Чавускі масласырзавод быў другім у СССР, але 50-годдзе прадпрыемства прайшло незаўважна

Яшчэ 23 лютага 2023 года споўнілася 50 гадоў, як быў запушчаны новы масласырзавод у Чавусах. Гэта быў другі па велічыні завод у СССР – паведамляе чавуская раёнка “Іскра”. Але юбілей прайшоў без традыцыйнай помпы.

Першапачаткова завод працаваў на пляцоўцы, на якой зараз знаходзіцца аўтапарк №10, потым пераехаў на новае месца па вул. Першамайскай.

На заводзе працавалі лактозны, апаратны, сыраробны цэхі, цэх па доглядзе сыроў, лінія казеіну, якія выраблялі малако, смятану, масла, сыры (найперш «Кастрамскі» і «Пашахонскі»), кефір (з 1976 года), тварог, казеін для клеявай вытворчасці.

Калектыў завода

Прадукцыя пастаўлялася чыгункай у Маскву і Ленінград, часткова на ўнутраны рынак.  

За першы год было перапрацавана 28 000 тон малака, якое паступала толькі з гаспадарак Чавускага раёна. Сыраробны цэх працаваў у 1 змену, масла – у 1,5 змены. 

Пасля далучэння ў 1980 годзе да Чавусаў Чэрыкаўскага маслазавода, перапрацоўка сыравіны перавышала 40 000 тон малака ў год.

Завод забяспечваў працай 252 чалавекі, пасля аўтаматызацыі вытворчасці – 202, было 18 працоўных дынастый.

Маштабы завода ўражвалі. У тыя часы ў Гарбавічах, Усушку і Жаліўі размяшчаліся сепаратарныя пункты. На іх ад малака аддзялялі вяршкі і везлі на завод.

У 2008 годзе на заводзе быў значна пашыраны асартымент цвёрдых сыроў: акрамя “Кастрамскага” і “Пашахонскага”, асвоена вытворчасць “Расійскага”, “Эстонскага”, “Галандскага брусковага”, “Галандскага круглага”, “Галандскага “Прэміум”. Магутнасці завода дасяглі магчымасці перапрацоўваць за змену да 80 т малака і вырабляць 5 тон масла, 5 тон цвёрдага сыру, 580 кг натуральнамалочнай прадукцыі, 5 тон сухога малака. На экспарт пастаўлялася звыш 65% усяго аб’ёму выпуску цвёрдых сыроў.

Але неўзабаве, у 2009 годзе завод далучылі да ААТ “Быхаўмалако”, а ў 2012 годзе – да ААТ «Бабушкіна крынка». Завод быў пераўтвораны ў цэх, а цяпер на яго месцы размяшчаецца лагістычны цэнтр філіяла Чавускае ААТ «Бабушкіна крынка».

Няма асабліва чаму пахваліцца, таму і 50-гадовы юбілей прайшоў ціха. Усе вялікія дасягненні завадчан засталіся ў гісторыі.

Мсціслаўскія малочнікі вырабілі рэкордную галоўку сыру

У Магілёве прайшоў конкурс прафмайстэрства сярод філіялаў “Бабушкінай крынкі”, што вырабляюць сыры. Мсціслаўскі філіял малочнай кампаніі прадставіў на конкурс рэкордную галоўку сыру вагой 140 кілаграм.

Як паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”, на конкурсе «Сырная карона» было прадстаўлена 12 найменняў сыроў у трох намінацыях, у якіх прымалі ўдзел розныя філіялы холдынга “Бабушкіна крынка”. У межах конкурсу адбылася закрытая дэгустацыя. Адметна, што сыры мсціслаўскага філіяла занялі два прызавых месцы ў двух намінацыях. 

Асабліва ўразіла ўсіх прысутных рэкордная галоўка сыра вагой 140 кілаграм, якая была прэзентавана на конкурсе мсціслаўскімі сыраробамі.

Дарэчы, рэкордны сырны выраб мсціслаўскіх прафесіяналаў будзе перададзены ў дар Чавускаму дому-інтэрнату.

Фота: mstlife.by

У магілёўскім конкурсе сыроў перамаглі гатункі, якіх не купіць

У Магілёве прайшоў конкурс прафмайстэрства “Сырная карона”. 

Конкурс праводзіўся сярод філіялаў ААТ “Бабушкіна крынка”, якія вырабляюць сыры. 

У спаборніцтве прынялі ўдзел калектывы філіялаў “Асіповіцкі”, “Мсціслаўскі”, “Слаўгарадскі” і бялыніцкі цэх – паведамляе mogilevnews.

На дэгустацыю ў трох намінацыях і ў галасаванні на прыз сімпатый гледачоў было прадстаўлена 12 найменняў сыроў.

У намінацыі “Сыры расійскай групы”

1 месца заняў сыр “Рускі экстра” 42% (Асіповічы). 2 месца – сыр “Дон Леон” з водарам топленага сыру 50% (Мсціслаў),

3 месца падзялілі сыры “Tilsiter” (Слаўгарад) і “Князь Уладзімір” (Бялынічы).

У намінацыі “Сыры з тэрмінам паспявання 60-90 сутак”: 1 месца – сыр “Магутны леў” (Асіповічы); 2 месца – сыр “Гройцэр” экстра (Слаўгарад); 3 месца – сыр “Грувер” (Слаўгарад).

У намінацыі “Сыры з тэрмінам паспявання больш за 90 сутак” 1 месца ўзяў сыр “Мсціслаў Вялікі” (Мсціслаў).

Гран-Пры заваяваў сыр «Пармізана дэ Люкс» (Асіповічы).

Прыз сімпатый гледачоў заваявала “Снежная каралева” з густам пламбір 45%, які вырабляе цэх па вытворчасці сыроў г. Бялынічы.

Цікава, што абсалютную большасць з гэтай прадукцыі жыхары рэгіёна не могуць набыць, бо яна абмінае гандлёвыя кропкі Магілёва і вобласці і ідзе на экспарт.

Зменены мінімальныя экспартныя цэны на беларускую мяса-малочку

Мінсельгасхарч змяніў гранічныя мінімальныя кошты на мяса-малочныя тавары, якія рэалізуюцца па знешнегандлёвых дамовах. Гэта рэгламентуецца пастановай ведамства ад 30 лістапада 2022 года № 119, што афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале. Ранейшая пастанова на мінімальныя адпускныя цэны прымалася 20 чэрвеня.  

Кошт прадукцыі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад экспартнага рэгіёну: Расія, Азербайджан, краіны ЕАЭС (акрамя Расіі), а таксама краіны СНД і Грузія (акрамя краін ЕАЭС і Азербайджана), краіны па-за межамі СНД (акрамя Грузіі).

Згодна з дакументам свежую, астуджаную і замарожаную ялавічыну, а таксама мяса маладняку ​​буйной рагатай жывёлы нельга прадаваць у Расію, краіны ЕАЭС, СНД і Грузію танней $4,3 за кг (раней $4,0), ва Узбекістан – $4,4, мяса дарослай буйной рагатай жывёлы – танней $4,1 за кг (у чэрвені – $3,8). У астатнія дзяржавы кошт экспарту будзе не ніжэйшы за $4,35 і $3,9 за кг (такія ж нормы былі і раней).

У дакумент таксама патрапілі такія пазіцыі, як сухое малако і вяршкі, сметанковае масла і сыры.

Напрыклад, малако і вяршкі сгушчаныя у Расію можна пастаўляць не танней за 210 расійскіх рублёў за кг (кошт не змяніўся), у іншыя краіны, у залежнасці ад рэгіёну, $3,16-3,36 (раней $3,3), сметанковае масла 80%, у Расію не танней за 450 расійскіх рублёў за кг, у іншыя дзяржавы – $6,1-6,9, сыры, у залежнасці ад гатунку, у Расію 320-420 расійскіх рублёў за кг, у іншыя краіны  $6,0-6,15 (у Сербію – $4,8-4,9).

Кантрабандыстам не ўдалося накарміць Расію беларускім сырам. Яго канфіскавалі дарогаю

Вывесці ў суседнюю краіну збіраліся больш за 1 тону сыру, на які не было суправаджальных дакументаў. Ладунак ацэнены ў 15 тысяч рублёў. А выкрылі кантрабанду ў Мсціслаўскім раёне.

На перавозчыкаў складзены пратакол і ім пагражае штраф у памеры да пяцідзесяці працэнтаў ад кошту прадмету адміністрацыйнага правапарушэння, паведамляе інтэрнэт-рэсурс GOLK.by.

Паводле выдання кантрабандыстаў выкрылі падчас «спецыяльнага мерапрыемства супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з кантрабандай Магілёўскай мытні сумесна з супрацоўнікамі абласнога ДАІ Мсціслаўскага РАУС».

У Расію, на мяжы з якою адсутнічае сталы беларускі пагранічны і мытны кантроль кантрабандай вязуць металалом, мясныя харчы ды іншыя грузы, пісаў Магілёў.media. 

Двое грамадзян суседняй краіны нават спрабавалі вывезці з Беларусі 6 тон агародніннай прадукцыі без фітасанітарных дакументаў. Расіян спынілі ў Мсціслаўскім раёне. Як вынікае з публікацыяў праўладных мэдыяў у гэтым раёне найбольш затрымліваюць кантрабандыстаў.

фота: golk.by

1,5 тоны сыру скраў жыхар Воршы, пакуль кіроўца фуры спаў у кабіне. Прадукт чакалі ў Расіі

Зламыснік затрыманы і яму пагражае да сямі гадоў калоніі.

Паводле намесніка начальніка Магілёўскага міжраённага аддзелу Следчага камітэту Аляксандра Карасёва гісторыя з крадзяжом адбылася на запраўцы. Сыр пацярпелы вёз у Расію.

Яго зламыснік перанёс у сваю машыну за некалькі гадзінаў. Пра крадзеж двух паддонаў тавару на суму 14,7 тысяч рублёў кіровец даведаўся ранкам.

Як піша газета «Прыдняпроўская ніва» злодзей затрыманы. Яму 31 год. Невялікую частку скрадзенага ён паспеў прадаць. Мужчыне інкрымінаваны крадзеж у буйным памеры. Ён пад вартай. Яму пагражае да сямі гадоў калоніі.