Калі не выпусціць выпадкова спайманую рыбіну назад у вадаём, пагражае штраф да 1 824 рублёў.
Мянтуз ці мянёк (па-руску – налим), гэта адзіны прадстаўнік сямейства трасковых, які аблюбаваў для жыцця прэснаводныя вадаёмы (усе астатнія віды пражываюць у салёнай вадзе). Мянтуз ва ўсіх адносінах дзіўная рыба, мала падобная на іншых прадстаўнікоў іхтыяфауны. Яна мае некалькі “рэліктавую” знешнасць: аб старажытным паходжанні гэтага віду кажа падоўжаная форма цела, мудрагелістае размяшчэнне плаўнікоў і характэрная галава з выяўленымі няпарнымі “вусамі”. Таксама для гурманаў рыбіну выдзяляе незвычайны смак мяса і звышкаштоўная пячонка, што ўтрымлівае шмат тлушчу і вітамінаў.
Для захавання рыбных рэсурсаў і стварэння спрыяльных умоў ўзнаўлення гэтай рыбы ў беларускіх вадаёмах, ва ўсіх рыбалоўных угоддзях з 25 снежня 2022 па 28 лютага 2023 г усталёўваецца забарона на лоўлю мянтуза.
Гэта звязана з тым, што ў снежні, пасля замярзання вадаёмаў і паніжэння тэмпературы вады да +1°С, пачынаецца масавы рух мянтуза на нераст. Нераст працякае больш актыўна пры вялікіх маразах, падчас адлігі можа расцягвацца больш чым на месяц.
Калі ў тэрміны забароны рыбалову ўсё ж трапіўся мянтуз, то ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, рыба павінна быць выпушчана ў жывым выглядзе ў асяродак яе праывання, дзе была вылаўлена.
У выпадку незаконнай здабычы мянтуза ў перыяд забароны, парушальнік павінен будзе заплаціць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю ў памеры 27 базавых велічынь, што складае 864 рублі, (за кожную канфіскаваную асобіну).
Акрамя таго, парушальнік будзе пакараны ў выглядзе адміністрацыйнага штрафу па ч.1 арт.16.25 КаАП Рэспублікі Беларусь у памеры да 30 базавых велічынь, што складае 960 рублёў.
Найбольш верагодныя пляцоўкі пад новую станцыю – на Магілёўшчыне.
Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч напярэдадні прафесійнага свята ўзгадаў пра перспектывы развіцця атамнай станцыі ў Беларусі. Прычым нічога прынцыпова новага не сказаў, толькі канстатаваў, што матэрыялы ўсебакова разгледжаны органамі дзяржкіравання і Нацыянальнай акадэміяй навук, міністэрствамі энергетыкі, эканомікі, “пытанне будаўніцтва трэцяга энергаблока або новай станцыі … адчувальнае і актуальнае. Гэта прадмет далейшага аналізу і правядзення пошукавых работ”.
Нагадаем, што год таму, 22 снежня 2021 года калі адбылася загрузка ядзернага паліва ў другі энергаблок БелАЭС, прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ўпершыню заявіў, што прапрацоўваецца пытанне аб будаўніцтве яшчэ адной атамнай электрастанцыі ў іншым рэгіёне Беларусі. Галоўчанка абяцаў, што прапанова будзе ўнесена на разгляд Лукашэнкі не пазней за восень 2022 года.
Праекты будавання АЭС далёка не танныя. БелАЭС разам з інфраструктурай абыходзіцца ў 9-10 млрд даляраў (Расія прадставіла крэдыт у 10 млрд). А на сёння ВУП краіны каля 60 млрд. Ды і эфектыўнасць пакуль мізерная.
Першы энергаблок пры вялізарных укладаннях за 2 гады працы (з 3 лістапада 2020 года) выпрацаваў 10,4 млрд кВт·г электраэнергіі, то бок па 5,2 млрд кВт/г на год. Для параўнання, адна толькі Лукомская ДРЭС у год выпрацоўвае 9-10 млрд кВт/г.
Беларуская АЭС будуецца з 2013 года пад Астраўцом Гродзенскай вобласці ў непасрэднай блізкасці з мяжой з Літвой (да Вільнюса 40 км). Працуюць два вода-вадзяныя рэактары расійскай вытворчасці сумарнай магутнасцю 2400 МВт. Першы блок працуе з 3 лістапада 2020 года, другі блок плануюць запусцяць толькі на пачатку 2023 года. Пасля ўвядзення другога блока на БелАЭС плануецца выйсці на 30% у выпрацоўцы электраэнергіі.
