Забаўляльны комплекс з васковымі фігурамі Пуціна і Сталіна зноўку з’явіўся ў Крычаве

У кастрычніку мінулага года перасоўны атракцыён ужо з’яўляўся ў мясцовым парку Перамогі, пра што пісалі mogilev.media. І вось цяпер забаўляльны комплекс на тэрыторыю цэнтральнага парка прыехаў зноў. У горадзе ён будзе знаходзіцца ўвесь травень, але як і ў мінулы раз ажыятажу сярод крычаўлянаў атракцыён не выклікае. 

Нагадаем, што забаўляльны комплекс прывезены з Расіі і ўключае ў сябе выставу васкавых фігур, розныя дзіцячыя каруселі: машынкі, якімі можна кіраваць, слонікі, на якіх можна пакатацца. 

Асабліва прыцягвае ўвагу выстава васкавых фігур пад назвай «Империя» з выявай двухгаловага расійскага арла. На ёй сярод іншых прадстаўлены Сталін, Пуцін.

Фота: mogilev.media

Стала вядома, калі пройдзе Рыцарскі фэст у Мсціславе

Як паведамляе газета “Святло кастрычніка”, у гэтым годзе Рыцарскі фэст у Мсціславе пройдзе 5–6 жніўня. 

Як і традыцыйна, на фестывалі сярэднявечнай культуры пройдуць тактычныя бугурты, турніры, манеўры, конны турнір і паказальныя выступленні коннікаў, штурм замка, вогненнае шоу, канцэрты сярэднявечнай музыкі, этнадыскатэкі. 

Заяўляецца, што будзе навінка – блок рэканструкцыі часоў Сярэднявечча.

Рэгістрацыя заявак рамеснікаў ужо пачалася.

Фота: Група “Рыцарскі фэст у Мсціслаўі 2023” у ВК 

Пенсіянера выратавалі з агня ў Чавусах

Кватэра гарэла, калі ратавальнікі выявілі на канапе пенсіянера 1953 года нараджэння. Пажар здарыўся позна вечарам з мая ў Чавусах па вуліцы Гагарына. У кватэры мужчына пражывае адзін, святло і іншыя камунікацыі ў яго адключаныя за неаплату – паведамляе прэс-служба МНС. З апёкамі пенсіянер быў дастаўлены ў лякарню. Папярэдне мяркуецца, што прычынай пажаару стала неасцярожнасць пры курэнні.

Фота: МНС

Палавіна вокнаў выбіта, побач смецце – што адбываецца з былым будынкам музея ў Крычаве

Цагляны будынак былога музея, які знаходзіцца ў цэнтры горада, стаіць зачынены, з пабітымі шыбамі, побач сметнік. 

Некалькі дзясяткаў год экспазіцыя Крычаўскага краязнаўчага музея размяшчалася ў цагляным будынку П-падобнай формы, што знаходзіцца недалёка ад былой рынкавай плошчы (на сённяшні дзень плошчы Леніна). 

Менавіта тут яшчэ пры першым дырэктары музея, славутым крычаўскім краязнаўцы Міхаіле Мельнікаве, доўгія гады функцыянаваў музей. 

У гэтым адносна вялікім па плошчы будынку да 2008 года знаходзілася музейная экспазіцыя, пакуль не пераехала ў палац Пацёмкіна-Галынскіх. Пасля гэтай падзеі былы будынак музея пачаў проста пуставаць. У пачатку 2010-х гадоў у паветры лунала ідэя стварэння ў ім Дома рамёстваў, аднак размовы так і не матэрыялізаваліся ў канкрэтныя дзеянні. Вясной 2021 года мясцовыя ўлады прадалі будынак у прыватныя рукі. Але і гэта яго не ўратавала. 

Знешне пабудова выглядае няблага, не ўлічваючы вялікія шчыліны на сценах. Аднак побач з былым музеем ужо можна ўбачыць стыхійны сметнік.

Не менш непрыемна ўражваюць пабітыя вокны будынка былога музея. Прычым пабіта добрая палова шыбаў, хоць жалезныя краты на вокнах абараняюць дом ад зламыснікаў. 

