На пажары ў Клімавіцкім раёне загінуў пастух

Цела 50-гадовага пастуха было знойдзена ў старожцы – паведамляе прэс-служба МНС. 

Пажар вартоўні адбыўся апоўначы з 20 на 21 чэрвеня. Загарэлася старожка на полі каля прадпрыемства “Прымежны-Агра” ў аграгарадку Звянчатка Клімавіцкага раёна. Ратавальнікі знайшлі на месцы трагедыі 50-гадовага мясцовага жыхара, які працаваў пастухом і даглядаў статак цялят на летнім выпасе. Прычына пажару высвятляецца, але гледзячы па публікацыі навіны на сайце МНС, супалі такія частыя фактары, як алкаголь і неасцярожнасць з агнём.

Фота: МНС

У Клімавічах мінак ледзь не спаліў рэдакцыю раённай газеты

Пра выпадак паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. Мінак шпурнуў недакурак праз плот у двор рэдакцыі, той патрапіў на трухлявы пень, які задыміўся і загарэўся. Пажар своечасова пабачылі супрацоўнікі рэдакцыі і залілі агонь вадой з вядра.

Здарэнне адбылося ў працоўны дзень, таму рэдакцыі ўдалося пазбегнуць большай бяды.

Фота: “Родная ніва”

Вось такія небяспечныя ямы ёсць каля жылога квартала ў Клімавічах

Недалека ад дамоў густанаселенага квартала ў Клімавічах з’явіліся вялізныя ямы, якія ўяўляюць небяспеку для людзей, і ў прыватнасці для дзяцей.  

На вуліцы 50 гадоў СССР, праз дарогу насупраць дома №16, у зялёным насаджэнні можна ўбачыць некалькі вельмі глыбокіх ямак у зямлі. Некаторыя з іх ледзь бачныя з-за травы і тым яшчэ больш небяспечныя. Нават у светлы час сутак ёсць верагоднасць партапіць у такую пастку. Прычым, сярод ямаў ёсць і адтуліна каналізацыйнага калодзежа, якая не мае крышкі – паведамляе клімавіцкая газета “Родная ніва”. 

На вялікія і глубокія ямы ўжо звярнулі ўвагу мясцовыя жыхары і адрасавалі праблему ў адпаведныя службы. Калі не паправіць сітуацыю з упарадкаваннем тэрыторыі, якая лакалізуецца некалёка ад дамоў, то наступствы могуць быць сур’ёзныя і нават драматычныя.

Фота: Родная ніва”

На Магілёўшчыне зноў рытуальна выклікалі дождж, мінулым разам дапамагло

У вёсцы Гамарня Быхаўскага раёна правялі рытуал па выкліканні дажджу – піша “Маяк Прыдняпроўя”. Удзельніцы абраду, захапіўшы з сабой саматканае вузкае палатно, адправіліся да крыніцы. Палатно ткалі на працягу некалькіх дзён “самыя паважаныя ў сяле жанчыны” – сцвярджае выданне. Палатно падчас рытуала сімвалізавала бесперапынныя струмяні дажджу.

Потым у ваду апусцілі дробку маку, які сімвалізуе дождж, з просьбай аб пасланні дажджу. А таксама крыжападобна асвяцілі крыніцу дробкай чацвярговай солі з малітвай да ўсіх святых.

Напрыканцы мінулага тыдня на Магілёўшчыне ўжо выклікалі дождж. Пра рытуал у Клімавіцкім раёне з распашкай берага ракі плугам пісалі mogilev.media. Што цікава, у мінулую суботу ў многіх раёнах Магілёўшчыны сапраўды прайшоў дождж – адзіны за доўгія тыдні засушлівага надвор’я.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

У Клімавічах выбралі маленькую «Міс Залатая пчолка»

Сёлета на міжнародным фестывалі “Залатая пчолка” ў Клімавічах прайшоў конкурс “Міс Залатая пчолка – 2023”, які сабраў шэсць маленькіх удзельніц. Усе дзяўчынкі з мясцовых клімавіцкіх школаў. 

Мерапрыемства атрымалася відовішчным. Канкурсанткі падрыхтаваліся да конкурсу найлепшым чынам: іх выступленні былі яркімі і запамінальнымі. Свае здольнасці дзяўчаты дэманстравалі ў самапрэзентацыі “Я і мая сям’я”, у дэфіле “Ох, гэтая мода!”, творчых і танцавальных конкурсах.

Прывітала канкурсантак пераможца “Міс Залатая пчолка – 2022”  Марыя Ткачук. – паведамляе раённая газета “Родная ніва”. 

У паўзах паміж конкурснымі выпрабаваннямі адбываліся выступленні школьных творчых калектываў, а таксама вакальныя і танцавальныя нумары. 

Па выніках усіх выпрабаванняў ганаровае званне “Міс Залатая пчолка – 2023” прысвоена Карыне Емяльяненка, якая прадстаўляла гарадскую школу №3. Аднак каб адзначыць таленты ўсіх удзельніц конкурсу, журы кожнай дзяўчынцы надалі тытулы: «Міс элегантнасць» «Міс Шарм», «Міс Артыстызм», «Міс Какетка», «Міс Грацыя». Усім удзельніцам былі ўручаны прызы і падарункі. 

Фота: “Родная ніва”

Дзіцячы фестываль “Залатая пчолка” пройдзе ў Клімавічах з 1 па 4 чэрвеня – вось праграма

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” збярэ больш за 900 удзельнікаў. Аднак творчыя калектывы і выканаўцы прадстаўлены толькі чатырма краінамі: Беларусь, Расія, Узбекістан і Кыргызстан.

Удзельнікі 21-га фестываля прадставяць сваю творчасць у трох жанрах – вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва. Кожны напрамак падзелены на асобныя намінацыі. Дзеці выступяць у трох узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў), сярэдняя (13-15 гадоў) і старэйшая (16-18 гадоў). 

Узельнікаў з іншых краін катастрафічна мала, бо ў папярэднія гады ў фестывалі прымалі ўдзел выканаўцы з Польшчы і Украіны, краін Балтыі і Малдовы. А часам у Клімавічы даязджалі нават удзельнікі з Германіі, Фінляндыі, Сербіі, Славакіі, Чэхіі і Румыніі.

У першы дзень “Залатой пчолкі” будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

У другі дзень фестывалю адбудзецца конкурснае праслухоўванне ўдзельнікаў. У 20:30 удзельнікі і госці “Залатой пчолкі” збяруцца на святочнае адкрыццё фестывалю, а завершыцца дзень святочным феерверкам – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

У суботу, 3 чэрвеня, пройдуць круглыя сталы з удзелам чальцоў міжнароднага журы фэсту. Будуць працаваць розныя тэматычныя, гульнявыя пляцоўкі. Адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю і гала-канцэрт удзельнікаў форуму. Будзе арганізаваны конкурс “Малюнак на асфальце”. Увечары адбудзецца канцэртная праграма творчых калектываў Клімаўшчыны.

У нядзелю, 4 чэрвеня, у гарадскім парку пачнуць працаваць творчая і выставачна-гандлёвая пляцоўкі. Свае экспазіцыі прадэманструюць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў раёна. Будзе арганізавана спартыўна-забаўляльная праграма – інфармуюць пра штогадовы фестываль “Магілёўскія ведамасці”. 

Падрабязную праграму XXI Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці

«Залатая пчолка» вы зможаце паглядзець па гэтай спасылцы.

Фота з адкрытых крыніц.

Паглядзіце, што робіцца за будынкам адміністрацыі «Дамачая» ў Клімавічах

Падчас маніторыгну грамадскіх тэрыторый на адной з уcкраінаў Клімавічаў быў выяўлены стыхійны сметнік. 

У хмызняку за адміністрацыйна-вытворчым корпусам клімавіцкага філіяла кандытарскай кампаніі «Дамачай» размешчана вялізная куча бытавога смецця. 

Што цікава – летась менавіта на гэтым месцы падчас агляду гарадскіх тэрыторый працаўнікі санітарнай службы ўжо выяўлялі несанкцыянаваны сметнік. Тады адпаведныя службы навялі там парадак – паведамляе клімавіцкая газета “Родная ніва”. 

Аднак сёлета сметнік з’явіўся зноўку і складаецца з разнастайнага поліэтылена, бутэлек, рыззя і іншага непатрэбнага хлама.

Фота: “Родная ніва”

Гаспадарам забілі 21 мяч – прайшлі чарговыя гульні ў “падвале” магілёўскага футбола

У Краснаполлі мясцовыя футбалісты былі накаўціраваны гульцамі ФК “Горкі”, якія забілі гспадарам пятнаццаць галоў, а слаўгарадскія футбалісты на свой Дзень горада прайгралі з буйным лікам гасцям з Клімавічаў: 0-6. Па суме двух гульняў гаспадары атрымалі 21 гол ад сваіх гасцей.

