24 ліпеня ў гісторыі. Распушчальная кава. Падзенне метэарыта. Першы Буквар. Нарадзіўся артыст Г. Гарбук.

Дзень нараджэння распушчальнай кавы.

24 ліпеня 1938 года дзякуючы швейцарскаму хіміку Максу Моргенталеру з кампаніі Nestle на рынку з’явілася першая папулярная марка гэтага напою – Nescafe. 

Такая кава стала абавязковай у рацыёне амерыканскіх салдат падчас Другой сусветнай вайны.

Распушчальная кава карыстаецца вялікім попытам з-за лёгкасці прыгатавання. 

Штодня ў свеце выпіваецца каля 2,5 мільярдаў кубкаў кавы, і больш за палову прыпадае на долю распушчальнай. 

У скандынаўскіх краінах, ФРГ больш за 70% насельніцтва п’юць заварную каву, а бразільцы, амерыканцы, беларусы, наадварот, больш любяць распушчальную.

1618 год. У Еўе (цяпер Вевіс, Літва) выдадзены першы «Буквар мовы славенскай…».

Першы ў свеце элементарны падручнік пад назвай “Буквар”. А другі буквар надрукаваў магілёвец Спірыдон Собаль (1631).

1790 год. Упершыню ў гісторыі дакументальна зафіксавана падзенне метэарыта на Зямлю.

Метэарыт упаў у Паўднёва-Заходняй Францыі, каля гасконскага гарадка Барбатан.

Хоць гэтае здарэнне было афіцыйна засведчана мясцовымі ўладамі, адзін з акадэмікаў Клод Бертолле заявіў: “Як сумна, што цэлы муніцыпалітэт заносіць у пратакол народныя казкі, выдаючы іх за сапраўды бачанае, тады як не толькі фізічным чыннікам, але і наогул нічым разумным гэта нельга растлумачыць”.

Будучы ўпэўненымі, што “гасконцы заўсёды былі вялікімі фантазёрамі і выхвалякамі”, навукоўцы прынялі пастанову, якая заклікала суграмадзян надалей не рэагаваць на падобныя “забабоны”.

У той час навукоўцы яшчэ не верылі, што метэарыты падаюць на Зямлю з касмічнай прасторы. Толькі ў 1803 годзе рэальнасць “нябеснага” паходжання метэарытаў была імі афіцыйна прызнана. Калі ў мястэчку Эгле выліўся жудасны “каменны дождж”, які ўсыпаў зямлю аскепкамі і быў засведчаны мноствам узбуджаных відавочцаў, Французская акадэмія навук змушаная была пагадзіцца, што гэта сапраўды былі “камяні з неба”.

1820 год. Нарадзіўся Люцыян Крашэўскі (1820-1892).

Беларускі і польскі мастак, фатограф, прыродазнавец, краязнавец. Брат Юзэфа Крашэўскага і Каятан Крашэўскага. Ілюстратар іх твораў.

Аказваў дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863-1864 гадоў, за што быў сасланы на Урал.

Рабіў замалёўкі помнікаў архітэктуры і народных тыпаў на Гродзеншчыне. У ссылцы навучыўся фатаграфаваць, рабіў здымкі краявідаў Панямоння.

Памёр 2 лютага 1892 года.

1884 год. У Магілёве створана губернская паштова-тэлеграфная кантора 3-га класа.

Да 1890 года ў Магілёўскай губерні дзейнічалі паштова-тэлеграфныя канторы: Магілёўская, Гомельская, Аршанская, Шклоўская, Рагачоўская, Горы-Гарэцкая, Чэрыкаўская, Мсціслаўская, Быхаўская, Сенненская, Дубровенская, Клімавіцкая, паштова-тэлеграфныя аддзяленні: Чавускае, Прапойскае, Веткаўскае, Копыскае, Ляднянскае, Хаславіцкае, Бабрскае, Чачэрскае, Касцюковіцкае, Краснапольскае, Любавіцкае, Руднянскае, Добрушскае, Коханаўскае, Талачынскае і Смальянскае; паштовыя аддзяленні: Бялыніцкае, Манастыршчынскае, Раснянскае, Пятровіцкае, Шамаўскае і Кармянскае. 

Да пачатку XX стагоддзя дзейнічала 29 паштова-телеграфных і 35 паштовых аддзяленняў, у самім Магілёве было 12 паштовых скрынь.

Кантора ў Оршы

1896 год. Нарадзіўся Аляксандр Орса (1896-1959).

Беларускі педагог, грамадскі і культурны дзеяч.

Скончыў настаўніцкія курсы ў Навагрудку, Карлаў ўніверсітэт у Празе.

Выкладаў у навагрудскіх беларускай гімназіі, школах, педвучылішчы. Падчас Другой сусветнай вайны быў школьным інспектарам Навагрудскай акругі.

Прымаў удзел у Другім Усебеларускім кангрэсе. У 1944 выехаў у Германію, дзе быў дырэктарам Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу (Міхельсдорф).

З 1949 года ў Нью-Ёрку. Адзін з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскага задзіночання, стваральнік першай парафіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Беларускага інстытута навукі і мастацтва, арганізатар першых беларускіх школ у Нью-Ёрку. Уваходзіў ва ўрад БНР у эміграцыі (міністр асветы).

Памёр 2 лістапада 1959 года.

1911 год. Нарадзіўся Анатоль (Акім) Астрэйка (1911-1978).

Беларускі паэт, журналіст.

Працаваў у газетах розных гарадоў, у тым ліку ў Горках.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

У 1948-1953 гадах – адказны сакратар часопіса «Вожык».

Аўтар вершаў, зборнікаў, кніг вершаў, вершаванай казкі «Елка», паэмы для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда», тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».

Памёр 23 жніўня 1978 года.

1921 год. Падчас аперацыі ў Маскве памёр Сцяпан Булат (1894-1921).

Беларускі палітычны дзеяч, журналіст. Працаваў загадчыкам аддзела ЦК КП(б)Б па працы ў вёсцы.

Рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газеты «Белорусская деревня».

Адстойваў ідэю беларускай дзяржаўнасці, дамагаўся пашырэння БССР на ўсход, беларусізацыі краю, надання беларускай мове статуса дзяржаўнай. На смерць Сцяпана Булата адгукнуліся вершамі Янка Купала, Міхась Чарот, Зм. Бядуля.

1934 год. Нарадзіўся Генадзь Гарбук (1934-2018).

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларусі. Лаўрэат Дзяржпрэмій БССР і СССР.

Працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

1941 год. Абаронцы Магілёва з 394-га палка палкоўніка Я. Слепакурава на заходнім беразе Дняпра захапілі 3 нямецкіх штабных аўтамашыны і штабнога афіцэра.

У машынах былі ўзнагародныя знакі, сцягі, падарункі для нямецкіх салдат, якія павінны былі ўзяць Маскву.

Магілёў быў цалкам акружаны 16 ліпеня, аднак абаронцы працягвалі ўпарта змагацца.

У гэты ж дзень Заходні фронт падзелены на Заходні і Цэнтральны.

1976 год. Нарадзіўся Іван Ціхан.

Беларускі атлет, кідальнік молата, чэмпіён Беларусі, Еўропы, трохразовы чэмпіён свету, сярэбраны прызёр Летніх Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра (2016), шматразовы рэкардсмэн. 

Заслужаны майстар спорту Беларусі. Старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

1984 год. Адкрыты для наведвальнікаў Клімавіцкі краязнаўчы музей.

Створаны паводле рашэння ЦК КПБ 11 ліпеня 1978 года. Размяшчаецца ў асабняку князёў Мяшчэрскіх.

Асноўны фонд музея налічвае каля 6 000 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – каля 8 000.

Найбольш цікавыя прадметы з калекцый музея: бівень маманта, каменныя прылады працы 3-2-га тыс. г. да н.э., кнігі ХІХ стагоддзя, прадметы нумізматыкі, ткацтва, народнага побыту, узоры зброі, творы выяўленчага мастацтва. Экспазіцыя музея размешчана ў 6 залах: «Прырода раёна», «Далёкае мінулае», «Сацыялістычная рэвалюцыя», «Вялікая Айчынная вайна», «Прамысловасць раёна», «Знакамітыя землякі».

2009 год. Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь увяло ў паштовы зварот марку “350 гадоў Баркалабаўскай іконе Божай Маці”.

Ікона з’явілася ў Баркалабаўскім жаночым манастыры (заснаваны 24 чэрвеня 1641 года Б. Статкевічам каля мястэчка Баркалабава) у 1659 годзе.

Паводле падання з манастырскага архіва рускі князь Пажарскі вяртаўся «з Польшчы», маючы пры сабе патаемна гэты абраз Багародзіцы. Калі атрад князя праходзіў каля манастыра, «абраз стаў нерухомы» і ніякія намаганні людзей не здолелі зрушыць яго з месца. Пажарскі зразумеў, што абраз жадае застацца ў манастыры і перадаў яго ігуменні Фацінні Кіркораўне.

Фота з адкрытых крыніц.

9 ліпеня ў гісторыі. Карлаў мост. Пераварот Кацярыны II. Адчынены МаАЗ, дзіцячая чыгунка. Нарадзіўся У. Някляеў.

Міжнародны дзень знішчэння стралковай зброі (Small Arms Destruction Day, з 2001 года).

Заснаваны Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый каб нагадаць аб пагрозе, якую нясе празмернае і дэстабілізуючае назапашванне і незаконны абарот стралковай зброі і лёгкіх узбраенняў для міру і бяспекі.

Міжнародная супольнасць прызнала неабходнасць скарачэння незаконных патокаў зброі ў якасці ключавой задачы для дасягнення міру, справядлівасці і моцных інстытутаў у якасці мэты ўстойлівага развіцця.

1357 год. У Празе кароль Карл IV (1316-1378) заклаў арачны мост праз Влтаву.

Спраектаваны на 16 магутных апорных быках, пабудаваны ў 1357-1402 гадах чэшскім архітэктарам і скульптарам Пятром Парлержам на месцы старога Юдыфінінага моста, які быў разбураны ў 1342 годзе.

Мост з’яўляецца адной з самых вядомых славутасцяў горада. У 1683 годзе паабапал яго ўсталявалі скульптурныя групы, якія ілюструюць гісторыю Прагі па ўзоры рымскага маста св. Анёла. З канца XIX стагоддзя мост стаў называцца Карлавым.

Працягласць моста 516 м у даўжыню і каля 10 м у шырыню, мае тры вежы, дзве з якіх знаходзяцца ў Старым горадзе. Упрыгожаны 30 статуямі святых і заступнікаў багемскіх скульптараў М. Браун, Я. Брокафа і яго сыноў Юзафа і Фердынанда.

