У Магілёве пройдзе “Танцавальная карусель”

8 красавіка ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці пройдзе Другі міжнародны харэаграфічны конкурс “Танцавальная карусель”.

У спаборніцтвах прымуць удзел больш за 50 канкурсантаў з Магілёўскай і Віцебскай абласцей, а таксама з Санкт-Пецярбурга, Смаленска і Калужскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Яны прадэманструюць сваё майстэрства ў 5 намінацыях: народна-сцэнічны танец, народна-стылізаваны танец, эстрадны танец, сучасная харэаграфія, класічны танец – піша БелТА.

Фота: БелТА

У магілёўскім конкурсе сыроў перамаглі гатункі, якіх не купіць

У Магілёве прайшоў конкурс прафмайстэрства “Сырная карона”. 

Конкурс праводзіўся сярод філіялаў ААТ “Бабушкіна крынка”, якія вырабляюць сыры. 

У спаборніцтве прынялі ўдзел калектывы філіялаў “Асіповіцкі”, “Мсціслаўскі”, “Слаўгарадскі” і бялыніцкі цэх – паведамляе mogilevnews.

На дэгустацыю ў трох намінацыях і ў галасаванні на прыз сімпатый гледачоў было прадстаўлена 12 найменняў сыроў.

У намінацыі “Сыры расійскай групы”

1 месца заняў сыр “Рускі экстра” 42% (Асіповічы). 2 месца – сыр “Дон Леон” з водарам топленага сыру 50% (Мсціслаў),

3 месца падзялілі сыры “Tilsiter” (Слаўгарад) і “Князь Уладзімір” (Бялынічы).

У намінацыі “Сыры з тэрмінам паспявання 60-90 сутак”: 1 месца – сыр “Магутны леў” (Асіповічы); 2 месца – сыр “Гройцэр” экстра (Слаўгарад); 3 месца – сыр “Грувер” (Слаўгарад).

У намінацыі “Сыры з тэрмінам паспявання больш за 90 сутак” 1 месца ўзяў сыр “Мсціслаў Вялікі” (Мсціслаў).

Гран-Пры заваяваў сыр «Пармізана дэ Люкс» (Асіповічы).

Прыз сімпатый гледачоў заваявала “Снежная каралева” з густам пламбір 45%, які вырабляе цэх па вытворчасці сыроў г. Бялынічы.

Цікава, што абсалютную большасць з гэтай прадукцыі жыхары рэгіёна не могуць набыць, бо яна абмінае гандлёвыя кропкі Магілёва і вобласці і ідзе на экспарт.

Глуская бальніца – найлепшая ў Магілёўскай вобласці ў 2022-м годзе

Медыкі “партызанскага” Глускага раёна выдатна працавалі летась і атрымалі дыплом за першае месца ў конкурсе раённых бальніц. 

У апошні дзень студзеня ў Магілёве былі падведзены вынікі работы медыцынскай галіны вобласці. Як звычайна, былі вызначаны лідары. Самую высокую ацэнку на абласным узроўні атрымала праца глускіх медыкаў. Па выніках конкурсу медыцынскіх устаноў рэгіёна першае месца заняла бальніца раёна. 

Ацэньваліся разнастайныя аспекты якасці і культуры медычнага абслугоўвання насельніцтва. Сярод цэнтральных раённых бальніц (раёнаў з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек) Глуская цэнтральная раённая бальніца заняла першае месца. 

Дыплом за добрасумленную працу быў уручаны кіраўніку ўстановы Ірыне Пятровай. 

Фота: Газета “Радзіма”.

Інклюзіўны конкурс творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі пройдзе ў Бабруйску

Конкурс творчасці людзей з інваліднасцю “Мы шукаем таленты” пройдзе ў Палацы мастацтваў Бабруйска 13 снежня.

Спаборніцтвы будуць праводзіцца па некалькіх намінацыях – сольны вакал, вакальны ансамбль, харэаграфія, мастацкае чытанне, дэкаратыўна-прыкладная творчасць. 

Удзельнічаць у конкурсе талентаў можна як індывідуальна, так і калектыўна. Пераможцы атрымаюць дыпломы і каштоўныя падарункі.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Палац мастацтваў Бабруйска сумесна з Бабруйскай гарадской арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”. Гэта ўжо будзе другі падобны конкурс у Бабруйску.

Інклюзія (ад inclusion – уключэнне) уяўляе сабой працэс уключэння людзей з фізічнай і ментальнай інваліднасцю ў паўнавартаснае грамадскае жыццё, а таксама распрацоўку і прыняцце канкрэтных рашэнняў для гэтага.

Фото Pixabay

Лепшага кіроўцу смеццявоза Магілёўшчыны абяруць 30 верасня

У Магілёве ўжо шосты раз пройдзе конкурс прафесійнага майстэрства “кіроўца смеццявоза”. У ім прымаюць удзел работнікі ўсіх прадпрыемстваў ЖКГ вобласці.

Спаборніцтвы накіраваны на павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў і прэстыжу прафесіі “вадзіцель смеццявоза”, паляпшэнне навыкаў якаснай эксплуатацыі аўтатэхнікі. Для ўдзелу ў спаборніцтве дапушчаны вадзіцелі, якія не маюць парушэнняў працоўнай і вытворчай дысцыпліны, а таксама дарожна-транспартных здарэнняў за апошнія 12 месяцаў.

Удзельнікам па традыцыі прыходзіцца спаборнічаць і ў тэорыі і на практычных занятках. Напачатку ў канкурсантаў правераць веданне правіл дарожнага руху і прылад аўтамабіля. 

А вось практычны этап прадугледжвае дэманстрацыю навыкаў кіравання аўтамабілем-смеццявозам. Праверка навыкаў ваджэння будзе складацца з праходжання элементаў “габарытная змейка”, рух па габарытным тунэлі, пастаноўка аўтамабіля заднім ходам у бокс, пад’езд з аднаго тармажэння да “планкі” – да яе дотыку пярэднім бамперам – а таксама дыяганальная паркоўка і выкананне пагрузкі кантэйнера.

Пляцоўкай спаборніцтваў стане абласная арганізацыйная структура ДТСААФ.

Якія прызы атрымаюць пераможцы, пакуль не абвешчана, але вядома, што дыпломы і каштоўныя падарункі будуць ад Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў. У ранейшыя гады пераможцы атрымоўвалі яшчэ і надбаўку да службовага акладу памерам у 15% за 1 месца, 10% – за другое, 5% – за трэцяе. 

У Бабруйску дамы спаборнічалі за званне «Аўталедзі-2022». Пабачце, як тое было

На ўдзел у конкурсе наважыліся толькі чатыры спадарыні: дзве кладаўшчыцы, юрысткансультантка, бухгалтарка.

Перамагла юрысткансультантка, піша інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер». Яшчэ яе адзначылі, як найхутчэйшага кіроўцу.

Траіх яе суперніц журы ўганаравала прызамі ў намінацыях «Інтэлект», «Зачараванне». Іх арганізатары яшчэ падзякавалі за ўдзел у конкурсе.

«Бобруйский курьер» адзначае: конкурс прадэманстраваў, што аўташколам ёсць над чым працаваць. Дыяганальную паркоўку па люстэрках змагла выканаць толькі юрысткансультантка. Іншыя канкурсанткі зрэзаліся або па часе або па габарытах.

фота: babruysk.by

 

 

У Магілёве правялі парад дзіцячых вазкоў. Ацаніце крэатыўныя праекты

Парад «Мая калыска – проста казка» арганізавалі на падворку мясцовай школы №6. 

У традыцыйнай імпрэзе ўдзельнічалі больш за тры дзясяткі дзіцячых вазкоў.

Былі на парадзе і спаборніцтвы. Пераможцы вызначаліся ў забегу з вазкамі. 

А таксама ў намінацыях: «У гасцях у казкі», «Алімпійскія гульні», «Падводны свет», «Нацыянальны каларыт», «Рэтравазок», «Дзівамабіль», «Шчасця шмат не бывае».

 

Вырашана, што беларускай прадукцыі бракуе брэнду. Абвешчаны конкурс

На яго даслана больш за 400 заявак.

Міністэрства эканомікі тлумачыць, што конкурс праводзіцца для стварэння лагатыпу і іміджавага слогану нацыянальнага брэнду беларускай прадукцыі.

«Белта» піша, што журы разгледзела «130 цікавых творчых ідэяў», а яшчэ 280 конкурсных работ «у працэсе апрацоўкі».

Як вынікае з паведамлення на сайце Міністэрства эканомікі вызначаць пераможцаў будуць дзяржаўныя службоўцы.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства эканомікі, Міністэрства інфармацыі і Другі нацыянальны тэлеканал. Апякуецца конкурсам працоўная група, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі арганізатараў конкурсу, а таксама прадстаўнікі іншых зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый.

Журы конкурсу вызначаецца рашэннем працоўнай групы. У выпадку неабходнасці да журы могуць далучыць экспертаў.

фота: novychas.online

Праходзіць конкурс на брэнд Горак

У кожнага горада ёсць свой жывы характар, звычкі і ўклад жыцця, а каб гэта падкрэсліць, для гарадоў ствараюць пазнавальную візуальную айдэнтыку. Айдэнтыка дапамагае не толькі вылучыць пэўны горад як турыстычны напрамак, але і выбудаваць больш эфектыўную і зразумелую камунікацыю з соцыумам. Кожны такі брэнд – гэта дакладнае паведамленне, якое часта грунтуецца на відавочных асацыяцыях з канкрэтным месцам.

“Моцны брэнд горада дапамагае тэрыторыі канкураваць на рынку”, – мяркуе прэзідэнт маркетынгавай фірмы Resonance Крыс Фэйр. Такі брэнд адрозніваецца ад афіцыйных сімвалаў у выглядзе герба і сцяга тым, што ён нясе не столькі сімвалічную, колькі сэнсавую нагрузку, гэта ў нейкім сэнсе мэсэдж, пасланне да шырокіх колаў людзей, накшталт рэкламы.

Да 18 мая будзе праходзіць конкурс на падобны сімвал, брэнд горада Горкі – паведамляецца на афіцыйным сайце райвыканкама.   

Свой варыянт сімвала трэба падаваць у электронным выглядзе. Праца павінна быць выраблена і адрэтушаваная з дапамогай графічных рэдактараў, у фармаце JPЕG/TIFF/PNG (у колеры), пашырэннем не менш за 300 dpi, фізічны памер аднаго файла – не больш за 10 Мб. Таксама прымаюць працы, выкананыя з выкарыстаннем мастацкіх тэхналогій (алоўкі, фламастэры, гуаш і да т.п.), у адсканаваным выглядзе, у фармаце JPEG/PDF (у колеры), фізічны памер аднаго файла – не больш за 10 Мб.

Да заяўкі трэба прыкласці тлумачальную запіску ў свабоднай форме з апісаннем прадстаўленай конкурснай работы.