Урал.
Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. У ссылцы навучыўся фатаграфаваць, рабіў здымкі краявідаў Панямоння.
Памёр 2 лютага 1892 года.
1884 год. У Магілёве створана губернская паштова-тэлеграфная кантора 3-га класа.
Да 1890 года ў Магілёўскай губерні дзейнічалі паштова-тэлеграфныя канторы: Магілёўская, Гомельская, Аршанская, Шклоўская, Рагачоўская, Горы-Гарэцкая, Чэрыкаўская, Мсціслаўская, Быхаўская, Сенненская, Дубровенская, Клімавіцкая, паштова-тэлеграфныя аддзяленні: Чавускае, Прапойскае, Веткаўскае, Копыскае, Ляднянскае, Хаславіцкае, Бабрскае, Чачэрскае, Касцюковіцкае, Краснапольскае, Любавіцкае, Руднянскае, Добрушскае, Коханаўскае, Талачынскае і Смальянскае; паштовыя аддзяленні: Бялыніцкае, Манастыршчынскае, Раснянскае, Пятровіцкае, Шамаўскае і Кармянскае.
Да пачатку XX стагоддзя дзейнічала 29 паштова-телеграфных і 35 паштовых аддзяленняў, у самім Магілёве было 12 паштовых скрынь.
1896 год. Нарадзіўся Аляксандр Орса (1896-1959).
Беларускі педагог, грамадскі і культурны дзеяч.
Скончыў настаўніцкія курсы ў Навагрудку, Карлаў ўніверсітэт у Празе.
Выкладаў у навагрудскіх беларускай гімназіі, школах, педвучылішчы. Падчас Другой сусветнай вайны быў школьным інспектарам Навагрудскай акругі.
Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе. У 1944 выехаў у Германію, дзе быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу (Міхельсдорф).
З 1949 года ў Нью-Ёрку. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытута навукі і мастацтва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы).
Памёр 2 лістапада 1959 года.
1911 год. Нарадзіўся Анатоль (Акім) Астрэйка (1911-1978).
Беларускі паэт, журналіст.
Працаваў у газетах розных гарадоў, у тым ліку ў Горках.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».
У 1948-1953 гадах – адказны сакратар часопіса «Вожык».
Аўтар вершаў, зборнікаў, кніг вершаў, вершаванай казкі «Елка», паэмы для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда», тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».
Памёр 23 жніўня 1978 года.
1921 год. Падчас аперацыі ў Маскве памёр Сцяпан Булат (1894-1921).
Беларускі палітычны дзеяч, журналіст. Працаваў загадчыкам аддзела ЦК КП(б)Б па працы ў вёсцы.
Рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня».
Адстойваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, дамагаўся пашырэння БССР на ўсход, беларусізацыі краю, надання беларускай мове статуса дзяржаўнай. На смерць Сцяпана Булата адгукнуліся вершамі Янка Купала, Міхась Чарот, Зм. Бядуля.
1934 год. Нарадзіўся Генадзь Гарбук (1934-2018).
Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі. Лаўрэат Дзяржпрэмій БССР і СССР.
Працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.
1941 год. Абаронцы Магілёва з 394-га палка палкоўніка Я. Слепакурава на заходнім беразе Дняпра захапілі 3 нямецкіх штабных аўтамашыны і штабнога афіцэра.
У машынах былі ўзнагародныя знакі, сцягі, падарункі для нямецкіх салдат, якія павінны былі ўзяць Маскву.
Магілёў быў цалкам акружаны 16 ліпеня, аднак абаронцы працягвалі ўпарта змагацца.
У гэты ж дзень Заходні фронт падзелены на Заходні і Цэнтральны.
1976 год. Нарадзіўся Іван Ціхан.
Беларускі атлет, кідальнік молата, чэмпіён Беларусі, Еўропы, трохразовы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра (2016), шматразовы рэкардсмэн.
Заслужаны майстар спорту Беларусі. Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.
1984 год. Адкрыты для наведвальнікаў Клімавіцкі краязнаўчы музей.
Створаны паводле рашэння ЦК КПБ 11 ліпеня 1978 года. Размяшчаецца ў асабняку князёў Мяшчэрскіх.
Асноўны фонд музея налічвае каля 6 000 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – каля 8 000.
Найбольш цікавыя прадметы з калекцый музея: бівень маманта, каменныя прылады працы 3-2-га тыс. г. да н.э., кнігі ХІХ стагоддзя, прадметы нумізматыкі, ткацтва, народнага побыту, узоры зброі, творы выяўленчага мастацтва. Экспазіцыя музея размешчана ў 6 залах: «Прырода раёна», «Далёкае мінулае», «Сацыялістычная рэвалюцыя», «Вялікая Айчынная вайна», «Прамысловасць раёна», «Знакамітыя землякі».
2009 год. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь увяло ў паштовы зварот марку “350 гадоў Баркалабаўскай іконе Божай Маці”.
Ікона з’явілася ў Баркалабаўскім жаночым манастыры (заснаваны 24 чэрвеня 1641 года Б. Статкевічам каля мястэчка Баркалабава) у 1659 годзе.
Паводле падання з манастырскага архіва рускі князь Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе патаемна гэты абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыра, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменні Фацінні Кіркораўне.
Амаль 11-тысячны горад у Мінскай вобласці, цэнтр раёна, на р. Уздзянцы. Цэнтр кальвінізму. У 1572 годзе тут жыў С. Будны ў сувязі з выданнем Бібліі. Працуюць кравецкая фабрыка, філіял Слуцкага сыраробнага камбіната.
1814 год. Памёр брытанскі мораплавацель Мэцью Фліндэрс (1774-1814).
Аўтар назвы Аўстралія.
Назва замацавалася за кантынентам пасля выхаду ягонай кнігі “A Voyage to Terra Australis” (выдадзена за дзень да смерці). Даследчык Аўстраліі.
1855 год. Памёр Тамаш Зан (1796-1855).
Беларускі і польскі паэт-рамантык, удзельнік вызваленчага руху, прыродазнавец, музеязнавец.
Даследчык прыродных багаццяў Урала, вынаходнік золата, аўтар карты Прыўральскага краю, дакладаў для геаграфічнага таварыства. Адзін са стваральнікаў таварыства філаматаў, філарэтаў, сябра А. Міцкевіча, Я. Чачота, І. Дамейкі.
Пахаваны на каталіцкіх могілках у Смалянах пад Оршай.
Яго імя носяць гара на Паўднёвым Урале, вуліца ў Гродне.
1869 год. У в. Дубейкава (зараз – Мсціслаўскі раён) нарадзіўся Лявон Вітан-Дубейкаўскі (1869-1940).
Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, інжынер-будаўнік, паэт
Збіральнік беларускага фальклора.
Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Свіслачы, Смальянах. Член Беларускага нацыянальнага камітэта, галоўны архітэктар БНР.
Памёр 6 лістапада 1940 года.
1877 год. Рускія і балгарскія войскі пад кіраўніцтвам М. Святаполк-Мірскага (уладальнік Мірскага замка; 1833-1898) адбілі ў турак Шыпку, адкрыўшы сабе шлях на Балканскі паўвостраў.
Адзначыліся гераізмам на Балканах і беларускія генералы Іосіф Рамейка-Гурка(1828-1901), выхаванец магілёўскай гімназіі Міхал Чарняеў (1828-1898).
1908 год. Нарадзілася фраза “Галоўнае – не перамога, а ўдзел”.
Падчас IV летняй Алімпіяды ў Лондане біскуп Пенсільваніі Этэльберт Талбот на службе ў саборы святога Паўла вымавіў вядомую фразу “Галоўнае – не перамога, а ўдзел” у сувязі з трагедыяй італьянскага бягуна Пьетры Дорандо.
Пьетры мэтанакіравана рыхтаваўся да марафону, разлічваючы на перамогу. Марафонскі забег праходзіў у вельмі спякотны дзень, прычым старт яго быў дадзены ў самае пекла – у 14:30.
Пьетры пачаў не вельмі хутка, паступова абганяючы канкурэнтаў. Да 32-га кіламетра ён выйшаў на другое месца, на 39-м “зламаўся” ранейшы лідэр, і паміж італьянцам і залатым медалём заставалася ўсяго 3 км дыстанцыі.
Далей разгулялася адна з найвялікшых драм у гісторыі спорту. Канчаткова знясілены Пьетры дабег да стадыёна, дзе яго віталі 75 000 гледачоў. Яму заставалася да фінішу некалькі сотняў метраў, але спартовец страціў арыентацыю і пабег не ў той бок. Калі суддзям удалося растлумачыць гэта атлету, той паспрабаваў разгарнуцца, але ўпаў. Падняцца яму ўдалося толькі пры дапамозе суддзяў, але ён працягнуў бег. Далейшае ўжо было падобным на гладыятарскія баі – на апошніх 200 м дыстанцыі Пьетры падаў 4 разы, паднімаўся з дапамогай суддзяў, але ўсё ж перасёк лінію фінішу.