Самым выніковым матчам трэццяга тура 2-й лігі па футболе Магілёўскага дывізіёна “Усход” атрымалася сустрэча паміж краснапольскімі і горацкімі футбалістамі. Тры дзясяткі гледачоў, якія сабраліся на футбольным стадыёне ў Краснаполлі ўбачылі поўнае знішчэнне і прыніжэнне мясцовай каманды на полі. Ужо ў першым тайме горацкія футбалісты забілі шэсць галоў гаспадарам, якія не змаглі нават “размачыць” браму гасцей. 

Другі перыяд стаўся яшчэ большай ганьбой для краснапольскіх футбалістаў, якія прапусцілі ад гасцей дзевяць мячоў. Горацкія хаўбекі і форварды проста разрывалі абарону гаспадароў, якая сыпалася на вачах. Вынік матча сведчыць пра поўнае дамінаванне на полі гасцей, якія не прапусцілі ніводнага гола ад краснапольцаў і рэкордна выйгралі 0-15. У гэтым матчы нешматлікія заўзятары змаглі пабачыць галы на любы густ, ад мячоў з гульні да мячоў з пенальці і стандартных палажэнняў. Праўда, забівала толькі адна каманда. 

Па-іншым сцэнары развіваўся матч паміж слаўгарадскімі і клімавіцкімі футбалісталі. Матч быў уключаны ў праграму свята горада, пра што раней пісалі mogilev.media. Аднак гэта не дапамагло мясцовым футбалістам паказаць якасную гульню. Сотня слаўгарадскіх футбольных заўзятараў пабачыла больш-менш упартую барацьбу ў першым тайме. Менавіта ў першых 45 хвілін сладгарадскія футбалісты змаглі хоць крыху супрацьстаяць клімавіцкім гульцам, якія тым не менш змаглі двойчы забіць гаспадарам.  

У другім тайме футбалісты з Клімавічаў выглядалі яшчэ больш упэўнена і рашуча. Барацьбу гасцям гаспадары не змаглі навязаць, працусціўшы ў першыя дваццаць хвілін другога перыяду яшчэ два мячы. Аднак на гэтым клімавіцкія гульцы не спыніліся і вырашылі дабіць суперніка на хатнім стадыёне, забіўшы ў суме за ўвесь тайм чатыры мячы. Адзначым, што матч быў з невялікім наборам парушэнняў правілаў, пагэтаму за ўсю гульню суддзя не паказаў ніводнай жоўтай карткі. 

Фота з адкрытых крыніц

Падпаленыя калодкі, смецце і бутэлькі – як выглядае гарадскі гай у Клімавічах, фота

У Клімавіцкім гаі звычайна адбываюцца спартыўныя мерапрыемствы, якія ладзяць розныя ўстановы і арганізацы горада. Тут жа ёсць і месцы адпачынку, дзе нядаўна ўстанавілі спецыяльныя калодачкі для сядзення.

І ўжо каля дваццаці бутэлек ад моцных спіртных напояў валяецца пад дрэвам каля зоны адпачынку. Больш за тое, калодачкі, на якіх выпівала кампанія, яшчэ і падпалілі – піша клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.  

Азмрочвае выгляд месца для адпачынку і яшчэ адна куча бытавога смецця разам з піўной пластыкавай бутэлькай. 

Фота: “Родная ніва”

У Клімавічах забракавана больш за дванаццаць кілаграм прадукцыі ў крамах

Спецыялістамі клімавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі быў праведзены маніторынг крамаў унітарнага прадпрыемства «Ніваторг». Ва ўсіх гандлёвых аб’ектах былі выяўлены парушэнні. 

У краме №3 «Каласок» прадаўцамі дапускалася рэалізацыя тушкі кураня-бройлера з парушэннем цэласнасці спажывецкай упакоўкі. У гэтым жа гандлёвым аб’екце адсутнічала маркіроўка прадпрыемства-вытворцы на салёную рыбу.

Рэалізацыя садавіны з прыкметамі псоты была ўстаноўлена ў крамах № 5 «Пятачок» і № 6 «Калабок», а ў магазіне № 1 не выконваўся тэмпературны рэжым захоўвання гародніны. У некаторых гандлёвых аб’ектах былі выяўлены факты рэалізацыі харчовай прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. 

У выніку ўстаноўленых парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства вынесена 5 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі тавараў, забракавана 12,3 кілаграм, у тым ліку 7,6 кілаграм імпартнай прадукцыі. Пачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні да вінаватых асобаў.

Фота ілюстрацыйнае