Дзень у гісторыі. 13 чэрвеня. Вяртанне Смаленска. Тбіліская трагедыя. Памёр Аляксандр Македонскі.

323 да нашай эры. У Вавілоне памёр Аляксандр III Вялікі, Македонскі.

Найбуйны палкаводзец старажытнага свету, цар. Памёр на 33-м годзе жыцця ад малярыі (а быць можа, і ад атруты) ў росквіце сіл і ў разгар падрыхтоўкі да новага вайсковага паходу.

Трэці па ліку Аляксандр на пасадзе цара Македоніі, воін “ад бога”, які атрымаў бліскучую адукацыю пад кіраўніцтвам Арыстоцеля.

У 338 годзе да н.э. разам з бацькам падпарадкаваў сабе ўсю Эладу, а за 13 наступных гадоў стварыў велізарную імперыю, якая распасціралася ад Істра (Дуная) да Ганга. Але спадчынніка Аляксандр не пакінуў, і з яго сыходам з жыцця дзяржава распалася на шэраг варожых адзін аднаму ўтварэнняў.

Па іншых дадзеных, вялікі палкаводзец памёр 10 чэрвеня.

1508 год. З Ліды выйшла Паспалітае рушэнне ВКЛ для дзеянняў супраць маскоўскіх войскаў.

Паспалітае рушэнне – мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны або аднаго ці некалькіх ваяводстваў ці паветаў, апалчэнне, агульны паход у Польшчы і ВКЛ.

Да сярэдзіны ХVІ стагоддзя паспалітае рушэнне складала аснову ўзброеных сіл ВКЛ.

Шляхецкае апалчэнне на карціне Юзафа Бранта, 1880.

1611 год. Войскі Рэчы Паспалітай пасля працяглай аблогі і генеральнага штурма вярнулі Смаленск – важны стратэгічны горад па шляху на Маскву.

Горад быў у аблозе 20 месяцаў, з 26 верасня 1609 года. Голад і эпідэміі выкасілі большую частку 80-тысячнага горада. У Смаленску засталося 8 000 чалавек, у гарнізоне – 200 ваяроў. 

Горад удалося ўзяць пры дапамозе аднаго са смаленскіх баярскіх сыноў, які паказаў слабое месца ў абароне. Насупраць слабага месца ў крэпасной сцяне былі пастаўлены некалькі батарэй. Пасля некалькіх дзён абстрэлу сцяна павалілася. 

У ноч на 3 чэрвеня 1611 года нашы войскі пайшлі на штурм з чатырох напрамкаў.

Смаленск гарэў. Апошнія абаронцы замкнуліся ў саборнай царкве Багародзіцы. Калі ў сабор ўварваліся вялікалітоўскія войскі, то пасадскі чалавек А. Беляніцын узяў свечку і залез у склеп, дзе захоўваўся запас пораху. Выбух быў магутным, шмат людзей загінула. 

Параненага маскоўскага ваяводу Шэіна ўзялі ў палон. Пад Смаленскам нашы ваяры згубілі каля 30 000 жаўнераў – 2/3 войска.

1702 год. Нарадзіўся Міхал Казімір Радзівіл «Рыбанька» (1702-1762).

Дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Найбольш уплывовы прадстаўнік роду Радзівілаў XVIII стагоддзя, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай.

Пры звяртанні да кагосьці ўжываў ласкавае слова “рыбанька”.

Аднавіў замак ў Нясвіжы, разбураны шведамі ў 1706 годзе, дзейнасць Нясвіжскай друкарні, адкрыў Нясвіжскі кадэцкі корпус, заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, у тым ліку Слуцкую персіярню па вырабе шаўковых паясоў.

Памёр 15 мая 1762 года.

1746 год. Прадстаўленне камедыі «Дасціпнае каханне» Францішкі Уршулі Радзівіл (1705-1753).

Адбылося ў нясвіжскай летняй рэзідэнцыі Радзівілаў Альба. 

Уршуля – першая ў ВКЛ жанчына-драматург, паэтэса і мастачка.

1834 год. Нарадзіўся Канстанцін Вераніцын (1834-1903).

Беларускі аграном, педагог, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры.

Удзельнік літаратурнага жыцця сярэдзіны ХІХ стагоддзя, аўтар сатырычна-гумарыстычнай паэмы «Тарас на Парнасе».

Памёр 26 жніўня 1903 года.

У 2001 годзе на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі ў гонар паэмы «Тарас на Парнасе» і яе аўтара.

1888 год. Нарадзіўся Антон Аўсянік (1888-пасля 1933).

Беларускі палітык і дыпламат, дзеяч БНР, сакратар Рады БНР.

Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, пасол сейма Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клуба. У пачатку 1930-х гадоў выехаў у БССР, быў арыштаваны ў 1933 годзе. Далейшы лёс невядомы.

На фота дзеячоў БНР – 2-гі справа стоячы – Антон Аўсянік

1889 год. Нарадзіўся Павел Жаўрыд (1889-1939).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання, журналіст.

Скончыў Слуцкую гімназію (у ёй з Фабіянам Шантырам ужо з 4 класа збіраў нелегальныя сходы, распаўсюджваў літаратуру), вучыўся ў Варшаўскім універсітэце, скончыў Віленскую вайсковую вучэльню.

Удзельнік І Сусветнай вайны, служыў у Палтаве, Туркестане, на Румынскім фронце. Быў старшынёй палкавога камітэта. Ад амаль 100 000 беларусаў-вайскоўцаў дэлегаваны на Усебеларускі з’езд 1917 года ў Менску.

Працаваў юрысконсультам Слуцкага павятовага зямельнага аддзела. У 1918 годзе ў складзе камісіі правяраў дзейнасць Слуцкай ЧК і выкрыў шматлікія злоўжыванні. У адплату за гэта быў арыштаваны ЧК, сядзеў у Слуцкай, Бабруйскай, Смаленскай турмах.

У 1920 годзе Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання.

Арыштоўваўся ДПУ БССР у 1930 і 1937 гадах, асуджаны да лагераў.

Памёр у ГУЛАГу.

1943 год. Польскімі падпольшчыкамі забіты Юльян Саковіч (1906-1943).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, адзін з кіраўнікоў канспірацыйнай Беларускай незалежніцкай партыі і кіраўнік Беларускай Народнай Грамады.

Падчас вучобы ў Віленскім універсітэце быў членам Беларускага студэнцкага саюза, КПЗБ, Таварыства беларускай школы. Актывіст Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, выдаваў разам з Г. Вялецкім у Вільні часопіс «Вольная думка» – орган беларускага студэнцтва.

Вязень Бяроза-Картузскага канцлагеру, савецкіх турмаў.

У перыяд нацысцкай акупацыі Беларусі займаў пасады ў Беларускай народнай самапомачы.

1956 год. Нарадзіўся Леанід Тараненка.

Беларускі цяжкаатлет, двухразовы чэмпіён свету.

Уладальнік 19 сусветных рэкордаў, прычым два з іх – 266 кг у штуршку і 475 кг у дваябор’і – застаюцца неперасягнутымі і сёння.

2015 год. У Тбілісі адбылася трагедыя.

У грузінскай сталіцы Тбілісі пайшоў звычайны дождж. 

Тбілісцы раскрылі парасоны і працягнулі займацца сваімі штодзённымі справамі. У той момант яшчэ ніхто не ведаў, што 14 чэрвеня горад чакае самы цяжкі світанак за апошнія дзясяткі гадоў.

Экстраннае паведамленне аб паводцы прагучала толькі ў 23:00. Паводка адбылася з-за сходу апоўзня ў раку Веры, якую звычайна пераплюнуць можна, яна працякае вышэй за Тбілісі. 

На горад рушылі масы вады, уперамешку з зямлёй і выдранымі з каранямі дрэвамі. Раз’юшаная Веры, накіраваўшыся да ракі Кура, зносіла ўсё на сваім шляху… 

Горад ахоплівала паніка – на вуліцах на волі аказаліся львы, тыгры, ваўкі і гіены, бегемот з заапаркаў. Адзін з супрацоўнікаў заапарка быў загрызены насмерць белым тыграм.

Да гэтага часу невядомы лёс трох жыхароў горада. Ахвярамі апоўзня лічацца 19 чалавек.

2019 год. У Магілёве пабіты тэмпературны рэкорд +30,7°С.

Рэкорднай да гэтага лічылася тэмпература 30,5°С 13 чэрвеня 1959 года.

Дзень у гісторыі. 23 сакавіка. Дзень метэаролага. Нараджэнне выраза “О.К.” Другі З’езд БНФ. У Самалі збіты беларускі Іл-76.

Сусветны метэаралагічны дзень (World Meteorological Day, з 1950 года). Дзень працаўнікоў гідраметэаралагічнай службы Беларусі.

Метэаралогія – навука аб будове і ўласцівасцях зямной атмасферы, фізічных працэсах у ёй.

Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) бярэ свой пачатак ад Міжнароднай метэаралагічнай арганізацыі, якая была створана ў 1873 годзе. У 1951 годзе СМА стала спецыялізаванай установай ААН у галіне метэаралогіі (надвор’е і клімат), аператыўнай гідралогіі і сумежных геафізічных навук.

Асноўны напрамак дзейнасці СМА – аказанне краінам падтрымкі ў прадастаўленні метэаралагічных і гідралагічных паслуг.

Сусветны метэаралагічны дзень праводзіцца з мэтай павышэння дасведчанасці шырокай грамадскасці аб магчымых наступствах змены клімату. Бо сёння хуткая змена клімату – адна з самых сур’ёзных экалагічных праблем, з якімі сутыкаецца чалавецтва.