Фота: mogilev.media

Жыхары дома ў Касцюковічах накідалі стыхійны сметнік каля суседа і не прызнаюцца

У раёне Касцюковічаў пад назвай Слабада жыхары двухпавярховага дома накідалі горы бытавога і будаўнічага смецця наўпрост пад агароджай прыватнага дома. 

У выніку паміж жыхарамі дамоў узнікла канфліктная сітуацыя. Гаспадары прыватнага дома сцвярджаюць, што неаднойчы бачылі як жыхары размешчанага насупраць двухпавярховага цаглянага дома выносяць попел (таму што кватэры ацяпляюцца дровамі), бульбяныя ачысткі, бутэлькі і іншыя адходы побач з іх ўчасткам. 

У сваю чаргу жыльцы двухпавярховіка сцвярджаюць, што асабіста яны выкідваюць толькі попел, а смецяць насельнікі ўсяго раёна Слабады паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.  

Што цікава, кантэйнернай пляцоўкі паблізу двухпавярховага дома няма, але з кожным яго жыхаром мясцовая камунальная служба заключыла дамову на вываз смецця. Па аўторках спецтранспарт забірае бытавыя адыходы, па чацвяргах – другасную сыравіну.

Па меркаванню кіраўніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Талкачова вінаватыя ў з’яўленні сметніка жыхары двухпавярховіка, але яны не хочуць прызнаваць за сабой віну. Аднак начальнік інспекцыі сцвярджае, што людзі згодны папрацаваць і прыбраць смецце побач з дамамі. Гэта, на думку спецыяліста, будзе дзейснай мерай для ўсіх бакоў канфлікту. Талкачоў упэўнены, што пасля гэтых крокаў трэба ўсталяваць фотапасткі, якія будуць фіксаваць, хто парушае чысціню і парадак. 

Фота “Голас Касцюкоўшчыны”.

На Краснапольшчыне знайшлі два боепрыпасы часоў вайны

У раёне аграгарадка Халмы былі знойдзены снарад і граната часоў Другой сусветнай вайны. Дзякуючы пільнасці мясцовых жыхароў боепрыпасы былі выяўлены і знішчаны на месцы групай размініравання – паведамляе краспапольская раённая газета “Чырвоны Сцяг”. 

Адзначым, што абодва боепрыпасы былі цэлыя і маглі здэтанаваць, калі б іх своечасова не ліквідавалі. 

Фота: “Чырвоны Сцяг”

Жыхарка Бабруйска цудам не паддалася тэлефонным махлярам – у яе проста не аказалася рахунку ў банку

Па аднаму з месенджараў бабруйчанцы Ларысе патэлефанавалі “супрацоўнікі службы бяяспекі аднаго з банкаў”. Яе папрасілі тэрмінова зрабіць фотаздымак пашпарта і сэлфі на фоне адной са старонак дакумента – нібыта неабходна абнавіць кліенцкую базу.

Нягледзячы на тое, што жанчына цудоўна ведала пра выпадкі тэлефоннага махлярства, упэўнены і буднічны голас суразмоўцы ўнушыў ёй поўны спакой. Яе не прасілі ўзяць крэдыт альбо перавесці грошы, а маніпуляцыі адносіліся толькі да дакумента і базы дадзеных Не сумняваючыся ў правільнасці сваіх дзеянняў, Ларыса тэрмінова зрабіла сканы неабходных старонак пашпарта, выслала ўсё што яе прасілі і дадаткова паставіла сабе “ахоўнае” прыкладанне AnyDesk (насамрэч ахоўным яно не з’яўляецца, а наадварот – дазваляе падлучыцца да выдаленага кампутара і кіраваць ім).

Праз некалькі хвілін пасля завяршэння размовы бабруйчанка апрытомнела – прыгадала, што не з’яўляецца кліентам банка, з якога ёй нібыта тэлефанавалі. Прыкладанне тут жа выдаліла, так што, на шчасце, ні крэдыту, ні мікразайму ад яе імя ўзяць не паспелі – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Фота ілюстрацыйнае

Беглы прэм’ер-міністр Кіргізіі прэзентаваў у Быхаве біятэхналагічную карпарацыю

У Быхаве з прэзентацыяй дзейнасці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі выступіў Данііл Урыцкі – звергнуты ў 2010 годзе прэм’ер-міністр Кіргізіі Даніяр Усенаў, які памяняў сваё прозвішча і перакрэсліў усю сваю старую біяграфію 

Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя рэалізуе маштабны інвестпраект па вытворчасці высокапрадукцыйных збалансаваных камбікармоў. Mogilev.media прысвячала глыбокі эканамічны агляд дзейнасці гэтай карпарацыі ў трох раёнах Магілёўскай вобласці – Глускім, Бабруйскім і Асіповіцкім. Першую частку гэтага агляду можна знайсці тут, а другую тут.

Калі коратка – першапачаткова БНБК выступала як прыватная ініцыятыва і збіралася прыцягнуць маштабныя кітайскія інвестыцыі для стварэння высокатэхналагічнай вытворчасці ў галіне сельскай гаспадаркі. Для гэтага карпарацыі перадаваліся ў кіраванне па некалькі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці і ў іншых рэгіёнах. Аднак з часм высветлілася, што праект рэалізуецца цалкам за сродкі беларускага бюджэта. На выхадзе ў краіне можа з’явіцца дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст у сельскай гаспадарцы, а пакуль што ініцыятыва, здаецца, буксуе – “калгасы” паказваюць зніжэнне ўраджайнасці, іх магутнасцяў яўна не хапае для такога буйнога праекта.

Быхаўская раённая газета “Маяк Прыдняпроўя” паведамляе, што з прэзентацыяй біякарпарацыі ў горад прыяжджаў генеральны дырэктар БНБК Данііл Урыцкі. Гэта не хто іншы, як былы прэм’ер-міністр Кіргізскай Рэспублікі Даніяр Усенаў, які ў выніку народных пратэстаў, што перараслі ў рэвалюцыю, разам з прэзідэнтам краіны Курманбекам Бакіевым уцёк у Беларусь на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Ужо ў Беларусі Даніяр Усенаў памяняў імя і прозвішча на Данііла Урыцкага. Кіргізскае выданне Кактус.медыя высветлілі прычыну гэтага ўчынку – Усенаў вырашыў цалкам парваць са сваім мінулым. 

Выданне прыводзіць словы Курманбека Бакіева, які таксама быў здзіўлены тым, што Даніяр Усенаў вырашыў змяніць імя і прозвішча і стараўся адгаварыць, бо ведаў яго бацьку, што даў Даніяру імя.

“Ён мне адказаў: “Курманбек Саліевіч, я так стаміўся ад усяго гэтага. Я хачу выкрасліць усё са свайго мінулага жыцця і пакінуць у спакоі” – распавёў беглы кіргізскі прэзідэнт.

У Быхаве ЗАТ “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя” сустрэлася з кіраўніцтвам раёна, спецыялістамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, а таксама кіраўнікамі і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў.

У давернае ўпраўленне тэрмінам на тры гады БНБК перададзены акцыі васьмі сельгаспрадпрыемстваў Быхаўскага раёна.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

Забарона на наведванне лясоў знята па ўсёй Магілёўшчыне, у адзінаццаці раёнах – абмежаванні

У палавіне рёнаў Магілёўскай вобласці захоўваюцца абмежаванні пры наведванні лясоў – як вынікае з мапы забарон, апублікаванай на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. Гэта Круглянскі, Бялыніцкі, Бабруйскі, Быхаўскі раёны і ўсе раёны вобласці, а таксама шэраг раёнаў на ўсходзе рэгіёна, што мяжуюць з Расійскай Федэрацыяй плюс Дрыбінскі.

Абмежаванне на наведванне лясоў адзначае, што прагульвацца па лесе, збііраць ягады і грыбы можна, але забараняецца па лясах ездзіць, а таксама распальваць кастры.Таксама нельга ў гэты час у лесе праводзіць масавыя мерапрыемствы.

Фота з адкрытых крыніц.

Мужчыну выратавалі на пажары ў Магілёве

Вечарам 2 мая ў дзевяціпавярховіку па бульвары Непакораных у Магілёве здарыўся пажар. У кватэры пражывае пенсіянерка 1955 года нараджэння са сваім 46-гадовым сынам. Ратавальнікам удалося выратаваць мужчыну з задымленай кватэры. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся. Прычына пажару пакуль невядомая – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС