Дзень у гісторыі. 28 лютага. Судзебнік Казіміра. Газета «Гоман». Нарадзіліся пісьменнікі У. Радзівіл, А. Бадак, гісторык Г. Галенчанка, Нобелеўскі лаўрэат П. Кругман

1468 год. У ВКЛ прыняты крымінальны кодэкс – Судзебнік Казіміра.

Першы зборнік крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Складзены паводле загаду вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка. 

Напісаны на старабеларускай мове суцэльным тэкстам. Дату выдання Судзебніка вызначыў ураджэнец Прапойска протаіерэй І. Грыгаровіч. 

У судзебніку вызначалася сістэма судоў, іх кампетэнцыя, утрымліваліся нормы грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага права.

Вызначаліся адзіныя віды пакарання за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, змяняўся парадак судаводства па гэтых справах, абмяжоўвалася адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа. Скарачаліся плацяжы на карысць суддзяў, павышалася адказнасць бадзягам, прадугледжвалася адказнасць за дапамогу пры ўцёках і арганізацыю ўцёкаў чэлядзі і феадальна-залежных людзей ад феадалаў. Асноўнымі відамі пакарання паводле судзебніка сталі пакаранне смерцю, грашовыя спагнанні і пабоі.

1616 год. Памёр Мікалай Радзівіл Сіротка (1549-1616).

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падарожнік, мемуарыст, мецэнат. 

Удзельнік аблог Улы, Пскова, вызвалення Полацка ад войск Івана Жахлівага. Падарожнік па Еўропе, Блізкаму Усходу. Аўтар кнігі «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю», якая вытрымала 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай, рускай мовах, у 1984 годзе – на беларускай.

Ініцыятар і фундатар выдання першай дакладнай карты ВКЛ (выдадзена ў 1613).

1712 год. Нарадзіўся Удальрык Крыштоф Радзівіл.

 Польскі і беларускі пісьменнік, паэт, гісторык. Канюшы літоўскі, вялікі пісар літоўскі і староста менскі, генерал-лейтэнант войска ВКЛ.

Дзівак i фантазёр, здольны і начытаны, але схільны да авантурызму. Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моў, у тым ліку грэцкую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую.

Пакінуў значную літаратурную спадчыну. Аўтар кніг «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў», «Маральныя элегіі», «Агульная гісторыя» (або «Універсальная гісторыя», 3648 старонак), «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Сусветныя крытыкі або сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе» і іншых.

Перакладчык твораў на польскую мову.

Спрабаваў увесці ў спектаклях прыдворных тэатраў беларускую мову. Па-беларуску гаворыць адзін з герояў пераробкі твора Э. Бруселя «Камедыя Эзопа», прызначаная для нясвіжскага тэатра.

Памёр 21 ліпеня 1770 года.

1812 год. Памёр Гуга Калантай (1750–1812). 

Палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст.

Доктар філасофіі і тэалогіі. Актыўны дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, рэктар Кракаўскага ўніверсітэта.

Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791 года, адзін з вядучых ідэолагаў, кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў паўстанні 1794 года.

Суаўтар Кракаўскага акта паўстання, Паланецкага ўніверсала, пастановы аб надзяленні зямлёй сялян, якія бралі ўдзел у паўстанні.

Пасля паражэння паўстання ў 1794–1802 гадах быў у аўстрыйскім зняволенні.

Пакінуў багатую філасофскую і публіцыстычную спадчыну. Яго працы заснаваны на перадавых на той час ідэях Асветніцтва, вучэнні французскіх фізіякратаў, эвалюцыйнай канцэпцыі развіцця грамадства.

1916 год. У Вільні пачалося выданне газеты «Гоман».

Беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася да канца 1918 года ў Вільні на беларускай мове  2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай пад рэдакцыяй В. Ластоўскага, Я. Салаўя.

Выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае.

Газета друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, па гісторыі нацыянальна-культурнага і літаратурнага руху, легенды, артыкулы па сацыяльна-палітычным праблемам, інфармацыю з франтоў, абвесткі беларускіх кнігарняў. Упершыню апублікавала некаторыя творы Я. Коласа, М. Багдановіча, Зм. Бядулі, А. Гаруна, Ц. Гартнага, А. Гурло, М. Нікіфароўскага, А. Луцкевіча.

1937 год. Нарадзіўся Георгій Галенчанка. 

Беларускі гісторык-медыявіст, кнігазнавец. Доктар гістарычных навук.

Працаваў у БДУ, у Інстытуце гісторыі АН БССР, даследаваў пытанні гісторыі беларускага кнігадруку XVI–XVIII стагоддзяў.

Аўтар даследаванняў «Малой падарожнай кніжкі» Ф. Скарыны, аўтар кніг «Ідэйныя і культурныя сувязі ўсходнеславянскіх народаў у XVI – сярэдзіне XVII ст.», «Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар», суаўтар з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Францыск Скарына», выдадзенай ЮНЕСКА. 

Укладальнік раздзела «Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI–XVIII ст.» у каталогу «Кніга Беларусі. 1517–1917 гг.», факсімільнага выдання «Бібліі» Ф. Скарыны (у 3-х тамах).

1942 год. У ГУЛАГу памёр ураджэнец в. Выдранка Краснапольскага раёна Канстанцін Кернажыцкі (1902–1942). 

Беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, БДУ.

Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі познефеадальнай і капіталістычнай эпох, эвалюцыю феадальнага спосабу вытворчасці ў канцы XVII – 1-й паловы XIX стагоддзяў. Займаўся пытаннямі распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеадальнага перыяду на Беларусі.

Адзін са складальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». Яго працы лічацца важнай вяхой у беларускай гістарыяграфіі ХХ стагоддзя.

11 снежня 1937 года арыштаваны НКУС, прыгавораны як «польскі шпіён» да лагераў.

1953 год. Нарадзіўся Пол Кругман. 

Амерыканскі эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы (2008)

Нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў яўрэйскай сям’і выхадцаў з Брэст-Літоўска. Зацікавіўся эканомікай і гісторыяй яшчэ ў дзяцінстве пад уплывам навукова-папулярных кніг выхадца з беларускіх зямель Айзека Азімава.

Прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, Іельскага, Каліфарнійскага, Стэнфардскага ўніверсітэтаў, Лонданскай школы эканомікі, цяпер працуе ў Прынстанскім універсітэце.

1966 год. Нарадзіўся Алесь Бадак. 

Беларускі пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык.

Працаваў у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюзу пісьменнікаў Беларусі, у часопісах «Бярозка», «Маладосць», галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман», «Полымя». Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

На шматлікія яго вершы напісаны песні А. Саладухі, А. Ярмоленкі, Алесі.

Аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень.

Выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

1985 год. Памёр Вадзім Жучкевіч (1915–1985). 

Беларускі прыродазнавец, доктар геаграфічных навук, прафесар. Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства БССР.

У школьныя гады займаўся краязнаўчымі даследаваннямі, пісаў вершы, якія дасылаў у “Піянерскую праўду”. Атрымаў філалагічную і геаграфічную адукацыю (1939) у Мінскім педагагічным інстытуце. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Працаваў і простым настаўнікам правінцыянальных школ, і ўплывовым чыноўнікам Дзяржплана БССР.

У 1964–1985 гадах працаваў у БДУ: загадчык кафедры фізічнай геаграфіі мацерыкоў, дэкан завочнага факультэта.

Спецыяліст у галіне фізічнай геаграфіі, методыкі выкладання геаграфіі ў школе, стваральнік навуковай тапанімічнай школы Беларусі, аўтар тапанімічнага раянавання, даследчык беларускіх старажытных водных шляхоў, аўтар школьных падручнікаў “Геаграфія БССР. 7–8 класы” (1959–1989), 350 навуковых прац.

1993 год. Памёр Юрый Шчарбакоў (1925-1993).

Савецкі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар, буйны спецыяліст у галіне геамарфалогіі, вывучэння ландшафтаў, член геаграфічнага таварыства.

Герой-танкіст пад час Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік баёў на Курскай Дузе. У час вызвалення Еўропы, двойчы гарэў у танку. Ганаровы грамадзянін г. Прагі.

Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Навукова-педагагічную дзейнасць пачаў на геаграфічным факультэце Магілёўскага педінстытута (1955–1958), прымаў актыўны ўдзел ва ўсебаковым вывучэнні Магілёўскай вобласці, у рабоце Беларускага геаграфічнага таварыства.

Пасля Магілёва працаваў у Пермскім, Краснаярскім, Сімферопальскім, Цверскім універсітэтах.

2007 год. Памёр Генадзь Шкуратаў (1949–2007). 

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Сыграў больш дзясятка роляў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, каля 20 – у кіно.

23 лютага. Дзень у гісторыі. Дзень абаронцаў. Нарадзіліся мастак К. Малевіч, філосаф Я. Бабосаў, актор А. Янкоўскі

Дзень абаронцаў Айчыны.

Паводле папулярнай версіі, 23 лютага – дзень стварэння Чырвонай Арміі. Але гэта не так, таму што дэкрэт пра стварэнне добраахвотніцкай Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі Ленін падпісаў амаль на месяц раней – 28 студзеня 1918 года.

Па другой версіі, у гэты дзень пад Псковам былі спынены і разбіты германскія войскі, якія ішлі на Петраград – “калыску рэвалюцыі”. Аднак на самай справе 23 лютага пад Псковам не было ні баёў, ні перамогі.

Трэцяя версія, больш пераканаўчая: бальшавікі прыдумалі свята 23 лютага для таго, каб людзі забыліся пра буржуазна-дэмакратычную рэвалюцыю, якая скінула цара. Яна пачалася 23 лютага 1917 года.

І што важна: ніводная з гэтых версій не мае дачынення да Беларусі.

А яшчэ 23 лютага – дзень стварэння Беларускай краёвай абароны (23 лютага 1944-28 красавіка 1945 года).

1766 год. Памёр Станіслаў Ляшчынскі. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1704–1706, 1733).

У Рэчы Паспалітай было адразу два выбраныя і ўмоўна легетымныя каралі: С. Ляшчынскі і Аўгуст ІІ Моцны. Войскі Пятра ўвайшлі ў Рэч Паспалітую, рабуючы ВКЛ, з мэтай вярнуць карону Аўгусту і перашкодзіць прасоўванню шведаў да межаў Расіі.

У 1733 годзе пасля смерці Аўгуста II было абвешчанае чарговае беcкаралеўе, і Ляшчынскі атрымаў магчымасць заняць каралеўскі сталец з дапамогай Францыі. Аднак супраць была Расія. 

5 кастрычніка 1733 года ў Кракаве з дапамогай расійскіх войскаў быў абраны новы кароль Аўгуст Саксонскі, які і быў неўзабаве каранаваны.

1878 год. Нарадзіўся Казімір Малевіч. 

Тэарэтык мастацтва, дызайнер–мастак–авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму – кірунку ў абстрактным мастацтве.

У 1919–1922 гадах выкладаў у Народнай мастацкай школе ў Віцебску.

На пачатку 1900–1910-х гадоў імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму, потым перайшоў да супрэматычных кампазіцый, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў («Чорны квадрат», «Чырвоны квадрат»). 

З дапамогай прасторавых кампазіцый («архітэктонаў») вывучаў фармальную мову пластычных мастацтваў, ствараў праекты побытавых рэчаў, малюнкі для тэкстыля і іншыя. У 1918 стварыў афармленне першай пастаноўкі «Містэрыі-буф» У. Маякоўскага.

Аўтар мастацтвазнаўчых прац «Ад кубізму да супрэматызму», «Супрэматызм» і іншых.

Cамая дарагая карціна ў гісторыі – «Супрэматычная кампазіцыя» – напісана менавіта Малевічам.

Памёр 15 мая 1935 года.

1880 год. Памёр Фёдар Глінка. 

Пісьменнік, публіцыст, афіцэр, удзельнік дзекабрысцкіх таварыстваў.

Удзельнік Айчыннай вайны 1812 года, член «Саюза выратавання», адзін з кіраўнікоў «Саюза дастатку». 

Аўтар вайсковага дзённіка «Лісты рускага афіцэра» (1815–1816), працы «Досведы святой паэзіі», вершаў «Тройка» і «Вязень», якія сталі папулярнымі песнямі.

1891 год. Нарадзіўся Міхаіл Піятуховіч. 

Беларускі літаратуразнавец, крытык, педагог.

Даследчык беларускай літаратуры. Член навукова-тэрміналагічнай камісіі, Інбелкульта, акадэмік, прафесар і дэкан педагагічнага факультэта БДУ.

З прычыны грубых палітычных абвінавачванняў яго навуковых апанентаў, пераехаў на педагагічную працу на Каўказ.

Арыштаваны ў 1937 годзе, прыгавораны да расстрэлу і расстраляны ў Мінску 20 снежня 1937 года.

Даследчык заходнееўрапейскай, у тым ліку французскай, беларускай літаратуры, творчасці Якуба Коласа.

Аўтар “Нарысаў гісторыі беларускае літаратуры…”, даследаванняў пра фальклор, Ф. Скарыну, Ф. Багушэвіча, Я. Купалу, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ц. Гартнага, Ядвігіна Ш., М. Чарота, К. Чорнага і іншых. 

Рэдактар-укладальнік хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі», рэдактар і аўтар уступнага артыкула да твораў П. Труса.

1907 год. Нарадзіўся Станіслаў Станкевіч. 

Беларускі літаратуразнавец, грамадскі дзеяч.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт, абараніў магістарскую дысертацыю «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі». Доктарская дысертацыя абаронена па тэме «Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі».

Адзін з кіраўнікоў Таварыства прыяцеляў беларусаведы, рэдактар часопіса «Студэнцкая думка». Выкладаў у Віленскім універсітэце, працаваў у Югаславіі і Балгарыі. 

У перыяд акупацыі Беларусі быў бургамістрам Барысаўскай акругі, акруговым намеснікам Беларускай цэнтральнай рады ў Баранавічах. 

3 лета 1944 года – у Германіі. Быў першым старшынёй «Антыбальшавіцкага блоку народаў», садзейнічаў адкрыццю філіяла Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Мюнхене, працаваў у беларускай рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода», Інстытуце вывучэння СССР (Мюнхен). 

3 1962 жыў у ЗША. Старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання, рэдактар газеты «Беларус». Аўтар кнігі «Беларуская падсавецкая літаратура першай палавіны 1960-х гг.».

Памёр 6 лістапада 1980 года. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.

Станіслаў Станкевіч разам з М. Шчорсам і Н. Арсенневай падчас шпацыру па вуліцы Вільні. Другая палова 1930-х гадоў.

1931 год. Нарадзіўся Яўген Бабосаў. 

Беларускі філосаф, сацыёлаг, палітолаг і культуролаг. Акадэмік НАН Беларусі. Доктар філасофскіх навук, прафесар.

Скончыў БДУ. Працаваў у БДУ, Мінскім медыцынскім інстытуце,  Інстытуце павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ, дырэктарам Інстытута філасофіі і права АН БССР (1977–1989). Заснавальнік (1990) і дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі.

Распрацаваў новыя канцэптуальныя падыходы да даследаванняў сацыяльных аспектаў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, духоўнага свету чалавека ў адзінстве з сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі. 

Даследуе асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-стратыфікацыйнага і сацыяльна-палітычнага развіцця Беларусі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ стагоддзяў.

Аўтар звыш 820 навуковых прац, у тым ліку 36 манаграфій, 15 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па сацыялогіі і канфлікталогіі.

Прэзідэнт Беларускай сацыялагічнай асацыяцыі. Быў адным з ініцыятараў стварэння Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (1993), Сацыялістычнай партыі Беларусі (1994).

1942 год. У в. Сталяры Асіповіцкага раёна нарадзіўся Анатоль Багдановіч.  

Беларускі эканамгеограф, буйны спецыяліст у галіне размяшчэння вытворчых сіл і рэгіянальнай эканомікі. Кандыдат геаграфічных навук. 

Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. 

Працаваў у розных навукова-доследных установах эканамічных інстытутах, першым намеснікам дырэктара Навукова-доследнага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі.

Прымаў удзел у распрацоўцы схем развіцця і размяшчэння вытворчых сіл Беларусі на розныя перыяды, займаўся распрацоўкай палітыкі Праграмы перахода да рынкавай эканомікі, комплексных прагнозаў сацыяльна – эканамічнага развіцця на розныя перыяды, Праграмы структурнай перабудовы эканомікі Беларусі, Канцэпцыі Нацыянальнай стратэгіі устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь, розных іншых праграм.

Аўтар больш за 200 навуковых прац у галіне эканомікі, эканамічнай геаграфіі, у тым ліку манаграфіі «Города Беларуси. Краткий экономический очерк», 16 кніг, 4 брашур.

1944 год. Нарадзіўся Алег Янкоўскі. 

Савецкі акцёр тэатра і кіно, рэжысёр. Народны артыст СССР. Лаурэат Дзяржаўных прэмій СССР,  Расіі (дзве). Уладальнік Прэміі «Ніка».

Яго бацька паходзіў з польскай шляхты беларускіх зямель. Нарадзіўся ў Джэзказгане, куды быў сасланы бацька.

Некаторы час жыў са старэйшым братам Расцілавам у Мінску, тут дэбютаваў на сцэне тэатра. Скончыў Саратаўскае тэатральнае вучылішча. Працаваў у Саратаўскім драматычным тэатры, у Маскоўскім тэатры «Ленком».

Сярод роляў: барон Мюнхгаўзен («Той самы Мюнхгаўзен»), князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф. Дастаеўскага), Трыгорын («Чайка» А. Чэхава), Гамлет («Гамлет» У. Шэкспіра), Аркадзь Бурмін («Хлопец з нашага горада» К. Сіманава), Берынг («Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага) і іншыя.

3 1968 года здымаўся ў кіно: «Шчыт і меч», «Служылі два таварышы», «Я, Францыск Скарына…», «Зорка чароўнага шчасця», «Звычайны цуд», «Той самы Мюнхгаўзен», «Закаханы па ўласным жаданні», «Забіць дракона» і шматлікія іншыя.

Памёр 20 мая 2009 года.

1947 год. Нарадзіўся Алесь Жук. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, Літаратурных прэмій імя І. Мележа, імя Якуба Коласа.

Скончыў БДУ. Працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у часопісе «Маладосць», у часопісе «Полымя», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Нёман» і «Беларусь».

Аўтар апавяданняў, кніг, зборнікаў прозы. Паводле «Зоркі над палігонам» зняты мастацкі фільм «Палігон», «Паляванне на Апошняга Жураўля» – у тэатры імя Я. Купалы пастаўлены спектакль, знята мастацкая кінастужка.

А. Жук адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў, творы якога вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, грунтуюцца на філасофскай і эстэтычнай аснове і з’яўляюцца роздумамі над жыццём. Пісьменніка цікавіць прырода чалавечага шчасця, жыццёвыя праблемы і іх пераадоленне, асэнсаванне чалавекам самога сябе, адносіны да працы, да прыроды.

Памёр 15 кастрычніка 2022 года.

1979 год. Памёр ураджэнец Віцебска Міхаіл Натарэвіч.

Савецкі жывапісец і педагог. Вучань Ю.  Пэна.

Выкладаў у Ленінградскіх інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры, Вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы імя В. Мухінай.

Пісаў жанравыя і гісторыка-рэвалюцыйныя кампазіцыі, партрэты, пейзажы. Працаваў у тэхніцы алейнага і тэмпернага жывапісу.

Яго творы знаходзяцца ў Дзяржаўным Рускім музеі, у іншых музеях і прыватных зборах у Расіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, ЗША і іншых краінах.

Памёр 23 лютага 1979 года ў Ленінградзе.

Дзень у гісторыі. 7 лютага. Першыя мемуары на беларускай мове. Магілёўская электрастанцыя дала ток. Дамова аб ЕС. Нарадзіліся паўстанец Сокал-Кутылоўскі, музыкант Алезіс Дземідовіч

1546 год. Нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі.

Грамадскі дзеяч ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пісьменнік-мемуарыст. Аўтар вядомага азначэння «Залаты век».

Удзельнік бітвы на Уле (1564), шэрагу войнаў. Прыхільнік пратэстантызму. М. К. Радзівіл Сіротка, Я. Хадкевіч, К. Астрожскі даручалі яму весці важныя судовыя справы.

Браў удзел у Люблінскім сойме 1569 года, у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала» – статута вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ.

Аўтар першых мемуараў на беларускай мове. У «Гістарычных запіскахі» падаюцца апроч усяго звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі ХVI–XVІІ стагоддзяў: бітвы Лівонскай вайны, прыёмы каралямі замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі, выбары каралёў.

1881 год. Нарадзіўся Рамуальд Зямкевіч. 

Беларускі бібліёграф, адзін з аўтараў “Нашай Нівы”, гісторык беларускай літаратуры, перакладчык, калекцыянер кніг і рукапісаў.

У 1913-1914 гадах шукаў гісторыка-літаратурныя матэрыялы на Магілёўшчыне. 

Сабраў калекцыю беларускага народнага адзення, унікальную бібліятэку па гісторыі, мовазнаўстве, літаратуры, фальклоры Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых славян, вялікую калекцыю рукапісаў беларускіх пісьменнікаў, старадрукаў, у тым ліку «Біблія» Ф. Скарыны, Астрожская Біблія, «Лексікон» П. Бярынды, «Хроніка» М. Бельскага, кітабы, аўтографы шматлікіх пісьменнікаў.

Аўтар вершаў, перакладаў на беларускую мову, прац па гісторыі беларускай літаратуры, у якіх прывёў невядомыя звесткі пра беларускіх літаратараў, апублікаваў невядомыя рукапісы М. Багдановіча, К. Каганца, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Лучыны, упершыню надрукаваў гравіраваны партрэт В. Цяпінскага.

Арыштаваны ў акупаванай нацыстамі Варшаве. Загінуў у канцлагеры каля 1942 года.

1891 год. Памёр Вінцэсь Каратынскі. 

Беларускі і польскі пісьменнік і перакладчык, краязнавец, літаратуразнавец.

Памочнік-сакратар Уладзіслава Сыракомлі. Аўтар паэтычнай кнігі з прадмовай Сыракомлі «Чым xата багата, тым рада». 

У гонар прыезду ў Bільню імператара Аляксандра II у 1859 годзе напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе нагадаў пра пагарджанага панствам мужыка-беларуса. 

Выдаў збор твораў У. Сыракомлі. На беларускую мову ягоныя творы  перакладаліся шматлікімі перакладчыкамі, у тым ліку Р. Баравіковай, Р. Барадуліным.

1892 год. Нарадзіўся Антон Сокал-Кутылоўскі. 

Беларускі вайсковы і грамадскі дзеяч, ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920 года, праваслаўны святар.

Скончыў геаграфічны факультэт Пецярбурскага ўніверсітэта (1914), Казанскае вайсковае вучылішча (1915).

Удзельнік І Сусветнай вайны, баёў пад Вільняй і ў Галіцыі. Капітан. Узнагароджаны Георгіеўскім крыжам.

У 1918-1920 гадах служыў ў войсках Дзянікіна, Юдзеніча.

Прыняў удзел у Слуцкім збройным чыне 1920 года: камандаваў батальёнам, 1-й Слуцкай брыгадай. Захаваў архіў брыгады, які перадаў Б. Тарашкевічу, і сцяг 1-га  Слуцкага Палка, які быў канфіскаваны польскай паліцыяй у 1931 годзе.

У 1921-1939 гадах служыў святаром у парафіях Навагрудскага і Слонімскага паветаў, настаўнічаў у школе, выступаў за ўжываньне беларускай мовы ў богаслужэннях. Член Беларускай нацыянальнай рады.

Арыштаваны НКУС 19 чэрвеня 1941 году, але праз нкалькі дзён уцёк з турмы. 

Быў намеснікам прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады па Ганцавіцкай акрузе, у Германіі выкладаў у школе афіцэраў БКА, з красавіка 1945 года камандаваў 1-м беларускім палком. Разам з дывізіяй «Беларусь» здаўся амерыканцам. 

30 красавіка 1945 года арыштаваны СМЕРШ. Вязень ГУЛАГ. У 1948 годзе зноў асуджаны. Амніставаны ў 1957 годзе.

Памёр 7 сакавіка 1983 года ў Шчэцыне.

Пакінуў успаміны аб Слуцкім паўстанні.

1901 год. Нарадзілася Вера Пола.

Беларуская актрыса. Народная артыстка. Прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Вучаніца рэжысёра і педагога Е. Міровіча.

Выконвала ролі ў пастаноўках па творах Э. Самуйлёнка, Янкі Купалы, А. Маўзона і іншых. За выкананне ролі Паўліны ў спектаклі Кандрата Крапівы «Спяваюць жаўрукі» атрымала Сталінскую прэмію. Здымалася ў кіно: «Хвоі гамоняць» (1929), «Паўлінка», «Пяюць жаваранкі», «Несцерка».