Узрушаны Артур Конан Дойл, які працаваў на Гульнях рэпарцёрам, напісаў: “Найвялікшыя намаганні італьянца ніколі не будуць выкрэслены з гісторыі спорту незалежна ад рашэння суддзяў”.
Дэлегацыя ЗША заявіла пратэст і пераможцам быў прызнаны амерыканец Джоні Хейс, які прыйшоў другім. Праз 10 дзён адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прызоў. Уручаць прызы павінен быў кароль Эдуард, але, раззлаваны паводзінамі амерыканскіх спартоўцаў, ён адмовіўся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Замест яго ўзнагароды ўручала ягоная жонка Аляксандра.
Каралева Аляксандра заказала для італьянца спецыяльны залаты кубак.
Лонданская трагедыя зрабіла Пьетры неверагодна папулярным. На працягу наступных 3 гадоў ён удзельнічаў у марафонскіх забегах у розных краінах свету.
1915 год. Нарадзіўся Антон Шукелойць (1915-2017).
Беларускі грамадскі дзеяч у ЗША, этнограф, педагог.
Скончыў Універсітэт С. Баторыя. Ва ўніверсітэце працаваў у этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі, быў сябрам розных беларускіх студэнцкіх арганізацый, спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.
Працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне, арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета, быў загадчыкам гараддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам.
23 чэрвеня 1941 года арыштаваны НКУС, вызваліўся ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.
З 1944 года – у Германіі: адшукваў сляды беларускіх музейных каштоўнасцей.
У пачатку 1950-x гадоў пераехаў у ЗША. Старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, член рэдакцыі газеты «Беларус», член Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.
1927 год. Нарадзіўся Міхась Саўка (1927-1990).
Беларускі і бельгійскі мастак-рэстаўратар. Доктар навук і мастацтва.
У 1944 годзе выехаў у Германію, у 1947 – у Бельгію, дзе вучыўся ў Мастацкай акадэміі, Лювенскім ўніверсітэце, быў членам Згуртавання беларускіх студэнтаў.
Працаваў у Каралеўскім інстытуце мастацкай спадчыны, рэстаўратарам абразоў і скульптур, спецыялізаваўся на рэстаўрацыі касцельных фрэсак.
Як практык, праводзіў з каралевай Бельгіі заняткі па маляванню.
Распрацаваў спецыяльную тэхніку рэстаўравання, пра якую пісаў у прафесійных часопісах. Асобна выдаў працы «Фіксацыя насценнага жывапісу полівінілавым спіртам: вопыт рэстаўратара», «Рэстаўрацыя насценнага пахавальнага жывапісу XIV ст. у склепе Варнятонскай царквы» і іншыя.
Памёр у Бруселі 10 верасня 1990 года. Пахаваны на могілках у Лондане побач з трагічна загінуўшым раней сынам Маркам.
1941 год. Апошні бой батальёна капітана К. Уладзімірава ў в.Гаі Магілёўскага раёна.
Зводны трохротны міліцэйскі батальён (міліцыянты, курсанты Мінскай, Гродзенскай школ міліцыі, Магілёўскай школы НКДБ) трымаў абарону з 13 ліпеня пад бесперапыннымі артылерыйскімі абстрэламі і бамбардзіроўкамі фашысцкай авіяцыі.
Падраздзяленне было спехам сфарміравана і слаба ўзброена, але яго байцы стаялі да смерці.
18 ліпеня Канстанцін Уладзіміраў быў забіты разрывам варожага снарада.
Пасля шасці дзён баёў у жывых з 250 міліцыянераў засталося ўсяго 19 чалавек.
1949 год. Амерыканскі ваенны самалёт, які рабіў аэрафотаздымку тэрыторыі Турцыі, сфатаграфаваў на гары Арарат дзіўны аб’ект – “Арарацкая анамалія”.
Анамалія ўяўляе сабой прадмет дзіўнай формы на вышыні каля 4725 м над узроўнем мора і каля 183 м у даўжыню. Пасля 1949 года анамалію фатаграфавалі ў 1973 годзе – амерыканскі спадарожнік-шпіён Keyhole-9 і ў 1976 годзе – разведвальны спадарожнік Keyhole-11.
Мяркуюць, што “Арарацкая анамалія” – парэшткі легендарнага Ноева каўчэга, які, паводле Бібліі (Ветхі Завет), прычаліў да гары Арарат па завяршэнні Сусветнага Патопу.
У апошні час з’явілася таксама версія, што каўчэг прычаліў у гарах на тэрыторыі сучаснай Чачні. Чачэнцы называюць сябя «нохчо» – «людзі», «людзі народа Ноя».
1957 год. Памёр Мікола Засім (1908-1957).
Беларускі паэт, журналіст.
Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, партызан. Працаваў у брэсцкіх газетах «Зара», “Зара над Бугам”, кіраваў абласным літаб’яднаннем.
Друкаваўся ў шэрагу газет і часопісаў, аўтар 5 зборнікаў паэзіі.
1980 год. У Маскве, у “Лужніках”, адкрыліся XXII летнія Алімпійскія гульні (19 ліпеня-3 жніўня).
Іх з прычыны ўводу войск СССР у Афганістан байкатавалі 30 са 111 краін-удзельніц.
Спаборніцтвы праводзіліся і ў Мінску (6 папярэдніх і чвэрцьфінальны матчы па футболу). У Мінску да Гульняў былі пабудаваны алімпійская вёска на р. Свіслач, гатэль “Планета”, мадэрнізаваны аўтадарога-«алімпійка» Масква-Брэст, чыгунка, гарадская інфраструктура.
20 ліпеня 1980 года трохразовы алімпійскі чэмпіён А. Мядведзь у моцны дождж запаліў агонь Гульняў на мінскім “Дынама” (50 067 месцаў, кошт квіткоў ад 0,90 да 2,20 тагачасных рублёў). Са 195 медалеў зборнай СССР, 31 заваявалі беларусы.
2010 год. Памёр Ігар Дабралюбаў (1933-2010).
Беларускі рэжысёр, сцэнарыст, акцёр. Народны артыст БССР. Працаваў на «Беларусьфільме». Рэжысёр шмалікіх фільмаў, у тым ліку «Іван Макаравіч», «Па сакрэту ўсяму свету», «Дзіўныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы», «Плач перапёлкі».
2021 год. У в. Красніца адкрыты памятны знак “Спаленым вёскам Быхаўскага раёна”.
Красніцу разам з мірным насельніцтвам дашчэнту спалілі нямецка-фашысцкія карнікі 17 ліпеня 1942 года. У агні тады жыўцом загінула 857 чалавек. У асноўным старыя, жанчыны і дзеці.
Трагедыя адлюстравана ў кнізе пісьменніка Авідыя Гарчакова «Попел Красніцы» («Аповесць пра вогненнае сяло»).
Сусветны дзень Сонца (World Day of the Sun, з 1994 года).
Сонца – найбліжэйшая да Зямлі зорка. Яна знаходзіцца на адлегласці 150 мільёнаў кіламетраў. Іншая бліжэйшая да нас зорка Проксіма з сістэмы aльфа Цэнтаўра ў 2500 разоў далей Сонца. Сонца дае святло і цеплыню, неабходныя для Зямлі. Менавіта яно вызначае жыццё і экалогію планеты.
Сонца – цэнтральная і адзіная зорка Сонечнай сістэмы, вакол якой круцяцца іншыя аб’екты сістэмы – планеты, карлікавыя планеты са сваімі спадарожнікамі, астэроіды, метэарыты, каметы і касмічны пыл.
Цікавыя факты.
Маса Сонца складае 99,8% ад масы ўсёй Сонечнай сістэмы.
Па спектральнай класіфікацыі Сонца адносіцца да тыпу “жоўты карлік”. Сонца свеціць бялявым святлом, але з-за прыгнечання часткі спектру атмасферай Зямлі гэта святло набывае жоўтае адценне.
На Зямлю пападае 1/2 мільярднай часткі сонечнага выпраменьвання.
Сонца абарочваецца вакол цэнтра Галактыкі з хуткасцю 220-240 км/с.
Гравітацыя на паверхні Сонца ў 28 разоў перавышае гравітацыю Зямлі: калі чалавек на Зямлі важыць 60 кг, то на Сонцы ён стане важыць 1680 кг.
Сонечнае святло да Зямлі праходзіць за 8,3 хвіліны, да Плутона – за 5,5 гадзіны.
Зорка круціцца вакол сваёй восі за 25,38 зямных сутак.