Дзень нараджэння выраза “O.K.” – “о’кей”.

ОК упершыню з’явіўся 23 сакавіка 1839 года на старонках газеты “Бостан монінг пост”. Гэта быў час, калі амерыканцы захапляліся абрэвіятурамі і скарачалі ўсё што можна. Сэнсам жарту была насмешка над непісьменнасцю аматараў скарачэнняў.

Словы “all correct” ператварыліся ў ОК, бо людзі часта пісалі “oll korrect”.

Газетай былі дапушчаны адразу дзве наўмысным арфаграфічныя памылкі. Такім чынам, правільным было б утварыць ангельскую абрэвіятуру “А.С.”, адпаведна, у беларускай транскрыпцыі – “эй сі”.

1662 год. Памёр Адам Саковіч.

Вялікалітоўскі дзяржаўны і ваенны дзеяч, з роду герба Корвін. Падваявода віленскі, староста ашмянскi, ваявода смаленскі (1658-1662). Маршалак Трыбунала ВКЛ.

Удзельнік вайны 1654-1667 гадоў, быў паручнікам у гусарскай харугве Вінцэнта Гасеўскага. Адзін з героеў у рамане Г. Сянкевіча «Патоп».

Фота. Герб Корвін.

1895 год. Нарадзіўся Васіль Сташэўскі.

Беларускі драматург, перакладчык, празаік.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Удзельнічаў у Першай сусветнай, польска-савецкай вайне, настаўнічаў, працаваў сакратаром Нясвіжскага павятовага ваенкамата, загадчыкам  Менскага павятовага аддзела народнай асветы, адказным сакратаром аб’яднанняў «Маладняк», «Полымя», у газеце «Савецкая Беларусь».

Аўтар больш чым 20 п’ес, некаторыя з якіх ставіліся ў тэатрах, 5 кніг нарысаў, перакладаў на  беларускую мову творы І. Мікітэнкі, М. Ірчана, А. Афінагенава, А. Карнейчука, І. Качаргі, І. Ле, І. Сенчанкі і іншых.

Арыштаваны НКУС у 1936 годзе, расстраляны 29 лістапада 1937 года.

1903 год. У Віцебску нарадзілася Алена Кабішчар-Якерсон (1903-1990).

Савецкі жывапісец і графік.

Вучылася ў мастацкай студыі Ю. Пэна, Віцебскім мастацкім вучылішчы, у Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве.

Працавала ў Дзяржаўным Цэнтральным музеі народазнаўства, фальклорным кабінеце Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, у Маскоўскім аддзяленні Мастацкага фонду СССР.

Выконвала скульптурныя, жывапісныя і манекенавыя працы для розных устаноў.

Будынак Віцебскага народнага мастацкага вучылішча

1906 год.  У г. Чэрыкаве нарадзіўся Ісак Любан.

Беларускі кампазітар, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Мастацкі кіраўнік Беларускага радыё (1928–1936), Ансамбля песні і танца Беларускай філармоніі (1937–1941), старшыня Саюза кампазітараў БССР.  Сталінская прэмія за музыку да спектакля «Несцерка».

У пасляваенны час працаваў у Маскве: мастацкі кіраўнік Ансамбля песні і танца Цэнтральнага Дома культуры чыгуначнікаў.

Складальнік зборніку «Беларускія народныя і рэвалюцыйныя песні для харавога і сольнага выканання» (1938).

Аўтар шматлікіх музычных твораў – сюіт, музыкі для сімфанічнага аркестра, для салістаў, хору і аркестра народных інструментаў, п’ес, песен, у тым ліку на словы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, К. Крапівы, М. Рудэрмана, А. Астрэйкі, А. Сафронава, Л. Ашаніна, А. Жарава,  Я. Далматоўскага, А. Бачылы,  М. Андронава,  М. Лужаніна, А. Русака (у тым ліку «Бывайце здаровы»), музыкі да драматычных спектакляў, да фільмаў, у тым ліку «Гадзіннік спыніўся апоўначы».

У 1942 годзе, калі знаходзіўся пасля ранення ў шпіталі, напісаў музыку да песні «Наш тост». Яе выконвала народная артыстка СССР Л. Александроўская і з той пары «Наш тост» уключылі ў свой рэпертуар шматлікія вядомыя артысты і франтавыя ансамблі.

Памёр 7 лістапада 1975 года.

1948 год. Нарадзіўся Генадзь Пашкоў.

Беларускі паэт, перакладчык, публіцыст.

Скончыў БДУ. Пацаваў на Беларускім радыё, у часопісах «Полымя», «Тэатральная Беларусь», у «Цэнтральнай газеце»,  у апараце ЦК КПБ, дырэктарам (1996–2008) выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя» імя П. Броўкі, першым сакратаром Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтар 9 зборнікаў  паэзіі, 3 зборнікаў паэзіі для дзяцей, 2 кніг нарысаў, суаўтар  дакументальнага фільма «Я зямлю люблю так…». 

Пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена выданне шматлікіх энцыклапедый, у тым ліку 18-томная “Беларуская энцыклапедыя”, 2-х томная “Энцыклапедыя ВКЛ”.

1942 год. Памёр у ГУЛАГу Антон Луцкевіч (1884–1942).

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, публіцыст, навуковец, выдавец. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады, сябра рэдакцый газет “Наша доля” і “Наша ніва”, адзін з выдаўцоў газеты “Гоман”. Старшыня Віленскай беларускай рады, сябра Рады БНР.

Ініцыятар абвяшчэння і аўтар праекта Трэцяй Устаўной граматы, паводле якой Беларуская Народная Рэспубліка абвешчаная незалежнай дзяржавай. З кастрычніка 1918 года старшыня Народнага сакратарыята БНР, з лістапада – старшыня Рады Народных Міністраў (прэм’ер-міністр) і міністр замежных спраў.

У снежні 1919 – лютым 1920 года старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР.

Грамадска-палітычны дзеяч ў Заходняй Беларусі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1927, 1928 гадах, абвінавачваўся ў супрацоўніцтве з нямецкай і савецкай выведкай.

Арыштаваны НКУС 30 верасня 1939 года ў Вільні, перавезены ў мінскую турму, 14 чэрвеня 1941 года прыгавораны да 8 гадоў лагераў.

Памёр у лагеры ў Аткарску Свярдлоўскай вобласці.

1942 год. Загінуў у ГУЛАГу Сяргей Ракіта (Законнікаў, 1909–1942).

У 1920-я гады быў камсамольскім актывістам, працаваў у гомельскай абласной газеце «Палеская праўда», у рэдакцыях мінскіх газет, на радыё, у Дзяржвыдавецтве БССР. Арыштаваны НКУС у 1936 годзе, асуджаны да 10 гадоў лагераў.

Аўтар допісаў у аршанскую акруговую газету «Камуністычны шлях», нарысаў, вершаў, двух зборнікаў паэзіі.

1978 год. Пайшоў з жыцця Рыгор Шырма (1892–1978).

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Дзеяч беларускага культурнага і палітычнага руху ў Заходняй Беларусі, арганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939–1970).

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. Выдаў першыя зборнікі М. Васілька, М. Танка, С. Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў А. Салагуба і В.Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме. У час нападу Германіі на СССР калектыў знаходзіўся на гастролях у РСФСР, адкуль паехалі на Каўказ, а пасля ў Краснаярск. Тут ён быў арыштаваны НКУС і сядзеў у турме да сакавіка 1942 года. Пасля перавезены на Лубянку, дзе допыты ладзіліся да жніўня. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа перад П. Панамарэнкам і высланы пад нагляд органаў НКУС у Паўночны Казахстан.

Ён прыцягнуў да мастацкай апрацоўкі народных песень беларускіх кампазітараў М. Аладава, А. Багатырова, Я. Цікоцкага, П. Падкавырава, Р. Пукста, У. Алоўнікава і шматлікіх іншых.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом (1964). Па ўспамінах Зянона Пазняка, у сярэдзіне 1970-х Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

1990 год. Заснаванне Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі ў Мінску.

Музей мае 10 экспазіцыйных і адну выставачную залу, два філіялы: «Музей гісторыі беларускага кіно» і «Гасцёўня Уладзіслава Галубка».

Спачатку музей змяшчаўся ў будынку па  вуліцы Старавіленская (сёння там знаходзіцца «Гасцёўня Уладзіслава Галубка»). У 2001 годзе пераехаў ў адрэстаўраваны будынак, так званы «Дом масонаў», у Музычным завулку.

Музей ладзіць лялечны спектакль у батлейцы, музычныя вечарыны.

1991 год. У Мінску пачаўся II з’езд Беларускага Народнага Фронту «Адраджэнне» (23-24 сакавіка).

У палітычным спавешчанні, з якім выступіў З. Пазняк, было падкрэслена, што савецкая імперыя вычарпала свае рэсурсы, і альтэрнатывы незалежнасці няма. Камуністычны рэжым не паддаецца рэфармаванню, таму рух за два гады прайшоў шлях ад спадзяванняў на супрацоўніцтва з «лепшымі сіламі КПСС» да прынцыповага антыкамунізму. 

Праца БНФ мусіць скіроўвацца на інтэграцыю грамадства рэспублікі, на адраджэнне нацыянальнай і грамадзянскай супольнасці.

Базай для дэмакратыі з’яўляецца прыватная ўласнасць, культурны, свядомы і свабодны чалавек. З’езд прыняў Праграмную заяву «Свабода – Незалежнасць – Адраджэнне». 3 назвы руху скасаваныя словы «за перабудову». Падкрэслена, што праз здабыццё суверэнітэту рэспубліка зможа вярнуцца ў сям’ю еўрапейскіх народаў, аднавіць маральныя, культурныя і сацыяльныя каштоўнасці.

Дэкларавана, што БНФ застаецца шырокім грамадска-палітычным рухам, што апора БНФ – мільён жыхароў рэспублікі, якія адказалі на пытанне рэферэндуму па захаванню СССР «не».

Вызначаны статус сяброў і прыхільнікаў БНФ. У БНФ арганізацыйна ўвайшлі Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Ліга жанчын Беларусі, Мінскі гарадскі бацькоўскі камітэт беларускамоўных класаў.

Старшынёй БНФ быў выбраны З. Пазняк, яго намеснікамі – В. Голубеў, У. Заблоцкі, Ю. Хадыка.

Мітынг БНФ супраць эканамічнай палітыкі савецкай улады. Мінск, красавік 1991

2007 год. У Самалі збіты самалёт Іл-76 беларускай авіякампаніі «ТрансАвіяЭкспарт». 

Загінулі 11 лётчыкаў і авіятэхнікаў, якія дэмантавалі авіяцыйнае абсталяванне Іл-76, абстралянага 9 сакавіка.

9 сакавіка іншы Іл-76, які перавозіў два БТР з Уганды ў Самалі, пры заходзе на пасадку ў Магадзіша, быў абстраляны з перанаснога зенітна-ракетнага комплекса. На борце паўстаў моцны пажар, аднак пілотам удалося пасадзіць самалёт і пазбегнуць ахвяр. Самалёт атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні.

Борт, якi пацярпеў крушэнне 23 сакавіка, перавозіў абсталяванне, дэмантаванае з пацярпелага 9 сакавіка самалёта.

Самалійскія ўлады заявілі, што аварыя адбылася ў выніку няшчаснага выпадку, адмаўляючы iнфармацыю аб атацы з боку радыкалаў.

З красавіка 2007 года Федэральнае авіяцыйнае ўпраўленне ЗША забараніла амерыканскiм авіякампаніям лятаць над самалійскай паветранай прасторай ніжэй за 7900 м, з-за магчымай пагрозы з боку гранатамётаў і зенітна-ракетных комплексаў.

Дзень у гісторыі. 27 студзеня. Дзень памяці ахвяр Халакоста. Перамога над татарамі на Альшаніцы. Першая пастаноўка “Паўлінкі”. Абрушэнне даху школы ў Краснаполлі

Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста (International Holocaust Remembrance Day, з 2005 года)

Устаноўлены Генеральнай Асамблеі ААН і прымеркаваны да гадавіны вызвалення канцлагера  Асвенцым у 1945 годзе. 

Прысвечаны трагедыі Халакоста, якая адбылася падчас Другой сусветнай вайны і якая прывяла да гібелі 6 мільёнаў яўрэяў ад рук нацысцкага рэжыму.

Біблейскае слова «Халакост» азначае «усеспаленне» або «ахвяра ўсеспалення». Пад гэтым тэрмінам разумеюць масавае знішчэнне розных сацыяльных і этнічных груп падчас існавання нацысцкай Германіі, жахлівую спробу нацыстаў цалкам вынішчыць габрэйскі народ.

Габрэі Магілёва, 1941 год.

1527 год. Перамога войска ВКЛ на чале з Канстанцінам Астрожскім над войскам крымскіх татараў у бітве на рацэ Альшаніцы. 

На прытоку Дняпра Альшаніцы, паміж Каневам і Кіевам, 7 000 коннікаў вялікага гетмана К. Астрожскага, палявога гетмана Я. Радзівіла, князёў Юрыя Сямёнавіча Слуцкага, Андрэя Неміровіча, Івана і Аляксандра Вішнявецкіх і іншыя дагналі войска татар у 24 000 чалавек на чале з царэвічам Малаем, разбілі іх і вызвалілі 80 000 палонных, вярнулі нарабаваную маёмасць. 

Малай узяты ў палон, а потым забіты. 

Пасля гэтага Крымскае ханства спыніла значныя набегі на землі ВКЛ.

1880 год. Амерыканскі вынаходнік  Томас Эдысан запатэнтаваў электрычную лямпачку. 

Эдысан неяк заявіў: «Мы зробім электрычнасць гэтакай таннай, што толькі багатыя будуць паліць свечкі». 

Ягоная з Дж. П. Морганам кампанія Edison Electric Light да канца 1883 года выпускала 3/4 лямпаў напальвання ў ЗША. Каб заваяваць рынак, Эдысан усталяваў продажную цану лямпачкі 40 цэнтаў пры яе сабекошце 110 цэнтаў. 

Чатыры гады Эдысан павялічваў выпуск лямпачак, зніжаючы іх сабекошт, аднак трываў страты. Калі сабекошт лямпы зваліўся да 22 цэнтаў, а іх выпуск вырас да 1 мільёна штук, ён за адзін год пакрыў усе выдаткі. 

У 1892 годзе кампанія Эдысана з’ядналася з іншымі кампаніямі ў General Electric.

Эдысан атрымаў у ЗША 1093 патэнты і каля 3 тысяч у іншых краінах. Удасканаліў тэлеграф, тэлефон, кінаапаратуру, пабудаваў першыя электравозы, вынайшаў фанограф, прапанаваў выкарыстоўваць у пачатку тэлефоннай гутаркі слова «алё».

1904 год. Нарадзіўся Іван Чымбург. 

Беларускі філосаф, кандыдат філасофскіх навук. Рэктар БДУ.

Скончыў Слуцкую беларускую гтімназію, Саратаўскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Варонежы, БДУ.

Пасля дэмабілізацыі ў 1944 годзе працаваў загадчыкам кафедры марксізму-ленінізму БДУ, дырэктарам Інстытута гісторыі партыі ЦК КП(б)Б, рэктарам БДУ (1949-1952).

Пры яго рэктарстве была зачынена кафедра гісторыі БССР, адбылося аб’яднанне біялагічнага і хімічнага факультэтаў, некаторых кафедр, пераўтварэнне геаграфічнага факультэта ў геолага-геаграфічны, былі ўтвораны кафедры філасофіі і логікі (яе і ўзначаліў), эксперыментальнай фізікі, глебазнаўства, наладжана праца аспірантуры, навуковых экспедыцый, студэнцкміх навуковых таварыстваў.

У 1952-1970 гадах працаваў у Інстытуце філісофіі і права АН БССР, у Беларускім політэхнічным інстытуце, Мінскім педінстытуце.

Памёр у 1978 годзе.

1913 год. Адбылася першая пастаноўка знакамітай камедыі Янкі Купалы «Паўлінка». 

Была пастаўлена рэжысёрам  А.  Бурбісам у віленскім рабочым клубе «Сокал» сіламі Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў прысутнасці Купалы. 

Выканаўцай ролі Паўлінкі стала Соф’я Маркевіч (Маркевічанка).

На спектакль 1 лютага станоўча адгукнулася газета «Наша ніва».

1935 год. Нарадзіўся Зіновій Бабій. 

Беларускі оперны спявак, акцёр. Народны артыст. Пры жыцці яго называлі «Беларускі Арфей» або «Наш Каруза».

Вучыўся ў Кіеўскай і Беларускай кансерваторыях, працаваў у оперных тэатрах Кіева, Львова, у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі.

Характару голасу і артыстычнай індывідуальнасці спевака ў найбольшай ступені адпавядалі партыі драматычнага плана.

Талент і майстэрскае валоданне голасам дазволілі артысту ствараць непаўторныя вобразы на сцэне, у тым ліку, у класічных операх – Фаўст («Фаўст» Ш. Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж. Бізэ), Каніо («Паяцы» Р. Леанкавала), у творах рускіх кампазітараў – Герман («Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Арэст («Арэстэя» С. Танеева), у операх нацыянальнага рэпертуару – Сяргей («Алеся» Я. Цікоцкага).

Меў вялікі канцэртны рэпертуар, які ўключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў.

Гастраляваў у Балгарыі, Венгрыі, ГДР, Польшчы, Францыі, Канадзе.

Памёр 27 ліпеня 1984 года ў Мінску. 

1938 год. Расстраляны НКУС Уладзімір Беняшэвіч. 

Гісторык царквы, візантыст, акадэмік Берлінскай, Мюнхенскай і Страсбургскай акадэмій навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, слухаў лекцыі ў Лейпцыгскім, Берлінскім, Гайдэльбергскім універсітэтах. 

Працаваў прафесарам Пецярбургскага / Ленінградскага ўніверсітэта, галоўным бібліятэкарам аддзела рукапісаў Публічнай бібліятэкі, рэдактарам перыёдыкаў “Памятники древнерусского канонического права”, “Обзор трудов по славяноведению, 1908-1913”.

Склаў бібліяграфію па гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўстве, літаратуры Беларусі. 

Арыштоўваўся ДПУ ў 1929, 1931 гадах, асуджаны да лагераў. 

Дзякуючы хадайніцтву А. Эйнштэйна, Ф. Нансена і У. Бонч-Бруевіча вызвалены ў 1933 годзе.

27 лістапада 1937 года зноў арыштаваны. Расстраляны разам з двума сынамі і братам.

1955 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандр Саковіч. 

Беларускі пратэстанцкі святар, пастар заснаванай ім поўнаевангельскай царквы «Слова веры».

З 1970-х гадоў у Мінску займаўся падпольным распаўсюджаннем хрысціянскай літаратуры. 

