Графіці “Хуліганы мы!” з’явілася на бетоннай агароджы былога прадпрыемства. Цяпер будынкі маслазавода цалкам знішчаны, пра што раней пісаліmogilev.media.
Зробленае графіці вельмі трапна характарызуе ўчынак крычаўскага кіраўніцтва, бо прамысловыя памяшканні маслазавода знаходзіліся ў добрым стане, нікому не заміналі і маглі б выкарыстоўвацца іншымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі ці прыватнымі арганізацыямі, але цяпер там проста голая пляцоўка з горкамі пяску.
Пешаходную дарожку на вуліцы Міра ў Чэрыкаве будаўнікі проста кінулі недарабіўшы. Гарадскія службы не заўважаюць праблемы.
Яшчэ з мінулага года ў Чэрыкаве актыўна вяліся працы па падрыхтоўцы аб’язнога шляху падчас рэканструкцыі маста праз Сож. Тады па шэрагу ўчасткаў вуліц Карла Маркса, Чырвонарэвалюцыйная, Пралетарская, Міра быў выкладзены новы асфальт, па адным баку гэтых жа вуліц былі абсталяваны тратуары. Але адзін з участкаў для руху пешаходаў застаўся недаробленым.
Мяцовыя жыхары занепакоены станам тратуара, бо паворот з Пралетарскай на вуліцу Міра – адзін з самых крутых участкаў аб’язнога шляху, мае практычна 90 градусаў. Пры гэтым ён не праглядаецца, што стварае небяспеку ў першую чаргу для пешаходаў.
Так званая пешаходная дарожка мала на яе падобная, бо ўся ў ямах, няроўнасцях, з глыбокім ровам па правым краі. Выглядае, што тратуар проста кінулі, не дарабіўшы. Чэрыкаўляне рэдка карыстаюцца такімі прыгодамі і аддаюць перавагу перасоўванню па краю праезжай часткі. Хаця, мяркуючы па самой канструкцыі, намеры ў дарожных работнікаў зрабіць усё па правілах першапачаткова былі сур’ёзныя – паведамляе раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”.
На кіраўскім стадыёне па пляжным футболе прайшоў матч за званне ўладальніка суперкубка Беларусі сярод мужчынскіх каманд. Шчучынскія футбалісты перамаглі магілёўскі клуб у серыі пенальці.
Матч выдаўся па-сапраўднаму кубкавым: з высокім напалам бескампраміснай барацьбы на ўсіх участках поля, масай небяспечных момантаў, але пры гэтым аказаўся даволі скупым па мерках пляжнага футбола на галы. Абедзве каманды былі вартыя адзін аднаго, і баявая нічыя ў асноўны час таму пацвярджэнне.
У першым перыядзе ў ліку павялі гаспадары, футбалісты ЦОРа, якія выступалі на хатняй пляцоўцы, бо магілёўскі клуб базуецца менавіта ў Кіраўску і асноўная частка гульцоў каманды кіраўчане.
Першы гол магілёўскага клуба быў забіты са штрафнога удара. Аднак у другім перыядзе шчучынскія футбалісты актывізаваліся і змаглі зраўняць лік. Прычым пад канец матча шчучынцы наогул выйшлі наперад, аднак футбалісты магілёўскага клуба змаглі аднавіць парытэт – апісваемалюнак матча раённая газета “Кіравец”.
У выніку лёс Суперкубка вырашыўся ў серыі пенальці, дзе дакладней аказаліся госці. Яны і заваявалі ганаровы трафей.
На могілках вёскі Забор’е Краснапольскага раёна ўстанавілі гранітны надмагільны помнік маладому салдату, якія загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Больш за год таму на могілках вёскі Забор’е было знойдзена пахаванне дзевятнаццацігадовага мясцовага салдата – Васіля Кажамякі. Было вядома, што ён гераічна загінуў у 1944 годзе пры вызваленні Быхаўскага раёна і фарсіраванні Дняпра. Аднак больш інфармацыі не было ніякай. Зараз, практычна праз восем дзясяткаў год пасля страшнай вайны, усё больш складана знаходзіць сведкаў тых падзей і здабываць архіўныя звесткі.
