Брукаванку, што цудам захавалася на Камсамольскай у Магілёве, прыбралі цалкам

Як паведамляюць чытачы mogilev.media, апошні ўчастак з арыгінальнай дарэвалюцыйнай брукаванай, які дзіўным чынам яшчэ заставаўся некранутым на вуліцы Камсамольскай у Магілёве, цяпер цалкам прыбраны. 

Мы паведамлялі пра нечаканае адкрыццё брукаванкі, якую амаль усю савецкія ўлады перанеслі на іншыя месцы ў горадзе. 

Выяўленне кавалка некранутай маставой давала надзеі на сімвалічнае выкарыстанне яе ў натуральным асяроддзі, што прынесла б дадатковую турыстычную прывабнасць колішняй Дваранскай вуліцы.

Фота даслана чытачамі mogilev.media.

Пад стаянку аўтамабіляў знішчылі частку Фацінскага бульвара ў Магілёве

Чарговы акт гарадскога вандалізму адбыўся ў Магілёве – замест таго, каб прывесці ў парадак бульвар паміж вуліцамі Фаціна і Маўчанскага, яго пачалі знішчаць.

Саджаць, а потым выразаць зялёныя насаджэнні стала магілёўскай традыцыяй. Напачатку гарадская архітэктура пакідае месцы для зялёных зон, без якіх горад задыхнецца. Потым зелянгас садзіць дрэвы, а ўжо затым будаўнікі і камунальнікі іх знішчаюць. Усе пры справе, і ніхто ні за што не адказвае. А тое, што марнуюцца грошы гараджан, што сонечнаму пыльнаму Задняпроўю і так не хапае зеляніны, падобна мала каго цікавіць.

У 1980-я гады быў пабудаваны новы мікрараён на вуліцы Фаціна. Паміж вуліцай Маўчанскага і Фаціна пакінулі месца для будучага бульвара, а на саміх вуліцах – месцы для будучых прыгожых дамоў па індывідуальных праектах.

Бульвар, трэба прызнаць, доўга заставаўся пусткай, бо то перабудова, то СССР разваліўся, то крызісы заміналі яго добраўпарадкаванню… Але гадоў 15 таму бульвар пачалі засаджваць дрэвамі, праклалі першыя дарожкі. Гадоў пяць таму дрэвы пачалі мажнець, і здавалася, яшчэ крыху і нарэшце савецкі план утварэння зялёнага бульвара будзе рэалізаваны.

Але горад паціху ўшчыльняўся. Вось і дом па адрэсе Маўчанскага, 61 павінен быў прыкрыць яшчэ савецкую пустку і завяршыць лінію забудовы вуліцы. І ўсе б радаваліся, каб у галовах гораданачальнікаў на першым месцы былі людзі, а не машыны. Новыя гарадскія ўлады нічога лепшага не прыдумалі, чым даць дазвол арганізаваць стаянку аўтамабіляў для жыльцоў дома прама пасярод бульвара.

Забудова бульвара не мела належнага рэзанансу на стадыі абмеркавання, бо ў 2020 – 2022 гадах у Магілёве практычна не засталося эклагічных і ўрбаністычных грамадскіх арганізацый і актывістаў. Большасць эколагаў цяпер з’ехалі ў іншыя краіны, а тыя, што засталіся, не наважваюцца падымаць свой голас у абарону прыроды і гараджан. А БРСМ і іншыя афіцыйныя арганізацыі лічаць за лепшае не крытыкаваць уладныя структуры.

Вось так, у Магілёве працягваюць займацца добраўпарадкаваннем такім чынам, што ўвесь час узнікаюць новыя праблемы і балявыя кропкі. Менавіта гэта адбываецца на нашых вачах у мікрараёне Фаціна, дзе знішчаецца магчымасць стварэння аднаго з лепшых у горадзе бульвараў.

Фота: mogilev.media

Магілёўшчына – лідар па захворванню на сухоты

Да Сусветнага дня барацьбы з сухотамі 24 сакавіка, Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, апублікаваў дадзеныя па гэтаму захворванню. 

Спецыялісты Цэнтра канстатуюць, што найбольш высокі ўзровень захворвання на сухоты  адзначаецца ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Ён перавышае сярэднерэспубліканскі паказчык. Пры гэтым, канкрэтных актуалізаваных дадзеных па захворваемасці Цэнтр не прыводзіць. 

