Дзень у гісторыі. 10 мая. Каранацыя Лагішынскага абраза. Спаленне кніг. Мемарыял ахвярам Халакосту. Нарадзіліся Леў Бакст, Янка Маўр, Сяргей Панізнік. Загінуў С. Булак-Балаховіч.

1864 год. У Магілёве расійскімі карнікамі расстраляны Міхал Аскерка (1836-1864).

Урач, паўстанцкі камісар Мінскай і Магілёўскай губерняў у 1863-1864 гадах.

Скончыў Слуцкую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў урачом у Сенненскім і Ашмянскім паветах.

Падчас паўстання стаў паўстанцкім камісарам у Магілёўскай губерні, у Пецярбургу гуртаваў патрыятычна настроеных афіцэраў. Каардынаваў паўстанцаў на Магілёўшчыне з 5 мая 1863 года. Пасля іх паражэння, перанёс сваю дзейнасць у Мінск і Ігуменскія лясы, стаў паўстанцкім камісарам Мінскай губерні.

Арыштаваны 21 кастрычніка 1863 годзе падчас чарговай паездкі ў Пецярбург. На следстве ў Санкт-Пецярбургу і Магілёве адмаўляўся даваць паказанні.

Подзвіг Аскеркі адлюстраваны У. Караткевічам у рамане «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»).

1866 год. У Гародні нарадзіўся Леў Бакст (1866-1924).

Сусветна вядомы мастак, сцэнограф, майстар станкавага жывапісу і тэатральнай графікі. Акадэмік Імператарскай акадэміі мастацтваў, Кавалер ордэна Ганаровага легіёна.

У розных крыніцах падаюцца розныя даты нараджэння: 27 студзеня (8 лютага), 27 красавіка, 9, 10 мая.

Вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, парыжскіх студыях, у фінскага мастака А. Эдэльфельта.

Працаваў у Маскоўскім, Аляксандраўскім тэатрах, у прыватнай мастацкай школе Л. Звягінцавай у Пецярбургу (сярод яго вучняў – М. Шагал), ствараў партрэты, кніжныя ілюстрацыі, выступаў як мастак-графік, супрацоўнічаў з рознымі часопісамі, ствараў дэкарацыі і касцюмы для спектакляў.

З 1909 года працаваў у Парыжы – быў вядучым дэкаратарам «рускіх сезонаў за мяжой» С. Дзягілева, займаўся эскізамі дэкарацый і мадэліраваннем адзення для балетаў, працаваў у тэатрах Лондана, Нью-Йорка, Бруселя, Рыма.

Як жывапісец выстаўляўся ў Берліне, Празе, Вене, Венецыі, Рыме, Парыжы, Мюнхене.

Аўтар тэарэтычных прац у галіне мастацтва.

Памёр 27 снежня 1924 года ў Парыжы. Яго імем названы вуліцы ў Парыжы, Гародні.

Некаторыя яго творы захоўваюцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску.

1883 год. Нарадзіўся Іван Фёдараў (Янка Маўр, 1883-1971).

Беларускі географ, педагог, перакладчык, “бацька” беларускай дзіцячай літаратуры, прыгодніцкага, навукова-папулярнага жанраў, Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, Заслужаны дзеяч культуры.

Уладальнік найлепшай у даваеннай Беларусі хатняй бібліятэкі. Паплечнік і сваяк Якуба Коласа.

Найбольш вядомыя яго творы: “У краіне райскай птушкі”, “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Слёзы Тубі”.

Яго творы пераведзены на шматлікія мовы, выдаваліся ў розных краінах, у т.л. ЗША, Вялікабрытаніі, Кітаі.

У гонар пісьменніка носяць вуліцы ў Мінску, Пінску, мінская абласная бібліятэка, школа ў Барысаўскім раёне.

Памёр 3 жніўня 1971 года.

1883 год. Указам Аляксандра III у Расіі ўведзены бела-сіне-чырвоны сцяг.

Афіцыйна зацверджаны як дзяржаўны напярэдадні каранацыі Мікалая II у 1896 годзе. Да гэтага дзяржаўным сцягам Расійскай імперыі лічыўся чорна-жоўта-белы сцяг, які ў цяперашні час выкарыстоўваецца рознымі манархічнымі рухамі, а бела-сіне-чырвоны сцяг з часоў Пятра I быў гандлёвым або камерцыйным сцягам Расіі.

Чырвоны колер азначаў дзяржаўнасць, сіні – колер Маці Божай, белы – колер свабоды і незалежнасці.

Адначасова расійскі трыкалёр – сімвал Уласаўскай арміі, агрэсіі супраць Грузіі, Украіны, канфліктаў і ваенных аперацый у Прыднястроўі, Сірыі і іншых кутках свету.

1918 год. Магілёўская гарадская ўправа зацвердзіла эскізы бон.

Гэта было зроблена для наступнага выпуску ў памеры 3 мільёнаў рублёў. Іх выпуск быў дазволены фінаддзелам 1-га польскага корпуса. 

Прынята рашэнне аб выпуску ў першую чаргу бон у 1 і 3 рублі, потым, пры неабходнасці ў 50 капеек, 5, 10 і 25 рублёў.

Для друку бон выбрана магілёўская друкарня Падземскага.

1931 год. У в. Новааляксандраўка Дрыбінскага раёна нарадзіўся  Сцяпан Гаўрусёў (1931-1988).

Беларускі паэт, перакладчык.

Скончыў Магілёўскае педвучылішча. Працаваў у газеце «Звязда», выдавецтве «Беларусь».

Аўтар вершаў, 13 зборнікаў паэзіі, шматлікіх рэцэнзій і літаратурна-крытычных артыкулаў.

Пераклаў на беларускую мову шэраг твораў А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, М. Святлова, А. Пракоф’ева, М. Дудзіна, С. Нараўчатава, Я. Райніса, Г. Гуляма, Міртэміра, Я. Судрабкална, І. Харыка, А. Туманяна, М. Джаліля.

1933 год. Нарадзіўся Уладзімір Вітко.

Беларускі мастак.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Працаваў у Віцебску мастаком на фабрыцы «КІМ», на шаўковым камбінаце, у мастацка-вытворчых майстэрнях.

Яго творы захоўваюцца ў музеях Беларусі, Польшчы, у дырэкцыі выставак Мастацкага Фонда Беларусі, у прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Італіі.

Аўтар пейзажаў, выкананых пераважна ў тэхніцы алейнага жывапісу, нацюрмортаў, партрэтаў.

Для жывапіснай манеры мастака характэрнымі з’яўляюцца арыгінальнасць і смеласць каларыту, імкненне да абагульнення форм, дэкаратыўнай гучнасці, альбо, наадварот, наўмыснай прыглушанасці колеру.

Памёр 7 красавіка 2020 года.

1933 год. У Берліне і іншых гарадах Германіі нацысты ўчынілі дэманстрацыйнае спаленне кніг.

Познім вечарам у цэнтры Берліна, на плошчы Оперы, гітлераўцы ўчынілі масавае спаленне кніг, “чужых арыйскаму духу”. Агню былі адданы творы Г. Гейне, Л. Талстога, Э. Заля, М. Пруста, Э.-М. Рэмарка, Т. Мана, Г. Мана, Г. Уэлса, Д. Лондана…

Па сведчанні відавочцаў, велізарны натоўп, які атачыў гіганцкае вогнішча, прыйшоў у захапленне ад істэрычнага выступу арганізатара гэтага дзейства, рэйхсміністра народнай асветы і прапаганды Паўля Ёзэфа Гебельса. 

У свой час Гейнэ, некалі каханы Гебельсам, па-прароцку заўважыў: “Хто спальвае кнігі, калі-небудзь будзе спальваць людзей”…

1940 год. У Варшаве забіты Станіслаў Булак-Балаховіч (1883-1940).

Расійскі, беларускі і польскі вайсковы дзеяч, афіцэр кавалерыі рускай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал арміі БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі, удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка.

У 1921 годзе быў прызнаны Дзяржаўным камітэтам БНР «вярхоўным камандуючым над усімі ўзброенымі сіламі Беларусі». У паваенны час займаўся сельскай і лясной гаспадаркай у Белавежскай пушчы. Агенты АДПУ арганізавалі на яго некалькі замахаў.

Пасля акупацыі Польшчы Трэцім Рэйхам спрабаваў арганізаваць партызанскі атрад для барацьбы з нацысцкімі акупантамі, удзельнічаў у абароне Варшавы. 

Забіты нямецкім патрулём.

У Варшаве на будынку праваслаўнай духоўнай семінарыі ў раёне Саска-Кэмпа знаходзіцца памятная дошка ў памяць пра Булак-Балаховіча.

Вядомыя яго два вершы па-беларуску: «Покліч бацькі» і «Шарак ці брысь». Выпусціў дзве кнігі пра магчымасць вайны з Германіяй: «Вайна, будзе ці не будзе», «Далоў Гітлера ці хайль Гітлер?».

1942 год. Нарадзіўся Сяргей Панізнік.

Беларускі паэт, празаік, публіцыст.

Скончыў Магілёўскае медвучылішча, факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча.

Працаваў ваенным журналістам, у газеце «Вячэрні Мінск», на Дзяржтэлерадыё БССР, у выдавецтве «Юнацтва», у Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтры імя Ф. Скарыны, у Літаратурным музеі Янкі Купалы.

Аўтар 9 зборнікаў паэзіі, шэрагу кнігі публіцыстыкі. Піша для дзяцей: зборнікі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду», «Жыцень», «Мы – грамацеі», «Золкая зёлка».

У перыядычным друку выступае па праблемах сучаснага літаратурнага працэсу.

1997 год. Урачыстая каранацыя Папай Рымскім абраза Маці Божай Каралевы Палесся – Лагішынскага абраза.

Цудадзейны абраз Маці Божай Лагішынскай быў урачыста каранаваны. Кароны, благаслаўлёныя Папам Янам Паўлам II, былі прывезеныя ў Беларусь і ўскладзеныя на абраз кардыналам Казімірам Свёнткам, які ў той час быў ардынарыем Пінскай дыяцэзіі. Маці Божая ў Лагішыне была ўрачыста абвешчана Каралеваю Палесся і заступніцаю Пінскай дыяцэзіі.

2005 год. Каля Брандэнбургскіх варот ў Берліне адкрыты мемарыял ахвярам Халакосту.

Падчас Халакосту загінула 6 000 000 габрэяў.

На плошчы 19 000 квадратных метраў (два футбольных поля) у шахматным парадку ўстаноўлены 2 711 шэрых блокаў  вышынёй ад  0,2 да 4,7 м – камены лабірынт, выхад з якога наведвальніку трэба шукаць самастойна. Пад зямлёй на плошчы 800 квадратных метраў пабудавана Месца інфармацыі з матэрыяламі аб Халакосце, яго прычынах і наступствах.

У прыватнасці, прадстаўлены спіс з ізраільскага комплексу Яд Вашэм, які змяшчае імёны каля 3 000 000 загінуўшых.

На цырымоніі адкрыцця музея прысутнічала ўся нямецкая палітычная эліта, у тым ліку прэзідэнт, федэральны канцлер і старшыня бундэстага, а таксама каля 1 000 гасцей з усяго свету, сярод якіх было некалькі чалавек, якія перажылі Халакост.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 5 мая. Першы друкаваны каляндар. Створаны духі Chanel No. 5. Нарадзіліся кампазітар С. Манюшка, пісьменнік Г. Сянкевіч, палітык Ю. Беленькі.

Міжнародны дзень барацьбы за правы інвалідаў (International Day of Struggle for the Rights of Disabled People, з 1992 года).

Увогуле – Дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дзень барацьбы за роўныя правы і супраць дыскрымінацыі.

У Беларусі на ўліку ў органах па сацыяльнай абароне знаходзіцца больш за 500 000 людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Для любой дзяржавы важна само стаўленне да сваіх грамадзян, якія жывуць з такімі цяжкасцямі, пра якія многія баяцца нават падумаць. Але часта замест сістэмнай палітыкі па сацыяльнай інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадскія і эканамічныя працэсы, праблему спрабуюць вырашыць дробязнымі падачкамі.

Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў толькі 18 кастрычніка 2016 года.

Міжнародны дзень акушэркі (International Day of the Midwife, з 1992 года).

Слова «акушэрка» пайшло ад французскага «accoucher» – «дапамагаць пры родах». Акушэркі адносяцца да катэгорыі сярэдняга медперсаналу, і іх не варта блытаць з лекарамі акушерамі-гінеколагамі.

Ролю акушэрак недаацэньваць не варта: яны дапамагаюць цяжарным і рожаніцам, могуць прымаць роды самі або асісціраваць лекару.

Акушэрства, як вобласць медыцыны, вядома са старажытнасці. У XVII стагоддзі акушэрства аформілася як асобная навука.

У пачатку XX стагоддзя ў Еўропе адбыліся першыя канферэнцыі, якія сталі асновай для стварэння Міжнароднай асацыяцыі акушэрак. Мэта арганізацыі – забяспечыць правы жанчын і даступнасць акушэрскай дапамогі.

У 1847 годзе ў Магілёве была адчынена першая ўстанова па падрыхтоўцы павітух, у 1865 годзе – павівальная школа. Зараз гэта – медыцынскі каледж.

1581 год. У горадзе Астрог пабачыў свет першы друкаваны каляндар ва Ўсходняй Еўропе.

Яго надрукаваў Іван Фёдараў – рускі і ўкраінскі першадрукар, паплечнік Пятра Мсціслаўца.

Для кожнага з 12 месяцаў года ў выданні падаваліся па два вершы беларускага паэта Андрея Рымшы, у якіх апісвалася важная біблейская гісторыя, якая адбылася ў гэтым месяцы.

1819 год. Нарадзіўся Станіслаў Манюшка (1819–1872).

Беларускі і польскі кампазітар, дырыжор, адзін з пачынальнікаў беларускай музычнай культуры, стваральнік польскай нацыянальнай оперы.

Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у Д. Стэфановіча ў Мінску, вучыўся ў Мінскай губернскай гімназіі, Берліне.

Працаваў у Вільні, Варашаве. Даваў урокі музыкі мастаку В. Сляндзінскаму, працаваў дырыжорам і дырэктарам варшаўскга опернага тэатру, прафесарам Музычнага інстытуту ў Варшаве. У творчасці выкарыстоўваў беларускі фальклор.

Папулярнасць атрымаў дзякуючы операм “Галька”, “Страшны двор”. 

Аўтар  20 опер і аперэт, 3 балетаў, 5 месаў, 2 рэквіемаў і болей за 300 песень, у тым ліку “Паходнай песні літвінаў” на словы У. Сыракомлі.

1831 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Борзабагаты (1831–1886).

Беларускі медык, паўстанцкі камісар Наваградскага павета, удзельнік Парыжскай Камуны, мемуарыст.

Выключаны са Слуцкай гімназіі, як нядобранадзейны, што настроіла юнака «супраць усяго рускага», з Мінскай гімназіі – за ўдзел у тайнай арганізацыі «Братні саюз літоўскай моладзі». Быў асуджаны на экзекуцыю да 101 удара лазовай палкай. Публічны здзек абвастрыў яго нянавісць да расійскіх улад.

Скончыў медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў гувернёрам, урачом у Навагрудку.

Удзельнік паўстання 1863-1864 гадоў, паўстанцкі камісар Навагрудскага павета. Удзельнік бітвы пад Мілавідамі.

З 1865 года жыў на эміграцыі ў Італіі, Францыі, Румыніі, меў медыцынскую практыку, удзельнічаў у эмігранцкім руху, у Аб’яднанні польскай дэмакратыі, у франка-прускай вайне (1870–1871) у складзе французскай арміі ў якасці лекара, у Парыжскай камуне галоўным медыкам Парыжскага шпіталя.

Па вяртанні ў Расію, у 1875 годзе быў асуджаны ваенным судом на 20 год катаргі на рудніках Сібіры, якая была заменена ссылкай на 10 год у Кастрамскую губерню.

Пасля ссылкі у 1884–1886 гадах працаваў сельскім урачом у мястэчку Любяшова Пінскага павета.

Памёр 28 сакавіка 1886 года. Пахаваны ў Любяшове (цяпер гэта Валынская вобласць Украіны).

У гонар паўстанца названа вуліца ў Навагрудку, на радзіме, у в. Рутка 1 Навагрудскага раёна ўстаноўлены памятны знак.

1846 год. Нарадзіўся Генрык Сянкевіч (1846–1916).

Польскі пісьменнік, ураджэнец Падляшша. Першы лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1905) мае беларускае паходжанне.

Паходзіў з вонкавай шляхты. Бацька са служылых татараў, якія пасяліліся на тэрыторыі ВКЛ пры Вітаўце, маці – з беларускай шляхты.

Працаваў фельетаністам «Gazeta Polska», у штотыднёвіку «Niwa», рэдактарам газеты «Słowo».

Стваральнік фонда імя сваёй памерлай жонкі: выплачваў стыпендыі хворым сухотамі дзеячам культуры.

Падарожнік па ЗША («Лісты з вандравання», 1876–1878), Еўропе, Азіі, Афрыцы. Палітычны прыхільнік партыі «Народная дэмакратыя», марыў пра аўтаномію Польскага каралеўства ў складзе Расійскай імперыі. З пачаткам Першай сусветнай вайны з’ехаў у Швейцарыю, дзе ўзначаліў Камітэт дапамогі ахвярам вайны ў Польшчы.

Аўтар многіх аповесцей, зборнікаў  гумарэсак, вядомых гістарычных раманаў «Агнём і мячом» (падзеі вайны 1648–1654), «Патоп» (1655–1656), «Пан Валадыёўскі» (барацьба з туркамі, 1672–1673), «Quo vadis?» (Нобелеўская прэмія),  «Крыжакі», «Віры» (рэвалюцыя 1905–1907 гадоў), псіхалагічных раманаў «Без догмату», «Сям’я Паланецкіх».

Пахаваны ў швейцарскім Вевэ. У 1924 годзе цела перанесена ў Варшаву і пахавана ў падмурках кафедральнага сабора Святога Яна.

1921 год. У Францыі ўпершыню былі прадстаўлены духі «Chanel No. 5».

Самыя знакамітыя ў свеце духі былі створаны парфюмерам Эрнэстам Бо.

Па легендзе, Како Шанэль папрасіла Эрнэста Бо стварыць “штучны жаночы водар, які пахне Жанчынай”, падкрэсліўшы, што пад “штучным” водарам яна мае на ўвазе новы, створаны чалавекам водар. 

У Першую сусветную вайну Эрнэст Бо служыў у Кольскім Запаляр’і і любіў паднімацца да возера, якое ляжыць над Мурманскім гандлёвым портам. У сваіх мемуарах Бо пісаў, што стварыў гэтыя духі ў 1920 годзе, калі вярнуўся з вайны: «Падчас летняга палярнага дня азёры тут выпраменьваюць адмысловую свежасць. Гэты характэрны пах я захаваў у памяці, і пасля з вялікай цяжкасцю мне ўдалося ўзнавіць яго, хаця спачатку альдэгіды новай кампазіцыі былі вельмі няўстойлівыя…». 

1921 год. У в. Мачулкі Бабруйскага раёна нарадзіўся Рыгор Булацкі (1921–1999).

Беларускі педагог, журналіст, “хросны бацька” беларускай журналістыкі. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Скончыў Мелітопальскае авіявучылішча, БДУ. Удзельнік ІІ Сусветнай вайны. Разам з аднапалчанамі купіў самалёт на якім удзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Аўстрыі. 

Працаваў загадчыкам кафедры, дэканам філалагічнага факультэта, факультэта журналістыкі БДУ.

Даследаваў гісторыю беларускай журналістыкі, публіцыстычную дзейнасць некаторых беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Кузьмы Чорнага, П. Галавача.

Аўтар больш за 200 навуковых прац. Пад яго кіраўніцтвам абаронены звыш 40 кандыдацкіх, пры яго ўдзеле — 3 доктарскія дысертацыі.

1932 год. Створаны Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.

Першапачаткова – на базе фабрычна-завадскога вучылішча быў створаны  пчалаводны тэхнікум (1932–1935). Першы выпуск з 47 пчалаводаў адбыўся ў 1933 годзе. У 1935–1970 гадах – зааветтэхнічны, ветзаатэхнічны тэхнікум, у 1970–1997 – саўгас-тэхнікум, у 1997–2002 – сельскагаспадарчы тэхнікум, з 2002 года – аграрны каледж.

1936 год. Нарадзіўся Васіль Якавенка (1936–2018).

Беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Член аргкамітэта па стварэнні БНФ.

Працаваў на торфапрадпрыемстве «Васілевічы-2», у розных геалагічных партыях і праектных інстытутах, на Беларускім радыё, у часопісе «Полымя», у Саюзе кінематаграфістаў БССР, кіраўніком Беларускага сацыяльна-экалагічнага саюза «Чарнобыль».

Заснавальнік і галоўны рэдактар сацыяльна-экалагічнага штотыднёвіка «Набат», каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Інстытут нацыянальнай памяці», рэдактар бюлетэня «Рэха ГУЛАГу».

Памёр 22 студзеня 2018 года.

Аўтар кніг нарысаў, аповесцей і нарысаў, эсэ, п’ес, раманаў. Сярод персанажаў яго твораў вядомыя гістарычныя асобы:  Б. Кіт, Р. Скірмунт, Р. Астроўскі, Н. Арсеннева. Яго трылогія “Пакутны век” стала эпасам беларускага жыцця ў ХХ стагоддзі. Прапагандаваў этнакультурнае і нацыянальнае развіццё ў палітычным жыцці краіны.

1937 год. Нарадзіўся Мікалай Карцель (1937–2013).

Беларускі генетык-вынаходнік трансгеннай бульбы. Акадэмік НАНБ, доктар біялагічных навук, прафесар.

Скончыў Беларускі лесатэхнічны інстытут. Працаваў у Мінскай лесаўпарадкавальнай партыі, у Беларускім тэхналагічным інстытуце, намеснікам дырэктара, дырэктарам Інстытута генетыкі і цыталогіі НАНБ.

Праводзіў даследванні па генетыцы, малекулярнай генетыцы і генетычнай інжынерыі раслін. Даследаваў пытанні генетыкі і селекцыі драўняных раслін, радыяцыйнага мутагенезу сельскагаспадарчых раслін, праблемы генетычнай і клетачнай інжынерыі вышэйшых раслін. Правёў сістэматычнае вывучэнне ўзаемадзеяння экзагеннай ДНК з геномам вышэйшых раслін і абгрунтаваў фундаментальныя палажэнні аб фізіёлага-біяхімічным, цыталагічным і генетычным дзеянні чужароднай ДНК у раслінны арганізм. Атрымаў трансгенныя расліны, якія праяўляюць устойлівасць да фітапатагенаў і насякомых, расліны, якія здольныя паспяхова расці на глебах, што забруджаны цяжкімі металамі і нафтапрадуктамі.

Выканаў даследаванні генетычных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Памёр 1 красавіка 2013 года.

1941 год. Нарадзіўся Уладзімір Ярэц.

Беларускі падарожнік-матацыкліст, адзіны ў свеце глуханямы кругасветны падарожнік.

Ва ўзросце 1 года страціў слых.

Працаваў на Мінскім мотавелазаводзе.

У першых (1960–1966) падарожжах на матацыкле не меў правоў упраўлення. Толькі аб’ехаўшы 42 горада еўрапейскай часткі СССР, як выключэнне, стаў першым у Беларусі глухім, які атрымаў вадзіцельскія правы. У 1967–1982 гадах на мапедзе, матацыкле, на аўтамабілі ВАЗ-2106 здзейсніў 11 падарожжаў па тэрыторыі колішняга СССР, пабыўшы ў кожнай савецкай рэспубліцы, за 15 год праехаўшы агулам больш за 400 000 км.

Спадзяецца трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса як адзіны ў свеце глуханямы, які здзейсніў падарожжа вакол Зямлі на матацыкле.

1945 год. Пачалося Пражскае паўстанне супраць нямецка-фашысцкіх войск.

Неўзабаве яго падтрымала 1-я пяхотная дывізія ўласаўцаў пад камандаваннем генерал-маёра Бунячэнка.

Савецкае камандаванне не ведала пра планы арміі ЗША вызваліць Прагу ад немцаў, таму на працягу тыдня пасля капітуляцыі Берліна чакала ўказанняў. Толькі атрымаўшы пераканаўчыя пацверджанні пра нежаданне амерыканцаў прасоўвацца на ўсход ад Пльзеня, савецкая армія накіравала асноўныя ударныя сілы ў напрамку Прагі – пачалася Пражская аперацыя.

9 мая 1945 года 3-я і 4-я гвардзейскія танкавыя арміі 1-га Украінскага фронту ўступілі ў Прагу.

Пражская аперацыя савецкіх войск пры падтрымцы 3-й арміі ЗША скончылася поўным разгромам немцаў 12 мая.

У падзеях браў удзел ураджэнец в. Кісялёўка Мсціслаўскага раёна Сяргей Ксяндзоў – намеснік камандзіра інтернацыянальнай брыгады імя Яна Налепкі. У 1960–1973 гадах Ксяндзоў працаваў географам і першым дырэктарам Ходасаўскай СШ Мсціслаўскага раёна. Заслужаны настаўнік.

У 2022 годзе у яго гонар у Ходасах адкрыты мемарыяльны знак.

1960 год. Нарадзіўся Юрый Беленькі.

Беларускі палітык, намеснік старшыні БНФ “Адраджэнне”, Кансэрватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ.

Скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Працаваў у кантрольна-рэвізійнай управе ў Магілёве (1982–1984), у канцэрне «Амкадор».

Быў актыўным удзельнікам таварыства «Талака», дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання, Мінскага гарадскога савета.

Адзін з аўтараў «Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Беларусі», сааўтар канцэпцыі па пераходу БССР да рынкавай эканомікі, канцэпцыі эканамічнай рэформы, Закона аб банках і іншых законапраектаў, удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

У 1995 годзе браў удзел у галадоўцы дэпутатаў БНФ супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндума. У ноч з 11 на 12 красавіка разам з іншымі пратэстоўцамі падвергнуўся нападу спецназа ў масках, быў збіты ў будынку парламента.

З сакавіка 2020 жыве ў ЗША.

1995 год. Нарадзіўся Раман Пратасевіч.

Беларускі журналіст, блогер, палітычны зняволены.

У 16-гадовым узросце трапіў пад пераслед за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту, пазней неаднаразова затрымліваўся за ўдзел у пратэставых акцыях.

Адлічаны з БДУ па палітычных матывах. Супрацоўнічаў з «Радыё Свабода» і «Еўрарадыё». У студзені 2020 года з’ехаў у Польшчу, дзе стаў рэдактарам тэлеграм-каналаў «NEXTA», «Беларусь головного мозга».

Ён знаходзіўся на борце рэйса Ryanair 4978, які 23 мая 2021 года выконваў палёт Афіны-Вільнюс і быў змушаны да пасадкі на тэрыторыі Беларусі, прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск”, дзе журналіст затым быў арыштаваны разам з С. Сапега.

Быў прызнаны палітычным зняволеным.

3 мая 2023 года Раман Пратасевіч прысуджаны да 8 гадоў зняволення.

Дзень у гісторыі. 18 красавіка. Дзень помнікаў. Аблога Мсціслава. Стварэнне БДУ. Нарадзіліся друкар І. Фёдараў, археолаг Я. Тышкевіч, скульптар В. Магучы

Сусветны дзень радыёаматара (World radio amateur day).

Устаноўлены ў гонар заснавання 18 красавіка 1925 года ў Парыжы Міжнароднага саюза радыёаматараў. Менавіта ў гэты дзень, у сталіцы Францыі энтузіястамі радыёсправы быў створаны «Міжнародны радыёаматарскі саюз», закліканы аб’яднаць усіх людзей, якія займаюцца радыёаматарскай сувяззю, якая ў той час лічылася чымсьці фантастычным.

Свята таксама з’яўляецца нагодай падзякаваць і адзначыць працу радыёаматараў падчас стыхійных бедстваў – яны падтрымліваюць сувязь, калі іншыя «прафесійныя» сістэмы выходзяць з ладу.

Міжнародны дзень помнікаў і мясцін (International Day of Monuments and Places, з 1984 года).

Гэты дзень устаноўлены ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднага савета па пытаннях аховы помнікаў і славутых мясцін, створанай пры ЮНЕСКА.

Свята – нагода яшчэ раз прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці і прадстаўнікоў улады да пытанняў абароны і захавання розных мясцовых помнікаў і гістарычных мясцін і аб’ектаў сусветнай культурнай спадчыны.

На Беларусі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уваходзяць Нацыянальны парк “Белавежская пушча” (з 1992 года), замкавыя комплексы ў Міры, Нясвіжы, пункты геадэзічнай Дугі Струвэ. 

У папярэдні спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА уключаны Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся.

Архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці ў Мінску прэтэндуе на статус аб’екта Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў складзе транснацыянальнай намінацыі з папярэдняй назвай “Сацыялістычная пасляваенная архітэктура ў краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы”.

У спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў Беларусі ўваходзяць: абрады “Калядныя цары”, “Юр’еўскі карагод”, Будслаўскі фэст, культура бортніцтва Беларусі і Польшчы, саломапляценне Беларусі.

1386 год. Вялікі князь смаленскі Святаслаў ўзяў у аблогу горад Мсціслаў.

Святаслаў лічыў Мсціслаў сваёй вотчынай на той падставе, што горад быў заснаваны ў 1135 годзе смаленскім князем Расціславам Мсціслававічам. У 1180 годзе смаленскі князь Раман Расціслававіч адпісаў паселішча ў валоданне свайму сыну Мсціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства.

Ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч падтрымаў полацкага князя Андрэя Альгердавіча, спадзяючыся вярнуць страчаны раней Мсціслаў, аблажыў горад, аднак узяць яго не здолеў.

29 красавіка падышло вялікалітоўскае войска на чале з Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Бітва адбылася на рацэ Віхры, вялікалітоўскае войска перамагло, Святаслаў Іванавіч загінуў у бітве.

1510 год(?). Нарадзіўся Іван Фёдараў (Федаровіч, 1510–1583).

Усходнееўрапейскі друкар, пачынальнік друкарскай справы ва Украіне і ў Маскоўскай дзяржаве.

Месца яго нараджэння невядома, але, зыходзячы з геральдычнай трактоўкі друкарскага знака Фёдарава, некаторыя навукоўцы лічаць, што ён паходзіць дробнай заходнебеларускай ці палеска-падляшскай шляхты, падпісваўся радавым гербам Рагозаў «Шранява».

Вучыўся ў Кракаўскім універсітэце.

Працаваў друкаром ў Маскве. У 1564 годзе разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал», у 1565 – 2 выданні «Часоўніка».

У 1566 годзе з-за ганенняў Фёдараў і Мсціславец пакінулі Маскву і накіраваліся ў Беларусь. Заснавалі друкарню ў Заблудаве каля Беластока, надрукавалі «Евангелле вучыцельнае».

У канцы 1572 – пачатку 1573 года пераехаў у Львоў і заснаваў там першую ва Украіне друкарню, дзе ў 1574 выдаў першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу «Апостал», потым надрукаваў у Львове «Азбуку».

Фёдараў у Астрожскай друкарні, у 1578 годзе надрукаваў новае выданне «Азбукі» з дапаўненнямі, пазней – Псалтыр і Новы Запавет, «Храналогію» Андрэя Рымшы – першы беларускі друкаваны каляндар і першы асобна выдадзены твор беларускай паэзіі, «Астрожскую Біблію».

Памёр 16 снежня 1583 года ў Львове.

1518 год. Вялікі князь і кароль польскі Жыгімонт Стары ажаніўся з Бонай Сфорцай.

Жыгімонт Стары (1467–1548), сын Казіміра Ягелончыка, унук Ягайлы. Бона Сфорца (1494–1557) – міланская прынцэса, вялікая княгіня літоўская, другая жонка Жыгімонта.

Бона Сфорца адыгрывала пры сваім мужы значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы, намагалася забяспечыць стальцы Польшчы і ВКЛ сыну Жыгімонту Аўгусту.

Разам займаліся мецэнацтвам, мелі значную бібліятэку, запрашалі да свайго двара вядомых скульптараў, архітэктараў, жывапісцаў, падтрымалі першадрукара Ф. Скарыну. Імкнулася ўзмацніць палітычную ўладу і эканамічную моц манархіі, абараняла дзяржаўныя землі ад незаконнага прысваення феадаламі.

Бона Сфорца правяла эканамічную рэформу – Валочная памера (1557) на прынцыпах інтэнсіўнага вядзення гаспадаркі, з выкарыстаннем меліярацыі, палепшанага севазварота, з унармаваным падаткаабкладаннем.

Паспрыяла пашырэнню найноўшых заходнееўрапейскіх кулінарных, культурных, тэхнічных дасягненняў, спажывецкіх прыхільнасцяў эпохі Рэнесансу ў Польшчы і ВКЛ. З яе дзейнасцю звязваюць з’яўленне або пашырэнне ў меню арыстакратыі экзатычнай усходняй садавіны – апельсінаў, лімонаў, гранатаў, фігаў, прыпраў – шафрану, фенхелю, імбіру, цынамону, цукру, а таксама аліўкаў,  разынак, мігдалаў, марцыпанаў, рысу і іншых. 

Найбольш яскравым новаўвядзеннем эпохі Боны лічыцца салата і іншая агародніна, а таксама ўвядзенне ў карыстанне відэльцаў.

Імем Боны Сфорцы была названа цэнтральная плошча мястэчка Моталь (зараз – плошча Леніна).

1563 год. Іван Фёдараў (1510–1583) і Пётр Мсціславец (?-1577) скончылі падрыхтоўку да друкавання ў Маскве першай кнігі «Апостал».

Кніга друкавалася з 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года. Гэта першая дакладна датаваная руская друкаваная кніга. Захаваўся 61 асобнік. Рыхтуючы яе да выдання, першадрукары правялі вялікую тэксталагічную і рэдактарскую работу, аб чым сведчыць Сымон Будны ў прадмове да Новага Запавету (Лоск, 1574).

48 заставак гэтай кнігі, надрукаваных з 20 дошак, 22 буквіцы і іншыя друкарскія аздабленні вызначаюцца высокім мастацкім майстэрствам.

