Штучны фалас узростам 2000 гадоў знойдзены на ўскрайку былой Рымскай імперыі

Падчас раскопак у рымскім форце на поўначы Англіі, археолагі выявілі драўляны фалас, які, магчыма, быў старажытнарымскай сэксуальнай цацкай – паведамляе Cambridge University Press.

Анаэробныя ўмовы ў рымскім форце Віндаланда (Vindolanda), недалёка ад сцяны Адрыяна на поўначы Брытаніі спрыяльныя для захавання розных рэчаў з арганічных матэрыялаў, напрыклад драўляных пісьмовых таблічак, ці пары скураных баксёрскіх пальчатак.

Першапачаткова адкапаны тут ў 1992 годзе драўляны прадмет лічыўся кухонным інструментам – таўкачом. Ён быў знойдзены ў рове форта ІІ-га стагоддзя разам з рэшткамі скуранога абутку, аксесуарамі для адзення, невялікімі інструментамі і абрэзкамі скуры. 

Аднак пасля паўторнай атрыбутацыі даследчыкі з Універсітэта Ньюкасла і Універсітэцкага каледжа Дубліна вызначылі знаходку як вялікі фалас, які мог выкарыстоўвацца ў якасці сэксуальнай цацкі. Гэта першы вядомы прыклад, выяўлены дзесьці ў рымскім свеце.

Згодна з перакананнямі рымлян, Фалас увасабляў ідэю ўзнаўлення мужчынскай сілы і быў адной з прыкмет дзяржаўнай бяспекі (Sacra Romana), якая дае абарону і поспех. Па ўсёй даўжыні сцяны Адрыяна і ў ваенных памяшканнях у розных месцах знойдзена 59 гравюр мужчынскіх палавых органаў, таксама вядомых як Fachinus або Fachinum, якія сімвалізуюць мужчынскі фалас.

Каменныя і металічныя фаласы вядомыя ва ўсім рымскім свеце. Яны таксама часта былі намаляваны на фрэсках і мазаіках, альбо складалі частку ўпрыгожвання іншых аб’ектаў. Напрыклад, ручка нажа магла быць упрыгожана ім, альбо ён выразаўся на глінянай місцы. Невялікія партатыўныя фаласы з косці або металу звычайна насілі ў выглядзе падвескі на шыі. 

Знаходка ў Віндаланды – гэта першы драўляны фалас таго часу. Цяпер навукоўцы вывучаюць тры магчымыя тлумачэнні выкарыстання фаласа: першае – сэксуальны інструмент, другое – гэта ўсё-ж такі таўкач, а трэцяе – дэкаратыўная функцыя, якую можна было ўставіць у статую.

Гнеў нябёсаў – разгадка дзіўных выбліскаў у атмасферы перад землятрусамі ў Турцыі

Эфектныя блакітныя ўспышкі, якія неаднаразова назіраліся ў паветры за секунды да землятрусаў у Турцыі, адбываюцца з-за наэлектрызаванасці атмасферы над месцам падземнага штуршка – лічаць навукоўцы.

Гэты прыродны феномен мог бы прадказваць новыя падземныя штуршкі – патлумачыў life.ru доктар фізіка-матэматычных навук галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута касмічных даследаванняў Расійскай акадэміі навук С. Пулінец, паведамляе pogoda.mail.ru. 

Нагадаем, што ў Турцыі і Сірыі, па апошніх дадзеных, колькасць загінуўшых у выніку разбуральных землятрусаў склала больш за 50 000: у Турцыі 44 218, у Сірыі – больш за 5 900. Пасля землятрусаў адбылося 9 136 афтэршокаў – гаворыцца ў паведамленні ўрадавага Упраўлення па надзвычайных сітуацыях Турцыі.

– У нармальных умовах атмасфернае электрычнае поле складае 100 вольт/метр. Яно генеруецца навальнічнай актыўнасцю на зямлі, распаўсюджваецца па ўсёй планеце. Паміж іёнасферай і зямлёй цячэ вельмі маленькі ток. А перад землятрусам напружанасць электрычнага поля можа быць і 1 кілавольт на метр, і 10 кілавольт, і 40 кілавольт. – кажа доктар фізіка-матэматычных навук С. Пулінец.

Паводле яго слоў, ёсць розныя версіі таго, як менавіта генеруецца гэтае электрычнае поле. Адна з іх – так званы п’езаэлектрычны эфект: калі ўзмацняецца механічны ціск у сярэдзіне цвёрдага матэрыялу, то гэта стварае ў ім электрычнае поле.

– Чым больш крышталічнага матэрыялу, напрыклад граніту, у літасферы, тым мацней генераванае электрычнае поле. І ў гэтым рэгіёне генеруецца электрычнае поле вялікай амплітуды. А калі гэтае поле дасягае велічыні, праўзыходнай прабойную напругу атмасферы, тое адбываецца разрад, сапраўды гэтак жа, як пры разрадзе маланкі. І максімальная напруга дасягаецца як раз перад самым землятрусам. – распавёў вучоны.

Самі ўспышкі адбываюцца ў атмасферы за імгненні да падземнага штуршка, але напружанне электрычнага поля пачынае назапашвацца значна раней, і яго можна вымяраць. 

Існуюць датчыкі напружання электрычнага поля ў атмасферы, якія ўстанаўліваюцца ў спецыялізаваных навуковых арганізацыях. Калі б такое абсталяванне пастаянна працавала ў сейсманебяспечных рэгіёнах, гэта быў бы адзін з эфектыўных спосабаў адсочвання прадвеснікаў землятрусаў. На жаль, пакуль падобныя прадвеснікі часцей фіксуюць ужо “постфактум”, калі землятрус ужо пачаўся, паскардзіўся вучоны.

Незадоўга да новага землятрусу на мяжы Турцыі і Сірыі 21 лютага 2023 г. таксама назіраліся пэўныя «прадвеснікі», і было відаць, што пад зямлёй у гэтым рэгіёне працягваюцца актыўныя працэсы. 

Вайна муляжоў – ва Украіне масава ваююць драўляныя самалёты, надзіманыя танкі і Хаймарсы

Украінскія драўляныя самалёты і артустаноўкі, расійскія і беларускія надзіманыя танкі і чэшскія гумавыя Хаймарсы выкарыстоўваюцца ў ходзе баявых дзеянняў ва Ўкраіне. 

Год таму, на пачатку ўварвання расійскае камандаванне было ўпэўнена ў знішчэнні ўкраінскай авіяцыі і сродкаў супрацьпаветранай абароны. Але неўзабаве высветлілася, што ўкраінцы разгрупавалі свае сілы, а на прыгранічных аэрадромах стаялі макеты самалётаў і верталётаў. Так, сведкі пачатку вайны паведамлялі пра бамбежку макетаў з фанеры на аэрадроме ў Краматорску.

Атакі ўкраінскай авіяцыі па калонах расійскай арміі і вялікія страты расійскай авіяцыі ад украінскай супрацьпаветранай абароны аказаліся поўнай нечаканасцю для расіян. Гэта стала адной з прычын правалу плана маланкавай вайны і захопу Кіева. 

Але толькі нядаўна стала вядома, што паведамленні расійскага генштабу пра знішчэнне дзясяткаў HIMARS былі не падманам, а праўдай. Вось толькі знішчаліся драўляныя і гумавыя ўстаноўкі. Напачатку паведамлялася пра тое, што Украіна выкарыстоўвае муляжы HIMARS з дрэва. Затым прайшла інфармацыя пра надзіманыя макеты ракетных сістэм залпавага агню. Аказваецца расійская армія выпускала дарагія ракеты па муляжах.

Цяпер стала вядома, што вытворчасць высокадакладных надзіманых макетаў танкаў, а таксама РСЗА HIMARS была наладжаная амаль год таму ў чэшскім горадзе Дэчын. У маі 2022 года там вырабляліся да 15 гумавых макетаў танкаў, а цяпер штомесяц выпускаецца 35 гумовых макетаў РСЗА HIMARS, якія адразу пастаўляюцца ва Украіну. На тое, каб надзьмуць макет, ідзе ад дзесяці хвілін (HIMARS) да паўгадзіны (танк). 

Чаму расіяне так часта падманваюцца? Справа ў тым, што з паветра і з космасу такія “устаноўкі” выглядаюць падманліва сапраўднымі. А з улікам невысокай якасці оптыкі расійскіх беспілотнікаў, памылкі практычна непазбежныя.  

Аб эфектыўнасці выкарыстання гумавых макетаў сведчыць такі факт – нядаўна расіяне паведамілі пра знішчэнне на 140% болей установак HIMARS, чым іх было пастаўлена Ўкраіне.

Надзіманыя танкі і пускавыя ўстаноўкі “мае на ўзбраенні” і расійскі бок. Украінскія паблікі паказвалі відэа, як украінскія беспілотнікі распазнаюць падобныя муляжы. У гэтым ім дапамагае самая лепшая ваенная оптыка краін НАТА. Хаця расійскія крыніцы паведамлялі і пра паспяховую дэзарыентацыю ўкраінскіх артылерыстаў. 

Таксама з’яўляліся неправераныя паведамленні пра стварэнне расійскіх макетаў HIMARS, якія планавалася знішчыць на адной з трэніровачных пляцовак у Беларусі, а затым паказаць па расійскаму тэлебачанню як знішчэнне рэальных амерыканскіх РСЗА. 

