29 чэрвеня ў гісторыі. Ягелончык – збіральнік зямель. Нараджэнне партызаншчыны. Таран над Магілёвам. Вызваленне Бабруйска. Нарадзіўся Сэнт-Экзюперы.

Ціхан (народны каляндар).

Ціхан-суцішнік. На святога Ціхана сонца ледзьве дыхае.

На Ціхана пявучыя птушкі заціхаюць (акрамя салаўя і зязюлі).

У гэты дзень заканчваецца маладое лета, падыходзіць сталае. Лета перасягнула гарачы ўзрост. Канчаюцца спякотныя дні. Ночы становяцца халаднейшымі.

Дзень завяршэння сяўбы жыта і пачатак вывазу гною. У гэты дзень талакой чысцілі хлявы, двары, а потым садзіліся абедаць усе разам – ладзілі свята для працаўнікоў, якія ўгнойвалі палі.

1440 год. Вялікім князем ВКЛ абраны Казімір Ягелончык (1427-1492).

Кароль польскі (1447-1492).

Пры абранні абяцаў вярнуць ВКЛ Валынь і Падолле захопленыя Польшчай, што пазней і было выканана. Вярнуў і Дарагічынскую зямлю. У Казіміра было 13 дзяцей. Аказваў матэрыяльную дапамогу студэнтам з дзяржаўнага скарбу. Выдаў Судзебнік, ліквідаваў удзельныя княствы.

Пры яго панаванні васалам Польшчы стала Мазавецкае княства, было далучана Асвенцімскае княства. У выніку трынаццацігадовай вайны з крыжакамі (1454-1466) вярнуў Памор’е, прыдбаў Заходнюю Прусію, а Тэўтонскі ордэн трапіў у васальную залежнасць. Казіміру давялося амаль штогод адбіваць татарскія наезды. Падтрымаў намер наўгародскіх баяр на чале з Марфай Барэцкай далучыць Вялікі Ноўгарад да ВКЛ, але Іван III пасля доўгай аблогі захапіў Ноўгарад і жорстка расправіўся з баярамі.

1455 год. Ва ўрачыстай абстаноўцы папа Калікст III зачытаў булу з заклікам 1 мая 1456 года выступіць у крыжовы паход супраць турак.

У 1453 годзе яны разбурылі 1000-гадовую Візантыйскую імперыю, і перад асманскай дзяржавай ужо трапятала ўся Еўропа. Але з паходам так нічога і не выйшла. А “Турэцкай буле” папы быў прыгатаваны лёс найкаштоўнейшага помніка гісторыі культуры: адціснуты на толькі што запушчаным станку першадрукара Іагана Гутенберга, яна захавалася. У адзіным экзэмпляры.

1875 год. Нарадзіўся Гергард Шэнберг (1875-1954).

Буйны расійскі і савецкі географ.

Скончыў Берлінскі, Цюрыхскі, Пецярбургскі ўніверсітэты.

Прафесар 10 універсітэтаў, загадык кафедры фізічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута (1946-1954), аўтар тэрміна “паўпустыня”, даследчык прыроды Магілёўшчыны.

1896 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Казлоўскі (1896-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, паэт, публіцыст.

Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, беларускія настаўніцкія курсы, школу падхарунжых у Варшаве.

Уваходзіў у ЦК Беларускай сялянскай партыі, быў інструктарам мінскага Беларускага нацыянальнага камітэта па арганізацыі нацыянальнага жыцця ў Ігуменскім павеце, інструктарам 1-га батальёна беларускіх стральцоў. У 1921-1930 гадах служыў у польскім войску, адначасова браў удзел у беларускім нацыянальным руху.

У 1930-х актыўна працаваў у Вільні ў беларускіх нацыянальных арганізацыях і ўстановах. Быў сакратаром Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральнага ўрада Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, рэдактарам партыйнай газеты «Новы шлях», сакратаром (1939-1940) Беларускай групы дапамогі пацярпелым ад вайны пры Літоўскім Чырвоным Крыжы. Аўтар шэрагу кніг па фізічным выхаванні, паэтычных зборнікаў.

Забіты 13 лістапада 1943 года партызанамі ў рэдакцыі «Беларускай газэты» (рэдагаваў газету з 1941 года). Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.

Рэдакцыя «Беларускай газеты» і «Голасу вёскі». Сядзяць (злева направа): Уладзіслаў Казлоўскі, Наталля Арсеннева, Аляксей Сянкевіч. Стаяць (злева направа): Уладзімір Кушаль, Антон Адамовіч, Караленка. Мінск, снежань 1942 года

1871 год. Памёр Ксенафонт Гаворскі (1821-1871).

Беларускі гісторык, археолаг, выдавец.

Піянер археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі: займаўся археалагічнымі раскопкамі курганаў каля Полацка, Ушачаў, па р. Дрыса.

Першым у Беларусі падрабязна апісаў структуру курганных насыпаў. Даследчык царкоўнай гісторыі Беларусі. Заходнерусіст.

1900 год. Нарадзіўся Антуан дэ Сент-Экзюперы (1900-1944).

Французскі сусветна вядомы пісьменнік, прафесійны лётчык.

Загінуў у разведвальным палёце.

Вядомы па раману «Планета людзей» і казцы «Маленькі прынц». Паводле яго казкі ў Магілёве скульптарам А. Вараб’ёвым пастаўлена 30 чэрвеня 2017 года скульптура на вул. Будзённага.

1934 год. Памёр Эдвард Пякарскі (1858-1934).

Беларускі этнограф, географ, фалькларыст. Складальнік слоўніка якуцкай мовы, «бацька» якуцкай літаратуры.

Акадэмік АН СССР.

Вучыўся ў Мінскай, Мазырскай, Чарнігаўскай гімназіях, у Харкаўскім ветінстытуце. За ўдзел у народніцкім руху сасланы ў Якуцію (1881). Даследаваў геаграфію, фальклор і мову, супрацоўнічаў з Усходне-Сібірскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства. Працаваў вучоным захавальнікам Музея антрапалогіі і этнаграфіі, сакратаром аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства. Працаваў у Інстытуце ўсходазнаўства Акадэміі навук СССР.

Прымаў удзел у экспедыцыях Усходне-Сібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства (1894-1896), Аяна-Нельканскай (1914-1917) экспедыцыі.

Аўтар прац па этнографіі якутаў і эвенкаў. Рэдакар часопіса «Жи­вая старина» (1914-1917).

Пахаваны на ленінградскіх Смаленскіх лютэранскіх могілках.

Надмагілле ўнесена ў Пералік аб’ектаў гістарычнай і культурнай спадчыны федэральнага значэння, якія знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу.

1941 год. Савет Народных Камісараў СССР і ЦК ВКП(б) выдалі дырэктыву, у якой заклікалі распачаць падпольную і партызанскую барацьбу ў раёнах, пакінутых Чырвонай арміяй пры адступленні.

На Беларусі да канца чэрвеня 1941 года дзейнічалі 4 партызанскія атрады, у ліпені – 35, а ў жніўні – 61.

Спачатку атрады былі па 25-70 чалавек, потым – 100-350, былі і да 800 і больш партызан.

1941 год. Лётчык-знішчальнік старшы лейтэнант Анатоль Кобец (1910-1941) здзейсніў у небе над Магілёвам першы таран нямецкага самалёта.

У адрозненне ад аналагічнага выпадку, які адбыўся са знішчальнікам Мікалаем Цярохіным з 161-га авіяпалка, чый подзвіг апеў у баладзе «Сакрэт перамогі» К. Сіманаў, пра таран Кобеца ў друку згадваюць мала і скупа.

Праз некалькі дзён Кобец загінуў у Дрыбінскім раёне.

1944 год. З вызваленнем Бабруйска, Магілёўшчына поўнасцю ачышчана ад гітлераўскіх акупантаў.

Бабруйск быў пад акупацыяй 3 гады і 1 дзень.

24 чэрвеня 1944 года войскі правага крыла 1-га Беларускага фронту пад камандаваннем К. Ракасоўскага пачалі наступальную аперацыю па авалоданню Бабруйска.  27 чэрвеня ў «Бабруйскім катле» апынуліся варожыя дывізіі 9-й нямецкай арміі – каля 40 000 чалавек.

29 чэрвеня 1944 года горад на Бярэзіне быў вызвалены. «Сёння нашыя войскі цалкам ліквідавалі акружаную ў раёне Бабруйска варожую групоўку. У палон узята 33 тысячы нямецкіх салдат і афіцэраў…». Так пачыналася зводка ад Савецкага Інфармбюро 29 чэрвеня 1944 г.

За гераічнасць, праяўлены пры вызваленні горада, І. Кабякову, Н. Масонаву, К. Навумаву было прысвоена званне Герояў Савецкага Саюза. З ліку ўраджэнцаў Бабруйска гэтага высокага звання былі ўдастоены С. Гарэлік, У. Ярмак, С. Сікорскі.

1958 год. Упершыню бразільцы сталі чэмпіёнамі свету па футболе.

У фінальным матчы шостага па ліку футбольнага чэмпіянату свету на стакгольмскім стадыёне “Расунда” зборная Бразіліі разграміла шведаў – гаспадароў чэмпіянату з лікам 5:2 і ўпершыню заваявала чэмпіёнскі тытул.

Хоць першы гол забілі шведы, гульня фактычна прайшла “пад дыктоўку” гасцей з Паўднёвай Амерыкі, якія прадэманстравалі датуль нябачаны ў Еўропе віртуозны атакуючы футбол. Два рэдкія па прыгажосці галы, якія выклікалі бурнае захапленне гледачоў, правёў на 55-й і 90-й хвілінах самы малады з удзельнікаў турніру – бразільскі нападаючы Пеле, які яшчэ не дасягнуў 18 гадоў.

Гэты чэмпіянат быў першым, фінал якога трансляваўся па тэлебачанні.

Зборная Бразіліі па футболе, 1958 год

1958 год. памёр Фабіян Ярэміч (1891-1958).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, сябра Рады БНР. Адзін з арганізатараў і лідараў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры.

Удзельнік Другога Усебеларускага кангрэса (1944).

У 1945-1956 гадах рэпрэсаваны і зняволены савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Выйшаўшы на волю, жыў у Вільні.

Фабіян Ярэміч пад сцягам «Сялянскі саюз» на карыкатуры ў часопісе «Маланка» № 15, 1926

1984 год. Пачаўся рэгулярны рух цягнікоў ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры» Маскоўскай лініі Мінскага метрапалітэна.

Зараз мінскае метро мае 33 станцыі на трох лініях: Аўтазаводскай, Маскоўскай і Зялёналужскай лініі, даўжыня 41,8 км.

Будаўніцтва метро пачалося 3 мая 1977 года. Аб’ём перавозкі пасажыраў метрапалітэнам амаль 220 мільёнаў чалавек. Сярэднясутачная перавозка пасажыраў складае каля 600 тысяч.

2011 год. Званне «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва» прысвоена Уладзіміру Саханько і Людміле Мішчанка.

У. Саханько (1946-2020) – генеральны дырэктар ААТ «Магілёўскі завод «Строммашына»,  Л. Мішчанка (н. 1939) – дырэктар Магілёўскай гімназіі-каледжа мастацтваў. 

Зоркі з іх імёнамі закладзены на плошчы Зорак.

Роўна 80 гадоў таму загінуў Цярохін, які збіў таранам два “Юнкерса” над Магілёвам за адзін бой

Праслаўлены, ён так і не стаў Героем Савецкага Саюза. Яго імем названа вуліца ў магілёўскім Задняпроўі, а таксама яму прысвечаны верш Канстанціна Сіманава.

Мікалай Цярохін увайшоў у гісторыю Другой Сусветнай вайны, як адзін з двух савецкіх лётчыкаў (разам з А. Хлабыставым), якія тройчы ўчынілі паветраны таран. Але Цярохіну удалося пратараніць два самалёты за адзін бой у небе над Магілёвам.

20 ліпеня 1942 года камандуючы авіяцыяй 52-й арміі паслаў у Маскву прадстаўленне на маёра Цярохіна Мікалая Васільевіча, дзе значылася, што лётчык “варты вышэйшай урадавай узнагароды звання “Героя Савецкага Саюза” і, у адпаведнасці з указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Саюза ССР ад 20 мая 1942 года, ордэна “Айчыннай вайны 1-й ступені”.

Але маёр М. Цярохін не атрымаў звання Героя ні летам 1942 года, ні пасля сваёй гібелі ў паветраным баі 30 снежня 1942 года.

Пры абароне Магілёва, 10 ліпеня 1941 года, старшы лейтэнант Мікалай Цярохін камандаваў звяном у 161-м знішчальным авіяцыйным палку 43-й знішчальнай авіядывізіі Заходняга фронту.

У гэты дзень ён у паветраным баі збіў адразу 3 варожыя самалёты, у тым ліку два таранам. За гэты бой ён быў узнагароджаны вышэйшым у СССР ордэнам Леніна.

Узгадвае адзін з непасрэдных сведкаў гэтага подзвігу, Герой Савецкага Саюза Міхаіл Дзевятаеў:

“У тую ліпеньскую раннюю раніцу адбыўся памятны няроўны бой над Магілёвам, удзельнікам якога аказаўся і я…

Калі накацілася хваля бамбавікоў, на аэрадроме было толькі 3 звяна… Камандзір звяна старшы лейтэнант Цярохін павёў сваіх лётчыкаў проста на галаўное звяно бамбавікоў. Напярэдадні ён ужо збіў “Юнкерс”. Цяпер яму не шанцавала: бліжэйшы да яго бамбёр, які Цярохін паліваў агнём сваіх кулямётаў, не гарэў. Растраціўшы боезапас, лётчык вырашыў тараніць ворага, не даць яму сысці. Ён падышоў да “Юнкерса” ушчыльную і шрубай свайго І-16 секануў яму хваставое апярэнне. Нямецкі бамбавік перайшоў у некіравальнае падзенне.

Вось тут – тое і здарылася тое, што можна ўбачыць раз у жыцці. “Юнкерсы” ішлі вельмі шчыльна. Пратаранены Цярохіным бамбавік ударыў крылом свайго вядучага. Той рэзка адвярнуў налева і сутыкнуўся з левым… Так на маіх вачах усё галаўное звяно Ju-88 і павалілася на зямлю…”

Бой Мікалая Цярохіна на гэтым не скончыўся. Ён спускаўся на парашуце ў асяроддзі збітых ім нямецкіх лётчыкаў, якія таксама прызямляліся на парашутах. Экіпаж аднаго з “Юнкёрсаў” страляў у нашага лётчыка з пісталетаў. Цярохін адстрэльваўся. Прызямліліся яны на полі, за некалькі кіламетраў ад аэрадрома. Да месца прызямлення падаспелі калгаснікі. Яны абяззброілі немцаў і звязалі ўсіх адной вяроўкай, канец якой далі ў рукі Цярохіну. Так ён і з’явіўся на камандны пункт дывізіі – з пісталетам у адной руцэ і з вяроўкай, якой былі злучаны палонныя немцы – у другой”.

Неўзабаве пасля бою, у палку пабываў Канстанцін Сіманаў. У выніку размовы з адважным лётчыкам у блакноце пісьменніка з’явіўся наступны запіс:

“Старшы лейтэнант Цярохін. Спачатку збіў аднаго “Юнкерса”. Выйшлі ўсе патроны. Тараніў другога “Юнкерса” плоскасцю па хвасце. Паламаў толькі кансоль. Трэцяга “Юнкерса” ўдарыў маторам у хвост. У яго, калі выкідваўся з парашутам, ірваная рана , разбіты моцна твар…”.

Сіманаў выказаў сваё захапленне мужнасцю пілота ў баладзе “Сакрэт перамогі”, своеасаблівым паэтычным апісанні паветранага тарана.

Мікалай Цярохін нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Чардынь Пензенскай вобласці. Загінуў 30 снежня 1942 года. Пахаваны ў г. Валдай Наўгародскай вобласці.