Тэмпература на паверхні складае каля 5 500°С, у ядры 13 599 726°С.
Сонца пражыло ўжо палову свайго жыцця, яго ўзрост 4,57 млрд. гадоў.
Сонца – адна з 6 000 зорак, якія мы можам убачыць няўзброеным вокам.
Яно адно з 200 мільярдаў зорак у галактыцы Млечны Шлях.
Сонца абсалютна газападобнае.
Дзякуючы сонечнаму святлу, у арганізме ўтвараеца натуральны антыдэпрэсант – мелатанін, які забяспечвае нам паўнавартасны сон, а значыць аднаўленне ўсяго арганізма.
Сусветны дзень вольнага друку (World Press Freedom Day, з 1993 года).
Устаноўлены ЮНЕСКА.
У 1991 годзе ў сталіцы Намібіі была прынята “Віндхукская дэкларацыя”, у якой змяшчаўся заклік да ўрадаў дзяржаў свету забяспечваць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.
У дэкларацыі падкрэслівалася, што найважнейшым складнікам любога дэмакратычнага грамадства з’яўляецца свабодная, плюралістычная і незалежная прэса.
Сусветны дзень свабоды друку з’яўляецца штогадовым напамінам міжнароднай супольнасці аб тым, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Беларусь у 2023 годзе заняла 195-е месца з 210 краін у рэйтынгу “Свабода ў свеце-2023”.
1113 год. Вялікім князем Кіеўскім стаў Уладзімір Манамах (1053–1125).
Праўнук полацкай княжны Рагнеды, адзін з самых выбітных дзеячаў старажытнай Русі, рэфарматар.
1791 год. Прыняцце першай ў Еўропе Канстытуцыі.
Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Канстытуцыю – першую ў Еўропе, другую ў свеце (пасля ЗША) і апошнюю для супольнай дзяржавы Каралеўства Польскага і ВКЛ. У Польшчы Дзень Канстытуцыі – 3 мая.
Асноўны закон змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай на канстытуцыйную манархію, вызначыў падзел галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя). Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета ў сойме і права шляхты на канфедэрацыю.
23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма.
У 2014 годзе Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету», у 2015 годзе занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.
1863 год. Пачатак баявых дзеянняў паўстанцаў на Магілёўшчыне.
3-9 мая 1863 года дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад пад час паўстання 1863–1864 гадоў.
Назва атрада – ад фальварка Чарнаручча на Кругляншчыне, дзе быў сфарміраваны 20 красавіка ў 40 чалавек. У яго склад уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, студэнты, шляхта і іх дваровыя людзі. Узначальваў атрад А. Алендскі па мянушцы “Антоній”.
Атрад абходзіў вёскі поўначы Магілёўскага павета, зачытваўся маніфест з заклікам да сялян далучыцца да паўстання. Атрад прайшоў вёскі Навасёлкі, Палыкавічы, Літвары, Дудаковічы, Варгуцёва, Філатава, мястэчкі Друцк, Круча. Да моманту разгрому царскімі войскамі ён меў больш за 100 чалавек.
Атрад разгромлены ротай рускага Алексапольскага палка ў лесе каля мястэчка Славені (цяпер Талачынскі раён), калі паўстанцы сталі на начлег: забіта 21, паранена 2, узяты ў палон каля 160 чалавек (з іх каля 60 здалі рускім войскам мясцовыя сяляне).
1864 год. Памёр Станіслаў Горскі (1802–1864).
Беларускі прыродазнавец, медык, педагог.
Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Працаваўзагадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў у Паставах, Берліне, у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце.
За спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам.
Адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Аўтар прац па батаніцы і энтамалогіі. Публікаваў нататкі з падарожжаў па батанічных садах Еўропы. Арганізаваў шырокі абмен гербарыямі паміж вучонымі Еўропы. Многія адкрытыя ім віды раслін названы яго імем.
1877 год. Нарадзіўся Антон Грыневіч.
Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец.
Заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910) у Пецярбургу, удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».
Да рэвалюцыі выдаў сваім коштам два тамы «Беларускія песьні з нотамі», зборнікі паэзіі Янкі Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Якуба Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.
Выдавец чатырох кніг па спевах, падрыхтаваў да друку зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні» і іншыя. Аўтар «Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (часопіс «Наш край»).
Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкаму, Беларускага народнага дому, сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту, супрацоўнік Акадэміі навук БССР. Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.
У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.
Арыштаваны ў 1933 годзе. Памёр у ГУЛАГу 8 снежня 1937 года.
1904 год. Джордж Паркер запатэнтаваў сваю першую пісьмовую асадку.
Гэта была асадка з механічнай сістэмай набору чарнілаў, якая ўяўляла сабой практычны гумавы мяшочак.
Паркер займаўся канструяваннем асадак і ў 1892 годзе заснаваў “Parker Pen Company”. Першы свой патэнт атрымаў у 1889 годзе, а ў 1894-м ён здзейсніў рэвалюцыю ў свеце ручак, запатэнтаваўшы фідэры Lucky Curve. Ён практычна цалкам вырашыў праблему пёравых асадак свайго часу, якія ўвесь час працякалі ў кішэнях і партфелях.
1882 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок (Голуб, Голубеў).
Беларускі драматург, акцёр і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. Народны артыст Беларусі (1928).
Яго драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам.
Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч.
У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.
Арыштаваны НКУС ў 1937 годзе. Далейшы лёс невядомы. У біяграфічных крыніцах датай смерці ўказваецца 28 верасня 1937 года.
У фальшывай адпісцы НКУС засведчана, што памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі.
1953 год. Нарадзіўся Франц Сіўко.
Беларускі празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес».
Скончыў БДУ. Настаўнічаў у Верхнядзвінску, Віцебску, працаваў у газеце «Віцебскі рабочы», у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Супрацоўнічае з каталіцкім часопісам «Ave Maria». Член Беларускага ПЭН-цэнтра, быў старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Аўтар 13 кніг прозы.
2022 год.Памёр Станіслаў Шушкевіч (1934–2022).
Беларускі навуковец-фізік, дзяржаўны дзеяч. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь (1991–1994), адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.
У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1998–2018). У 2007 годзе Лех Валенса вылучыў С. Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.
Член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі.
У 1986–1990 гадах працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ. Чытаў лекцый ва ўніверсітэтах ГДР, Югаславіі, Польшчы, ЗША (Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі), працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне.
Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый.
Сусветны дзень радыёаматара (World radio amateur day).
Устаноўлены ў гонар заснавання 18 красавіка 1925 года ў Парыжы Міжнароднага саюза радыёаматараў. Менавіта ў гэты дзень, у сталіцы Францыі энтузіястамі радыёсправы быў створаны «Міжнародны радыёаматарскі саюз», закліканы аб’яднаць усіх людзей, якія займаюцца радыёаматарскай сувяззю, якая ў той час лічылася чымсьці фантастычным.
Свята таксама з’яўляецца нагодай падзякаваць і адзначыць працу радыёаматараў падчас стыхійных бедстваў – яны падтрымліваюць сувязь, калі іншыя «прафесійныя» сістэмы выходзяць з ладу.
Міжнародны дзень помнікаў і мясцін (International Day of Monuments and Places, з 1984 года).
Гэты дзень устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.
Свята – нагода яшчэ раз прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці і прадстаўнікоў улады да пытанняў абароны і захавання розных мясцовых помнікаў і гістарычных мясцін і аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны.
На Беларусі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уваходзяць Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (з 1992 года), замкавыя комплексы ў Міры, Нясвіжы, пункты геадэзічнай Дугі Струвэ.
У папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уключаны Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся.
Архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб’екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе транснацыянальнай намінацыі з папярэдняй назвай “Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы”.
У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўваходзяць: абрады “Калядныя цары”, “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст, культура бортніцтва Беларусі і Польшчы, саломапляценне Беларусі.
1386 год. Вялікі князь смаленскі Святаслаў ўзяў у аблогу горад Мсціслаў.
Святаслаў лічыў Мсціслаў сваёй вотчынай на той падставе, што горад быў заснаваны ў 1135 годзе смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам. У 1180 годзе смаленскі князь Раман Расціслававіч адпісаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства.
Ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч падтрымаў полацкага князя Андрэя Альгердавіча, спадзяючыся вярнуць страчаны раней Мсціслаў, аблажыў горад, аднак узяць яго не здолеў.
29 красавіка падышло вялікалітоўскае войска на чале з Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Бітва адбылася на рацэ Віхры, вялікалітоўскае войска перамагло, Святаслаў Іванавіч загінуў у бітве.
1510 год(?).Нарадзіўся Іван Фёдараў (Федаровіч, 1510–1583).
Усходнееўрапейскі друкар, пачынальнік друкарскай справы ва Украіне і ў Маскоўскай дзяржаве.
Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць дробнай заходнебеларускай ці палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся радавым гербам Рагозаў «Шранява».
Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце.
Працаваў друкаром ў Маскве. У 1564 годзе разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал», у 1565 – 2 выданні «Часоўніка».
У 1566 годзе з-за ганенняў Фёдараў і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Заснавалі друкарню ў Заблудаве каля Беластока, надрукавалі «Евангелле вучыцельнае».
У канцы 1572 – пачатку 1573 года пераехаў у Львоў і заснаваў там першую ва Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал», потым надрукаваў у Львове «Азбуку».
Фёдараў у Астрожскай друкарні, у 1578 годзе надрукаваў новае выданне «Азбукі» з дапаўненнямі, пазней – Псалтыр і Новы Запавет, «Храналогію» Андрэя Рымшы – першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі, «Астрожскую Біблію».
1518 год. Вялікі князь і кароль польскі Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорцай.
Жыгімонт Стары (1467–1548), сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. Бона Сфорца (1494–1557) – міланская прынцэса, вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта.
Бона Сфорца адыгрывала пры сваім мужы значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы, намагалася забяспечыць стальцы Польшчы і ВКЛ сыну Жыгімонту Аўгусту.
Разам займаліся мецэнацтвам, мелі значную бібліятэку, запрашалі да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапісцаў, падтрымалі першадрукара Ф. Скарыну. Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.
Бона Сфорца правяла эканамічную рэформу – Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.
Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны – апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыпраў – шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліўкаў, разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых.
Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.
Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).
1563 год. Іван Фёдараў (1510–1583) і Пётр Мсціславец (?-1577) скончылі падрыхтоўку да друкавання ў Маскве першай кнігі «Апостал».
Кніга друкавалася з 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года. Гэта першая дакладна датаваная руская друкаваная кніга. Захаваўся 61 асобнік. Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574).
48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам.
Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец стварылі старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім аздабленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала» Фёдараў выкарыстоўваў і ў іншых сваіх выданнях.
1814 год. Нарадзіўся Яўстафій Тышкевіч (1814–1873).
Беларускі археолаг, гісторык, этнограф і краязнавец, граф.
Служыў у розных установах, у тым ліку ў канцылярыях віленскага генерал-губернатара, Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара, быў Барысаўскім павятовым маршалкам, ганаровым папячыцелем мінскай губернскай гімназіі.
На беларускіх землях вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы. З’яўляўся членам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей.
Заснаваў Віленскую археалагічную камісію і Віленскі музей старажытнасцей.
Аўтар прац археалагічнага і краязнаўчага характару.
Памёр 25 жніўня 1873 года ў Вільні.
У 2022 годзе пастаўлены помнік каля Акадэміі Навук у Мінску (фота).
1838 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі.
Беларускі, расійскі, польскі заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг і фалькларыст. Доктар мінералагічных навук. Брат Бенедыкта Дыбоўскага.
Скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт.
За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў прыгавораны да турэмнага зняволення.
Працаваў у Дэрпцкім універсітэце. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых частак Расійскай імперыі.
Збіраў беларускі фальклор. Апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (768 тэкстаў), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (112 тэкстаў).
Памёр 27 ліпеня 1910 года.
1850 год.Памерла Ганна Цюндзявіцкая (Прушынская,1803–1850).
Аўтарка папулярных гаспадарчых дапаможнікаў, папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня» (1848).
Збірала народныя кулінарныя і лекавыя рэцэпты, правярала іх на практыцы.
Некаторыя даследчыкі лічылі аўтарам «Літоўскай гаспадыні» В. Завадскую. Аўтарства Г. Цюндзявіцкай атрыбутавана прафесарам А. Мальдзісам.
Таксама Цюндзявіцкая падрыхтавала да друку дапаможнік “Гаспадарчы штогоднік”, які выйшаў ужо пасля яе смерці. Пакінула рукапіс працы пра сялянскія лекавыя рэцэпты.
1921 год. Пастанова Прэзідыума ЦВК ССРБ аб адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Першыя рэальныя крокі да яго стварэння зрабіў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. Працу над праектам універсітэта ўзначальвалі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве і Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Коўне былі створаны правобразы класічнага ўніверсітэта – Беларускі народны ўніверсітэт.
11 ліпеня 1921 года ў гарадскім тэатры абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці БДУ. Афіцыйна адкрыўся 30 кастрычніка 1921 года.
Першым рэктарам стаў гісторык Уладзімір Пічэта.
1 лістапада 1921г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся заняткі для 1390 студэнтаў. Працавалі 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў.
Зараз у БДУ 26 факультэтаў, інстытутаў, 191 кафедра, 16 корпусаў, 8000 супрацоўнікаў, 25 500 студэнтаў.
1956 год. У в. Свенск Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Несцяроўскі.
Украінскі географ, геолаг, доктар геалагічных навук, прафесар, дырэктар Геалагічнага музея Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта.
Скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі. Працаваў у Інстытуце геалагічных навук НАН Украіны, у Кіеўскім ўніверсітэце імя Т. Шаўчэнкі.
Аўтар больш за 200 навуковых прац. Першаадкрывальнік Уладзімірэцкай бурштынавай зоны ў Ровенскай вобласці. Кіраўнік універсітэцкага аддзялення Мінералагічнага таварыства Украіны. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.
1959 год. Нарадзіўся Валерый Магучы.
Беларускі скульптар.
Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў.
Удзельнік выставак у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Германіі.
Працаваў у Віцебску. З 2018 года жыве ў г. Віфлеем, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША.
Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. Аўтар помнікаў паэтэсе Е. Лось, М. Шагалу, І. Салерцінскаму, герба Віцебска, дыптыха скульптур «Асклепій» і «Гіпакрат», мемарыяльных дошак З. Азгуру, В. Быкаву, шэрагу медалёў.
2019 год.Зацверджаны герб і сцяг Магілёўскага раёна.
Дзень экалагічных ведаў (Day of environmental knowledge, з 1992 года).
Устаноўлены на Канферэнцыі ААН у Рыа-дэ-Жанейра па праблемах навакольнага асяроддзя. Асноўная мэта свята – прасоўванне экалагічных ведаў і фарміраванне экалагічнай культуры насельніцтва, інфармаванне грамадскасці аб стане спраў у галіне экалагічнай бяспекі і аб стане навакольнага асяроддзя, а таксама выхаванне і падрыхтоўка грамадзяніна, які ўмее думаць экалагічна.
Экалагічная адукацыя – прыярытэтны напрамак навучання і выхавання ў свеце. Дзейнасць па фармаванні экалагічнай культуры насельніцтва і беражлівых адносін да навакольнага прыроднага асяроддзя – гэта заклад бяспечнай будучыні для ўсяго чалавецтва.
Дзень экалагічных ведаў значны не толькі для тых, хто займаецца экалагічнай асветай і адукацыяй, але і для ўсіх жыхароў планеты, бо гаворка ідзе аб бяспечным жыцці ў будучыні ўсіх нас. Прывіццё экалагічнай культуры сёння – залог захавання здароўя будучых пакаленняў.
Міжнародны дзень культуры (International Day of Culture).
Дата свята звязана з прыняццем 15 красавіка 1935 года ў Вашынгтоне Пакта Рэрыха – першага міжнароднага акта аб ахове культурных каштоўнасцей, які стаў асновай многіх дзеючых дамоўленасцей аб захаванні культурнай спадчыны.
Ідэя збору правілаў, якія рэгулявалі б ахову помнікаў гісторыі і культуры ад разбуральнага ўплыву знешніх сіл, узнікла ў мастака і філосафа Мікалая Рэрыха яшчэ ў першай палове ХХ стагоддзя. У 1929 годзе ён звярнуўся да ўрадаў і народаў розных краін з прапрацаваным праектам міжнароднай дамовы, які сцвярджаў перавагу захавання культурнай спадчыны перад ваеннай неабходнасцю. Яго падтрымалі многія вядомыя дзеячы культуры і навукі. Праект Пакта Рэрыха адобрылі Камітэт па справах музеяў пры Лізе нацый і Панамерыканскі саюз.
М. Рэрых адлюстраваў сімвал свята ў выглядзе трох чырвоных кругоў у чырвонай акружнасці на белым фоне (на фота).
Міжнароднаму дню культуры штогод прысвечаны розныя мерапрыемствы. Ладзяцца ўрачыстыя канцэрты, выставы нацыянальных культур, канферэнцыі і лекцыі на розныя культурныя тэмы, музычныя і паэтычныя вечарыны, танцавальныя і тэатралізаваныя паказы і многае іншае.
Сусветны дзень мастацтва (World Art Day, з 2019 года).