Кіраваў Рэлігійным аб’яднаннем супольнасцяў хрысціян поўнага Эвангелля ў Рэспубліцы Беларусь (РАСХПЭ), ініцыяваў адкрыццё Біблейскага каледжа РАСХПЭ.

З’ехаў на лячэнне ў Дзюсельдорф, дзе і памёр 19 сакавіка 2015 года.

1973 год. Нарадзіўся Валянцін Бялькевіч. 

Беларускі футбаліст. 

У 1991-1996 выступаў за «Дынама (Мінск)». У 1995 быў прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі.

У 1996 перайшоў у «Дынама (Кіеў)». Менавіта ён арганізоўваў ільвіную долю імклівых і паражальных контратак, якія сталі фірмовым стылем «Дынама» канца 1990-х. У 2001 прызнаны найлепшым гульцом украінскага чэмпіянату.

Да кастрычніка 2005 года уваходзіў у нацыянальную зборную Беларусі, за якую згуляў 56 матчаў, забіў 10 галоў, быў адным з лідараў у кваліфікацыі да чэмпіянату свету ФІФА 2002 года.

У 2008 годзе атрымаў украінскае грамадзянства.

«Мозг» каманды, прыроджаны плэймейкер, «дырыжор» гульні, які здольны адной вострай перадачай вырашыць лёс матчу. Вельмі тэхнічны і элегантны футбаліст, ад гульні якога заўзятары атрымлівалі велічэзнае эстэтычнае задавальненне. Майстар звышдакладных перадач, футбаліст, які «гуляе» галавой і цудоўна «бачыць» поле.

Адрозніваўся джэнтэльменскімі паводзінамі на полі. Абіраўся капітанам і віцэ-капітанам каманды.

Памёр 1 жніўня 2014 года ў Кіеве.

2004 год. У выніку абрушвання даху ў школе ў Краснаполле загінула 4 чалавекі. 

Трагедыя адбылася а 10:28 раніцы ў спартыўнай зале СШ №1 у  Краснаполлі: абрынулася сцяна, а за ёй і столь. Падчас трагедыі ў зале знаходзілася каля 40 чалавек. Загінуў настаўнік П. Любашэнка і трое вучняў.

Дах мог накрыць 250 чалавек.

Трохпавярховая школа была адкрыта ў 2002 годзе. Будаўніцтва было пачата ў 1988 годзе, але закансервавана на 11 гадоў з-за недахопу грошай.

На думку спецыялістаў, трагедыя можа быць вынікам памылкі праекціроўшчыкаў ці тых, хто праводзіў паўторную экспертызу будынка пасля кансервацыі.

Разбор даху школы ў Краснаполлі, 2004 год.

2003 год. Памерла Ніна Абрамчык (Ляўковіч). 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, пісьменніца, паэтка, фалькларыстка.

Была членам Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні, настаўнічала на Пружаншчыне.

З 1941 года жыла ў Берліне, дзе пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, будучым Прэзідэнтам Рады БНР, потым у Парыжы. 

Працавала ў газеце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы, старшынёй Аб’яднання беларускіх жанчын у Францыі, у парыжскім Музеі чалавека. Удзельнічала ў міжнародным кангрэсе «Мацярынскае жыццё», арганізаваным у 1947 годзе Жаночым грамадзянскім і сацыяльным хаўрусам.

У Германіі выдала «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Л. Геніюш, апрацавала і выдала ў 1942-1943 гадах кнігі «Беларусь у песнях», «Гісторыя Беларусі ў картах», «Калядныя песні», «Пад гоман вясёлы»

Аўтар вершаў, апавяданняў, даследаванняў па фалькларыстыцы і этналогіі, па гісторыі і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі).

Пахавана ў Парыжы на могілках Пэр-Ляшэз каля свайго мужа.

Дзень у гісторыі. 8 студзеня. Дзень Бабіных каш. Адкрыты чыгуначны рух праз Магілёў. Мінск стаў сталіцай. Levi Strauss зачыніла апошнюю фабрыку ў ЗША.

Зімовы пакроўчык. Сабор Прасвятой Багародзіцы. Маладзёны (Бабіны). Частаванне бабы-пупарэзніцы. Дзень Бабіных каш.

Народная традыцыя надзяляе павітуху (павівальная бабка, прыёмніца, пупарэзка, пупавязніца) – дваістым статусам: яна пасланніца Божай Маці або намесніца Яе павітухі (Ісуса Хрыста прымала бабуля Саламаніда). Саламея-павітуха – заступніца прафесіі.

“У кожнай бабкі свае схваткі”, “Пачакай, не нарадзі, а за бабкай схадзі”, “Бабка прыйдзе, усякай справе падсобіць”, “Бог з літасцю, а бабка з рукамі”.

Бабуля-павітуха на вёсцы ўсім радня далёкая. Бабка дапамагала парадзісе, бабка дбала аб лёгкіх радзімах.

Сем’і з дзецьмі прыходзілі да бабак-павітух, частавалі іх самым смачным з таго, што спецыяльна да гэтага дня нарыхтавалі, і самі частаваліся знакамітымі “бабчынамі кашамі”. Гатовую кашу ўпрыгожвалі макам, ягадамі, арэхамі, палоўкамі яек, запякалі ў ёй курыцу ці пеўніка ў залежнасці ад таго, нарадзілася ў сям’і дзяўчынка ці хлопчык.

Па традыцыі адзін з гаршкоў з кашай разбівалі “на шчасце”, а затым ужо пачыналі частаваць кожнага, хто прыйшоў “на агеньчык”, ды не абы як, а абавязкова “з закавыкай”. Напрыклад, таго, хто стаў нядаўна бацькам, кармілі кашай “з пацехай”, у якой быў намяшаны хрэн, перац, гарчыца або пакладзена солі звыш усякай меры. Лічылася, што такім чынам ён хоць у нейкай ступені падзеліць са сваёй жонкай пакуты, выпрабаваныя ёю пры родах. Маладую маці адорвалі грэцкімі арэхамі, каб прыбывала малако. А дзетак частавалі кашамі салодкімі, разлічваючы на іх прыхільнасць да нованароджанага.

А яшчэ па бабчыных кашах на лёс варажылі. Калі падчас падрыхтоўкі яна вылазіць з чыгуна ў бок печы – разлічвалі на шчаслівы год, у адваротным выпадку рыхтаваліся да непрыемнасцяў. Але каб пазбегнуць непрыемнасцей ад “нешчаслівай” кашы, то яе разам з чыгуном тапілі ў палонцы.

1903 год. Адкрыты рух цягнікоў на ўсёй Віцебска-Жлобінскай чыгунцы праз Магілёў. 

З гэтай нагоды магілёўскага губернатара і жыхароў горада павіншавалі ў сваіх тэлеграмах імператар Мікалай II, міністр шляхоў зносін князь М. Хілкоў і міністр фінансаў С. Вітэ. Гэтага моманту Магілёў чакаў каля 30 год.

1911 год. Нарадзіўся Уладзімір Дудзіцкі. 

Беларускі паэт, дзеяч беларускай эміграцыі.

Быў выключаны з «воўчым білетам» з Мінскага педтэхнікума як «нацдэм». Працаваў у газеце «Савецкая Беларусь», выдавецтве акадэміі навук.

Арыштаваны ДПУ ў лютым 1933 года, асуджаны, пакаранне адбываў у Сібіры, Казахстане, Узбекістане.

Падчас нямецкай акупацыі працаваў загадчыкам аддзела культуры Мінскай гарадской управы, кіраўніком Барысаўскага акруговага аддзела Беларускай Народнай Самапомачы, увайшоў у склад Беларускай Цэнтральнай Рады. Летам 1944 года эміграваў. Жыў у Германіі, Аўстрыі, Венесуэле, дзе заснаваў Беларускі камітэт, у ЗША, Аргенціне.

У 1950-1960-х гадах працаваў галоўным рэдактарам беларускай рэдакцыі радыё «Вызваленне» ў Мюнхене. У ЗША выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце Блумінгтана.

Аўтар зборнікаў паэзіі, паэм, прозы, перакладаў, публіцыстыкі, успамінаў. Валодаў іспанскай, англійскай, нямецкай мовамі.

1919 год. Мінск абвешчаны сталіцай ССРБ. 

Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь была абвешчана 1 студзеня 1919 года ў Смаленску. Існавала з 1 студзеня да 27 лютага 1919 года пад кантролем расійскага бальшавіцкага ўрада ў складзе Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губерняў, большай часткі Смаленскай, часткі Віленскай (без Вільні), Ковенскай, Сувалкаўскай і Чарнігаўскай губерняў – амаль 300 тысяч кв. км.

16 студзеня 1919 года ў склад РСФСР без папярэдняга абмеркавання з урадам ССРБ увайшлі Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. 27 лютага 1919 года ў Вільні было аформлена стварэнне Літоўска-Беларускай ССР у складзе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губерняў. ССРБ перастала існаваць.

1924 год. Нарадзіўся Алесь Савіцкі. 

Беларускі пісьменнік. Ганаровы грамадзянін г. Полацка.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Сцяг камунізму», выдавецтве «Ураджай», у Літаратурным музеі Якуба Коласа, аддзеле культуры ЦК КПБ.

Аўтар мастацкіх і дакументальных кніг, аповесцяў для дзяцей. Шэраг твораў перакладзены на рускую, украінскую, узбекскую, грузінскую, славацкую мовы.

Памёр 5 кастрычніка 2015 года.

1936 год. Нарадзіўся Генадзь Каханоўскі

Беларускі гісторык, археолаг, краязнавец, фалькларыст, літаратуразнавец. Доктар гістарычных навук.

Удзельнік археалагічных раскопак у Крыме, Беларусі, працаваў дырэктарам Мінскага абласнога краязнаўчага музея ў Маладзечне, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага краязнаўчага таварыства.

Даследаваў гісторыю археалогіі, музейнай справы, краязнаўства, пытанні аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Сярод яго шматлікіх цікавых знаходак – уборы ксяндза А. Станкевіча, скарбы манет, археалагічная калекцыі керамічнага посуду, фрагменты кафлі, тканіны, дакументы, лісты беларускіх дзячаў, фотаматэрыялы, музычныя інструменты.

Памёр 15 студзеня 1994 года.

1954 год. Адбылася адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа БССР. 

Ліквідаваны вобласці – Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская (з цэнтрам у Мазыры), Пінская і Полацкая. Засталося 7 абласцей: Віцебская, Магілёўская, Мінская, Гомельская, Брэсцкая, Гродзенская, Маладзечанская (замест Вілейскай). Тэрыторыя былой Бабруйскай вобласці адыйшла ў склад Гомельскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей.

1959 год. Генерал Шарль дэ Голь (1890-1970) стаў прэзідэнтам Францыі, першым прэзідэнтам Пятай Рэспублікі (1959-1969). 

Будучы капітанам францускай арміі падчас Першай сусветнай вайны з ліпеня па верасень 1916 года пасля ранення знаходзіўся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных у беларускім Шчучыне. Яму там паставілі помнік (2021 год), які так і не адкрылі дагэтуль.

Як прэзідэнт меў незвычайна шырокія паўнамоцтвы – мог у выпадку надзвычайнай сітуацыі распусціць парламент і прызначыць новыя выбары, асабіста курыраваў пытанні абароны, знешняй палітыкі і найважнейшыя ўнутраныя міністэрствы.

За 80 гадоў жыцця здолеў стаць найвялікшым героем Францыі пасля Жаны д’Арк. Двойчы ўзначальваў краіну, абодва разы прымаючы кіраўніцтва на піку нацыянальнай катастрофы і пакідаючы дзяржаву ў стане эканамічнага ўздыму і роста міжнароднага прэстыжу. 

Аўтар больш за дзясятак кніг – мемуараў і тэарэтычных прац-бэстсэлераў па ваенным мастацтве. Загадкавы, містычны, выратавальнік Францыі, аб’яднальнік французскага народа, вызваліцель Алжыра і іншых калоній імперыі. Цікава, што тэкст расійскай канстытуцыі 1993 года, шмат у чым супадае з канстытуцыяй дэ Голя.

1967 год. У Мюнхене памерла Барбара Вержбаловіч (Вербіч, Ганчарэнка). 

Беларуская оперная і канцэртная спявачка (мецца-сапрана).

У 1939-1941 гадах салістка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыла вобразы ў нацыянальных спектаклях «Міхась Падгорны» Я. Цікоцкага (Матка), «Кветка шчасця» А. Туранкова (Ведзьма), а таксама ў класічных операх.

Падчас акупацыі працавала ў Мінскім гарадскім тэатры, у 1943 годзе выканала партыю Свацці ў оперы «Лясное возера» М. Шчаглова-Куліковіча.

3 чэрвеня 1944 года на эміграцыі ў Германіі, працавала ў тэатральнай групе «Жыве Беларусь» (пазней – Беларускі тэатр эстрады).  З 1954 года – сакратар, дыктар беларускай рэдакцыі радыё «Свабода». Запісала некалькі грампласцінак.

У 1950-1954 гадах жыла ў ЗША: канцэртная спявачка, адна з актывістак і кіраўнікоў беларускага жаночага руху.

магіла Барбары Вержбаловіч (Вербіч) 

1980 год. Памёр Канстанцін Кіслы. 

Беларускі музыкант, кампазітар, дырыжор царкоўных і свецкіх хораў.

Падчас Першай сусветнай вайны жыў з сям’ёй у Марыупалі, працаваў  кіраўніком хору ў настаўніцкай семінарыі, на канцэртах выконваліся беларускія песні.

У 1921 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У Беластоку арганізаваў школьны царкоўны хор, вёў свецкі хор Таварыства беларускай школы, шырока ўводзіў у рэпертуар беларускія песні і арганізоўваў публічныя канцэрты.

У 1939 годзе арыштаваны НКУС, сядзеў у турме, з якой уцёк у 1941 годзе. Падчас вайны супрацоўнічаў з Беларускім камітэтам у Беластоку, аднавіў свой  хор, які ў 1942 годзе быў перайменаваны ў Ансамбль беларускай песні і танца, шырока прапагандаваў музычна-песенную спадчыну беларускага народа на сваіх канцэртах. 

З 1944 года ў эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, ЗША. Пасля смерці Міколы Равенскага ў 1953 годзе стаў дырыжорам студэнцкага Ансамбля беларускай песні і танца ў бельгійскім г. Лёвене. З ансамблем выступаў у краінах Заходняй Еўропы.

У ЗША рэарганізаваў кліўлендскі хор беларускай моладзі ў жаночы ансамбль «Васількі». Адкрыў у Кліўлендзе ўласную інструментальна-музычную студыю.

Увосень 1976 года пераехаў жыць у Беласток.

1997 год. Памерла Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). 

Беларуская пісьменніца, мемуарыст, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

Выкладала ў БДУ, Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу.

Аўтар апавяданняў, аповесцей, успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага і іншых. У працах “Лістападаўцы”, “Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту”, “Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.”, “Менск у 1930-1931 гадох” паўстае карціна жыцця на Беларусі міжваеннага часу.

Упершыню ў беларускай прозе шырока паказала лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Памерла 8 студзеня 1997 года.

2004 год. Levi Strauss & C° зачыніла апошнюю фабрыку на тэрыторыі ЗША. 

Зачынілася пашывачная фабрыка сусветна вядомай амерыканскай кампанія па вытворчасці джынсаў у Сан-Антоніа, штат Тэхас. На гэтым завяршылася больш чым 150-гадовая эпоха, на працягу якой на лэйбле найпапулярных у моладзевым асяроддзі штаноў красаваўся ганарлівы надпіс “Made in USA”. Кампанія, што ўзнікла ў Сан-Францыска ў 1853 годзе, толькі з 1981 па 1990 год з прычыны дарагой працоўнай сілы закрыла ў сябе на радзіме 58 прадпрыемстваў. Цяпер кампанія мае тры “джынсавыя штаб-кватэры”: у Сан-Францыска, Брусэлі і Сінгапуры, а асноўную частку прадукцыі пад маркай Levi Strauss вырабляюць па ліцэнзіі іншыя кампаніі.

Дзень у гісторыі. 27 снежня. Асвяшчэнне Сафійскага сабора ў Канстанцінопалі. Нарадзіўся паўстанец, дзед і прадзед грэчаскіх прэм’ер-міністраў Зыгмунт Мінейка. Дзень памяці Мялеція Сматрыцкага

Дзень памяці пакутнікаў Фірса, Леўкія і Калініка (праваслаўны каляндар). 

У народзе верылі, што 27 снежня розная нечысць гуляе па зямлі. Лічылася, што яна не чапае добрых гаспадароў, таму ў хаце чысценька прыбіралі і мыліся самі.

Калі ў гэты дзень пераменлівае надвор’е, будзе адліга. Цёплы дзень прадвяшчае гарачае лета. Калі крумкачы збіраюцца ў чароды і громка крычаць, варта чакаць маразоў. 

537 год. У Канстанцінопалі асвечаны Сабор Святой Сафіі.

Галоўны храмі Візантыйскай імперыі і ўсёй Усходняй хрысціянскай царквы, самы высокі ў хрысціянскім свеце на працягу 1000 гадоў. Імператар Візантыі Юстыніян I Вялікі, па загадзе якога архітэктары з Малой Азіі Анфімій Тралскі і Ісідар Мілецкі ўзвялі гэты сабор, сам заклаў першы камень у яго падмурак і строга кантраляваў будаўніцтва. Пры асвячэнні храма Юстыніян, абышоўшы яго вакол, усклікнуў: “Слава Богу, які прызнаў мяне годным здзяйснення такога цуду. Я перамог цябе, о, Саламон!”.

Вышыня Сафійскага сабора – 55,6 метраў, дыяметр купала – 31 метр. У 1453 годзе султан Мехмед II, які заваяваў Канстанцінопаль, загадаў ператварыць сабор у мячэць, стварыўшы пры гэтым асабіста першую малітву на славу Алаха. Да сабора прыбудавалі чатыры мінарэты, і сабор ператварыўся ў Вялікую мячэць Айя-Сафія, аднак большасць фрэсак і мазаік засталіся цэлымі. У 1935 годзе паводле дэкрэта Атацюрка Ая Сафія стала музеем. Помнік Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА (2020). З 2020 года зноўў мячэць. Усе мячэці ў свеце пабудаваны на ўзор Айя-Сафіі. 

1633 год. Памёр Мялецій (Максім) Сматрыцкі.

Беларускі пісьменнік і рэлігійны дзеяч, праваслаўны архіепіскап Полацкі, Віцебскі і Мсціслаўскі (1620-1628). Вучыўся у Астрожскай, Віленскай, Лейпцыгскай, Вітэнбергскай акадэміях.

Адзін з набольш вядомых прыхільнікаў абнаўлення праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай, рэформы ўніяцкай царквы.

