Gastrofest у Магілёве ўжо з наступнага чацвярга – 38 рублёў за сэт, 12 рэстаранаў

Шосты беларускі Gastrofest стартуе 16 лістапада і працягнецца да 3 снежня. Сёлета ён праходзіць ва ўссіх абласных цэнтрах і Мінску. Кошт за адзін сэт у сталіцы – 47 рублёў, тады як у іншых гарадах 38. У Магілёве ўдзел у фэсце бяруць дванаццаць рэстаранаў – “Эдысан”, “101”, “Карчма на Шклоўскім базары”, “Амазонка”, “Цокаль”, “Churchill”, “Дзве палачкі”, “Рахмат”, “Ван Гог”, “Белы ліс”, “Хінкальня” і “Луна”.

Большасць прапанаваных сэтаў сумарна важаць больш за кілаграм. Падрабязнасці пра ўсе прапановы можна знайсці тут – у праграме фестываля.

Gastrofest – гэта серыя гастранамічных фестываляў, якая прыйдзецца даспадобы ўсім аматарам смачнай ежы і якасных напояў. Ва ўсіх фестываляў розная тэма, але адна механіка. Установы прапануюць свае лепшыя сэты па фіксаваным кошце ў пэўны адрэзак часу, а наведвальнікі аддаюць свае галасы за лепшы пачастунак. 

Фота: Gastrofest.by

“Шчырасць адзіноты” Базыля Камарова – куды схадзіць у Магілёве на кароткім выхадным

У Выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва на вуліцы Болдзіна праходзіць юбілейная выстава вядомага мастака Базыля Камарова “Шчырасць адзіноты”. Гэтая выстава ўключае некалькі мастацкіх цыклаў і серый, а таксама асобных твораў жывапісу і графікі, сабраных ў адной зале.

Творчасць Базыля Камарова адрозніваецца глыбокай праработкай гістарычнай і архітэктурнай спадчыны роднага краю. Яго творы з выявамі старажытнага Магілёва лічацца ў шэрагу лепшых рэканструкцый сярэдневяковых беларускіх гарадоў.

Базыль Камароў нарадзіўся 12 ліпеня 1953 года ў в. Міхайлаўск Магілёўскага раёна. З 1965 г. вучыўся ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве. У 1972 годзе скончыў аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (сёння Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). 

Фота: mogilevnews.by

Магілёвец на запраўцы двойчы пабіў мужчыну, што нібыта падглядваў за яго жонкай

Прычым у другі раз п’янага хулігана не змаглі стрымаць супрацоўнікі міліцыі, якія прывялі яго на запраўку для разбіральніцтва.

На аўтазапраўцы ў вёсцы Карытніца Бялыніцкага раёна 45-гадовы жыхар Магілёва двойчы напаў на мужчыну, дадзеныя якога не паведамляюцца. Першы напад адбыўся каля 22 гадзін 55 хвілін. У стане алкагольнага ап’янення, магілёвец двойчы ўдарыў мужчыну – у твар і шыю. На судзе ён прызнаў віну часткова, патлумачыўшы, што першапачаткова наносіў удары пацярпеламу, паколькі той, са слоў жонкі абвінавачанага, абражаў яе, не прапусціў у туалет і падглядваў за ёй, калі яна там знаходзілася.

Гісторыя са збіццём працягвалася і далей – піша “Зара над Друццю”. Трохі пазней у гэты ж дзень, быўшы ў стане алкагольнага ап’янення, знаходзячыся на тэрыторыі АЗС N°69 “Беларуснафты”, куды прыбыў па патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі для разбіральніцтва, ён ізноў нанёс пацярпеламу ўдар рукой у вобласць твару.

Магілёўца асудзілі да абмежавання волі на тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З абвінавачанага на карысць пацярпелага спагнана 700 рублёў маральнай шкоды.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве дэфіцыт цэмента

Чытачы mogilev.media паведамляюць пра праблемы з пакупкай цэмента ў будаўнічых крамах абласнога цэнтра. Рэдакцыя пацвярджае – практычна ва ўсіх спецыялізаваных магазінах, якія ўдалося наведаць у цэнтры горада і на ўскрайках, цэменту ў продажы няма, што ў малых пакунках, што ў мяшках па 25 кілаграмаў. Няма яго і на запраўках – але ў першую чаргу таму, што тут яго продаж у зімні перыяд забаронены.

Спецыялісты тлумачаць дэфіцыт цэмента нізкімі вытворчымі магутнасцямі на беларускіх прадпрыемствах. У Беларусі працуе тры заводы па вырабе гэтай прадукцыі – у Крычаве, Касцюковічах і пасёлку Краснасельскі. Сумарна яны пастаўляюць каля 3 мільёнаў тон штогод, тады як народная гаспадарка ў Беларусі патрабуе ў сярэднім 2,5 – 3 тоны на год і яе попыт кожны год вырастае. Улічваючы, што значная частка цэмента ідзе таксама на экспарт, атрымліваецца недахоп на ўнутраным рынку.

“Магілёўскія ведамасці” пры гэтым пішуць пра рост вытворчасці на прадпрыемстве “Крычаўцэменташыфер” – “адгрузка прадукцыі вырасла на 4,1 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а запасы цэменту скараціліся больш як у 4 разы. На знешні рынак адгружана больш за 700 тыс. тон цэменту, што больш, чым за аналагічны леташні перыяд у 1,8 разоў.”

Але, як бачым, рост вытворчасці на адным прадпрыемстве на нязначныя 4,1% мала ўплывае на забяспечанасць унутранага рынка. Вось як тлумачаць спецыялісты перыядычны дэфіцыт цэмента ў краіне: “Праблема ў тым, што цэмент сёння – гэта адзін з галоўных экспартных тавараў Беларусі. За год за межы краіны вывозіцца прыкладна каля 1 млн тон цэменту. Вось вам і прычына дэфіцыту на ўнутраным рынку. Не памылюся, калі скажу, што сёлета, калі ў “Беларуськалія” ўзніклі праблемы са збытам угнаенняў, экспарт цэменту стане другім значэнню пасля нафты і нафтапрадуктаў крыніцай паступлення грошай у дзяржбюджэт.”

Фота: mogilev.media

Хакеісты “Магілёва” прайгралі 8:0 лідарам чэмпіяната і застаюцца на апошнім радку

Вечарам 8 лістапада прайшла выязная гульня хакейнага клуба “Магілёў” у Чэмпіянаце Беларусі па хакеі. У Салігорску магілёўская каманда прайграла “Шахцёру”, які займае першы радок у розыгрышы Экстралігі. Пасля 23 гульняў у “Магілёва” 13 ачкоў і ён працягвае знаходзіцца на самым апошнім радку турнірнай табліцы.

– Сёння няма чаго каментаваць. – так выказаўся пра гульню галоўны трэнер “Магілёва” Аляксандр Мацерухін – Нешта пайшло не так. Заўтра разбярэмся.

Фота: ХК “Магілёў”

У Магілёве на пажары загінула жанчына, двух суседзяў зверху выратавалі

Позна вечарам 7 лістапада, каля 22.30 здарыўся пажар у кватэры на другім паверсе пяціпавярховіка па Пушкінскім праспекце, 45 у Магілёве. Ратавальнікамі на месцы трагедыі было знойдзена цела жанчыны 1976 года нараджэння, гаспадыні кватэры. З кватэры на трэцім паверсе былі выратаваныя маці і сын, 1965 і 1989 гадоў нараджэння, з атручэннем прадуктамі гарэння. Яны шпіталізаваныя. Яшчэ чатырох чалавек, у тым ліку двух дзяцей эвакуявалі з іншых кватэр дома. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўскі “Барысфен” атрымаў дзявятую перамогу з дзевяці і лідзіруе ў чэмпіянаце

Баскетбольны клуб “Барысфен” абыграў каманду “Мінск рэзерв” з разгромным лікам 94:68 у дзявятым туры групы А чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Гэта дзявятая перамога запар у магілёўскай каманды. “Барысфен” займае першы радок у турнірнай табліцы групы А, маючы 18 ачкоў. На другім радку ў групе – “Гродна 93” з 14 баламі. У групе “Б” лідзіруе “Гродна 93 ГрГУ” з 12 ачкамі, але ў гэтай групе прайшло толькі шэсць гульняў.

Наступную гульню “Барысфен” правядзе на выездзе супраць “Гродна 93” 14 лістапада.

Фота: bcborisfen.by

У Магілёве на будаўніцтве школы загінуў рабочы

Вечарам 5 лістапада на будаўнічай пляцоўцы новай школы ў Магілёве загінуў рабочы, мужчына 50 гадовага ўзросту – паведамляе Следчы камітэт. Падчас работ па ўладкаванні маналітных участкаў ён ўпаў з рыгеля першага паверха на жалезабетонную паверхню. Следчыя высветлілі, што ў парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі працоўны знаходзіўся на рыгелі без страховачнага рамяня і ў незашпіленай касцы.

Фота: Следчы камітэт

Маці і сын выжылі, атруціўшыся ўгарным газам пад Магілёвам

30-гадовая жанчына і яе дзесяцігадовы сын былі шпіталізаваныя са свайго дома ў вёсцы Боўшава Магілёўскага раёна пасля атручэння ўгарным газам – піша афіцыйны сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Атручэнне адбылося з-за таго, што занадта рана была зачынена пячная задзвіжка.

Фота ілюстрацыйнае

Бутэльку з ртуццю знайшлі ў гаражах на аблбальніцы ў Магілёве

Прыбіраючыся ў сваім гаражы на вуліцы Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, мужчына 1975 года нараджэння знайшоў пластыкавую бутэльку ў 0,3 літры, запоўненую ртуццю. Усяго ў ёй аказалася рэчыва на 2,73 кілаграмы – паведамляе прэс-служба МНС. Ратавальнікі правялі ў гаражы мерапрыемствы па дэмеркурызацыі памяшкання, ртуць была канфіскаваная для ўтылізацыі.

Фота ілюстрацыйнае