На Магілёўшчыне зноў рытуальна выклікалі дождж, мінулым разам дапамагло

У вёсцы Гамарня Быхаўскага раёна правялі рытуал па выкліканні дажджу – піша “Маяк Прыдняпроўя”. Удзельніцы абраду, захапіўшы з сабой саматканае вузкае палатно, адправіліся да крыніцы. Палатно ткалі на працягу некалькіх дзён “самыя паважаныя ў сяле жанчыны” – сцвярджае выданне. Палатно падчас рытуала сімвалізавала бесперапынныя струмяні дажджу.

Потым у ваду апусцілі дробку маку, які сімвалізуе дождж, з просьбай аб пасланні дажджу. А таксама крыжападобна асвяцілі крыніцу дробкай чацвярговай солі з малітвай да ўсіх святых.

Напрыканцы мінулага тыдня на Магілёўшчыне ўжо выклікалі дождж. Пра рытуал у Клімавіцкім раёне з распашкай берага ракі плугам пісалі mogilev.media. Што цікава, у мінулую суботу ў многіх раёнах Магілёўшчыны сапраўды прайшоў дождж – адзіны за доўгія тыдні засушлівага надвор’я.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

Пад Быхавам прайшоў рытуал “адмыкання крыніц”

Каля вёскі Гамарня Быхаўскага раёна, на каскадзе крыніц “Захарынка” работнікі мясцовага цэнтра культуры апускалі на ваду крыжык з воска, дарылі калодзежу манеткі і цукеркі. Таксама яны ўмываліся вадой, павязалі новы ручнік на крыжы каля крынічкі і прачыталі малітву. Усё гэта стала рэканструкцыяй абрада “адмыкання крыніц”, пра які работнікам культуры распавяла мясцовая жыхарка, пенсіянерка Г. Касцова. У дзяцінстве яна сама назірала, як гэты рытуал праводзілі дарослыя жанчыны.

Малітва ў гэтым абрадзе служыць для таго, каб вада ў крыніцах не перасыхала і не разлівалася, падтапляючы пасевы. Паввешаны на крыж каля крыніцы новы ручнік  азначае, што ў гэтым месцы б’е крыніца.  Пакінутыя каля крыніцы цукеркі неабходныя, каб вада заўсёды была салодкай – распавядае “Маяк Прыдняпроўя”.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”