Фёдараў (Федаровіч) і Мсціславец стварылі старадрукарскі стыль, які потым атрымаў вялікае пашырэнне ў мастацкім аздабленні друкаваных і рукапісных кніг. Шрыфт «Апостала» Фёдараў выкарыстоўваў і ў іншых сваіх выданнях.

1814 год. Нарадзіўся Яўстафій Тышкевіч (1814–1873).

Беларускі археолаг, гісторык, этнограф і краязнавец, граф.

Служыў у розных установах, у тым ліку ў канцылярыях віленскага генерал-губернатара, Чарнігаўскага, Палтаўскага і Харкаўскага генерал-губернатара, быў Барысаўскім павятовым маршалкам, ганаровым папячыцелем мінскай губернскай гімназіі.

На беларускіх землях вывучаў курганы, гарадзішчы і замчышчы. З’яўляўся членам Дацкага каралеўскага таварыства аматараў старажытнасцей, Стакгольмскай каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва, гісторыі і старажытнасцей.

Заснаваў Віленскую археалагічную камісію і Віленскі музей старажытнасцей.

Аўтар прац археалагічнага і краязнаўчага характару.

Памёр 25 жніўня 1873 года ў Вільні.

У 2022 годзе пастаўлены помнік каля Акадэміі Навук у Мінску (фота).

1838 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Дыбоўскі.

Беларускі, расійскі, польскі заолаг, батанік, палеантолаг, мінеролаг і фалькларыст. Доктар мінералагічных навук. Брат Бенедыкта Дыбоўскага.

Скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт.

За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў прыгавораны да турэмнага зняволення.

Працаваў у Дэрпцкім універсітэце. Даследаваў выкапнёвыя рэшткі Усходняй Прыбалтыкі, Сібіры, флору i фаўну Навагрудчыны i іншых частак Расійскай імперыі.

Збіраў беларускі фальклор. Апублікаваў «Беларускія прыказкі з Навагрудскага павета» (768 тэкстаў), «Беларускія загадкі з Мінскай губерні» (112 тэкстаў).

Памёр 27 ліпеня 1910 года.

1850 год. Памерла Ганна Цюндзявіцкая (Прушынская, 1803–1850).

Аўтарка папулярных гаспадарчых дапаможнікаў, папулярнай кулінарнай кнігі «Літоўская гаспадыня» (1848).

Збірала народныя кулінарныя і лекавыя рэцэпты, правярала іх на практыцы.

Некаторыя даследчыкі лічылі аўтарам «Літоўскай гаспадыні» В. Завадскую. Аўтарства Г. Цюндзявіцкай атрыбутавана прафесарам А. Мальдзісам.

Таксама Цюндзявіцкая падрыхтавала да друку дапаможнік “Гаспадарчы штогоднік”, які выйшаў ужо пасля яе смерці. Пакінула рукапіс працы пра сялянскія лекавыя рэцэпты.

1921 год. Пастанова Прэзідыума ЦВК ССРБ аб адкрыцці ў Мінску Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Першыя рэальныя крокі да яго стварэння зрабіў Народны сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі ў сакавіку 1918 года. Працу над праектам універсітэта ўзначальвалі М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі. Намаганнямі Беларускага нацыянальнага камісарыята ў Маскве і Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Коўне былі створаны правобразы класічнага ўніверсітэта – Беларускі народны ўніверсітэт.

11 ліпеня 1921 года ў гарадскім тэатры абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці БДУ. Афіцыйна адкрыўся 30 кастрычніка 1921 года.  

Першым рэктарам стаў гісторык Уладзімір Пічэта.

1 лістапада 1921г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся заняткі для 1390 студэнтаў. Працавалі 14 прафесараў, 59 выкладчыкаў і 10 асістэнтаў.

Зараз у БДУ 26 факультэтаў, інстытутаў, 191 кафедра, 16 корпусаў, 8000 супрацоўнікаў,  25 500 студэнтаў.

1956 год. У в. Свенск Слаўгарадскага раёна нарадзіўся Віктар Несцяроўскі.

Украінскі географ, геолаг, доктар геалагічных навук, прафесар, дырэктар Геалагічнага музея Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта.

Скончыў Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Шаўчэнкі. Працаваў у Інстытуце геалагічных навук НАН Украіны, у Кіеўскім ўніверсітэце імя Т. Шаўчэнкі.

Аўтар больш за 200 навуковых прац. Першаадкрывальнік Уладзімірэцкай бурштынавай зоны ў Ровенскай вобласці. Кіраўнік універсітэцкага аддзялення Мінералагічнага таварыства Украіны. Падрыхтаваў 5 кандыдатаў навук.

1959 год. Нарадзіўся Валерый Магучы.

Беларускі скульптар.

Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў.

Удзельнік выставак у Мінску, Санкт-Пецярбургу, Германіі.

Працаваў у Віцебску. З 2018 года жыве ў г. Віфлеем, штат Нью-Гэмпшыр, ЗША.

Працуе ў манументальнай і станкавай скульптуры. Аўтар помнікаў паэтэсе Е. Лось, М. Шагалу, І. Салерцінскаму, герба  Віцебска, дыптыха скульптур «Асклепій» і «Гіпакрат», мемарыяльных дошак З. Азгуру, В. Быкаву, шэрагу медалёў.

2019 год. Зацверджаны герб і сцяг Магілёўскага раёна.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзень у гісторыі. 10 сакавіка. Адкрыўся оперны тэатр. Выбух на Мінскім радыёзаводзе. Нарадзіліся мастак А. Марачкін, гісторык М. Ткачоў, скульптар А. Вараб’ёў

1564 год. Загадам Івана Жахлівага і дабраславеннем мітрапаліта Макарыя ў Маскве надрукавана першая руская кніга “Апостал”.

Надрукавалі яе выхадцы з Беларусі Іван Фёдараў (мяркуемае месца нараджэння – сённяшні Вілейскі раён) і Пётр Мсціславец.

Выбар для першага выдання кнігі быў невыпадковы: “Апостал” выкарыстоўваўся на богаслужэннях, пры падрыхтоўцы святароў і для навучання грамаце ў царкоўна-прыходскіх школах.

Праца над “Апосталам” вялася з красавіка 1563 па сакавік 1564 года.

1710 год. Выйшаў у свет першы друкаваны падручнік па геаграфіі на рускай мове – “Геаграфія ці кароткае зямнога свету апісанне”.

Хто з’яўляўся аўтарам першага рускага падручніка па геаграфіі, да гэтага часу загадка. Гісторыкі мяркуюць, што кніга была перакладзена з галандскай мовы.

Дакладна невядомы і перакладчык. Але ім можа быць ураджэнец Мсціслаўшчыны Ілля Капіеўскі (Капіевіч, 1651–1714). Асветнік, першы настаўнік Пятра І ў Галандыі, выдавец, перакладчык шматлікіх кніг, паэт, пісьменнік, распрацоўшчык грамадзянскага шрыфту, аўтар сучасных рускіх назваў 12 сузор’яў, папулярызатар тэрмінаў “мапа”, “карта”, “глёбус” у рускай мове. Імя І. Капіевіча носіць адна з вуліц Мінска.

У падручніку геаграфіі 1710 года апісаны “зямныя кругі” – роўналежнік, тропікі, канцавоссі. Давалася ў ім і паняцце аб градусах шырыні і даўжыні, пералічваліся асноўныя крыніцы карысных выкапняў Еўропы, пазначаны тыпы палітычнага ладу ў розных еўрапейскіх краінах, апісаны некаторыя краіны і народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі і Афрыкі.

1781 год. Памёр Міхал Карыцкі (1714–1781).

Беларускі паэт-лацініст эпохі Асветніцтва, манах-езуіт, педагог, доктар філасофіі.

Скончыў Віленскую акадэмію. Выкладаў у Мінскім езуіцкім калегіуме, Віленскай акадэміі, Слуцкай семінарыі, у Варшаве, Драгічыне, Нясвіжы, Полацку, Бабруйску.

Падзяляў ідэі Асветніцтва, імкнуўся палепшыць сістэму адукацыі, надаць ёй больш свецкі характар.

Пачынальнік класіцызму як творчага метаду, паўплываў на паэзію Рэчы Паспалітай. Пісаў вершы, казкі, элегіі, пасланні, паэмы, элегіі, пародыі лацінскай мовай.

Пасля скасавання (1773) Папам ордэна езуітаў Адукацыйная камісія прызначыла яго на пасаду прэфекта Мінскага калегіума.

Cваю маёмасць ахвяраваў на патрэбы Мінскай школы, дзе выкладаў у апошнія гады.

У некаторых творах выказваў свае пачуцці замілавання родным краем, ганарыўся яго прыгажосцю і багатай гісторыяй, праслаўляў адвечную славянскую раку Дзвіну і старажытны Полацк, куды раіў Кацярыне ІІ перанесці сваю сталіцу.

1861 год. На наступны дзень пасля дня нараджэння памёр Тарас Шаўчэнка (1814–1861).

Вядомы ўкраінскі мастак і літаратар. 

Беларусь наведваў у 1829 годзе, у час прыезду свайго ўладніка П. Энгельгарта ў Вільню. У 1843 годзе, здабыўшы волю, Шаўчэнка па дарозе з Пецярбурга да Украіны наведаў Віцебск, Магілёў, Гомель. Гэтым жа шляхам вяртаўся ў Пецярбург у 1847 годзе. Падрымліваў сувязі са многімі беларускімі літаратарамі, удзельнікамі вызваленчага руху.

У яго гонар у Беларусі усталяваны помнікі ў Брэсце, Слуцку, Гомелі, Мінску, Магілёве (2005). У 2015 годзе помнік у Магілёве быў пашкоджаны вандаламі.

Выява Шаўчэнкі разам з Гогалем і Пушкіным размешчана на мемарыяльнай дошцы на будынку па Ленінскай, 33.

У Беларусі вуліцы Шаўчэнкі ёсць у шматлікіх гарадах, у тым ліку Бабруйску, Магілёве.

1939 год. У Мінску прэм’ерай оперы «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага адкрыўся будынак Дзяpжаўнага тэатра опеpы і балета Белаpyсi.

Адзін з двух музычных тэатраў краіны разам з Музычным тэатрам. Размешчаны ў Траецкім прадмесці. Будынак оперы – помнік міжнароднага значэння, узор савецкага канструктывізму з элементамі ар-дэко. Існуе легенда, што Янка Купала, убачыўшы праект, выклікнуў: «А летуценны хлопец гэты Лангбард!».

Пастаноўкі большасці спектакляў у тэатры ідуць на мове арыгінала, а таксама на беларускай і рускай.

У тэатры працавала 8 Народных артыстаў СССР і 11 – БССР.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў тэатра выходзіў на акцыі пратэсту. Больш за 300 артыстаў і супрацоўнікаў падпісалася пад зваротам у падтрымку купалаўцаў.

27 кастрычніка артысты правялі акцыю салідарнасці з беларускім народам, звярнуўшыся перад пачаткам спектакля «Царская нявеста» да прысутных: «У гэты пераломны момант, калі ў нашай краіне адбываецца беззаконне і несправядлівасць, мы не можам маўчаць…». Пасля звароту яны выканалі песню «Магутны Божа», гледачы падтрымалі артыстаў авацыямі.

Пасля гэтага пачаліся звальненні, а спектаклі былі адменены «у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй».

1940 год. У в. Папоўшчына (цяпер Карпаўскі Чэрыкаўскага раёна) нарадзіўся Аляксей Марачкін.

Беларускі мастак і грамадскі дзеяч, педагог.

Працаваў галоўным мастаком Мастацкага фонду, у Беларускай акадэміі мастацтваў, загадваў кафедрай жывапісу. Член БНФ. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня мастацкай суполкі «Пагоня».

