Дактароў няма на месцы, медкамісію праходзяць тыднямі – што з медыцынай у Крычаве

На працягу чатырох месяцаў у Крычаўскім раёне ідзе маніторынг медыцынскай сферы. Ён паказаў розныя праблемы: адсутнасць лекараў на працоўных месцах, недастатковы кантроль над працоўным часам спецыялістаў з боку адміністрацыі медыцынскай установы, дагэтуль маюць месца хамства і абыякавасць.

Члены маніторынгавай групы ў Крычаве зафіксавалі шэраг сур’ёзных надахопаў у працы ўстановы аховы здароўя, а менавіта – адсутнасць адразу некалькіх урачоў на сваіх рабочых месцах у працоўны дзень, графік работы дактароў установы не адпавядаў таму графіку, што адміністрацыя бальніцы прадаставіла райвыканкаму. Таксама адзначана была сітуацыя, калі на адным з кабінетаў вісіць аб’ява, што трэба звяртацца ў іншы кабінет, а на дзвярах таго самага другога кабінета таксама аб’ява – “Доктар у адпачынку”.   

Кіраўнік Крычаўскага раёна Андрэй Седукоў на спецыяльным пасяджэнні прызнаў – кідаеццца ў вочы поўная і сістэмная неарганізаванасць рэгістратуры, а таксама складанасць праходжання медыцынскіх камісій. Па яго словах, медыцынскую камісію не назавеш іначай як хаджэнне па пакутах, бо людзі ходзяць тыднямі, па некалькі гадзін стаяць у чэргах і не могуць дачакацца прыёму. 

Седукоў адзначыў, што рэгістратура не працуе сістэматычна. Больш за тое, ёсць факты, калі людзей не абслугоўваюць, пацыенты знаходзяцца ў чарзе гадзінамі, а таксама не могуць датэлефанавацца на стацыянарны тэлефон бальніцы. У сваю чаргу пракурор і кіраўнік дэпартамента фінансавых расследаванняў адзначылі, што адсутнасць дактароў на працоўным месцы можна кваліфікаваць як раскраданне дзяржаўных бюджэтных сродкаў – паведамляе раённая газета “Крычаўкае жыццё”. 

Разынкай на торце паседжання сталіся пагрозы Седукова звольніць кіраўніка адміністрацыі бальніцы Аляксандра Плятнёва, калі той не разбярэцца з праблемамі, каб палепшыць якасць медыцынскіх паслуг жыхарам Крычаўскага раёна. 

Ад рэдакцыі. Шмат якія заявы правільныя, але праблемы паднятыя існуюць ўжо не першы год. Прамовы з высокіх трыбунаў пахнуць звычайным папулізмам, бо шмат якія праблемныя моманты, якія хвалююць людзей, у папярэнія месяцы і гады не вырашаліся. Затое лёгка звальнялі медсясцёр і дактароў па палітычных матывах. 

Фота ілюстрацыйнае

Паглядзіце, што робіцца за будынкам адміністрацыі «Дамачая» ў Клімавічах

Падчас маніторыгну грамадскіх тэрыторый на адной з уcкраінаў Клімавічаў быў выяўлены стыхійны сметнік. 

У хмызняку за адміністрацыйна-вытворчым корпусам клімавіцкага філіяла кандытарскай кампаніі «Дамачай» размешчана вялізная куча бытавога смецця. 

Што цікава – летась менавіта на гэтым месцы падчас агляду гарадскіх тэрыторый працаўнікі санітарнай службы ўжо выяўлялі несанкцыянаваны сметнік. Тады адпаведныя службы навялі там парадак – паведамляе клімавіцкая газета “Родная ніва”. 

Аднак сёлета сметнік з’явіўся зноўку і складаецца з разнастайнага поліэтылена, бутэлек, рыззя і іншага непатрэбнага хлама.

Фота: “Родная ніва”

Дзясяткі кілаграмаў гнілля – у Горацкім раёне праверылі магазіны

Маніторынг выявіў у Горках і раёне дзясяткі кілаграмаў пратэрмінаванай і проста гнілой прадукцыі што ў прыватных, што ў дзяржаўных крамах.

Маніторынг праводзіўся Горацкім раённым упраўленнем эканомікі сумесна з спецыялістамі мясцовага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі – паведамляе “Горацкі веснік”. 

Хлеб у краме райспажыўкааперацыі №3 ў Горках выявіўся цвёрдым, заплесневелым (на загалоўным фота справа). Тут жа спецыялісты маніторынгавай групы знайшлі пратэрмінаваныя спецыі. У магазіне “Ясень” па вуліцы Кузняцова пратэрмінаваных прадуктаў выявілі ўжо проста горы. Замарожаныя паўфабрыкаты, кураціна, цеста, селядзец, марынаваныя агуркі, чыпсы, кукурузныя палачкі, зефір, спецыі і нават кава. Але найбольш уразіла каўбаса – паглядзіце.

Яшчэ горш абстаноўка аказалася на сяле. Сок, тэрмін прыдатнасці якога скончыўся ў верасні 2022 года. Заплесневелы хлеб, гнілая капуста былі выяўлены ў краме райпо ў вёсцы Курганне.

Зацвілыя здоба і хлеб, пратэрмінаваныя каўбасныя і макаронныя вырабы, кукурузныя палачкі, гнілыя гародніна і садавіна, усё гэта разам з брудам і смеццем, не кажучы ўжо пра пах – так сустрэў кантралёраў магазін райпо ў вёсцы Вялікія Шарыпы. 

Найбольшая колькасць пратэрміноўкі і гнілля была выяўленая ў крамах сеткі “Родны кут” – піша выданне. Разам з тым, маніторынгавую групу прыемна здзівіла тройка іншых сельскіх крам – райпа ў вёсках Сенькава, Шышова, у Ракце-1 – усё ў парадку з тэрмінам прыдатнасці на ўсіх таварах, чыста і прыгожа ў гандлёвых залах.

Фота: “Горацкі веснік”