Беларускія вайскоўцы таксама выкарыстоўвалі драўляныя макеты бранятэхнікі для стварэння ўражання ўмацаванасці тых ці іншых участкаў беларуска-украінскай мяжы, пра што паведамляў украінскі бок. 

Трэба адзначыць, што гумавая тэхніка мае даўнюю гісторыю. Яшчэ падчас Другой сусветнай вайны саюзнікі з поспехам выкарыстоўвалі так званую “Армію прывідаў” з гумавых танкаў. Напрыклад, менавіта такая арміі дэзарыентавала гітлераўцаў пад час высадкі саюзных войск у Нармандыі. 

Выкарыстанне надзіманых макетаў служыць не толькі для заблытвання праціўніка. Вытворчасць адной надзіманай “прынады” абыходзіцца ў дзясяткі разоў танней, чым каштуе любая высокадакладная ракета. Таму гэта параўнальна танныя мішэні для ракет і снарадаў, якія каштуюць вялікіх грошай. 

Расійска-украінская вайна паказвае, што ў гумавай тэхніцы маюцца вялікія перспектывы. 

Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц. 

Дзень у гісторыі. 26 лютага. Дзень марудлівасці. Выпрабаванне радара. Выданне “Літаратуры і мастацтва”. Нарадзіўся кіраўнік БССР П. Машэраў

Сусветны дзень марудлівасці (World Slowness Day, з 2007 года).

Ідэя свята належыць італьянцам з мэтай марудліва атрымліваць асалоду ад жыцця ў кожны яго непаўторны момант. Нездарма лаціняне казалі: Festina lente – спяшайся павольна..

Свет проста памяшаны на хуткасці, на тым, каб рабіць усё хутчэй, упіхнуць усё больш і больш за ўсё меншы і меншы час. Але, хаця б калі некалі, трэба ўмець прыпыніцца, аглядзецца вакол, зрабіць нешта не спяшаючыся.

Італьянцы нават распрацавалі 14 запаведзяў адмовы ад спешкі, якіх варта прытрымлівацца, каб зрабіць сваё жыццё больш камфортным. Напрыклад, уставаць раніцай на некалькі хвілін раней, каб атрымаць асалоду ад сняданку, не нервавацца ў заторах. Замест гэтага прысвяціць свой час праслухоўванню любімай музыкі, чытанню кнігі або зносінам з вадзіцелем суседняга аўтамабіля, правесці вечар у абсалютнай адзіноце, у гармоніі з сабой.

Гэты дзень варта прысвяціць справам, на якія не хапае часу ў буднія: правесці вольныя хвіліны з сям’ёй, за любімым заняткам, наведаць выставу ці іншае культурнае мерапрыемства.

1608 год. Памёр Канстанцін-Васіль Астрожскі. 

Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. У 27 гадоў ён займаў ужо пасаду старосты ўладзімірскага, а у 32 гады стаў кіеўскім ваяводам.

Перакананы прыхільнік праваслаўя. Канстанцінопальскі патрыярх Іерамія II, высока ацэньваючы пабожныя памкненні князя ў адносінах да Царквы, у сваіх граматах называў яго захавальнікам і паборнікам ладу ў Царкве на ўсіх паўднёва-заходніх землях ВКЛ. 

У сваіх уладаннях заснаваў больш за 600 цэркваў і 20 манастыроў, пры многіх з іх дзейнічалі шпіталі і школы.

Быў найбольш аўтарытэтным сярод абаронцаў Праваслаўнай царквы ва ўмовах падрыхтоўкі і заключэння Берасцейскай уніі. Пра сваю нязгоду з афіцыйнай палітыкай Рэчы Паспалітай ён неаднойчы заяўляў на сейме Польска-Літоўскай дзяржавы, звяртаўся з пасланнямі да караля, жыхароў Рэчы Паспалітай, да праваслаўных епіскапаў. Быў арганізатарам і актыўным удзельнікам праваслаўнага сабора 1596 года, які праходзіў у Брэсце.

У Мінску, побач з Петрапаўлаўскім саборам, пастаўлены памятны крыж з надпісам: «Да 400-годдзя памяці дабравернага князя Канстанціна Васілія Астрожскага (1526–1608), славутага дзяржаўнага і царкоўнага дзеяча. 13/26 лютага 2008 года».

1805 год. Нарадзіўся Аляксандр Здановіч.

Гісторык, педагог, мемуарыст. Бацька аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў І. Здановіча.

Скончыў Ігуменскую павятовую базыльянскую школу, Віленскі ўніверсітэт. Выкладаў лацінскую мову і гісторыю, узначальваў кафедру агульнай гісторыі ў Віленскім шляхецкім інстытуце, працаваў у Віленскай духоўнай семінарыі, Віленскай Археалагічнай камісіі, у рэдакцыі газеты «Kurier Wileński».

Аўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў: «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V стагоддзя да нашых дзён», «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей», «Нарыс польскай гісторыі для дзяцей», падручнікаў па французскай мове, перакладаў падручнікаў па гісторыі.

У 1863 годзе ў сувязі з удзелам у паўстанні сына затрымліваўся і падвяргаўся допытам. 3-е выданне яго кнігі «Нарыс польскай гісторыі для дзяцей», якая мела вялікі ўплыў на грамадскую думку, было канфіскавана і знішчана.

Памёр 29 мая 1868 года.

Сям’я Здановічаў. У цэнтры – А. Здановіч.

1891 год. Нарадзіўся Павел Корчык (Язэп Лагіновіч). 

Беларускі нацыянальны дзеяч, удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Удзельнічаў у Першай cусветнай вайне, у беларускім вайсковым руху, з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску (1917), у Слуцкім збройным чыне.

З 1921 года працаваў у Вільні. Сузаснавальнік Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, сябар Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, Першы сакратар Кампартыі Заходняй Беларусі, рэдактар газет «Наш Сцяг», «Вольны Сцяг».

У 1924 годзе быў арыштаваны польскай дэфензівай, але з дапамогай партызанаў вызвалены, збег у БССР. З 1925 года вярнуўся ў Заходнюю Беларусь на падпольную партыйную работу. У 1928 годзе арыштаваны ў Берліне нямецкай паліцыяй і высланы ў СССР, але зноў вяртаецца ў Польшчу.

Па прыбыцці ў Мінск, арыштаваны НКУС у 1936 годзе як «агент польскай дэфензівы»,  сасланы ў лагер у Комі АССР. 15 сакавіка 1938 года прыгавораны да расстрэлу, але прысуд не выканалі і павезлі ў Мінск, каб 26 кастрычніка 1939 года ў другі раз прыгаварыць да расстрэлу. 

Памёр 15 красавіка 1940 года ў турме.

Удзельнікі канферэнцыі прадстаўнікоў беларускіх леварадыкальных арганізацый у Вольным горадзе Данцыгу. Злева направа: П. Бадунова, Л.Родзевіч, П. Корчык. 1923 год.

1893 год. Нарадзіўся Язэп Гайлевіч. 

Каталіцкі святар, прыхільнік беларусізацыі каталіцкай царквы, дзеяч беларускага руху ў Латвіі.

Вучыўся ў Магілёўскай (Пецярбург) і Мінскай духоўных каталіцкіх семінарыях. Служыў святаром у Друі, Рэзэкнэ (Латвія), Даўгаўпілсе, Росіцы і іншых месцах, адначасова выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах. Прымаў удзел у культурным і грамадскім жыцці беларусаў Латвіі. Выступаў з казаннямі на беларускай мове. Пераследаваўся латышскімі ўладамі.

У 1949 годзе арыштаваны КДБ  за «правядзенне антысавецкай агітацыі». Вязень ГУЛАГу. 

Памёр 18 кастрычніка 1971 года.

1911 год. Нарадзіўся  Леў Гарошка.  

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, даследчык гісторыі рэлігіі і царквы ў Беларусі, беларускай культуры, літаратар і педагог. Арганізатар беларускага душпастырства ў Берліне і Мюнхене. 

Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі, Вялікабрытаніі. Выдавец малітоўніка «Божым шляхам», часопіса «Божым шляхам». Кіраўнік Беларускай секцыі радыё Ватыкана.

Памёр 8 жніўня 1977 года ў шпіталі ў Парыжы ў выніку няўдалай хірургічнай аперацыі. Пахаваны на могілках Святога Панкрата ў Лондане.

Яго багаты архіў захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. На думку гісторыка С. Абламейкі, спадчына Льва Гарошкі “змяшчае на сваіх старонках дзясяткі не выдадзеных тамоў каштоўнай рэлігійнай літаратуры, дзясяткі тамоў якасных навукова-гістарычных прац, абсалютная большасць з якіх так і засталіся невядомыя на Бацькаўшчыне”.

1912 год. Нарадзіўся Уладзімір Карпаў. 

Беларускі пісьменнік, крытык.

У Вялікую Айчынную вайну ўдзельнічаў у падпольным і партызанскім руху. Пасля вайны выкладаў мову і літаратуру ў школе, працаваў у газетатах «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар кніг літаратурна-крытычных артыкулаў, аповесцей, раманаў, кніг апавяданняў і ўспамінаў. 

Укладальнік і адзін з аўтараў кнігі «Мы раскажам пра Мінск», аўтар тэксту да фотаальбома «Мінск» (1965). 

Склаў кнігі «Горад і годы» і «Сквозь огонь и смерть». Выйшаў яго Збор твораў у 5 тамах.

Памёр  6 жніўня 1977 года.

1918 год. Нарадзіўся Пётр Машэраў. 

