Бабёр пад Бабруйскам тры дні тэрарызаваў жыхароў пасёлка

Жыхары пасёлка Глуша ў Бабруйскім раёне тры дні жылі ў страху з-за агрэсіі маладога бабра. Каб супакоіць жывёлу, спатрэбіліся дзіцячая ванначка, бляха і дзесяць хвілін. Бабёр не пацярпеў.

Пра прыгоды жыхароў пасёлка пад Бабруйскам піша “Камерцыйны кур’ер”. Дзікая жывёла шыпела, кідалася на навакольных і не пакідала аблюбаванае на ўскраіне пасёлка месца.

Мясцовыя жыхары абарвалі тэлефон аддзела па надзвычайных сітуацыях, у Бабруйскі лясгас нават паступіў званок з Бабруйскага райвыканкама. Ляснік і выручыў. 

У Глушанскім доследна-вытворчым лясніцтве на дзяжурстве знаходзіўся ляснічы Ілля Дудаль. Ён выехаў на месца, да засады, створанай бабром. Прыйшлося прымяніць кемлівасць, распавядае Ілля:

– Гэта быў малады бабёр, кілаграмаў пад 12. Хутчэй за ўсё, ён шукаў новае месца для жыцця, вось і зайшоў у нізіну на ўскраіне пасёлка. Атрымалася, што з аднаго боку – дамы, з другога – дарога. Жывёла спалохалася і баялася выйсці. Тут яго і знайшлі мясцовыя жыхары, але не змаглі прагнаць. Бабры вельмі небяспечныя, яны могуць нанесці сваімі зубамі сур’ёзныя раны. Таму трэба быць асцярожнымі, не палохаць і не правакаваць іх. Выязджаючы на месца, я ўзяў з сабой дзіцячую ванначку. Такім метадам раней лавіў гусей: памеры гуся і бабра падобныя. 

На фота Ілля Дудаль – злева.

– Не марнуючы ні секунды, – працягвае ляснік – падышоў да бабра і накрыў яго ванначкай. Потым папрасіў мясцовых жыхароў прынесці ліст бляхі і прасунуў пад ніз, атрымалася зачыненая пастка. Разам з ратавальнікамі мы акуратна пагрузілі бобрыка ў машыну і выпусцілі ў бліжэйшую рэчку.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

Пад Чэрыкавам тры чалавекі шукалі могілкі і заблукалі ў лесе

Група з трох чалавек – сямейная пара і іх знаёмы – прыехала для наведвання могілак у вёсцы Навамалінаўка Чэрыкаўскага раёна. Падчас пошукаў могілак двое мужчын і жанчына заблудзіліся ў лесе. Каля 14:00 4 чэрвеня яны падалі сігнал трывогі, і ў 16:35 іх знайшлі ратавальнікі. У пошуках удзельнічалі 11 чалавек на 5 адзінках тэхнікі – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

На пажары ў Магілёве загінула пенсіянерка

Трагедыя адбылася вечарам 31 мая ў шматпавярховым доме па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве. У кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар, падчас якога загінула пенсіянерка 1956 года нараджэння. Яе цела было знойдзена на балконе. Дачка ахвяры і яе сын, што таксама пражывалі ў кватэры, на момант пажару адсутнічалі дома. Прычыны ўзгарання высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

У Бабруйску гарэў інтэрнат

Сістэма апавяшчэння “Маланка” спрацавала раніцай 30 мая ў інтэрнаце па Маладзёжным бульвары ў Бабруйску – паведаляе прэс-служба МНС. Гарэў пакой у блоку на восьмым паверсе, у якім пражывае 35-гадовая жанчына. На момант узнікнення пажару яна разам з сябрам знаходзілася ў пакоі. Пара эвакуіравалася самастойна, ніхто не пацярпеў. Прычына пажару высвятляецца, асноўная версія – неасцярожнае абыходжанне з агнём.

Фота: МНС

На лецішчы пад Асіповічамі гарэла цэлая сям’я – бацька загінуў, маці атрымала апёкі, дзеці выратаваліся

Трагедыя адбылася ў дачным доміку ў вёсцы Станцыя Ясень Асіповіцкага раёна. позна вечарам 28 мая ў хаце пачаўся пажар. У гэты час там знаходзілася сям’я з чатырох чалавек, бацька 1963 года нараджэння, маці 1975-га і дзве іх дачкі 2000 і 2019 гадоў нараджэння.

Да прыбыцця пажарных жанчына і дзеці здолелі самі выратавацца з дома праз вакно, пры гэтым маці атрымала апёкі 46% цела. Цела яе мужа было знойдзенае ў доме ратавальнікамі. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

З-за пажару, у Магілёве эвакуявалі 90 чалавек з інтэрната

Пажар здарыўся сёння раніцай, каля 06:30 на вуліцы Касманаўтаў у Магілёве – загарэўся швейны цэх, прыбудаваны да інтэрната. Сігнал пра ўзгаранне падала аўтаматычная сістэма апавяшчэння “Маланка” – паведамляе прэс-служба МНС. 90 чалавек, у тым ліку 30 дзяцей былі эвакуяваныя з будынка інтэрната. Пацярпелых няма, прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

Бабруйчанін заблукаў у лесе з разраджаным тэлефонам, яго дзве гадзіны шукалі ратавальнікі

26-гадовы жыхар Бабруйска заблукаў вечарам 22 мая ў лясным масіве недалёка ад вёскі Дубоўка Бабруйскага раёна. Ён накіроўваўся ў пасёлак Туголіца. Сігнал трывогі малады чалавек падаў у 19:20 – распавялі ў МНС. Пошукі мужчыны ўскладніліся тым, што мабільны тэлефон у яго практычна сеў. Задзейнічаўшы 6 адзінак тэхнікі і 15 чалавек, ратавальнікі знайшлі бабруйчаніна праз дзве гадзіны пошукаў.

Фота: прэс-служба МНС

Пад Магілёвам на пажары загінуў мужчына

Трагедыя адбылася апоўначы ў аграгарадку Раманавічы Магілёўскага раёна. Пажар узнік у кватэры шматпавярховіка на вуліцы Фабрычнай. Ратавальнікамі на месцы ўзгарання было знойдзена цела мужчыны 1973 года нараджэння, які нідзе не працаваў. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

На хлопчыку загарэлася вопратка, калі ён варыў сабе пяльмені

У Бабруйску хлопец 2011 года нараджэння застаўся дома адзін і гатаваў сабе пяльмені на пліце. У нейкі момант ён пацягнуўся ў шафу за спецыямі і полымя ад пліты перакінулася на яго кашулю. Самастойна затушыўшы агонь на сабе ў ваннай, хлопчык патэлефанаваў маці, а тая ўжо выклікала медыкаў. З апёкамі падлетак быў шпіталізаваны – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

На лясным пажары пад Клічавам згарэлі амаль тры гектары лесу

Днём 15 мая лясны пажар быў зафіксаваны каля вёскі Заполле Клічаўскага раёна. Сумарна ён ахапіў тэрыторыю ў 2,7 гектараў лесу. На тушэнні пажара працавалі 11 адзінак тэхнікі і 24 работніка Клічаўскага лясгаса. Пажар ліквідаваны, пацярпелых няма – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае