Магілёвец на запраўцы двойчы пабіў мужчыну, што нібыта падглядваў за яго жонкай

Прычым у другі раз п’янага хулігана не змаглі стрымаць супрацоўнікі міліцыі, якія прывялі яго на запраўку для разбіральніцтва.

На аўтазапраўцы ў вёсцы Карытніца Бялыніцкага раёна 45-гадовы жыхар Магілёва двойчы напаў на мужчыну, дадзеныя якога не паведамляюцца. Першы напад адбыўся каля 22 гадзін 55 хвілін. У стане алкагольнага ап’янення, магілёвец двойчы ўдарыў мужчыну – у твар і шыю. На судзе ён прызнаў віну часткова, патлумачыўшы, што першапачаткова наносіў удары пацярпеламу, паколькі той, са слоў жонкі абвінавачанага, абражаў яе, не прапусціў у туалет і падглядваў за ёй, калі яна там знаходзілася.

Гісторыя са збіццём працягвалася і далей – піша “Зара над Друццю”. Трохі пазней у гэты ж дзень, быўшы ў стане алкагольнага ап’янення, знаходзячыся на тэрыторыі АЗС N°69 “Беларуснафты”, куды прыбыў па патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі для разбіральніцтва, ён ізноў нанёс пацярпеламу ўдар рукой у вобласць твару.

Магілёўца асудзілі да абмежавання волі на тэрмінам на адзін год без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З абвінавачанага на карысць пацярпелага спагнана 700 рублёў маральнай шкоды.

Фота ілюстрацыйнае

Заўтра ў Магілёве не будзе працаваць тэлебачанне і радыё, але толькі паўдня

У сувязі з правядзеннем планавых прафілактычных работ на рэтранслятары, у сераду, 11 кастрычніка ў Магілёве, а таксама Магілёўскім, Бялыніцкім, Клічаўскім, Быхаўскім, Чавускім, Шклоўскім, Дрыбінскім, Круглянскім, Слаўгарадскім, Мсціслаўскім, Чэрыкаўскім і Горацкім раёнах будзе адсутнічаць эфірнае вяшчанне тэлебачання і радыё.

Прафілактычныя работы будуць праводзіцца з з 9.15 да 15.00, паведамляе Белтэлекам. 

Фота з адкрытых крыніц

Затрыманы фальшываманетчыкі з Бялыніч. Падробныя расійскія рублі яны бралі з закладак

Двое фальшываманетчыкаў з Бялыніч былі затрыманыя супрацоўнікамі Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі – паведамляе прэс-служба МУС. 20-аговы і 31-гадовы жыхары райцэнтра арганізавалі сістэму дастаўкі і рэалізацыі на Магілёўшчыне падробных пяцітысячных купюр расійскай валюты. Фальшывыя рублі яны набывалі праз інтэрнэт і забіралі сродкі ў пакінутых закладках. Затым мянялі грошы ў гандляроў на гарадскіх рынках у Магілёве, Бабруйску, Быхаве і Кіраўску. Усяго фальшаваманетчыкі паспелі збыць 37 падробных купюр – на агульную суму больш чым 7 300 беларускіх рублёў. Цяпер ім пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фота: МУС, скрыншот

Жыхар Бялыніч поўгады катаваў сваю жонку і атрымаў поўгады з адтэрміноўкай

У Бялынічах завяршыўся суд над 46-гадовым мужчынай, які нідзе не працуе. Паводле матэрыялаў справы, пачынаючы з кастрычніка 2022 года і па чэрвень 2023-га сістэматычна катаваў сваю жонку – біў яе рукамі і нагамі, а таксама палкай ад мяцёлкі. Суд пастанавіў асудзіць яго на поўгады зняволення з адтэрміноўкай пакарання на адзін год. Таксама ад мужчыны патрабуецца ўладкавацца на працу і знаходзіцца дома ў начны час на працягу выпрабоўчага тэрміну.

Фота ілюстрацыйнае

Бялыніцкія Боні і Клайд абакралі лецішча пенсіянеркі на 32 рублі

Вынесены прысуд па справе аб крадзяжы ежы і вопраткі з дачнага доміка пенсіянеркі ў Бялыніцкім раёне. Было ўстаноўлена, што злачынства здзейснілі 45-гадовы раней судзімы мужчына і яго 20-гадовая сяброўка. Знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, яны ўзламалі дачную хату пацярпелай, адкуль таемна выкралі прадукты харчавання і прадметы адзення на агульную суму 32,34 рублёў, пасля чаго з выкрадзеным зніклі.

Мужчына быў асуджаны на 1 год абмежавання волі без накіравання ў калонію, жанчыне далі поўгады прымусовых прац – піша “Зара над Друццю”.

Фота ілюстрацыйнае

У лазні пад Бялынічамі мужчына атрымаў апёкі 70% цела

У вёсцы Забалоцце Бялыніцкага раёна ноччу 18 верасня адбыўся пажар у лазні. На месцы ратавальнікі знайшлі мужчыну 1967 года нараджэння – ён атрымаў апёкі 70% цела. У гаспадарцы пацярпелы пражывае са сваёй маці 1942 года нараджэння. Ён шпіталізаваны – паведамляе “Зара над Друццю”.

Фота: МНС

Грыбы і ягады паказалі перавышэнне па радыяцыі ў чатырох раёнах Магілёўшчыны

За лета магілёўскі занальны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі ўзяў 519 спроб рознай прадукцыі ад насельніцтва на ўтрыманне цэзія-137. Гэта былі і садавіна-гародніна з прысядзібных участкаў, і грыбы-ягады з лесу. Ні адна спроба па прадукцыі, якую грамадзяне вырасцілі на сваіх лецішчах і сядзібах не паказала перавышэнне нарматываў па ўтрыманні радыяцыі. Тое ж адносіцца да прамысловай прадукцыі. 

Пры гэтым у 6 спробах лясной ягады і ў 3 спробах грыбоў, даследаваных пры звароце грамадзян, было ўстаноўлена перавышэнне дапушчальных узроўняў утрымання цэзію-137. Гэтыя прадукты збіраліся ў Магілёўскім, Быхаўскім, Бялыніцкім і Клічаўскім раёнах вобласці – паведамляе прэс-служба ведамства. 

Фота: mogilev.media

 

У Бялынічах затрымалі педафіла – прыставаў да дзяцей, зацягнуў дзяўчынку ў закінуты будынак

Затрымаць яго дапамог школьнік – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

У пачатку траўня ў Бялынічах п’яны 40-гадовы мужчына зацягнуў 7-гадовую дзяўчынку ў закінуты будынак і здзейсніў да яе дзеянні сэксуальнага характару. Крыкі дзіцяці пачуў старшакласнік, які праходзіў непадалёк. Хлопец кінуўся на дапамогу дзіцяці і, не спалохаўшыся, даў адпор гвалтаўніку, а пасля выклікаў супрацоўнікаў міліцыі. Мужчыну затрымалі.

Як выявілася, вечарам 3 мая і раніцай 4 мая 2023 года мужчына, знаходзячыся ў нецвярозым стане, учыніў распусныя дзеянні ў адносінах да некалькіх малалетніх дзяўчынак, якія гулялі на дзіцячай пляцоўцы і ў гарадскім скверы.

Пазней стала вядома, што ён жа датычны і да крадзяжу мабільнага тэлефона, прычым гэта ўжо не першае яго злачынства такога кшталту. Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фота ілюстрацыйнае

Кулаком у твар, нагамі біў ляжачую – жыхару Бялыніцкага раёна далі поўгады прымусовых работ

За жорсткае збіццё жонкі хатні гвалтаўнік з Бялыніцкага раёна асуджаны на 6 месяцаў папраўчых прац з утрыманнем 15% заробка. Як даказалі пракуроры, мужчына ў стане алкагольнага ап’янення, падчас сваркі са сваёй жонкай, нанёс ёй не менш за два ўдары кулаком у твар, а таксама штурхнуў сваім плячом у яе плячо, пасля чаго жанчына ўпала. Тады ён ударыў яшчэ ў патылічную вобласць галавы, а таксама адзін удар нагой у вобласць правага сцягна і адзін удар нагой у вобласць левага сцягна – выявілі эксперты.