Як і год назад, на сёння чыноўнікі не ўносяць ніякай яснасці у пытанні і толькі яшчэ больш напускаюць флёру і загадкавасці: ці патрэбны нам новыя магутнасці атамнай энергетыкі? Дзе браць сродкі на будоўлю? Дзе будзе выкарыстана атрыманая энергетыка? Якія краіны будуць купляць беларускую электраэнергію? Ці падрыхтавана насельніцтва, прадпрыемствы да спажывання такой колькасці электраэнергіі? Дзе плануецца будаўніцтва новай АЭС? У якім рэгіёне Беларусі? Якія перадумовы для гэтага?
Беларусь і атамка
У адкрытым у 1965 годзе Інстытуце ядзернай энергетыкі ў пасёлку Сосны пад Мінскам была распрацавана першая ў свеце перасовачная АЭС. Беларускую ж АЭС планавалася будаваць у канцы 1970-пачатку 1980-х. Разглядалася пляцоўка каля п. Брожа Бабруйскага раёна. Па рашэнні ЦК КПСС і Савета міністраў СССР 1971 года АЭС магла быць пабудавана на возеры Снуды (Браслаўскія азёры), але супраць саюзных планаў выступаў П. Машэраў і АЭС пабудавалі ў 50 км на захад.
Так з’явілася Ігналінская АЭС (г. Вісагінас Ігналінскага раёна; два блокі), якая пачала будавацца ў 1975 годзе, працавала ў 1983-2009 гадах і выкарыстоўвала воды браслаўскага возера Дрысвяты (па-літоўску Друкшай) для ахаладжэння рэактараў. Літва планавала будаваць у 2015–2021 гадах новую АЭС – Вісагінскую, але насельніцтва выказалася супраць гэтых планаў.
У канцы 1970-х-1980-х гадах разглядаліся варыянты размяшчэння АЭС у Бярозаўскім, Столінскім, Рагачоўскім, Віцебскім, Аршанскім, Чашніцкім раёнах. Асабліва перспектыўнай была пляцоўка на возеры Сялява ў Крупскім раёне.
У 1983 годзе за 30 км ад Мінска, каля Рудзенска, пачала будавацца атамная цеплаэнергацэнтраль (АТЭЦ). Да 1986 года станцыя была гатова на 70%. Але пасля Чарнобыльскай катастрофы, АТЭЦ перапрафілявалі на вуглевадароднае паліва – з’явілася Мінская ЦЭЦ-5.
Першыя перспектыўныя пляцоўкі для будаўніцтва БелАЭС былі абазначаны ў 1992 годзе: крыху спала чарнобыльская радыёфобія, незалежная Беларусь сутыкнулася з праблемамі энергетычнай бяспекі, залежнасці ад расійскіх вуглевадародаў.
Ужо ў 1990-я разглядалася тэарэтычная магчымасць выкарыстання пад будаўніцтва АЭС Краснапалянскай пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці.
У 1997-1998 гадах пры чарговым абвастрэнні спрэчак з Расіяй па цэнах на энерганосьбіты зноў было ўзнята пытанне аб неабходнасці мець уласную АЭС. Да таго часу былі вызначаны больш за 70 патэнцыйных пляцовак, абследаваны 54 пляцоўкі пад АЭС.
З іх былі адабраны не больш за 6, у т. л. Краснапалянская, Кукшынаўская. Узгадваліся Дубровенская і Верхнядзвінская (Віцебская вобласць), Сяляўская (на мяжы Мінскай і Віцебскай), Астравецкая. Але ў маі 1998 г. адбыліся парламенцкія слуханні па перспектывах развіцця атамнай энергетыкі і быў уведзены 10-гадовы мараторый на будаўніцтва АЭС у Беларусі.
У 2002 годзе кіраўніцтва Беларусі сур’ёзна разглядала пытанне аб магчымасці будаўніцтва “беларускіх” энергаблокаў на адной з дзеючых расійскіх АЭС (Смаленскай, Курскай або Калінінскай).