Сусветны дзень мастацтва, закліканы садзейнічаць прасоўванню, распаўсюджванню і атрыманню задавальнення мастацтва, быў абвешчаны на 40-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў 2019 годзе.
Мастацтва стымулюе творчасць, інавацыі і культурную разнастайнасць усіх народаў свету і адыгрывае важную ролю ў абмене ведамі і заахвочванні цікаўнасці і дыялогу. Гэтыя якасці, якімі мастацтва заўсёды валодала і будзе валодаць, калі мы працягнем падтрымліваць асяроддзе, у якім артысты і свабода творчасці заахвочваюцца і абараняюцца.
Свята своечасова нагадвае нам аб тым, што мастацтва можа аб’ядноўваць і звязваць нас нават у самых складаных абставінах. Нядаўнія канфлікты і крызісы, у тым ліку пандэмія COVID-19, ясна паказалі нам, што сіла мастацтва заключаецца ў тым, каб аб’ядноўваць людзей, натхняць і вылечваць іх і дзяліцца прыгожым.
1684 год. Нарадзілася Марта Скаўронская – расійская імператрыца Кацярына I (1864–1727).
Кіруючая імператрыца ў 1721–1727 гадах. Другая жонка Пятра I, маці імператрыцы Лізаветы Пятроўны, Ганны – герцагіні гальштэйнскай, бабка імператара Пятра III.
Прайшла шлях да стальца больш казачны, чым Папялушка. Існуюць звесткі, што Скаўронскія (Скаўрашчукі) паходзілі з Мінскага ваяводства, з-пад Мінска. Бацька Марты Самуіл (або Янка) Скаўрашчук быў прыгонным селянінам Сапегаў і ад прыгнёту ўцёк ва ўладанні шведаў.
У 1702 годзе трапіла ў палон да Б. Шарамецева, які перадаў яе А. Меншыкаву. У 1706 годзе Марта была прывезена ў Магілёў і саступлена Меншыкавым Пятру I. Выйшла замуж за цара ў лютым 1712 года.
Мела ўплыў на цара. Вакол Кацярыны гуртавалася новая знаць, у тым ліку выхадцы з Беларусі: А. Меншыкаў, П. Ягужынскі, П. Шафіраў і іншыя.
У час яе панавання расійскі ўрад пачаў выкупляць з прыгону ў паноў на Беларусі і ў Літве братоў і сясцёр Кацярыны. Яны і іх нашчадкі ў 1742 годзе ад імператрыцы Лізаветы атрымалі графскія тытулы – Скаўронскія, Гендрыкавы, Яфімоўскія.
У гонар яе названы горад Екацерынбург, Кацярынінскі палац у Царскім Сяле.
1783 год. Утворана каталіцкая Магілёўская архідыяцэзія.
У 1773–1783 гадах – каталіцкая епархія (дыяцэзія) у Расійскай імперыі пасля Першага падзелу Рэчы Паспалітай. Скасавана 13 красавіка 1991 года і ўключана ў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію.
Архідыяцэзіі падпарадкоўваліся 1 мільён каталікоў Расіі на усход ад магілёўскага мерыдыяна, у тым ліку ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, Фінляндыі (да 1920 года).
Магілёўскія мітрапаліты, як правіла, знаходзіліся ў Санкт-Пецярбургу.
Пры СССР былі разбурылі ўсе структуры каталіцкай царквы. На падставе дэкрэту Пія XI у 1926 годзе Магілёўская архідыяцэзія была падзелена на пяць апостальскіх адміністратур: у Магілёве, Маскве, Ленінградзе, Харкаве і Казані, Самары і Сімбірску. Само існаванне архідыяцэзіі і мітраполіі да канца 1930-х стала фармальнасцю.
Пры аднаўленні і рэарганізацыі структур каталіцкай царквы на тэрыторыі СССР Папам Янам Паўлам II была ўтворана Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і мітраполія, чыя юрысдыкцыя абмяжоўвалася толькі Беларуссю.
1847 год. Памёр Станіслаў Юндзіл (1761–1847).
Прыродазнавец, адзін з першых даследчыкаў расліннага і жывёльнага свету Беларусі, доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар Віленскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі прыроды.
Атрымаўшы пасвячэнне на ксяндза, настаўнічаў у піярскіх школах.
Пасля сканчэння Віленскай акадэміі, кіраваў шчучынскай школай піяраў, рэфармаваў у ёй выкладанне ў адпаведнасці з новым статутам Адукацыйнай камісіі, пачаў ствараць навуковы гербарый мясцовай флоры. Пры ім школа стала адной з лепшых піярскіх школ.
Працаваў у піярскай школе Вільні, калекцыянаваў насякомых, птушак, гербарныя ўзоры ў наваколлях Вільні, Ліды і Шчучына, складаў настаўленні-дапаможнікі са звесткамі пра лекавыя расліны Беларусі, Літвы і Польшчы і іх выкарыстання, напісаў навуковы трактат па батаніцы, бібліяграфічны нарыс, працы «Апісанне лiтоўскіх раслін паводле сістэмы Лінея», «Аб саляных радовішчах і солі ў Стоклішках».
З 1792 года працаваў, з перапынкамі, прафесарам Віленскай акадэміі. Арганізаваў батанічны сад, які ўзначальваў 27 год, стварыў кабінет гісторыі прыроды, распрацаваў метады знішчэння саранчы, напісаў кнігі «Прыкладная батаніка, ці звесткі аб уласцівасцях і ўжытку раслін у гандлі, эканоміцы, рукадзеллі, аб іх радзіме, размнажэнні і даглядзе», «Асновы батанікі», «Кароткі курс заалогіі», мемуары — каштоўную крыніцу з гісторыі Віленскага ўніверсітэта і культурнага жыцця ВКЛ.
Пад псеўданімам Ваўрынец Кастрыца выдаваў сатырычны часопіс «Бібліяфобія».
1852 год. У Парыжы памёр Тадэвуш Тышкевіч (1774–1852).
Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Расійскай імперыі.
Падчас паўстання 1794 года быў ад’ютантам Якуба Ясінскага, кіраваў атрадам у Вільні. Удзельнік абароны Прагі (прадмесце Варшавы).
За ўдзел у аўстра-французскай вайне 1809 года ўзнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары».
У вайну 1812 года ваяваў на баку французаў, генерал кавалерыйскай брыгады, удзельнічаў у баях пад Мірам, Смаленскам, у Барадзінскай бітве.
Падчас паўстання 1830–1831 гадоў узначаліў Часовы паўстанцкі ўрад Літвы, на чале паўстанцкіх войск штурмаваў Вільню.
1900 год. Нарадзіўся айцец Васіль, Уладзімір Тамашчык.
Беларускі грамадскі і рэлігійны дзеяч, архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
Актывіст беларускага руху ў Заходняй Беларусі, належаў да КПЗБ.
Пасля трох гадоў адбывання тэрміну ў польскай турме, з 1930 года жыў у Чэхаславакіі. Скончыў Пражскі політэхнічны ўніверсітэт.
Працаваў у Пражскім інстытуце заалогіі, браў удзел у грамадскім беларускім жыцці, быў сакратаром старшыні Рады БНР Васіля Захаркі.
З пачаткам Другой сусветнай вайны працаваў у беластоцкай газеце «Новая дарога», у Беларускім камітэце. Удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе.
З 1944 года у эміграцыі ў Германіі. Быў старшынём Беларускага цэнтральнага камітэта. У 1949 прыняў манаства пад імем Васiль і стаў епіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.
У 1951 годзе пераехаў у Нью-Ёрк. Стаў архіепіскапам Канадска-Амерыканскім. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці ў ЗША.
Забіты невядомымі ў сваёй кватэры ў Нью-Ёрку 9 чэрвеня 1970 года.
1940 год. У мінскай турме памёр Павел Корчык (Язэп Лагіновіч, 1894–1940).
Настаўнічаў на Капыльшчыне, удзельнічаў у Першай cусветнай вайне, у беларускім вайсковым руху. Удзельнік З’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску ў снежні 1917 года.
Удзельнічаў у Слуцкім збройным чыне, быў інтэрнаваны.
З 1921 года працаваў у Вільні. Сузаснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, сябар Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, Першы сакратар Кампартыі Заходняй Беларусі, рэдактар газет «Наш Сцяг», «Вольны Сцяг».
У 1924 годзе быў арыштаваны польскай дэфензівай, але з дапамогай партызанаў вызвалены, збег у БССР. З 1925 года вярнуўся ў Заходнюю Беларусь на падпольную партыйную работу. У 1928 годзе арыштаваны ў Берліне нямецкай паліцыяй і высланы ў СССР, але зноў вяртаецца ў Польшчу.
Па прыбыцці ў Мінск, арыштаваны НКУС у 1936 годзе к «агент польскай дэфензівы», асуджаны на 5 гадоў, сасланы ў лагер у Комі АССР. 15 сакавіка 1938 года прыгавораны да расстрэлу, але прысуд не выканалі і вярнулі Корчыка ў Мінск. 26 кастрычніка 1939 года ў другі раз прыгавораны да расстрэлу.
1951 год. Дзень нараджэння міжнароднага конкурсу прыгажосці “Міс Свету”.
У гэты дзень у рэкламнага агента Эрыка Морлі з Лондана ўзнікла ідэя арганізаваць конкурс, фінал якога адбыўся 29 ліпеня. Дзякуючы гэтай падзеі Лондан атрымаў славу сталіцы сусветнай прыгажосці.
За званне першай прыгажуні ў свеце ў першым конкурсе прэтэндавала 26 дзяўчат з Вялікабрытаніі, Даніі, ЗША, Нідэрландаў, Францыі і Швецыі. Яны з’явіліся на сцэне ў купальніках “бікіні”, у той час яшчэ не вядомых у Англіі, чым зрабілі фурор.
Першай пераможцай конкурсу “Міс Свету” ў 1951 годзе стала 22-гадовая шведка Керсцін (“Кікі”) Хокансан – на загалоўным фота. У якасці прыза яна атрымала чэк на 1 000 фунтаў, каралі і магчымасць з’яўляцца на старонках таблоідаў.
У СССР першы конкурс прыгажосці адбыўся толькі ў 1988 годзе. Арганізацыяй агляду “Міс Масква-88” займаўся камсамол, спонсарам выступіў канцэрн “Бурда”.
Але самы першы конкурс прыгажосці адбыўся 19 верасня 1888 года ў бельгійскім горадзе Спа. Тады 21 дзяўчына з 350 кандыдатак дасягнула фіналу, дзе выключна мужчынскае журы “аглядала” іх за зачыненымі дзвярыма.
А першы конкурс “Міс Еўропа” быў праведзены ў 1929 годзе ў Парыжы.
1958 год. Нарадзіўся Леанід Маракоў (1958–2016).
Пісьменнік, журналіст, гісторык, энцыклапедыст, даследчык рэпрэсій савецкіх уладаў на Беларусі.
Скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Працаваў на заводзе ЭВМ, у Акадэміі навук.
У сярэдзіне 1990-х гадоў звярнуўся да пошуку інфармацыі пра расстралянага бальшавікамі дзядзьку, любімага вучня Янкі Купалы, паэта 1930-х гадоў Валера Маракова. Даследаванне біяграфіі паэта і іншых рэпрэсаваных сваякоў ператварылася ў планамернае і прафесійнае даследаванне гісторыі ўсіх беларускіх культурных і грамадскіх дзеячаў, якія пацярпелі ў гады сталінскага кіравання.
Аўтар унікальнага энцыклапедычнага даведніка ў 10 тамах «Рэпрэсаваныя пісьменнікі, навукоўцы, работнікі адукацыі, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794–1991», у які ўвайшлі біяграфіі больш за 20 000 дзеячаў беларускай культуры, расстраляных ці загінулых у сталінскіх канцлагерах (ГУЛАГу), кніг “Знішчэнне”, “Ахвяры і карнікі”, даведніка «Рэпрэсаваныя праваслаўныя святары і царкоўныя служыцелі Беларусі. 1917–1967».
2010 год. Памёр Алег Елізараў (1969–2010).
Беларускі мастак-авангардыст. Апошняя яго карціна “Адзінокае неба” набыта сузаснавальнікам карпарацыі “Майкрасофт” Стывам Бламерам.
Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта.
Падчас вучобы вылучаўся добрай падрыхтоўкай, пачаў выкарыстоўваць мінімум фарбы, эксперыментаваў з дадаваннем розных матэрыялаў, прыйшоў да свайго «белага стылю».
Працаваў у полацкай Дзіцячай мастацкай школе, дзе сфарміраваўся своеасаблівы стыль аўтара, у большасці работ якога асноўным кампазіцыйным элементам з’яўлялася полацкая архітэктура, белы, святочны настрой горада. У Полацку заснаваў і згуртаванне маладых мастакоў «Белы Круг».
Пасля Полацка, працаваў у салігорскай мастацкай школе.
Быў аўтарам і ўдзельнікам шматлікіх персанальных і калектыўных выстаў.
2015 год. Памёр Уладзімір Содаль (1937–2015).
Беларускі літаратуразнавец, краязнавец.
Інвалід па зроку з дзяцінства. Працаваў на Беларускім тэлебачанні, рэдактарам асветніцкіх перадач «Роднае слова», «У кожнага была свая вайна». Сябар Рэспубліканскай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны, рэдкалегіі газеты «Наша слова».
Удзельнік Устаноўчых з’ездаў БНФ, ТБМ, адзін з падпісантаў творчай інтэлігенцыі ліста ў ЦК КПСС аб стане беларускай мовы ў рэспубліцы. Неаднойчы быў затрыманы або збіты за свае палітычныя погляды..Даследчык творчасці класікаў беларускай літаратуры. Занесены ў кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».
Міжнародны дзень ювеліра (International day of the jeweler).
Слова “ювелір” паходзіць ад французскага joyau – “скарб”, якое, у сваю чаргу ўзыходзіць да лацінскага jocellum – “каштоўнасць”.
Прафесія ювеліра адна з самых старажытных – жаданне атачаць сябе каштоўнасцямі існавала нават у першабытных людзей, а багацце упрыгожванняў сведчыла аб становішчы і статусе іх уладальнікаў. Першыя ўпрыгожванні выраблялі з разнастайных дапаможных матэрыялаў, якія паддаюцца апрацоўцы прымітыўнымі прыладамі тых часоў. Гэта маглі быць каралі з ракавінак, іклаў жывёл, каменьчыкі з дзіркай на скураной палосцы. Самыя раскошныя ўпрыгожванні насіў правадыр племя.
Першабытныя людзі выраблялі амулеты, бранзалеты, пярсцёнкі, якія павінны былі абараняць іх ад злых духаў і хвароб, дапамагаць удаламу паляванню.
У VII стагоддзі да нашай эры людзі сталі вырабляць медныя вырабы, навучыліся гнуць, каваць, свідраваць і абточваць метал.
Родапачынальнікам ювелірнага мастацтва стала Старажытная Элада. Тут упершыню было засвоена разьбярства па камені, з’явіліся ўпрыгожванні, выкананыя з каштоўных металаў з самацветамі.
У Беларусі першым увайшоў у гісторыю ювелірнай справы полацкі злотнік Лазар Богша, які ў 1161 годзе вырабіў крыж-каўчэг для Еўфрасінні. Усяго ж архівы захоўваюць больш за 1 500 імёнаў ювеліраў з беларускіх зямель.
Дзень ювеліра з’яўляецца добрай нагодай здзейсніць прыемную пакупку або зрабіць доўгачаканы падарунак блізкім людзям.
Апанас і Кірыла. Гусінае свята (народны каляндар).
Свята свойскай жывёлы. «Хавай нос у апанасаўскі мароз»
Памяць свяціцеляў Афанасія Вялікага – аднаго з айцоў грэцкай царквы ІV стагоддзя, Кірыла – патрыярха Александрыйскай царквы.
1563 год. Пачатак асады Полацка маскоўскімі захопнікамі Івана IV Жахлівага падчас Лівонскай вайны.
Маскавітаў было ад 31 000 да 150 000 войска і 200 асадных гармат. Абаронцы мелі толькі 2 000 салдат, 400 наемнікаў і нямецкую роту, 38 гармат.
Выбар Полацка для нападу, цалкам відавочны – ён быў найбуйным і найбагатым горадам Вялікага княства Літоўскага, з насельніцтвам ледзь не 100 000 чалавек. Тут рускае войска магло разлічваць на велізарную здабычу. Акрамя таго, узяцце Полацка давала цэлы шэраг тактычных пераваг: кантроль над Дзвіной, прамыя зносіны з Лівоніяй, адкрыты шлях на Вільню.
Полацак спрадвеку лічыўся Рурыкавічамі адной са сваіх галоўных вотчын. Іван IV любіў апрануць свае палітычныя і ваенныя акцыі ў форму святой вайны супраць ворагаў веры і царквы. У паход ён узяў са сваёй казны некалі вывезены крыж Св. Еўфрасінні Полацкай (у 1222 годзе скрадзены і вывезены ў Смаленск, у 1514 году вывезены ў Маскву), каб вярнуць яго ў полацкі Спаскі манастыр.
У выніку захопу Полацка 15 лютага 1563 года, Іван Жахлівы горад цалкам спаліў і з зямлёй зраўняў, загадаў без шкадавання засекчы болей за 20 000 гараджан, гнаць на Маскву больш як 60 000, а кабет і дзяўчат распрануць і так – голымі і звязанымі – весці. Манахаў-бернардынаў закатаваць, “жыдоў хрысціць або патапіць у Дзвіне”.
1833 год. Нарадзіўся Станіслаў Сільвестровіч.
Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў. Паўстанцкі начальнік Гродзенскага ваяводства.
Скончыў Тартускі ўніверсітэт. У сваім маёнтку Гожа пад Гродна значна аблягчыў павіннасці сялян. У першыя месяцы паўстання Гожа была цэнтрам паўстанцкай дзейнасці.
Арыштаваны ў ліпені 1863 года разам з паўстанцкім сакратаром, дваюродным братам Зыгмунтам Урублеўскім.
У 1864 годзе быў высланы ў сібірскія шахты на катаргу на 8 год.
Вярнуўся да дому ў 1878 годзе.
Памёр каля 1910 года ў Стрэльчым на Валыні.
1865 год. Абарона Дз. Мендзялеевым доктарскай дысертацыі “Аб ўлучэнні спірта з вадой”.
“Дзень нараджэння расійскай гарэлкі”. Заслуга Мендзялеева ў тым, што ён абгрунтаваў сучасны стандарт утрымання спірту ў гарэлцы, які спрыяльны па ўздзеянні на жывы арганізм – водна-спіртавы раствор з канцэнтрацыяй этанолу 40% па аб’ёме. Грунтуючыся на гэтых дадзеных, была распрацавана рэцэптура гарэлкі пад назвай “Маскоўская асаблівая”, якая ў 1894 годзе была запатэнтавана расійскім урадам як руская нацыянальная гарэлка.
Яшчэ 10 000 гадоў да нашай эры людзі даведаліся пра асаблівасці спіртных напояў з мёду, садавіны і ягад. Наогул прататып гарэлкі вырабіў яшчэ ў XI стагоддзі персідскі лекар Ар-Разі, які шляхам звычайнай перагонкі вылучыў этанол. Мусульманін выкарыстоўваў гарэлку выключна ў медыцынскіх мэтах.
“Гарэлка” – ад нямецкага Brent Wein — “гарэлае віно” (паказвае, што перагнанае, дыстыляванае) з’явілася ў ВКЛ на мяжы XV-XVI стагоддзяў з Германіі. Да канца XVII – пачатку XVIII стагоддзяў паступова выцясніла піва і мёд пітны. У залежнасці ад ступені дыстыляцыі яе мацунак вагаўся ад 15-20 % (простая гарэлка) да акавіты (пад 70%).
Папулярнымі напоямі шляхты былі розныя напоі на аснове гарэлкі – зуброўка, крупнік, крамбамбуля, траянка і іншыя. Старка – гарэлка, вытрыманая ў дубовых бочках на працягу 5-10 гадоў. Асноўнай сыравінай для вырабу гарэлкі доўгі час было жыта, аднак з 1830-х гадоў спірт і гарэлку пачалі атрымліваць пераважна з бульбы, што рэзка знізіла яе сабекошт, а разам з тым і якасць (цяжка ачысціць ад сівушных алеяў). У XIX стагоддзі ў Беларусі выраблялася больш за 16 літраў гарэлкі на чалавека штогод. Зараз 12 прадпрыемстваў вырабляюць 11 мільёнаў дэкалітраў, або 12 літраў на жыхара.
1892 год. Нарадзіўся Алесь Гурло.
Беларускі паэт, празаік, перакладчык, лінгвіст.
Член РСДРП (1909). У Першую сусветную вайну служыў на Балтыйскім флоце, быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, Грамадзянскай вайны.
Працаваў у Наркамаце асветы БССР, газеце «Савецкая Беларусь», у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта, у Інстытуце мовы акадэміі навук. Браў удзел у стварэнні тэрміналагічных слоўнікаў; падрыхтаваў і выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналогія», рыхтаваў слоўнік краўцоўскай мовы Капыля і краёвы слоўнік Капыльшчыны.
Аўтар вершаў, драм, 5 зборнікаў паэзіі, перакладаў на беларускую мову твораў рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.
Арыштаваны ДПУ у 1930 годзе, у 1931 годзе высланы ў Самару на 5 гадоў.
Памёр 4 лютага 1938 года. Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
1893год. Заснавальнікам кампаніі The Coca-Cola Company А. Кендлерам зарэгістраваны таварны знак “Coca-Cola”.
Напой – дамінант на сусветным рынку безалкагольных напояў на працягу ўсяго ХХ стагоддзя.
Назва напою адносіцца да двух яго арыгінальных інгрыдыентаў: лісця кокі і арэхаў кола – крыніцы кафеіну.
У сакавіку 1886 года Дж. Пембертон спрабаваў знайсці новы болесуцішальны сродак. Узяў цукровы сіроп, кафеін, дадаў у яго адвар кокі і атрымаў стымулюючы салодкі напой карычневага колеру.
У аптэку “Джэйкобс” у Атланце ён паступіў як лекі ад расстройстваў нервовай сістэмы, на што аўтар атрымаў патэнт. Любы наведвальнік аптэкі, апусціўшы ў аўтамат 5 цэнтаў, мог атрымаць шклянку гаючага напою. Працягваючы эксперыментаваць з сіропам, у яго дадалі газіроўку.
1896 год. Памёр Міхаіл Мікешын. Вядомы расійскі скульптар, мастак, жывапісец, рысавальшчык, ілюстратар беларускага паходжання.
За час навучання ў Акадэміі Мастацтваў атрымаў усе акадэмічныя узнагароды, шэраг медалёў і быў удастоены звання класнага мастака I-й ступені.
Пераможца конкурса (1858) на праект помніка «Тысячагоддзе Расіі» у Ноўгарадзе. 8 верасня 1862 года помнік урачыста адкрыты. Вышыня манумента з крыжом і фігурай анёла ўверсе – каля 16 метраў, дыяметр – каля 9 метраў, вага – 65,5 тон.
Сярод фігур на помніку: хрысціцель Русі Уладзімір Святаслававіч – муж Рагнеды Рагвалодаўны, Пётр Магіла – заснавальнік царквы ў магілёўскім Падміколлі, архібіскуп Георгі Каніскі, вялікія князі Яраслаў Мудры – сын Рагнеды, Аляксандр Неўскі – зяць полацкага князя Брачыслава, Гедымін, Альгерд, Вітаўт, князь Пскоўскі Даўмонт – сын Міндоўга, князь Канстанцігн Астрожскі, выхадцы з літоўскіх зямель князь Р. Пацёмкін, кампазітар М. Глінка.
Цікава, што над фігурамі расійскіх асветнікаў знаходзіцца адліты ў бронзе нецэнзурны надпіс.
У 1865 годзе Мікешын наведвае малую радзіму, Клімавічы. У Клімавічах яго запрасілі на рэкруцкі набор. Мікешын не мог вытрымаць відовішча набору сялян у армію, ціха выйшаў, узяў альбом, аловак і намаляваў гэтыя сцэны з натуры. На працягу 27 гадоў мастак вяртаўся ў Клімавічы, пра якія пакінуў жывыя сведчанні эпохі, жыцця, быту жыхароў. Апошняя замалёўка Мікешына з Клімавіч адносіцца да 1892 года – «Паштовая эстафета».
У 1888 годзе па яго праекце ўзведзены помнік Б. Хмяльніцкаму ў Кіеве, пазней – помнік Кацярыне II у Пецярбургу.
Пахаваны ў Аляксандра-Неўскай лаўры на Нікольскіх могілках.
1918 год. Утварэнне Беларускага нацыянальнага камісарыята.
Белнацкам– аддзел Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей СНК РСФСР. Дзейнічаў у Петраградзе да сакавіка 1918 года, потым у Маскве да сакавіка 1919 года. У процівагу ўраду БНР, вёў агітацыйную, культурна-асветніцкую, выдавецкую працу, прапагандуючы ідэю стварэння беларускай савецкай дзяржавы сярод беларусаў-бежанцаў.
Меў аддзяленні ў Петраградзе, Маскве, Віцебску, Саратаве, Смаленску, прадстаўнікоў у Оршы, Арле, Калузе, Саратаве, Тамбове. Пры Белнацкаме працавалі клубы “Беларуская хатка” ў Петраградзе, “Беларус” у Маскве, выходзіла газета “Дзяннiца”, часопісы “Чырвоны шлях”, “Беларуская крыніца” (“Крыніца”), Беларускі народны ўніверсітэт.
Першы старшыня – камісар А. Чарвякоў, супрацоўнікі: Г. Багдановіч, І. Дварчанін, К. Дуж-Душэўскі, Зм. Жылуновіч, Я. Канчар, П. Каравайчык, Ф. Турук.