Прыгавор у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку – піша “Зара над Друццю”.

Фота ілюстрацыйнае

15 ліпеня ў гісторыі. Грунвальдская бітва. Вывяржэнне Этны. Бухенвальд. Нарадзіліся Цётка, У. Дубоўка. Памёр чалавек-велікан.

1410 год. Адбылася бітва пры Грунвальдзе.

Паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і Польскім каралеўствам і ВКЛ – з другога адбылася вырашальная бітва “Вялікай вайны” 1409-1411 гадоў.

У выніку гэтага пабоішча польска-літоўска-рускія войскі пад камандаваннем польскага караля Уладзіслава II Ягайлы разграмілі галоўныя сілы Ордэна, якія ўзначальваў вялікі магістра Ульрых фон Юнгінген. Грунвальдская бітва нанесла смяротны ўдар па нямецкай экспансіі на Усход, на балтыйскія і ўсходнеславянскія землі.

Вялікае Княства Літоўскае атрымала выхад на балтыйскія гандлёвыя шляхі і ў Еўропу.

У гонар бітвы названы вуліцы ў Брэсце, Гарадку, Гродне, Полацку, Магілёве.

У гонар гадавіны бітвы ў Дудутках 22-23 ліпеня 2023 года пройдзе чарговы маштабны беларускі фестываль ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд».

1606 год. Мяшчане Магілёва ўварваліся ў ратушу і разагналі старую раду.

Была абрана новая, у складзе якой пераважалі незаможныя рамеснікі.

Падзея адбылася падчас гарадскога паўстання 1606-1610 гадоў, якое распачалося 20 чэрвеня 1606 года пад кіраўніцтвам саладоўніка Стахора Мітковіча.

Новая рада кіравала Магілёвам больш за два гады, асаблівая ўвага надавалася інтарэсам гарадскіх нізоў.

Нагадаем, што ў гэты час Магілёў налічваў 15 000 жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў, меў права на правядзенне двух рэгулярных кірмашоў.

1669 год. Скончылася вывяржэнне вулкана Этна на Сіцыліі.

Яно цягнулася з 11 сакавіка. Падчас катаклізму загінула 50 мястэчак і гарадоў, 100 000 чалавек.

Вулкан нарадзіўся 600 000 гадоў таму і з’яўляецца галоўнай славутасцю вострава Сіцылія. Гэта самы высокі з дзеючых у Еўропе і адзін з самых актыўных вулканаў у свеце.

1861 год. Памёр Адам Ежы Чартарыйскі (1770-1861).

Польскі і расійскі дзяржаўны дзеяч, пісьменнік. Намагаўся аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года.

Удзельнічаў у абарончай вайне супраць Расіі (1792). Служыў у расійскім конна-гвардзейскім палку, камер-юнкерам і ад’ютантам Аляксандра I, пасланнікам у Сардзініі, міністрам замежных спраў (1804-1806), куратарам Віленскай навучальнай акругі (1803-1824).

Аўтар плана аднаўлення Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Рэдактар Канстытуцыі Каралеўства Польскага, сенатар-ваявода і член Адміністрацыйнай рады ў Варшаве.

Падчас Паўстання 1830-1831 гадоў узначаліў Сенат і кансерватыўны Нацыянальны ўрад у Варшаве.

З 1831 года ў эміграцыі ў Англіі, Францыі развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы заходнееўрапейскіх дзяржаў. Развіваў ідэі славянскага федэралізму без Расіі.

Мецэнат літаратуры і навукі. Аўтар палітычных і публіцыстычных твораў, успамінаў, навуковых даследаванняў, вершаў.

1876 год. Нарадзілася Алаіза Пашкевіч (Цётка, 1876-1916).

Беларуская паэтэса, адна са стваральнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады,  адна з пачынальніц беларускай прозы.