У 1965 годзе ўсё статуі заменены копіямі, а арыгіналы перавезены ў Нацыянальны музей Чэхіі.

У беларускай паэзіі Карлаваму мосту прысвечаны верш В. Болбаса «На Карлавым мосьце музыка іграе на шклянках…».

1762 год. У Пецярбургу ўчынены палацавы пераварот, у выніку якога на сталец узышла Кацярына II.

У ноч на 9 ліпеня, калі расійскі імператар Пётр III знаходзіўся ў Араніенбаўме, яго жонка Кацярына таемна прыбыла ў Пецярбург і ў казармах Ізмайлаўскага палка была абвешчана самадзяржаўнай імператрыцай. Да паўстанцаў далучыліся салдаты іншых палкоў, а сама вестка аб перавароце была з захапленнем сустрэта пецябруржцамі.

Кацярына ўступіла на сталец, маючы цалкам пэўную палітычную праграму, заснаваную, з аднаго боку, на ідэях Асветы і, з другога, яна ўлічвала асаблівасці гістарычнага развіцця Расіі.

У першыя гады свайго валадарання яна ажыццявіла рэформу Сената, правяла секулярызацыю царкоўных зямель, ліквідавала гетманства ва Украіне, заснавала шэраг новых навучальных устаноў. Лічыла неабходным замацавацца на Чорным моры, далучыць Паўночнае Прычарнамор’е, Крым, Прыкубанне, Каўказ, знішчыць Рэч Паспалітую.

1883 год. Нарадзіўся Аляксандр Дубах (1883-1942).

Беларускі навуковец у галіне меліярацыі і гідралогіі, пачынальнік сучаснай гідралесамеліярацыі.

Акадэмік АН БССР, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар.

Працаваў ва ўпраўленні земляробства і дзяржмаёмасці ў Магілёве, прафесарам Горацкай акадэміі, займаўся асушэннем лясных сельскагаспадарчых земляў. Рэпрэсаваны ў 1930 і 1937 гадах, пазбаўлены звання акадэміка.

Памёр 21 красавіка 1942 года.

1906 год. У наднёманскай в. Мікалаеўшчына на Стаўбцоўшчыне адбыўся нелегальны настаўніцкі з’езд Мінскай губерні.

Разагнаны паліцыяй. На сходзе былі выказаны думкі пра неабходнасць навучання дзяцей на беларускай мове, увядзенне бясплатнага навучання ў пачатковых школах, бяспраўнае становішча народнага настаўніка ва ўмовах царскага рэжыму.

Удзельнікі з’езда былі арыштаваны і пазбаўлены права настаўнічаць, некаторыя, як К. Міцкевіч (Якуб Колас) адсядзелі ў турме. 13 настаўнікаў былі звольнены з працы, у тым ліку І. Фёдараў (Янка Маўр).

На фота сюжэт “праз дваццаць гадоў”, 1926 год. Праз 20 гадоў з’езда. Сядзяць (злева направа) у ніжнім радзе: Сямён Матковіч, Іван Голас, Якуб Колас; у верхнім радзе: Язэп Пашчыцкі, Андрэй Дуб, Янка Яхімовіч, на плячо Якуба Коласа абапіраецца Тарас Гушча.

1935 год. Пачаў працу Магілёўскі аўтарамонтны завод.

Перад вайной перапрафіліраваны ў авіяцыйны, у 1941 годзе эвакуіраваны ў Куйбышаў, дзе асвоіў вытворчасць рухавікоў для штурмавікоў Іл-2 (цяпер Самарскае авіяракетнае аб’яднанне).

Пасля вайны завод вернуты ў Магілёў і выпускаў лакамабілі, парасілавыя ўстаноўкі, маставыя краны і маслазапраўшчыкі на шасі ГАЗ-51.

У 1958 годзе на завод пад’ёмна-транспартнага абсталявання імя С. Кірава ў Магілёве была перададзена вытворчасць аднавосевых цягачоў МАЗ-529.

У 1960 годзе з МАЗа была пераведзена група канструктараў, якая стала асновай тэхнічных службаў завода. З гэтага часу МаАЗ стаў адным з найбуйнейшых вытворцаў землярыйна-транспартнай тэхнікі ў СССР.

У 1966 годзе завод перайменаваны ў аўтамабільны. На ім створаны аднавосевыя цягачы, паўнапрывадныя аўтамабілі МаАЗ-7411, кар’ерныя самазвалы, самазвальныя аўтацягнікі для працы ў падземных шахтах і выпрацоўках.

У 2006 годзе завод стаў філіялам БелАЗа.

Унікальная прадукцыя – магілёўскі скрэпер

1944 год. У Магілёве адбыўся першы агульнагарадскі мітынг прысвечаны вызваленню горада і вобласці і парад партызан і войск гарнізона.

Мерапрыемствы адбыліся на часткова разбуранай Савецкай плошчы (зараз – Славы).

У мітынгу прынялі ўдзел больш за 25 000 чалавек.

А 13:00 мітынг адкрыў старшыня выканкама Магілёўскага абласнога Саветаў дэпутатаў генерал-маёр І. Кардовіч.

Сакратар Магілёўскага абкама і гаркама КП(б)Б І. Макараў адзначыў, што за гады вайны партызаны Магілёўшчыны знішчылі больш за 148 000 варожых салдат і афіцэраў, больш за 1 600 узялі ў палон, разграмілі 133 гарнізона, знішчылі 167 варожых танкаў, 78 бронемашын, 46 самалётаў, 232 гарматы. Народныя мсціўцы знішчылі 1 793 эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага, узарвалі 53 чыгуначныя масты.

Пасля мітынгу адбыўся парад партызан і воінскіх часцей. Каля трыбуны прайшло каля 9 000 партызан.

Пасля заканчэння парада на плошчы выступіў франтавы ансамбль песні і танца.

1946 год. Нарадзіўся Уладзімір Някляеў.

Беларускі паэт, празаік, эсэіст, грамадска-палітычны дзеяч.

Лідар грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, палітычны зняволены.

Намінант на Нобелеўскую прэмію (2011).

Някляеў разбурыў стэрэатып, што найлепшыя вершы паэт піша ў маладосці, паколькі эмоцыі ў чалавека больш моцныя ў маладыя гады.

1947 год. Памёр ураджэнец Беларусі Люцыян Жалігоўскі (1865-1947).

Польскі генерал, дзяржаўны і ваенны дзеяч.

Удзельнік руска-японскай, Першай Сусветнай войн. Камандзір 1-й літоўска-беларускай дывізіі (1920). Ваенны міністр Польшчы, інспектар арміі. Член Нацыянальнай рады польскага ўрада ў Вялікай Брытаніі.

1955 год. Адкрыта Мінская дзіцячая чыгунка імя К. Заслонава.

Працуе з 1 мая да канца верасня і на зімовых канікулах па пэўнаму раскладу. Галоўная станцыя «Заслонава». Працуюць два цеплавоза і 12 вагонаў з сістэмай радыёвяшчання для правядзення музычнага суправаджэння і тэматычных экскурсій.

1987 год. Памёр ўраджэнец в. Улукі Слаўгарадскага раёна Іван Цішчанка (1912-1987).

Беларускі хімік, доктар хімічных навук, прафесар, член-карэспандэнт АН БССР, дэкан хімфаку БДУ.

Аўтар прац па арганічнаму сінтэзу і рэакцыйнай здольнасці арганічных рэчываў. Распрацаваў метады сінтэзу поліфункцыянальных арганічных рэчываў, выявіў шэраг заканамернасцей рэакцыйнай здольнасці замешчаных ненасычаных злучэнняў у адносінах да малекулярнага кіслароду, перакісу вадароду і іншых акісляльнікаў. Сінтэзаваў ацыклічныя, карбацыклічныя і гетэрацыклічныя злучэнні з некалькімі функцыянальнымі групамі, некаторыя з іх біялагічна актыўныя.

Аўтар больш 130 навуковых прац, шэраг вынаходніцтваў.

2012 год. Памёр Аляксей Гусак (1927-2012).

Беларускі матэматык, прафесар.

Скончыў БДУ, у якім потым прапрацаваў усё жыццё.

Аўтар звыш 200 навуковых прац. Сярод іх 36 кніг, якія перакладаліся на венгерскую, іспанскую і французскую мовы, у тым ліку манаграфія «Тэорыя набліжэння функцый. Гістарычны нарыс», падручнік «Вышэйшая матэматыка», «Зборнік задач і практыкаванняў па дыферэнцыяльнай геаметрыі».

Дзень у гісторыі. 5 мая. Першы друкаваны каляндар. Створаны духі Chanel No. 5. Нарадзіліся кампазітар С. Манюшка, пісьменнік Г. Сянкевіч, палітык Ю. Беленькі.

Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў (International Day of Struggle for the Rights of Disabled People, з 1992 года).

Увогуле – Дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дзень барацьбы за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі.

У Беларусі на ўліку ў органах па сацыяльнай абароне знаходзіцца больш за 500 000 людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Для любой дзяржавы важна само стаўленне да сваіх грамадзян, якія жывуць з такімі цяжкасцямі, пра якія многія баяцца нават падумаць. Але часта замест сістэмнай палітыкі па сацыяльнай інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадскія і эканамічныя працэсы, праблему спрабуюць вырашыць дробязнымі падачкамі.

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў толькі 18 кастрычніка 2016 года.

Міжнародны дзень акушэркі (International Day of the Midwife, з 1992 года).

Слова «акушэрка» пайшло ад французскага «accoucher» – «дапамагаць пры родах». Акушэркі адносяцца да катэгорыі сярэдняга медперсаналу, і іх не варта блытаць з лекарамі акушерамі-гінеколагамі.

Ролю акушэрак недаацэньваць не варта: яны дапамагаюць цяжарным і рожаніцам, могуць прымаць роды самі або асісціраваць лекару.

Акушэрства, як вобласць медыцыны, вядома са старажытнасці. У XVII стагоддзі акушэрства аформілася як асобная навука.

У пачатку XX стагоддзя ў Еўропе адбыліся першыя канферэнцыі, якія сталі асновай для стварэння Міжнароднай асацыяцыі акушэрак. Мэта арганізацыі – забяспечыць правы жанчын і даступнасць акушэрскай дапамогі.

У 1847 годзе ў Магілёве была адчынена першая ўстанова па падрыхтоўцы павітух, у 1865 годзе – павівальная школа. Зараз гэта – медыцынскі каледж.

1581 год. У горадзе Астрог пабачыў свет першы друкаваны каляндар ва Ўсходняй Еўропе.

Яго надрукаваў Іван Фёдараў – рускі і ўкраінскі першадрукар, паплечнік Пятра Мсціслаўца.

Для кожнага з 12 месяцаў года ў выданні падаваліся па два вершы беларускага паэта Андрея Рымшы, у якіх апісвалася важная біблейская гісторыя, якая адбылася ў гэтым месяцы.

1819 год. Нарадзіўся Станіслаў Манюшка (1819–1872).

Беларускі і польскі кампазітар, дырыжор, адзін з пачынальнікаў беларускай музычнай культуры, стваральнік польскай нацыянальнай оперы.

Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Д. Стэфановіча ў Мінску, вучыўся ў Мінскай губернскай гімназіі, Берліне.

Працаваў у Вільні, Варашаве. Даваў урокі музыкі мастаку В. Сляндзінскаму, працаваў дырыжорам і дырэктарам варшаўскга опернага тэатру, прафесарам Музычнага інстытуту ў Варшаве. У творчасці выкарыстоўваў беларускі фальклор.

Папулярнасць атрымаў дзякуючы операм “Галька”, “Страшны двор”. 

Аўтар  20 опер і аперэт, 3 балетаў, 5 месаў, 2 рэквіемаў і болей за 300 песень, у тым ліку “Паходнай песні літвінаў” на словы У. Сыракомлі.

1831 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Борзабагаты (1831–1886).

Беларускі медык, паўстанцкі камісар Наваградскага павета, удзельнік Парыжскай Камуны, мемуарыст.

Выключаны са Слуцкай гімназіі, як нядобранадзейны, што настроіла юнака «супраць усяго рускага», з Мінскай гімназіі – за ўдзел у тайнай арганізацыі «Братні саюз літоўскай моладзі». Быў асуджаны на экзекуцыю да 101 удара лазовай палкай. Публічны здзек абвастрыў яго нянавісць да расійскіх улад.

Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў гувернёрам, урачом у Навагрудку.

Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, паўстанцкі камісар Навагрудскага павета. Удзельнік бітвы пад Мілавідамі.

З 1865 года жыў на эміграцыі ў Італіі, Францыі, Румыніі, меў медыцынскую практыку, удзельнічаў у эмігранцкім руху, у Аб’яднанні польскай дэмакратыі, у франка-прускай вайне (1870–1871) у складзе французскай арміі ў якасці лекара, у Парыжскай камуне галоўным медыкам Парыжскага шпіталя.

Па вяртанні ў Расію, у 1875 годзе быў асуджаны ваенным судом на 20 год катаргі на рудніках Сібіры, якая была заменена ссылкай на 10 год у Кастрамскую губерню.

Пасля ссылкі у 1884–1886 гадах працаваў сельскім урачом у мястэчку Любяшова Пінскага павета.

Памёр 28 сакавіка 1886 года. Пахаваны ў Любяшове (цяпер гэта Валынская вобласць Украіны).

У гонар паўстанца названа вуліца ў Навагрудку, на радзіме, у в. Рутка 1 Навагрудскага раёна ўстаноўлены памятны знак.

1846 год. Нарадзіўся Генрык Сянкевіч (1846–1916).

Польскі пісьменнік, ураджэнец Падляшша. Першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1905) мае беларускае паходжанне.

Паходзіў з вонкавай шляхты. Бацька са служылых татараў, якія пасяліліся на тэрыторыі ВКЛ пры Вітаўце, маці – з беларускай шляхты.

Працаваў фельетаністам «Gazeta Polska», у штотыднёвіку «Niwa», рэдактарам газеты «Słowo».

Стваральнік фонда імя сваёй памерлай жонкі: выплачваў стыпендыі хворым сухотамі дзеячам культуры.

Падарожнік па ЗША («Лісты з вандравання», 1876–1878), Еўропе, Азіі, Афрыцы. Палітычны прыхільнік партыі «Народная дэмакратыя», марыў пра аўтаномію Польскага каралеўства ў складзе Расійскай імперыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны з’ехаў у Швейцарыю, дзе ўзначаліў Камітэт дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы.

Аўтар многіх аповесцей, зборнікаў  гумарэсак, вядомых гістарычных раманаў «Агнём і мячом» (падзеі вайны 1648–1654), «Патоп» (1655–1656), «Пан Валадыёўскі» (барацьба з туркамі, 1672–1673), «Quo vadis?» (Нобелеўская прэмія),  «Крыжакі», «Віры» (рэвалюцыя 1905–1907 гадоў), псіхалагічных раманаў «Без догмату», «Сям’я Паланецкіх».

Пахаваны ў швейцарскім Вевэ. У 1924 годзе цела перанесена ў Варшаву і пахавана ў падмурках кафедральнага сабора Святога Яна.

1921 год. У Францыі ўпершыню былі прадстаўлены духі «Chanel No. 5».

Самыя знакамітыя ў свеце духі былі створаны парфюмерам Эрнэстам Бо.

Па легендзе, Како Шанэль папрасіла Эрнэста Бо стварыць “штучны жаночы водар, які пахне Жанчынай”, падкрэсліўшы, што пад “штучным” водарам яна мае на ўвазе новы, створаны чалавекам водар. 

У Першую сусветную вайну Эрнэст Бо служыў у Кольскім Запаляр’і і любіў паднімацца да возера, якое ляжыць над Мурманскім гандлёвым портам. У сваіх мемуарах Бо пісаў, што стварыў гэтыя духі ў 1920 годзе, калі вярнуўся з вайны: «Падчас летняга палярнага дня азёры тут выпраменьваюць адмысловую свежасць. Гэты характэрны пах я захаваў у памяці, і пасля з вялікай цяжкасцю мне ўдалося ўзнавіць яго, хаця спачатку альдэгіды новай кампазіцыі былі вельмі няўстойлівыя…». 

1921 год. У в. Мачулкі Бабруйскага раёна нарадзіўся Рыгор Булацкі (1921–1999).

Беларускі педагог, журналіст, “хросны бацька” беларускай журналістыкі. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў Мелітопальскае авіявучылішча, БДУ. Удзельнік ІІ Сусветнай вайны. Разам з аднапалчанамі купіў самалёт на якім удзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Аўстрыі. 

Працаваў загадчыкам кафедры, дэканам філалагічнага факультэта, факультэта журналістыкі БДУ.

Даследаваў гісторыю беларускай журналістыкі, публіцыстычную дзейнасць некаторых беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Кузьмы Чорнага, П. Галавача.

Аўтар больш за 200 навуковых прац. Пад яго кіраўніцтвам абаронены звыш 40 кандыдацкіх, пры яго ўдзеле — 3 доктарскія дысертацыі.

1932 год. Створаны Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.

Першапачаткова – на базе фабрычна-завадскога вучылішча быў створаны  пчалаводны тэхнікум (1932–1935). Першы выпуск з 47 пчалаводаў адбыўся ў 1933 годзе. У 1935–1970 гадах – зааветтэхнічны, ветзаатэхнічны тэхнікум, у 1970–1997 – саўгас-тэхнікум, у 1997–2002 – сельскагаспадарчы тэхнікум, з 2002 года – аграрны каледж.

1936 год. Нарадзіўся Васіль Якавенка (1936–2018).

Беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Член аргкамітэта па стварэнні БНФ.

Працаваў на торфапрадпрыемстве «Васілевічы-2», у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах, на Беларускім радыё, у часопісе «Полымя», у Саюзе кінематаграфістаў БССР, кіраўніком Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль».

Заснавальнік і галоўны рэдактар сацыяльна-экалагічнага штотыднёвіка «Набат», каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці», рэдактар бюлетэня «Рэха ГУЛАГу».

Памёр 22 студзеня 2018 года.

Аўтар кніг нарысаў, аповесцей і нарысаў, эсэ, п’ес, раманаў. Сярод персанажаў яго твораў вядомыя гістарычныя асобы:  Б. Кіт, Р. Скірмунт, Р. Астроўскі, Н. Арсеннева. Яго трылогія “Пакутны век” стала эпасам беларускага жыцця ў ХХ стагоддзі. Прапагандаваў этнакультурнае і нацыянальнае развіццё ў палітычным жыцці краіны.

1937 год. Нарадзіўся Мікалай Карцель (1937–2013).

Беларускі генетык-вынаходнік трансгеннай бульбы. Акадэмік НАНБ, доктар біялагічных навук, прафесар.

Скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут. Працаваў у Мінскай лесаўпарадкавальнай партыі, у Беларускім тэхналагічным інстытуце, намеснікам дырэктара, дырэктарам Інстытута генетыкі і цыталогіі НАНБ.

Праводзіў даследванні па генетыцы, малекулярнай генетыцы і генетычнай інжынерыі раслін. Даследаваў пытанні генетыкі і селекцыі драўняных раслін, радыяцыйнага мутагенезу сельскагаспадарчых раслін, праблемы генетычнай і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін. Правёў сістэматычнае вывучэнне ўзаемадзеяння экзагеннай ДНК з геномам вышэйшых раслін і абгрунтаваў фундаментальныя палажэнні аб фізіёлага-біяхімічным, цыталагічным і генетычным дзеянні чужароднай ДНК у раслінны арганізм. Атрымаў трансгенныя расліны, якія праяўляюць устойлівасць да фітапатагенаў і насякомых, расліны, якія здольныя паспяхова расці на глебах, што забруджаны цяжкімі металамі і нафтапрадуктамі.

Выканаў даследаванні генетычных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Памёр 1 красавіка 2013 года.

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Ярэц.

Беларускі падарожнік-матацыкліст, адзіны ў свеце глуханямы кругасветны падарожнік.

Ва ўзросце 1 года страціў слых.

Працаваў на Мінскім мотавелазаводзе.

У першых (1960–1966) падарожжах на матацыкле не меў правоў упраўлення. Толькі аб’ехаўшы 42 горада еўрапейскай часткі СССР, як выключэнне, стаў першым у Беларусі глухім, які атрымаў вадзіцельскія правы. У 1967–1982 гадах на мапедзе, матацыкле, на аўтамабілі ВАЗ-2106 здзейсніў 11 падарожжаў па тэрыторыі колішняга СССР, пабыўшы ў кожнай савецкай рэспубліцы, за 15 год праехаўшы агулам больш за 400 000 км.

Спадзяецца трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса як адзіны ў свеце глуханямы, які здзейсніў падарожжа вакол Зямлі на матацыкле.

1945 год. Пачалося Пражскае паўстанне супраць нямецка-фашысцкіх войск.

Неўзабаве яго падтрымала 1-я пяхотная дывізія ўласаўцаў пад камандаваннем генерал-маёра Бунячэнка.

Савецкае камандаванне не ведала пра планы арміі ЗША вызваліць Прагу ад немцаў, таму на працягу тыдня пасля капітуляцыі Берліна чакала ўказанняў. Толькі атрымаўшы пераканаўчыя пацверджанні пра нежаданне амерыканцаў прасоўвацца на ўсход ад Пльзеня, савецкая армія накіравала асноўныя ударныя сілы ў напрамку Прагі – пачалася Пражская аперацыя.