Беларускі палітычны дзеяч, шматгадовы кіраўнік БССР, Першы сакратар ЦК КПБ (1965-1980), Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай працы.

Пры П. Машэраве былі пабудаваны ў Магілёве многія буйныя прамысловыя прадпрыемствы, у тым ліку  “Хімвалакно”, “Ліфтмаш”, камбінат сілікатных вырабаў, інтэнсіўна вялося жыллёвае будаўніцтва ў мікрараёнах “Мір”, “Юбілейны”, “Задняпроўе”, уступіў у строй тэлерэтранслятар, пушчаны тралейбус.

Пры гэтым у Магілёве адсутнічаюць назвы ў яго гонар.

Загінуў у аўтакатастрофе 4 кастрычніка 1980 года перед самым прызначэннем на пасаду Старшыні Савета міністраў СССР.

1929 год. Нарадзіўся Георгій Колас. 

Беларускі літаратуразнавец, тэатральны  крытык.

Пасля раскулачання бацькоў, у 1930 годзе апынуўся з сям’ёй у Комі-Пярмяцкай акрузе. Скончыў філалагічны факультэт Кудымкарскага настаўніцкага інстытута, акцёрскі факультэт Беларускага тэатральнага інстытута.

Працаваў акцёрам рускага драматычнага тэатра ў Мінску, у Міністэрстве культуры БССР, Белсавпрафе, газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Неман». Бацька Уладзіміра і Змітра Коласаў.

Аўтар многіх артыкулаў пра тэатральнае мастацтва і драматургію, брашур пра тэатр, «Николай Ерёменко»,  кнігі «Современник в гриме и без грима», зборніка «Диалог через рампу», артыкулаў пра старажытныя беларускія інтэрмедыі, пра творчасць выбітных беларускіх драматургаў.

Напісаў звыш 25 сцэнарыяў дакументальных, навукова-папулярных кіна- і тэлефільмаў, у тым ліку  «Купалаўцы», «Ларыса Александроўская», «Тры тысячы песень», «Мінск – пра час і пра сябе», «Іван Шамякін», «Янка Купала», «Старажытныя паркі».

Памёр у 1994 годзе.

Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя М. Горскага.

1932 год. У Мінску пачаў выдавацца штотыднёвік «Літаратура і мастацтва» на 16 старонках.

У 1941–1944 гадах не выходзіў, у 1957–1970 гадах газета выдавалася двойчы на тыдзень. У 2010–2013 гадах выдавалася на 24 старонках.

Свае першыя творы на старонках «ЛіМ» публікавалі І. Мележ, І. Шамякін, В. Быкаў, У. Караткевіч, Я. Янішчыц, А. Разанаў, А. Пісьмянкоў і іншыя вядомыя беларускія пісьменнікі і паэты.

Тыраж каля 1 000 асобнікаў.

Сярод галоўных рэдактараў газеты былі і ўраджэнцы Магілёўшчыны А. Куляшоў (1945–1946), П. Кавалёў (1949–1950), М. Ткачоў (1957–1959), Я. Шарахоўскі (1959–1961), А. Пісьмянкоў (1999–2002), А. Казлоў (2003–2009), а таксама вядомы палітык У. Някляеў (1997–1999).

1934 год. У в. Красная Кіраўскага раёна нарадзіўся Валянцін Рабцэвіч. 

Беларускі гісторык, нумізмат, археолаг. Доктар гістарычных навук, прафесар. Лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай нумізматыкі. 

Вывучаў гісторыю грашовага звароту на землях ВКЛ і Кароны, тапаграфію манетных скарбаў на Беларусі. 

Аўтар класічных манаграфій па нумізматыцы, у тым ліку “Нумізматыка Беларусі”. Стваральнік нумізматычнага кабінета БДУ. Дзякуючы яго намаганням на Беларусі застаўся ўнікальны скарб з Поясам Вітаўта, які збіраліся прадаць у Расію.

1935 год. Шатландскі навуковец Роберт Аляксандр Ватсан-Ват правёў першыя выпрабаванні прылады, які атрымаў назву “радар” (RAdio Detection And Ranging).

Роберт Ватсан-Ват нашчадак знакамітага фізіка Джэймса Вата.

1943 год. Памёр Канстанцін Алексютовіч (1884–1943). 

Беларускі харэограф, балетмайстар.

Скончыў Пецярбургскае тэатральнае вучылішча.

У 1920 годзе ў Мінску пры Беларускім драмтэатры была створана невялікая балетная трупа пад яго кіраўніцтвам. На сцэне паставіў танцы, карагоды, гульні, абрадавыя сцэны ў драматычных спектаклях «На Купалле» М. Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода» Е. Міровіча і іншыя.

Таксама супрацоўнічаў з У. Галубком у БДТ-3. Кіраваў аматарскімі калектывамі, у тым ліку першым беларускім самадзейным харэаграфічным калектывам – Ансамблем танца Мінскага клуба КІМ.

У перадваенныя гады працаваў балетмайстарам Беларускага ТРАМа і Беларускага тэатра юнага гледача, Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі.

У час вайны трапіў у Самарканд, дзе працаваў балетмайстарам узбекскага музычна-драматычнага тэатра.

Працягнуў папулярызацыю беларускіх народных танцаў, пачатую І. Буйніцкім. Ён сцэнічна ўдасканаліў і ўзбагаціў народны танец яркім арнаментальных узорам, распрацаваў новыя, блізкія народным, тэхнічныя элементы рухаў, стварыў шэраг полек, круцёлак, якія арганічна ўвайшлі ў лексіку народнага беларускага танца.

Аранжыраваў фальклорны матэрыял і вяртаў яго народу ва ўзбагачаным выглядзе. Стварыў шматлікія танцы, у тым ліку «Бульба», сцэнічныя варыянты танцаў «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Мікіта», «Таўкачыкі», «Бычок», «Кола», «Юрачка», «Верабей», «Лянок», «Шастак», «Галубец», «Казачок» і іншыя.

1994 год. Памёр Георгій Гурыновіч (1933–1994).

Беларускі фізік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Лаурэат Дзяржаўнай прэміі за цыкл работ «Фатоніка біялагічна важных пігментаў і іх аналагаў».

Скончыў БДУ. Працаваў ў Інстытутах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, у БДУ, галоўным рэдактарам “Часопіса прыкладной спектраскапіі”. 

Праводзіў даследаванні ў галіне спектраскапіі і люмінісцэнцыі. Найважнейшыя навуковыя дасягненні звязаны з даследаваннямі элементарных фотапрацэсаў у шматамных малекулах, палярызацыі люмінісцэнцыі, эфектыўнасці пераўтварэнні светлавой энергіі рэчывам, інтэрпрэтацыяй электронна-вагальных спектраў, ужываннем атрыманых вынікаў у хіміі, біялогіі, медыцыне.

Аўтар больш за 280 навуковых прац, 25 вынаходстваў.

Дзень у гісторыі. 25 лютага. Кольт усіх ураўняў. Першая беларуская вечарынка. Выкрыццё культу асобы. Выбарчы мітынг БНФ. Нарадзіліся піянер фатаграфіі Р. Міранскі, паэт А. Пісьмянкоў

1836 год. Сэмюэл Кольт атрымаў у ЗША першы патэнт на аўтаматычны рэвальвер.

Гэта быў 6-зарадны рэвальвер 45-га калібра, хуткастрэльнасць якога ў пяць разоў перавышала хуткастрэльнасць “папярэднікаў”. Праз 10 дзён Кольт адчыніў уласную вытворчасць.

Інавацыя Кольта заключалася ў тым, што ён “укараніў” у рэвальвер сістэму вярчэння барабана, які па чарзе падстаўляў пад баёк некалькі загадзя зараджаных патронаў.

“Аўраам Лінкальн даў людзям свабоду, а палкоўнік Кольт зраўнаваў іх шанцы”.

1875 год. Нарадзіўся Рыгор Міранскі.

Беларускі майстар мастацкай фатаграфіі, адзін з піянераў беларускай мастацкай фатаграфіі, першых фотарэпарцёраў Мінска, служачы пажарнай аховы. 

Яго творчасць – частка культурнай спадчыны Беларусі. «Ганаровы патомны грамадзянін Мінска» (1913).

Быў уладальнікам фотаатэлье ў цэнтры Мінска, Слуцку. Служыў у пажарнай ахове шэраговым, начальнікам атрада трубнікаў.

Экспанаваў фатаграфіі прафесійнай тэматыцы ў Пецярбургу, Зальцбургу.

У савецкі час працаваў намеснікам старшыні праўлення Мінскага добраахвотнага пажарнага таварыства.

Працаваў у жанрах партрэта, пейзажа, архітэктурнай фатаграфіі, фотарэпартажа.

Зрабіў шмат фотавыяў гарадской забудовы Мінска, выканаў серыю твораў з выявамі разбураных падчас польскай акупацыі будынкаў у беларускіх гарадах і мястэчках.

Яго фатаграфіі выкарыстоўваліся для вытворчасці паштовак, якія выходзілі серыямі з некалькіх дзясяткаў сюжэтаў.

Фатаграфічныя творы знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, музеі Максіма Багдановіча ў Гродна, у прыватных зборах.

Памёр пасля 1926 года.

1879 год. Нарадзіўся Гасан Канапацкі.

Беларускі ваенны і нацыянальны дзеяч, палкоўнік, камандзір беларускіх ваенных часцей ў польскім войску (1919–1921).