1919 год. Адкрыты Магілёўскі губернскі музей.
З 1938 года – абласны краязнаўчы. Быў зусім спустошаны і разрабаваны ў гады Вялікай Айчыннай. Першая пасляваенная экспазіцыя ў трох залах у Доме Саветаў адкрылася ў 1951 годзе. У будынку на сённяшняй плошчы Славы адначасова ўсе экспазіцыі ў 20 залах музея адкрыты 15 лістапада 1967 года. 14 ліпеня 2005 г. музею прысвоена імя Е. Раманава.
Першы магілёўскі музей пры губернскім статыстычным камітэце быў адкрыты 15 лістапада 1867 года. Меў больш за 1500 экспанатаў, сярод іх: кальчуга са старажытнага кургана на Быхаўшчыне, грамата 1679 года караля Станіслава Панятоўскага на пацверджанне Мсціславу Магдэбургскага права, сані Напалеона і іншыя.
1929 год. Нарадзіўся Анатоль Грыцкевіч.
Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Даследчык гісторыі Беларусі перыяду феадалізму.
Скончыў Мінскія інстытуты – медыцынскі,педагагічны замежных моў, БДУ. Працаваў лекарам, у Інстытуце гісторыі АН БССР, у інстытуце культуры, дырэктарам НДІ Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, быў прэзідэнтам МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” (2001-2005)
У манаграфіях “Частновладельческие города Белоруссии в ХVI—ХVIII вв.”, “Социальная борьба горожан Белоруссии в ХVI—ХVIII вв.” вызначыў колькасць прыватнаўласніцкіх гарадоў, іх тыпы, узровень эканамічнага развіцця, сістэму кіравання, іх ролю як ваеннай апоры, грунтоўна прааналізваў Магдэбургскае права.
Аўтар публікацый па гісторыі шляхецкага стану, генеалогіі шляхты і выбранцаў, кніг “Выбранае”, “Сцягі Оршы”.
Памёр 20 студзеня 2015 года.
1930 год. Памёр Бенедыкт Дыбоўскі.
Расійскі, беларускі і польскі заолаг, прыродазнавец, урач. Член-карэспандэнт АН СССР
Доктар медыцыны (1860), прафесар заалогі i палеанталогіі ў Варшаве. За ўдзел у паўстанні ў 1864 годзе асуджаны да смяротнага пакарання, якое пасля звароту да царскага ўрада нямецкіх вучоных, палітыка Ота фон Бісмарка, заменена на 15 гадоў катаргі ў Сібіры.
Даследаваў жывёльны i раслінны свет возера Байкал, рэк Амур i Ангара, узбагаціў заалогію шэрагам новых адкрыццяў, вывучаў Камчатку.
3 1882 года прафесар заалогіі ў Львоўскім універсітэце, у якім арганізаваў музей заалогіі з камчацкіх экспанатаў. Вывучаў беларускія азёры Любань, Свіцязь, Чорнае i іншыя, гісторыю і этнаграфію беларусаў.
Пахаваны на Лычакоўскіх могілках у Львове.
1957 год. У Мінску заснаваны Дзяржаўны музей Беларусі.
Зараз Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі.Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы Карла Маркса, 12.
Адзін з найбольш папулярных музеяў краіны з самай вялікай музейнай калекцыяй – больш за 400 000 адзінак захоўвання.Штогод музейны збор павялічваецца прыблізна на 2 000 – 3 000 адзінак.
Шэраг музейных прадметаў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў 1-й і 2-й катэгорыі: скарб манет рымскай чаканкі І-ІІ стагоддзяў, «пояс Вітаўта», царскія вароты з іканастаса Георгіеўскай царквы Давыд-Гарадка XVIII стагоддзя, партрэт Ёзафа Празора другой паловы XVIII стагоддзя.
Мае 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.
Свой пачатак музей бярэ ад Мінскага абласнога музея (1919).
1961 год. Першы запуск амерыканцамі ў космас жывой істоты —шымпанзэ.
У СССР запускалі сабак, а амерыканцы адправілі шымпанзэ Хэма (1956-1983) на караблі «Меркурый-Рэдстаўн-2».
Палёт доўжыўся 16 хвілін 39 секунд. З-за няправільна разлічанай траекторыі руху карабель падняўся на вышыню 253 км замест запланаваных 182, узровень кіслароду і ціск у кабіне ўпалі.
Бартавыя камеры запісалі тое, што адбывалася ў кабіне і жах на пысе шымпанзэ з-за бязважкасці. Скончыўся палёт у Атлантычным акіяне. Хэм не пацярпеў – адразу пасля ўскрыцця капсулы быў зроблены здымак, дзе ўсмешлівы шымпанзэ цягне лапы да яблыка.
1975 год. Нарадзіўся Альгерд (Алег) Бахарэвіч.
Беларускі пісьменнік і перакладчык.
Працаваў настаўнікам, журналістам. Вакаліст і аўтар тэкстаў панк-гурта «Правакацыя» (1993-2000). Адзін з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Бум-Бам-Літ». Сябра беларускага ПЭН-цэнтра. У 2012 годзе пасля публікацыі эсэ «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» (з крытыкай Янкі Купалы) выйшаў з Саюза беларускіх пісьменнікаў.
У 2007-2013 гадах жыў у Гамбургу, з 2020 года жыве ў Аўстрыі.
Піша пераважна прозу – аўтар больш 20 кніг, раманаў, аўтар і зборніка вершаў.
Перакладчык твораў нямецкіх класікаў і сучасных аўтараў.
Вёў на Радыё Свабода цыкл перадач «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», «Каляндар Бахарэвіча», «Цуды і дзівосы Беларусі», калонкі ў чэшскім часопісе HOST, на сайце грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі» і іншыя.
Па яго асобных творах растаўлены спектаклі. Паасобныя яго творы перакладаліся на англійскую, французскую, нямецкую, чэшскую, украінскую, балгарскую, славенскую, рускую, польскую, літоўскую мовы.
У 2015 годзе апавяданне Бахарэвіча «Талент заікання» ўвайшло ў анталогію найлепшай еўрапейскай кароткай прозы «Best European Fiction».
Лаўрэат шматлікіх фестываляў, прэмій, у тым ліку, «Гліняны Вялес», імя Ежы Гедройца (5), «Кніга году» (2), Эрвіна Піскатара (Германія).
2020 год. Вялікабрытанія афіцыйна выйшла з Еўрапейскага Саюза.
Першы выхад у гісторыі ЕС. Брытанцы прагаласавалі за брэксіт – 52%, супраць – 48% у чэрвені 2016 года, але потым доўга спрачаліся паміж сабой, якім ён уласна павінен быць: мяккім, жорсткім, паўмяккім. Двойчы змянілі прэм’ераў, двойчы пераабралі парламент – і нарэшце ў студзені 2020 года Барыс Джонсан падпісаў пагадненне аб разводзе з ЕС пасля 45 гадоў сумеснага жыцця.
У выніку выхаду Брытанія сутыкнулася з дэфіцытам самых нечаканых рэчаў – некаторых прадуктаў харчавання, алкаголю, паліва, будматэрыялаў і запчастак. 60% імпарту завозілася з Еўропы. Сутыкнулася са значнымі праблемамі на рынку працы: ні кухараў, ні афіцыянтаў, ні сезонных працоўных у палях. Краіна пазбавілася танных іспанскіх салат, він, алівак, алею, нідэрланскіх кветак, польскай гародніны і цвікоў, недарагіх румынскіх сядзелак, італьянскіх піцаёла, грэцкіх цырульнікаў.
Брэксіт адправіў эканоміку Вялікабрытаніі ў накдаўн. У сярэднетэрміновай перспектыве Брытанія недалічыцца ад 4 да 7% эканамічнага росту. Скараціўся экспарт, бо рынак ЕС адкрываў брытанцам доступ да кішэняў паўмільярда патэнцыйных кліентаў. Брэксіт-бар’еры ў гандлі абышліся Вялікабрытаніі 1/7 яе ранейшага тавараабароту. Іміграцыя ў Брытанію абвалілася амаль на 90% – з-за квіда і брэксіту, але вырасла колькасць нелегальных мігрантаў, а на палях гніе ўраджай і няма каму вадзіць фуры, няма каму забіваць свіней, вырошчваць індычку да Калядаў. Брытанцы пазбавіліся права працаваць у любой з 27 краін ЕС.
Брэксіт паставіў пад пагрозу і даходы Вялікабрытаніі, і адзінства каралеўства. Ірландцы і шатландцы ўсё больш жадаюць разводу з Англіяй. Развод з ЕС знізіў ролю Брытаніі ў сусветнай палітыцы, яна зблізілася з ЗША, а на еўрапейскім фронце голас Брытаніі гучыць усё цішэй.