Вядома, што ў дакавідны перыяд, паводле дадзеных за 2018 год паказчык захворваемасці складаў 24 чалавекі на 100 000 насельніцтва, тады было выяўлена 259 новых хворых (гэта дадаткова 2,4, або 10%, на 100 000), з якіх трое – дзеці. Найбольш праблемнымі ў той год былі Слаўгарадскі, Чэрыкаўскі і Касцюковіцкі раёны. 

Па стану на 2023 год смяротнасць ад сухотаў у Магілёўскай вобласці за апошнія 10 гадоў знізілася на 84% і склала 1,2 на 100 000 жыхароў (у 2018 годзе – 2,9 на 100 тыс. жыхароў). 

Сухоты, якія вядомы са старажытнасці, застаюцца адной з вядучых прычын смяротнасці ад інфекцыйных хвароб у свеце. 

Нягледзячы на вялікія поспехі медыцыны ў дыягностыцы і лячэнні, хвароба займае 1-е месца па смяротнасці сярод інфекцыйных захворванняў. 

Прагназуецца, што ў выніку пандэміі COVID-19 істотна вырасце захворванне і смяротнасць ад сухотаў. Смяротнасць можа павялічыцца на 13%, што можа даць у свеце дадатковыя 1 400 000 ахвяр у 2022-2025 гадах.

Фота  з адкрытых крыніц.

П’яны на “Porsche” збіў насмерць чалавека, уцякаючы ад ДАІ ў Магілёве

Трагедыя адбылася позна ўвечары 20 сакавіка. П’яны вадзіцель аўтамабіля “Porsche Panamera” зладзіў уцёкі ад машыны ДПС, падчас якіх збіў прыпынак на вуліцы Будаўнікоў, у якім знаходзіўся мужчына. Як паведамляюць у магілёўскіх Тэлеграм-каналах, кіраўца быў п’яным настолькі, што ледзьве мог размаўляць. Мужчына на прыпынку загінуў.

На фота – меркаваны аўтамабіль, за рулём якога знаходзіўся п’яны кіроўца.

Афіцыйная інфармацыя з канала прэс-службы Магілёўскага абласнога УУС: “20 сакавіка ў 22:40 у Магілёве на скрыжаванні праспекта Міра і вуліцы Касманаўтаў экіпаж ДПС падаў патрабаванне аб спыненні вадзіцелю Porsche Panamera, якое ён праігнараваў і ўчыніў пагоню на працягу 1,5 км. На вуліцы Будаўнікоў паблізу дома 14 вадзіцель не справіўся з кіраваннем і выехаў на тратуар, дзе збіў 30-гадовага магілёўца.

Парушальнікам аказаўся нецвярозы 28-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. Агляд паказаў наяўнасць 1,3 праміле алкаголю.”

Фота, відэа – Тэлеграм-каналы “ЧП Магілёў”, “ДПС, Магілёў, ДАІ”.

На “Магілёўэнерга” выявілі карупцыйную схему – Дяржкантроль

Прадпрыемства “Магілёўэнерга” разам з “Мінскэнерга” і “Нафтанам” патрапіла пад расследаванне Камітэта дзяржкантроля, які выявіў у дзеяннях вышэйшых чыноўнікаў гэтых арганізацый карупцыйныя схемы.

– Узбуджаны крымінальныя справы па фактах атрымання і дачы хабару ў адносінах да службовых асоб РУП “Мінскэнерга”, РУП “Магілёўэнерга”, ААТ “Нафтан”. – перадае БелТА словы кіраўніка Камітэта дзяржкантроля Васіля Герасімава – Вінаватыя асобы ўзяты пад варту. Падчас вобыскаў у іх канфіскаваны сотні тысяч долараў і еўра, накладзены арышт на дарагія аб’екты нерухомасці і аўтамабілі.

Фота з адкрытых крыніц.

Запрацавала платная паркоўка ў цэнтры Магілёва

На вуліцы Міронава і бульвары Леніна ў Магілёве былі абноўлены інфармацыйныя стэнды і пачаўся перыяд платнай паркоўкі на ўзбочынах і тратуарах гэтых вуліц.

Нагадаем, што ў 2022 годзе сістэма платнай паркоўкі тут працавала ў тэставым рэжыме. Цяпер жа тарыф на першую гадзіну складае 1 рубель, а на кожную наступную 50 капеек. Аплата бярэцца за паркоўку з 8.00 да 18.00 у буднія дні.

Варта адзначыць, што новыя інфармацыйныя стэнды відавочна недапрацаваныя. Так, адсутнічае QR-код у адпаведным вакенцы, у тэксце дапушчана шмат памылак.

Магілёў стаў першым абласным цэнтрам, у якім рэалізаваная падобная сістэма аплаты за паркоўку. Раней падобную навацыю адпрацавалі ў Мінску.

Фота: mogilev.media

Рамонт на Камсамольскай, ордэр на арышт Пуціна і стрэлы ў Гродна – дайджэст мінулага тыдня

Самай гучнай міжнароднай навіной мінулага тыдня стала інфармацыя пра тое, што за злачынствы супраць украінскіх дзяцей Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна.

Падзеяй тыдня на Беларусі стала інфармацыя пра забойства ў Гродна “замежніка, які планаваў тэрарыстычны акт” і нібыта адстрэльваўся і кідаў гранаты ў спецназ КДБ.

Магілёў на мінулым тыдні пачаў жыць крыху па-новаму – тут перакрылі вуліцу Камсамольскую на рамонт, з-за чаго ў горадзе пачала дзейнічаць іншая схема грамадскага транспарту.

Рамонт Камсамольскай вуліцы пры гэтым падараваў магілёўцам турыстычную цікавостку – адкрыўся выкшталцоны дарэвалюцыйны брук.

У Магілёве адбылася жуткаватая аварыя – ад удару таксі вылецела на тратуар. Мы сабралі поўнае відэа з розных крыніц.

У магілёўскім інтэрнаце па вуліцы Куцепава паскардзіліся на жахлівыя ўмовы – кішыць тараканамі і завоблачная камуналка.

У Магілёве і Магілёўскім раёне абвясцілі водную амністыю.

БелАЗ прыняў рашэнне сур’ёзна ўкласца ў развіццё вытворчасці на магілёўскім заводзе імя Кірава.

На мінулым тыдні стала вядома, колькі дарог адрамантуюць у Магілёўскім раёне за год – 2%.

У цэнтры Горак цалкам высеклі бярозавы гай, бо людзям перашкаджалі птушкі.

На мінулым тыдні старшакласнікаў і навучэнцаў каледжаў вазілі на стрэльбы пад Асіповічамі і ў магілёўскую турму для выхавання. 

Пад Асіповічамі была зафіксавана найбуйнейшая папуляцыя зуброў у рэгіёне.

У магілёўскім заасадзе прэзентавалі новых жывёл і абвясцілі пра вялікую рэканструкцыю.

Прыгажуні на конкурсе “Міс Крычаўцэментнашыфер” разарвалі TikTok.

Славутыя літоўскія шакоцісы былі заўважаныя ў адной з гандлёвых сетак на Магілёўшчыне.

А наогул на Беларусі пачалася вясна і прачнуліся кляшчы.

Фота: mogilev.media

Наступае вясна – надвор’е на тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным пахмурнае з невялікімі дажджамі надвор’е, з тёплымі начамі да +4 +8°С і дзённымі тэмпературамі да +11 °С.

Цяплыні да +18 +20°С як у 1990 годзе і марозаў да -20 -24 °С, як у 1963 годзе не прагназуецца. 

Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 18 хвілін і дасягне 12 гадзін 25 хвілін, што паспрыяе прыходу большай колькасці сонечнай радыяцыі і праграванню глебы, а ад яе – паветра. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе ў 6:42, зойдзе ў 19:17.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 20 сакавіка. У ноч з нядзелі на панядзелак ападкаў па вобласці не чакаецца, хаця ўжо днём месцамі на захадзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэрыторыі вобласці вільготныя паветраныя масы дасягнуць толькі ў сераду. Раніцай ад +1 да +6°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +8 +11°С, увечары будзе каля +7 +9°С, цёпла будзе і ўноч +4 +7°С. На працягу сутак будзе пахмурна. Вятры паўднёвага напрамку хуткасцю да 2-3 м/с. Убываючы месяц. Магнітнае поле спакойнае.

У аўторак, 21 сакавіка, у Дзень раўнадзенства, надвор’е абяцае быць пахмурным, без ападкаў з панаваннем заходніх вятроў хуткасцю 2-3 м/с, месцамі да 5 м/с. Раніцай тэмпература +4 +8°С, днём ад +7 да +9°С, увечар +7 +8°С, захаваецца цёплае надвор’е і ўноч +4 +6°С. Маладзік на небе. Магнітнае поле спакойнае.

У сярэдзіне рабочага тыдня, 22 сакавіка, прагназуецца воблачнае надвор’е з невялікім дажджом у другой палове дня. Уранні  +4°С, удзень да +7  +9°С, уноч да +8°С. На працягу сутак прагназуецца прыток паветраных мас з паўднёвага захаду і поўдня. Хуткасць вятроў да 6–8 м/с. Маладзік на небе. Магнітнае поле спакойнае. 

У чацвер, 23 сакавіка, на Сусветны метэаралагічны дзень і Дзень працаўнікоў гідраметэаралагічнай службы Беларусі, сіноптыкі спадзяюцца, што надвор’е не прынясе сюрпрызаў. Вецер захавае свой паўднёва-заходні накірунак. Хуткасць ветра падрасце да 3-6 м/с. Прагназуецца пахмурнае даждлівае цёплае надвор’е. З рання да +8 +9°С, удзень  да +10 +11°С, да ночы тэмпература панізіцца да камфортных +6 +7°С. Снегавое покрыва амаль ўжо дэградаванае і снег застаецца ў паніжэннях рэльефа, у лясных гушчарах. Прыбываючы месяц на небе.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 24 сакавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае з невялікімі дажджамі на працягу дня надвор’е, з панаваннем цёплых паўднёва-заходніх вятроў хуткасцю 3-6 м/с. Раніцай +5 +6°С, днём да +7 +11°С, да ночы тэмпература панізіцца да  +5 +6°С. Прыбываючы месяц на небе.

Фота mogilev.media

Дарога ў Семукачах Магілёўскага раёна – відэа

Мясцовыя жыхары запісалі ролік, на якім бачны тыповы стан дарогі, што вядзе ў аграгарадок Семукачы Магілёўскага раёна. Прычым такі стан тут амаль круглы год, сцвярджаюць аўтары віда. Дарогай можна карыстацца толькі летам, калі падсохне.

Семукачы знаходзяцца на захадзе Магілёўскага раёна, недалёка ад ракі Друць і чыгункі на Мінск.

Зацверджаны графік адключэнняў гарачай вады ў Магілёве

Гарачую ваду ў абласным цэнтры пачнуць адключаць з 10 траўня. 

Першымі мікрараёнамі стануць Рабочы пасёлак, Ямніцкі, Мір-1 і Мір-2, Спадарожнік, Казіміраўка, а таксама вуліцы Мянжынскага, Чалюскінцаў, Будаўнікоў, Касманаўтаў, праспект Міра ад гасцініцы “Магілёў” да Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А. Куляшова. Гарачая вада ў гэтай частцы горада будзе адсутнічаць 3 10 да 22 траўня.

З 4 па 16 чэрвеня планавыя адключэнні закрануць вуліцы Грышына, Крупскую (да жылых дамоў №№ 62б, 64, 51, 51а, 70), Ленінскую, Піянерскую, Першамайскую, астатнюю частку праспекта Міра да гасцініцы “Магілёў”, а таксама мікрараёна Юбілейны.

На бульвары Непакораных, вуліцах Астроўскага, Сіманава, Куцепава, Алтайскай, імя Лізы Чайкінай, Габраўскай, Паўлава, Сасновай, Маўчанскага, Фаціна, Цярохіна, Залатавустаўскага, праспектах Шмідта, Пушкінскім, Дзімітрава, Віцебскім, завулках Восеньскі, Паўднёвы, на вуліцах Гомельская шаша і Слаўгарадская шаша гарачай вады не будзе з 12 па 24 ліпеня.

З 6 па 18 жніўня будзе адсутнічаць гарачая вада ў мікрараёне Саломінка, на вуліцах Крупскай – да вул. Кірава – 30 гадоў Перамогі, Жамчужнай, Каштанавай, Турава, Крывуліна, Кулібіна – паведамляе БелТА.

Фота ілюстрацыйнае.