Самыя перспектыўныя пляцоўкі – на Магілёўшчыне
Спрэчкі з Масквой з-за коштаў на энерганосьбіты працягваліся, і 25 жніўня 2005 года А.Лукашэнка падпісаў указ па Канцэпцыі энергетычнай бяспекі Беларусі, дзе ў адным з артыкулаў гаворыцца аб неабходнасці будаўніцтва ў краіне ўласнай АЭС. Тады для АЭС былі выбраны дзве кандыдатныя пляцоўкі плошчай каля 10 км2. Асноўнай з’яўлялася Краснапалянская, рэзервовай – Кукшынаўская. Гэтыя ж пляцоўкі перспектыўныя для будаўніцтва новай АЭС.
Краснапалянская пляцоўка (Чавускі раён, актыўныя даследаванні праводзіліся ў 2006 годзе) знаходзіцца ў маланаселеным раёне на стыку Чавускага, Быхаўскага і Слаўгарадскага раёнаў на мясцовасці, заражанай радыёнуклідамі ў выніку аварыі на ЧАЭС. Пляцоўка знаходзіцца ўдалечыні ад буйных паселішчаў (да Чавус і Быхава – 30 км, да Слаўгарада – 25 км, да Магілёва – 43, да мяжы з Расіяй – 62, з Украінай – 166 км), але недастаткова забяспечана водамі для астуджэння рэактара (у 5 км р. Раста шырынёй 10 м), не зусім прыдатныя грунты.
Кукшынаўская, Шклоўска-Горацкая (в. Кукшынава Горацкі раён) пляцоўка абследавалася ў 2007-2008 гадах. Ад яе да мяжы з Расіяй – 30 км, да Оршы – 31, Магілёва – 50, Горак – 14, Шклова – 33.
Пры абмеркаванні пляцовак, намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Цімашпольскі на прэс-канферэнцыі ў верасні 2007 года заявіў: “Разглядаем і палітычную падаплёку, але самае галоўнае – гэта бяспека АЭС… найбольш перспектыўнымі з’яўляюцца пляцоўкі ў Магілёўскай вобласці – Краснапалянская і Кукшынаўская”. Верагоднасць будаўніцтва АЭС на Магілёўшчыне тады складала каля 90%.
Такім чынам, можна чакаць, што ў выпадку рэалізацыі праекта па пабудове новай АЭС на Белрусі, можна чакаць, што пляцоўкай пад яе найбольш верагодна стане адна з магілёўскіх.
Доля атамнай энергетыкі ў свеце
Размовы аб развіцці атамнай энергетыкі ідуць на фоне рашэнняў еўрапейскіх краін аб закрыцці сваіх АЭС. У Еўропе толькі Венгрыя пашырае сваю АЭС “Пакш” на Дунаі.
Першы ядзерны рэактар у свеце пабудаваны ў 1942 г. у ЗША, першы па-за межамі ЗША – у 1945 г. у Канадзе, першай АЭС у СССР стала Обнінская (1954).
На сёння АЭС працуюць на ўсіх кантынентах Зямлі, за выключэннем Антарктыды, Аўстраліі. Адна АЭС працуе, нават, у Афрыцы. У свеце 450 ядзерных энергаблокаў на 190 станцыях у 35 краінах свету.
Нягледзячы на наступствы аварый на Чарнобальскай АЭС і на японскай “Фукусіме”, у свеце будуецца яшчэ каля 60 энергаблокаў.
Доля атамнай энэргіі – каля 11% сусветнай вытворчасці электраэнергіі. Пасля аварыі на ЧАЭС зачынена 196 энергаблокаў. Італія першай адмовілася ад АЭС, ад ядзернай энергетыкі адмовіліся Германія, Іспанія, Швейцарыя, Тайвань.
Самыя буйныя ў свеце АЭС – канадская «Брус-Канада» (6,3 млн КВт), паўднёвакарэйская «Коры» (6,25). Раней самымі магутнымі былі «Фукусіма» (9 млн), «Касівадзакі-Карыва» (8 млн). У Еўропе самая магутная – «Запарожская» (5,7 млн).
Лідарамі па ўдзельнай вазе АЭС у выпрацоўцы электраэнергіі з’яўляюцца Францыя (72,3%), Славакія (54), Бельгія і Украіна (па 52), Венгрыя (51, будуе новыя блокі на АЭС “Пакш”), Швецыя (40), Балгарыя і Славенія (па 35), Фінляндыя і Швейцарыя (па 34); Арменія (31), Рэспубліка Карэя (30,3). У Расіі доля атамнай энергетыкі складае каля 20% (11 АЭС). Да закрыцця Ігналінская АЭС, яна давала 97% электраэнергіі ў Літве. У Японіі доля АЭС, пасля аварыі на “Фукусіме”, упала з 31,0 да 2,2%.