Спачатку быў зацятым абаронцай праваслаўя, членам Віленскага праваслаўнага брацтва, рэктарам кіеўскай брацкай школы, але пасля паломніцтва ў Іерусалім і Канстанцінопаль, прыняў Унію. Папа Урбан VIII у 1631 годзе прызначыў яго архібіскупам. Мялецій лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі праваслаўных цэркваў і манастыроў у сваіх уладаннях.

Аўтар палемічных твораў на рэлігійную тэматыку, найбольш аўтарытэтнага падручніка па славянскім мовазнаўстве “Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 1618—1619) – узор для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык, неаднаразова перавыдавалася да XIX стагоддзя.

«Граматыка» Сматрыцкага. Выданне 1721 года. Масква

1827 год. Памёр Ян Голанд. 

Беларускі кампазітар нямецкага паходжання, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.

Вядомы гамбургскі кампазітар, аўтар опер, сімфоній, кантат, музычных п’ес.

На пачатку 1780-х гадоў стаў дырыжорам нясвіжскай капэлы, ставіў у оперна-балетным тэатры Нясвіжа класічныя творы замежных і мясцовых аўтараў.

17 верасня 1784 года ў Нясвіжы адбылася прэм’ера оперы Я. Голанда «Агатка, або Прыезд пана» – адной з першых опер, што створаны і пастаўлены ў Беларусі ў XVIII стагоддзі, больш за 40 гадоў ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай.

У Нясвіжы ім напісаны опера «Чужое багацце нікому не служыць» і балет «Арфей і Эўрыдыка» («Арфей у пекле»).

Пасля 20-гадовай працы ў Нясвіжы, 23 гады выкладаў музыку ў Віленскім універсітэце, кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам, напісаў падручнік «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі».

На сёння творы Голанда адноўлены на беларускай мове.

1906 год. Нарадзілася Аляксандра Саковіч (Іна Рытар). 

Беларуская пісьменніца, мемуарыст, дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

Выкладала ў БДУ, Навагрудскай настаўніцкай семінарыі, Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу.

Уваходзіла ў кіраўніцтва Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар апавяданняў, аповесцей, успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, Я. Лёсіка, П. Бузука, М. Грамыку, У. Ігнатоўскага і іншых. У працах “Лістападаўцы”, “Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту”, “Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.”, “Менск у 1930-1931 гадох” паўстае карціна жыцця на Беларусі міжваеннага часу.

Упершыню ў беларускай прозе шырока паказала лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу.

Памерла 8 студзеня 1997 года.

1923 год. Нарадзіўся Анатоль Вялюгін

Беларускі паэт, празаік, кінасцэнарыст, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы, Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар больш 20 зборнікаў вершаў.

Па яго сцэнарыях пастаўлены два мастацкіх, 40 дакументальных фільмаў, у тым ліку «Бацька Нёман», «Генерал Пушча», «Белая вежа», «Я – крэпасць, вяду бой», «Магілёў – дні і ночы мужнасці».

Перакладчык на беларускую мову твораў М.Лермантава,  Ю. Тувіма, Э. Межэлайціса і іншых, паасобных вершаў У. Маякоўскага, А. Міцкевіча, У. Бранеўскага, М. Ціханава, Л. Украінкі і іншых. Склаў зборнікі «Мы іх не забудзем», «Крывёю сэрца».

Памёр 24 кастрычніка 1994 года. 

1931 год. Нарадзіўся Юрый Карачун. 

Беларускі мастак-графік, мастацтвазнаўца. Заслужаны дзеяч мастацтваў. Дырэктар Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі (1977-1997).

Асноўныя працы: малюнкі «Сосны», «Крым. Місхор», «Гурзуф»; акварэлі «Першы снег», «Прага».

З’яўляўся аўтарам-складальнікам альбомаў «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў», аўтарам кнігі пра народнага мастака БССР Яўгена Зайцава.

Яго працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі народнай архітэктуры і побыту, Літаратурным музеі Якуба Коласа.

Памёр 11 чэрвеня 1997 года.

1925 год. Памёр Зыгмунт Мінейка. 

Кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Ашмянскім павеце. Ганаровы грамадзянін Грэцыі.

Лектар генуэзскай ваеннай школы. Паўстанцкі ваенны начальнік Ашмянскага павета, камандзір атрада. Быў палонены і прыгавораны рускімі карнікамі да расстрэлу. Адбываў катаргу ў Сібіры, з якой збег.

Скончыў акадэмію генштаба ў Парыжы, жыў у Асманскай імперыі і 20 гадоў будаваў чыгункі, масты, каналы ў Балгарыі, Фракіі  Фесаліі і Эпіры. Удзельнік вайны Грэцыі з Турцыяй за Крыт (1891). Папулярызатар Алімпійскіх гульняў у Афінах. Аўтар успамінаў.

Яго зяць – Георгіяс Папандрэу-старэйшы (1888-1968) быў прэм’ер-міністрам Грэцыі, унук – Андрэас Папандрэу (1919-1996), быў прэм’ерам Грэцыі (1981-1989, 1993-1996), праўнук – Георгіяс Папандрэу-малодшы, быў прэм’ер-міністрам Грэцыі ў 2009-2011 гадах.

У гонар Мінейкі названыя сярэдняя школа пры пасольстве Польшчы ў Афінах, вуліца ў Ашмянах.

1932 год. Увядзенне пашпартнай сістэмы

Падпісана пастанова ЦВК і Саўнаркама “Аб устанаўленні адзінай пашпартнай сістэмы па Саюзе ССР і абавязковай прапіскі пашпартоў”. Усе грамадзяне СССР ад 16 гадоў, якія пастаянна пражывалі ў гарадах, рабочых пасёлках, якія працавалі на транспарце, у саўгасах, абавязаны былі мець пашпарты. Сельскае насельніцтва краіны пашпартамі не забяспечвалася, за выключэннем тых, хто пражываў у 10 кіламетровай памежнай зоне.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года пашпарты ўнутры краіны былі адменены, пашпартная сістэма ліквідавана. Усім грамадзянам было дадзена права свабоднага перамяшчэння па ўсёй тэрыторыі краіны. Дэкрэт ад 20 ліпеня 1923 года “Аб пасведчанні асобы” забараняў патрабаваць ад грамадзян абавязковае прад’яўленне пашпартоў і іншых відаў на жыхарства, якія абмяжоўваюць іх права перамяшчацца.

У канцы 1920-х – пачатку 1930-х гадоў дзяржава канчаткова вярнула сабе кантрольныя функцыі, у тым ліку і кантроль за перамяшчэннем насельніцтва. Пашпарты не выдаваліся вайскоўцам, інвалідам і жыхарам сельскай мясцовасці.

1938 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнай Рады СССР уведзена званне Героя Сацыялістычнай Працы. 

Першым Героем Сацыялістычнай Працы стаў Іосіф Сталін. Усяго званне прысвоена 20 613 дзеячам, у тым ліку 201 – двойчы і 15 – тройчы. БССР была на 7 месцы па ўзнагародам – 549. Сярод трохразовых Герояў Сацыялістычнай Працы – ураджэнец Мінска акадэмік Я.  Зяльдовіч, сярод двойчы Герояу – палітычны дзеяч А. Грамыка, авіканструктар П. Сухі, сярод 11 Героеў Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы – П. Машэраў, К. Арлоўскі. Героямі Сацыялістычнай працы былі пісьменнікі  К. Крапіва, І. Шамякін, В. Быкаў,  П. Броўка, аграрнікі У. Бядуля, У. Ралько і іншыя.

 

1956 год. Нарадзіўся Аляксандр Рогалеў

Беларускі мовазнавец, краязнавец, даследчык гісторыі тапаніміі Гомельшчыны. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Аўтар звыш 2000 навуковых, навукова-папулярных і краязнаўчых публікацый, у тым ліку шэрагу кніг.

Вывучае паходжанне геаграфічных назваў Беларусі, гісторыю беларускай мовы і этнаса, праводзіць краязнаўчыя даследаванні Гомеля і Гомельшчыны, а разам з тым займаецца «эзатэрычнай лінгвістыкай».

1964 год. Памёр Мікалай Чуркін. 

Беларускі кампазітар і фалькларыст. Адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі. Народны артыст.

Настаўнічаў, выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне, Вільні,  Мсціславе, Магілёве, Мінску.

Сабраў больш за 3 000 мелодый песень і танцаў розных народаў.

53 беларускія мелодыі ў яго запісе і апрацоўцы змешчаны ў «Беларускім зборніку» Е. Раманава (1910); склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» і «Беларускія народныя песні».

Сярод твораў – оперы паводле твораў Янкі Купалы, творы для дзяцей, музычныя камедыі, сімфаньеты, сімфанічныя сюіты, сюіты і уверцюра «Памяці Янкі Купалы» для аркестра беларускіх народных інструментаў, 11 струнных квартэтаў, хары, рамансы; музыка для драматычных спектакляў; апрацоўкі народных песень і танцаў, песні для дзяцей на словы беларускіх паэтаў.

На доме па вуліцы Кісялёва, 3 у Мінску ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

1979 год. Памёр Іван Ралько. Беларускі літаратуразнавец, крытык, паэт.

Настаўнічаў, працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Аўтар вершаў, зборніка паэзіі, крытычных даследаванняў. Даследаваў праблемы сучаснай паэзіі, гісторыі і тэорыі беларускага вершаскладання. Асобнымі выданнямі выйшлі працы «Беларускі верш: Старонкі гісторыі і тэорыі» – першае ў беларускім літаратуразнаўстве гісторыка-тэарэтычнае даследаванне праблем беларускага верша, «Вершаскладанне: Даследаванне і матэрыялы», «Верш і мова: Праблема тэорыі і гісторыі беларускага верша».