Дзякуючы настойлівасці і ўпартасці старшыні Яноўскага сельсвавета Лагуцінай Наталлі, якая занялася грунтоўнымі росшукамі, дадаковая інфармацыя аб загінулым маладым салдаце знайшлася.
Старшыня сельсавета праявіла сябе як сапраўдны сышчык і знайшла стрыечную пляменніцу загунілага салдата. Аказалася, што яна пражывае ў гарадскім пасёлку Шуміліна на Віцебшчыне. Пасля была знойдзена старонка ў сацыяльнай сетцы пляменніцы Кажамякі, з якой даведаліся, што яна працуе ў адным з дзіцячых садкоў Шуміліна. Знайшоўшы ў інтэрнэце тэлефон установы адукацыі, Лагуціна спытала каардынаты пляменніцы, каб потым стэлефанавацца з ёй самой.
Пагаварыўшы непасрэдна з пляменніцай Васіля Кажамякі, высветліла, што тая забрала з дому сваёй цёткі (і маці салдата) партрэт Васіля на памяць. Гэты партрэт быў вельмі дарэчны, бо як насамрэч выглядаў загінулы салдат Кажамяка дагэтуль не ведалі. У выніку фотапартрэт быў адсканаваны і дасланы старшыні сельсавета – паведамляекраснапольская раёная газета “Чырвоны сцяг”.
Урэшце старанна сабраныя матэрыялы паказалі, што звесткі пра салдата, якія былі ўказаныя на надмагільнай таблічцы раней, не адпавядалі рэчаіснасці.
Каб усталяваць чорны гранітны помнік з вялікім партрэтам Васіля Кажамякі трэба былі нямалыя фінансавыя выдаткі. Хоць пахаванне знойдзена больш года таму, аднак пошук фінансаў на помнік краснапольскаму салдату ўвянчаўся поспехам толькі цяпер. У зборы сродкаў для набыцця і ўсталявання помніка Яноўскаму сельсавету дапамагла Магілёўская абласная калегія адвакатаў.
Забарона на наведванне лясоў уведзена ў Бабруйскім, Быхаўскім, Бялыніцкім, Глускім, Кіраўскім, Клічаўскім, Круглянскім, Магілёўскім, Чавускім і Шклоўскім раёнах – паведамяе прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі.
Ва ўсіх астатніх раёнах Магілёўскай вобласці ўведзены абмежаванні на наведванне лясоў – у іх заходзіць можна, але нельга распальваць вогнішчы, ладзіць масавыя мерапрыемствы.
Па ўсёй Беларусі толькі адзін раён застаецца без падобных абмежаванняў – Браслаўскі.
Казус з рамонтам аварыйнага дома адбыўся ў аграгарадку Леніно Горацкага раёна. Падчас сустрэчы кіраўніцтва Горацкага райвыканкама з жыхарамі пасёлка выявілася, што запланаваны на 2023 год капітальны рамонт дома №33 па вуліцы Ленінскай быў аднабакова адменены камунальным прадпрыемствам – піша “Горацкі веснік”.
Вялікія расколіны сцен у пад’ездзе, абсыпаная тынкоўка фасада, разбураны ганак і пастаяннае заліццё кватэр пасля дажджу – пра гэтыя і іншыя праблемы жыхары дома не аднойчы паведамлялі спецыялістам УКПП «Камунальнік». У 2020 годзе на фасадзе ўстанавілі маячкі, якія ўжо далі расколіны, пазней паабяцалі правесці капітальны рамонт. Ён быў запланавана на 2023 год, але чамусьці са спісу аб’ектаў, якія падлягаюць грунтоўнаму рамонту, дом прыбралі.
Адзінае, што зрабілі камунальнікі – адбілі віслыя кавалкі тынкоўкі з фасада, так і пакінуўшы іх пад вокнамі.
Як растлумачыў намеснік дырэктара УКПП “Камунальнік” Андрэй Новікаў, аб’ект сапраўды быў запланаваны для капрамонту. Але, паводле дзейнага заканадаўства, у першую чаргу рамантуюць дамы, у якіх людзі гатовыя фінансава ўдзельнічаць ва ўцяпленні фасадаў.
Але ж справа ў тым, што жыхары гэтага дома таксама былі гатовыя заплаціць за ўцяпленне. Спецыялісты ж камунальнага прадпрыемства прыйшлі да высновы, што фасад будзе пакрывацца пенаполіўрэтанавай сумессю, даволі вялікі пласт якой павінен забяспечыць уцяпленне фасада. Атрымалася, што за саміх жыхароў вырашылі, што іх грошы на гэты від работ не патрэбны, таму рамонт будзе весціся на іншых аб’ектах.
“Горацкі веснік” піша, што старшыня райвыканкама паручыў унесці прапановы па рамонце дома.
Тры выпадкі падпалу леса былі зафіксаваныя ў Асіповіцкім раёне. Два выпадкі падпалаў выяўлены ў Дараганаўскім лясніцтве і яшчэ адзін – у Цэнтральным. Выявіць узгаранні дапамаглі камеры відэаназірання. Агульная плошча ачагоў склала 0,06 гектара – паведамляе БелТА.
Нагадаем, што пад Асіповічамі знаходзіцца вялікая вайсковая база, на якой праходзіла навучанне расійскіх мабілізаваных, што адпраўляліся на вайну ва Украіну. Але, безумоўна, нельга сцвярджаць пра ўзаемасувязь гэтых фактаў.
На трэці рабочы тыдзень мая ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным воблачнае, спякотнае, з дажджамі і навальніцамі надвор’е.
На працягу трэцяга тыдня мая будзе дастаткова горача: удзень да +27°С, уноч ад +5 да +20°С. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце яшчэ на 13 хвілін і дасягне амаль 16 гадзін і 11 хвілін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 4:51, зойдзе ў 21:02.
Сінаптычны прагноз на панядзелак, 15 мая
У ноч з нядзелі на панядзелак будзе да +5 +10°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца толькі да +22°С, месцамі да +27°С. На працягу сутак будзе воблачна, з праясненнямі, днём кароткачасовыя дажджы. Вятры паўднёва-ўсходнія, хуткасцю да 5-10, месцамі пры парывах да 14 м/с. Геамагнітнае поле спакойнае. Месяц убывае.
Аўторак 16 мая
Надвор’е абяцае быць воблачным, з кароткатэрміновымі дажджамі, месцамі з навальніцаі. Будуць панаваць паўднёвыя вятры хуткасцю 5-10, месцамі да 15-20 м/с. Уноч і раніцай да +7 +12°С, днём тэмпература падрасце да 17°С, а месцамі і да +22°С. Да вечара слупок тэрмометра утрымаецца на рысцы не ніжэй за +12 +14°С. Геамагнітнае поле спакойнае. Месяц убывае.
Серада 17 мая
У сярэдзіне рабочага тыдня, 17 мая, прагназуецца воблачнае надвор’е з дажджамі ўноч, днём – ясна. Начныя і ранішнія тэмпературы да +7 +12°С, днём да +19 +24°С. На працягу сутак прагназуюцца вятры паўднёвых напрамкаў, хуткасць вятроў да 3-5 м/с. Маладзік на небе.
Чацвер 18 мая
На працягу сутак сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі, месцамі з навальніцамі, надвор’е. Вецер паўночны, хуткасцю да 2-3 м/с. Ноччу і ўранні да +18 +20°С, у абед і на працягу другой паловы дня тэмпература паветра складзе ад +16 +18°С да +26°С.
Пятніца 19 мая
У апошні дзень працоўнага тыдня, 19 мая, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пераменна воблачнае пераважна без ападкаў надвор’е з панаваннем паўднёва-ўсходніх вятроў хуткасцю да 3 м/с. Уноч і ў ранішнія гадзіны +13°С, удзень – да +25°С. Маладзік.
У начны час дрыбінскім ратавальнікам паступіла паведамленне аб пажары жылога дома ў аграгарадку Трылесіна на вуліцы Гагарына.
Па прыездзе на месца здарэння супрацоўнікамі службы быў знойдзены загінулы муж гаспадыні дома 1956 года нараджэння. Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём, паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.
Пажар адбыўся і ў вёсцы Колбава Кіраўскага раёна, дзе на базе адпачынку «Лясны рай» згарэла лазня. Пасля прыбыцця да месца пажару супрацоўнікаў Кіраўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, адбывалася гарэнне лазні адкрытым полымем. Унутры будынка, на шчасце, нікога не было – піша кіраўская раённая газета “Кіравец”.
У выніку пажару пашкоджаны сцены і столь пабудовы. Акрамя таго, знішчаны дах і маёмасць, размешчаная ўнутры лазні. Пацярпелых няма. Прычына і абставіны здарэння пажару высвятляюцца.
Крычаўлянка Наталля Бярнадская стварае папяровыя ручнікі, а яе выцінанкі ўключаны ў народную спадчыну Беларусі.
Цікавасць да народнай творчасці Наталлю Мікалаеўну ў свой час прывяла ў дзіцячую школу мастацтваў Крычава, а пасля была вучоба ў Магілёўскім вучылішча культуры на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Атрыманыя навыкі майстар замацавала падчас вучобы ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў.
З 2006 года Наталля Бярнацкая працуе настаўнікам у дзіцячай школе мастацтваў, дзе працуе з вучнямі, дзеліцца сваім вопытам з майстрамі Магілёўскай вобласці, праводзіць майстар-класы для жыхароў Крычаўшчыны.
За час сваёй працы на малой радзіме Наталля Бярнадская стала членам “Беларускага саюза мастакоў”, міжнароднага клуба “Папяровыя традыцыі”, атрымала званне народнага майстра і яе выцінанкі ўвайшлі ў спіс элементаў народнай спадчыны Беларусі. Дарэчы, па ўсёй Беларусі толькі адзінаццаць выцінаншчыкаў, што маюць званне народнага майстра. Каб атрымаць такі статус, трэба прытрымлівацца народных традыцый і перадаваць іх, ведаць тэхналогію выразання выцінанкі, яе гісторыю.
Як прызнаецца сама майстрыха, выцінанкай сур’ёзна займаецца ўжо дваццаць год. Крычаўскі народны майстар любіць выразаць рознакаляровую выцінанку, шматслаёвую і больш ажурную.
Яшчэ ў дзяцінстве Наталля ўсе канікулы праводзіла з дзядулям і бабуляй, якія жылі ў вёсцы Горкі ў 30 кіламетрах ад Крычава. Бабуля вучыла дзяўчынку ўсяму, што ўмела сама: вышываць, вязаць, выразаць. На стыль і творчасць крычаўскай выцінаншчыцы паўплывала ўменне яе бабулі добра ткаць ручнікі і вышываць іх ніткамі, вобразы якіх Наталля ўвасабляе ў папяровым варыянце. Яшчэ дзіцём будучы народны майстар назірала за бабуляй, стараючыся паўтарыць на паперы арнамент, які тая вышывала на ручніку. Да сённяшняга дня Наталля Бярнадская захоўвае саматканы ручнік і абрус з вышытымі па краях узорамі, якія належалі яе бабулі, як самы дарагі ўспамін дзяцінства.
Ёсць у крычаўскай майстрыхі і невялікая калекцыя выцінанак. Самыя прыгожыя ў ёй – працы кітайскіх і літоўскіх майстроў, якія ўдалося прыдбаць Наталлі на міжнародных форумах народных творцаў.
Нагадаем, што мастацтва выцінанкі стала папулярным на тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя, як спосаб упрыгожвання жылля і было адноўлена як від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы XX стагоддзя.