Паходзіў з шляхецкага роду татарскага паходжання.

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбургскую артылерыйскую школу. Служыў у Мінску, на Далёкім Усходзе, Калузе. Удзельнічаў ва ўсіх трох галоўных сухапутных бітвах руска-японскай вайны, у Першай сусветнай вайне, палкоўнік. За гераізм стаў уладальнікам ўсіх асноўных обер-афіцэрскіх ордэнаў таго часу.

У верасня 1919 года кіраваў вайсковым аддзелам Беларускай вайсковай камісіі. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху, кіраваў рэдакцыяй часопіса «Беларускі радны».

У 1941–1943 гадах быў старшынёй бацькоўскага камітэта Віленскай беларускай гімназіі, пісаў фельетоны ў «Беларускі голас».

У чэрвені 1946 года разам з сям’ёй выехаў у польскі Быдгашч, дзе і памёр 11 мая 1953 года.

1909 год. Нарадзіўся Сяргей Дарожны.

Беларускі паэт, грамадскі і культурны дзеяч.

Выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся без бацькі – аднаго з паплечнікаў Булак-Балаховіча.

Аўтар вершаў, кніг паэзіі. Член літаб’яднанняў «Маладняк»,  «Узвышша». Выключаўся з БДУ «за сокрытие социального происхождения» свайго бацькі, але пазней аднавіўся.

Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, часопісаў, на радыё, адкуль быў звольнены за «сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак.., паклёп на палітыку партыі на вёсцы».

Арыштаваны ДПУ у жніўні 1936 года, асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі за быццам бы падрыхтоўку замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М. Гікалу. 

Загінуў 19 ліпеня 1943 года ў ГУЛАГу на будаўніцтве Камсамольска-на-Амуры.

Злева направа: В. Казлоўскі, М. Лужанін, С. Дарожны, Сімеіз, Крым, 1929

1910 год. Адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. 

Праходзіла ў клубе чыгуначнікаў. Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю беларускага прафесійнага і аматарскага тэатральнага мастацтва.

Арганізавана А. Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газеты «Наша ніва». Удзельнічала каля 100 чалавек, прысутнічала каля 1 000 гледачоў. 

У праграме спектакль «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага (пастаноўка А. Бурбіса), харавыя творы «А хто там ідзе?» (музыка Л. Рагоўскага на словы Я. Купалы), «Чаму ж мне не пець» і іншыя беларускія народныя песні (дырыжор Л. Рагоўскі), народныя танцы пад кіраўніцтвам І. Буйніцкага, якія мелі каласальны поспех.

І. Буйніцкі з дачкой Вандай у час выступлення на вечарынцы

1935 год. Нарадзіўся Генадзь Лыч.  

Вучоны ў галіне эканомікі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі беларускі вучоны ў галіне эканомікі, публіцыст. Акадэмік акадэміі навук, доктар эканамічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў у сістэме Мінлясгаса БССР, Мінвадгаса СССР, першым намеснікам дырэктара БелНДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі Дзяржаграпрома БССР, дырэктарам Інстытута эканомікі Акадэміі навук, акадэмікам-сакратаром Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, у Інстытуце сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі.

Аўтар больш за 360 навуковых прац, у тым ліку 17 манаграфій.

Прымаў удзел у правядзенні фундаментальных эканамічных даследаванняў па сацыяльна-эканамічных праблемах забеспячэння экалагічнай бяспекі жыццядзейнасці грамадства, у тым ліку мінімізацыі негатыўных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

З 2009 г. займаўся даследаваннем праблем аграрнай эканомікі.

1947 год. Нарадзіўся Яўген Шатохін.

Беларускі мастак, педагог, грамадскі дзеяч. Ганаровы грамадзянін французскага горада Альбер. Уваходзіў у мастацкую суполку «Пагоня», член сейма БНФ «Адраджэнне».

Заснавальнік і дырэктар (1988-1997) дзіцячай школы выяўленчага мастацтва ў г. Пінску. Звольнены па палітычных матывах.

Аўтар шматлікіх акварэляў, малюнкаў, афортаў, літаграфій, у тым ліку «Сцяжынкі Язэпа Драздовіча», «Неба і зямля Фердынанда Рушчыца», «Маўклівыя сведкі. Прысьвячаецца 80 угодкам Слуцкага Збройнага Чыну», «Парыжскія масты», «Peronne – ville sur Somme», «Chemin de mémoire», «Землякі Васіля Быкава», «Цішыня ў Бычках», «Прыпяцкія сюжеты. Прысвячаецца У. Караткевічу», «Па слядах Напалеона Орды».

Узнагароджаны 6 медалямі і прызамі Францыі, медалём Беларускага Саюза мастакоў «За заслугі ў выяўленчым мастацтве»,

Яго працы захоўваюцца ў музеях Мінска, Пінска, Брэста, Полацка, Нью-Ёрка, Кіева, Берліна, французскіх Санары-сюр-Мэр, Пероне, у Фондзе Міністэрства культуры Расіі, у прыватных зборах многіх еўрапейскіх краін, Паўднёвай Афрыкі, Егіпту, ЗША, Расіі.

Памёр 22 студзеня 2012 года ў Пінску.

У маі 2018 года Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» прапанавала ўладам Пінска і мясцоваму Савету дэпутатаў надаць імя Яўгена Шатохіна гарадской мастацкай школе. Ініцыятыва не атрымала падтрымку чыноўнікаў.

1953 год. Нарадзіўся Васіль Касцючэнка.

Беларускі мастак-жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава.

Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Валагодскай карціннай галерэі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава.

Персанальныя выставы праходзілі ў шведскай Galleri Kretsen, у Вільнюсе, Гродна, Маскве, Мінску.

дырэктар Музею сучаснага мастацтва Н. Шаранговіч, В. Касцючэнка, Р. Несцераў

1956 год. Савецкі кіраўнік Мікіта Хрушчоў выступіў з сенсацыйным дакладам “Аб кульце асобы і яго наступствах”. 

Чатырохгадзінны выступ адбыўся на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС, аб’яўленая праграма якога была ўжо вычарпана.

У пачатку сакавіка даклад быў разасланы ў партыйныя арганізацыі ў выглядзе брашуры з грыфам “не для друку”: меркавалася, што з яго зместам азнаёмяцца толькі камуністы. Аднак ужо 16 сакавіка змест “сакрэтнага” дакладу пераказала “Нью-Ёрк Таймс”, а 4 чэрвеня яго поўны тэкст апублікаваў дзярждэпартамент ЗША – праўда, СССР не прызнаў сапраўднасць гэтага тэксту.

У СССР даклад Хрушчова быў упершыню адкрыта надрукаваны толькі праз 33 гады пасля таго, як ён прагучаў са з’ездаўскай трыбуны, у 1989 годзе, а ў эйфарычную эпоху гарбачоўскай галоснасці яго апублікаваў часопіс “Известия ЦК КПСС”.

1957 год. У в. Іванаўка Касцюковіцкага раёна нарадзіўся Алесь Пісьмянкоў.

Беларускі паэт, эсэіст.

Працаваў у касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Вожык», сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР.

Аўтар вершаў, шэрагу кніг паэзіі, кніг для дзяцей, сатырычных твораў, нарысаў, эсэ, перакладаў. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку.

Па словах прафесара А. Бельскага, А. Пісьмянкоў з’яўляецца „паэтам лірыка-рамантычнага светаўспрымання“, які вызначаўся надзіва гарманічным спалучэннем адкрытай пачуццёвасці і спакойнага глыбокага роздуму».

Галоўны герой паэта – беларус, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, які адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна, які ганарыцца прыналежнасцю да зямлі Беларусі.

Па меркаваннях крытыка В. Русілкі “…для А. Пісьмянкова паэзія была не прафесіяй, а спосабам жыцця, мыслення, абсалютна арганічнай формай самавыражэння і самарэалізацыі”.

Неаднаразова выступаў з вершамі на розных пляцоўкаў у Магілёве.

Памёр 23 красавіка 2004 года ў Мінску на працоўным месцы ад сардэчнага прыступу.

1959 год. Памёр Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог. 

Аўтар эскіза сучаснага бел–чырвона–белага сцяга.

У 1912 годзе далучыўся да беларускага руху, іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я. Купалы. Калі вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце быў актывістам Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага ўніверсітэта.

Працаваў у Белнацкаме, у Віленскай беларускай радзе, старшынёй Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускай вайсковай камісіі, дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі.

Эміграваў у Літоўскую рэспубліку (Каўнас), дзе працаваў у міністэрствах беларускіх спраў, замежных спраў, сувязі Літвы, інжынерам-будаўніком. Адзін з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве, Літоўска-Беларускага таварыства, выдавец часопісаў «Беларускі сцяг», «Крывіч», «Беларускі асяродак». 

Апрацаваў разам з В. Ластоўскім, Т. Іваноўскім лацінска-руска-беларускі слоўнік па арніталогіі. Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі (1940–1941). Быў вызвалены з турмы пасля захопу немцамі Коўна.

У жніўні 1943 года арыштаваны нямецкімі ўладамі разам з жонкай за ўкрыццё яўрэяў і адпраўлены ў канцлагер. Праз заступніцтва сяброў вызвалены праз 4 месяцы.

У 1944–1946 гадах – дацэнт Каўнаскага ўніверсітэта, загадчык кафедры гісторыі архітэктуры. Аўтар дзясяткаў будынкаў у Каўнасе, Панявежысе, Клайпедзе, Шаўляі.

