На Магілёўшчыне сёння чакаюцца дажджы, навальніцы

У першай палове дня 15 верасня ўвесь Усход Беларусі будзе знаходзіцца пад уздзеяннем навальнічнага фронта, які паступова перамяшчаецца на тэрыторыю Смаленшчыны. Раніцай па Магілёўскім рэгіёне пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы – паведамляе рэсурс pogoda.by. Сёння будзе пераважна без ападкаў. Тэмпература паветра – днём да +17 +19.

Фота: sputnik.by

На пажары ў Магілёве загінулі два мужчыны

Раніцай каля 6:00 на вуліцы Куцепава ў Магілёве суседдка пачула пах дыму ў пад’ездзе і выклікала ратавальнікаў. Падчас ліквідацыі пажару – гарэла кватэра на пятым паверсе “хрушчоўкі” – работнікі МНС знайшлі целы двух мужчын. Імі аказаліся гаспадар кватэры 1955 года нараджэння і мужчына 1971-га года нараджэння, што часова жыў у гэтай кватэры – паведамляе прэс-служба МНС. У выніку пажару абгарэла канапа. Прычыны высвятляюцца.

Фота, відэа: МНС

Дзе пройдуць восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы ў Бабруйску

Традыцыйныя кірмашы сельскагаспадарчай прадукцыі “Залатая восень” стартуюць у Бабруйску ўжо ў гэту суботу – паведамляецца на сайце выканкама.

Кірмашы ў верасні – лістападзе 2023 года будуць працаваць з 09.00 да 15.00.

16, 17, 23, 24, 30 верасня, 1, 7, 8, 14, 15, 21, 22, 28, 29 кастрычніка і 4, 5 лістапада па вуліцы Максіма Горкага (праезная частка ўздоўж дома 41). Таксама кірмашы выхаднога дня будуць праходзіць на адкрытых пляцоўках рынкаў горада Бабруйска: «АўтаБудПрэстыж» (вуліца Мінская, 123/1-4), «СадаводБудМаркет» (вуліца Дзяржынскага, 4), «Бабруйскі рынак» (вуліца Карла Маркса, 49). Паўночны» (вуліца Дняпроўскай Флатыліі, 40).

Фота ілюстратыўнае.

Прыёмная маці ў Магілёве траціла сродкі дзяцей на сябе – пракуратура

За два гады, пачынаючы з красавіка 2021 года і па красвік 2023 прыёмная маці трох дзяцей-сірот выкарыстала на свае асабістыя патрэбы 485 рублёў з тых сродкаў, якія дзяржавай выдзяляліся на ўтрыманне дзяцей – паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры. Каб схаваць факты неправамернага выкарыстання сродкаў, жанчына прадстаўляла ў сацыяльную службу падробленыя фінансавыя справаздачы, заявілі ў ведамстве. Цяпер супраць яе ўзбуджаная крымінальная справа за прысваенне даверанай маёмасці.

Фота ілюстрацыйнае

Стартавала абмеркаванне назвы плошчы Арджанікідзэ – разбіраемся, якая назва гістарычная

Пачынаючы з 13 верасня і па 13 кастрычніка праходзіць арганізаванае Магілёўскім гарвыканкамам абмеркаванне перайменавання плошчы Арджанікідзэ ў абласным цэнтры. На прысуд грамадскасці вынесеныя наступныя варыянты: пакінуць назву “Плошча Арджанікідзэ”, памяняць назву на “Плошча Свяціцеля Георгія Каніскага” альбо можна прапанаваць іншы варыянт.

Mogilev.media папрасілі пракаментаваць сітуацыю магілёўскага гісторыка і краязнаўцу, які пажадаў застацця невядомым, што да гістарычнай назвы мясцовасці і абгрунтавання перайменавання плошчы.

“Для пачатку неабходна разабрацца з пытаннем, гістарычную назву якога аб’екта мы шукаем. – падзяліўся з выданнем сваімі думкамі суразмоўца – У працэдурах кадыфікацыі гістарычных і абгрунтаваных гарадскіх тапонімаў звычайна абапіраюцца на цэлы шэраг акалічнасцяў.

Па-першае, трэба адзначыць, якой была першапачатковая гістарычная назва аб’екта. Калі мы гаворым пра тэрыторыю, вынесеную на абмеркаванне, як пра мясцовасць, то самым старажытным і гістарычна апраўданым тапонімам з’яўляецца, безумоўна, “Касцерня”. Вуліца з такой назвай праіснавала ў Магілёве да пачатку ХХ стагоддзя.

Касцерня на плане Магіллёва 1918 года.

Паходжанне гэтай назвы доўгі час звязвалі з касцямі маскоўскіх стральцоў, пахаваных прыкладна ў гэтым месцы, на схіле гары за сценамі магілёўскіх гарадскіх умацаванняў. Але таксама ёсць гіпотэза, што назва “Касцерня” паходзіла ад слова Castrum, што адзначае ў перакладзе з латыні – “замак”, умацаванае месца. Гэттым словам, магчыма, называлі адзін з магілёўскіх бастыёнаў якраз у гэтай мясцовасці. Гара-”замак” у раёне сучаснай плошчы Арджанікідзэ, была занатаваная ў другой палове ХІХ стагоддзя вядомым расійскім мастаком Д. Струкавым. У подпісе гэтага аўтара сказана, што гэтая мясцовасць “ныне называется Костерней”.

Касцерня на малюнку Д. Струкава

Але, па-другое, неабходна ўлічваць таксама гістарычную назву самаго аб’екта, які мы абмяркоўваем. Калі мы з вамі паглядзім на тое, як выглядала мясцовасць, дзе зараз размяшчаецца плошча Арджанікідзэ, напрыклад, у зусім яшчэ нядаўнія, адразу пасляваенныя часы, то ніякай плошчы мы там не ўбачым. Наадварот, мы пабачым рэшткі гарадскога замкавага рва, які ішоў на тым месцы, дзе зараз пралягае вуліца Камсамольская.

На пярэднім плане – замкавы роў на месцы плошчы Арджанікідзэ

І толькі ў пасляваенныя часы праходзіла масштабная рэканструкцыя пуцепраходаў у Магілёве, падчас якой была здзейснена падсыпка дарогі, па якой зараз ідзе вуліца Чалюскінцаў і ўласна адбылося стварэнне плошчы, якой далі імя Арджанікідзэ.

Такім чынам, гістарычная назва мясцовасці – гэта адно, а сам інфраструктурны аб’ект – гэта другое. Гэта стварэнне савецкага перыяду, якое атрымала адпаведную савецкую назву. І гэтую назву цалкам слушна таксама лічыць гістарычнай.

Калі б размова вялася пра дэкамунізацыю тапоніма, то безумоўна, варта было б прыглядзецца ў першую чаргу да гістарычнай назвы мясцовасці. Але ж размова пра іншае – пра замену гістарычнай назвы на сучасную, нічым не апраўданую гістарычна.”

Варта адзначыць, што ідэя змяніць назву плошчы Арджанікідзэ на імя праваслаўнага архіепіскапа Георгія Каніскага пакуль не знаходзіць гарачага водгуку сярод магілёўцаў. Так, карыстальнікі двух самых папулярных гарадскіх тэлеграм-каналаў адназначна аддаюць перавагу захаванню сучаснай назвы.

Галасаванне ў дзяржаўным тэлеграм-канале “Магілёў-мой горад” дае на момант падрыхтоўкі артыкула такія дадзеныя па прыхільнасці.

79% з больш чым 2200 удзельнікаў галасавання аддаюць сваю перавагу сучаснай назве і ў тэлеграм-канале незалежнага рэсурса “Могилев Online”.

Фота: mogilev.media

Забарона на наведванне лясоў дзейнічае ўжо ў пяці раёнах Магілёўскай вобласці

У дадатак да Горацкага, Дрыбінскага і Мсціслаўскага раёнаў, забарона на наведванне лясоў распаўсюдзілася таксама на Магілёўскі і Шклоўскі раёны – паведамляе Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Ва ўсіх астатніх раёнах вобласці дзейнічаюць абмежаванні на наведванне лясоў – тут забаронена праводзіць масавыя мерапрыемствы і распальваць кастры.

Першы восеньскі кірмаш на Магілёўшчыне пройдзе ў Чавусах

Пад свята ўраджаю прыбяруць цэнтральную плошчу горада. Восеньскі кірмаш сельгаспрадукцыі пройдзе ў Чавусах 16 верасня пачынаючы з 10:00 – паведамляе раённая газета “Іскра”. У астатніх рэгіёнах Магілёўшчыны, як і ў самім абласным цэнтры пра правядзенне восеньскіх кірмашоў пакуль не аб’яўлялася. Звычайна іх пік прыходзіцца на кастрычнік.

Фота: “Іскра”

Прафесара Юрыя Бубнава перавялі ў віцебскую калонію

У пачатку верасня гэтага года прафесара і доктара сацыялагічных навук Юрыя Бубнава, асуджанага на два гады зняволення, перавялі з магілёўскай турмы №4 у калонію №3 пад Віцебскам – паведамляюць праваабаронцы. 

Нагадаем, што 26 мая суддзя суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Аксана Зарычнюк прыгаварыла вядомага магілёўскага вучонага, прафесара Юрыя Бубнова да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яна прызнала яго вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 367 КК РБ).

Нагодай для крымінальнага пераследу прафесара стаў артыкул «Перадумовы беларускага пратэсту ў 2020 годзе» ў навуковым альманаху «Маладзёжная галактыка», які выйшаў у тым жа годзе. У артыкуле Бубноў разважаў аб тым, чаму здарыўся сацыяльны выбух у 2020 годзе, аналізуючы пазіцыю як прыхільнікаў перамен, так і прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі.

У прыватнасці, у артыкуле сказана, што «беларусаў, якія пратэстуюць, у 2020 годзе аб’яднаў не нейкі «закулісны лялькавод» або рэвалюцыянер-харызматык, а сам Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка».

Фота з адкрытых крыніц

Дзяўчына ў Шклове спрабавала кінуцца з маста, яе спынілі выпадковы кіроўца і міліцыянер

Нецвярозая 18-гадовая жыхарка Шклова, пасля сваркі са сваім хлопцам, спрабавала кінуцца з маста праз Днепр. Яна пералезла цераз парэнчы і стаяла спіной да вады, трымаючыся за агароджу.

Старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Шклоўскага РАУС Сяргей Антонаў і выпадковы аўтамабіліст Андрэй Секацкі разам спынілі дзяўчыну і дапамаглі ёй пералезці назад – піша газета “Ударны фронт”.

Паведамляецца, што медыкі шпіталізавалі дзяўчыну.

Фота: УУС

У Магілёве адкрылі новы ўчастак пуцеправода-дублёра. Пакуль што ён вядзе ў тупік

Другая чарга пуцеправода-дублёра паміж вуліцай Касманаўтаў і мікрараёнам “Спадарожнік” была ўрачыста адкрытая 12 верасня – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. Першым этапам было будаўніцтва маста над чыгуначнымі шляхамі, які злучыў вуліцы Касманаўтаў і Пысіна. Цяпер жа адкрыты для руху ўчастак, які вядзе ад маста ў бок гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008” і вёскі Гарадшчына.

На ўсе працы спатрэбілася больш за 18 месяцаў і 61,3 млн. рублёў.

– У планах – будаўніцтва трэцяй чаргі. – сказаў на адкрыцці пуцеправода старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачэнка – І я ўпэўнены, што ў наступным годзе наш пуцеправод запрацуе цалкам.

На фота ніжэй – схема ўсёй запланаванай дарогі-дублёра і адкрытага другога ўчастка пуцеправода.

Крыніца: Тэлеграм-канал “Флудзілка ДПС Магілёў ДАІ”

У сваіх каментарыях магілёўскія аўтааматары, удзельнікі тэлеграм-канала “Флудзілка ДПС Магілёў ДАІ” падзяліліся меркаваннямі наконт адкрытага пуцеправода.

“Дзякуй, пакуль дарога 2-я чарга вядзе ў тупік у вёсцы Гарадшчына і вялікай перавагі не дае” – адзначыў карыстальнік пад нікам Сяргей Буракоўскі.

“Горад будзе разрастацца і рыса горада ў тым ліку – запярэчыў яму карыстальнік DV – Так што ўсё не дарма. Ну і дарма яны б і не будавалі. Значыць ёсць сэнс і запатрабаванне.”

Трэцяя чарга

Як адзначыў першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 3 Аляксандр Абламейка, трэцяя чарга трасы будзе абгінаць лясны масіў ад пасёлка Гарадшчына і выходзіць на вуліцу Грунвальдскую. Як і першыя два ўчасткі, пуцеправод будзе “апрануты” ў асфальтабетон з добраўпарадкаваннем: новым тратуарам, веладарожкамі і асвятленнем. Таксама ўздоўж усталююць шумаахоўныя экраны.

Фота: mogilevnews.by