Працуе пераважна ў станкавым жывапісе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа і нацюрморта. Тэматыка яго твораў прысвечана гістарычным падзеям мінулага і сучаснасці, раскрывае багацце духоўнай культуры беларускага народа.

Стварыў партрэты шматлікіх выдатных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры, у тым ліку «Цётка», «Пачатак. Францыск Скарына», «М. Гусоўскі», «Вераніка і Максім», «Рагнеда», «Кірыла Тураўскі», «Канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега», «Мікола Ермаловіч», серыю партрэтаў «Мае сучаснікі», цыкл твораў «Народныя легенды і паданні», розных тэматычных кампазіцый, у тым ліку з Чарнобыльскай тэмай.

Яго працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, у Мастацкай галереі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, у музеях і прыватных галерэях Беларусі, Польшчы, Германіі, ЗША.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Двойчы адмовіўся ад ганаровага дзяржаўнага звання «Ганаровы мастак», пратэстуючы супраць сістэмы дзяржаўнага патранату і кантролю за мастацтвам, супраць палітыкі А. Лукашэнкі.

А. Марачкін і Г. Бураўкін.

1942 год. У Мсціславе нарадзіўся Міхась Ткачоў.

Беларускі гісторык, археолаг, грамадскі дзеяч. Доктар гістарычных навук, прафесар.

Загадчык рэдакцыі гісторыі, галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі. Ініцыятар стварэння энцыклапедыі «Археалогія і нумізматыка Беларусі», «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

Вывучаў ваенна-абарончае дойлідства, матэрыяльную культуру і архітэктуру гарадоў Беларусі XI-XVIII стагоддзяў.

Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі», «Гісторыя беларускага мастацтва».

Першым прасачыў генезіс, эвалюцыю і этапы развіцця замкаў і абарончых сістэм населеных пунктаў, а таксама арганізацыю абароны беларускіх гарадоў.

Памёр 31 кастрычніка 1992 года.

У яго памяць у Гродна і Мсціславе ўсталяваны мемарыяльныя шыльды.

1946 год. Нарадзіўся Уладзімір Гасцюхін.

Савецкі і беларускі акцёр тэатра і кіно, Заслужаны артыст РСФСР, Народны артыст Беларусі.

Здымаўся ў больш чым 120 кінафільмах, у тым ліку “Хаджэнне па пакутах”, “Час выбраў нас”, “Магістраль”, “У пошуках капітана Гранта”, “Знак бяды”, “Шляхціц Завальня”, “Дальнабойнікі”, “Ціхі Дон”, “Смерць шпіёнам. Крым”, “Снайпер: Апошні стрэл”.

У 2017 годзе зняўся ў прапагандысцкім фільме тэлеканала Беларусь 1 «Белы легіён чорных душ. Журналісцкае расследаванне». 

Прадстаўнік “рускага свету”. Прытрымліваецца антыамерыканскіх і антыўкраінскіх поглядаў. «Персона Нон Грата» на тэрыторыі Украіны. 

Заснавальнік Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Сярод многіх узнагарод, медаль і Ордэн Ф. Скарыны.

1969 год. У Магілёве нарадзіўся Андрэй Вараб’ёў.

Беларускі скульптар.  

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Беларускую акадэмію мастацтваў. Выкладаў мастацкія дысцыпліны ў МДУ імя А. Куляшова. 

З 1995 года актыўна выстаўляецца, у тым ліку і за мяжой, арганізуе ўласныя праекты. Мае ўласную галерэю. З’яўляўся кіраўніком абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі.

Аўтар шматлікіх гарадскіх скульптур, якія вядомы большасці магілёўцаў, шклаўчан, быхаўчан і іншых. Сярод яго скульптур – Шклоўскі агурок, закаханая пара, гімнастка, львы на мосце імя Яшына праз Дняпро ў Магілёве, Маленькі прынц, вобраз Магіслава на Ратушы, мемарыяльныя шыльды славутым ураджэнцам і іншыя.

1972 год. Адбыўся выбух на Мінскім радыёзаводзе.

Загінула ад 103 да 143 чалавек, больш за 100 пацярпела.

Выбух у цэху па вырабе тэлевізыйных футляраў Мінскага радыёзавода – гэта катастрофа стала адной з найбольш масавых у Беларусі паводле колькасці ахвяр. Ад выбуху абрынуліся жалезабетонныя перакрыцці, пакінуўшы ад будынка толькі слупы, на якіх трымаўся дах. 

Прычынай выбуху быў названы дробнадысперсны пыл ад шліфавання драўняных пліт і фанеры. За шматлікія гады працы ён асядаў у вентыляцыі, якая не спраўлялася з адкідамі вытворчасці такога памеру. Адной іскры было дастаткова, каб пыл выбухнуў.

Праекціроўшчыкі і дырэктар завода апынуліся за кратамі.

Мінск з космасу. Месца выбуху (завулак С. Кавалеўскай) адзначана чырвоным кружком.

2000 год. Памёр ураджэнец в. Батвінаўка (зараз Крычаўскі раён) Уладзімір Труханоўскі (1914-2000).

Савецкі і расійскі гісторык, пісьменнік і дыпламат. Доктар гістарычных навук. Акадэмік РАН.

Скончыў Ленінградскі педінстытут, Вышэйшую дыпламатычную школу. Служыў у войску, у наркамаце замежных спраў, генеральным консулам у Іране, загадчыкам аддзела ААН. Браў удзел у Сан-Францыскай і Патсдамскай канферэнцыях.

Выкладаў, кіраваў кафедрай у Маскоўскім інстытуце міжнародных зносін, працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР, галоўным рэдактарам часопіса «Пытанні гісторыі», віцэ-прэзідэнтам Савецкай Асацыяцыі Садзейнічання ААН, прэзідэнтам Асацыяцыі брытанскіх даследаванняў.

2011 год. Памёр Янка Сіпакоў (1936-2011).

Беларускі пісьменнік, перакладчык. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Працаваў у шклоўскай раённай газеце «Чырвоны барацьбіт», часопісах «Вожык»,  «Маладосць», «Беларусь», у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, кніг паэзіі, паэм у прозе, нарысаў, кніг прозы, кнігі прытчаў, фантастычна-прыгодніцкай аповесці, цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак.

Пераклаў на беларускую мову класікаў сусветнай і рускай літаратуры.

Памёр 10 сакавіка 2011 года ў Мінску.

На Першамайскай дэманстрацыі. Я. Сіпакоў, І. Навуменка, Н. Маеўская, Б. Сачанка, Ю. Свірка. 1958 год.

2013 год. Памёр Барыс Аракчэеў (1926-2013).

Беларускі мастак, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працаваў у станковым жывапісе, у жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычных карцін і батальных сцэн.

Пад час вайны служыў у Бабруйску, Мінску.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Тэатральна-мастацкі інстытут (першы выпуск, разам з будучымі народнымі мастакамі А. Анікейчыкам, В. Грамыкам, А. Кашкурэвічам i Л. Шчамялёвым).

Сярод яго твораў – пейзажы, нацюрморты, серыя партрэтаў сучаснікаў і знакамітых людзей. З’яўляўся адным з чатырох стваральнікаў дыярамы «Мінскі кацёл» у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Акадэміі мастацтваў, з’яўляўся настаўнікам многіх вядомых беларускіх мастакоў, сярод якіх У. Кожух, А. Кузьміч, В. Рускевіч, Ф. Янушкевіч, В. Ясюк.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Фондзе Саюза Мастакоў, Магілёўскім мастацкім музеі і іншых, галерэях Гомеля, Светлагорска, Полацка, Крупак, Баранавічаў, у прыватных калекцыях замежных краін.

Імя мастака носіць галерэя ў г. Крупкі.

Б. Аракчэеў. Мінск

Дзень у гісторыі. 7 сакавіка. Увядзенне высакоснага года, выходнага ў нядзелю. Патэнт на тэлефон. Нарадзіліся генерал Тамаш Ваўжэцкі, палітык Фабіян Акінчыц. Загінуў паэт А. Грачанікаў.

238 да н.э.  Фараон Пталамей III Эвергет упершыню ўвёў высакосныя гады каб прадухіліць зрухі ў календары.

Пазней астранамічныя веды егіпцян былі аб’яднаныя ў адно са старажытнарымскімі традыцыямі адліку часу і атрымаўся Юльянскі каляндар. 

Стваральнікам юльянскага календара быў егіпецкі астраном і матэматык Сазіген, які на даручэнне Гая Юлія Цэзара займаўся распрацоўкай каляндарнай рэформы. За падставу каляндарнага цыкла Сазіген узяў вядомую ў той час працягласць астранамічнага года ў 365 дзён і 6 гадзін. Для зручнасці адліку ён прапанаваў тры гады лічыць па 365 дзён, а чацвёрты – па 366 дзён, каб пазбыцца дробнай часткі сутак і ўраўнаважыць астранамічны і каляндарны гады.

З 1 студзеня 45 года да н.э. Гай Юлій Цэзар увёў новы каляндар. У кожны год кратны чатыром, дадаваліся адны дадатковыя суткі ў лютым.

Шляхам сапастаўлення рымскіх і егіпецкіх датыровак у папірусе, знойдзеным у 1999 годзе, было ўстаноўлена, што высакоснымі гадамі ў Рыме былі 44, 41, 38, 35, 32, 29, 26, 23, 20, 17, 14, 11, 8 гады да н. э., 4, 8, 12 і ў наступным, кожны чацьвёрты год.

Год з’яўляецца высакосным у двух выпадках: або калі ён кратны 4, але пры гэтым не кратны 100, або кратны 400. Год не з’яўляецца высакосным, калі ён не кратны 4, або ён кратны 100, але пры гэтым не кратны 400.

Гады 1700, 1800 і 1900 не з’яўляюцца высакоснымі, так як яны кратныя 100 і не кратныя 400. Гады 1600 і 2000 – высакосныя, так як яны кратныя 400. Гады 2100, 2200 і 2300 – невысакосныя.

Высакосным годам быў 2020 год, наступным будзе 2024.

Людзі, якія нарадзіліся 29 лютага, святкуюць свой дзень нараджэння, калі прыпадае высакосны год. 

321 год. Рымскі імператар Канстанцін I Вялікі абвясціў нядзелю днём адпачынку.

За 8 гадоў раней імператар дазволіў свабоднае вызнанне хрысціянства.

Ніводнае распараджэнне ўладаў у гісторыі не выконвалася з такім задавальненнем, як эдыкт Канстанціна пра нядзельны дзень.

На гэты дзень рынкі павінны былі закрывацца, а дзяржаўныя ўстановы – спыняць усялякую дзейнасць за выключэннем аперацый па вызваленні рабоў. Ніякіх абмежаванняў на земляробчыя працы, у якіх брала ўдзел пераважная большасць насельніцтва, не накладалася.

Да эдыкта Канстанціна грамадзяне Рымскай імперыі адзначалі ў гэты дзень – “дзень Сонца”. Водгалас гэтай традыцыі захаваўся ў сучаснай назве нядзелі ў шэрагу еўрапейскіх моў – Sunday. 

Канстанцін крыху змяніў традыцыю. А прычынай таму паслужыў сон: напярэдадні найважнейшай бітвы яму прысніўся крыж на сонцы і надпіс, які абяцаў перамогу з гэтым знакам. Сон аказаўся прарочым, Канстанцін сапраўды атрымаў перамогу. Таму імператар забараніў фізічную працу ў нядзелю і прысвяціў яе Госпаду.

За савецкім часам у гэты дзень нярэдка праводзілі нядзельнікі.

Нядзеля – выходны дзень у хрысціянскіх краінах.

У Каралеўстве Марока – тры выходныя дні: пятніца (мусульмане), субота (іўдзеі, шабат), нядзеля (хрысціяне).

1573 год. Беларус са шляхецкага роду Іван Фёдараў заснаваў друкарню ў Львове.

І. Фёдараў (1510–1583) – сярэдневяковы ўсходнееўрапейскі друкар. Лічыцца пачынальнікам друкарскай справы ў Масковіі і ва Ўкраіне.

Паходзіць з дробнай беларускай шляхты, падпісваўся родавым гербам Рагозаў «Шранява». Існуе гіпотэза, што ён нарадзіўся на тэрыторыі сучаснага Вілейскага раёна.

З 19 красавіка 1563 да 1 сакавіка 1564 года разам з Пятром Мсціслаўцам выдаў у Маскве першую дакладна датаваную расійскую друкаваную кнігу «Апостал».

15 лютага 1574 года ў Львове скончыў друк “Апостала” –  першую ўкраінскую дакладна датаваную друкаваную кнігу. Адначасова з “Апосталам” Фёдараў друкуе і першы кірылічны падручнік граматы – “Азбуку”.

Помнік украінскаму першадрукару Івану Фёдараву ў Львове.

1753 год. Нарадзіўся Тамаш Ваўжэцкі. Палітычны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 года. Генерал-лейтэнант.

Вучыўся ў езуіцкай школе ў Відзах. Дэпутат ад шляхты Браслаўскага павета на Чатырохгадовым сейме Рэчы Паспалітай 1788–1792, дзе выступаў 169 разоў з палымянымі прамовамі, настойваючы на прыняцці Канстытуцыі.

У пачатку паўстання 1794 года дзейнічаў у чыне генерала ў Браслаўскім павеце, потым – у Курляндыі. Вызначыўся ў штурме Лібавы і ў бітве пад Брэстам.

Пасля паланення Т. Касцюшкі ўзначаліў паўстанне, другі галоўнакамандуючы войск (10 кастрычніка – 16 лістапада 1794). 

Узяты ў палон, быў перавезены ў Пецярбург, дзе два гады знаходзіўся ў зняволенні. Пасля ўступлення на трон Паўла I вызвалены з турмы, вярнуўся на Радзіму.

Займаў у Царстве Польскім пасады сенатара, ваяводы і міністра юстыцыі.

Памёр 5 жніўня 1816 года. Пахаваны ў Відзах Лаўчынскіх сённяшняга Браслаўскага раёна.

1872 год. Нарадзіўся Васіль Залатароў.

Беларускі кампазітар і педагог. Заслужаны артыст Расіі, народны артыст Беларусі. Прафесар. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі. Пачынальнік беларускай акадэмічнай музыкі.

Вучыўся ў Прыдворнай пеўчай капэле ў М. Балакірава і А. Лядава, Пецярбургскай кансерваторыі па класу М. Рымскага-Корсакава.

Выкладаў у кансерваторыях і музычна-драматычных інстытутах у Расіі, ва Украіне, Беларусі. Яго вучнямі былі Л. Абеліёвіч, А. Багатыроў, У. Алоўнікаў.

У беларускую музычную культуру арганічна ўвайшлі яго балет па матывах народных легенд «Князь-возера», сімфонія «Беларусь», танцавальная сюіта і уверцюра-фантазія на беларускія тэмы для сімфанічнага аркестра, цыкл апрацовак народных песень для голасу з сімфанічным аркестрам «Кантрасты» і іншыя.

Аўтар манаграфіі «Фуга» – першай рускамоўнай працы, спецыяльна прысвечанай гэтай музычнай форме.

Памёр 25 мая 1964 года.

В. Залатароў з выпускнікамі С. Нісневіч, М. Вайнбергам, У. Алоўнікавым, Д. Лукасам, Р. Селіцкім, Л. Абеліевічам, Д. Лукас. Мінск, 1941 год.

1876 год.  Аляксандр Бэл атрымаў патэнт на “размаўляльны тэлеграф” – тэлефон.

Сама ідэя тэлефанавання была распрацавана ў 1849-1853 гадах парыжскім інжынерам-механікам Шарлем Бурселем, ён першым ужыў слова “тэлефон” (ад грэцкага tele – удалячынь, далёка і phone – гук).

У 1860 году ў ЗША Антоніа Мэучы прадэманстраваў прыладу, якая магла перадаваць гукі па правадах – Telectrophon. У 1861 годзе нямецкі фізік І. Рэйс прадэманстраваў іншую прыладу, якая таксама магла перадаваць музычныя тоны і чалавечую гаворку па правадах – Telephon.

10 сакавіка 1876 года адбылася перадача першай выразнай фразы, якая стала гістарычнай: “Містэр Ватсан, ідзіце сюды. Вы мне патрэбныя”. Гэтая перадача была ажыццёўлена па 12-ці метроваму проваду, які злучаў кватэру Бэла з лабараторыяй на гарышчы.

25 чэрвеня 1876 года Бэл упершыню прадэманстраваў свой тэлефон на першай Сусветнай электратэхнічнай выставе ў Філадэльфіі. А праз 5 гадоў – на міжнароднай выставе ў Парыжы, дзе да яго апарата выстройваліся вялізныя чэргі.

Бэл у 1877 годзе стварыў першую тэлефонную кампанію “Bell Telephone Company”.

Першы телефон з’явіўся ў Магілёве ў 1881 годзе, у Мінску – у 1890 годзе. 

1886 год. Нарадзіўся Фабіян Акінчыц.

Беларускі палітычны дзеяч, юрыст, выдавец, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. У 1920-1930-я гады дырэктар школы на Стаўбцоўшчыне, уладальнік бюро юрыдычных парад, кіраўнік Беларускага дабрачыннага таварыства, віленскага юрыдычнага аддзела Цэнтральнага сакратарыята Беларускай сялянска-работніцкай грамады, член Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.

У 1927 годзе асуджаны на 8 гадоў зняволення за палітычную дзейнасць, вызвалены датэрмінова Прэзідэнтам Польшчы І. Масціцкім у 1930.  

У ліпені 1939 года стаў старшынёй Беларускага бюро прапаганды пры Міністэрстве прапаганды ў Берліне. У пачатку 1940 года быў старшынёй Беларускага камітэта ў Варшаве. Арганізатар Вустраўскай школы прапагандыстаў (пад Берлінам), куды траплялі асобы з ліку савецкіх ваеннапалонных. Пасля заканчэння курсаў многія выпускнікі накіроўваліся на працу ў акупацыйную адміністрацыю на Беларусі.

Акінчыц прэтэндаваў на палітычнае лідарства ў беларускіх колах, блізкіх да германскіх акупацыйных улад.

5 сакавіка 1943 года Ф. Акінчыц быў застрэлены на кватэры ў Мінску супрацоўнікам «Беларускай газеты» А. Матусевічам.

1906 год. У Кіеве адбыўся суд над ураджэнкай Магілёўскай губерні Лідзіяй Язерскай, якая 29 лістапада 1905 года здзейсніла замах на жыццё Магілёўскага губернатара М. Клінгенберга.

Л. Язерская (Казановіч, 1866–1915) – стаматолаг, эсерка. 

Была асуджаная на 13,5 гадоў катаргі. Памерла ў Якуцку 30 верасня 1915 года ад бранхіяльнай астмы.

У Магілёве яе імя носіць вуліца Язерскай (былая Жандармская, паміж саборам Трох Свяціцеляў і аблвыканкамам). 

Урачыстая сустрэча рэвалюцыянерак М. Спірыдонавай, М. Школьнік, А. Біцэнка, А.Ізмайловіч, Р. Фіялкі, Л. Язерскай на Омскай чыгуначнай станцыі 30 чэрвеня 1906 года падчас этапавання на Нерчынскую катаргу

1918 год. У Магілёў уступілі польскія легіянеры, якія падпарадкоўваліся германскаму камандаванню.

Брыгада Польскіх стралкоў была сфарміравана ў 1916 годзе ў Бабруйску (4 000 штыкоў) і перакінута пад Баранавічы. У жніўні 1917 года перадыслацыравана ў Быхаў і ўключана склад Першага польскага корпуса І. Доўбар-Мусніцкага. Корпус складаўся з 12 стралковых, 3 уланскіх палкоў і цяжкай артылерыі. Польскія легіянеры ахоўвалі Стаўку ў Магілёве, адыгралі немалую ролю ў лёсе «быхаўскіх вязняў».

Польскія легіянеры ў Бабруйску

1931 год. Памёр Павел Дземідовіч (1871-1931).

Даследчык беларускай этнаграфіі і фальклору.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, Віленскі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у беларускіх школах, у Выбаргскай настаўніцкай семінарыі і на настаўніцкіх курсах у Выбаргу і Юр’еве (Тарту), супрацоўнік аддзялення этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім універсітэце.

Арганізатар (1919) і загадчык мінскай беларускай гімназіі, супрацоўнік Наркамата асветы БССР, этнаграфічнай секцыі Інбелкульта, выкладчык Мінскага інстытута народнай адукацыі.

Публікаваўся ў выданнях «Виленский вестник», «Этнографическое обозрение», «Живая старина». Частку сваіх этнаграфічных збораў перадаў М. Доўнар-Запольскаму. Спадчына П. Дземідовіча выкарыстана пры падрыхтоўцы выданняў «Легенды і паданні» (1983), «Земляробчы каляндар» (1990) серыі «Беларуская народная творчасць».

Арыштоўваўся ў 1921 г. па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці.

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Кожух.

Беларускі мастак-жывапісец.

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава, Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, праходзіў стажыроўку ў творчых майстэрнях у г. Мінску.

Увасабленне сіл прыроды – асноўны змястоўны матыў яго жывапісных работ. У яго карцінах зварот да архаічных пластоў этнічнай культуры беларусаў носіць рамантычны характар.

За серыю работ «Чарнобыля чорная быль» прысуджана прэмія прафсаюзаў.

Памёр 6 ліпеня 2017 года.

1967 год. Пастановай ЦК КПСС, Саветам міністраў СССР быў уведзены пяцідзённы працоўны тыдзень з двума выходнымі днямі.

З’явілася звыклая нам пяцідзёнка, але пры гэтым захаваліся і рабочыя суботы па вызначанай сетцы працоўнага часу.

Пяцідзёнка замяніла сямідзённы працоўны тыдзень з 8-гадзінным працоўным днём і 48 гадзін у тыдзень, які быў уведзены ўлетку 1940 года.

У еўрапейскіх краінах, паводле дырэктывы Еўрапарламента і ЕС, сярэдняя працягласць працоўнага часу не павінна перавышаць 48 гадзін у тыдзень, уключаючы звышурочныя, якія кампенсуюцца.

У Фінляндыі працоўны тыдзень – гэта 32-38 гадзін, у Італіі – 40-48, Францыі – 35-48, у Вялікабрытаніі – 36, у ФРГ  – 40-48 гадзін, Нідэрландах – 40-48, ЗША – 40, Кітаі – 40-48.

1991 год. Загінуў пры нявысветліных абставінах Анатоль Грачанікаў (1938-1991).

Беларускі паэт і перакладчык. Галоўны рэдактар часопісаў «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць».

Аўтар 10 зборнікаў вершаў, зборніка паэзіі, кніг сатыры і гумару, 4-х кніг для дзяцей. 

На беларускую мову пераклаў зборнік паэзіі Зульфіі, кнігі вершаў для дзяцей сучасных афганскіх паэтаў, асобныя творы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, літоўскіх, сярэднеазіяцкіх паэтаў і паэтаў замежных славянскіх краін. 

Дзяржаўная прэмія БССР за кнігі вершаў «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка», «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара». 

Дзень у гісторыі. 12 лістапада. Заснаванне першага ваенна-палітычнага саюза ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Віцябляне забілі Іасафата Кунцэвіча. У Магілёве адбыўся землятрус

1335 год. У Вышаградзе, рэзідэнцыі караля Венгрыі Карла I Роберта, заснаваны першы ваенна-палітычны саюз у Цэнтральна-Усходняй Еўропе.

Саюз створаны манархамі Венгрыі, Польшчы і Чэхіі.

У Вышаградзе біскупы каранавалі наследных прынцаў, прысягалі на вернасць маладым каралям войскі, ствараліся атрады конніцы, якія сыходзілі з гэтага замка на барацьбу з асманскімі заваёўнікамі.

15 лютага 1991 года кіраўнікі Венгрыі, Чэхаславакіі (цяпер Чэхія і Славакія), Польшчы ў тым жа замку аб’явілі аб стварэнні Вышаградскай групы, Вішаградскага трыкутніка. Цяпер гэта Вышаградская чацвёрка, V4. 

Усе члены Вышаградскай групы 1 мая 2004 года сталі членамі Еўрапейскага саюза. 

У склад групы імкнуцца ўступіць Аўстрыя (супраць якой і ўтвараўся правобраз саюза ў 1135 годзе), Славенія.

tunnel.ru

 1572 год. Памёр Рыгор Хадкевіч. Вялікалітоўскі дзяржаўны і вайсковы дзеяч, асветнік.

З’яўляўся ваяводай віцебскім, кіеўскім, кашталянам троцкім, віленскім, гетманам польным, вялікалітоўскім. Удзельнік Лівонскай вайны.

Прыхільнік самастойнасці Вялікага княства Літоўскага і праціўнік Люблінскай уніі.

Заснавальнік друкарні ў Заблудаве (1568), дзе працавалі першадрукары Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец, якія ўцяклі з Масквы. Яны надрукавалі «Евангелле вучыцельнае» з гербам Р. Хадкевіча на абароце тытульнага аркуша. Самастойна І. Фёдараў надрукаваў «Псалтыр з Часаслоўцам».

1623 год. Выбухнула Віцебскае паўстанне праваслаўных гараджан супраць уніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. 

Па сігнале званоў ратушы і праваслаўных цэркваў некалькі тысяч паўстанцаў рушылі да рэзідэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіепіскапа, а цела кінулі ў Дзвіну.

Гараджане, у тым ліку члены магістрата былі аб’яўлены саўдзельнікамі паўстання. Віцебск быў пазбаўлены Магдэбургскага права. З горада спагнана 3 079 злотых. 

Каралеўскія камісары загадалі зняць званы з ратушы і ўсіх праваслаўных цэркваў і адліць з іх вялікі звон у памяць пра Кунцэвіча. Ратуша была разбурана. 

Затрыманы і пакараны смерцю 19 чалавек, у тым ліку 2 бурмістры і падбухторшчык паўстання – палачанін Пётра Васілеўскі, які на допыце прызнаўся, што была сувязь з праваслаўным брацтвам у Вільні. 

78 чалавек прыгавораны да пакарання смерцю завочна.

1823 год. Нарадзіўся Павел Шпілеўскі. 

Беларускі этнограф, пісьменнік, публіцыст і тэатральны крытык. Кандыдат багаслоўя.

Сабраў цікавыя звесткі з археалогіі, з гісторыі гарадоў, мястэчак і вёсак Беларусі, пагаворкі, апісанні побыту, павер’яў, абрадаў і звычаяў беларускага народу, становішча сельскай гаспадаркі і прамысловасці. Адзначыў самабытнасць беларускай мовы. Надрукаваў паданні пра Мянеска, паходжанне Менску.

Аўтар кнігі “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю”.

Цэнтральная думка творчасці: беларусы – найстаражытнейшыя ў славянскім свеце.

Памёр 29 кастрычніка 1861 года. У гонар вучонага названа вуліца ў Мінску.

nashi-lyudi.by

 1868 год. Нарадзілася Ганна Місуна. Беларускі, польскі, літоўскі і расійскі геолаг.

Першая жанчына-геолаг на Беларусі і ў Расіі, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследаванні.

У 1899 годзе пачалі выходзіць яе навуковыя артыкулы пра ледавіковыя адкладанні і рэльеф Беларусі, Літвы і Польшчы. Дала навуковае тлумачэнне ледавіковаму рэльефу Беларусі.

Асаблівую вядомасць набылі працы па геалогіі Гродзенскай і Мінскай  губерняў, карта-даведнік будаўнічых матэрыялаў заходніх раёнаў. 

Распрацавала методыку вывучэння канцавых марэн.

Пад час яе працы дацэнтам Маскоўскага ўніверсітэта, арганізавала геалагічны пакой (1919), які паступова ператварыўся ў музей.

Памерла 2 мая 1922 года.

wikimedia.org

 1885 год. Нарадзіўся Міхаіл Грамыка.  

Беларускі географ, геолаг, пісьменнік, вязень ГУЛАГу. Даследчык радовішчаў нафты.

Выхаванец Магілёўскай гімназіі.

Распрацоўшчык беларускай тэрміналогіі па геаграфіі, геалогіі, хіміі, падручнікаў «Пачатковая геаграфія», «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе».

Удзельнік пошукаў нафты на Палессі (на падставе аналізу тапоніма Гарывада).

Аўтар кніг паэзіі, п’ес, якія ставіліся ў тэатрах. Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча.

Памёр 30 чэрвеня 1969 года.

1896 года. У Магілёве адбыўся землятрус у 4 балы.

Да гэтага дакументальна быў зафіксаваны землятрус 29 жніўня 1893, 4 бала. Напярэдадні і пасля гэтай даты, свойскія жывёлы паводзілі сябе неадэкватна: раўлі суткамі каровы, іржалі коні, кудысьці пахаваліся каты. Тады ніхто не мог растлумачыць прычыну такіх іх паводзін. 

Фіксаваліся хвалі карпацкіх землятрусаў 4 сакавіка 1977, 4-5 балаў, 30 мая 1990, 3-4 балы.

1902 год. Нарадзілася Таццяна Бандарчык. 

Беларуская актрыса.

У 1920 годзе на настаўніцкіх курсах у Бабруйску арганізавала драмгурток «Крыніца», дзе паставіла п’есу Янкі Купалы «Паўлінка» і выканала галоўную ролю.

Працавала ў купалаўскім, коласаўскім тэатрах, драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім вандроўным.

Найбольш каларытныя характары стварыла ў беларускай драматургіі: Паланея («Прымакі» Янкі Купалы), бабка Наста («Вайна вайне» Якуба Коласа), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Маці («Ірынка» Кузьмы Чорнага),Ганна Чыхнюк («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка) і іншыя.

Знялася ў фільме «Руіны страляюць…»

Памерла 24 ліпеня 1974 года.

wiki.bobr.by

 1920 год. Нарадзіўся Андрэй Макаёнак. Беларускі драматург. Народны пісьменнік БССР.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1962) за п’есу «Лявоніха на арбіце», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1974) за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык».

Працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце, у тым ліку загадчыкам парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла (1945-1946), у часопісах «Вожык», «Нёман».

Аўтар гумарэсак, фельетонаў, нарысаў, шматлікіх п’ес, у якіх бескампрамісна крытыкуюцца заганныя метады кіраўніцтва савецкай гаспадаркай, паказуха, фармалізм, казённае адміністраванне. Яго творы ставіліся на сцэнах беларускіх тэатраў.

Аўтар кінааповесці «Твой хлеб», сцэнарыяў фільмаў «Шчасце трэба берагчы», «Кандрат Крапіва», «Рагаты бастыён», «Пасля кірмашу» (1973).

Пераклаў п’есы Л. Зорына, Н. Думбадзэ і Р. Лордкіпанідзэ, К. Сіманава і іншых.

Выдадзены яго Выбраныя творы ў 2-х і 5 тамах.

Імя драматурга носіць вуліца ў Мінску, Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка і Журавіцкая СШ Рагачоўскага раёна, у якой створаны музей драматурга.

У Мінску на доме № 10 па Вайсковым завулку ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Памёр 16 лістапада 1982 года.

wikimedia.org

1947 год. Прыгавораны судом да аднаго года пазбаўлення волі галандскі жывапісец Хан ван Меегерэн – самы вядомых фальсіфікатар ХХ стагоддзя.

Ён падрабіў палотны знакамітых майстроў на 25-30 млн даляраў па цяперашнім курсе.  

У 1945 годзе ван Меегерэн трапіў пад суд па абвінавачанні ў калабарацыянізме. Яму свяціў вялікі тэрмін за продаж карцін старых галандскіх майстроў лідарам Трэцяга рэйха. Пасля двух тыдняў турэмнага зняволення ён заявіў, што насамрэч прададзеныя ім карціны з’яўляюцца падробкамі.

Для праверкі сапраўднасці галандскі ўрад змясціў Меегерэна пад арышт у спецыяльна арандаванай кватэры, дзе той павінен быў пад назіраннем напісаць падробку. Так з’явілася яго апошняя карціна – “Малады Хрыстос, які прапаведуе ў храме”.

Дзякуючы таму, што мастаку ўдалося даказаць уласнае дачыненне да фальсіфікацыі карцін, ён абышоўся мінімальным пакараннем і быў прыгавораны да аднаго года пазбаўлення волі.

Аднак жыць мастаку засталося значна менш. 30 снежня гэтага ж года ён памёр ад сардэчнага прыступу.

tunnel.ru

1958 год. Нарадзіўся Леанід Пранчак. Беларускі паэт, перакладчык.

Працаваў на Магілеўскім абласным радыё, у тэатры-студыі «Верасы», дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі, карэспандэнтам газеты «Рэспубліка» ў ЗША, мастацкім кіраўніком Тэатра-студыі беларускай эстрады.

Аўтар вершаў, аўтар кніг вершаў, кнігі «Беларуская Амерыка».

Больш за 200 вершаў паэта пакладзены на музыку. Найбольш вядомыя з іх «Даставай Язэп гармонік», «Пад зоркай Пагоні», «Каля Чырвонага касцёла», «Адзінокая жанчына», «Жыве Беларусь!», «Сумны саксафон», «Паклонніца», «Талака», «Цёмная пані», «Каханая» і іншыя.

З 2018 года вядзе масавыя судовыя працэсы аб абароне аўтарскіх правоў на свае творы. 

Займаецца маніторынгам СМІ, дапаможнікаў, друкаваных выданняў, шукаючы радкі за сваім аўтарствам. Пасля чаго падае пазоў у суд з заявай аб парушэннях аўтарскіх правоў і патрабаваннем фінансавай кампенсацыі. 

Сярод тых, з кім аўтар судзіўся: «Наша Ніва», «Звязда» «Советская Белоруссия», «Мінская праўда», блогеры, бацькі дзяцей, якія спявалі песні на яго вершы і іншыя. Сярод аштрафаваных ёсць і магілёўцы.

Дзень у гісторыі. 12 кастрычніка. Адкрыццё Амерыкі. Пачатак эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Рускімі акупантамі спалена Дуброўна. Зараджэнне Актоберфэсту

Дзень іспанскай мовы (з 2010 года).

Іспанская – афіцыйная мова Арганізацыі аб’яднаных нацый, Еўрапейскага саюза, Афрыканскага саюза, Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.

На іспанскай мове гаворыць 500 мільёнаў чалавек – гэта жыхары самой Іспаніі, Мексікі, краін Лацінскай і Паўднёвай Амерыкі, некаторых дзяржаў Афрыкі.

1492 год. Адкрыццё Амерыкі Калумбам. Дзень Калумба.

Экспедыцыя Калумба натыкнуліся на адзін з Багамскіх астравоў. Вахтавы матрос каравелы “Пінта” Радрыга дэ Трыяна, першым заўважыўшы на гарызонце кропку, закрычаў: “Зямля!”. 

Гэта “зямля” аказалася востравам Гуанахані ў адным з архіпелагаў Карыбскага мора, названым маракамі Сан-Сальвадорам – у гонар боскага выратавальніка Ісуса Хрыста.

Гэты дзень лічыцца афіцыйнай датай адкрыцця Амерыкі. З 1792 года ў гэты дзень святкуецца і Дзень Калумба.

1506 год. Жыгімонт Стары каранаваны на вялікага князя літоўскага. 

Умоўны пачатак эпохі Адраджэння ў ВКЛ.

Мянушку «Стары» атрымаў за тое, што яшчэ пры сваім жыцці дамогся каранавання ў пераемнікі свайго дзесяцігадовага сына Жыгімонта.

Пры ім быў уведзены Статут Вялікага Княства Літоўскага (1529). 

Для адбіцця нападаў крымскіх татараў на Украіне была створана памежная варта з казакаў.

Распаўсюдзілася Рэфармацыя розных плыняў, што садзейнічала далейшаму ўздыму гуманізму і адукацыі.

Вёў абарончыя войны супраць Маскоўскай дзяржавы (1507-1508, 1512-1522, 1534-1537).

Падтрымліваў скульптараў, архітэктараў, жывапісцаў. Яго подпісам пазначаны дзве ахоўныя граматы Францыску Скарыне.

1654 год. Рускія акупанты пасля працяглай аблогі ў вайне 1654-1667 гадоў захапілі і спалілі горад Дуброўну.

З горада выгналі ўсіх людзей, шляхту выправілі да цара пад Смаленск, а сам горад спалілі, умацаванні зрылі.

1810 год. У Мюнхене на Theresienwiese (Луг Тэрэзы) адбыўся першы фестываль піва “Актоберфэст”.

У цяперашні час Актоберфэст кожны год прызначаюць на новую дату, пачынаючы з сярэдзіны верасня. 

Фестываль доўжыцца каля трох тыдняў. 

Мільёны аматараў і знаўцаў піва збіраюцца ў Мюнхене, каб аддаць належнае гэтаму высакароднаму напою. 

Галоўныя падзеі фестывалю: Касцюм Актоберфэсту і Парад Стралкоў. 

1857 год. Нарадзіўся Раман Кандраценка

Генерал-лейтэнант, герой абароны Порт-Артура. Выхаванец Полацкага кадэцкага корпуса.

Начальнік абароны сухапутнага фронту крэпасці Порт-Артур у руска-японскую вайну. Паспяхова кіраваў адбіццём 4 штурмаў. 

Пад яго кіраўніцтвам былі ўжытыя новыя сродкі ўзбраення: ручныя гранаты, мінамёты, новыя тыпы проціпяхотных мін, электрызаваныя драцяныя загароды.

Загінуў 15 снежня 1904 годзе. У 2008 годзе ў Полацку ўсталяваны бюст Кандраценкі.

1865 год. Нарадзіўся Міхаіл Анцаў

Беларускі кампазітар і харавы дырыжор, педагог. Выкладаў харавыя спевы ў навучальных установах Віцебска. 

Рэдагаваў газету «Віцебскія губернскія ведамасці». Адзін з арганізатараў Віцебскай народнай кансерваторыі (1918).

Аўтар хароў і песень на вершы беларускіх паэтаў: «На ніве» Я. Коласа, «Першае мая» М. Чарота, «Серп і молат» Я. Купалы і іншых.

Апрацоўваў беларускія народныя песні.

1909 год. У Маскве перад Кітайгарадской сцяной адкрыты помнік рускаму і украінскаму першадрукару Івану Фёдараву.

На наступны дзень каля помніка з’явіўся ананімны вянок з надпісам “Першаму пакутніку рускага друку”, які ўтрымліваў намёк на праблемы першадрукара і тыя небяспекі, з якімі яму прыйшлося сутыкнуцца ў Маскве.

Месца для помніка было абрана гістарычнае: непадалёку існавала друкарня Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца.

Даследчыкі мяркуюць, што Фёдараў мог нарадзіцца ў Беларусі: або ў в. Петкавічы сучаснага Баранавіцкага раёна, або на Вілейшчыне.

1920 год. Абвешчана Сярэдняя Літва

Асобнае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны ў 1920-1922 гадах.

Новая краіна складалася з 10 паветаў, займала каля 10 тыс. км² і налічвала 530 тыс. чалавек, 40 % з якіх складалі беларусы.

Акрамя Вільні, найбольш буйнымі гарадамі былі Трокі, Смаргонь і Ашмяны.

Дзейнічала 432 прамысловых і каля 1370 дробных прадпрыемстваў. Меліся свае грошы, сімволіка, паштовыя маркі.

1931 год. Адбылося афіцыйнае адкрыццё Статуі Хрыста Збавіцеля побач з Рыа-дэ-Жанэйра. 

Размешчана на ўзгорку Каркаваду, 709 метраў вышэй за ўзровень мора. 

Вышыня статуі 38 метраў, 8 метраў складае пастамент. Размах рук – 23 метра.

Ідэя будаўніцтва помніка ўпершыню з’явілася яшчэ ў 1859 годзе. Першы камень быў закладзены 4 красавіка 1922 года, будаўніцтва пачалося ў 1926.

На сёння вядома не менш за 30 манументальных помнікаў Хрысту. А самы вялікі пабудаваны ў 2010 годзе каля польскага горада Свебадзін. Агульная вышыня гэтага помніка 52 м, а самой статуі з каронай – 36 м.

2003 год. Распачаў працу ў Сеціве першы музычны інтэрнэт-партал Беларусі «Тузін Гітоў»

Мэта: прапаганда музыкі, створанай на Беларусі, заахвочванне да праслухоўвання беларускіх твораў. 

Партал – прыватнае некамерцыйнае беларускамоўнаем сеткавае выданне, з самастойнай інфармацыйнай палітыкай. 

Меў больш за 50 тыс. штомесячных наведнікаў, якія спампоўвалі больш за 80 тыс. песняў.

 

 

Дзень у гісторыі: 7 жніўня. Беларусы вучаць маскоўцаў друкаваць кнігі, за што трапляюць пад пераслед. Нарадзіліся: дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі Пётр Крачэўскі, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, археолаг, гісторык Алег Трусаў. Памёр класік беларускай літаратуры Максім Танк. У СССР пачалі страляць за «тры каласкі»

1565 год. Беларусы Пятро Мсціславец і Іван Фёдараў (Федаровіч) у Маскве сталі выдаваць «Часоўнік». 

Гэта была іх другая кніга. Першую «Апостал» яны надрукавалі ў Маскве годам раней.

У 1566 друкарам давялося ўцякаць з Масковіі ў Вялікае Княства Літоўскае праз пераслед з боку царкоўных і свецкіх дзеячаў. Разам з тым, Іван Фёдараў лічыцца ў Расіі першадрукаром і асветнікам.

Калі беларусы вучылі маскоўцаў выдавецкай справе, то самі яны на радзіме ўжо мелі кнігі на сваёй нацыянальнай мове. У 1517 годзе Францыск Скарына выдаў першую кнігу «Псалтыр».

1879 год. Нарадзіўся Пётр Крачэўскі.

Палітычны і грамадска-культурны дзеяч.

Удзельнік Усебеларускага з’езда. Па яго разгоне бальшавікамі ўвайшоў у Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, а пасля ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі

Арганізатар Усебеларускай канферэнцыі 1921 году ў Празе. Яна асудзіла падпісанне Рыжскай дамовы між Бальшавіцкай Расіяй і Польшчай, якая ўзаконіла захоп Польшчай значнай часткі беларускіх і ўкраінскіх зямель. Права беларускай нацыі на нацыянальна-тэрытарыяльнае самавызначэнне ў этнічных межах было праігнаравана.

На Пражскай канферэнцыі былі пацверджаныя ідэалы незалежнасці Беларусі.

Крачэўскі дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў. Ён адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе, выдавец альманаху «Замежная Беларусь».

Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда», вершаў, гістарычных і літаратурных эсэ, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў.

1932 год. Нарадзіўся Адам Мальдзіс.

Літаратуразнавец, гісторык, грамадскі дзеяч.

Даследчык гісторыі беларускай культуры і літаратуры XVII-XIX стагоддзяў.

Перакладаў з польскай і балгарскай моў.

Складальнік зборнікаў «Зямля навагрудская, краю мой родны…» і «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Творы» Язэпа Дылы, Рэдактар слоўніка «Беларускія пісьменнікі».

1932 год. У Савецкім Саюзе выдалі пастанову «Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі і ўмацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці».

Пастанова вядомая яшчэ як «Закон аб трох каласках».

Закон прадугледжваў за крадзеж калгаснай уласнасці расстрэл з канфіскацыяй маёмасці, нават калі памер прысвоенага не перавышаў тых самых трох каласкоў.

Амністыя па такіх справах не прадугледжвалася. Па набыцці законам моцы на палях ставіліся дазорныя вышкі, высылаліся конныя раз’езды і вартавыя з вінтоўкамі.

Гэтай пастановай у юрыдычную практыку СССР было ўведзена паняцце «крадзяжу сацыялістычнай уласнасці» як «злачынства супраць дзяржавы і народу» для перадухілення «масавых крадзяжоў дзяржаўнай і калгаснай маёмасці».

1949 год. Нарадзіўся Генадзь Шкуратаў.

Актор. Заслужаны артыст Беларусі.

Сыграў больш дзясятка роляў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, каля 20 – у кіно.

1954 год. Нарадзіўся Алег Трусаў.

Археолаг, гісторык, грамадскі і палітычны дзеяч.

Шматгадовы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.

Праводзіў археалагічныя раскопкі ў многіх гарадах, у тым ліку Магілёве і Мсціславе.

Даследчык помнікаў манументальнага дойлідства, матэрыяльнай культуры Беларусі XI-XVIII стагоддзяў.

Удзельнік распрацоўкі афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба «Пагоня», бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга, сузаснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа. Суаўтар кнігі аб магілёўскай ратушы.

Адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філатэліі Беларусі. З 2017 году рэктар прыватнага Нацыянальнага ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча.

1958 год. Нарадзіўся Віктар Манаеў.

Актор тэатру і кіно. Народны артыст Беларусі.

Уладальнік Дзяржаўных прэміяў за ролі ў спектаклях «Радавыя», «Тутэйшыя», «Пінская шляхта».

40 гадоў служыў у тэатры імя Янкі Купалы. Больш за 30 год удзельнічаў у радыёспектаклях.

У верасні 2020 году сышоў з Купалаўскага тэатру, далучыўшыся да сваіх калегаў, якія пратэставалі супраць звальнення дырэктара Паўла Латушкі праз іхную пазіцыю адносна гвалту сілавікоў і фальшавання выбараў у 2020 годзе.

1995 год. Памёр Максім Танк (Яўген Скурко).

Паэт і грамадскі дзеяч, класік беларускай літаратуры.

Яшчэ ў сталінскія часы не прымаў сацыялістычны рэалізм. Падтрымліваў беларускую мову і нацыянальную сімволіку, выступіў супраць вынікаў рэферэндуму 1995 году.

Многія вершы паэта пакладзены на музыку, перакладзены на многія мовы народаў свету.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў.