Паглядзіце, што робіцца за будынкам адміністрацыі «Дамачая» ў Клімавічах

Падчас маніторыгну грамадскіх тэрыторый на адной з уcкраінаў Клімавічаў быў выяўлены стыхійны сметнік. 

У хмызняку за адміністрацыйна-вытворчым корпусам клімавіцкага філіяла кандытарскай кампаніі «Дамачай» размешчана вялізная куча бытавога смецця. 

Што цікава – летась менавіта на гэтым месцы падчас агляду гарадскіх тэрыторый працаўнікі санітарнай службы ўжо выяўлялі несанкцыянаваны сметнік. Тады адпаведныя службы навялі там парадак – паведамляе клімавіцкая газета “Родная ніва”. 

Аднак сёлета сметнік з’явіўся зноўку і складаецца з разнастайнага поліэтылена, бутэлек, рыззя і іншага непатрэбнага хлама.

Фота: “Родная ніва”

Смецце не прыбралі, а таблічку павесілі – што з крыніцай у крычаўскім раёне Забялышан

Поўгады таму mogilev.media ужо пісалі пра забруджанасць тэрыторыі вакол Забялышанскай крыніцы, што адрозніваецца добрай пітной вадой, і якой карыстаюцца мясцовыя жыхары.

На цяперашні момант сітуацыя амаль не змянілася, бо сметніцу каля крыніцы так і не прыбралі. Смецце не проста забруджвае вакольную тэрыторыю воднага аб’екта, але і стварае пах смуроду. Прычым службы не парупіліся прыбраць тэрыторыю вакол крыніцы, але таблічку з забаронай ствараць сметнік павесіць не забыліся.

Вакол крыніцы акрамя смецця знаходзяцца паваленыя дрэвы і развалены драўляны плот.

Нагадаем, што крыніца знаходзіцца ў раёне старой частцы Крычава пад назвай Забялышанскі пасад. Водны аб’ект блізка размешчаны да Забялышанскіх могілак і лакалізуецца ў некалькіх дзясятках метраў ад Сожа.

Фота: mogilev.media

Дошкі вырвалі, накідалі смецця, крыжа няма – драўляная капліца на крычаўскіх могілках зноў пад пагрозай

Гісторыя з драўлянай капліцай пачатку ХХ стагоддзя ў Крычаве працягваецца. Нягледзячы на тое, што ў канцы 2022 года яна была прыбрана, прайшло поўгады і смецце ўнутры драўлянага помніка з’явілася зноўку.

Пасля рэзананснай публікацыі mogilev.media ў кастрычніку мінулага года пра каплічку на праваслаўных могілках у Крычаве, якую ператварылі ў сметніцу, адбылася рэакцыя мясцовых уладаў. Праблему, паднятую ў нашым матэрыяле заўважылі і як вынік – прыбралі ўнутры драўлянай каплічкі смецце. Больш за тое, каб ніхто не мог больш засмечваць помнік мясцовага значэння, камунальныя службы забілі ўваход драўлянымі дошкамі, пра што таксама паведамлялі mogilev.media. 

Прайшло толькі поўгады, але праблема зноў актуалізавалася. Частка драўляных дошак, якімі забілі ўваход ў каплічку, была выламана, а ўнутар культавага збудавання зноў пачалі закідваць смецце. На дадзены момант унутры капліцы валяецца надмагільны мармуровы помнік і спілаваныя дзве бярозавыя калодкі. У далейшым смецця будзе яшчэ больш, бо ўвайсці ў драўлянае стогадовае збудавання можна з лёгкасцю, як і насмеціць там.

З’явілася і яшчэ адна праблема. На самым версе чатырохскатнага даха капліцы да нядаўняга часу знаходзіўся невялікі драўляны крыж, які сведчыў пра культавае значэнне збудавання. Сёння на версе капліцы крыжа няма, ён згубіў сваю гарызантальную перакладзіну і цяпер выглядае простай вертыкальнай палкай наверсе драўлянага помніка. 

Фота: mogilev.media

Палавіна вокнаў выбіта, побач смецце – што адбываецца з былым будынкам музея ў Крычаве

Цагляны будынак былога музея, які знаходзіцца ў цэнтры горада, стаіць зачынены, з пабітымі шыбамі, побач сметнік. 

Некалькі дзясяткаў год экспазіцыя Крычаўскага краязнаўчага музея размяшчалася ў цагляным будынку П-падобнай формы, што знаходзіцца недалёка ад былой рынкавай плошчы (на сённяшні дзень плошчы Леніна). 

Менавіта тут яшчэ пры першым дырэктары музея, славутым крычаўскім краязнаўцы Міхаіле Мельнікаве, доўгія гады функцыянаваў музей. 

У гэтым адносна вялікім па плошчы будынку да 2008 года знаходзілася музейная экспазіцыя, пакуль не пераехала ў палац Пацёмкіна-Галынскіх. Пасля гэтай падзеі былы будынак музея пачаў проста пуставаць. У пачатку 2010-х гадоў у паветры лунала ідэя стварэння ў ім Дома рамёстваў, аднак размовы так і не матэрыялізаваліся ў канкрэтныя дзеянні. Вясной 2021 года мясцовыя ўлады прадалі будынак у прыватныя рукі. Але і гэта яго не ўратавала. 

Знешне пабудова выглядае няблага, не ўлічваючы вялікія шчыліны на сценах. Аднак побач з былым музеем ужо можна ўбачыць стыхійны сметнік.

Не менш непрыемна ўражваюць пабітыя вокны будынка былога музея. Прычым пабіта добрая палова шыбаў, хоць жалезныя краты на вокнах абараняюць дом ад зламыснікаў. 

Фота: mogilev.media

Крыніца ў крычаўскім гістарычным раёне Забялышан ператварылася ў сметнік

Вакол валяецца шмат рознага бруду: пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, мяшкі, непатрэбны посуд і нават парванае адзенне.

Засмечанасць натуральным чынам можа паўплываць на стан крынічнай вады, якая спажываецца жыхарамі горада. Гэта праблема ўжо існуе дастаткова даўно, але мясцовымі ўладамі не заўважаецца.

Забялышанская крыніца адрозніваецца добрай пітной вадой. Яна знаходзіцца на сутыку вуліц Рачной і Бялінскага, а таксама завулка Камарова. Гэтыя вуліцы знаходзяцца ў раёне старой часткі горада пад назвай Забялышанскі пасад. Водны аб’ект блізка размешчаны да Забялышанскіх могілак і лакалізуецца каля самага Сожа. 

Жыхары вакольных вуліц часта бяруць ваду з Забялышанскай крыніцы. Сама крыніца каптавана жалезабетонным кальцом і накрыта жалезнай пласцінай, у якой зроблена дзвёрка для набірання вады. 

Фота: mogilev.media

Драўляную капліцу на крычаўскіх могілках ператварылі ў сметніцу – фота

Ужо не першы год драўлянае збудаванне культавага прызначэння выкарыстоўваецца як сметніца. Ні мясцовая ўлада, ні праваслаўныя дзеячы Крычава не звяртаюць ўвагу на каплічку, хаця размешчана яна якраз на праваслаўных могілках. Для Крычава каплічка ўяўляе вялікую каштоўнасць, бо драўлянай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя ў горадзе амаль не захавалася.  

Капліца, што была пабудавана на пачатку ХХ стагоддзя, знаходзіцца ў старой частцы Крычава ў раёне пад назвай Забялышан. Прычым размешчана яна напасрэдна на тэрыторыі Забялышанскіх могілах, вядомых яшчэ з XVII стагоддзя. 

Капліца ўяўляе сабой чатырохвугольную бярвенчатую канструкцыю з сасновага распілованага дрэва. У верхняй частцы чатырохскатнага даха ўмацаваны драўляны крыж. Некалі дах быў пакрыты гонтам (рэшткі яго можна пабачыць знутры), а зараз шыферам. Яшчэ з дзясятак год таму ў капліцы былі дзверы простай сталярскай работы, якія на сённяшні дзень выбітыя.

Зараз  культавае драўлянае збудаванне занядбанае, па прызначэнні не выкарыстоўваецца. Унутры невялікая па плошчы каплічка завалена будаўнічым смеццем, бярвеннямі, пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі з-пад алкагольных напояў.