На нудысцкім пляжы ў Нідэрландах забаранілі публічны сэкс

“Ніякага сэксу на пляжы, калі ласка” – звярнуліся ўлады горада Верэ да аматараў нудызму на пляжы Араньезон.

У горадзе Верэ на поўдні Нідэрландаў пачалася кампанія па адгаворванні наведвальнікаў нудысцкіх пляжаў ад сэксу на пляжы і ў дзюнах.

Муніцыпалітэт Верэ выставіў восем новых таблічак на пляжы, дзе гасцей папярэджваюць аб тым, што публічны сэкс забаронены і існуе «ўзмоцнены маніторынг» для барацьбы з «дзейнасцю ў месцы сэксуальных сустрэч у дзюнах, запаведніку і на пляжы».

«Праект Oranjezon» — аранжавае сонца — быў натхнёны патокам скаргаў у муніцыпалітэт, упраўленне водазабеспячэння і мясцовую прыродаахоўную арганізацыю наконт «сэксуальных актаў, якія здзяйсняюцца аголенымі аматарамі адпачынку» – гаворыцца ў заяве муніцыпалітэта.

– Дзюны вельмі важныя для мясцовай супольнасці і павінны быць абаронены ад непажаданых паводзін, якія наносяць шкоду прыроднаму асяроддзю і могуць турбаваць іншых адпачывальнікаў – перадае Guardian словы мэра горада Верэ Фрэдэрыка Шоўвенаара.

Мясцовая арганізацыя натурыстаў таксама лічыць важным дыстанцыяваць аголеныя сонечныя ванны ад сэксуальнай актыўнасці. Карліен Ладэвійк, прэс-сакратар асацыяцыі аголенага адпачынку NFN Open en Bloot (адкрыта і гола), сказала: «Сэкс на свежым паветры не з’яўляецца аголеным адпачынкам, і людзі, якія прыходзяць загараць, лічаць гэта такой жа непрыемнасцю, як і іншыя людзі. Аголены адпачынак… дае адчуванне сапраўднай свабоды, і гэта вельмі карысна – бачыць сапраўдныя аголеныя целы без фоташопу.”

Але ёсць і крытыкі гэтага рашэння муніцыпалітэта. Так, Марка Віхерт, уладальнік рэстарана Aloha Beach, які знаходзіцца ў цэнтры пляжа, разважае наступным чынам: “Калі некаторыя людзі сустракаюцца ў дзюнах – ну, гэта адбываецца ад пачатку свету. Некаторыя людзі аддаюць перавагу рабіць гэта на вуліцы, чым у спальні. І іншыя могуць прыйсці, каб гэта зрабіць, таму што гэта забаронена”.

«У Нідэрландах і іншых краінах стала некаторай тэндэнцыяй, што з-за кансерватыўнага руху людзі, якія менш задаволены сэксуальнасцю і аголенасцю, гучаць больш гучна» – пракаментаваў новаўвядзенне Юрый Олрыкс, сэксолаг і старэйшы кансультант Rutgers, Нідэрландскага цэнтра сэксуальнасці.

На самім нудысцкім пляжы Араньезон некаторыя турысты былі здзіўлены, некаторыя выступілі з ухвалай.

– Цяпер ёсць агароджа, таму вы не можаце зайсці ў дзюны. – сказала 74-гадовая Элс дэн Дулк з Эйндховена – Гэта заўсёды было трохі пагрозліва, і вы не адчувалі сябе ні шчаслівым, ні камфортным. 

Яе муж, 75-гадовы Рон дэн Дулк, згодна кіўнуў. Спрабуючы ставіць сваю ахову ад моцнага ветру з Паўночнага мора, ён дадаў: «Яны таксама павінны забараніць вецер».

Фота: Guardian

У Гаазе пачаўся падлік рэпарацый, якія выплаціць Расія за напад на Ўкраіну

У Гаазе па рашэнню ўрада Нідэрландаў створаны міжнародны рэестр страт Украіны з-за агрэсіі Расіі. Гэта канкрэтны крок для стварэння наднацыянальнага механізма ўзыскання рэпарацый з Расіі. 

Міжнародны рэестр страт у Гаазе – міжнародная арганізацыя, якая будзе займацца падлікам кампенсацый Расіяй за страты, якая выклікала і працягвае выклікаць яе ўварванне ва Ўкраіну.

