Дзяўчына ў Шклове спрабавала кінуцца з маста, яе спынілі выпадковы кіроўца і міліцыянер

Нецвярозая 18-гадовая жыхарка Шклова, пасля сваркі са сваім хлопцам, спрабавала кінуцца з маста праз Днепр. Яна пералезла цераз парэнчы і стаяла спіной да вады, трымаючыся за агароджу.

Старшы оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку Шклоўскага РАУС Сяргей Антонаў і выпадковы аўтамабіліст Андрэй Секацкі разам спынілі дзяўчыну і дапамаглі ёй пералезці назад – піша газета “Ударны фронт”.

Паведамляецца, што медыкі шпіталізавалі дзяўчыну.

Фота: УУС

У Магілёве сям’я выратавалася ад пажару дзякуючы аўтаномнаму апавяшчальніку

У дзве гадзіны ночы 26 мая ратавальнікам паступіла паведамленне пра пажар прыватнага дома па завулку Сонечны ў Магілёве. Гаспадары, 63-гадовы мужчына і яго 28-гадовая дачка, паспелі выбрацца з хаты і не пацярпелі.

Прыбыўшы на месца пажару супрацоўнікі ратавальнай службы засведчылі гарэнне дома адкрытым полымем і шчыльнае задымленне. У гэты момант у хаце нікога не было, а самі гаспадары знаходзіліся на вуліцы.

Пазней высветлілася, што іх выратаваў усталяваны ў доме аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Пажар адбыўся ўначы, калі людзі спалі. На ўзгаранне зрэагаваў апавяшчальнік, ад гуку якога і прачнуўся мужчына. Ён убачыў задымленне і разбудзіў дачку, якая была ў суседнім пакоі. Гаспадары праз веранду выйшлі з будынка, які моцна разгарэўся – паведамляе міністэрства па надзвычайных сітуацыях

У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце і маёмасць у доме. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: mogilev.mchs.gov.by

Бабруйчанін заблукаў у лесе з разраджаным тэлефонам, яго дзве гадзіны шукалі ратавальнікі

26-гадовы жыхар Бабруйска заблукаў вечарам 22 мая ў лясным масіве недалёка ад вёскі Дубоўка Бабруйскага раёна. Ён накіроўваўся ў пасёлак Туголіца. Сігнал трывогі малады чалавек падаў у 19:20 – распавялі ў МНС. Пошукі мужчыны ўскладніліся тым, што мабільны тэлефон у яго практычна сеў. Задзейнічаўшы 6 адзінак тэхнікі і 15 чалавек, ратавальнікі знайшлі бабруйчаніна праз дзве гадзіны пошукаў.

Фота: прэс-служба МНС

Падлетка выратавалі на пажары ў Бабруйску – кідаў запалкі ў вядро

У шматпавярховіку на вуліцы Коўзана ў Бабруйску ратавальнікі тушылі пажар у кватэры. Як высветлілася, 13-гадоввы падлетак застаўся дома адзін – бацькі павезлі малодшую сястру да бабулі – і стаў вырабляць ручную падзелку, якую абпальваў запалкамі. Запалкі пры гэтым ён выкідаў у вядро са смеццем, ад чаго смецце і загарэлася. 

Пасля пачатку пажару хлопчык выскачыў у калідор, паклікаў суседзяў, а яны ўжо патэлефанавалі ратавальнікам. З атручэннем прадуктамі гарэння падлетак быў шпіталізаваны – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Пенсіянера выратавалі з агня ў Чавусах

Кватэра гарэла, калі ратавальнікі выявілі на канапе пенсіянера 1953 года нараджэння. Пажар здарыўся позна вечарам з мая ў Чавусах па вуліцы Гагарына. У кватэры мужчына пражывае адзін, святло і іншыя камунікацыі ў яго адключаныя за неаплату – паведамляе прэс-служба МНС. З апёкамі пенсіянер быў дастаўлены ў лякарню. Папярэдне мяркуецца, што прычынай пажаару стала неасцярожнасць пры курэнні.

Фота: МНС

Магілёўскі лётчык-інструктар пасадзіў самалёт разам з курсантам, калі заглох рухавік

Лётчык-інструктар Магілёўскага аэраклюба Дзяніс Шкарэнда змог пасадзіць самалёт, калі падчас трэніровачнага палёта адмовіў рухавік машыны. Яму быў уручаны ордэн “За асабістую мужнасць”.

Трэніровачны палёт самалёта “Як-52” адбываўся ў чэрвені 2022 года. На дзясятай хвіліне палёта, калі ў кабіне знаходзіліся курсант і лётчык-інструктар Дзяніс Шкарэнда, адбылася паломка рухавіка. Інструктар адразу ўзяў кіраванне палётам самалёта на сябе і здолеў дацягнуць самалёт да пасадачнай паласы.

– Усё адбылося на дзясятай хвіліне. – расказаў лётчык-інструктар у інтэрв’ю газеце “Прыдняпроўская ніва” – Мы толькі пачалі выкананне задання, курсант прыступіў да адпрацоўкі элементаў пілатажу на «Як-52». І ў гэты момант адбылася поўная адмова рухавіка. Калі зразумеў, што здарылася, узяў упраўленне на сябе. Хаця трэба сказаць, што курсант таксама не разгубіўся – вельмі дакладна выконваў усе мае ўказанні.

Пры амове рухавіка самалёт працягвае планіраваць – распавёў Дзяніс Шкарэнда. Але гэты палёт небяспечны тым, што борт у любы момант можа сарвацца ў штопар. Тады пагроза сыходзіць не толькі для людзей, якія знаходзяцца ў кабіне, але і для тых, хто можа апынуцца ўнізе. Трэніровачнае поле Магілёўскага ДАСААФ размешчана недалёка ад густанаселеных вёсак на захад ад Магілёва – Пашкава, Новае Пашкава і іншыя. Таксама побач праходзіць траса на Мінск.

Усведамляючы ўсю рызыку сітуацыі, у тым ліку і для свайго жыцця, Дзяніс Шкарэнда выратаваў самалёт.

– Не, страшна не было. – расказаў лётчык – Было разуменне, што трэба вельмі дакладна выконваць тое, што не раз адпрацоўвалася на зямлі. Бо лётны склад незалежна ад вопыту і ўзроўню падрыхтоўкі сістэматычна праходзіць трэнажы па дзеяннях у асаблівых выпадках. Гэта трэба і маладым лётчыкам, і тым, хто лятае даўно.

Дзяніс Шкарэнда ўжо 25 гадоў працуе лётчыкам-інструктарам, мае 2800 гадзін налётаў. Быў удзельнікам і прызёрам многіх спартыўных спаборніцтваў, навучыў навыкам лётнага майстэрства спартсменаў, і курсантаў ваеннай акадэміі. 10 лютага 2023 года ён быў ушанаваны ордэнам “За асабістую мужнасць”, а на Х пленуме цэнтральнага Савета ДТСААФ, які адбыўся 16 лютага ў Мінску, быў удастоены ганаровага звання “Спецыяліст авіяцыі ДТСААФ 2022 года”.

Фота: “Прыдняпроўская ніва”

На пажарах выратаваліся двое – у Горках і Крычаве

Мужчына 1984 года нараджэння сам здолеў пагасіць агонь у сваёй хаце ў Горках – паведамляе прэс-служба МНС. З апёкамі і з атручэннем прадуктамі гарэння ён шпіталізаваны. Пажар адбыўся раніцай 15 люттага.

У той жа дзень у Крычаве загарэлася кватэра на другім паверсе трохпавярховага дома ў мікрараёне Сож. Жанчыну 1957 года выцягнулі з полымя ратавальнікі. Яна шпіталізаваная. Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару стала неасцярожнасць пры курэнні.

Фота: МНС