Апрыштоўваўся савецкімі ўладамі і знаходзіўся пад следствам (1946–1947, 1952). У 1952 годзе асуджаны на 25 гадоў зняволення як беларускі нацыяналіст. Датэрмінова вызвалены ў 1955 годзе.

1960 год. Пайшла з жыцця Уладзіслава Луцэвіч (Станкевіч).

Беларуская літаратуразнаўца, стваральніца музэю Я.Купалы, жонка Янкі Купалы (з 1916 года). Заслужаны дзеяч культуры.

Скончыла Віленскую гімназію, педагагічныя курсы ў Варшаве. Працавала выхавацелькай дзіцячага прытулку ў Вільні. Разам з Алаізай Пашкевіч стварыла некалькі нелегальных беларускіх школ.

За рэвалюцыйную дзейнасць двойчы прыцягвалася да суда. Прапагандавала беларускую літаратуру, друкавала вершы ў «Нашай ніве».

3а савецкім часам працавала інспектарам дашкольных устаноў Наркамасветы БССР, выхавацелькай і педагогам-метадыстам дзіцячых устаноў, на радыё.

Стваральніца і дырэктар (1944–1960) Літаратурнага музея Янкі Купалы.

Складальніца зборнікаў матэрыялаў пра жыццё і творчасць Янкі Купалы «Янка Купала», «Любімы паэт беларускага народа», «Янка Купала ў беларускім мастацтве», «Бібліяграфія твораў Янкі Купалы». 

Аўтарка артыкулаў і ўспамінаў пра Янку Купалу, успамінаў пра Зм. Бядулю, Цётку. Сабрала і апрацавала «Народныя дзіцячыя песенькі», склала «Дашкольны спеўнік», «Зборнік вершаў для дашкольных устаноў» і «Для маленькіх», апрацоўвала народныя казкі.

1990 год. На плошчы Леніна ў Мінску адбыўся выбарчы мітынг Беларускага Народнага Фронта. 

У ім бралі ўдзел да 100 000 чалавек. Мітынг закончыўся паходам да будынка рэспубліканскага тэлебачання, кіраўніцтва якога па патрабаванні мітынгоўцаў прадаставіла прамы эфір лідарам Фронту. 

Аднак апарат КПБ(б) кантраляваў выбарчыя камісіі і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі. Камуністычная партыя, адміністрацыйныя структуры вялі кампанію, скіраваную супраць кандыдатаў, якіх падтрымліваў БНФ. Кандыдаты ад Беларускага дэмакратычнага блока вылучаліся ў 150 акругах з 310, з іх сталі дэпутатамі 60 чалавек.

Стала вядомае імя ўкраінскага ваеннага, які першым загінуў ад расійскай агрэсіі

36-гадовы сяржант Дзяніс Ткач прыняў на сябе першыя кулі ў момант уварвання расійскай арміі ва Украіну роўна год назад.

Трагічную гісторыю жыцця і смерці першага ўкраінскага вайскоўца, забітага расійскімі нападнікамі ў 03:40 24 лютага апублікавала The Guardian. Расстраляны ў металічным вагончыку са зброі з глушыцелямі ва ўпор, ён, трымаючы кулямёт прыкрываў адыход сваіх саслужбоўцаў з блокпаста ў вёсцы Зарынаўка Луганскай вобласці. У загіблага ўкраінскага салдата засталіся жонка і двое дзетак. А таксама бацькі, што з’ехалі жыць у Расію і зараз сумняюцца, што іх сына забілі расійскія салдаты – “А можа, гэта былі украінцы?” – кажуць яны. 

Першая ахвяра вайны

Ноччу з 23 на 24 лютага 2022 года Ткач знаходзіўся на вайсковым блокпосце на ўскраіне вёскі Зарынаўка на ўсходзе Луганскай вобласці, дзе Украіна мяжуе з Расіяй. Некалькі хвілін перад тым, як загінуць, ён загадаў пяці сваім маладзейшым саслужбоўцам з памежнай службы Украіны, выходзіць з блокпаста да сваіх пазіцый.

Перад гэтым украінскімі памежнікамі праз цеплавізійныя акуляры былі заўважаныя некалькі расейскіх вайскоўцаў, якія пад прыкрыццём моцнага снегу крадуцца да слаба ўмацаваных пазіцый украінцаў. Гэта была перадавая сіла. За імі – войска.

Сказаўшы сваім салдатам ціха адступаць, Ткач ускараскаўся, каб схапіць адзіны кулямёт на пазіцыі – апошняе дзеянне, якое прынесла б яму пасмяротны медаль за адвагу. У гэты момант расійцы, нейкім чынам усвядоміўшы, што іх бачылі, адкрылі агонь, і каскад куль прабіў шэрыя металічныя сцены маленькай хаціны – старога чыгуначнага вагона, у якім ён хаваўся.

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны пацьвердзіла, што расійскі штурм Зарынаўкі быў першым на ўкраінскай тэрыторыі гэтай раніцай. Тыя, хто служыў вакол вёскі, сцвярджаюць, што Ткач быў першым з украінскіх вайскоўцаў, хто загінуў у рэгіёне. У тумане вайны мала што можна сказаць напэўна, і можа аказацца, што іншыя людзі загінулі ў папярэдніх налётах або ракетных ударах, але шмат што сведчыць аб тым, што Ткач быў першым забітым з усіх тых, хто загінуў ва ўкраінскай арміі ў той дзень.

«Я хацела крычаць ім, што яны забілі майго мужа».

У Дзяніса Ткача засталася жонка Аксана 29 гадоў, яе сын ад першага шлюба Раман, якога Дзяніс прыняў за свайго роднага, а таксама сумесная дачка пары, двухгадовая Дамініка. Сям’я жыла ў вёсцы Мыкільске непадалёку ад Зарынаўкі. Аксана Ткач сама знайшла цела мужа на пазіцыі – раніцай 24 лютага яна ніяк не магла дазваніцца да Дзяніса і вырашыла ехаць на яго пазіцыю, хоць камандзір мужа і супакойваў яе словамі, што ўсе яго падначаленыя вярнуліся і жывыя. Пазней гэты камандзір застанецца жыць на акупаванай расійскімі войскамі тэрыторыі, як і яшчэ адзін памежнік з атрада Ткача.

У тую раніцу, пад’язджаючы да КПП, Аксана спынілася на ўзбочыне, ля шлагбаўма. Яшчэ не выбраўшыся з машыны, жанчына ўбачыла каля вагончыка цела. І яна пазнала яго. «Я бегла, вядома, я бегла. – расказала яна абставіны таго дня карэспандэнту The Guardian Даніэлу Бофі – Мяне спрабавалі ўтрымаць. Тым больш, што людзі, якія былі са мной, бачылі, што там была бронемашына, а за ёй – людзі, расіяне».

Яна дабралася да мужа, павалілася на яго, спрабуючы вярнуць яго да жыцця. Цела ўжо зацякло. Кожная частка яго была паранена кулямі, нават пальцы былі зламаныя. Кроў была размазана па твары. «Я не разумею, як можна пусціць столькі куль у аднаго чалавека. Усё вакол было ў гільзах, асфальт вакол яго, а вагон увесь прастрэлены».

З-за бронеаўтамабіля на іх насцярожана вызірнула пара расіян, але яны не сказалі ні слова і не падышлі да апустошанай жанчыны. «Я хацела крычаць ім, што яны забілі майго мужа».

Блокпост, на якім быў забіты Дзяніс Ткач

Зараз удава Дзяніса Ткача разам з дзеткамі жывуць у маленькім пакойчыку трохпакаёвай кватэры ў заходнеукраінскім гарадочку Уладзіміры, дзелячы пакой разам з 55-гадовай маці Аксаны. З свайго роднага пасёлка яны ўцяклі летам 2022 года.

Тое, што зараз яе найбольш засмучае, мабыць – тое, што ўласныя бацькі мужа і яго сястра пераехалі ў Расію і сёння нават сумняваюцца, ці не ўкраінцы забілі іх сына і брата. 

«Спачатку людзі вельмі абураліся, маўляў, пры чым тут рускія, што яны робяць? – расказвае Аксана – Але ж да канца месяца, я не магу ў гэта паверыць, людзі радаваліся новай уладзе, і падтрымлівалі яе, і казалі, што яны вызваленыя. Уся моладзь, усе, хто быў супраць рускіх, адразу зьехалі. Пазней нават яго бацькі пачалі мне казаць: «Ты ўпэўненая, што яго забілі расійцы?» Можа, украінцы?» Гэта было невыносна чуць». 

Фота: The Guardian

Дзень у гісторыі. 24 лютага. З’яўленне латарэі. Грыгарыянскі каляндар. Гадавіна нападу Расіі на Украіну. Нарадзіўся Рыгор Барадулін

Велесаў дзень. Сярэдзіна зімы. 

Злуецца Марэна – зіма на Вялеса, напускаючы на яго люты мароз, а на скаціну “каровіну смерць”, але ніяк не можа адолець.

Вялесаў дзень, Валоссе, Улас, Аўлас – апякун свойскай жывёлы, каровіна ці конскае свята. На конях у гэты дзень не працавалі. Коням даюць лепшы корм.

На іконах Святы Аўлас заўсёды маляваўся акружаны каровамі, авечкамі. Да яго іконы ў гэты дзень прыносілі масла: “Аўлас на масла лас”, “У Аўласа барада ў масле”.

У цэнтральных і заходніх раёнах Беларусі атрымаў распаўсюджанне «Бабскі Улас», які адзначаўся толькі жанчынамі, што збіраліся разам і балявалі ўсю ноч, мужчыны на святкаванне не дапускаліся, а калі і сустракаліся па дарозе, то павінны былі адкупіцца.

1466 год. Дзень нараджэння сучаснай латарэі. 

У бельгійскім горадзе Бруге ўдава фламандскага мастака Яна Ван Эйка да 25-й гадавіны смерці мастака правяла грашовую латарэю. Атрыманы прыбытак накіравалі на падтрыманне маламаёмасных жыхароў горада.

Латарэя – гэта азартная гульня, пры якой выгада і страты размяркоўваюцца ў залежнасці ад адвольнага вымання таго ці іншага латарэйнага білета або нумара.

Слова “латарэя” – ад франкскага “hlot” – “жэрабя”, потым яно скарацілася да ангельскага “lot” – “доля”. Італьянская версія lotto –  “лёс”.

Сама гісторыя латарэй адыходзіць у далёкае мінулае чалавечай цывілізацыі. Першае згадванне аб латарэі гэта старажытнагрэцкія міфы. Воіны бяруць каменьчыкі з залатога шлема, і адзін з каменьчыкаў даваў права на паядынак з самім Зеўсам, што ў сваю чаргу мела на ўвазе верагоднасць застацца ў жывых або загінуць з гонарам.

Латарэі ў старажытным Рыме звязаны з імем Юлія Цэзара. Менавіта падчас яго праўлення была праведзена першая грамадская латарэя. Сродкі, атрыманыя ад гэтай латарэі, былі накіраваны на муніцыпальныя патрэбы Рыма.

На тэрыторыі ВКЛ латарэя з’явілася прыблізна ў XVIII стагоддзі.

Савецкія латарэі бяруць пачатак з 1921 года, беларускія – з 1990-х гадоў.

1536 год. Нарадзіўся Мацей Казімір Сарбеўскі.

 Новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і школьнага тэатра.

Скончыў Віленскую езуіцкую акадэмію. Выкладаў у Полацкім, Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах, Віленскай акадэміі. Полацкія і віленскія курсы лекцый паэтыкі і рыторыкі ляглі ў аснову яго літаратуразнаўчых і эстэтычных трактатаў на лацінскай мове. 

З яго асобай звязана з’яўленне ў Віленскім універсітэце кола гуманістаў, якое ўключала прафесараў рыторыкі, прамоўцаў і паэтаў, у тым ліку Жыгімонта Лаўксміна, Яна Рывоцкага, Томаша Клягэ, Яна Хадзынскага, Мікалая Кміціца.

Быў каталіцкім прапаведнікам пры двары караля Уладзіслава IV.

Распрацоўваў эстэтычныя пытанні паэзіі, драматургіі, красамоўства, міфалогіі.

Яго трактат «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» прызначаўся для практычнага кіраўніцтва ў школьным тэатры Беларусі, Літвы і Польшчы.

Аўтар зборнікаў «Тры кнігі лірычных вершаў» (1625), «Чатыры кнігі лірычных вершаў» (1631), «Лясныя песні» (1637). Сумяшчаў у сваёй паэтыцы элементы Рэнесансу і барока. Вершы М. Сарбеўскага перакладзены на англійскую, нямецкую, французскую мовы Д. Набароўскім, на польскую мову — У. Сыракомлем. На беларускую мову іх перакладалі Ларыса Чарнышова, Лявон Баршчэўскі.

1582 год. Папа Рымскі Рыгор XIII выдаў булу аб пераходзе на новы каляндар.

Прапанаваўся астранамічна больш дакладны каляндар, які сталі называць “грыгарыянскім” – у адрозненне ад ранейшага, “юліянскага”, які быў уведзенага яшчэ ў 45 годзе да н. э. Юліям Цэзарам.

Да XVI стагоддзя юліянскі каляндар з-за недастатковай дакладнасці моцна разышоўся з рэальнасцю: так, найважнейшы для вызначэння Велікоднай даты дзень вясновага раўнадзенства з 21 сакавіка перамясціўся на 11-е.

Пантыфік пастанавіў: дзень, які надыходзіць пасля чацвярга 4 кастрычніка 1582 года, лічыць пятніцай, 15 кастрычніка 1582 года. Указанне, натуральна, адразу прынялі да выканання толькі каталіцкія краіны: Італія, Іспанія, Партугалія, Францыя, Рэч Паспалітая і ВКЛ. Германскія княствы перайшлі на новы стыль у 1700 годзе, Англія – у 1752-м, Расія – у 1918-м, Югаславія і Грэцыя – у 1925-м, а В’етнам – толькі ў 1967-м.

Папа Рыгор XIII.
Папа Рыгор XIII.

1760 год. Памёр Мацей Догель (1715-1760).

Вялікалітоўскі гісторык-археограф і правазнавец. Быў рэктарам піярскага калегіума ў Вільні, заснаваў Віленскі піярскі «Калегіум Нобіліум». 

Збіральнік гістарычных і дыпламатычных дакументаў. Выдавец збора міжнародных трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», збора дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага», якія не страцілі свайго значэння.

1805 год. У Мсціславе нарадзіўся Сцяпан Кутарга (1805–1861). 

Геолог, прыродазнавец, картограф, падарожнік, стваральнік і першы старшыня Пецярбургскага мінералагічнага таварыства, прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта, Галоўнага педагагічнага інстытута. Першы ў Расіі дарвініст і папулярызатар дарвінізму, папулярызатар навукі сярод шырокіх мас. Доктар медыцыны.

Распрацоўшчык шматлікіх пытанняў геалогіі, геалагічных экскурсій.

Аўтар шміатлікіх прац, у тым ліку “Гісторыя зямной кары”, 10-вёрстнай геагнастычнай карты Пецярбургскай губерніі, за якую атрымаў залатую Канстанцінаўскую медаль Рускага Геаграфічнага таварыства

Загадчык кафедры заалогіі Пецярбургскага ўніверсітэта (1833-1861), настаўнік будучага акадэміка К Ціміразева.

Памёр 7 мая 1861 года.

1852 год.  М. Гогаль спаліў у Маскве другі том “Мёртвых душ”. 

Гогаль жыў сваёй творчасцю, дзеля якой ён вырак сябе на беднасць. Уся яго маёмасць абмяжоўвалася “самым маленькім чамаданам”. Другі том “Мёртвых душ” – галоўная праца жыцця пісьменніка. Аднак у жыцці пісьменніка наступіў пераломны момант, калі з’явілася хвароба – псіханеўроз. Уноч на 24 лютага ён паклікаў свайго слугу Сямёна і загадаў прынесці партфель з рукапісам  працягу “Мёртвых душ”.

Пад маленні слугі не губіць рукапіс, Гогаль паклаў сшыткі рукапіса ў камін і падпаліў іх свечкай.

Але праз 20 гадоў пасля гэтага, з Магілёва-на-Дняпры ў сталіцу паступіў па пошце ліст, які ўвосень 1872 года зрабіў эфект разарванай бомбы не толькі ў рэдакцыі часопіса “Руская даўніна”, якому быў адрасаваны, але і ва ўсім Санкт-Пецярбургу і нават сярод чытачоў з усёй Расіі. 

Гісторыя містыфікацыі такая. Яшчэ ў студзені ў часопісе былі апублікаваны быццам бы “новыя ўрыўкі і варыянты” другой часткі “Мёртвых душ” М. Гогаля, якую перад самай смерцю пісьменнік спаліў. Як паведамляла рэдакцыя, сёе-тое нібыта захаваў у копіях стары прыяцель Гогаля па гімназіі Пракаповіч, які перадаў іх свайму калегу па педагагічнай працы магілёўскаму “палкоўніку М.Ф. Я-му”. Гэты “палкоўнік” – магілёўскі дарожна-маставы інжынер М. Ястржэмбскі, які потым прызнаўся, што сам з’яўляецца аўтарам працяга “Мёртвых душ”, а не Гогаль.

1922 год. Памёр ураджэнец в. Добасна (зараз – Кіраўскі раён) Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі). 

Беларускі празаік, публіцыст, фельетаніст, драматург, паэт, перакладчык, літаратуразнавец, палітык, адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы.

Яго літаратурная творчасць шматжанравая. Вядомы як аўтар аднаго з першых беларускіх раманаў, баек у прозе, лірычнага апавядання, сатырычнай замалёўкі, дарожных нататкаў, фельетона, мастацкай публіцыстыкі, мемуараў. 

Вялікае значэнне для станаўлення буйной празаічнай формы беларускай літаратуры меў яго раман «Золата». Яго творчасць адыграла значную ролю ў фарміраванні норм беларускай літаратурнай мовы, удасканаленні сістэмы яе стылістычных сродкаў, пашырэнні выяўленчых магчымасцей.

У 1910 годзе ажыццявіў пешую вандроўку па Беларусі. У сваіх падарожных нататках, апублікаваных у «Нашай Ніве» пад назваю «Лісты з дарогі», распавядаў пра мястэчкі і вёскі, цікавых людзей, разважаў над эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі беларускага сялянства, пра родную мову і народную асвету.

Пахаваны ў Вільні на могілках Росы на літарацкай горцы.

1935 год. Нарадзіўся Рыгор Барадулін

Беларускі паэт, эсэіст і перакладчык. Вядомы таксама як Дзядзька Рыгор. Апошні, хто атрымаў званне «Народны паэт Беларусі».

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газетах, часопісах, выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура» (рэдактар, загадчык рэдакцыі).

Адзін са стваральнікаў, прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра, член Сойма БНФ, сукіраўнік Беларускага Фонду Сораса, суарганізатар Усебеларускага з’езда за незалежнасць (2000 год).

Аўтар вершаў, паэтычных кніг, 100 зборнікаў, сатырычных і гумарыстычных твораў, эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва, шаржаў, перакладаў, твораў для дзяцей, кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша», кнігі «Вушацкі словазбор Рыгора Барадуліна» (лепшая кніга 2013 года па версіі газеты «Наша Ніва»).

Творчасць паэта вызначаецца разнастайнасцю жанраў, вобразна-стылявых сродкаў, яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, багаццем моўнай палітры.

Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984, 1996–2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.

У яго творах адкрываецца жывая крыніца хараства мовы і мудрасці народа, яго традыцый і звычаяў, своеасаблівай натурфіласофіі.

Перакладаў на беларускую мову Я. Райніса, Ф. Гарсія-Лорку, І. Драча, Г. Містрал, Амара Хаяма, «Слова пра паход Ігараў», У. Шэкспіра, Дж. Байрана, А.Міцкевіча і іншых.

Песні на яго вершы напісалі А. Камоцкі, І. Барсукоў, Г. Вагнер, З. Галубіцкая, Я. Глебаў, У. Журовіч, М. Наско, Дз.Смольскі, М. Хаўхлянцаў і іншыя.

Узнагароджаны ордэнамі СССР, Латвіі, медалем Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. У 2006 годзе быў намінантам на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры.

Яму прысвечана аповесць «Ладдзя Роспачы» У. Караткевіча.

Памёр 2 сакавіка 2014 года. Пахаваны ва Ушачах.

У гонар Народнага паэта ўстаноўлены мемарыяльная дошка ў Мінску, помнік ва Ўшачах.

1963 год. Нарадзіўся Алесь Макарэвіч. 

Беларускі літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар МДУ імя А. Куляшова.

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце працуе з 1984 года. У 2001–2015 гадах з’яўляўся загадчыкам кафедры беларускай літаратуры.

Даследуе гісторыю беларускай лiтаратуры, паэтыку мастацкага тэксту, гістарычную рухомасць мастацкага тэксту, пытанні методыкі выкладання беларускай літаратуры, польскай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй i вышэйшай адукацыі.

Аўтар больш за 170 навуковых i вучэбна-метадычных публікацый.

2022 год. Расія пачала ваеннае ўварванне ва Украіну.

Кампанія была развязана пасля нарошчвання вайсковай моцы, прызнання Расійскай Федэрацыяй самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Урадам Расіі пазначана як «спецыяльная ваенная аперацыя» па “дэнацыфікацыі”. Прэзідэнт Украіны У. Зяленскі перакананы, што галоўная мэта праціўніка – ліквідацыя Украіны як дзяржавы.

За першыя 100 дзён вайны амаль 14 мільёнам украінцаў давялося пакінуць свае дамы.

У справаздачы ААН гаворыцца, што з 24 лютага 2022 па 15 лютага 2023 года зафіксавана 21 293 выпадкі гібелі або ранення грамадзянскіх асоб у 1 141 населеных пунктах Украіны: 8 006 загінуўшых і 13 287 параненых,

Нават калі ўлічваць толькі пацверджаныя дадзеныя, сукупныя страты тых, хто ваюе на баку Расіі, могуць перавысіць 43 000 чалавек загінуўшымі. З улікам параненых агульныя страты прарасійскіх сіл могуць перавышаць 193 000 чалавек.

Па ацэнцы выведкі ЗША, агульныя страты Расіі ва Ўкраіне на канец студзеня 2023 года перавысілі 188 000 чалавек.

Генштаб Украіны ацэньвае страты Масквы ў больш за 145 000 чалавек. Але міністэрства абароны Расіі свае страты ацэньвае каля 10 000 забітымі.

На 22 лютага 2023 года, паводле украінскіх дадзеных, знішчана расійскіх танкаў – 3334, баявых машын – 6569, артылерыі – 2345, рэактыўных сістэм – 471, сродкаў супрацьпаветранай абароны – 243, самалётаў – 299, верталётаў – 287, беспілотных апаратаў – 2026, крылатых ракет – 873, караблёў і катэраў – 18, аўтамабіляў і аўтацыстэрн – 5212, спецтэхнікі – 226, асабовага складу – каля 145 060 чалавек. 

Страты ўкраінскіх войск, паводле розных крыніц, – да 13 000 забітымі, разам з параненымі – каля 100 000.

Быдгашч. Акцыя салідарнасці з Украінай, 24 лютага 2022 года

Спякотны люты ў Еўропе

Рэха спякоты адгукнецца на беларускіх выходных, праўда, у значна мяккай форме

Магілёўцаў, як і усіх беларусаў, магчыма, уразілі маразы апошніх двух сутак. А вось Еўропу ўразіла зімовая спякота. 

У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе – як паведамляе climatebook, з сярэдзіны лютага ўсталяваліся экстрэмальна высокія для зімы тэмпературы паветра. 

У Германіі 18 лютага тэмпература паветра перавысіла +20°C нават у раёнах з адноснай вышынёй больш за 700 м над узроўнем мора. 

У Аўстрыі, у Інсбруку тэмпература паветра дасягнула +21,7 °C  – рэкорд зімы, самы гарачы зімовы дзень у гісторыі Ціроля. 

Францыі слупок тэрмометра падняўся вышэй за +23°C, гэта адзін з самых засушлівых перыядаў у гісторыі краіны.

Першая хваля зімовай цеплыні ў Еўропе прыйшла пад Новы 2023 год.

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і яе надвор’е фарміруецца пад ўздзеяннем паветраных мас, якія прыходзяць, як з Захаду, у большай ступені, так і з Усходу, Поўначы і Поўдня. Амаль, як у палітыцы.

Адразу 100 трунаў з салдатамі дастаўлена ў Новасібірск, але выдаюць не больш за два трупы ў дзень

У сувязі з тым, што ў рэгіёны Расійскай Федэрацыі прыходзіць вельмі шмат целаў забітых ва Украіне вайскоўцаў, выдачу трунаў абмежавалі двума ў дзень – дзеля таго, каб не “выклікаць панічных настрояў” у насельніцтва. 

Па меры таго, як страты расійскай арміі ва Украіне памнажаюцца, і ў цынкавых трунах вяртаюцца дадому целы як прафесійных вайскоўцаў, так і мабілізаваных, улады ўводзяць абмежаванні на выдачу памерлых, баючыся ўсплёску сацыяльнай незадаволенасці – паведамляе рэсурс The Moscow Times.

Моргі расійскіх рэгіёнаў атрымалі інструкцыю аб “дазаванай” выдачы сваякам целаў тых, хто загінуў ва Украіне, каб не пасеяць паніку, паведамілі выданню крыніцы ў рэгіянальным урадзе аднаго суб’екта РФ, а таксама супрацоўнікі морга.

Так, па словах чыноўніка, які знаёмы з сітуацыяй у Паўночнай Асеціі, існуе загад “выдаваць не больш за два трупа ў дзень”.

Супрацоўнік морга ў Арэнбургу ўдакладняе, што вуснае ўказанне прыйшло ад кіраўніцтва ў гарадскім аддзеле аховы здароўя: 

– У нас невялікі горад, калі раздаць так шмат мёртвых сваякам – гэта стварыць паніку… Акрамя таго, яны хацелі пазбегнуць сітуацыі, калі сваякі ў чарзе за памерлымі стваралі б натоўп каля перапоўненага морга. 

У лютым страты расійскай арміі дасягнулі маштабу, якога з пачатку вайны яшчэ не было. Спрабуючы захапіць Угледар і прарваць украінскі фронт да гадавіны пачатку вайны, расійскія генералы давялі страты арміі да 500 чалавек у дзень – заявіў міністр абароны Велікабрытаніі Бэн Уоллес. 

Учора абляцела сець інфармацыя пра прыбыццё ў Навасібірск сотні трунаў расійскіх салдат і афіцэраў. 

Паводле заходніх дадзеных, да пачатку лютага 2023 года расійская армія страціла амаль 200 тысяч чалавек забітымі і параненымі ва Украіне. Гэта больш, чым колькасць вайсковай групоўкі, якую прэзідэнт Уладзімір Пуцін сабраў год таму для ўварвання 24 лютага 2022 года.

Фота з адкрытых крыніц.

23 лютага. Дзень у гісторыі. Дзень абаронцаў. Нарадзіліся мастак К. Малевіч, філосаф Я. Бабосаў, актор А. Янкоўскі

Дзень абаронцаў Айчыны.

Паводле папулярнай версіі, 23 лютага – дзень стварэння Чырвонай Арміі. Але гэта не так, таму што дэкрэт пра стварэнне добраахвотніцкай Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі Ленін падпісаў амаль на месяц раней – 28 студзеня 1918 года.

Па другой версіі, у гэты дзень пад Псковам былі спынены і разбіты германскія войскі, якія ішлі на Петраград – “калыску рэвалюцыі”. Аднак на самай справе 23 лютага пад Псковам не было ні баёў, ні перамогі.

Трэцяя версія, больш пераканаўчая: бальшавікі прыдумалі свята 23 лютага для таго, каб людзі забыліся пра буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая скінула цара. Яна пачалася 23 лютага 1917 года.

І што важна: ніводная з гэтых версій не мае дачынення да Беларусі.

А яшчэ 23 лютага – дзень стварэння Беларускай краёвай абароны (23 лютага 1944-28 красавіка 1945 года).

1766 год. Памёр Станіслаў Ляшчынскі. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1704–1706, 1733).

У Рэчы Паспалітай было адразу два выбраныя і ўмоўна легетымныя каралі: С. Ляшчынскі і Аўгуст ІІ Моцны. Войскі Пятра ўвайшлі ў Рэч Паспалітую, рабуючы ВКЛ, з мэтай вярнуць карону Аўгусту і перашкодзіць прасоўванню шведаў да межаў Расіі.

У 1733 годзе пасля смерці Аўгуста II было абвешчанае чарговае беcкаралеўе, і Ляшчынскі атрымаў магчымасць заняць каралеўскі сталец з дапамогай Францыі. Аднак супраць была Расія. 

5 кастрычніка 1733 года ў Кракаве з дапамогай расійскіх войскаў быў абраны новы кароль Аўгуст Саксонскі, які і быў неўзабаве каранаваны.

1878 год. Нарадзіўся Казімір Малевіч. 

Тэарэтык мастацтва, дызайнер–мастак–авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму – кірунку ў абстрактным мастацтве.

У 1919–1922 гадах выкладаў у Народнай мастацкай школе ў Віцебску.

На пачатку 1900–1910-х гадоў імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму, потым перайшоў да супрэматычных кампазіцый, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў («Чорны квадрат», «Чырвоны квадрат»). 

З дапамогай прасторавых кампазіцый («архітэктонаў») вывучаў фармальную мову пластычных мастацтваў, ствараў праекты побытавых рэчаў, малюнкі для тэкстыля і іншыя. У 1918 стварыў афармленне першай пастаноўкі «Містэрыі-буф» У. Маякоўскага.

Аўтар мастацтвазнаўчых прац «Ад кубізму да супрэматызму», «Супрэматызм» і іншых.

Cамая дарагая карціна ў гісторыі – «Супрэматычная кампазіцыя» – напісана менавіта Малевічам.

Памёр 15 мая 1935 года.

1880 год. Памёр Фёдар Глінка. 

Пісьменнік, публіцыст, афіцэр, удзельнік дзекабрысцкіх таварыстваў.

Удзельнік Айчыннай вайны 1812 года, член «Саюза выратавання», адзін з кіраўнікоў «Саюза дастатку». 

Аўтар вайсковага дзённіка «Лісты рускага афіцэра» (1815–1816), працы «Досведы святой паэзіі», вершаў «Тройка» і «Вязень», якія сталі папулярнымі песнямі.

1891 год. Нарадзіўся Міхаіл Піятуховіч. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, педагог.

Даследчык беларускай літаратуры. Член навукова-тэрміналагічнай камісіі, Інбелкульта, акадэмік, прафесар і дэкан педагагічнага факультэта БДУ.

З прычыны грубых палітычных абвінавачванняў яго навуковых апанентаў, пераехаў на педагагічную працу на Каўказ.

Арыштаваны ў 1937 годзе, прыгавораны да расстрэлу і расстраляны ў Мінску 20 снежня 1937 года.

Даследчык заходнееўрапейскай, у тым ліку французскай, беларускай літаратуры, творчасці Якуба Коласа.

Аўтар “Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры…”, даследаванняў пра фальклор, Ф. Скарыну, Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, Ядвігіна Ш., М. Чарота, К. Чорнага і іншых. 

Рэдактар-укладальнік хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі», рэдактар і аўтар уступнага артыкула да твораў П. Труса.

1907 год. Нарадзіўся Станіслаў Станкевіч. 

Беларускі літаратуразнавец, грамадскі дзеяч.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, абараніў магістарскую дысертацыю «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі». Доктарская дысертацыя абаронена па тэме «Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі».

Адзін з кіраўнікоў Таварыства прыяцеляў беларусаведы, рэдактар часопіса «Студэнцкая думка». Выкладаў у Віленскім універсітэце, працаваў у Югаславіі і Балгарыі. 

У перыяд акупацыі Беларусі быў бургамістрам Барысаўскай акругі, акруговым намеснікам Беларускай цэнтральнай рады ў Баранавічах. 

3 лета 1944 года – у Германіі. Быў першым старшынёй «Антыбальшавіцкага блоку народаў», садзейнічаў адкрыццю філіяла Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Мюнхене, працаваў у беларускай рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода», Інстытуце вывучэння СССР (Мюнхен). 

3 1962 жыў у ЗША. Старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання, рэдактар газеты «Беларус». Аўтар кнігі «Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 1960-х гг.».

Памёр 6 лістапада 1980 года. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.

Станіслаў Станкевіч разам з М. Шчорсам і Н. Арсенневай падчас шпацыру па вуліцы Вільні. Другая палова 1930-х гадоў.

1931 год. Нарадзіўся Яўген Бабосаў. 

Беларускі філосаф, сацыёлаг, палітолаг і культуролаг. Акадэмік НАН Беларусі. Доктар філасофскіх навук, прафесар.

Скончыў БДУ. Працаваў у БДУ, Мінскім медыцынскім інстытуце,  Інстытуце павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ, дырэктарам Інстытута філасофіі і права АН БССР (1977–1989). Заснавальнік (1990) і дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.

Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследаванняў сацыяльных аспектаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, духоўнага свету чалавека ў адзінстве з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. 

Даследуе асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-стратыфікацыйнага і сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў.

Аўтар звыш 820 навуковых прац, у тым ліку 36 манаграфій, 15 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па сацыялогіі і канфлікталогіі.

Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Быў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (1993), Сацыялістычнай партыі Беларусі (1994).

1942 год. У в. Сталяры Асіповіцкага раёна нарадзіўся Анатоль Багдановіч.  

Беларускі эканамгеограф, буйны спецыяліст у галіне размяшчэння вытворчых сіл і рэгіянальнай эканомікі. Кандыдат геаграфічных навук. 

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. 

Працаваў у розных навукова-доследных установах эканамічных інстытутах, першым намеснікам дырэктара Навукова-доследнага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі.

Прымаў удзел у распрацоўцы схем развіцця і размяшчэння вытворчых сіл Беларусі на розныя перыяды, займаўся распрацоўкай палітыкі Праграмы перахода да рынкавай эканомікі, комплексных прагнозаў сацыяльна – эканамічнага развіцця на розныя перыяды, Праграмы структурнай перабудовы эканомікі Беларусі, Канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь, розных іншых праграм.

Аўтар больш за 200 навуковых прац у галіне эканомікі, эканамічнай геаграфіі, у тым ліку манаграфіі «Города Беларуси. Краткий экономический очерк», 16 кніг, 4 брашур.

1944 год. Нарадзіўся Алег Янкоўскі. 

Савецкі акцёр тэатра і кіно, рэжысёр. Народны артыст СССР. Лаурэат Дзяржаўных прэмій СССР,  Расіі (дзве). Уладальнік Прэміі «Ніка».

Яго бацька паходзіў з польскай шляхты беларускіх зямель. Нарадзіўся ў Джэзказгане, куды быў сасланы бацька.

Некаторы час жыў са старэйшым братам Расцілавам у Мінску, тут дэбютаваў на сцэне тэатра. Скончыў Саратаўскае тэатральнае вучылішча. Працаваў у Саратаўскім драматычным тэатры, у Маскоўскім тэатры «Ленком».

Сярод роляў: барон Мюнхгаўзен («Той самы Мюнхгаўзен»), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф. Дастаеўскага), Трыгорын («Чайка» А. Чэхава), Гамлет («Гамлет» У. Шэкспіра), Аркадзь Бурмін («Хлопец з нашага горада» К. Сіманава), Берынг («Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага) і іншыя.

3 1968 года здымаўся ў кіно: «Шчыт і меч», «Служылі два таварышы», «Я, Францыск Скарына…», «Зорка чароўнага шчасця», «Звычайны цуд», «Той самы Мюнхгаўзен», «Закаханы па ўласным жаданні», «Забіць дракона» і шматлікія іншыя.

Памёр 20 мая 2009 года.

1947 год. Нарадзіўся Алесь Жук. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Літаратурных прэмій імя І. Мележа, імя Якуба Коласа.

Скончыў БДУ. Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у часопісе «Маладосць», у часопісе «Полымя», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Нёман» і «Беларусь».

Аўтар апавяданняў, кніг, зборнікаў прозы. Паводле «Зоркі над палігонам» зняты мастацкі фільм «Палігон», «Паляванне на Апошняга Жураўля» – у тэатры імя Я. Купалы пастаўлены спектакль, знята мастацкая кінастужка.

А. Жук адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.

Памёр 15 кастрычніка 2022 года.

1979 год. Памёр ураджэнец Віцебска Міхаіл Натарэвіч.

Савецкі жывапісец і педагог. Вучань Ю.  Пэна.

Выкладаў у Ленінградскіх інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры, Вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы імя В. Мухінай.

Пісаў жанравыя і гісторыка-рэвалюцыйныя кампазіцыі, партрэты, пейзажы. Працаваў у тэхніцы алейнага і тэмпернага жывапісу.

Яго творы знаходзяцца ў Дзяржаўным Рускім музеі, у іншых музеях і прыватных зборах у Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША і іншых краінах.

Памёр 23 лютага 1979 года ў Ленінградзе.