Вось такі ролік пра сапраўдную еўрапейскую навагоднюю вуліцу ў адным з буйнейшых гіпермаркетаў краіны, нам прыслалі чытачы. Растварыцеся і вы ў атмасферы каляднай прыгажосці!
Паводле папярэдніх высноваў, адбыўся выбух побытавага газу. Трагедыя адбылася 17 снежня ў 03:35 па бульвары Шаўчэнкі ў Мінску.
Да месца выкліку былі накіраваны падраздзяленні МНС, першыя з якіх прыбылі праз 4 хвіліны. На момант прыезду ратавальнікаў другім паверсе адбывалася гарэнне адкрытым полымем, моцнае задымленне, людзі з вокнаў кватэраў прасілі аб дапамозе.
Пажарнымі з вышэйшых паверхаў былі выратаваны 12 чалавек, з іх 3 дзяцей. Усе выратаваныя былі перададзены брыгадам хуткай медыцынскай дапамогі для агляду. Медыкі шпіталізавалі 3-х чалавек з папярэднім дыягназам “атручэнне прадуктамі гарэння, тэрмаінгаляцыйная траўма, апёкі”.
З сумежных і вышэй размешчаных кватэр таксама былі эвакуіраваны яшчэ 10 чалавек.
Пажар ліквідаваны ў 04:08 – паведамляе прэс-служба МНС. На месцы працавалі 16 адзінак пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі, больш за 70 ратавальнікаў.
На другім паверсе і чацвёртым у кватэрах былі знойдзены 6 чалавек, сярод іх дзіця 2011 г.н. Медыкі канстатавалі іх смерць.
Зараз працуе Штаб ліквідацыі надзвычайнага здарэння, ратавальнікі аказваюць садзейнічанне следчым па высвятленні прычын здарэння, з пацярпелымі і відавочцамі таксама працуюць псіхолагі.
Акрамя версіі аб выбуху газу, у сапраўдны момант прапрацоўваецца версія, што прычынай пажару стала ўспышка пароў лёгкаўзгаральнай вадкасці. Аб гэтым сведчаць знойдзеныя ў адной з кватэр ёмістасці, у якіх, магчыма, захоўвалася гэтая вадкасць. Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа.
Дзень Святога Навума. Навум напісаў кнігу прароцтваў, якая ўвайшла ў Святое Пісанне, і якая складаецца, з 3-х частак. Святому Навуму моляцца як аб пачатку вучэння, так і аб дапамозе ў зразуменні навукі наогул. «Навум наставіць на вум». Лічылася, што гэты дзень самы прыдатны для таго, каб аддаваць падрослых дзетак вучыцца, таму Святога Навума яшчэ называюць Пісьменным.Настаўнікам у гэты дзень рабілі падарункі, частавалі іх.
1287 год. На нідэрланскім узбярэжжы Паўночнага мора адбылася катастрафічная паводка. Яе ахвярай сталі каля 50 тысяч чалавек і пасля яе засталіся вялізныя разбурэнні. Мноства вёсак патанула ў вадзе. Возера Флева пераўтварылася ў бухту Зэйдэрзэе Паўночнага мора. З прычыны страты вялікай колькасці земляў і адноснай неабароненасці ўзбярэжжаў многія жыхары перасяліліся на больш высока размешчаныя тэрыторыі.
Карты Нідэрландаў выразна перадаюць наступ Паўночнага мора.
1503 год. Нарадзіўся Настрадамус.
Вядомы французскі празорлівец, урач, алхімік, гісторык, вядомы сваімі прароцтвамі.
На працягу стагоддзяў тлумачальнікі бачаць у прароцтвах Настрадамуса нешта вельмі дзіўнае, якое выходзіць за рамкі простай выпадковасці. Аднак праходзіць час, і новыя пакаленні выяўляюць новае разуменне раней растлумачаных фраз.
Настрадамус верыў, што падзеі сусветнай гісторыі цыклічна паўтараюцца, таму што паўтараюцца планетныя канфігурацыі і адбываюцца аднолькавыя азнакі. І ён апісаў падзеі мінулага ў надзеі, што такія зноў адбудуцца ў будучыні.
Памёр 2 ліпеня 1566 года.
1708 год. Пачатак друкавання грамадзянскім шрыфтам у Расіі.
У выніку рэформы Пятра І быў зменены алфавіт, сталі выкарыстоўвацца арабскія лічбы, спрошчаны правапіс. Расійскія крыніцы поўнасцю замоўчваюць факт, што шрыфт распрацаваў ураджэнец Мсціслава, літвін Ілля Капіевіч (1651-1714), які быў першым настаўнікам Пятра I у Галандыі. Капіевіч распрацваў графалагічную сістэму на аснове шрыфта Ф. Скарыны з улікам літараў лацінскага алфавіту. Мовазнаўца Ян Станкевіч назваў гэты шрыфт капіеўкаю.
Рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы, Беларусі і Польшчы.
Выступаў супраць атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літоўскай і беларускай моў у царкоўнае жыццё.
Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (1906), газеты «Nowine Wilenskie», выдаваў газету «Kurier Litewski».
Вельмі прыхільна ставіўся да мясцовых нацыянальных рухаў, за што быў адхілены рускімі ўладамі ад кіравання Віленскай дыяцэзіяй.
З 1917 да 1931 года быў архібіскупам Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі з рэзідэнцыяй у Петраградзе.
У пачатку 1919 года арыштаваны Петраградскай ЧК. У выніку хадайніцтва папы рымскага вызвалены і адпраўлены ў Польшчу. Там працягваў рэлігійную і грамадскую дзейнасць.
Скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча, вучыўся ў М. Шагала, у майстэрні Веры Ермалаевай. Быў сябрам віцебскага авангарднага аб’яднання УНОВИС, якое стварыў К. Малевіч.
Будучы рэктарам Віцебскага мастацкага практычнага інстытута, запрасіў на працу мастакоў Юдаля Пэна, Саламона Юдовіна, Абрама Бразера, Яфіма Мініна. Быў выкладчыкам беларусазнаўства ў віцебскіх школах, Віцебскага кінатэхнікума, актыўным удзельнікам Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства.
20 кастрычніка 1937 года асуджаны па сфабрыкаванай справе «Польскай арганізацыі вайсковай» да найвышэйшай меры пакарання.
Расстраляны 4 лістапада 1937 года непадалёк ад Віцебска.
1906 год. У Мінску заснавана кніжнае таварыства «Мінчук».
Заснавана на кааператыўнай аснове для выдання і распаўсюджвання беларускіх кніг і газет Антонам Шабуняй, Уладзімірам Самойлам, Сяргеям Скандраковымі іншымі. Разам з выдавецтвам «Нашай Нівы» выдала ў 1907 годзе кірыліцай і лацінкай апавяданне Элізы Ажэшкі «Гедалі». Рыхтавала да друку «Жалейку» Янкі Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў 30 снежня 1909 года.
Фота: выдавец Антон Шабуня.
1911 год. Экспедыцыя Руаля Амундсена дасягнула Паўднёвага полюса.
Амундсен з чатырма таварышамі першым дасягнуў Паўднёвага полюса Зямлі і паставіў там сцяг Нарвегіі.
У паход яго каманда выступіла 19 кастрычніка з 85-й паралелі на чатырох нартах, у якія запрэглі 52 сабакі. Пераадолець ім прыйшлося 1500 км – праз хрыбты вышынёй 2300-3300 метраў пры тэмпературы каля 40°C і моцных вятрах. Па дарозе туды і назад падарожнікі забілі 40 сабак, з іх варылі суп сабе і іншым сабакам, якія яшчэ маглі працаваць у запрэжках. На полюсе нарвежцы паставілі палатку, дзе дазволілі сабе тры дні адпачынку, а потым адправіліся назад і дабраліся да базы дакладна ў дзень, указаны ў графіку Амундсена. Праз месяц да Паўднёвага полюса дабраўся англійскі палярнік Роберт Скот, каб пабачыць пакінуты яго супернікам нарвежскі сцяг.
Беларускі міколаг і фітапатолаг, акадэмік, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.
Працаваў у розных навуковых і навучальных установах, у БДУ, дырэктарам Інстытута біялогіі, Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства і плодаагародніцтва, загадчыкам лабараторыяй у Інстытуце эксперыментальнай батанікі АН БССР.
Яму належаць працы па фітапаталогіі сельскагаспадарчых культур, біялогіі пашырэння ўзбуджальнікаў хвароб збожжавых і бабовых культур, бульбы, таматаў.
Аўтар больш за 600 навуковых прац, у тым ліку 23 манаграфій, шэрагу патэнтаў.
Памёр 27 красавіка 1993 года.
1947 год. Прынята Пастанова Савета Міністраў СССР і ЦК ВКП(б) “Аб правядзенні грашовай рэформы і адмене картак на харчовыя і прамысловыя тавары”.
Згодна з гэтым дакументам усе наяўныя грошы грамадзян і арганізацый павінны былі абменьвацца на новыя купюры ўзору 1947 года ў суадносінах 1:10. Безнаяўныя грошы падлягалі абмену на льготных умовах. Уклады да 3000 рублёў заставаліся без змены; да 10 000 рублёў мяняліся па курсе 3:2; больш за 10 000 рублёў дзяліліся на тры часткі: першая – 3 000 рублёў, абменьвалася 1:1, другая – 7 000 – 3:2, астатняя частка ўкладу – звыш 10 000 – 2:1.
Рэформа вельмі істотна паўплывала на эканоміку СССР. Змяншэнне грашовай масы прыкладна ў 2,5 раза павысіла пакупную здольнасць рубля, а цэны на харчовыя тавары на працягу наступных 7 гадоў зменшыліся на 47%.
Гэта быў гадзіннік «Заря» – самы маленькі і вытанчаны з тых, якія вырабляліся ў СССР. Яго рысунак быў перададзены з Пензенскага гадзіннікавага завода. Мінскі завод – 14-ы у СССР па выпуску гадзіннікаў, вядомы сваімі гадзіннікамі «Луч», «Заря» і «Вымпел».
Фота: Гадзіннікі “Луч”
2019 год. Памёр Уладзімір Цыплакоў (1969-2019).
Прафесійны беларускі хакеіст.
У складзе зборнай Беларусі гуляў на 6 чэмпіянатах свету і дзвух Алімпіядах (1998, 2002), быў найлепшым нападнікам.
Быў першым беларусам, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў замацаваўся ў НХЛ. Праз год пасля яго загуляў Руслан Салей, у 2000-я з’явіліся Міхаіл Грабоўскі і браты Касціцыны.
Пасля заканчэння кар’еры хакеіста працаваў трэнерам, узначальваў мінскае «Дынама».
Выступаючы перад Рэспубліканскім саветам па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыіі Лукашэнкі яе кіраўнік Ігар Сергеенка заявіў, што будзе «разгледжана пытанне транслітарацыі ў геаграфічных назвах вуліц і населеных пунктаў з выкарыстаннем рускай мовы”, бо быццам бы “паступаюць звароты грамадзян па гэтым пытанні, і мы вырашылі разгледзець яго і ўнесці яснасць, як далей выкарыстоўваць рускую мову ў назвах вуліц, населеных пунктаў, у транспарце».
Наш каментар. Цяжка зразумець ход думак чыноўнікаў, але хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тое, што камусьці не даспадобы назвы вуліц і населеных пунктаў на беларускай мове і іх дубліраванне на лацінцы. Але тут нюанс: няма ў Беларусі рускіх назваў населеных пунктаў – усе яны беларускія.
Падача назваў на лацінцы – нармальная сусветная з’ява, тым больш што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, на перакрыжаванні шляхоў зносін.
Усе такія назвы на лацінцы рабіліся паводле “Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта”— метада запісу лацінскім пісьмом беларускіх геаграфічных назваў.
Сама Інструкцыя была ўхвалена пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь за № 15 ад 23 лістапада 2000 года. Апошнія змены ў яе ўносіліся 11 чэрвеня 2007 года.
У лютым 2013 года інструкцыя была рэкамендаваная Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у якасці міжнароднай сістэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў.
Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с.
Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с.
Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с.
Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. —Мн.: Тэхналогія, 2004.—469 с..
Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с.
Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с.
Усе назвы нарматыўных даведнікаў даваліся на беларускай мове кірыліцай, лацінкай і на рускай мове і ніякай асаблівай крытыкі не выклікалі, а наадварот былі ўхвалены, як узорныя, ААН.
Калі будуць зрусіфікаваны назвы населеных пунктаў краіны, то будзе поўнасцю разбурана нацыянальная тапанімічная прастора, якая з’яўляецца элементам гістарычнай спадчыны.
Спяшацца з высновамі не будзем, трэба выслухаць мовазнаўцаў з акадэмічных інстытутаў, членаў тапанімічных камісій пры Савеце Міністраў і Акадэміі навук.
У ісламскай рэспубліцы ўжо трэці месяц працягваюцца масавыя пратэсты. І ўпершыню ўлады публічна расстралялі чалавека, які быў асуджаны за траўму ахоўніка нажом.
Як паведамляе SOURCE: NEWS AGENCIES, 23-гадовы Шэкары быў арыштаваны 25 верасня, праз тыдзень пасля таго, як у Іране адбыліся акцыі пратэсту пасля смерці 22-гадовай Махсы Аміні. Яе затрымалі нібыта за тое, што яна не прытрымлівалася абавязковага ў Іране дрэс-кода для жанчын.
Пратэсты і масавыя беспарадкі супраць дзяржаўнага ладу Ірану пачаліся 16 верасня 2022 года, пасля навіны аб гібелі Махсы Аміні, якая была забітая камянямі Павучальным патрулём за “неналежнае нашэнне хіджабу”.
Расстраляны Мохсен Шэкары быў асуджаны за “вядзенне вайны супраць Бога”, а канкрэтна за тое, што нібыта напаў на супрацоўніка службы бяспекі з доўгім нажом і параніў яго ў плячо, а затым дапамагаў перакрыць вуліцу ў цэнтры Тэгерана. 20 лістапада Шэкары атрымаў свой смяротны прысуд, які быў здзейснены неўзабаве пасля таго, як быў падтрыманы Вярхоўным судом краіны.
Апошні смяротны прысуд, які звязаны з пратэстамі, адбыўся ў аўторак, калі пяць чалавек былі асуджаныя на расстрэл нібыта за забойства члена ваенізаванай прыўладнай структуры. Яшчэ 11, у тым ліку трое непаўналетніх атрымалі працяглыя тэрміны турэмнага зняволення. Іранскія ўлады паабяцалі хутка разглядаць справы, звязаныя з “беспарадкамі”. Так яны апісваюць інцыдэнты, звязаныя з пратэстамі.
Amnesty International папярэдзіла ў пачатку гэтага месяца, што па меншай меры 28 чалавек могуць сутыкнуцца з расстрэлам у Іране ў сувязі з пратэстамі, заявіўшы, што “улады выкарыстоўваюць смяротнае пакаранне як інструмент палітычных рэпрэсій, каб спыніць папулярнае паўстанне”.
У мінулым месяцы Савет па правах чалавека ААН прагаласаваў за стварэнне місіі па высвятленні фактаў пераследу ў Іране ўдзельнікаў пратэстаў, але Тэгеран заявіў, што не будзе супрацоўнічаць з ёй з-за яе “палітычнага” характару.
Па дадзеных Белгідрамета 7 снежня аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі з-за галалёда і галалёдзіцы.
Перапады тэмператур і ападкі спрыяюць з’яўленню галалёда на дарогах, пагэтаму кіроўцам неабходна выбіраць бяспечную хуткасць руху, мінімальна зніжаючы яе пры пад’ездзе да пешаходных пераходаў, прыпынкаў і скрыжаванняў.
Аматарам хуткай язды трэба адмовіцца ад абгонаў і рэзкіх манёўраў на праезжай частцы.
Пешаходам, у сваю чаргу, варта перахадзіць дарогу толькі ў спецыяльна адведзеных месцах і акуратна яе перасякаць.
Не менш важна звяртаць увагу на абледзяненне ходнікаў і пешаходных дарожак, каб пазбегчы непажаданых траўм.
Беларуская дзяржаўная лясная ахова напярэдадні навагодніх святаў пяройдзе на ўзмоцнены рэжым працы. Будзе патрулявацца ўвесь лясны фонд. Гэта робіцца для апераджэння правапарушэнняў, звязаных з нарыхтоўкай соснаў і елак. Паведамляецца, што распараджэнні службы ёсць сродкі відэа- і фотафіксацыі.
За незаконную нарыхтоўку навагодніх дрэў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Штраф для фiзiчнай асобы можа скласці да 30 базавых велiчынь. Парушальнік будзе абавязаны пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, за ссечанае дрэва.
Фота ўзята з адкрытых крыніц і мае ілюстрацыйны характар.