Памерла 15 кастрычніка 1989 года.

1910 год. Дала ток першая магілёўская электрастанцыя магутнасцю 90 кілават. 

Да 1913 года яе магутнасць узрасла да 400 кВт. Электрастанцыя была пабудавана на тэрыторыі так званай “плошчы гарэлых казармаў”, у Крутым завулку, за сучасным кінатэатрам “Чырвоная зорка”. 

Цяпер самай магутнай у Магілёве цеплаэлектрацэнтраллю з’яўляецца Магілёўская ЦЭЦ-2 з магутнасцю 347 000 кВт, Магілёўская ЦЭЦ-1 пасля мадэрнізацыі мае магутнасць 48 000 кВт, Магілёўская ЦЭЦ-3 – 19 500 кВт. Акрамя гэтага, у Магілёўскай вобласці працуюць Бабруйская ЦЭЦ-2 магутнасцю 186 000 кВт і Бабруйская ЦЭЦ-1 магутнасцю 12 000 кВт.

1926 год. Нарадзіўся Анатоль Фядосік. 

Беларускі фалькларыст. Заслужаны дзеяч навукі. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Падлеткам удзельнічаў у партызанскім руху, потым ваяваў на фронце камандзірам аддзялення разведкі. 

Працаваў у школах Палесся, намеснікам дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі навук.

Даследаваў фальклорныя сатырычныя жанры, сямейна-абрадавую паэзію, літаратурна-фалькорныя сувязі, народную творчасць перыяду Вялікай Айчыннай вайны, гісторыю фалькларыстыкі, узаемасувязі славянскага фальклору.

Суаўтар кніг «А. К. Сержпутоўскі», «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным», «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце», «Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр», «Народная проза», вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ.

Складальнік тамоў «Сацыяльна-бытавыя казкі», «Жарты, анекдоты, гумарэскі» з серыі «Беларуская народная творчасць» (галоўны рэдактар зводу).

Памёр у 2005 годзе.

1929 год. Слупок тэрмометра ў Магілёве панізіўся да -37°С. 

У другі раз рэкорд паўтарыўся 17 студзеня 1940 года: тыя ж  -37°С.

1940 год. Нарадзіўся Рыгор Печнікаў. 

Беларускі мастак, графік.

Стварыў вялікую колькасць мастацкіх твораў: накідаў тушшу, гуашшу, пастэллю, алоўкам, карцін, абразоў. 

Займаўся аздабленнем інтэр’ераў у школах, музею ў пружанскім тэхнікуме. Распрацаваў праекты царскіх варотаў Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Засімавічы, іканастасу Свята-Пакроўскай царквы ў вёсцы Гарадзечна, помніку Сцяпану Гудзімаву ў скверы Пружан. 

Падчас працы выкладчыкам у пружанскай школе мастацтваў падрыхтаваў шмат таленавітых вучняў, некаторыя з якіх сталі вядомыя мастакамі.

1965 год. Нарадзіўся Алег «Алезіс» Дземідовіч. 

Беларускі музыка.

Бубнач гуртоў “Мроя” і “N.R.M” ад часу іх стварэння ў 1980 і 1994 гадах адпаведна. Браў удзел у складзе гурта “Новае Неба”, супольных музычных праектах “Народны Альбом”, “Я нарадзіўся тут”, часова граў у гуртах “ULIS”, “Garadzkija”, “Pete-Paff”.

1992 год. Падпісанне Маастрыхцкай дамовы аб Еўрапейскім Саюзе. 

Падпісана прадстаўнікамі 12 дзяржаў-удзельніц ЕС. Набыла моц 1 лістапада 1993 года.

ЕС – эканамічны і палітычны саюз 27 дзяржаў Еўропы, з насельніцтвам звыш 500 мільёнаў чалавек і з 22 % сусветнага ВУП. За ўсю гісторыю з арганізацыі выйшла толькі адна краіна – Вялікабрытанія (2021).

2018 год. Памёр Генадзь Гарбук.  

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст. Лаўрэат Дзяржпрэмій БССР і СССР. Працаваў у драмтэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы. Сыграў больш за 50 роляў у тэатры і больш за 50 у кінастужках.

Мастацтву акцёра ўласцівы моцны тэмперамент, глыбокае псіхалагічнае спасціжэнне характараў. Майстар яркай сцэнічнай дэталі, гратэску. Створаныя ім вобразы адметныя павышай драматычнай напружанасцю, эмацыянальнасцю, глыбокім псіхалагічным разуменнем характараў.

Найбольш яркія характары стварыў у нацыянальным рэпертуары: Васіль («Людзі на балоце» паводле І. Мележа, Дзяржаўная прэмія БССР), Андрэй Ходас (“Белыя росы”), Сымон («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), Зёлкін («Хто смяецца апошнім» К. Крапівы), Яўмень («Ажаніцца — не журыцца» М. Чарота і Далецкіх) і іншыя. 

Дзень у гісторыі. 28 студзеня. Варшаўская канфедэрацыя. Трэці статут ВКЛ. Загінула сем астранаўтаў «Чэленджэра». Нарадзіўся рэжысёр Міхаіл Пташук. Дзень памяці Аляксандра Ціхановіча

1573 год – 450 год з дня абвяшчэння Варшаўскай канфедэрацыі. 

Яна тычылася забеспячэння свабоды вызнання і вызначыла асновы рэлігійнай памяркоўнасці шляхты і вольных людзей у Польскім каралеўстве і Вялікім Княстве Літоўскім. 

Лічыцца пачаткам узаконенай рэлігійнай свабоды ў дзяржаве, з’яўляецца першым падобным дакумэнтам у Еўропе. Скасавала рэлігійныя матывацыі ў якасці адмазкі за злачынства: забіў ці скраў – ідзеш па крымінальцы і без розніцы пан ці халоп і якой веры. Дыскутуй, непрымай – але рукі не распускай.

У 2003 годзе тэкст канфедэрацыі ўнесены ў спіс Памяць свету ЮНЕСКА. 

1577 год. Кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Мазыру Магдэбургскае права і герб. 

Горад вядомы з 1155 года, калі ён перайшоў ад Кіеўскага да Чарнігаўскага княства. Працяглы час быў у складзе Тураўскага княства. Уваходзіў у склад Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага, з 1569 года далучыўся да Менскага ваяводства ВКЛ. 

Рэгіянальны цэнтр базыльянаў, цыстэрыянаў, марыявітак, езуітаў. 

У 1793-1917 гадах быў у складзе Расійскай імперыі, у БССР з 1919 года. У 1938-1954 быў цэнтрам Палескай вобласці. 

Сёння ў сталіцы Мазырскага Палесся, горадзе над Прыпяццю жыве 105 тысяч жыхароў, дзейнічаюць нафтаперапрацоўчы, машынабудаўнічы завод, «Мазырсельмаш», «Беларускабель», «Мазырсоль», іншыя прадпрыемствы. Адзін з 4-х беларускіх гарадоў з трамваем. Працуюць драмтэатр, філармонія, педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна.

1588 год. Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Трэці статут Вялікага княства Літоўскага. 

Звод законаў феадальнага права, які закончыў кадыфікацыю права ў ВКЛ.

Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Праз два гады Гарадзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. 

Да канца 1584 работа над Статутам была скончана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы доўгі час не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай.

1781 год. Нарадзіўся Юзаф Дашчынскі

Беларускі піяніст і кампазітар. Капітан нацыянальнай віленскай гвардыі.

Выкладчык ігры на фартэпіяна ў Віленскім універсітэце, дырыжор аркестра мінскага губернскага маршалка Л. Ракіцкага, з якім ён выступаў у розных гарадах Беларусі.

Аўтар больш як 100 музычных твораў, якія выдаваліся ў Ляйпцыгу, Вільні, Вене, Пецярбургу, Варшаве, Маскве, у тым ліку вальсы, паланэзы. Таксама аўтар літургічнага твора – Вастрабрамская літанія.

За адзін з вакальных паланэзаў у 1812 годзе быў адораны брыльянтавым пярсцёнкам ад расійскага імператара Аляксандра І.

Памёр 10 верасня 1844 года.

1889 год. Нарадзіўся Язэп Мамонька. 

Беларускі нацыянальны дзеяч, публіцыст.

Стваральнік першага беларускага вайсковага аб’яднання ў Рызе (1917), адзін з заснавальнікаў і каіраўнікоў Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, дэлегат Першага Усебеларускага з’езда, дзеяч Беларускай Народнай Рэспублікі, сябра прэзідыума Народнай Рады БНР. Удзельнік Першай і Другой Усебеларускіх канферэнцый.

У 1920-х гадах жыў у Чэхаславакіі і Латвіі. 

На хвалі беларусізацыі пераехаў у БССР і адразу 11 верасня 1928 года быў арыштаваны ДПУ, у 1929 годзе прыгавораны да 10 гадоў лагераў, 2 верасня 1937 – да расстрэлу.

Расстраляны 10 верасня 1937 года ў Карэліі. 

Рэабілітаваны Генеральнай пракуратурай Расіі 25 сакавіка 1993 года.

Палута Бадунова і Язэп Мамонька, 1921 г.

1919 год. Нарадзіўся Павел Кармунін. 

Народны артыст Беларусі.

Акцёр франтавых брыгад мастацкай самадзейнасці, тэатра Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Берліне, Казанскага тэатра, Беларускага тэатра імя Янкі Купалы.

Акцёр запомніўся гледачам па ролях Лявона Зябліка («Раскіданае гняздо» Я. Купалы), дзеда Цярэшкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С. Грахоўскага), Торгалы («Брама неўміручасці» К. Крапівы), Кудасава («Пагарэльцы» А. Макаёнка), Аўдзея («Страсці па Аўдзею» У. Бутрамеева) і іншых, па кінастужцы «Рагаты бастыён».

Памёр 1 красавіка 2002 года.

1919 год. Афіцыйнае адкрыццё заснаванага Марка Шагалам Віцебскага народнага мастацкага вучылішча. 

Вучылішча пачало працу ў памяшканні былога дому банкіра Вішняка па вуліцы Бухарынскай, 10 (цяпер вуліца Газеты «Праўда»). 

Мэтр запрасіў на працу вядомых мастакоў Івана Пуні, Ксенію Багуслаўскую, Надзею Любавіну, Івана Цільбергза, Мсціслава Дабужынскага, Аляксандра Рома, Казіміра Малевіча, Юдаля Пэна і іншых. 

Першым дырэктарам ўстановы стаў М. Дабужынскі. 

Асобнае месца ў рабоце школы займала «Вольная майстэрня» Марка Шагала, арганізаваная на манер парыжскіх акадэмій. Асноўны ўпор у ёй рабіўся на самастойную працу навучэнцаў.

1940 год. У в. Змітраўка 2-я Клічаўскага раёна нарадзіўся Леанід Дайнэка. 

Беларускі пісьменнік, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К.Каліноўскага і Літаратурнай прэміі імя І.Мележа. 

Адзін з найлепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў.

Працаваў у часопісе «Маладосць», выдавецтве «Мастацкая літаратура». Заснавальнік фірм «Пасад» і «БелПі» (брэнд «Крамбамбуля» і іншыя).

Аўтар гістарычных раманаў часоў Полацкага княства і Вялікага княства Літоўскага – «Меч князя Вячкі», «След ваўкалака», «Жалезныя жалуды», «Назаві сына Канстанцінам», зборнікаў вершаў.

Некаторыя вершы пакладзены на музыку.

Памёр 21 жніўня 2019 года.

1943 год. Нарадзіўся Міхаіл Пташук. 

Беларускі кінарэжысёр, акцёр, прадзюсар. Народны артыст БССР.

Працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы і Казані, на кінастудыі «Беларусьфільм».  

Атрымалі шырокую вядомасць яго экранізацыі вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў – «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна), «Чорны замак Альшанскі» (У. Караткевіч), «Знак бяды» (паводле В. Быкава). Сярод фільмаў 1980-1990-х – гісторыка-палітычныя стужкі «Наш браняпоезд», “Кааператыў «Палітбюро», «У жніўні 44-га…».

Лаўрэат шматлікіх прэмій, узнагарод на прэстыжных кінафестывалях.

Загінуў у аўтакатастрофе 26 красавіка 2002 года ў Маскве, па шляху на прысуджэнне прэміі «Ніка».

1986 год. Узарваўся амерыканскі касмічны карабель «Чэленджэр». Загінула сем астранаўтаў. 

Гэта адбылося ў 14:01 на 73-й секундзе пасля старту з мыса Канавэрал. Да гэтага часу выказваюцца розныя меркаванні аб прычынах гэтай катастрофы, якая забрала жыццё сямі астранаўтаў.

Большасць экспертаў схіляюцца да той версіі, што выбух мог адбыцца з-за пашкоджанняў у паскаральніку першай ступені з цвёрдым палівам.

2003 год. У Вялікабрытаніі пачаўся продаж новага віду паліва – GlobalDiesel. 

Часткова складаецца з тых жа элементаў, што і маргарын, а таксама маянэз. Продаж арганізаваны ў супермаркетах сеткі Sainsbury’s. Вытворца – кампанія Greenwich. 

У GlobalDiesel, якое мае вельмі нізкае ўтрыманне серы, дададзены адпрацаваны рапсавы алей. Прымяненне новага паліва зніжае выкід вуглякіслага газу на 5%. Паліва эканамічнае і таннае ў вытворчасці.

2017 год. Памёр Аляксандр Ціхановіч. 

Беларускі эстрадны спявак. Народны артыст Беларусі. 

Саліст ВІА «Верасы», Дзяржаўнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, стваральнік і кіраўнік першага ў Беларусі Тэатра песні (і студыі пры ім; з 2003 г. – прадзюсерскі цэнтр «Прафіартвідыён»), музычны кіраўнік беларускага канала «Сталічнае тэлебачанне». 

Аўтар папулярных эстрадных песень.

2018 год. Памерла Нэлі Багуслаўская. 

Беларуская спявачка, адна з першых зорак беларускай эстрады. Заслужаная артыстка БССР.

Салістка ансамбля «Арбіта-67» (разам з У. Мулявіным), Беларускай філармоніі.

Пераможца Усесаюзнага конкурса песні ў Маскве (1966).

Яе выканальніцкая манера вылучалася мяккасцю, шчырасцю, натуральнасцю. Сярод лепшых інтэрпрэтацый — песні «Белая Русь» Ю.Семянякі, «Спадчына» І. Лучанка.

Памёрла 28 студзеня 2018 года. Пахавана ў Мінску на Усходніх могілках каля мужа Ізмаіла Капланава.

І. Капланаў і Н. Багуслаўская

Дзень у гісторыі. 25 студзеня. Таццянін дзень. Вакол Зямлі за 72 дні. Нарадзіліся: Уладзімір Высоцкі, паэты Адам Гурыновіч, Сяргей Украінка, Нобелеўскі лаўрэат Ілля Прыгожын.

Таццяна і Павал (народны каляндар.). Таццяна (праваслаўны каляндар). 

Свята студэнтаў у Расіі і некаторых постсавецкіх краінах.

Царква шануе святую пакутніцу, дачку рымскага консула Таццяну, якая падверглася жорсткім пераследам за веру Хрыстову пры імператары Аляксандры ў ІІІ стагоддзі.

На Таццяну прагляне сонейка – да ранняга прылёту птушак.

Снег на Таццяну – лета дажджлівае: “Калі снегапад – улетку дождж часціць”.

Мароз і сонца – да добрага лета.

25 студзеня ў Расіі і некаторых постсавецкіх краінах адзначаецца Дзень студэнта. Гэта звязваецца з тым, што на дзень святой Таццяны, 12 (23) студзеня 1755 года ўказам імператрыцы Лізаветы Пятроўны быў заснаваны Маскоўскі ўніверсітэт. 

Чаму гэтае свята адзначаюць таксама і ў Беларусі? Справа не толькі ва ўплыве расійскай культуры, справа таксама ў тым, што ў 1923 годзе “архаічная і бессэнсоўная Таццяна” была заменена савецкімі ўладамі ў дырэктыўным парадку Днём пралетарскага студэнцтва.

Афіцыйным і міжнародным Днём студэнта з’яўляецца 17 лістапада.

1804 год. Нарадзіўся Антон Адынец. 

Паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец.

Вучыўся ў Віленскім універсітэце, член таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў». Сябра А. Міцкевіча, Т. Зана, І. Дамейкі, І. Ходзькі, І. Лялевеля, Я. Чачота.

Аўтар вершаў, кнігі паэзіі «Poezje». У 1829-1830 гадах разам з А. Міцкевічам вандраваў па Германіі, Швейцарыі і Італіі, асобна – па Францыі і Велікабрытаніі, сустракаўся з В. Гюго.

Жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў В. Скота, Дж. Байрана, у Вільні рэдагаваў альманах «Melitele», газету «Kurier Wileński».

Уваходзіў у кола энтузіястаў, разам з А. Кіркорам, М.  Маліноўскім, І. Ходзькам, У.Сыракомляй, якія выступалі за культурнае адраджэнне Літвы, аднаўленне Віленскага ўніверсітэта.

У 1858 годзе апынуўся ў цэнтры скандала: напісаў верш у гонар Аляксандра II, у якім называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала абурэнне віленскай грамадскасці.

З 1866 года жыў у Варшаве, публікаваў мемуары, уласныя лісты да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

У 1884 годзе разам з І. Дамейкам наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам.

Памёр 15 студзеня  1885 года ў Варшаве.

1869 год. Нарадзіўся Адам Гурыновіч. 

Беларускі паэт

Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху Пецярбурга.

Як беларускі дзеяч і паэт сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Ф. Багушэвіча, традыцыі паўстання 1863 года, ідэй К. Каліноўскага.

Паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першым з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі.

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, І. Франко і іншых.

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі. У в. Золькі пастаўлены мемарыяльны знак.

У 1893 годзе быў арыштаваны ў Вільні, утрымліваўся ў Віленскай цытадэлі, Петрапаўлаўскай крэпасці. 

Пасля вызвалення памёр 4 лютага 1894 года.

1890 год. Завяршылася коласветнае падарожжа журналісткі Нэлі Блай, якая паспаборнічала з героем Жуля Верна. 

Яна аб’ехала вакол Зямлі за 72 дні 6 гадзін 10 хвілін 11 секунд па маршруце: Нью-Ёрк – Лондан – Парыж – Брындызі – Суэц – Цэйлон – Сінгапур – Ганконг – Ёкагама – Сан-Францыска – Нью-Ёрк.

Рэпарцёр адправілася ў шлях 14 лістапада 1889 года, калі раман Жуля Верна “Вакол свету за 80 дзён” чыталі ўжо 17 гадоў.

Адной лістападаўскай раніцай 1889 года Жуль Верн атрымаў тэлеграму, падпісаную “Блай”.

У ёй паведамлялася, што парыжскім цягніком у Ам’ен прыбудзе амерыканскі кругасветны падарожнік, які вырашыў пабіць рэкорд Філеаса Фога і ахвяраваў сваім каштоўным часам, каб зрабіць крук і наведаць вялікага летуценніка і фантаста.

Пісьменнік паспяшаўся на вакзал. Ён чакаў сустрэць прапаленага шукальніка прыгод, а з вагона сышла маладая дзяўчына.

Спансаваў ваяж выдавец Джозэф Пулітцэр. Усе газеты свету стракацелі загалоўкамі: “Ці здзейсніцца мара Жуля Верна?”, “Ці паб’е Нэлі Блай рэкорд Філеаса Фога?”

За час падарожжа журналісткі раман Жуля Верна “Вакол святла ў 80 дзён” быў перавыдадзены 10 разоў.

Па прыбыцці ў Нью-Ёрк Блай салютавалі дзесяццю артылерыйскімі залпамі.

1903 год. Нарадзілася Любоў Мазалеўская.  

Беларуская актрыса, рэжысёр, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве, працавала ў тэатрах імя Якуба Коласа, Янкі Купалы,  выкладала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Арганізатар, галоўны рэжысёр (1956-1961, 1963-1964) Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача.

Сярод яе тэатральных пастановак: «Папараць-кветка» і «На хвалях Серабранкі» І. Козела, «Горад майстроў» Т. Габэ, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Пакуль вы маладыя» І. Мележа, «Закон Лікурга» паводле Т. Драйзера і шматлікія іншыя.

Знялася ў шэрагу карцін беларускай кінастудыі.

Памерла 18 ліпеня 1964 года. 

1911 год. Памёр ураджэнец Магілёва Вацлаў Федаровіч. 

Беларускі краязнавец, калекцыянер, юрыст. Член-карэспандэнт Кракаўскай Акадэміі навук.

Скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працаваў адвакатам у Саратаве, Балашове, Царыцыне, Ерэване. 3 1884 года жыў і працаваў у Віцебску. Намеснік старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі.

Удзельнічаў у археалагічных раскопках, калекцыяніраваў зброю, археалагічныя, нумізматычныя, сфрагістычныя, этнаграфічныя матэрыялы.

Сабраў вялікі збор (больш за 1 000 тамоў) кніг па гісторыі Беларусі і Літвы.

Стварыў прыватны музей, у якім былі сабраны прадметы даўніны, знойдзеныя ім на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў. Пасля рэвалюцыі музей нацыяналізаваны і на яго аснове з 1923 у Віцебску дзейнічаў Музей мясцовых страражытнасцей (больш за 7000 прадметаў). 

Цяпер у фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея захоўваюцца толькі троху больш за 200 прадметаў са збору В. Федаровіча.

Публікваў артыкулы па гісторыі ў «Витебских губернских ведомостях». Складальнік і ініцыятар выдання літаратурна-краязнаўчага зборніка «З ваколіц Дзвіны» (1912).

1917 год. Нарадзіўся Ілля Прыгожын (Рувімовіч). 

Бельгійскі фізік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па хіміі (адзін з 22 Нобелеўскіх лаўрэатаў – беларусаў і выхадцаў з Беларусі). Доктар археалогіі, кампазітар. Віцэ-прэзідэнт Бельгійскай акадэміі навук. Замежны член АН СССР, Беларусі, Украіны, Румыніі, ГДР, ЗША.

Нарадзіўся ў сям’і ўраджэнца Магілёва. На эміграцыі з 1921 года.

Скончыў Брусельскі вольны ўніверсітэт. Прафесар фізічнай хіміі.

Большая частка яго работ прысвечана нераўнаважнай тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы незваротных працэсаў.

У галіне статыстычнай механікі правёў глыбокія даследаванні ўраўнення Ліўвіля для ансамбля на аснове фармальнай аналогіі яго рашэнняў з рашэннямі ўраўнення Шрэдынгера.

Даказаў адну з асноўных тэарэм лінейнай тэрмадынамікі нераўнаважных працэсаў – аб мінімуме вытворчасці энтрапіі ў адкрытай сістэме. Для нелінейнай вобласці ў суаўтарстве з Гленсдорфам сфармуляваў агульны крытэр эвалюцыі Гленсдорфа – Прыгожына. Увёў  тэрмін «пераадкрыццё часу».

1938 год. У Празе памёр  Тамаш Грыб. 

Беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.

У Пецярбургу ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток Б. Эпімах-Шыпілы.

Дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР, міністр земляробства і міністр ўнутраных спраў БНР. Член Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады, лідар Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

Арыштоўваўся ДПУ, польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.

Дзеяч беларускага руху ў Празе, стваральнік Беларускага (Крывіцкага) культурнага таварыства імя Ф. Скарыны.

Аўтар прац па гісторыі, нацыянальна-палітычнаму жыццю Беларусі.

Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.

1938 год. Нарадзіўся Уладзімір Высоцкі. 

Бард, паэт і акцёр. 

Аўтар больш за 700 песень і вершаў. Сыграў 20 роляў у тэатры і 30 у кіно. 

Род Высоцкіх паходзіць з в. Сялец, што на Пружаншыне, прозвішча можа быць звязана з назвай г. Высокае Камянецкага раёна. Ягоны дзед, таксама Уладзімір Сямёнавіч, ураджэнец Брэста.

Высоцкі добра ведаў пра свае беларускія карані і часта бываў у Беларусі. 

У жніўні 1969 г. пры здымках фільма «Сыны ідуць у бой» ён з М. Уладзі жыў у в. Літоўка каля Навагрудка (у 2012 г. тут усталяваны помнік Высоцкаму).

Памёр 25 ліпеня 1980 года.

Магілёвец Міхась Булавацкі зрабіў пераклады вершаў Высоцкага на беларускую мову.

помнік у Навагрудку 

1955 год. Нарадзіўся Аляксандр Лакотка

Беларускі архітэктар, гісторык архітэктуры, этнограф, мастак. Заслужаны дзеяч навукі. Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук. Доктар гістарычных навук, доктар архітэктуры, прафесар. Акадэмік акадэміі навук Беларусі.

Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў.

Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фарміраванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля.

Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праекты многіх сядзіб. Ініцыятар стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна і в. Моталь Іванаўскага раёна.

1961 год. У в. Ніканавічы Быхаўскага раёна нарадзіўся Сяргей Украінка. 

Беларускі паэт.

Скончыў філалагічны факультэт БДУ, дзе быў актыўным членам літаб’яднання “Узлёт” на чале з прафесарам А. Лойкам. Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам школы на Быхаўшчыне, выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры МДУ імя  А. Куляшова.

Аўтар вершаў у зборніках “Вусны”, “Квадра”, “Дняпроўскія хвалі” і іншых, часопісе “Полымя”, перыёдыцы, прозы, крытыкі ў “Крыніцы”, “ЛіМ”, “Роднае слова”. Аўтар паэтычных кніг “Маё Купела”, “9 гранаў”.

Лірычны герой яго вершаў – асоба, паяднаная з Бацькаўшчынай, яе гісторыяй і сучаснасцю.

Аўтар вершаў, якія прысвечаны М. Багдановічу, М. Гарэцкаму.

Дзень у гісторыі. 20 студзеня. Нарадзіліся першы рэктар Магілёўскага педінстытута Яўген Бычкоў, акадэмік Браніслаў Тарашкевіч, артыст Рыгор Шырма. Ад голада памёр Еўдакім Раманаў

1801 год. Нарадзіўся Канут Русецкі. 

Беларуска-польска-літоўскі мастак. 

Прыхільнік францускай школы жывапісу. 

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны. 

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла. 

На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі” мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. 

Памёр 21 жніўня 1860 года.

1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся Яўген Бычкоў. 

Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута. 

У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе. 

Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута. 

Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.

Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)

1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).

Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй  Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).

Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944). 

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.

1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. 

Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі. 

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.

У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў  29 лістапада 1938 года.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). 

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. 

Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964). 

Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

1913 год. Нарадзілася Ларыса Алексютовіч

Беларуская танцоўшчыца, балетмайстар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працавала ў балетнай групе Беларускага драмтэатра (Купалаўскага), у аб’яднанні музычных эстрадных і цыркавых работнікаў, у Ансамблі беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. 

У 1950-1973 гадах працавала балетмайстрам ансамбля танца БДУ, выкладчыкам Беларускага харэаграфічнага вучылішча. 

Ставіла шэраг сцэнічных танцаў на традыцыйнай аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні», кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях».

Памерла ў 2003 годзе.

1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску. 

З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12. 

У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання. 

У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў. 

Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”. 

Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі. 

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.

1949 год. Памёр Юзаф Пузына. 

Польскі і беларускі гісторык, пісьменнік, паэт. Доктар філасофіі. Працаваў у міністэрстве замежных спраў Польшчы, рэдактарам міністэрскага часопіса “Messager Polonais”, членам рэдакцыі “Miesięcznik heraldyczny”, кіраўніком аддзела культуры магістрата Чанстаховы.

Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, патрыятычных паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар вялікай працы “Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга”, мемуараў пра пісьменніцу М. Радзевіч.

1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць

Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці. 

У Мінскую вобласць уключаны Вілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі. 

У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў. 

Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.

Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.

Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. 

У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».

Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.

1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.  Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва. 

Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская, апошнім – у 2022 годзе – дырэктар ААТ «Мажэліт» Вікенці  Ермалёнак. 

Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.  

Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.

2005 год. Зацверджаны гербы шэрагу гарадоў Віцебскай вобласці. 

Зацверджаны гербы Бешанковічаў, Браслава, Глыбокага, Гарадка, Докшыцаў, Лёзна, Мёраў, Полацка, Паставаў, Расонаў, Сянна, Талачына, Чашнікаў, Шаркаўшчыны, Шуміліна.

Герб Полацка

Дзень у гісторыі. 13 студзеня. Апошні бой гладыятараў. Забіты Міхоэлс. Спроба захопу вільнюскага тэлецэнтра. Нарадзіліся мастак Хаім Суцін, гісторык Генадзь Сагановіч, гімнаст Віталь Шчэрба

Шчодрык-Васілле, Малання, Васільеў вечар, Васільева каляда (13-14 студзеня). Сустрэча Новага года па юліянскім календары. Пачатак Шчодрага тыдня. 

Шчодрая (другая, мясная, нішчымная, скаромная, багатая, тоўстая) куцця – абрадавая пераднавагодняя вячэра. На ўсе тры куцці (апошняя 18 студзеня) прыкмячалі, якое надвор’е вечарам: калі неба яснае і шмат зорак, то будзе ўраджай на грыбы. 

Свята – кульмінацыя зімовых святак у гонар сонцавароту, галоўнай часткай якой, як і ў час калядаванняў, быў абход двароў, гаспадарак, хат са шчадроўкамі.

У адрознені ад калядак, якія спяваліся пад вокнамі, шчадроўкі – прадстаўленні з казой, конікам, буслам, жоравам, мядзведзем, смерцю – ладзіліся з дазволу гаспадароў у хаце.

14 студзеня зранку дзеці ладзілі Засяванне – “засявалі хаты” – магічна ўплывалі на будучы ўраджай. Яны прыходзілі да сваіх родных з зернем у прыполіку і з прыгаворам “Сею, сею, засяваю, з новым годам віншую, добрага ўраджаю жадаю!” рассыпалі зерне па хаце.

На Васільеў вечар дзяўчыны варажылі аб лёсе, замужжы. Яшчэ да наступу світанка, варылі абрадавую кашу. Калі каша паспявала, чыгун вымалі з печы і аглядалі. Калі ён трэснуў, то гэта прадвесціла бяду. Тое ж самае было звязана і з няпоўным чыгуном. Чырвоная каша, поўная – прадвесціла шчасце ўсёй хаце і шчасце для дачкі. Каша дробная, белая – суцэльная бязладзіца. У Васільеў вечар хадзілі па хатах для збірання пірагоў і свіных ножак. Пастукаўшыся ў вакно заможнай сям’і, шчадроўшчыкі спявалі: “Кішку ды ножкі ў верхняе акенца”.

404 год. Адбыліся апошнія баі гладыятараў у Рыме. 

Назва гладыятар паходзіць ад назвы маленькага двусечнага мяча з шырокім і вострым лязом (лац. Gladius – “меч”). Больш за шэсць з паловай стагоддзяў (з сярэдзіны III стагоддзя да н.э.) бітвы спецыяльна навучаных рабоў і ваенапалонных на залітай крывёй арэне цырка прыводзілі натоўп і патрыцыяў у апантанае захапленне.

Забарону на гэтую крывавую забаўку наклала хрысціянская царква ў згодзе з уладай. У забароне гульняў не апошнюю ролю адыграў такі трагічны выпадак. Падчас фінальнай стадыі паядынку на арэне Калізея, калі пераможца сутычкі рыхтаваўся нанесці апошні ўдар пераможанаму суперніку, на арэну выбег манах, каб спыніць расправу. Натоўп, які прагнуў крыві, закідаў камянямі высакароднага хрысціяніна Альмахуса (Святы Тэлемах). Уражаны здарэннем імператар Флавій Ганорый Аўгуст забараніў баі гладыятараў у Рыме.

Карціна "Пальцы долу" мастака Жан-Ляона Жэрома, 1872. год
Карціна “Пальцы долу” мастака Жан-Ляона Жэрома, 1872. год

1593 год. Памёр Сымон Будны

Вялікалітоўскі гуманіст, асветнік, пісьменнік, грамадскі і рэлігійны дзеяч. Актыўны ўдзельнік рэфармацыйнага руху, адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі. Прыхільнік кальвінізму, антытрынітарызму.

Адзін з заснавальнікаў кальвінісцкай друкарні ў Нясвіжы, выдавец Катэхізісу, Бібліі Новага Запавету ў перакладзе на беларускую і польскую мовы.

Дамагаўся крытычнага стаўлення да тэкстаў Святога Пісання.  Аўтар публіцыстычных твораў.

Адмаўляў догмат бессмяротнасці душы, Троіцу, прапаведаваў ідэю самаўладства, верацярпімасць, магчымасць маральнага ўдасканалення чалавека па-за Царквой. Заклікаў развіваць уласную культуру і ўласныя традыцыі. У сваіх палітычных поглядах прытрымліваўся ідэі справядлівасці для ўсіх слаёў грамадства.

Памёр з клятвай, што не ведае ніякага Бога і ніякага Хрыста.

У гонар дзеяча пастаўлены помнікі ў Нясвіжы і ў Мінску.

1719 год. Пётр I загадаў паручніку Івану Яўрэінаву і геадэзісту Фёдару Лужыну высветліць, ці мяжуе Азія з Амерыкай. 

Пасланцы праехалі праз Урал, Сібір, морам прайшлі з Ахоцка да Камчаткі,потым уздоўж Курыльскай грады, нанеслі на карту землі, на якіх пабывалі, сабралі з мясцовага насельніцтва ясак і прывялі яго ў рускае падданства. 

У маі 1722 года выхадзец з мсціслаўскай шляхты Іван Яўрэінаў у Казані перадаў Пятру I карту Камчаткі і Курыльскіх астравоў, але галоўная мэта дасягнута не была. Завершыць пачатае было даручана Вітусу Берынгу.

У гонар мсціслаўца названы праліў паміж астравамі Маканрушы і Анекатан Курыльскай грады. 

1841 год. Нарадзіўся Ігнат Здановіч. 

Адзін з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў, публіцыст.

Скончыў Пецярбургскі, Берлінскі ўніверсітэты. Кандыдат матэматыкі. Збіраў успаміны і звесткі пра філаматаў і філарэтаў, выдаў у Парыжы брашуру «Успамін пра філаматаў і філарэтаў».

У 1863 годзе вярнуўся ў Вільню, быў прызначаны паўстанцкім начальнікам Вільні. Арыштаваны царскімі ўладамі 26 верасня 1863 года. Публічна павешаны 2 студзеня 1864 года на Лукішскай плошчы ў Вільні. 

1893 год. У Смілавічах нарадзіўся  Хаім Суцін. 

Французскі мастак-экспрэсіяніст, адзін з найбольш славутых майстроў нацюрморту.

Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэслена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў – бязлітасныя псіхалагічныя характарыстыкі. Нацюрморты, як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэння.

Яго творы прадстаўлены ў найбуйнейшых дзяржаўных музейных і прыватных сходах розных краін свету. Дзве карціны  “Ева” (1928) і “Вялікія лугі ў Шартры, каля віядука” (1934) знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі ААТ «Белгазпрамбанк» і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

На радзіме, у Смілавічах, у 2008 годзе пры садзейнічанні ЮНЕСКА створана музейная экспазіцыя «Прастора Хаіма Суціна».

Памёр 9 жніўня 1943 года. Пахаваны на могілках Манпарнас у Парыжы.

Хаім Суцін. Дзіцёнак з цацкай

1932 год. Нарадзіўся Віктар Лебедзеў. 

Акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Пасля сканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, працаваў у Беларускім тэатры юнага гледача.

Яго творчасць была адметная спалучэннем псіхалагічнага аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будаваў на эмацыянальных кантрастах, тонка адчуваў жанравыя асаблівасці твора.

Іграў у пастаноўках па творах Я. Купалы, В. Вольскага, І. Мележа, З. Бядулі, А. Астроўскага, М. Горкага, М. Гогаля, У. Шэкспіра і іншых. Здымаўся ў кіно і на тэлебачанні, у тым ліку ў кінафільмах “Апошняе лета дзяцінства”, “Чорны замак Альшанскі”, “Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі”.

Памёр 2 снежня 2001 года.

У яго гонар у Мінску, на доме па праспекце Незалежнасці, 42 устаноўлена мемарыяльная дошка.

1935 год. Памёр Мікалай Бліадуха. 

Беларускі геолаг, акадэмік Акадэміі навук БССР, прафесар. Арганізатар геалагічнай службы БССР, складальнік першай геалагічнай карты Беларусі, адзін з заснавальнікаў сістэмнага вывучэння карысных выкапняў у Беларусі.

Узначальваў горны аддзел Упраўлення Савета народнай гаспадаркі БССР,  выкладаў у БДУ, загадваў кафедрай геалогіі, арганізаваў і ўзначаліў  Інстытут геалогіі АН БССР.

Узначальваў экспедыцыі па даследаванні Аршанскай, Магілёўскай і Калінінскай акруг. Вывучаў мелавыя адкладанні і фасфарыты на паўднёвым усходзе краіны.

З яго непасрэдным удзелам былі адкрыты новыя радовішчы мергеляў, крэйды, фасфарытаў, даламітаў, шкляных пяскоў, торфу, сапрапеляў, будаўнічых матэрыялаў, мінеральных вод.

Вынікі даследаванняў з’явіліся падставай для будаўніцтва Крычаўскага цэментавага завода.

Падараваў БДУ уласную вялікую калекцыю горных парод і мінералаў, якая стала пачаткам Музея землязнаўства геаграфічнага факультэта БДУ.

Быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады.

1940 год. Скончыўся 810-дзённы дрэйф парахода «Сядоў» у Арктыцы. 

Адным з 15 удзельнікаў экспедыцыі быў ураджэнец в. Цішоўка Магілёўскага раёна Восіп Нядзвецкі, які разам з астатнімі членамі экіпажа атрымаў званне Героя Савецкага Саюза.

Восіп Нядзвецкі (1908-1959) – другі герой-магілёвец пасля Ота Шмідта. Яго імя носіць бухта на востраве Тыртава (архіпелаг Нордэншэльда). Але на карце Магілёва яго імя мы не знойдзем.

У 1944-1945 гадах быў  начальнікам тэхнічнага забеспячэння 1-й арміі Войска Польскага, у 1945-1946  – начальнікам тэхнічных майстэрняў Гданьскага ваеннага порта.

З 1946 года працаваў на палярных станцыях. Трагічна загінуў пры тушэнні пажара 26 снежня 1959 года на станцыі на мысе Арктычны. Пахаваны ў Маскве, на Ваганькаўскіх могілках.

1948 год. У Мінску супрацоўнікамі дзяржбяспекі быў забіты Саламон Міхоэлс (Воўсі). 

Акцёр, рэжысёр, яўрэйскі грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Народны артыст СССР, лаўрэат Сталінскай прэміі. Адзін з арганізатараў і кіраўнік Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра ў Маскве, старшыня Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта (1942-1948).

У 1923 годзе пастановай ЦВК БССР Маскоўскаму яўрэйскаму тэатру  было нададзена званне секцыі Беларускага акадэмічнага тэатра.

Здымаўся ў фільме беларускай кінастудыі «Вяртанне Нейтана Бекера», быў кансультантам фільма «Шукальнікі шчасця», здымаўся ў фільмах расійскіх кінастудый, у тым ліку, «Цырк» (роля гледача ў цырку, які спявае калыханку на ідышы).

У яго гонар адкрыты маскоўскі Міжнародны культурны цэнтр імя Міхоэлса, названыя плошча ў Тэль-Авіве і вуліца ў Даўгаўпілсе, яму прысвечаны фільмы, песні, у тым ліку А. Галіча, раман братоў Вайнераў «Пятля і камень у зялёной траве».

У 1998 года была прынята пастанова Савета міністраў Беларусі аб усталяванні мемарыяльнай дошкі С. Міхоэлсу на будынку рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага ў Мінску. Але пастанова не выканана.

1961 год. Нарадзіўся Генадзь Сагановіч. 

Беларускі гісторык, археолаг. Доктар габілітаваны.

Працаваў у Інстытуце гісторыі акадэміі навук Беларусі (1984-2005), пакуль не быў звольнены «за парушэнне працоўнай дысцыпліны». Пасля працаваў Еўрапейскім Гуманітарным універсітэце.

Праводзіў раскопкі шэрагу прыватнаўласніцкіх замкаў, у тым ліку Глускага, даследаваў кавальства Беларусі эпохі феадалізму, вывучае ваенна-палітычную гісторыю ВКЛ, гістарычныя сувязі з немцамі ў сярэднявеччы.

Складальнік і адзін з аўтараў зборніка «Імя тваё Белая Русь», аўтар, суаўтар кніг па гісторыі ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, у тым ліку «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» (разам з У. Арловым).

Заснавальнік і галоўны рэдактар часопіса «Беларускі гістарычны агляд».

Узнагароджаны медалямі Францішка Багушэвіча Беларускага ПЕН-цэнтра, 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

1972 год. Нарадзіўся Віталь Шчэрба. 

Беларускі спартсмен, гімнаст. Заслужаны майстар спорту СССР, Беларусі. Шасціразовы алімпійскі чэмпіён, 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША), чэмпіён Унівэрсіядаў (1993, 1995). Адзін з найлепшых гімнастаў усіх часоў.

У 1992 годзе Міжнародны алімпійскі камітэт узнагародзіў яго прызам «Джэсі Оўэнса» як найлепшага спартсмен года.

Ад 1996 года жыве ў ЗША, мае ўласную гімнастычную школу, трэнер зборнай ЗША па спартыўнай гімнастыцы.

1991 год. Спроба савецкіх войск захапіць тэлецэнтр у Вільнюсе.

Праз 10 месяцаў пасля заявы Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР аб аднаўленні незалежнасці Літоўскай Рэспублікі, 9 студзеня 1991 года а 16:00 ля будынка Вярхоўнага Савета Літвы сабраўся шматтысячны натоўп пераважна рускамоўнага насельніцтва з лозунгамі: «Далоў парламент! Няхай жыве СоюзССР!».

Рускамоўных грамадзян падтрымаў М. Гарбачоў, які 10 студзеня запатрабаваў аднавіць у Літве Канстытуцыю СССР. У Вільнюс прыбыў спецназ КДБ «Альфа», былі перакінуты з Каўнаса часткі 7-й дэсантнай, з Пскова – 76 дэсантнай дывізій, прыведзена ў баявую гатоўнасць 107-я мотастралковая дывізія. 

У ноч з 10 на 11 студзеня вайскоўцы занялі Дом друку, цягам 11 студзеня былі занятыя рэтрансляцыйны тэлевізійны вузел, грамадскія будынкі. 

Кіраўніцтва Літвы заклікала насельніцтва выйсці на вуліцы і прыняць удзел у ахове будынкаў Вярхоўнага Савета, радыёцэнтра, тэлевежы, а Міністэрства замежных спраў накіравала ў Маскву ноту пратэсту ў сувязі з “акупацыйнымі дзеяннямі савецкіх ваеннаслужачых”. 

У ноч з 12 на 13 студзеня дэсантнікі і група “Альфа” накіраваліся да парламента і на штурм тэлевізійнай вежы. Пры штурме апошняй загінула 14 чалавек, 843 былі параненыя (паводле апошніх даных). 

У гонар гэтых студзеньскіх падзеяў у Літве ўсталявана свята Дзень абаронцаў свабоды – 13 студзеня.

Абаронцы тэлецэнтра ў Вільнюсе. Крыніца delfi.lt

Дзень у гісторыі. 9 студзеня. Прэм’ера фільма “Ідзі і глядзі”. Нарадзіліся Рычард Ніксан, кампазітар Уладзімір Солтан. Памёр святар Юзэф Булька

Сцяпан, Стэфан (народны каляндар). 

«На святога Сцяпана вышэй слуга за пана». Дзень найму парабкаў, слугаў, пастухоў. У пастухі наймешся – уся вёска ў цябе ў абавязку.

Прыйшоў Стэфан – на ім чырвоны жупан (марозны дзень).

У гэты дзень праводзілі абрады абароны ад сурокаў. За вёскай на заснежанай Чырвонай горцы сяляне ставілі 12 калоў ці жэрдак. Каля гэтых калоў дзяўчыны злівалі ваду ў чару згубную, нібы змывалі нуду з сэрца і выплюхвалі яе ў сярэдзіну кола.

Клапаціліся аб канях, паілі іх праз срэбра – вадой, прапушчанай праз срэбнае сіта.

На Сцяпана па ўсіх кутах двара ставілі асінавыя калы – каб ведзьмы не маглі падысці.

Час, калі пачыналіся маладзёвыя вечарынкі, хадзілі калядоўшчыкі па дварах.

1801 год. Нарадзіўся Восіп Кавалеўскі. 

Беларускі філолаг, манголазнавец. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук.

Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладамі і  высланы ў Казань. Падарожнік па Манголіі і Кітаі (1829).

Рэктар Казанскага ўніверсітэта (1855-1860). Прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (з 1862).

Аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі», «Мангольска-руска-французскага слоўніка».

Памёр 21 кастрычніка 1878 года ў Варшаве.

1913 год. Нарадзіўся Рычард Ніксан. 

36-ы віцэ прэзідэнт (1953-1961) і 37-ы прэзідэнт (1969-1974) ЗША. Першы прэзідэнт ЗША, які наведаў Беларусь – 1 ліпеня 1974 года. Пры Ніксане палепшыліся адносіны з Кітаем, было падпісана Парыжскае пагадненне 1973 года пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме, заключаны шэраг дагавароў з СССР пра абмежаванне стратэгічных узбраенняў, прадухіленне ядзернай вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры.

Пры наведванні Беларусі, госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі “Заслаўе”. Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да падножжа манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дадаў: “Я раней думаў, што Мінск і Беларусь увогуле знакамітыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут”. А яшчэ ён разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

Адзіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прыезд кіраўніка ЗША у асобе Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года.

1927 год. Памёр ураджэнец Ружанаў Аляксандр Дунін–Гаркавіч. 

Член геаграфічнага таварыства, даследчык Поўначы Заходняй Сібіры, краязнавец, лесазнавец.

Герой руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, узнагароджаны медалём “За адвагу”. Працаваў ляснічым у Самарскай, Ніжагародскай, Разанскай, Табольскай губернях. 

За даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 годзе ўдастоены малым залатым і вялікім сярэбраным медалямі Рускага геаграфічнага таварыства. Выкладаў у Табольскім зааветтэхнікуме, з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы. 

Аўтар 67 прац па краязнаўстве, геаграфіі, этнаграфіі, карты Табольскай губерні, манаграфіі «Табольская Поўнач». Яму пастаўлены помнікі ў Табольску, Ханты-Мансійску, імем вучонага названа вуліца ў Ханты-Мансійску.

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Солтан. 

Беларускі кампазітар. Выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шэрагу інструментальных і вакальных твораў разнастайных малых і буйных жанраў. Найзначнейшае творчае дасягненне – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле матываў аповесці Уладзіміра Караткевіча,  найбольш папулярная беларуская опера у рэпертуары Тэатра оперы і балета Беларусі, атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.

Сярод пазнейшых твораў У. Солтана – оперы «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях»), «Mілавіца», вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, пecні і музыка да некалькіх кінафільмаў, тэлесерыяла «Проклятый уютный дом» (34 серыi).

Загінуў 1 чэрвеня 1997 года ў дарожна-транспартным задарэнні.

1966 год. Трагічна загінуў ад рукі бандыта на падставе моўнай нянавісці Ігар Хадановіч (1940-1966). 

Беларускі пісьменнік. 

Скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ. Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і Мастацтва», у Мінскім абкаме камсамола.

1986 год. Адбылася прэм’ера мастацкага фільма рэжысёра Элема Клімава “Ідзі і глядзі”

Фільм пра падзеі ў 1943 годзе зняты на кінастудыях “Беларусьфільм”, “Масфільм”. Сцэнарысты: Алесь Адамовіч, Элем Клімаў. У фільме вясковага хлопца-партызана сыграў Аляксей Краўчанка.

Фільм узяў 1-ы прыз “Залатая пласціна” на ХХV Міжнародным кінафестывалі ў Авеліна, 1985, Галоўныя прэміі на I Міжнародным кінафестывалі ў Троі, Партугалія, 1985, на XIX кінафестывалі ў Алма-Аце, 1986, Залаты прыз на XIV Маскоўскім Міжнародным кінафестывале, 1985.

1993 год. Будынак мінскага Архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі вернуты каталікам. 

Кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у стылі віленскага барока.

Касцёл узведзены ў 1710 годзе як езуіцкая рэзідэнцыя, а касцёльныя вежы былі завершаны толькі ў 1730 годзе. У вежах былі ўстаноўлены прывезеныя з Данцыга гадзіннік і званы. 

Кафедральны сабор з 1798 года, у 1820 годзе пераасвячоны ў гонар Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Зачынены ў 1934 годзе і пераўтвораны ў гараж. 

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая адміністрацыя дазволіла касцёлу функцыянаваць, але ў 1947 годзе зноў зачынены. У 1951 годзе будынак ператварылі ў спартыўны комплекс таварыства «Спартак». 21 кастрычніка 1997 года касцёл асвечаны нанова.

2004 год. Памёр Юрый Сідараў. 

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Працаваў у Гродзенскім абласным, Дзяржаўным рускім драматычных тэатрах, выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Яго творчасці ўласцівыя лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры нутранай напружанасці, дакладнасць дэталяў, пластычнасць мастацкага вобраза.

Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камедыйных роляў у пастаноўках па творах К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча, В. Быкава і шматлікіх іншых. Удзельнічаў у тэлевізійных і радыёспектаклях.

2009 год. Памёр Аркадзь Жураўскі. 

Беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. 

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і іншых).

Адзін са стваральнікаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1-13, 1982-1993).

2010 год. Памёр Юзэф Булька. 

Каталіцкі святар, пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна.

Нарадзіўся ў 1925 годзе ў Літве. Пасля сыходу на пенсію з віленскага завода электрычных лічыльнікаў, стаў ксяндзом і 22 гады служыў у Мосары. Прапагандыст здаровага ладу жыцця, зрабіў Мосар турыстычнай Мекай: антыалкагольны музэй, Алея цвярознікаў, Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, помнік Яну Паўлу II, капліцы.

У 2005 годзе стаў першым беларускім ксяндзом, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне», у 2006 годзе ўзнагароджаны медалём Францішка Скарыны.

Дзень у гісторыі. 27 лістапада. Слуцкае паўстанне. Нечаканая радзіма рускай марской пяхоты. Спыненне дзейнасці Вярхоўнага Савета Беларусі

Дзень Герояў Беларусі. 

У гонар пачатку Слуцкага паўстання 1920 года (27 лістапада – 28 снежня). Лозунг паўстання: “Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў”. Першае самастойнае вайсковае выступленне беларусаў за сваю нацыянальную незалежнасць. Удзельнічалі жыхары Слуцкага і часткова Бабруйскага паветаў. Армія паўстанцаў дасягнула 4 тыс. чалавек і змагалася за незалежнасць БНР. Нягледзячы на гераізм паўстанцаў, перавага была на баку рэгулярнай арміі бальшавікоў. Надзеі на дапамогу Польшчы і на тое, што іх падтрымаюць у іншых месцах Беларусі, не спраўдзіліся, не адбылося і аб’яднання слуцкіх паўстанцаў з арміяй Булак-Балаховіча. У канцы снежня  атрады паўстанцаў перайшлі праз раку Лань, дзе іх сустрэлі і інтэрнавалі польскія жаўнеры.

Юстыніян і Піліп (народны каляндар). 

Пярэдадзень Піліпаўскага посту, які доўжыцца да 6 студзеня 2023 года.

Канец вясельным тыдням, надыходзіць Кудзеліца – першы тыдзень прадзення ў Піліпаў пост.

Калі шэрань на Піліпа ўсе дрэвы ўпрыгожыць – будзе багаты ўраджай аўса.

Крумкач каркае да адлігі.

Воблачна або снежна – да дрэннага мая.

1705 год. Паводле загаду Пятра I створана марская пяхота. 

Першы “рускі” “полк марскіх салдат” графа Ф. Галавіна быў ўтвораны ў беларускім Гродна ў складзе 1200 чалавек. Полк прызначаўся для службы ў абардажна-дэсантных камандах на баявых караблях ветразнага флота. Камплектаванне палка ажыццяўлялася не рэкрутамі, а падрыхтаваным асабовым складам вайсковых частак, што было выклікана падвышанымі патрабаваннямі да баявой падрыхтоўкі марской пяхоты і больш складанымі баявымі задачамі, якія ўскладаюцца на яе ў параўнанні з вайсковымі часткамі.

Рускія крыніцы звычайна замоўчваюць факт месца фарміравання палка ў Гродна.

1815 год. Рускі цар Аляксандр I падараваў Канстытуцыю Царству Польскаму. 

Царства, або Польскае Каралеўства, альбо Кангрэсавая Польшча ці «Кангрэсоўка», была ўтворана 20 чэрвеня 1815 года ў выніку Венскага кангрэсу, які аформіў новую палітычную карту Еўропы пасля напалеонаўскіх войнаў. Аляксандр І хацеў далучыць да сваёй імперыі амаль усе землі сучаснай Польшчы (Вялікага герцагства Варшаўскага), але гэтаму супрацьстаялі Аўстрыя і Францыя, якія не жадалі ўзмацнення Расіі.

Тэрыторыя польскай «квазідзяржавы» складала 128 тыс. км² з насельніцтвам 3,2 мільёны чалавек.

Дзеля таго, каб прывабіць сваіх новых падданых і задаволіць чаканні палякаў, якія спадзяваліся на атрыманьне дзяржаўнай аўтаноміі і дзеля гэтага змагаліся на баку Напалеона, Аляксандр І пайшоў на палітычныя саступкі, надаўшы Польскаму Каралеўству пашыраныя дзяржаўныя магчымасці. Польскае Каралеўства захавала свае грошы, войска, атрымала канстытуцыю.

На дзеянні Аляксандра І вялікі ўплыў аказваў Адам Чартарыйскі, які таксама ўдзельнічаў у распрацоўцы польскай канстытуцыі.

Паводле канстытуцыйнага ўкладу польская дзяржава навекі далучалася да Расейскай імпэрыі, вярхоўная заканадаўчая і выканаўчая ўлада знаходзілася ў руках расійскага цара. Жыхары Польшчы атрымалі выбарчыя правы. Гарантавалася асабістая свабода і недатыкальнасць. Канстытуцыйная аўтаномія Каралеўства Польскага праіснавала да Лістападаўскага паўстання 1830 года, пасля падаўлення якога, дзяржаўная аўтаномія была фактычна ліквідавана. Тым ня менш, Каралеўства Польскае як дзяржаўная форма праіснавала да 1917 году.

nlr.ru

1867 год. Нарадзіўся Іван Жалтоўскі

Беларускі дойлід, тэарэтык, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР і РСФСР, акадэмік АН БССР, Акадэміі архітэктуры СССР. Лаўрэат Сталінскай прэміі.

Пабудаваў шмат будынкаў ў Маскве і Падмаскоўі. Да 1917 года быў адным з найбольш запатрабаваных архітэктараў, які будаваў дамы для самых багатых людзей Расіі.

Праекціроўшчык пінскай званіцы кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Удзельнік паслярэвалюцыйнай перапланіроўкі Масквы. Пад яго кіраўніцтвам ўзводзяцца будынкі Маскоўскіх ГЭС, Дзяржбанка, кінатэатраў «Слава» і «Буревестник», будынкі ў Сочы, Грозным, Махачкале, Таганрозе, Ашхабадзе, Ніжнім Тагіле, Ялце, Харкаве,  Гомелі, Мазыры, Пінску. Яго вучні Баршч і Паруснікаў стваралі ансамбль праспекта Сталіна ў Мінску.

У сярэдзіне 1950-х гадоў у майстэрні-школе Жалтоўскага выконваліся ўсе конкурсныя работы, што праводзіліся ў Маскве: Барадзінская панарама, Палац піянераў, Палац працы, Палац Саветаў на Ленінскіх гарах, пантэон Вялікім людзям, Дом саюзаў ВЦСПС на Крымскай набярэжнай.

Памёр 16 ліпеня 1959 года.

У Пінску названы праспект яго імём, на будынку былога Пінскага рэальнага вучылішча ўсталяваная мемарыяльная дошка.

1874 год. У беларускім Моталі нарадзіўся Хаім Вейцман. 

Навуковец-хімік, першы прэзідэнт Ізраіля (1948). Адзін з лідараў сіянісцкага руху.

Скончыў Пінскае рэальнае вучылішча (1892).

У 1920-1931 і 1935-1946 гадах узначальваў сусветную Сіянісцкую арганізацыю.

У 1940-х гадах пераехаў у Палесціну, дзе ўзначаліў яўрэйскі нацыянальны рух. Заснавальнік Яўрэйскага ўніверсітэта ў Іерусаліме, навукова-даследчага інстытута па тэарэтычных і прыкладных прыродазнаўчых навуках у Рэхаваце.

Уладальнік каля 100 патэнтаў у галіне прамысловага прымянення шэрагу хімічных працэсаў.

Аўтар аўтабіяграфіі «Выпрабаванні і памылкі».

Яго пляменнік Эзер Вейцман, у 1993 годзе таксама абраны прэзідэнтам Ізраіля.

Памёр 9 лістапада 1952 года.

wikimedia.org

1900 год. Нарадзіўся Рыгор Пукст. 

Беларускі кампазітар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Выкладаў у Омскім, Гомельскім  музтэхнікумах, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

Аўтар опер «Машэка», «Марынка», «Свіцязянка», 6 сімфоній, хораў, рамансаў. Аўтар вядомай «Перапёлачкі». Пісаў музыку да фільмаў і тэатральных спектакляў.

Памёр 11 лістапада 1960 года.

1903 год. Нарадзіўся Піліп Пестрак

Беларускі пісьменнік. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Заслужаны дзеяч культуры. Грамадска-палітычны дзеяч Заходняй Беларусі.

Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР, у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР, літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР.

Друкаваўся ў часопісах «Родныя гоні», «Краты».

Аўтар зборнікаў вершаў, раманаў, п’ес. П’еса «Пад зоркамі» ставілася ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. На яго вершы напісаны песні.

Пераклаў на беларускую мову творы польскіх, украінскіх, латышскіх, літоўскіх пісьменнікаў.

Яго імем  названы вуліцы ў Мінску і Гродне.

Памёр 22 жніўня 1978 года.

wikimedia.org

1906 год. Нарадзіўся Юрый Арынянскі. 

Беларускі акцёр і рэжысёр.  Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Вучыўся ў Маскве. З 1939 года працаваў на Беларусі ў тэатрах Гродна, Брэста, Гомеля.

Сярод лепшых пастановак: «Тры сястры» А. Чэхава, «Сэрца на далоні» І. Шамякіна, «Выклік багам» А. Дзялендзіка.

Памёр у 1989 годзе.

1918 год. У склад Літоўскай Тарыбы кааптаваны 6 прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады. Створана Міністэрства беларускіх спраў Літвы.

Орган выканаўчай улады ў літоўскім урадзе ў 1918-1923 гадах. Дзейнічала на тэрыторыі Гродзеншчыны і Віленшчыны, яго ўзначальвалі Язэп Варонка, потым – Дамінік Сямашка.

Створаны 1-ы беларускі пешы полк у Гродне, Гродзенская павятовая рада, беларуская краёвая ўправа і камітэт сувязі культурна-нацыянальнага адраджэння. У 1923 годзе, пасля канчатковага далучэння Віленшчыны да Польшчы, адносіны з літоўскім урадам пагоршыліся і міністэрства спыніла сваю дзейнасць.

1921 год. Нарадзіўся Уладзімір Тарасевіч. 

Каталіцкі святар-бенедыкцінец, біскуп, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў на Захадзе. Доктар багаслоўя.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны пераехаў у ЗША.

У 1958-1986 гадах узначальваў беларускую ўніяцкую парафію Хрыста Спаса ў Чыкага. Архімандрыт. Епіскап каталіцкай царквы ўсходняга абраду, адначасова Папам Рымскім прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў заходняга і ўсходняга абрадаў на эміграцыі.

Адзін з заснавальнікаў уніяцкага англа-рускамоўнага часопіса «Церковный голос», выдаваў бюлетэні «Праўда», «Да злучэння».

Памёр 2 снежня 1986 года. Пахаваны на могілках бенедыкцінскага кляштара Св. Пракопа ў Лайле, штат Ілінойс.

wikimedia.org

1932 год. Памёр Дамінік Сямашка. 

Польскі, беларускі і літоўскі палітычны дзеяч.

Член загранічнага саюза польскіх сацыялістаў у Парыжы, Львове і Цюрыху.

Аўтар праекта стварэння Народнага ўніверсітэта імя А. Міцкевіча.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху на Віленшчыне, удзельнік пасяджэння Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая абвясціла незалежнасць БНР, член Літоўскай Тарыбы.

Прыхільнік федэрацыі Беларусі і Літвы.

У чэрвені 1920 – лютым 1922 кіраўнік Міністэрства беларускіх спраў Літвы. Падтрымліваў ідэю «вялікай Літвы».

Працаваў у літоўскай пажарнай ахове.

1938 год. Расстраляны НКУС Сымон Рак-Міхайлоўскі. 

Беларускі публіцыст, грамадскі і палітычны дзеяч, сябра Рады БНР. Пасол сейма Польшчы.

Дзеяч Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Публікаваўся ў газетах “Наша Ніва”, “Беларусь”, “Звон” і іншых. Аўтар музыкі на словы М. Багдановіча “Зорка Венера”.

Яму прыпісваюць аўтарства дуэта-балады «Што за хлопец, што за дзяўчына?».

Працаваў у сектары навукі Наркамасветы, дырэктарам Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея. У 1931-1932 гадах быў сябрам ЦВК БССР.

Арыштаваны ДПУ ў 1933 годзе, у 1934 прыгавораны да расстрэлу. Прысуд заменены на 10 гадоў лагераў. Вязень Салавецкіх лагераў. У  верасні 1937 этапаваны ў Мінск, 14 лістапада 1938 года НКУС прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны ў Мінску.

У яго гонар усталяваны мемарыяльныя дошкі на колішнім будынку манастыра базыльян у Барунах, у якім у 1920-1922 гадах дзейнічала беларуская настаўніцкая семінарыя, дырэктарам якой ён быў, у в. Максімаўка Маладзечанскага раёна.

wikimedia.org

  1938 год. Нарадзілася Зоя Літвінава. 

Беларуская мастачка. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод галоўных твораў: пано «Стары і новы Вільнюс» (кінатэатр «Вільнюс», Мінск), палотны «Мая Радзіма», «Мадонна», роспіс капліцы Св. Марыі (Хапфагартанс, Аўстрыя).

Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, грамадскіх і прыватных зборах Беларусі, Расіі, Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Вялікабрытаніі, Ізраіля і іншых.

1947 год. У Бабруйску нарадзіўся Эдуард Белагураў. 

Беларускі мастак. Стварыў шэраг манументальных роспісаў, у тым ліку будынкаў бабруйскіх СШ № 1, вучылішчаў № 226, медыцынскага, механіка-техналагічнага тэхнікума, будынкаў у Рагачове.

Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах тэматычнай карціны і партрэта.

Аўтар партрэтаў мастакоў М. Ісаёнка, У. Тоўсціка, К. Паплаўскай і іншых, аўтапартрэтаў: ад кубічных да рэалістычных, глыбока псіхалагічных работ, нацюрмортаў, пейзажаў, сюжэтных карцін.

Яго творы зберагаюцца ў дзяржаўных музеях і прыватных зборах Беларусі, Расіі і іншых краін.

Памёр 17 мая 1998 года.

sb.by

1967 год. Нарадзіўся Генадзь Вінярскі

Географ, беларускі кнігавыдавец.

У 1995-2018 гадах – выканаўчы дырэктар, дырэктар выдавецтва «Беларускі кнігазбор», МГА «Беларускі кнігазбор», МГА «Белкнігазбор». «Беларускі кнігазбор» – кніжны праект класікі беларускай літаратуры і літаратуры пра Беларусь ад старажытнасці да нашых дзён. Праект «Беларускі кнігазбор» складаецца з трох асноўных серый: «Мастацкая літаратура», «Гістарычна-літаратурныя помнікі», «Пераклады замежнай класiкі».

Наклады першых тамоў былі ад 4 000 да 10 000 («Філаматы і Філарэты»).

З 2018 года дырэктар ПУП «Кнігазбор».

1996 год. Спынена дзейнасць Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па выніках праведзенага рэферэндуму

Вярхоўны Савет – найвышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь у 1991 – 1996 гадах. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканадаўчай улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі краінамі. 

За гады існавання яго Старшынямі былі С. Шушкевіч (1991-1994), В. Кузняцоў (в.а, 26.01.-28.01.1994), Мечыслаў Грыб (1994-1996), Сямен Шарэцкі (10.01.-27.11.1996). Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў.

Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці – спецыяльныя і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярхоўнага Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў прэзідэнта краіны, правядзенне рэспубліканскіх рэферэндумаў, вызначэнне асноўных кірункаў унутранай і міжнароднай палітыкі, іншыя пытанні.

Функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу і прэзідэнта Беларусі.

апошні Старшыня ВС Беларусі Сямён Шарэцкі, litamerica.us

На Мікалаеўшчыне абстралялі журналістаў з Партугаліі, а кіраўнік вобласці мае дзясяткі паведамленняў аб калабарантах. Латышскі актор пра ўдзел у расійскіх праектах: «выкінуць прэч». У Клайпедзе бракуе месцаў для ўкраінскіх уцекачоў


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».


За два дні кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталій Кім атрымаў 96 паведамленняў аб калабарантах у горадзе. 

Да гараджан ён зьвярнуўся, бо палічыў, што ў горадзе ёсць памагатыя расійскім войскам. Чыноўнік паабяцаў 100 долараў тым, хто зможа выкрыць карэктыроўцаў агню. 

Высветлілася, што «за карысную інфармацыю» расіяне плацяць па 1500 грыўнаў (50 долараў), гаворыцца ў паведамленьні тэлеграм-каналу «УНІАН».

У выніку абстрэлу гораду ў ноч з 20 на 21 ліпеня пашкоджана 13 жылых дамоў. 

Пацярпелых людзей няма, паведамляе мэр Мікалаева Аляксандр Сянкевіч.

niknews.mk.ua

Журналісты з Партугаліі трапілі пад расійскі абстрэл у Мікалаеўскай вобласці.

Паводле паведамлення ў тэлеграм-канале Нацыянальнага саюзу журналістаў Украіны здарэньне адбылося ў адным з паселішчаў рэгіёну.

v5.ua.news

«Здымачная група на чале з дасведчаным партугальскім ваенным карэспандэнтам Антоніа Матэусам трапіла пад абстрэл у вёсцы Лімані», – адзначаецца ў допісе.

v5.ua.news

Па словах Андрэя Каваленкі з Акадэміі ўкраінскай прэсы, які працуе з камандай RTP, усё адбылося вельмі хутка.

«Уцякалі і здымалі», – заявіў ён.

У Мікалаеўскай вобласці налічваецца 72 тысячы вымушаных перасяленцаў.

З іх каля 60 тысяч атрымалі гэты статус пасля 24 лютага 2022 года, поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Сярод вымушаных перасяленцаў 13 тысяч дзяцей, піша «Миколаївська правда», спасылаючыся на прадстаўніцу Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека.


Даўгаўпілс, Латвія

Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.


З пачаткам поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны латышскі актор Івар Калныньш адмовіўся ўдзельнічаць у расійскіх праектах.

Аб сыграных у Расіі ролях 73-гадовы артыст не шкадуе і прызнаецца што цяпер яны нічога для яго не значаць.

press.lv

«Выкінуць іх прэч», – адзначае ён.

«Нягледзячы на ​​свае гады, думаю, якаясьці творчасць яшчэ наперадзе будзе, – лічыць актор. – Большую частку жыцця я правёў на савецкай і расійскай сцэнах. Усе мне з гэтага ціхенька зайздросцілі, але цяпер немагчыма знаходзіцца ў двух месцах адначасова», – піша выданне «Press».

З пачаткам вайны ва Ўкраіне 32 грамадзяны Беларусі звярнуліся па прыстанішча ў Латвіі.

Разам з расіянамі колькасць ахвотных беларусаў атрымаць прытулак у гэтай краіне складае 80 чалавек. На 15 ліпеня васьмёра з іх атрымалі міжнародную дапамогу, паведамляе «Press», спасылаючыся на звесткі Ўпраўлення ў справах грамадзянства і міграцыі.

static.dw.com

На 1 ліпеня беларусы маюць 2456 дазволаў на часовае пражыванне ў Латвіі.

У 2020 годзе па прытулак звярнуліся 44 грамадзяніны Беларусі, а ў 2021 годзе 56.

Латгальскі заасад адзначае 30-гадовы юбілей.

Летась у Latgales Zoodārzs пабывала некалькі дзясяткаў тысяч наведнікаў, піша газета «Наш горад».

i.imgur.com

Сёлета Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя і рэгіянальнага развіцця падтрымала праект стварэння ў заасадзе балотарыя для назіранняў за прыроднай экасістэмай, паведамляў Магілёў.media у чэрвені.

На выдзелены 1 мільён еўра будзе ўпарадкаванная прыродная сцежка ўздоўж балоцістая мясцовасці, якая на дадзены момант закрытая для чалавека.

Ідэя стварэння вакол балота наглядальных пунктаў, але без прамога ўмяшання чалавека ў прыродныя працэсы з’явілася 30 гадоў таму.


Клайпеда, Літва

8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.


У Вільні і Клайпедзе не хапае месцаў для ўкраінскіх уцекачоў.

У Клайпедзе зарэгістравана чатыры тысячы бежанцаў.

«Мы ўжо раздалі палову рэзерваў, выкарыстоўвалі палову муніцыпальнага жылога фонду», – тлумачыць мэр гораду Вітаўтас Грыбляўскас.

g3.dcdn.lt

«Будзем абмяркоўваць магчымасць размяшчэння бежанцаў у сацыяльных дамах, якія зачыненыя на рамонт, але дзе нібыта можна жыць», – адзначае ён.

У Літве зарэгістраваны больш за 36 тысяч бежанцаў з Украіны, указвае выданне «Delfi».

Група экспертаў, якая правяла пасяджэнне ў Клайпедскім самакіраванні, рэкамендуе знесці асноўныя элементы мясцовага савецкага мемарыяла – скульптуру трох воінаў, меч, зорку з чырвонага каменя і дэмантаваць «вечны агонь».

g3.dcdn.lt

Дэмантаж можна будзе ажыццявіць па скасаванні мемарыялу з рэестру ахованых помнікаў.

Экспертамі былі: гісторыкі, музеязнаўцы, юрысты. Будучае мемарыялу абмяркоўвалі на некалькі сустрэчах, піша «Delfi».

У Клайпедскім порце пачаўся новы круізны сезон. Сёлета чакаецца, што порт прыме 80 судоў з турыстамі. 

Летась праз пандэмію каранавірусу Клайпедскі зайшлі толькі два круізныя лайнеры,

g3.dcdn.lt

Адкрыў сезон круізны цеплаход Hamburg, які належыць кампаніі Conti Group. На ім у Клайпеду прыбылі больш за 300 нямецкіх турыстаў. Карабель даўжынёй 144 метры, разлічаны на 420 пасажыраў, выкарыстоўвае нямецкая кампанія Plantours Kreuzfahrten, паведамляе «Delfi».


Каменскае, Украіна

Пабрацім Бабруйску ад 2000 году. Горад абласнога падпарадкавання ў Днепрапятроўскай вобласці. Насельніцтва 250 тысяч чалавек. Да вайны культурны абмен між гарадамі пабрацімамі бабруйскія чыноўнікі лічылі актыўным.


Трохметровы «мядзведзка» упрыгожыў двор Дому дзіцячай творчасці ў Каменскім.

sobitie.com.ua

Арт-аб’ект стаў падарункам ініцыятыўных жыхароў гораду і студыяў прыгажосці ды працы з таленавітымі выхаванцам установаў пазашкольнай адукацыі, піша выданне Sobitie.


Краслава, Латвія

Пабрацім гораду Горкі. Дамова аб тым была падпісаная ў 2013 годзе на II Латвійска-беларускім форуме гарадоў пабрацімых у Даўгаўпілсе.

Краслава – адміністрацыйны цэнтр Краслаўскага краю. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе краіны, на рацэ Дзвіна – за 4 км ад чыгуначнай станцыі Краслава на лініі Даўгаўпілс – Полацк. Насельніцтва 10 10 тысяч чалавек. Традыцыйная беларуская назва – Краслаўка, Краслаў.


У латгальскіх гарадах Дагда і Эзэрніеку прайшоў Міжнародны фестываль беларускай песні і танца «ФЭСТ». 

Яго ў сёмы раз арганізуе Дагдскае беларускае таварыства «Вербіца» у супрацоўніцтве з мясцовым культурным цэнтрам.

На традыцыйнае беларускае свята прыязджаюць беларускія абшчыны з розных рэгіёнаў Латвіі, а таксама з іншых краін. Кожны ўдзельнік фестывалю вязе з сабою музычны «гасцінец», які дазваляе пазнаёміцца ​​з культурнай спадчынай беларускага народу.

kraslavasvestis.lv

Сёлета на «Фэст» прыехалі музычныя калектывы з усёй Латвіі, а таксама госці з Польшчы, піша выданне Kraslavas vestis.

Фестываль адкрыў намеснік старшыні думы Краслаўскага краёвага самакіравання Айварс Труліс, а сярод ганаровых гасцей быў дэпутат Краслаўскага краёвага самакіравання Язэп Дабкевіч.