9 мая 1945 года 3-я і 4-я гвардзейскія танкавыя арміі 1-га Украінскага фронту ўступілі ў Прагу.

Пражская аперацыя савецкіх войск пры падтрымцы 3-й арміі ЗША скончылася поўным разгромам немцаў 12 мая.

У падзеях браў удзел ураджэнец в. Кісялёўка Мсціслаўскага раёна Сяргей Ксяндзоў – намеснік камандзіра інтернацыянальнай брыгады імя Яна Налепкі. У 1960–1973 гадах Ксяндзоў працаваў географам і першым дырэктарам Ходасаўскай СШ Мсціслаўскага раёна. Заслужаны настаўнік.

У 2022 годзе у яго гонар у Ходасах адкрыты мемарыяльны знак.

1960 год. Нарадзіўся Юрый Беленькі.

Беларускі палітык, намеснік старшыні БНФ “Адраджэнне”, Кансэрватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ.

Скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у кантрольна-рэвізійнай управе ў Магілёве (1982–1984), у канцэрне «Амкадор».

Быў актыўным удзельнікам таварыства «Талака», дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, Мінскага гарадскога савета.

Адзін з аўтараў «Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Беларусі», сааўтар канцэпцыі па пераходу БССР да рынкавай эканомікі, канцэпцыі эканамічнай рэформы, Закона аб банках і іншых законапраектаў, удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

У 1995 годзе браў удзел у галадоўцы дэпутатаў БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндума. У ноч з 11 на 12 красавіка разам з іншымі пратэстоўцамі падвергнуўся нападу спецназа ў масках, быў збіты ў будынку парламента.

З сакавіка 2020 жыве ў ЗША.

1995 год. Нарадзіўся Раман Пратасевіч.

Беларускі журналіст, блогер, палітычны зняволены.

У 16-гадовым узросце трапіў пад пераслед за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту, пазней неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у пратэставых акцыях.

Адлічаны з БДУ па палітычных матывах. Супрацоўнічаў з «Радыё Свабода» і «Еўрарадыё». У студзені 2020 года з’ехаў у Польшчу, дзе стаў рэдактарам тэлеграм-каналаў «NEXTA», «Беларусь головного мозга».

Ён знаходзіўся на борце рэйса Ryanair 4978, які 23 мая 2021 года выконваў палёт Афіны-Вільнюс і быў змушаны да пасадкі на тэрыторыі Беларусі, прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск”, дзе журналіст затым быў арыштаваны разам з С. Сапега.

Быў прызнаны палітычным зняволеным.

3 мая 2023 года Раман Пратасевіч прысуджаны да 8 гадоў зняволення.

Дзень у гісторыі. 22 красавіка. Дзень Маці-Зямлі. Закладзена Бастылія. Выкарыстанне хімічнай зброі. Нарадзіліся У. Ленін, анархіст М. Сака. Застрэліўся беларусізатар Я. Адамовіч.

Міжнародны дзень Маці-Зямлі (International Mother Earth Day, з 2009 года).

Абвешчаны па ініцыятыве Балівіі Генеральнай Асамблеяй ААН.

Зямля і яе экасістэмы з’яўляюцца нашым домам і для дасягнення справядлівага балансу паміж эканамічнымі, сацыяльнымі і экалагічнымі патрэбамі цяперашняга і будучых пакаленняў неабходна садзейнічаць гармоніі з прыродай і планетай Зямля.

Тэрмін “Маці-Зямля” з’яўляецца агульнапрынятай назвай планеты Зямля ў шэрагу краін і рэгіёнаў і адлюстроўвае ўзаемазалежнасць, якая існуе паміж чалавекам, іншымі жывымі істотамі і планетай.

У Паўночным паўшар’і Дзень Зямлі адзначаецца вясной, а ў Паўднёвым паўшар’і – восенню. Асноўнай мэтай гэтай сусветнай акцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадства і кожнага чалавека планеты да праблем Зямлі, да праблем яе навакольнага асяроддзя.

1370 год. Закладзены першы камень Бастыліі.

Знакаміты парыжскі замак-турма быў закладзены французскім каралём Карлам V і за некалькі стагоддзяў Бастылія ператварылася ў сімвал абсалютызму і тыраніі. Першапачаткова задуманая як крэпасць, у якасці турмы стала выкарыстоўвацца з часоў праўлення Людовіка ХІ, ў другой палове XV стагоддзя.

 

Узяцце Бастыліі – галоўная падзея Вялікай французскай рэвалюцыі. Крэпасць-турму Бастылія штурмавалі 14 ліпеня 1789 года. Сімвалізм узяцця Бастыліі палягае ў сцаерджанні, што ўсе дыктатуры падуць ад волі і імкнення народаў да свабоды.

1529 год. У Сарагосе была падпісана дамова паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер уплыву ва Усходнім паўшар’і.

Гэты дакумент стаў свайго роду дадаткам да знакамітага Тардэсільяскага пакта 1494 года. Пактам была вызначана аналагічная мяжа на захадзе.

Новая лінія падзелу прайшла трохі ўсходней Малуцкіх астравоў, пры гэтым усе моры і землі – як выяўленыя, так і “гіпатэтычныя”, – на ўсход ад яе адыходзілі іспанцам, а на захад – партугальцам.

У выніку гэтай падзеі зямны шар канчаткова падзяляўся на дзве няроўныя часткі: Іспанія атрымала 45% тэрыторый, Партугалія – 55%.

Гэты дагавор аформіў таксама пагадненне аб продажы Іспаніяй Партугаліі за 350 000 дукатаў правоў на Малуцкі архіпелаг, які быў адкрыты Магеланам.

Толькі ў 1777 годзе бакі прызналі сарагоскі дакумент страціўшым сілу.

1794 год. У ноч з 22 на 23 красавіка Якуб Ясінскі ўзначаліў паўстанне ў Вільні. 

Ясінскі (1759–1794) – вялікалітоўскі і польскі ваенны і палітычны дзеяч, інжынер, паэт. Генерал-лейтэнант.

Галоўнакамандуючы Літоўскім паўстанцкім войскам. Яго радыкалізм моцна палохаў шляхту, а польскае кіраўніцтва паўстання лічыла Ясінскага «ліцвінскім» сепаратыстам.

У якасці галоўнакамандуючага літоўскімі паўстанцамі кіраваў арганізацыяй новага войска, з мэтай пашырэння сацыяльнай базы паўстання пісаў рыфмаваныя пракламацыі да сялян на беларускай мове.

Удзельнік абароны варшаўскай Прагі.

Аўтар вершаў, паэм. Некаторыя рамантычныя песні Ясінскага ў свой час карысталіся вялікай папулярнасцю.

1870 год. Нарадзіўся Уладзімір Ульянаў (Ленін, 1870–1924).

Стваральнік савецкай ідэалогіі і дзяржаўнасці. 

Самы папулярны персанаж на Беларусі – чэмпіён па колькасці помнікаў, назваў вуліц і плошчаў, прадпрыемстваў у яго гонар. У Магілёве – тры помнікі, плошча, вуліца

1891 год. Нарадзіўся Мікола Сака (1891–1927), амерыканскі шавец, рабочы-анархіст італьянскага паходжання. 

Амерыканскія рабочыя-анархісты Сака і Ванцэці сталі шырока вядомыя, пасля таго як у 1920 годзе ў ЗША ім было прад’яўлена абвінавачанне ў забойстве касіра і двух ахоўнікаў абутковай фабрыкі ў горадзе Саўт-Брэйнтры. На судовых працэсах, якія праходзілі ў Плімуце 14 ліпеня 1921 года, суд прысяжных, вынес вердыкт аб вінаватасці Сака і Ванцэці і прыгаварыў іх да смяротнага пакарання. Усе хадайніцтвы былі адхіленыя судовымі органамі штата Масачусэтс. 

Сака і Ванцэці пакаралі смерцю на электрычным крэсле 23 жніўня 1927 года. Працэс і спробы дамагчыся перагляду справы выклікалі шырокі рэзананс у свеце. Многія людзі былі ўпэўненыя ў невінаватасці пакараных, і гэты працэс стаў для іх сімвалам беззаконня і палітычных рэпрэсій.

У гонар Мікола Сака і ягонага паплечніка Барталамеа Ванцэці ў Магілёве названы завулкі Сака, Ванцэці паміж вуліцамі Касманаўтаў і Будаўнікоў.

1909 год. Нарадзілася Рыта Леві-Мантальчыні (1909–2012).

Італьянскі нейрабіёлаг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне. Пажыццёвы сенатар Італьянскай Рэспублікі.

На свой 100-гадовы юбілей яна сказала: “Для паляпшэння стрававання я п’ю піва, пры адсутнасці апетыту я п’ю белае віно, пры нізкім ціску – чырвонае, пры падвышаным – каньяк, пры ангіне – гарэлку. А ваду? Такой хваробы ў мяне яшчэ не было…”, “Нягледзячы на тое, што мне спаўняецца 100 гадоў, цямлю я зараз – дзякуй вопыту – значна лепш, чым тады, калі мне было 20, у 20 мы ўсе такія дурні».

Скончыла Турынскі ўніверсітэт. Працавала прафесарам Вашынгтонскага ўніверсітэта, у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нацыянальным даследчым савеце, яе дырэктарам.

Аўтар навуковых прац па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нервовай тканкі.

Член Нацыянальнай Акадэміі навук ЗША, Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Італьянскай Нацыянальнай АН, Папскай акадэміі навук.

1915 год. Адбылося першае выкарыстанне хімічнай зброі.

Германія выкарыстала хлор супраць англа-французскіх войск каля бельгійскага горада Іпр.

На працягу 5 хвілін было выпушчана 180 тон хлору з 6 000 балонаў. Жаўтлява-зялёнае воблака рушыла на пазіцыі суперніка, за ім у марлевых павязках наступала германская пяхота. Англійскія салдаты задыхаліся і падалі мёртвымі. Іх пазіцыі без бою займалі германскія салдаты.

Ад хлору пацярпела 15 000 чалавек, 5 000 з якіх памерлі.

Праз 2 гады ў тым жа раёне немцамі была праведзена яшчэ адна газавая атака, толькі зараз у якасці паражаючага быў выкарыстаны гарчычны газ, названы іпрытам ад горада Іпр.

1937 год. Застрэліўся Язэп Адамовіч (1897–1937).

Беларускі палітычны дзеяч, старшыня СНК БССР (1924–1927), актыўны дзеяч палітыкі беларусізацыі ў БССР, удзельнік узбуйненняў тэрыторыі БССР.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер. Вёў рэвалюцыйна-прапагандысцкую дзейнасць сярод салдат.

У 1918 годзе фармаваў палкі дзеля спынення нямецкіх войск, удзельнік падаўлення антысавецкіх выступленняў ў Гомелі, у Віцебскай, Смаленскай губернях, камендант Смаленска, ваенны камісар Смаленскай губерні, Магілёўскага і Лепельскага ваенных Саветаў.

У 1920–1927 гадах сябра ЦВК БССР і прэзідыума ЦВК БССР, ваенны камісар Менскай губерні, старшыня Менскага гарнізона, народны камісар па вайсковых справах БССР і адначасова народны камісар унутраных спраў БССР, старшыня СНК БССР.

Браў удзел у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР, прыняў удзел у першым і другім узбуйненнях БССР

У 1924 годзе разам з А. Чарвяковым і У. Ігнатоўскім падпісаў «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры». Паводле слоў Язэпа Пушчы, у Адамовіча знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары.

Пасля канфлікта з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б А. Крыніцкім быў пераведзены ў Маскву. Працаваў на розных пасадах у Маскве, на Далёкім Усходзе.

У атмасферы масавых рэпрэсій і цкаванняў застрэліўся ў цягніку Уладзівасток-Масква.

1954 год. Памёр Сяргей Сахараў (1880–1954).

Беларускі фалькларыст, этнограф, царкоўны гісторык, публіцыст, педагог.

Дырэктар Люцынскай і Дзвінскай гімназій. Старшыня беларускага грамадскага культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына», кіраўнік беларускага аддзела Міністэрства асветы Латвіі.

Збіральнік беларускага фальклору Латгаліі, аўтар прац «Православные церкви в Латгалии», «Народная творчасць латгальскіх і лукстэнскіх беларусаў».

Даследчык беларускай дуды.

Арыштаваны ў 1945 годзе. Пакаранне адбываў у лагерах у Казахстане.

1961 год. Нарадзілася Алена Спірыдовіч.

Дыктар беларускага тэлебачання. Заслужаная артыстка.

Пасля сканччэння БДУ працуе ў Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі. Вядучая нацыянальных і міжнародных фестываляў: «Славянскі Базар у Віцебску», кінафестываляў краін СНД «Лістапад» і расійскага «Кінатаўр», фестывалю працаўнікоў сяла «Дажынкі», тэлефестывалю песні «На перакрыжаваннях Еўропы», конкурсу маладых артыстаў эстрады «Зорная ростань».

Узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны.

2011 год. Загінуў у аўтакатастрофе Сяргей Лагун (1988–2011).

Беларускі цяжкаатлет.

Спартсмен-інструктар зборнай каманды Беларусі па цяжкай атлетыцы, чэмпіён свету і Еўропы сярод юніёраў, удзельнік Алімпійскіх гульняў, сярэбраны і бронзавы прызёр чэмпіянатаў свету.

Дзень у гісторыі. 7 красавіка. Адкрыццё Карлава універсітэта. Перапахаванне Я. Святаполк-Мірскага. Нарадзіўся мастак В. Славук. Дзень памяці Л. Геніюш.

Сусветны дзень здароўя (World Health Day, з 1950 года).

Устаноўлены ў гонар стварэння ў 1948 годзе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У арганізацыю ўваходзіць 191 дзяржава свету.

Сусветная арганізацыя створана на падставе прынцыпу, які заключаецца ў тым, што ўсе людзі павінны мець магчымасць для рэалізацыі свайго права на валоданне найвышэйшым дасягальным узроўнем здароўя. І была пераемніцай Міжнароднага бюро грамадскай гігіены (1907 год).

Здароўе – гэта самае каштоўнае, што мае чалавек у жыцці. Каб нагадаць аб гэтым грамадскасці і прыцягнуць увагу да самых актуальных праблем і праходзіць святкаванне дня здароўя ва ўсім свеце.

Дабравешчанне, Благавешчанне або Звеставанне.

Праваслаўныя вернікі адзначаюць Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы. У гэты дзень пасланец Бога Архангел Гаўрыіл абвясціў Дзеве Марыі, што яна атрымала Боскую ласку і народзіць Сына Божага.

У католікаў і пратэстантаў святкуецца 25 сакавіка. У праваслаўі ўваходзіць у лік дванадзясятых святаў.

1348 год. Імператар Святой Рымскай імперыі Карл IV заснаваў у Празе першы ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе ўніверсітэт.

Прадметы выкладаюцца на чэшскай і англійскай мовах. Ва ўніверсітэце вучацца больш за 47 000 студэнтаў з усяго свету.

Найбольшую папулярнасць ў Карлавым універсітэце маюць медыцынскі (8 000 студэнтаў), філасофскі (6 500) і юрыдычны (4 000) факультэты. Акрамя іх працуюць факультэты – фармацэўтычны, фізіка-матэматычны, педагагічны, сацыяльных навук (эканоміка, менеджмент, журналістыка, дызайн, міжнародныя адносіны), прыродазнаўчы, фізічнай культуры і спорту, гуманітарных навук.

У міжваенны перыяд (1918–1939) нешматлікія ў агульнай масе беларускай эміграцыі студэнты-гуманітарыі вучыліся на філасофскім факультэце ўніверсітэта. Яго скончылі з атрыманнем дыплома доктара філософіі 8 беларусаў: І. Дварчанін, Я.Станкевіч, Т. Грыб, М. Ільяшэвіч, Л. Вернікоўская, М. Чарнецкі, Л. Краскоўская, Ф. Грышкевіч. Скончылі ўніверсітэт і беларускія дзеячы М. Абрамчык, П. Бакач, Я. Геніюш, А. Клімовіч, А. Орса.

1860 год. Памёр Караль Падчашынскі (1790–1860).

Архітэктар, прадстаўнік класіцызму, прафесар Віленскага ўніверсітэта.

Аўтар рэканструкцыі касцёла Святых Янаў у Вільні, праектаў палацаў у Яшунах, Тускуленах, Жылічах, будынкаў гімназій у Слуцку, Камянцы Падольскім і Свіслачы, вучылішчаў у Бабруйску, Невелі, Мазыры і іншых.

Найбольш удалым яго творам лічыцца помнік позняга класіцызму евангелічна-рэфармацкая царква ў Вільні.

Аўтар першага ў Беларусі і Літве падручніка тэорыі архітэктуры «Пачаткі архітэктуры для акадэмічнай моладзі», артыкулаў пра выкладанне архітэктуры, даглядання за садамі і паркамі.

Памёр 7 красавіка 1860 года.

Палац ў Жылічах (Кіраўскі раён)

1897 год. Нарадзіўся Юрый Лістапад.

Беларускі настаўнік, кіраўнік беларускага руху на Случчыне. Удзельнік Слуцкага збройнага чыну.

Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю, 1-я Беларускія педагагічныя, Віленскія беларускія настаўніцкія курсы. Працаваў настаўнікам на Случчыне, заснаваў 8 беларускіх школ, выкладаў на Слуцкіх педагагічных курсах. Блізкі сябар Якуба Коласа.

Быў перекладчыкам у мінскіх беларускіх выдавецтвах. Пераклаў на беларускую мову апавяданне У. Караленкі «Бяз мовы», камедыі А. Астроўскага, падручнік «Арытмэтыка» Цыгельмана.

Арыштоўваўся ДПУ у 1925, 1930, 1933.

Расстраляны НКУС 5 ліпеня 1938 года у Байкала-Амурскім канцлагеры.

1918 год. У Магілёве на Каталіцкіх могілках адбылося перапахаванне эксгумаваных цел ксяндза Святаполк-Мірскага (1876–1918) і двух польскіх афіцэраў, якія былі расстраляны бальшавікамі 28 лютага.

Ксёндз Яўген паходзіць з дваран Святаполк-Мірскіх. У 1896 годзе пасвечаны ў святара магілёўскім біскупам Ф. Сымонам. Служыў святаром у Табольску, Краснаярску, Пецярбургу. У 1912–1918 гадах быў пробашчам кафедральнага сабора і дэканам у Магілёве. 8 лютага 1918 года арыштаваны бальшавікамі і абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстання, 28 лютага прыгавораны да расстрэла.

Падчас вынясення прысуду прыхаджане, якія прысутнічалі пры гэтым, паднялі шум і паспрабавалі сілай адбіць святара, у выніку адкрытага салдатамі агню было паранена і забіта некалькі вернікаў. У той жа дзень святара і яшчэ двух асуджаных вывезлі за горад і пасля жорсткіх катаванняў расстралялі, па ўспамінах відавочцаў у святара пад катаваннямі патрабавалі адрачэння ад каталіцкай веры, на што ён адказваў: “Цела можаце забіць, але душы не заб’яце”.

На наступны дзень цела святара было знойдзена з пяццю агнястрэльнымі і чатырма нажавымі ранамі, разбітай галавой і зламанымі рукамі. Улады забаранілі праводзіць адпяванне, дазволіўшы толькі пахаваць цела на месцы расстрэлу.

Пасля прыходу ў горад польскіх войскаў генерала Юзэфа Доўбар-Мусніцкага цела святара было эксгумавана і з ушанаваннямі пахавана на мясцовых каталіцкіх могілках.

1926 год. Прынята пастанова аб увядзенні ў БССР абавязковай пачатковай адукацыі.

Да гэтага, у 1922 годзе былі ўведзены пачатковая чатырохгодка і школа-сямігодка. Ужо ў 1931/1932 навучальным годзе 98 % дзяцей ва ўзросце 8-11 гадоў былі ахоплены пачатковым навучаннем. За 4 гады пачатковай школы вывучаўся увесь спектр прадметаў, у тым ліку сусветная гісторыя, эканамічная геаграфія замежных краін.

1927 год. Нарадзіўся Валерый Міронаў (1927–2008).

Беларускі артыст балета, педагог. Народны артыст.

Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча. Служыў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі, выкладаў у Беларускім харэаграфічным вучылішчы.

Танцоўшчык пераважна лірычнага плана, з рамантычнай накіраванасцю. Мастацтва Міронава вызначалі пераканальнасць у раскрыцці ўнутранага свету персанажаў, чысціня і лёгкасць выканання, высокая тэхніка дуэтнага танца.

У нацыянальных балетах стварыў рэльефныя вобразы Васіля («Князь-возера» В. Залатарова), Алеся («Святло і цені» Г. Вагнера).

Да найбольш значных творчых дасягненняў артыста належаць партыі Зігфрыда, Дэзірэ, Прынца («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» і «Шчаўкунок» П. Чайкоўскага), Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б. Асаф’ева), Гармодыя («Спартак» А. Хачатурана) і іншыя.

Лідзія Ражанава і Валер Міронаў.

1947 год. Нарадзіўся Валерый Славук.

Беларускі мастак, педагог, прафесар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

Працуе ў станковай і кніжнай графіцы. Шырока вядомыя яго ілюстрацыі да беларускіх народных казак «Удовін сын», «Піліпка-сынок», «Алёнка», да кніг «Айвенга» В. Скота, «Чорны млын» Ю. Брэзана, «Шляхціц Завальня» Я. Баршчэўскага, «Вясна ўвосень» У. Караткевіча, да кнігі «Чароўны свет» і мноства іншых. Вялікую папулярнасць набылі ілюстрацыі В. Славука да двухтамомнага энцыклапедычнага выдання «Беларускі фальклор». Сярод станковых работ: «Казкі летняга дня», «Пасля навальніцы», «Збор ягад», «На выпасе».

1973 год. Памёр Язэп (Восіп) Дыла (1880–1973).

Беларускі пісьменнік і культурны дзеяч.

Вучыўся у Слуцкай гімназіі, сябраваў з Альгердам Абуховічам. Выключаны з Юр’еўскага ветінстытута за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях.

Працаваў у газеце «Северо-Западный край» (Мінск), у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы, быў асабіста знаёмы з А. Купрыным, Л. Андрэевым, М. Арцыбашавым і іншымі рускімі пісьменнікамі. У снежні 1917 удзельнічаў у І Усебеларускім з’ездзе.

Быў камісарам працы ў Часовым урадзе БССР, на розных кіраўнічых пасадах у Мінску, членам ЦВК БССР, дырэктарам Інстытута па вывучэнні мастацтва, дырэктарам тэатра імя Янкі Купалы, намеснікам загадчыка Белдзяржкіно, інспектарам наркамата асветы. Правадзейны член Інбелкульта. Разам з прафесарам У. Пічэтам, акадэмікам Я. Карскім распрацаваў статут Інбелкульта.

Арыштоўваўся ДПУ у 1930, 1938 гадах, высылаўся на Урал, на Волгу.

Аўтар апавяданняў, гістарычнага рамана «На шляху з варагаў у грэкі», аповесцей,  п’ес, публіцыстычных артыкулаў, мемуараў, успамінаў пра Цішку Гартнага, Я. Райніса.

Даследваў узнікненне беларускага тэатра, вступаў у якасці навуковага кансультанта аднаго з першых беларускіх фільмаў – «Кастусь Каліноўскі» (1928).

Памёр у Саратаве.

1983 год. Памерла Ларыса Геніюш (Міклашэвіч, 1910–1983).

Беларуская паэтэса, грамадскі дзеяч беларускага адраджэння.

Працавала Генеральным сакратаром ураду БНР.

Была рэпрэсавана і ўтрымліваліся ў савецкіх турмах, у ГУЛАГу. Прынцыпова не прымала савецкага грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве, нягледзячы на нагляд КДБ, прыцягваў літаратараў,  мастакоў, навукоўцаў.

Аўтар зборнікаў вершаў, успамінаў пра ГУЛАГ. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы, яна апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські», «Добрай раніцы, Алесь». Пасмяротна былі выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў.

Яе вершы меладычныя, прасякнуты фальклорнымі ўплывамі. На яе вершы напісаны песні.

У яе гонар у 2003 годзе пастаўлены помнік пры Зэльвенскай царкве Святой Жываначальнай Тройцы, але ён знік 30 сакавіка 2023 года.

2010 год. Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятныя манеты «Грунвальдская бітва. 600 год» па прапанове Таварыства беларускай мовы (зачынена ў 2021 годзе).

Дзень у гісторыі. 1 красавіка. Дзень дурняў і птушак. Заснаваны Віленскі ўніверсітэт. «Устава на валокі». Дэбют С. Мігая. Нарадзіліся этнограф А. Багдановіч, палітык В. Захарка, пісьменнік С.Пясецкі, мастак У. Басалыга.

Міжанародны Дзень жартаў. Дзень смеху. Дзень дурняў.

Гісторыя дня бярэ пачатак з грэчаскай міфалогіі. Такую назву ён атрымаў дзякуючы розыгрышам, якія ставяць людзей у смешнае, але не ў крыўднае становішча. На працягу многіх стагоддзяў былі розныя жарты, якія запомніліся людзям. У некаторых краінах прынята адзначаць вясёлы дзень да абеду, каб потым не назвалі “красавіцкім дурнем”.

Падобныя звычаі былі вядомыя старажытным персам, рымлянам, індусам і шматлікім іншым народам.

Паводле паданняў старажытных славян, 1 красавіка прачынаецца дамавік, і таму трэба ўсяляк ашукваць адзін аднаго, каб збіць яго з панталыку.

Першае гістарычнае сведчанне святкавання Дня адносіцца да 1686 года, калі англійскі пісьменнік і даследчык старажытнасцей Джон Обры даслоўна згадаў у сваім рукапісе тэрмін “Свята дурня”.

Інсталяцыя, устаноўленая на Дзень смеху ў Капенгагене. 2001 год

Міжнародны дзень птушак  (International Bird Day, з 1894 года).

Экалагічнае свята, якое прымеркавана да пачатку вяртання птушак з месцаў зімовак. Мэта свята – захаванне краявіднай разнастайнасці і колькасці птушак.

Дзень птушак звязваюць з дзіцячым святам, уладкованым у 1894 годзе настаўнікам з амерыканскага горада Ойл-Сіці Ч. Бэбкокам. Яго падтрымала газета “Пітсбургская тэлеграфічная хроніка”, якая пачала актыўна папулярызаваць свята. Больш за тое, газета арганізавала спецыяльны клуб-музей па ахове птушак для школьнікаў. Неўзабаве Дзень птушак стаў шырока праводзіцца як народнае свята ва ўсіх штатах краіны, потым прыйшоў у Еўропу, а цяпер праходзіць у рамках біялагічнай праграмы ЮНЕСКА “Чалавек і біясфера” ў многіх краінах свету.

У школы Расійскай імперыі Дзень птушак уведзены намаганнямі ўраджэнца Полацка прафесарам Дз. Кайгарадавым (1846–1924).

Штогод у розных краінах свету выбіраецца птушка – сімвал года. Птушкай 2023 года ў Беларусі абрана звычайная галубка.

Да 2022 года мерапрыемствы да Дня птушак праводзіліся пад эгідай ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (1985–2022). Але арганізацыя ліквідавана Вярхоўным судом Беларусі.

1548 год. Памёр Жыгімонт Стары (1467–1548).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1506–1548). Пяты сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. 8 снежня 1506 года стаў каралём польскім.

Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.

Імкнуўся ўмацаваць дзяржаву. Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529), распаўсюдзілася Рэфармацыя,  што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы. Пры ім да Польшчы была далучана Мазовія.

Вядомы як мецэнат. Падтрымаў першадрукара Францыска Скарыну.

1557 год. Жыгімонт Аўгуст падпісаў «Уставу на валокі». 

Пачатак правядзення зямельнай рэформы ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая прывяла да хуткага роста дабрабыту дзяржавы. Ва ўсіх валасцях, у тым ліку Магілёўскай, фальваркі павінны былі стварацца толькі пры тых замках і дварах, дзе адпаведна меліся ўраджайныя глебы.

Рэформа пачалася з ініцыятывы Боны Сфорцы, маці караля Жыгімонта Аўгуста, з мэтай павелічэння дзяржаўных даходаў. Пад час рэформы спраўджваліся правы на зямлю, ствараліся комплексныя панскія гаспадаркі – фальваркі, уводзілася адзіная мера абкладання залежных сялян – валока, рэгламентаваліся павіннасці сялян, разбуралася сялянская абшчыны.

Асноўныя прынцыпы землекарыстання і абкладання падаткамі сялянства, якія былі ўведзены аграрнай рэформай, вызначылі істотныя рысы аграрнага ладу Беларусі на працягу далейшых 200 гадоў яго развіцця і адгукаюцца дагэтуль.

1579 год. Каралём Стэфанам Баторыям заснаваны Віленскі ўніверсітэт.

Створаны на базе Віленскага езуіцкага калегіума. Першапачаткова складаўся з двух факультэтаў, тэалагічнага і філасофскага. Зачынены пасля паўстання у 1832 годзе. З  1919 года працаваў як адзін з універсітэтаў Польшчы, у 1939 годзе, калі Вільня ўвайшла ў склад Літвы, набыў свой цяперашні статус.

Другая вышэйшая навучальная установа на беларускіх землях – Полацкі калегіум – быў адкрыты ў 1581 годзе. На яго базе працавала акадэмія ў 1812–1820 гадах. Цяпер працуе Полацкі ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай.

Вялікі двор Віленскага ўніверсітэта з вежай абсерваторыі ў канцы XVIII стагоддзя

1862 год. Нарадзіўся Адам Багдановіч.

Беларускі фалькларыст, этнограф і мовазнаўца, бацька паэта Максіма Багдановіча.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю.

Загадваў гарадскім пачатковым вучылішчам у Мінску, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю, працаваў у аддзяленні Сялянскага пазямельнага банка і дырэктарам публічнай бібліятэкі ў Гродна, працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе, загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага музея, выкладаў у мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах.

У 1932 годзе арыштаваны ДПУ, але вызвалены па хадайніцтве К. Пешкавай – жонкі М. Горкага.

Збіральнік фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў, аўтар прац па этнаграфіі, мовазнаўству, успамінаў пра М. Горкага, сына Максіма, Ф. Шаляпіна. Яго рукапісы захоўваюцца ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук..

Памёр 16 красавіка 1940 года ў Яраслаўлі.

У Халопенічах, дзе нарадзіўся, жыў і настаўнічаў у яго гонар устаноўлены помнік.

1877 год. Нарадзіўся Васіль Захарка.

Прэзідэнт БНР (1928–1943).

Выкладаў у царкоўнапрыходскай школе, у 1898–1917 гадах быў на ваеннай службе. Член БСГ, адзін з арганізатараў з’езду беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту (1917), сакратар Цэнтральнай беларускай ваеннай рады, член Вялікай беларускай рады. Удзельнік І Усебеларускага з’езда, займаў міністрэрскія пасады ў розных урадах БНР. Арыштоўваўся бальшавікамі (1918).

Сябра Гродзенскага Беларускага нацыянальнага камітэта, клубу «Беларуская хатка».

Выступаў за адзінства беларускіх зямель, не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэння Беларусі.

Жыў на эміграцыі ў Чэхаславакіі, збіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л. Геніюш. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху», «Беларусь – роль і значэнне на ўсходзе Еўропы».

Памёр 14 сакавіка 1943 года. Пахаваны на Альшанскіх могілках у Празе.

1901 год. Нарадзіўся Сяргей Пясецкі.

Адзін з найбольш яскравых польскіх пісьменнікаў беларускага паходжання XX стагоддзя.

Сёмы клас уладзімірскай гімназіі для Пясецкага скончыўся турмой, калі ён паспрабаваў пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера. З турмы ён уцёк.

Бальшавіцкі тэрор у Маскве настолькі яго ўразіў, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам. Ваяваў з бальшавікамі ў шэрагах партызан («Зялёны Дуб»), у  Літоўска-Беларускай дывізіі польскага войска. У міжваены час займаўся кантрабандай у Ракаве, быў асуджаны за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. У зняволенні прачнуўся літаратурны дар.

Яго турэмная проза  прыцягнула ўвагу вядомага пісьменніка М. Ваньковіча, які дапамог выдаць першую кніжку «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Антысавецкая сатыра «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» прынесла аўтару сусветную вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў перакладзены і выдадзены на 11 мовах свету.

Падчас Другой сусветнай вайны ўдзельнічаў у фарміраваннях Арміі Краёвай.  У 1946 годзе эмігруе ў Італію, потым у Вялікабрытанію.

Аўтар 12 раманаў, а таксама навел, кінасцэнарыяў, публіцыстычных артыкулаў. Паводле яго твораў здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы, у тым ліку ў Італіі.

Пясецкі пісаў да самай сваёй смерці ў 1964 годзе

1912 год. Дэбют у маскоўскім Вялікім тэатры ўраджэнца Магілёва Сяргея Мігая (1888–1959).

Артыст оперы. Народны артыст РСФСР. Прафесар Маскоўскай кансерваторыі.

Меў насычаны голас цёплага тэмбру, вялікага дыяпазону, дасканала валодаў вакальнай тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А. Барадзіна), Дэман («Дэман» А. Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, Ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж. Вердзі) і іншыя.

Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. Аўтар мастацтвазнаўчых і метадычных прац. Сярод вучняў Мігая народны артыст СССР А. Саўчанка.

У гонар артыста ў Магілёве названы завулак.

1940 год. Загінуў Язэп Лёсік (1883-1940).

Беларускі мовазнавец, грамадска-палітычны дзеяч, старшыня Рады БНР.

Выкладчык БДУ, правадзейны сябра Інбелкульта, акадэмік. Родны дзядзька Якуба Коласа, брат Антона Лёсіка.

На пачатку педагагічнай дзейнасці працаваў у Бабруйскай сельскагаспадарчай школе.

Быў у царскай ссылцы ў Сібіры (разам з Алесем Гаруном).

Актыўны дзеяч беларускага нацыянальнага руху, член Беларускага нацыянальнага камітэта, Вялікай беларускай рады, адзін з ініцыятараў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі, 2-гі старшыня Рады БНР.

Даследчык вытокаў беларускай нацыянальнай культуры, гісторыі ВКЛ, кнігадрукавання, старадрукаў. Аўтар прац «Гісторыя Вялікага княства Літоўска-Беларускага», «Памяткі старасвецкай беларускай мовы і пісьменства», «Бітва пад Грунвальдам у апісанні хронікі Быхаўца, Длугаша, Бельскага і інш.», падручнікаў «Практычная граматыка беларускае мовы», «Беларуская мова: Пачатковая граматыка», «Беларуская мова: Правапіс», «Сінтаксіс беларускае мовы» і іншых.

Арыштоўваўся ў 1922, 1930, 1938 гадах. Быў у турмах, ссылцы.

Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме. Паводле іншай версіі, быў застрэлены адразу па абвяшчэнні прысуду. Месца пахавання невядомае.

У гонар Язэпа Лёсіка названыя вуліцы ў Маладзечне, Мікалаеўшчыне і Стоўбцах.

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Басалыга.

Беларускі савецкі графік, ілюстратар, калекцыянер.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

Працаваў галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці, галоўным мастаком Мастацкага фонду БССР, дэканам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, старшынёй Беларускага саюза мастакоў.

Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстар экслібрыса.

Для яго творчасці характэрныя сувязь з традыцыямі беларускага народнага мастацтва, яркая дэкаратыўнасць, глыбокае пранікненне ў задуму літаратурнага твора.

Галоўнымі тэмамі творчасці з’яўляліся тыя, якія звязаны з нацыянальнай культурай, традыцыйным побытам, народнымі вераваннямі, беларускай мовай (серыя «Мова наша родная»), архітэктурай (цыкл «Помнікі дойлідства Беларусі»).

Памёр 7 чэрвеня 2020 года.

1941 год. У Бабруйску нарадзіўся Леанід Марчанка.

Беларускі мастак-графік.

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут

Майстар беларускай пейзажнай графікі, паслядоўнік ідэй нацыянальнага рамантызму.

Яго афорты, літаграфіі – характарыстыкі кожнай істотнай дэталі – раслін, нябеснай прасторы, воднай плыні. Ён шматпланава адлюстроўваў прасторы роднага краю.

Творы мастака знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музею, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, маскоўскага Цэнтральнага Дома мастака, Музея сучаснага мастацтва ў Кёльне, Музеі імпрэсіянізму ў Германіі, прыватных зборах.

Памёр 11 сакавіка 1996 года.

1947 год. Нарадзіўся Алесь Жук.

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Лаўрэат прэмій Ленінскага камсамола, Літаратурных прэмій імя І. Мележа,  імя Я. Коласа. Бацька журналіста Дз. Жука.

Скончыў БДУ. Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у газеце «Літаратура і мастацтва»,  часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», «Беларусь».

Аўтар шматлікіх апавяданняў, кніг апавяданняў, празаічных зборнікаў. Па яго творах зняты мастацкі  фільм «Палігон», ставіліся спектаклі.

Адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.

Памёр 15 кастрычніка 2022 года.

1956 год. Нарадзіўся Сяргей Антончык.

Беларускі палітык. Член БНФ.

Адзін з арганізатараў і лідараў рабочага руху Беларусі, актыўны ўдзельнік страйку працоўных у красавіку 1991 года. Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990–1995).

Быў у складзе антыкарупцыйнай парламецкай камісіі, якую ўзначальваў А. Лукашэнка. Пасля абрання Лукашэнкі прэзідэнтам выступіў на сесіі Вярхоўнага Савету 20 снежня 1994 года з дакладам аб карупцыі ў атачэнні прэзідэнта. Газеты, якія вырашылі яго надрукаваць, выйшлі з «белымі плямамі». Па выніках дакладу кіраўнік справаў прэзідэнта І. Ціцянкоў падаў пазоў аб абароне гонару і годнасці, які Антончык прайграў, яго маёмасць была часткова канфіскаваная.

У красавіку 1995 года быў збіты разам з іншымі дэпутатамі Апазіцыі БНФ падчас галадоўкі ў залі парламента.

У 2001 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзідэнты, але зняў сваю кандыдатуру на карысць М. Марыніча.

Пазней займаўся стварэннем незалежных прафсаюзаў.

2010 год. Памёр Яўген Дзямідчык (1925–2010).

Беларускі вучоны ў галіне анкалогіі і хірургіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны ўрач.

Працаваў галоўным хірургам Мінскага гарздраўаддзела, загадчыкам кафедры анкалогіі, прафесарам медінстытута, кіраўніком Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы, даследчай групы Інстытута фізіялогіі акадэміі навук.

Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдтэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. Аўтар больш за 380 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій і даведнікаў па хірургіі, эндакрыналогіі і гастраэнтэралогіі, 11 патэнтаў на вынаходствы.

2020 год. У Магілёўскай вобласці зарэгістраваны першы падцверджаны выпадак каронавіруснай інфекцыі.

На сёння застаецца невядомай колькасць памерлых ад інфекцыі.

Дзень у гісторыі. 8 сакавіка. Жаночы дзень. Рабаванне Кіева. Першая лётчыца. Нарадзіліся палітыкі А. Чарвякоў, А. Саннікаў, “беларускі Шаляпін” П. Конюх, паэт С. Адамовіч. Памёр дзеяч БНР П. Крачэўскі.

Міжнародны жаночы дзень – свята, якое адзначаюць у шэрагу краін як «жаночы дзень». 

Сэнс, закладзены ў гэтае вызначэнне, вар’іруецца ад дня барацьбы жанчын за грамадзянскія і сацыяльныя правы да дня шанавання жанчын, што некаторымі ўспрымаецца як праява сексізму.

У 1910 годзе ў Капенгагене адбылася 2-я Міжнародная канферэнцыя працоўных жанчын. Лідэр жаночай групы сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Клара Цэткін прапанавала, каб Жаночы дзень адзначаўся штогод у кожнай краіне ў адзін і той жа дзень. Мэтай гэтага свята Цэткін назвала барацьбу жанчын за свае правы. Гэтая прапанова атрымала аднадушную падтрымку канферэнцыі з удзелам больш за 100 жанчын з 17 краін.

Міжнародны жаночы дзень упершыню адзначаўся 19 сакавіка 1911 года ў Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швейцарыі. 8 сакавіка 1914 года камуністкі, суфражысткі і эмансіпе Еўропы правялі мітынгі ў знак салідарнасці са сваімі сёстрамі.

У ходзе вайны, расійскія жанчыны, работніцы ткацкіх фабрык сталі адзначаць дзень жанчын 23 лютага па юліянскім календары, аднак па грыгарыянскім календары гэта было 8 сакавіка.

У СССР Дзень жанчын стаў афіцыйным святам, але быў рабочым днём. Толькі з 1965 года гэтае свята стала не працоўным.

У 1975 годзе падчас Міжнароднага года жанчын ААН зацвердзіла дзень 8 сакавіка ў якасці Міжнароднага. 

1169 год. Кіеў узяты войскам уладзімірскага князя Андрэя Багалюбскага “на шчыт” і ўпершыню падвергнуты рабаванню ва ўнутрыусобных войнах.

Летапісы павядамляюць, што за тры дні былі “разрабаваны ўвесь горад, Падол і Гара, і манастыры, і Сафія, і Дзесяцінная Багародзіца, і не было памілавання нікому і ніадкуль. Жонкі адведзены былі ў палон. Цэрквы агалілі ад абразоў, кніг, рыз, і званы вынеслі. Усімі смольнянамі, і суздальцамі, і чарнігаўцамі, і Вольгавай дружынаю ўсе святыні ўзяты былі. Запалены быў манастыр Пячэрскай Святой Багародзіцы, але Бог малітвамі Святой Багародзіцы збярог ад такой страты. І было ў Кіеве ўсім людзям стогн, і туга, і скруха няўцешная, і слёзы няспынныя”.

Узяцце Кіева ўспрымалася сучаснікамі як нешта беспрэцэдэнтнае: “яго не было ніколі”, пісаў суздальскі летапісец. 

З гэтага моманту Кіеўская Русь няўхільна рухалася да поўнага заняпаду. 

1882 год. Нарадзіўся Аляксандр Чарвякоў (Чарвяк).

Дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.  Старшыня Беларускага нацыянальнага камісарыята, падпісант “Маніхвэста аб абвяшчэнні ССРБ” 1 студзеня 1919 года, член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. Камісар асветы ССРБ, намеснік наркама асветы Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР.

Падпісант Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі 31 ліпеня 1920 года. Першы Старшыня ЦВК БССР (1920-1937), СНК БССР (1920-1924), Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР (1922-1937), 1-ы Народны камісар замежных спраў БССР (1920-1923).

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Служыў у царскай арміі, прапаршчык. Прымаў актыўны ўдзел у ліпеньскіх падзеях у Петраградзе 1917 года, пазнаёміўся з І. Сталіным.

Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе,  Першага Усебеларускага з’езда ў Мінску (1917).

Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці, прыхільнік беларусізацыі. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

У канцы 1920 – пачатку 1930-х гадоў стаў абвінавачвацца ў падтрымцы поглядаў М. Бухарына.

Асабліва жорстка яго крытыкавалі на XVI з’ездзе КП(б)Б, ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў часе праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», абвінавачвалі ў тым, што ён з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі. 

16 чэрвеня 1937 года ў перапынку з’езда застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

1910 год. Нарадзіўся  Пётр Конюх.

Беларускі сусветна вядомы оперны спявак, бас, “беларускі Шаляпін”. 

Падчас Другой сусветнай вайны ваяваў польскім корпусе генерала Андэрса на поўначы Афрыцы і на поўдні Еўропы. Удзельнік бітвы пры Монтэ-Касіна. 

Скончыў Рымскую акадэмію мастацтваў. Спяваў у операх усяго свету на беларускай, італьянскай, польскай, французскай, англійскай, нямецкай, рускай і ўкраінскай мовах. Жыў у ЗША, выконваў беларускія песні, дапамагаў ставіць голас беларускаму спеваку Данчыку. 

27 гадоў працаваў у хоры данскіх казакоў С. Жарава, запісваў беларускія песні на пласцінкі, у тым ліку і «Магутны Божа». У 1975 г. прыязджаў у Беларусь.

Памёр у ЗША 14 ліпеня 1994 года.

1910 год. Францужанка Эліз дэ Лараш стала першай жанчынай-пілотам.

Здзейсніла экзаменацыйны палёт і стала 36 пілотам у Францыі і першай жанчынай-пілотам.

Лараш раз’язджала з “лятаючым цыркам” па Еўропе. У чэрвені 1919 гады паставіла два “жаночых” сусветных рэкорды – на вышыню і далёкасць палёту.

18 ліпеня 1919 года дэ Лараш загінула ў авіякатастрофе на аэрадроме Кротуа. Яна ляцела пасажыркай.

Помнік лётчыцы ўстаноўлены ў аэрапорце Ле Буржэ.

1917 год. Нарадзіўся Сяргей Селіханаў.

Беларускі скульптар, класік партрэтнага жанру ў беларускай скульптуры. Народны мастак. Лаўрэат Ленінскай прэміі за стварэнне цэнтральнай скульптурнай групы мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Прадстаўнік старэйшага пакалення беларускіх савецкіх скульптараў, адзін з найбольш вядомых скульптараў эпохі росквіту сацыялістычнага рэалізму ў мастацтве.

Найбольш вядомыя яго помнікі – К. Заслонаву ў Оршы, М. Казею ў Мінску, «Няскораны чалавек» у Хатыні.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, А.Якімовіча, Г. Цытовіча і іншых.

У яго гонар у Віцебску, Мінску ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.

Памёр 28 верасня 1976 года.

1928 год. Памёр Пётр Крачэўскі (1879-1928).

Беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч, трэці старшыня Рады БНР.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 года  ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі, дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў.

Адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаха «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.

Дзеячы БНР, 1918 год. Злева направа, сядзяць: А. Бурбіс, Я. Серада, Я. Варонка, В. Захарка; стаяць: А. Смоліч, П. Крачэўскі, К. Езавітаў, А. Аўсянік, Л. Заяц

1931 год. Нарадзіўся Сямён Падокшын.

Беларускі філосаф і гісторык-медыявіст, даследчык культуры Адраджэння і Рэфармацыі, культуролаг. Доктар філасофскіх, кандыдат гістарычных навук.

Працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР.

Аўтар прац «Рэфармацыя і грамадская думка Беларусі і Літвы (2-я палова XVI – пачатак XVII ст.», «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў», «Францыск Скарына», «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага», «Унія. Дзяржаўнасць. Культура: Філасофска-гістарычны аналіз», «Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры» і іншых.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Памёр 21 снежня 2004 года.

1941 год. Нарадзілася Жанна Дапкюнас.

Беларускі літаратуразнавец і арганізатар музейнай справы. Унучатая пляменніца Янкі Купалы.

Скончыла БДУ. Працавала намеснікам дырэктара, дырэктарам у Літаратурным музеі Янкі Купалы. Заснавальнік і нязменны намеснік старшыні Міжнароднага фонду Янкі Купалы.

Ініцыятар і арганізатар стварэння ландшафтнага заказніка «Купалаўскі», філіялаў Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах (Лагойскі раён) і Яхімоўшчыне (Маладзечанскі раён, 2001).

Кіравала творчай групай па стварэнні галоўнай экспазіцыі музея, экспазіцый у філіялах музея ў Вязынцы і Ляўках, музея-кватэры Янкі Купалы ў Пячышчах (Татарстан), гісторыка-літаратурнага музея «Над ракою Арэсай» у Любанскім раёне.

Аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццёвы шлях і творчасць Янкі Купалы, навукова-папулярнага кінафільма «Янка Купала», радыёперадач, складальнік зборніка Я. Купалы «Публіцыстыка», 3-га тома збору твораў Купалы ў трох тамах, укладальнік кніг, буклетаў і альбомаў, якія прысвечаны Купале.

1952 год. Нарадзіўся Аляксандр Козак.

Беларускі акцёр, тэатральны дзеяч, Заслужаны дзеяч мастацтваў, дырэктар і мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, дырэктар Міжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» (Брэст).

Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Усё сваё жыцце прысвяціў служэнню ў Брэсцкім  тэатры драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Найбольш значныя яго ролі ў пастаноўках «Брэсцкая крэпасць» К. Губарэвіча, «Пакажыце пропуск» Я. Шабана, «І змоўклі птушкі» І. Шамякіна, «Апраўданне крыві» паводле І. Чыгрынава і іншыя.

1954 год. Нарадзіўся Андрэй Саннікаў.

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч. Унук рэжысёра К. Саннікава. Мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах у 2010 годзе, палітвязень Беларусі, вязень сумлення.

Скончыў Дыпламатычную акадэмію Міністэрства замежных спраў СССР у Маскве.

Працаваў у Нью-Ёрку ў сакратарыяце ААН, саветнікам прадстаўніцтва Беларусі ў Швейцарыі, намеснікам міністра замежных спраў Беларусі.

У 1996 годзе, напярэдадні рэфэрэндуму падаў у адстаўку ў знак пратэсту. Выступіў ініцыятарам стварэння «Хартыі-97». Разам з Г.Карпенкам стварыў Каардынацыйныю Раду дэмакратычных сілаў Беларусі. Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» (2008), арганізатар шматлікіх маршаў пратэсту, акцый супраць фальсіфікацыі выбараў у 2001, 2004, 2006, 2008 гадах.

У 2010 годзе быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Беларусі. Затрыманы падчас мітынгу супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года ў Мінску, жорстка збіты і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ. Жонка палітыка, Ірына Халіп, таксама была арыштаваная, а трохгадовага сына Даніка ўлады спрабавалі выкрасці з дзіцячага садку і адправіць у дзіцячы дом.

11 студзеня 2011 года Amnesty International прызнала Саннікава вязнем сумлення.

14 мая 2011 года судом асуджаны  да 5 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў ў калоніях Наваполацка, Бабруйска, Віцебска. У 2012 годзе памілаваны А. Лукашэнкам, атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі.

1962 год. Нарадзіўся Славамір Адамовіч.

Беларускі паэт, грамадскі дзеяч. Адзін з заснавальнікаў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», лідар арганізацыі «Правы рэванш», сябра «Таварыства вольных літаратараў», актывіст Руху салідарнасці «Разам».

Скончыў БДУ. Працаваў у «Настаўніцкай газеце». Атрымаў літаратурную прэмію «Гліняны вялес» за зборнік вершаў «Каханне пад акупацыяй».

За верш «Убей президента!» быў арыштаваны 6 красавіка 1996 года. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку. Праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.

У жніўні 1997 на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот у знак пратэсту супраць ціску ўладаў на незалежныя СМІ і незалежных журналістаў.

У 2000 годзе жыў ў Нью-Ёрку, потым у Нарвегіі, Беларусі.

2004 год. У Парыжы памёр Міхась Наўмовіч (1922–2004).

Дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртавання ў Францыі «Хаўрус» і член рады БНР, мастак, фізіятэрапэўт.

Скончыў Наваградскую гімназію (1944). Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР не хацеў разумець і прызнаваць савецкую ўладу, таму ў гімназіі адбываліся канфлікты на гэтай глебе.

У 1944 годзе быў мабілізаваны ў Беларускую краёвую абарону, адкуль уцёк, прабраўся ў Францыю і далучыўся да францускіх партызанаў, потым уступіў у армію Андэрса.

Пасля дэмабілізацыі ў 1947 годзе пераехаў у Парыж. Скончыў факультэт скульптуры Нацыянальнай вышэйшай школы прыгожых мастацтваў, школу фізіятэрапіі ў Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзяржаўных і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва.

З 1946 года ўзначальваў Аб’яднанне беларускіх работнікаў у Францыі. Сустваральнік Беларускай незалежніцкай арганізацыі моладзі, выдавец часопіса «Моладзь», кіраўнік Аб’яднання беларускіх студэнтаў, Беларускага аб’яднання камбатантаў, прадстаўнік у Францыі Беларускага камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, арганізаванага ў 1989 годзе пры Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане з ініцыятывы айца Аляксандра Надсана.

Аўтар больш за 10 скульптурных твораў з каменю, у тым ліку помніка на магіле М. Равенскага, скульптур для касцёлаў, мосту Аляксандра III і Новага мосту ў Парыжы, працы «Вяселле ў Кане Галілейскай», пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк.

Аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Янкі Купалы, «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Матчын дар» Алеся Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Маляваў і акварэллю.

Некаторыя мастацкія працы захоўваюцца ў Беларускай бібліятэцы і музэі імя Ф. Скарыны ў Лондане.

Беларуская бібліятэка ў Лондане.