Мужчына згарэў у старожцы ў Лясной пад Слаўгарадам

48-гадовы стораж прадпрыемства “Ляснянскі АГРА” стаў ахвярай пажару ва ўласнай старожцы – паведамляе МНС. Старожка загарэлася ўчора вечарам каля 22.00 на тэрыторыі мехдвара ў аграгарадку Лясная Слаўгарадскага раёна. Калі прыбылі ратавальнікі, вагончык гарэў адкрытым полымем. Унутры знайшлі цела мясцовага жыхара 1977 года нараджэння. Прычыны пажару высвятляюцца.

Фота: МНС

Трагедыя ў Асіповічах – загінула палутарамесячная дзяўчынка

Бацькі спрабавалі зрабіць выгляд, што яны ні пры чым.

Следчы камітэт Беларусі раскрыў таямніцу трагедыі, што адбылася ў Асіповічах. Тут ад чэрапна-мазгавой траўмы загінула палутарамесячная дзяўчынка. Як высветлілі следчыя, бацькі дзяўчынкі ў той вечар, калі гэта здарылася, выпівалі разам са сваяком. Потым яны вярнуліся ў дом, каб супакоіць малую, і калі займаліся дзіцёнкам, дзяўчынка ўпала і атрымала смяротную траўму галавы. 

Першапачаткова, паводле следчых, бацькі спрабавалі пераканаць, што траўма адбылася без іх удзелу. Узбуджаная крымінальная справа за прычыненне смерці па неасцярожнасці.

Фота: Следчы камітэт

Цела жыхара Чэрыкаўскага раёна знайшлі на месцы гарэння сухой травы

Вечарам на Вялікдзень, каля 18:30 20 красавіка здарыўся пажар сухой расліннасці на прыдамавым участку ў вёсцы Вербеж Чэрыкаўскага раёна. Калі на месца ўзгарання прыбылі ратавальнікі, то выявілі цела мясцовага жыхара, пенсіянера 1955 года нараджэння. Дакладныя абставіны яго гібелі высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС. 

Фота ілюстрацыйнае

Пажар у Магілёве – сям’я паспела пакінуць дом, але старэйшы сын застаўся ўнутры

Ноччу 30 лістапада ў Магілёве на вуліцы Грышына адбыўся пажар у прыватным доме. Гаспадар будынка, яго жонка і малодшы сын паспелі выйсці на вуліцу і выклікаць ратавальнікаў паведамляе прэс-служба МНС. Старэйшы сын, аднак, застаўся ў доме. Цела мужчыны 1976 года нараджэння было выяўлена на месцы трагедыі. Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару стала неасцярожнае курэнне.

Фота: МНС

Два пенсіянеры за адзін дзень загінулі на пажарах у Клічаўскім раёне

Адразу два чалавекі сталі ахвярамі пажараў у Клічаўскім раёне 21 кастрычніка. Раніцай каля 5 гадзін у вёсцы Дубна суседзі заўважылі агонь у хаце пенсіянера 1957 года нараджэння. Калі прыехалі ратавальнікі, мужчына ўжо не падаваў прыкмет жыцця. У вёсцы Усакіна таго ж Клічаўскага раёна позна вечарам, каля 24.00 на пажары загінуў пенсіянер 1958 года нараджэння – паведамляе прэс-служба МНС. Прычыны абодвух пажараў яшчэ высвятляюцца. 

Фота: МНС

Калі зайшоў муж, вопратка на жанчыне гарэла – у Бабруйску загінула пенсіянерка

Жанчына згарэла зажыва ў Бабруйску ў сваёй кватэры на вуліцы Каменскага. Днём 13 кастрычніка муж пенсіянеркі 1958 года нараджэння калоў дровы ў двары іх гаспадаркі. Калі ён вярнуўся ў дом, то пабачыў сваю жонку, ахопленую полымем. На жанчыне загарэлася вопратка, калі яна стаяла каля кухоннай пліты. Мужчына пагасіў агонь і выклікаў хуткую дапамогу, але медыкі канстатавалі смерць жанчыны, паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Раварыстка загінула пад Кіраўскам

Раніцай 22 чэрвеня 44-гадовая жанчына ехала па ўзбочыне дарогі Магілёў-Бабруйск у Кіраўскім раёне. З ёй сутыкнуўся аўтамабіль Audi, якім кіраваў 34-гадовы мужчына. Машына ехала ў тым жа кірунку, што і раварыстка, на вуліцы было ўжо дастаткова светла. Ад атрыманых траўм жанчына памерла на месцы. Абставіны ДТЗ высвятляюцца – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама

Пад Хоцімскай пенсіянерка загінула, выпальваючы траву

Цела жанчыны пасярод выпаленай травы ў непрытомным стане знайшла суседка. Апёкі 53% цела аказаліся несумяшчальнымі з жыццём – паведамляе прэс-служба МНС. 

Як высветлілася, 75-гадовая пенсіянерка паспрабавала выпаліць пакошаную траву на сваім участку ў вёсцы Альшоў-2 Хоцімскага раёна. Сюды яна пераехала з райцэнтра на лета. Вецер аказаўся занадта моцным і перакінуўся на сухую расліннасць на ўчастку, і неўзабаве ў агонь патрапіла сама жанчына. Трагедыя адбылася вечарам 19 чэрвеня.

Фота: МНС

16-гадовы падлетак патануў у Клімавічах

Кампанія хлопцаў плавала на самаробным плыце ў штучна выкапанай сажалцы вечарам 30 траўня – паведамляе прэс-служба МНС. Падчас заплыву адзін з іх, 16-гадовы жыхар Клімавіч патануў. Ратавальнікі дасталі з вады цела падлетка без прыкмет жыцця, а рэанімацыйныя мерапрыемствы станоўчага выніку не дасягнулі.

Фота: МНС

Магілёўская пенсіянерка загінула на пажары ў Шклоўскім раёне

Трагедыя адбылася вечарам 23 траўня. У аграгарадку Дабрэйка Шклоўскага раёна загарэлася лецішча, якім валодае жыхар Магілёва. У дачным доміку на момант пажару жыла маці гаспадара, пенсіянерка 1946 года нараджэння. Яе абгарэлае цела ратавальнікі знайшлі пасля таго, як пагасілі агонь. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС