Дзень у гісторыі. 28 лютага. Судзебнік Казіміра. Газета «Гоман». Нарадзіліся пісьменнікі У. Радзівіл, А. Бадак, гісторык Г. Галенчанка, Нобелеўскі лаўрэат П. Кругман

1468 год. У ВКЛ прыняты крымінальны кодэкс – Судзебнік Казіміра.

Першы зборнік крымінальнага і працэсуальнага права Вялікага Княства Літоўскага. Складзены паводле загаду вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка. 

Напісаны на старабеларускай мове суцэльным тэкстам. Дату выдання Судзебніка вызначыў ураджэнец Прапойска протаіерэй І. Грыгаровіч. 

У судзебніку вызначалася сістэма судоў, іх кампетэнцыя, утрымліваліся нормы грамадзянскага, крымінальнага і працэсуальнага права.

Вызначаліся адзіныя віды пакарання за злачынствы супраць феадальнай уласнасці, змяняўся парадак судаводства па гэтых справах, абмяжоўвалася адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа. Скарачаліся плацяжы на карысць суддзяў, павышалася адказнасць бадзягам, прадугледжвалася адказнасць за дапамогу пры ўцёках і арганізацыю ўцёкаў чэлядзі і феадальна-залежных людзей ад феадалаў. Асноўнымі відамі пакарання паводле судзебніка сталі пакаранне смерцю, грашовыя спагнанні і пабоі.

1616 год. Памёр Мікалай Радзівіл Сіротка (1549-1616).

Вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падарожнік, мемуарыст, мецэнат. 

Удзельнік аблог Улы, Пскова, вызвалення Полацка ад войск Івана Жахлівага. Падарожнік па Еўропе, Блізкаму Усходу. Аўтар кнігі «Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю», якая вытрымала 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай, рускай мовах, у 1984 годзе – на беларускай.

Ініцыятар і фундатар выдання першай дакладнай карты ВКЛ (выдадзена ў 1613).

1712 год. Нарадзіўся Удальрык Крыштоф Радзівіл.

 Польскі і беларускі пісьменнік, паэт, гісторык. Канюшы літоўскі, вялікі пісар літоўскі і староста менскі, генерал-лейтэнант войска ВКЛ.

Дзівак i фантазёр, здольны і начытаны, але схільны да авантурызму. Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моў, у тым ліку грэцкую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую.

Пакінуў значную літаратурную спадчыну. Аўтар кніг «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў», «Маральныя элегіі», «Агульная гісторыя» (або «Універсальная гісторыя», 3648 старонак), «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Сусветныя крытыкі або сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе» і іншых.

Перакладчык твораў на польскую мову.

Спрабаваў увесці ў спектаклях прыдворных тэатраў беларускую мову. Па-беларуску гаворыць адзін з герояў пераробкі твора Э. Бруселя «Камедыя Эзопа», прызначаная для нясвіжскага тэатра.

Памёр 21 ліпеня 1770 года.

1812 год. Памёр Гуга Калантай (1750–1812). 

Палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст.

Доктар філасофіі і тэалогіі. Актыўны дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, рэктар Кракаўскага ўніверсітэта.

Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791 года, адзін з вядучых ідэолагаў, кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў паўстанні 1794 года.

Суаўтар Кракаўскага акта паўстання, Паланецкага ўніверсала, пастановы аб надзяленні зямлёй сялян, якія бралі ўдзел у паўстанні.

Пасля паражэння паўстання ў 1794–1802 гадах быў у аўстрыйскім зняволенні.

Пакінуў багатую філасофскую і публіцыстычную спадчыну. Яго працы заснаваны на перадавых на той час ідэях Асветніцтва, вучэнні французскіх фізіякратаў, эвалюцыйнай канцэпцыі развіцця грамадства.

1916 год. У Вільні пачалося выданне газеты «Гоман».

Беларуская грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася да канца 1918 года ў Вільні на беларускай мове  2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай пад рэдакцыяй В. Ластоўскага, Я. Салаўя.

Выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларускага народа, незалежную Беларускую рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае Вялікае Княства Літоўскае.

Газета друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі і нацыянальнай культуры, па гісторыі нацыянальна-культурнага і літаратурнага руху, легенды, артыкулы па сацыяльна-палітычным праблемам, інфармацыю з франтоў, абвесткі беларускіх кнігарняў. Упершыню апублікавала некаторыя творы Я. Коласа, М. Багдановіча, Зм. Бядулі, А. Гаруна, Ц. Гартнага, А. Гурло, М. Нікіфароўскага, А. Луцкевіча.

1937 год. Нарадзіўся Георгій Галенчанка. 

Беларускі гісторык-медыявіст, кнігазнавец. Доктар гістарычных навук.

Працаваў у БДУ, у Інстытуце гісторыі АН БССР, даследаваў пытанні гісторыі беларускага кнігадруку XVI–XVIII стагоддзяў.

Аўтар даследаванняў «Малой падарожнай кніжкі» Ф. Скарыны, аўтар кніг «Ідэйныя і культурныя сувязі ўсходнеславянскіх народаў у XVI – сярэдзіне XVII ст.», «Францыск Скарына – беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар», суаўтар з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Францыск Скарына», выдадзенай ЮНЕСКА. 

Укладальнік раздзела «Старадрукаваныя кірылічныя выданні XVI–XVIII ст.» у каталогу «Кніга Беларусі. 1517–1917 гг.», факсімільнага выдання «Бібліі» Ф. Скарыны (у 3-х тамах).

1942 год. У ГУЛАГу памёр ураджэнец в. Выдранка Краснапольскага раёна Канстанцін Кернажыцкі (1902–1942). 

Беларускі гісторык, педагог. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт БДУ.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, БДУ.

Даследаваў аграрную гісторыю Беларусі познефеадальнай і капіталістычнай эпох, эвалюцыю феадальнага спосабу вытворчасці ў канцы XVII – 1-й паловы XIX стагоддзяў. Займаўся пытаннямі распаду феадальна-прыгонніцкай сістэмы, перыядызацыі гісторыі познефеадальнага перыяду на Беларусі.

Адзін са складальнікаў зборніка дакументаў «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах». Яго працы лічацца важнай вяхой у беларускай гістарыяграфіі ХХ стагоддзя.

11 снежня 1937 года арыштаваны НКУС, прыгавораны як «польскі шпіён» да лагераў.

1953 год. Нарадзіўся Пол Кругман. 

Амерыканскі эканаміст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы (2008)

Нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў яўрэйскай сям’і выхадцаў з Брэст-Літоўска. Зацікавіўся эканомікай і гісторыяй яшчэ ў дзяцінстве пад уплывам навукова-папулярных кніг выхадца з беларускіх зямель Айзека Азімава.

Прафесар Масачусецкага тэхналагічнага інстытута, Іельскага, Каліфарнійскага, Стэнфардскага ўніверсітэтаў, Лонданскай школы эканомікі, цяпер працуе ў Прынстанскім універсітэце.

1966 год. Нарадзіўся Алесь Бадак. 

Беларускі пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык.

Працаваў у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюзу пісьменнікаў Беларусі, у часопісах «Бярозка», «Маладосць», галоўным рэдактарам часопісаў «Нёман», «Полымя». Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

На шматлікія яго вершы напісаны песні А. Саладухі, А. Ярмоленкі, Алесі.

Аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень.

Выступае з літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі.

1985 год. Памёр Вадзім Жучкевіч (1915–1985). 

Беларускі прыродазнавец, доктар геаграфічных навук, прафесар. Прэзідэнт Геаграфічнага таварыства БССР.

У школьныя гады займаўся краязнаўчымі даследаваннямі, пісаў вершы, якія дасылаў у “Піянерскую праўду”. Атрымаў філалагічную і геаграфічную адукацыю (1939) у Мінскім педагагічным інстытуце. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Працаваў і простым настаўнікам правінцыянальных школ, і ўплывовым чыноўнікам Дзяржплана БССР.

У 1964–1985 гадах працаваў у БДУ: загадчык кафедры фізічнай геаграфіі мацерыкоў, дэкан завочнага факультэта.

Спецыяліст у галіне фізічнай геаграфіі, методыкі выкладання геаграфіі ў школе, стваральнік навуковай тапанімічнай школы Беларусі, аўтар тапанімічнага раянавання, даследчык беларускіх старажытных водных шляхоў, аўтар школьных падручнікаў “Геаграфія БССР. 7–8 класы” (1959–1989), 350 навуковых прац.

1993 год. Памёр Юрый Шчарбакоў (1925-1993).

Савецкі фізіка-географ, доктар геаграфічных навук, прафесар, буйны спецыяліст у галіне геамарфалогіі, вывучэння ландшафтаў, член геаграфічнага таварыства.

Герой-танкіст пад час Вялікай Айчыннай вайны, удзельнік баёў на Курскай Дузе. У час вызвалення Еўропы, двойчы гарэў у танку. Ганаровы грамадзянін г. Прагі.

Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт. Навукова-педагагічную дзейнасць пачаў на геаграфічным факультэце Магілёўскага педінстытута (1955–1958), прымаў актыўны ўдзел ва ўсебаковым вывучэнні Магілёўскай вобласці, у рабоце Беларускага геаграфічнага таварыства.

Пасля Магілёва працаваў у Пермскім, Краснаярскім, Сімферопальскім, Цверскім універсітэтах.

2007 год. Памёр Генадзь Шкуратаў (1949–2007). 

Беларускі акцёр. Заслужаны артыст Беларусі.

Сыграў больш дзясятка роляў у Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа, каля 20 – у кіно.

Дзень у гісторыі. 10 лютага. Нарадзіліся пісьменнікі Ф. Умястоўскі, К. Каганец, старшыня Рады БНР В. Жук-Грышкевіч, акадэмік М. Высоцкі, палітык П. Латушка. Расстраляны Максім Гарэцкі

1452 год. Памёр Свідрыгайла Альгердавіч. 

Вялікі князь літоўскі. У хрышчэнні Баляслаў.

Удзельнічаў ў бітве на Ворскле (1399). У 1402–1409 гадах кідаўся паміж Тэўтонскім Ордэнам, маскоўскім князем Васілём I, ардынскім ханам Едыгеем, еўрапейскімі валадарамі ў пошуках саюзнікаў у барацьбе за сталец. 

У 1409 годзе вярнуўся да Літвы і быў зняволены ў Крамянецкі замак, дзе быў да 1418 года. Пасля замірэння ў 1420 годзе з Ягайлам і Вітаўтам, атрымаў Чарнігаўскае княства і Ноўгарад-Северскі.

У 1430 годзе абраны вялікім князем літоўскім. Канфліктаваў з Польшчай. Незадаваоленасць палітыкай новага князя прывялі ў 1432 годзе да спробы замаху  на яго жыццё князямі Жыгімонтам Кейстутавічам і Сямёнам Гальшанскім, але той паспеў уцячы ў Полацк. Замест яго вялікім князем абралі Жыгімонта. Распачаў грамадзянскую вайну (1432–1437), у якой атрымаў паразу ў  1435 годзе ў бітве пад Вількамірам.

1837 год. Памёр Аляксандр Пушкін. 

Расійскі паэт і пісьменнік. 

8 лютага атрымаў смяротнае раненне ў жывот пад час двубоя на пісталетах з паручнікам баронам Жоржам дэ Гекернам (Дантэсам). Вестка аб дуэлі і смерці Пушкіна выклікала моцнае хваляванне ў Пецярбургу. Каля труны паэта пабывала да 50 000 чалавек. 

Пахаваны ў Святагорскім манастыры.

1868 год. Нарадзіўся Карусь Каганец (Кастравіцкі). 

Беларускі пісьменнік, мастак, графік, скульптар і мовазнавец. Удзельнік рэвалюцыйнага руху. Сваяк знакамітага французскага паэта Гіёма Апалінера.

Удзельнічаў у стварэнні Беларускай Сацыялістычнай Грамады, распрацоўцы яе праграмы. Падрыхтаваў праект газеты «Палессе» (1904).

Аўтар апрацовак народных паданняў, казак, легенд, паданняў, навукова-папулярных нарысаў для дзяцей, драм, камедыі «Модны шляхцюк», якая карысталася вялікай папулярнасцю і была адным з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпертуару. Аўтар малюнкаў, палітычнай карыкатуры, вырабаў з гліны, дрэва і косці. Афарміцель вокладкі кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа (1909).

Супрацоўнічаў з газетай «Наша ніва». Апрацаваў кірылічны варыянт першага беларускага падручніка новага часу «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), распрацаваў праект адмысловага беларускага алфавіта.

Яго імя носіць вуліца ў Мінску.

Памёр 20 мая 1918 года.

1882 год. Нарадзіўся Францішак Умястоўскі. 

Беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч.

Вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, уваходзіў у падпольную арганізацыю студэнцкай моладзі «Круг беларускай народнай прасветы і культуры».

Аўтар вершаў, апавяданняў, артыкулаў у газетах «Наша ніва», «Kurier Litewski», гісторыі выдання “Нашай Нівы”, перакладаў творы О. Уайльда і М. Гогаля.

Браў удзел у выданні газеты «Наша доля», выдаваў «Беларускі дзень», «Беларуская культура».

Адзін з галоўных стваральнікаў беларускіх ваенных фарміраванняў, прадстаўнік Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Вільні, кіраўнік Беларускай вайсковай камісіі.

У 1939 годзе мабілізаваны як паручнік запасу ў польскую армію, 18 верасня трапіў у савецкі палон, інтэрнаваны ў лагер у Казельску. Загінуў у Катыні ў 1940 годзе.

1891 год. Пайшла з жыцця Соф’я Кавалеўская (Корвін-Крукоўская). 

Расійскі матэматык, механік, пісьменніца і публіцыстка, першая ў свеце жанчына-прафесар, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук.

Нарадзілася ў сям’і выхадца са старажытнага беларускага шляхецкага роду генерала В. Корвін-Крукоўскага.

Дзяцінства правяла ў Віцебскай губерні, вывучала звычаі і традыцыі беларусаў і ў мемуарах падкрэслівала значэнне беларускай прыроды ў станаўленні яе асобы.Яе першае каханне было звязана з іменем надзвычай вядомага чалавека таго часу, які таксама мае беларускія карані – Ф. Дастаеўскім.

Каб мець магчымасць займацца навукай, узяла з беларусам У. Кавалеўскім фіктыўны шлюб (пазней стаў сапраўдным) і паехала ў Гайдэльберг вывучаць матэматыку.

У 1874 атрымала ступень доктара філасофіі ў Гётынгенскім універсітэце. У 1883–1891 гадах прыват-дацэнт Стакгольмскага ўніверсітэта.

Аўтар прац па матэматычным аналізе, матэматычнай фізіцы і нябеснай механіцы, даследавала задачу Лапласа пра раўнавагу кольцаў Сатурна.

Лаўрэат прэмій Парыжскай і Шведскай акадэмій навук.

Аўтар аповесцей, драмы, сямейнай хронікі, мемуараў.

Памерла 10 лютага 1891 года.

1903 год. Нарадзіўся Вінцэнт Жук-Грышкевіч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, настаўнік.

Шосты старшыня Рады БНР (1971–1982).

Скончыў Пражскі ўніверэсітэт. Выкладаў у беларускай гімназіі, Праваслаўнай духоўнай семінарыі і Вышэйшай школе палітычных навук у Вільні. Прымаў актыўны ўдзел у грамадска-нацыянальным жыцці.

У верасні 1939 года арыштаваны ДПУ і зняволены ў ГУЛАГ.  У 1942 годзе ўступіў у армію генерала У. Андэрса. Служыў у Іраку, Палестыне, Егіпце, Італіі, удзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна.

Пасля вайны выкладаў гісторыю і псіхалогію ў вайсковых польскіх школах у Італіі і Вялікабрытаніі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі і яго кіраўнік, член Рады БНР.

У Атаўскім універсітэце ЗША абараніў доктарскую дысертацыю «Лірыка Янкі Купалы». Адзін з заснавальнікаў Радыё «Вызваленне», першы кіраўнік беларускай рэдакцыі (1954–1956), адзін з заснавальнікаў Каардынацыйнага камітэта беларусаў Канады.

Памёр 14 лютага 1989 года ў Канадзе.

1909 год. Памёр Эдвард Паўловіч. 

Беларускі мемуарыст, мастак і асветнік

Капііст з палотнаў Эрмітажа, палотнаў заходніх мастакоў падчас падарожжаў па Еўропе. 

Аўтар кнігі “Некалькі словаў літвіна”, у якой адстойваў права беларускіх сялян на асвету, некалькіх кніг па краязнаўстве, малюнкаў прысвечаных Наваградчыне. Заснавальнік у Наваградку жаночага пансіёну і нядзельнай школы для сялян, аматарскага тэатру, бібліятэкі, ініцыятар адкрыцця помніка Адаму Міцкевічу. 

Удзельнік паўстання 1863 года.  

Памёр у Львове. Пахаваны на Лычакаўскіх могілках.

1921 год. У складзе Наркамата асветы БССР створана Навукова-тэрміналагічная камісія. 

Займалася распрацоўкай тэрміналогіі на беларускай мове.

Старшынёй стаў С. Некрашэвіч, загадчыкам гуманітарнай секцыі – Янка Купала.

На працягу толькі 1921 года камісіяй было распрацавана некалькі тысяч тэрмінаў у галіне граматыкі, літаратуры, логікі, матэматыкі, батанікі, геаграфіі, геалогіі і іншых. 

Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой беларускай мовы і ўтварала неалагізмы паводле правілаў беларускай мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рускай, польскай і лацінскай моваў. 

Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай беларускай мове. На базе Камісіі 30 студзеня 1922 года быў заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).

1928 год. Нарадзіўся Міхаіл Высоцкі. 

Беларускі навуковец і канструктар машынабудавання, грамадскі дзеяч, акадэмік Акадэміі навук Беларусі. Доктар тэхнічных навук, прафесар. Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі. Генеральны канструктар па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі. Герой Беларусі.

Працаваў на МАЗе 50 гадоў, з якіх 35 гадоў –  галоўным канструктарам. Стварыў беларускую школу канструявання і даследавання грузавых аўтамабіляў,.падрыхтаваў 6 дактароў і 18 кандыдатаў навук.

Віцэ-прэзідэнт акадэміі навук Беларусі. Стваральнік і дырэктар Навуковага цэнтра праблем механікі машын НАН Беларусі, генеральны дырэктар «Белаўтатрактарабудаванне», Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук.

Аўтар больш за 450 навуковых прац, 20 манаграфій, атрымаў 145 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў. “Чалавек года – 1997” Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы, адзін з 5 000 навукоўцаў ХХ стагоддзя па версіі Амерыканскага біяграфічнага інстытута.

Памёр 25 лютага 2013 года.

1938 год. Расстраляны НКУС ураджэнец в. Малая Багацькаўка (зараз – Багацькаўка Мсціслаўскага раёна) Максім Гарэцкі. 

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст. Класік беларускай літаратуры. Зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры і фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі, даследаванняў гісторыі беларускай літаратуры. Адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філасофскай, лірычнай, дакументальнай прозы ў беларускай літаратуры.

Аўтар першай «Гісторыі беларускай літаратуры», «Хрэстаматыі беларускай літаратуры. XI век – 1905 год», «Руска-беларускага слоўніка» (з Г. Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з М. Байковым).

Быў сябрам Прэзідыума Народная рады БНР, шматлікіх арганізацый.

Працаваў у БДУ, Камуністычным універсітэце, Інбелкульце, загадчыкам кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі.

Арыштаваны 19 ліпеня 1930 года, у 1931 годзе высланы на 5 гадоў ў расійскую Вятку. Другі раз арыштаваны ў лістападзе 1937 года, 5 студзеня 1938 прысуджаны да расстрэлу.    

У Мсціславе працуе Літаратурны музей М. Гарэцкага, у Горках – музей-кабінет. Яго імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе і Горках. У Мінску і Вязьме пастаўлены помнікі, адкрыты памятныя дошкі ў Вільнюсе, расійскім Кіраве, Горках.

У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926–1928 гадах жыў Максім Гарэцкі, на доме была ўсталяваная памятная дошка.

Пра яго дзейнасць і літаратурную спадчыну напісаны многія кнігі, зняты фільмы.

1943 год. Нарадзіўся Міхась Тычына. 

Беларускі літаратуразнавец, пісьменнік. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Нарадзіўся ў Якуціі ў сям’і ссыльнага селяніна з в. Завалочыцы (цяпер Глускі раён). Брат архітэктара У. Тычыны, стрыечны брат пісьменніка А. Адамовіча.

Пасля вяртання з сылкі, сям’я жыла ў Завалочыцах.

Працаваў у Інстытуце літаратуры і мовы акадэміі навук, у Беларускім гуманітарным ліцэі. Член Беларускага ПЭН-Цэнтра.

Спецыяліст у галіне літаратуразнаўчай экспертызы. Аўтар вершаў, шматлікіх асабістых і калектыўных манаграфій, эсэ, нарысаў, аповесцей, апавяданняў. Пераклаў на беларускую мову шэраг прац і твораў А. Адамовіча. Адзін з аўтараў падручнікаў і навучальных дапаможнікаў па беларускай літаратуры для базавай і сярэдняй школы.

Памёр 7 лістапада 2022 года.

1971 год. Нарадзіўся Сяргей Басік. 

Беларускі і канадскі географ. Доктар навук, прафесар. 

Член Канадскай асацыяцыі географаў і Канадскага таварыства па вывучэнні імёнаў. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ, у якім працаваў дацэнтам. 

З 2010 года выкладаў каледжах, універсітэтах канадскіх Таронта, Гамільтана, Кембрыджа. Даследуе праблемы гуманітарнай, культурнай, крытычнай геаграфіі, рэгіянальнай і крытычнай тапанімікі. 

Другі ў Беларусі пасля доктарскай працы В. Жучкевіча (1970) абараніў дысертацыю па геатапанімічнай тэматыцы, упершыню ў айчыннай геаграфіі выкарыстаў геатапанімічны падыход да вырашэння праблемы антрапагеннай дынамікі геасістэм.

1973 год. Нарадзіўся Павел Латушка. 

Беларускі дыпламат, дзяржаўны дзеяч Беларусі.

Скончыў юрыдычны факультэт БДУ, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Займаў розныя пасады ў Міністэрстве замежных спраў, пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Польшчы, пасла ў Францыі і пры ЮНЕСКА. Быў наймаладзейшым беларускім паслом. Працаваў міністрам культуры Беларусі (2012-2019), генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра.

17 жніўня 2020 года загадам міністра культуры Беларусі Бондара звольнены з пасады гендырэктара Купалаўскага тэатра за асуджэнне падаўлення мірных пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі, удзел у Маршы за свабоду.

Член Прэзідыума Каардынацыйнай рады. Пакінуў Беларусь. Узначаліў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, створанае ў кастрычніку 2020 года з мэтай забяспечыць мірнае завяршэнне выканання функцый нелегітымнымі органамі ўлады і стабілізацыі сістэмы кіравання краінай пасля пераходу ўлады да народа.

2011 год. Памёр Ян Збажына. 

Беларускі паэт і празаік.

Працаваў у школах і ўніверсітэце ў Баранавічах. Заснавальнік маладзёжнага і скаўцкага руху ў г. Баранавічы, адзін з заснавальнікаў Баранавіцкага філіяла БАЖ.

Аўтар, сааўтар кніг, зборнікаў паэзіі, апавяданняў, афрызмаў, вершаў, эсэ, якія друкаваліся ў многіх газетах, часопісах «Першацвет», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя», «Дзеяслоў».