Удзельніца пецярбургскага гуртка студэнтаў-беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы». Аўтар кніг «Першае чытанне для дзетак беларусаў», першага «Беларускага лемантара», «Гасцінец для малых дзяцей», вершаў, публіцыстычных артыкулаў, нарысаў, даследаванняў па гісторыі беларускага тэатра.

Асноўныя матывы яе паэзіі – любоў да радзімы, да прыроды, самаахвярнае служэнне народу.

Памерла 18 лютага 1916 года.

1900 год. Нарадзіўся Уладзімір Дубоўка (1900-1976).

Беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык.

Паэт незалежніцкай арыентацыі, член кіраўніцтва літаратурных аб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша». Ініцыятар стварэння адмысловых літар для перадачы на пісьме ўнікальных гукаў беларускай мовы: «дж», «дз».

У 1926 годзе напісаў палітычны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету…», які быў надрукаваны ананімна ў часопісе «Беларуская культура». Савецкія спецслужбы выявілі аўтара верш і ён быў выкарыстаны для абвінавачвання паэта ва ўдзеле ў неіснуючым «Саюзе вызвалення Беларусі».

Арыштаваны ў 1930 годзе. Тройчы яго судзілі з абвінаваўчым прысудам. Па рэабілітацыі з 1958 году жыў у Маскве.

Памёр 20 сакавіка 1976 года.

1925 год. Адноўлена дзейнасць Беларускага камітэта ў Варшаве.

Грамадска-палітычная арганізацыя, створаная ў верасні 1919 года пад старшынствам ураджэнца Мсціслаўшчыны Лявона Дубейкаўскага для «культурна-асветнай працы і дабрачыннасці на карысць беларусаў, якія жылі ў Польшчы.

Адноўлены камітэт узначалілі Лявон Більдзюкевіч і Янка Пачопка.

Лявон Дубейкаўскі

1937 год.  Адчынены канцэнтрацыйны лагер Бухенвальд.

Афіцыйна створаны ў 1937 у наваколлях Веймара, аднак першыя зняволеныя з’явіліся тут яшчэ ў 1933, калі лагер называўся Этэрсберг. За 8 гадоў каля 250 000 чалавек будуць вязнямі Бухенвальда, з іх памруць або будуць забітыя больш за 56 000 чалавек.

Спачатку нямецкія антыфашысты, а потым, у гады Другой сусветнай вайны, прадстаўнікі многіх іншых нацыянальнасцей утрымліваліся тут. Асабліва шмат зняволеных загінула ў філіяле Бухенвальда “Дора”, дзе ў падземных цэхах вырабляліся самалёты-снарады “Фаў”.

Лагер вызвалены 10 красавіка 1945 года амерыканскімі войскамі.

Надпіс на браме лагера Бухенвальд “Jedem das Seine” – “Кожнаму сваё”.

1938 год. У Гомелі адкрыўся Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі.

У 1950 годзе калектыў пераехаў у Мінск.

У 2008 годзе тэатру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».

Ставяцца спектаклі для дзяцей, вячэрнія спектаклі для дарослых.

Тэатр гастраляваў у шматлікіх еўрапейскіх краінах.

1940 год. Памёр самы высокі мужчына ў свеце.

Роберт Першінг Уодлоу нарадзіўся ў 1918 годзе ў Олтане, штат Ілінойс.

Калі 27 чэрвеня 1940 года яму ў апошні раз вымяралі рост, ён быў роўны 2,72 м пры размаху рук 2,88 м. Яго максімальная вага дасягала 222,7 кг. Да апошняга дня ён працягваў расці, і да дня смерці яго рост цалкам мог дасягнуць 2,74 м.

1949 год. Нарадзіўся Леанід Лісоўскі.

Географ, краязнавец, байкапісец.

Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педагагічнага інстытута. Дацэнт Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта. 

Даследчык прыроды Палесся, яго экалагічных праблем. Аўтар больш за 300 навуковых прац.

Аўтар баек для «Вожыка».