Перакладчык з украінскай і польскай моў.

1998 год. Памёр Навум Кіслік. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Выкладаў у Дрысе, працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісе «Полымя».

Аўтар вершаў, кніг паэзіі, перакладаў, выбранай паэзіі.

Пераклаў на рускую мову раман І. Мележа «Людзі на балоце», творы А. Карпюка, У. Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», зборнікаў паэзіі Я. Купалы, творы Я. Коласа, М. Багдановіча, П. Броўкі, Р. Барадуліна і іншых.

У 1982 годзе выдаў кнігу перакладаў беларускай паэзіі «Спелый бор».

Дзень у гісторыі. 6 лістапада. Першае знаёмства з тытунем. “Рабаванне стагоддзя”. Заснаваны Горацкі батанічны сад, завод “Мотавела”, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

Міжнародны дзень прадухілення эксплуатацыі навакольнага асяроддзя падчас вайны і ўзброеных канфліктаў (International Day for Preventing the Exploitation of the Environment in War and Armed Conflict, з 2001 года).

Як сказана ў рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН пагаршэнне стану экасістэмы, якое назіраецца доўгі час пасля спынення канфліктаў, закранае не адно пакаленне.

Яшчэ ў 2005 годзе у сваім пасланні Генеральны сакратар ААН адзначаў, што ліквідацыя экалагічнага ўрону, нанесенага вайной, з’яўляецца важнай задачай ААН.

У наступным пасланні 2006 года адзначалася, што нягледзячы на наяўнасць пэўных міжнародных пагадненняў, ў цэлым экалагічныя наступствы вайны ігнаруюцца сучаснымі законамі.

Гэта канстатуецца і сёння, пад час расійскай агрэсіі на Ўкраіну.

static.prsa.pl

 1492 год. Хрыстафор Калумб пазнаёміўся з дзіўным звычаем у індзейскім паселішчы на востраве Куба  – курэннем.

Тубыльцы трымалі ў роце скручаныя з нейкай травы пыхаючыя агнём трубкі, якія яны звалі “табака”, і час ад часу выпускалі з носа і рота духмяны дым.

Некаторыя гісторыкі настойваюць, што першым у Еўропе распаўсюджвальнікам тытуню стаў манах Раман Панэ, які падчас другой экспедыцыі Калумба пабываў у Амерыцы ў якасці місіянера. Ён прывёз у Іспанію тытунёвае насенне і стаў вырошчваць гэтую нябачаную кветку як дэкаратыўную расліну. У 1496 годзе першыя тытунёвыя плантацыі з’яўляюцца ў Іспаніі, у 1559 – у Партугаліі, у 1560 – у Францыі. У канцы XVI – пачатку XVII стагоддзя курэнне распаўсюдзілася і на іншыя мацерыкі. Прыкладна ў гэты ж час пазнаёміліся з тытунем і ў ВКЛ.

Французскі пасол у Партугаліі Жане Ніка паднёс сваёй каралеве Кацярыне Медычы лісце і насенне тытуню для бадзёрасці, і як сродак ад галаўнога болю і шматлікіх хвароб. У знак падзякі каралева назвала “цудадзейныя лекі” імем свайго пасланца – нікацін.

У 1604 годзе англійскі кароль Якаў I у працы “Аб шкодзе тытуню” пісаў: “Курэнне – агідны для зроку, агідны для нюху, шкодны для мозгу і небяспечны для лёгкіх звычай”. У 1624 годзе Папа Урбан VI выдаў адмысловую булу, у якой пагражаў адлучэннем ад царквы і вечным праклёнам тым, хто адважыўся хаця б панюхаць тытунь у царкве.

Па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі ўжываюць тытунь кожны трэці жыхар, у тым ліку 54,4% мужчын. Ва ўзросце 30-39 гадоў колькасць курцоў складае 64,8% у мужчын і 14,9% – у жанчын. Ва ўзросце 14-17 гадоў курцы складаюць 34,2%.

tunnel.ru

1742 год. Нарадзіўся Фабіян Саковіч. Беларускі паэт, перакладчык, педагог.

Вучыўся ў Віцебскім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах, працаваў выкладчыкам у Нясвіжы. Супрацоўнічаў з часопісам «Прыемныя і карысныя забавы», дзе публікаваў большасць сваіх вершаў.

З 1777 года жыў у маёнтку Адама Нарушэвіча Павець каля Пінска і дапамагаў яму перапісваць тэксты для «Гісторыі…». У 1778 годзе пераехаў у мястэчка Чарнаўчыцы Берасцейскага павета.

Пераклаў на польскую мову «Песні»Гарацыя.

1800 год. Нарадзіўся Леанард Борэйка Ходзька. 

Беларускі і польскі гісторык, публіцыст, выдавец.

Сябра таварыства філарэтаў, паплечнік А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана. Быў сакратаром кампазытара М. Агінскага.

З 1822 года на эміграцыі, жыў у Парыжы.

Аўтар паэм, біяграфіі Т. Касцюшкі, «Папулярнай гісторыі Польшчы», выдаў зборнікі твораў А. Міцкевіча, І. Красінскага, мемуары М. Агінскага, працы па гісторыі, геаграфіі, статыстыцы, у тым ліку «Польшча» (шмат матэрыялаў пра Беларусь). Напісаў. Сабраў 125 тамоў дакументаў па гісторыі Польшчы, Беларусі, Украіны.

wikimedia.org

1842 год. У Горы-Горацкай земляробчай школе заснаваны батанічны сад. 

Цяпер гэта Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння (з 1963). Мае плошчу 25 гектар.

Калекцыя батанічнага саду і дэндрарыя налічвае 3 335 таксонаў раслін якія належаць да 840 родаў, 1 476 відаў і 1 019 гатункаў. З іх 267 хваёвых таксонаў і 293 ліставых. Прадстаўленыя ў садзе драўнінна-хмызняковыя расліны адносяцца да 42 сямействаў і 93 родаў.

Аранжарэйныя расліны прадстаўлены 350 відамі субтрапічных і трапічных раслін 75 сямействаў.

У аранжарэі ёсць зімовы сад з рознымі экзотамі.

1862 год. Памёр Віктар Каліноўскі. 

Беларускі гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху 1860-х гадоў. Старэйшы брат К. Каліноўскага

Працаваў  у Імператарскай публічнай бібліятэцы, адшукваў старадаўнія рукапісы па гісторыі Літвы і Беларусі. Складаў генеалагічныя даведкі для прыватных асоб, даследаваў гісторыю ВКЛ, антыпрыгонніцкіх сялянскіх рухаў на Беларусі і Украіне. 

Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 украінскіх сялян. Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча», дзе апісаў першакрыніцы і ў каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях беларускай і польскай гісторыі.

Збіральнік унікальнай бібліятэкі  – больш за 5 000 рукапісаў і кніг, прысвечаных галоўным чынам гісторыі ВКЛ.

1863 год. Нарадзіўся Міхаіл Кулеша. 

Мастак, адзін з першых літографаў на тэрыторыі былога ВКЛ. Доктар філасофіі мастацтва. Пад час падарожжаў па Літве, Беларусі, Польшчы маляваў відарысы, эцюды мясцінаў. За сувязь з таварыствам філаматаў у 1823 годзе быў арыштаваны

Працаваў у Інстытуце шляхетных дзяўчын у Беластоку. Выставаўляўся ў Францыі. Частка карцін знаходзіцца ў Мастацкім музэі ў Вільні.

wikimedia.org

 1891 год. У в. Лявонаўка (зараз Асіповіцкі раён) нарадзіўся Іосіф Воўк-Левановіч. 

Беларускі мовазнавец, педагог. Выкладаў у Бабруйску, Мінску, працаваў у БДУ, навуковым сакратаром Камісіі па ўкладанні гістарычнага слоўніка беларускае мовы Інбелкульту, супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства. Вывучаў гісторыю беларускай мовы і дыялекталогію.

У верасні 1930 года пакінуў Беларусь. Працаваў ў Саратаўскім універсітэце, Арэнбургскім педінстытуце.

У 1937 годзе Галоўліт БССР выдаў загад, паводле якога «усе кнігі» вучонага прадугледжвалася «спальваць».

Арыштаваны ў 1937 годзе, сасланы ў лагер на Поўначы, дзе і памёр  19 жніўня 1943 года.

1940 год. Памёр Лявон Вітан-Дубейкаўскі.  

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, інжынер-будаўнік, архітэктар, паэт. Збіральнік беларускага фальклора. Кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Свіслачы, Смальянах. Член Беларускага нацыянальнага камітэта, галоўны архітэктар БНР.

1945 год. Заснаваны Мінскі матацыклетна-веласіпедны завод “Мотавела”.

Абсталаванне для завода было вывезена з Германіі. У чэрвені 1947 года сабралі першыя 10 веласіпедаў «Бусел». З 1950 года пачалі зборку падлеткавых веласіпедаў «Арлёнак», з 1951 года – 125-кубовых матацыклаў пад «Мінск», з  1977 – веласіпедаў са складной рамай. З 1992 –  веласіпедаў для бездарожжа, з 2007 – квадрацыклаў і снегаходаў. 

У 2007 годзе «Мотавела» прададзена  аўстрыйскаму холдынгу «АТЭК». У 2015 годзе вернуты ў дзяржаўную ўласнасць, колькасць працаўнікоў паменшылася з 2300 да 400 чалавек. У 2017 годзе эканамічны суд Мінска пачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве, а ў 2018 прызнаў ААТ «Мотавела» банкрутам.

https://bike.net/res/media/img/orig/ref/db5/40542.png

1963 год. Нарадзіўся Анатоль Жураўлёў. Беларускі мастак.

Член  суполкі мастакоў “Аршыца”. Удзельнік міжнародных  пленэраў, выстаў, мастацкіх форумаў у Расіі, Беларусі, Германіі, ЗША.

Творы мастака знаходзяцца ў «Музейным комплексе гісторыі і культуры Аршаншчыны», Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, у Мастацкай галерэі Полацка, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Карціннай галерэе Вязьмы, у прыватных калекцыях у Беларусі і за мяжой.

1968 год. У Магілёве нарадзіўся Аляксандар Баль. Беларускі бард.

Грае на шасціструннай гітары, піша песні на свае вершы. Напісаў шэраг твораў у жанры «бард-паэмы». Лаўрэат фэсту «Пецярбурскі акорд -96», Грушынскага фэсту (1999). Спявае і піша па-расейску.

Працаваў да 2021 года загадчыкам музычнай часткі Магілёўскага абласнога драматычнага тэатру. Звольнены за выкананне песні, у якой выказваецца немагчымасць трываць гвалт і несправядлівасць.

1983 год. У Будапешце адбылося “рабаванне стагоддзя”

Уначы са старой галерэі музея выяўленчых мастацтваў пад покрывам цемры выкралі сем шэдэўраў італьянскіх мастакоў – Рафаэля, Джорджоне, Цінтарэта, Цьепола, у тым ліку такіх вядомых, як “Мадонна Эстэргазі” і “Партрэт юнака” Рафаэля. 

Іх кошт на сусветным рынку складаў як мінімум 35 мільёнаў долараў.

Праз два месяцы пасля рабавання шэсць карцін (“Партрэт юнака” знайшлі раней у Венгрыі) знайшлі ў чамадане, закапаным у жаночым манастыры грэчаскага горада Ітэа. Арыштаваны рабаўнік грэк Петрыдэс прызнаўся, што меў намер збыць карціны ў прыватныя калекцыі ў Японію і ЗША.

На ФОТА Партрэт юнака (П’етра Бемба) пэндзля Рафаэля Санці. 1504 г.,tunnel.ru

1987 год. Заснаваны Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Знаходзіцца ў Траецкім прадмесці ў гістарычным будынку абутковай фабрыкі М. Цытвера. Адкрыты для наведвання ў 1991 годзе. З’яўляецца буйнейшым літаратурным музеем краіны: калекцыі ўключаюць матэрыялы, якія характарызуюць узнікненне і развіццё літаратурнай творчасці беларускага народа ад старажыстнасці да сучаснасці. Мае 9 філіялаў: Музеі-сядзібы Ф. Багушэвіча «Кушляны», Міцкевічаў «Завоссе», В. Быкава, літаратурныя музеі К. Чорнага, М. Багдановіча, П. Броўкі і іншыя.

У 2010 годзе са складу комплекса выведзены Літаратурны музей М. Гарэцкага і перададзены ў камунальную ўласнасць Мсціслаўскага райвыканкама.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага здушэння акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, супрацоўнікі музея і яго дырэктар М. Рыбакоў напісалі зварот, у якім запатрабавалі справядлівых выбараў, спынення насілля і выканання законаў. Дырэктара 31 снежня 2020 года вымусілі звольніца.

2000 год. На 96-м годзе жыцця памерла Стэфанія Станюта.  Беларуская актрыса, легенда сцэны купалаўскага тэатра, Народная артыстка Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій, уладальніца прызоў Міжнародных фестываляў, Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра.

Сыграла некалькі дзесяткаў ролей у тэатральных пастаноўках па творах Я. Купалы, З. Бядулі, К. Губарэвіча), У. Шэкспіра, Р. Шэрыдана, К. Крапівы, І. Мележа, А. Макаёнка і іншых.

Здымалася ў многіх кінафільмах, у тым ліку «Родная справа», «Памяць зямлі», «Белыя росы», «Слухаю, чую»,  «Мама, я жывы», тэлефільмах «Мы – хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і іншых.

У яе гонар названа вуліца ў Мінску.

stuki-druki.com

6 лістапада – сярэдняя дата фарміравання снежнага покрыва ў Магілёўскай вобласці.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Ягор Лебядок, Дзмітрый Шувалаў, Аляксандр Іваноў, Сяргей Вайцюк, Міхаіл Лістападаў, Сяргей Грыбовіч.

Праваабарончая супольнасць абвясціла іх палітвязнямі. Па стане на 16 жніўня ў Беларусі стала 1282 прызнаных палітвязняў.

Паводле праваабаронцаў, беларускія сілавікі адвольна прыцягнулі іх да крымінальнай адказнасці і зняволення, такім чынам парушыўшы іх права на асацыяцыю і свабоду выказвання.

Праваабаронцы і медыі звяртаюць увагу на прызнанне палітвязнем ваеннага эксперта Ягора Лебядка. Супраць яго распачатая крымінальная справа за «садзейнічанне з экстрэмісцкай арганізацыяй».

Пра затрыманне Лебядка стала вядома 13 ліпеня. Яму прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту, па сканчэнні якіх на волю ён не выйшаў.

Лебядок вёў тэлеграм-канал аб ваеннай і інфармацыйнай бяспецы.

Ганны Пышнік (Чымпаеш)

Асуджаная на тры гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, нагодай для крымінальнага пераследу стала фільмаванне жанчынай расійскіх гелікоптараў і дасыланне відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі ў адзін з тэлеграм-каналаў.

За тое яе абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Яна была схоплена 22 сакавіка і да суду ўтрымлівалася ў следчым ізалятары №3 Гомеля. Асуджаная жанчына мае непаўналетнюю дачку.

Мікола Аўтуховіч

Па сканчэнні працяглай галадоўкі пачаў патроху есці турэмныя кашы, але адказваць на лісты не мае сілаў.

Паводле блізкіх ён вельмі слабы, у яго нізкі ціск, а моцныя ацёкі могуць сведчыць пра праблемы з функцыянаваннем нырак. Яму перададзеныя пладовыя і мясныя дзіцячыя пюрэ, мёд, з дапамогай якіх ён плануе выходзіць з галадавання.

59-гадовы палітвязень абвясціў сухую галадоўку 11 ліпеня. Ёю ён пратэставаў супраць таго, што яму не перадаюць лісты і газеты.

Пяць дзён арыштант не наведваў судовыя паседжанні, бо не меў сілаў дайсці. Яму ставілі кропельніцу. 

1 жніўня стала вядома, што ён спыніў галадоўку.

Аўтуховіча вінавацяць ва ўчыненні «Акту тэрарызму». Нібыта за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Гродна стаіць групоўка, якой ён кіраваў.

Па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек.

Сяргей Цыгіба

Асуджаны на тры гады калоніі і да штрафу ў 8750 рублёў (250 базавых велічынь) за пастаўленую падабаўку ў сацыяльнай сетцы.

Паводле матэрыялаў справы, у верасні 2021 года Цыгіба гартаў стужку навін у сетцы і ўбачыў відэа «Мент-паліцай, які атрымае 2 пажыццёвыя тэрміны». Ён паставіў «клас», і гэты матэрыял трапіў да яго на старонку. Гэта і стала нагодаю для крымінальнага пераследу.

Алег Яфрэменка

Прызнанага праваабарончай супольнасцю палітвязня асудзілі да яшчэ аднаго года зняволення. Раней ён быў асуджаны на 4,5 гады калоніі.

Паводле выраку суда Ленінскага раёну Магілёва ён прызнаны вінаватым у злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.

Справу разглядала Вікторыя Палякова.

Яфрэменку ўжо ўзмацнялі рэжым. У верасні 2021 года з калоніі, дзе ён адбываў тэрмін за падсечку міліцыянту, ён быў пераведзены на турэмны рэжым у Магілёў.

Валерый Сівук

Затрыманы.

Паводле праваабаронцаў, жыхара Гродна схапілі з ужываннем сілы за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

На затрыманне прыехала група з 7-8 сілавікоў. Скруцілі Сівука ля ягонага дому.

Марыя і Мікалай Касценкі

Мужа і жонку забралі за іх удзел у пратэстах 2020 году, пішуць праваабаронцы.

Яны даведаліся пра затрыманне з праўладных тэлеграм-каналаў.

Марыя – настаўніца геаграфіі ў 38 школе Мінску, Мікалай – намеснік начальніка аддзелу кіравання карпаратыўнымі Інтэрнет-рэсурсамі Беларускай Чыгункі.

Святлана Саковіч і Ігара Назаранкі

Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што Святлана затрыманая за ўдзел у пратэстах у 2020-м годзе, падчас якіх нібыта перакрывала рух транспарту.

Ігара Назаранку ў праўладным пабліку абвінавацілі ў тым, што ён прыняў удзел у акцыі пратэсту ў ноч з 9 на 10 жніўня на Нямізе. Ён трапіў на відэа, па якім яго і вылічылі.

Андрэй Вашчук

Каталіцкага святара вызвалілі пасля 30 дзён адміністрацыйнага арышту.

Яго забралі ў сярэдзіне ліпеня. Спачатку арыштавалі на 15 сутак за аватарку з бел-чырвона-белым сцягам у Фэйсбуку.

20 ліпеня святара, які ўжо адбываў на той час арышт, зноў судзілі, на гэты раз за падпіску на тэлеграм-чат, кантэнт якога прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».