Як паведамляе ўкраінскі рэсурс Obozrevatel, гэтае рашэнне прынята ўрадам Нідэрландаў 17 лютага. “Гэта першы кампанент механізму кампенсацыі, які прымусіць Расію заплаціць за ўсё. Злачынца будзе пакараны, ён заплаціць за кожнае злачынства” – пракаментаваў рашэнне кіраўнік офісу прэзідэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.

У Рэестр можна падаваць патрабаванні за нанесеныя страты. Але арганізацыя не будзе плаціць кампенсацыю самастойна і не будзе аналізаваць абгрунтаванасць патрабаванняў. Мяркуецца, што гэтыя пытанні будуць вырашацца спецыяльнай міжнароднай камісіяй, якая будзе створана пазней.

Падставы для стварэння Міжнароднага рэестра страт заклала ААН у лістападзе 2022 года. “У ААН зазначылі, што трэба зафіксаваць колькасць страт у нейкім адным месцы, каб надалей спагнаць іх з расійцаў” – растлумачыў Міністр замежных спраў Нідэрландаў Вопке Гукстра. Паводле яго словаў, страты ўжо ацэньваюцца ў сотні мільярдаў еўра. 

Гукстра лічыць, што “трэба зрабіць усё”, каб Украіна магла атрымаць кампенсацыю за страты. “Расія нясе адказнасць. Ёсць толькі адно месца, куды можна адправіць квітанцыю” – сказаў міністр.

Пытанне пра кампенсацыю Расіяй нанесеных падчас поўнамаштабнай вайны супраць Украіны страт зараз абмяркоўваецца як у краіне, так і за мяжой. Найбольш прасунуліся ў гэтым кірунку Канада і Злучаныя Штаты Амерыкі, дзе рэалізуюцца заканадаўчыя змены, якія дазволяць перадаваць Украіне канфіскаваныя актывы Расійскай Федэрацыі і расійскіх алігархаў.

Фота з адкрытых крыніц.

Расія правакуе НАТА – уварванне ў паветраную прастору Польшчы, вывад у мора караблёў з атамнай зброяй

Сёння раніцай два знішчальнікі F-35 ВПС Нідэрландаў перахапілі групу з трох расійскіх ваенных самалётаў у небе над Польшчай – паведамляе Reuters.

Паведамляецца, што ў паветраную прастору Польшчы  з боку Калінінграда ўвайшлі два штурмавікі Су-27 і самалёт радыёэлектроннай разведкі Іл-20М. Ім на перахоп вылецелі два F-35, якія належаць Нідэрландам. Яны суправаджалі расейскія самалёты да таго моманту, як тыя пакінулі паветраную прастору Польшчы.

Акрамя гэтага, упершыню з часоў СССР і за апошнія 30 гадоў, Расія аднавіла вывад у мора караблёў з тактычнай ядзернай зброяй на борце – паведамляюць novosti-n са спасылкай на справаздачу нарвежскай разведкі.

“Асноўная частка ядзернага патэнцыялу размешчана на падводных лодках і надводных караблях Паўночнага флота.” – гаворыцца ў дакладзе разведслужбы.

Ведамства адзначае, што тактычная ядзерная зброя можа ўяўляць асабліва сур’ёзную пагрозу ў сцэнарах патэнцыйнага супрацьстаяння Расіі і НАТА.

Фота маюць ілюстрацыйны характар

Міжнародная следчая група абвінавачвае Пуціна ў катастрофе Боінга МН17 у 2014 годзе

Следчыя заявілі, што Пуцін мог асабіста ўхваліць дастаўку ракетнага комплексу БУК, які збіў самалёт MH17 над Данбасам, але яго немагчыма абвінаваціць з-за міжнароднага імунітэту.

Як паведаміла BBC, праз два з паловай месяцы пасля таго, як завяршыўся суд над абвінавачванымі па справе MH17, следчая група абвясціла, што зрабіла ўсё магчымае, каб усталяваць іншых падазраваных, але больш не можа нікому афіцыйна прад’явіць абвінавачванне.

У пачатку прэс-канферэнцыі прадстаўнікі аб’яднанай следчай групы заявілі, што ўсе магчымыя версіі былі старанна вывучаны, што следчыя зрабілі ўсё магчымае, каб усталяваць праўду, але атрыманых вынікаў недастаткова, каб прад’явіць абвінавачванні ў дачыненні да іншых магчымых удзельнікаў.

У той жа час, следчыя прадэманстравалі ўлікі, у тым ліку тэлефонныя перахопы, якія сведчаць, што Уладзімір Пуцін браў асабісты і непасрэдны ўдзел у тым, што адбывалася на Данбасе. Але Нідэрланды не могуць расследаваць яго ролю, бо ў прэзідэнта ёсць імунітэт у адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам да таго часу, пакуль ён застаецца прэзідэнтам.

Для таго, каб пацвердзіць тэзіс аб адказнасці Пуціна, былі прадстаўлены дзве перахопленыя тэлефонныя размовы з удзелам памочніка кіраўніка Крыма (Крым быў далучаны Расіяй у 2014 годзе) Сяргея Аксёнава 8 ліпеня 2014 года. У абедзвюх размовах чыноўнік неаднаразова кажа, што рашэнне адправіць Бук у Данбас прымае “ніякі [не] генерал, не міністр абароны”, а толькі “самая першая асоба”. Паведамляецца, што гэтыя размовы адбыліся яшчэ да таго, як Boeing быў збіты.

На прэс-канферэнцыі таксама быў агучаны запіс размовы Пуціна з кіраўніком самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі Ігарам Платніцкім у лістападзе 2017 года. Размова відавочна паказвае, як Расія і асабіста Ўладзімір Пуцін удзельнічалі ў дзеяннях сепаратыстаў у Данбасе.

Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў ужо выклікала расійскі пасла з-за доказаў удзелу Пуціна ў катастрофе MH17. Аднак прэм’ер-міністр Нідэрландаў адмовіўся адпраўляць расійскага пасла з краіны, паколькі ён лічыць важным “захаваць адкрытыя лініі з Крамлем”.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 14 снежня. Пачатак друкавання шрыфтам Іллі Капіевіча. Амундсен дасягнуў Паўднёвага полюса. Нарадзіўся празорлівец Настрадамус

Дзень Святога Навума.
Навум напісаў кнігу прароцтваў, якая ўвайшла ў Святое Пісанне, і якая складаецца, з 3-х частак. Святому Навуму моляцца як аб пачатку вучэння, так і аб дапамозе ў зразуменні навукі наогул.  «Навум наставіць на вум». Лічылася, што гэты дзень самы прыдатны для таго, каб аддаваць падрослых дзетак вучыцца, таму Святога Навума яшчэ называюць Пісьменным. Настаўнікам у гэты дзень рабілі падарункі, частавалі іх.

1287 год. На нідэрланскім узбярэжжы Паўночнага мора адбылася катастрафічная паводка.
Яе ахвярай сталі каля 50 тысяч чалавек і пасля яе засталіся вялізныя разбурэнні. Мноства вёсак патанула ў вадзе. Возера Флева пераўтварылася ў бухту Зэйдэрзэе Паўночнага мора. З прычыны страты вялікай колькасці земляў і адноснай неабароненасці ўзбярэжжаў многія жыхары перасяліліся на больш высока размешчаныя тэрыторыі.

Карты Нідэрландаў выразна перадаюць наступ Паўночнага мора.

1503 год. Нарадзіўся Настрадамус.  

Вядомы французскі празорлівец, урач, алхімік, гісторык, вядомы сваімі прароцтвамі.

На працягу стагоддзяў тлумачальнікі бачаць у прароцтвах Настрадамуса нешта вельмі дзіўнае, якое выходзіць за рамкі простай выпадковасці. Аднак праходзіць час, і новыя пакаленні выяўляюць новае разуменне раней растлумачаных фраз.

Настрадамус верыў, што падзеі сусветнай гісторыі цыклічна паўтараюцца, таму што паўтараюцца планетныя канфігурацыі і адбываюцца аднолькавыя азнакі. І ён апісаў падзеі мінулага ў надзеі, што такія зноў адбудуцца ў будучыні.

Памёр 2 ліпеня 1566 года.

1708  год. Пачатак друкавання грамадзянскім шрыфтам у Расіі

У выніку рэформы Пятра І быў зменены алфавіт, сталі выкарыстоўвацца арабскія лічбы, спрошчаны правапіс. Расійскія крыніцы поўнасцю замоўчваюць факт, што шрыфт распрацаваў ураджэнец Мсціслава, літвін Ілля Капіевіч (1651-1714), які быў першым настаўнікам Пятра I у Галандыі. Капіевіч распрацваў графалагічную сістэму на аснове шрыфта Ф. Скарыны з улікам літараў лацінскага алфавіту. Мовазнаўца Ян Станкевіч назваў гэты шрыфт капіеўкаю.

1851 год. Нарадзіўся Эдвард Роп. 

Рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы, Беларусі і Польшчы.

Выступаў супраць атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літоўскай і беларускай моў у царкоўнае жыццё.

Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі (1906), газеты «Nowine Wilenskie», выдаваў газету «Kurier Litewski».

Вельмі прыхільна ставіўся да мясцовых нацыянальных рухаў, за што быў адхілены рускімі ўладамі ад кіравання Віленскай дыяцэзіяй.

З 1917 да 1931 года быў архібіскупам Магілёўскай рымска-каталіцкай архідыяцэзіі з рэзідэнцыяй у Петраградзе.

У пачатку 1919 года арыштаваны Петраградскай ЧК. У выніку хадайніцтва папы рымскага  вызвалены і адпраўлены ў Польшчу. Там працягваў рэлігійную і грамадскую дзейнасць.

Прамёр 25 ліпеня 1939 года.

 
1890 год. Нарадзіўся Іван Гаўрыс. 

Беларускі мастак.

Скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча, вучыўся ў М. Шагала, у майстэрні Веры Ермалаевай.  Быў сябрам віцебскага авангарднага аб’яднання УНОВИС, якое стварыў К. Малевіч.

Будучы рэктарам Віцебскага мастацкага практычнага інстытута, запрасіў на працу мастакоў Юдаля Пэна, Саламона Юдовіна, Абрама Бразера, Яфіма Мініна.  Быў выкладчыкам беларусазнаўства ў віцебскіх школах, Віцебскага кінатэхнікума, актыўным удзельнікам Віцебскага акруговага таварыства краязнаўства.

20 кастрычніка 1937 года асуджаны па сфабрыкаванай справе «Польскай арганізацыі вайсковай» да найвышэйшай меры пакарання.

Расстраляны 4 лістапада 1937 года непадалёк ад Віцебска.

 

1906 год. У Мінску заснавана кніжнае таварыства «Мінчук». 

Заснавана на кааператыўнай аснове для выдання і распаўсюджвання беларускіх кніг і газет Антонам Шабуняй, Уладзімірам Самойлам, Сяргеям Скандраковым і іншымі. Разам з выдавецтвам «Нашай Нівы» выдала ў 1907 годзе кірыліцай і лацінкай апавяданне Элізы Ажэшкі «Гедалі». Рыхтавала да друку «Жалейку» Янкі Купалы. Спыніла дзейнасць з-за адсутнасці сродкаў 30 снежня 1909 года.

Фота: выдавец Антон Шабуня.

 

1911 год. Экспедыцыя Руаля Амундсена дасягнула Паўднёвага полюса. 

Амундсен з чатырма таварышамі першым дасягнуў Паўднёвага полюса Зямлі і паставіў там сцяг Нарвегіі.

У паход яго каманда выступіла 19 кастрычніка з 85-й паралелі на чатырох нартах, у якія запрэглі 52 сабакі. Пераадолець ім прыйшлося 1500 км – праз хрыбты вышынёй 2300-3300 метраў пры тэмпературы каля 40°C і моцных вятрах. Па дарозе туды і назад падарожнікі забілі 40 сабак, з іх варылі суп сабе і іншым сабакам, якія яшчэ маглі працаваць у запрэжках. На полюсе нарвежцы паставілі палатку, дзе дазволілі сабе тры дні адпачынку, а потым адправіліся назад і дабраліся да базы дакладна ў дзень, указаны ў графіку Амундсена. Праз месяц да Паўднёвага полюса дабраўся англійскі палярнік Роберт Скот, каб пабачыць пакінуты яго супернікам нарвежскі сцяг.

 

1905 год. Нарадзіўся Мікалай Дарожкін. 

Беларускі міколаг і фітапатолаг, акадэмік, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў у розных навуковых і навучальных установах, у БДУ, дырэктарам Інстытута біялогіі, Беларускага навукова-даследчага інстытута бульбаводства і плодаагародніцтва, загадчыкам лабараторыяй у Інстытуце эксперыментальнай батанікі АН БССР.

Яму належаць працы па фітапаталогіі сельскагаспадарчых культур, біялогіі пашырэння ўзбуджальнікаў хвароб збожжавых і бабовых культур, бульбы, таматаў.

Аўтар больш за 600 навуковых прац, у тым ліку 23 манаграфій, шэрагу патэнтаў.

Памёр 27 красавіка 1993 года. 

 

1947 год. Прынята Пастанова Савета Міністраў СССР і ЦК ВКП(б) “Аб правядзенні грашовай рэформы і адмене картак на харчовыя і прамысловыя тавары”.

Згодна з гэтым дакументам усе наяўныя грошы грамадзян і арганізацый павінны былі абменьвацца на новыя купюры ўзору 1947 года ў суадносінах 1:10. Безнаяўныя грошы падлягалі абмену на льготных умовах. Уклады да 3000 рублёў заставаліся без змены; да 10 000 рублёў мяняліся па курсе 3:2; больш за 10 000 рублёў дзяліліся на тры часткі: першая – 3 000 рублёў, абменьвалася 1:1, другая – 7 000 – 3:2, астатняя частка ўкладу – звыш 10 000 – 2:1.

Рэформа вельмі істотна паўплывала на эканоміку СССР. Змяншэнне грашовай масы прыкладна ў 2,5 раза павысіла пакупную здольнасць рубля, а цэны на харчовыя тавары на працягу наступных 7 гадоў зменшыліся на 47%.

 

1955 год. З канвеера Мінскага гадзіннікавага завода сышоў першы гадзіннік. 

Гэта быў гадзіннік «Заря» – самы маленькі і вытанчаны з тых, якія вырабляліся ў СССР. Яго рысунак быў перададзены з Пензенскага гадзіннікавага завода. Мінскі завод – 14-ы у СССР па выпуску гадзіннікаў, вядомы сваімі гадзіннікамі «Луч», «Заря» і «Вымпел».

Фота: Гадзіннікі “Луч” 

 

2019 год. Памёр Уладзімір Цыплакоў (1969-2019). 

Прафесійны беларускі хакеіст.

У складзе зборнай Беларусі гуляў на 6 чэмпіянатах свету і дзвух Алімпіядах (1998, 2002), быў найлепшым нападнікам.

Быў першым беларусам, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў замацаваўся ў НХЛ. Праз год пасля яго загуляў Руслан Салей, у 2000-я з’явіліся Міхаіл Грабоўскі і браты Касціцыны.

Пасля заканчэння кар’еры хакеіста працаваў трэнерам, узначальваў мінскае «Дынама».

Пахаваны ў Мінску на Ўсходніх могілках.

Flo ліквідуе бізнэс у Беларусі

Распрацоўшчык папулярнага дадатка ў сегменце жаночага здароўя Flo заявіў пра ліквідацыю бізнэсу ў Беларусі. 

Рашэнне аб закрыцці прадстаўніцтва было прынята ў канцы верасня, хаця чуткі пра гэта распаўсюджваліся яшчэ вясной 2022 года. Кампанія не жадае мець справу з саўдзельнікамі краіны-агрэсара.

У сакавіку, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у ТАА “Фло Хелс Бел” змяніўся ўладальнік – усе акцыі падраздзялення перайшлі ад амерыканскай Flo Health Inc да фізічнай асобы. У той жа час, у самой кампаніі інфармацыю аб выхадзе з Беларусі ніяк не каментавалі.

Увесну гэтага года супрацоўнікаў Flo ў Беларусі папрасілі вырашыць пытанне ўласнай рэлакацыі з лімітавым тэрмінам да 14 сакавіка. Тым, хто працягваў заставацца ў Беларусі, кампанія адключыла доступ да карпаратыўных рэсурсаў.

Адзначым, што на сайце Flo ўжо даўно няма згадак пра офіс у Мінску, а таксама не публікуюцца вакансіі з прапановамі працы ў Беларусі. 

Разам з тым, кампанія за апошнія некалькі месяцаў актыўна пашырае каманду ў суседняй Літве. За чэрвень – верасень бягучага года штат літоўскага офіса вырас удвая, да 245 чалавек.

Што вядома пра Flo Health

Кампанія з беларускімі каранямі, якая займаецца папулярным дадаткам у сегменце жаночага здароўя. Штаб-кватэра размяшчаецца ў Лондане, а прадстаўніцтвы знаходзяцца таксама ў Нідэрландах і ЗША. У той жа час, у Вільнюсе размяшчаецца офіс распрацоўкі Flo.

Дададзім, што на канец 2021 года кампанія налічвала 400 супрацоўнікаў, каля 200 з якіх тады яшчэ працавалі ў офісе распрацоўкі ў Мінску. 

Увосень 2021 года Flo ацэньвалі ў 800 мільёнаў даляраў, і аналітыкі прагназавалі кампаніі статут адзінарога на рынках ўжо ў найблізкай будучыні.

Характэрна, што дадатак Flo тры гады запар з’яўляецца самым папулярным у катэгорыі Health&Fintess у AppStore. Па дадзеных кампаніі, у яе прадукта ўжо больш за 250 мільёнаў унікальных карыстальнікаў у свеце.

фота: 24tv.ua