Дзень у гісторыі. 20 студзеня. Нарадзіліся першы рэктар Магілёўскага педінстытута Яўген Бычкоў, акадэмік Браніслаў Тарашкевіч, артыст Рыгор Шырма. Ад голада памёр Еўдакім Раманаў

1801 год. Нарадзіўся Канут Русецкі. 

Беларуска-польска-літоўскі мастак. 

Прыхільнік францускай школы жывапісу. 

Займаўся аднаўленнем Віленскага кафедральнага сабора, кансервацыяй карцін у капліцы Святога Казіміра, маляваў для многіх касцёлаў абразы. Зрабіў замалёўкі пейзажаў Белавежскай пушчы, ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны. 

330 яго твораў захоўваецца ў Літоўскім мастацкім музеі і экспануецца ў Вільнюскай мастацкай галерэі, але значная частка твораў знікла. 

На знакамітай карціне, якая экспануецца ў мінскім доме-музеі Ваньковічаў, “Літоўка з вербамі” мастак адлюстраваў дзяўчыну ў беларускім нацыянальным строі з «пальмамі віленскімі» на фоне віленскага касцёла св. Міхала. 

Памёр 21 жніўня 1860 года.

1887 год. У Новым Быхаве нарадзіўся Яўген Бычкоў. 

Беларускі педагог, выкладчык геаграфіі і гісторыі, другі дырэктар Магілёўскага настаўніцкага інстытута і першы рэктар Магілёўскага педінстытута. 

У 1921 годзе ўзначаліў барацьбу педкалектыву і студэнтаў за захаванне інстытута ў Магілёве за што быў арыштаваны, але адпушчаны, узначальваў інстытут да яго закрыцця ў 1923 годзе. 

Працаваў ў Магілёўскім педтэхнікуме, аддзеле кадраў Магілёўскай фабрыкі штучнага валакна, на рабфаку адноўленага ў 1930 годзе педінстытута. 

Арыштаваны ДПУ 3 верасня, расстраляны 4 лістапада 1937 года.

Фота: Партрэт Я. Бычкова магілёўскага мастака Зм. Пухоўскага (1966-2022)

1891 год. Нарадзіўся Фабіян Ярэміч. 

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні, дэлегат І Усебеларускага з’езда (1917), сябра прэзідыума Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Рады БНР (1918).

Быў дэпутатам сейма Польшчы (1922-1935), старшынёй  Беларускага пасольскага клуба, лідарам Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Выдаваў газету «Сялянская ніва» (1925-1930).

Удзельнік ІІ Усебеларускага кангрэса (1944). 

У 1945 годзе рэпрэсаваны і зняволены да 1956 года савецкімі ўладамі ў канцлагеры. Памёр 29 чэрвеня 1958 года.

1892 год. Нарадзіўся Браніслаў Тарашкевіч. 

Беларускі мовазнавец, палітычны дзеяч, пісьменнік, перакладчык. Акадэмік АН Беларусі. 

Аўтар першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы.

Адзін з лідараў Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў у Пецярбургскім універсітэце, Мінскім настаўніцкім інстытуце, дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, у Беларускім пасольскім клубе.

Аўтар праекта аўтаноміі Беларусі. За грамадска-палітычную дзейнасць у Заходняй Беларусі пазнаў пераслед польскіх уладаў.

У верасні 1933 года быў абмяняны на вязня Салавецкага лагера, беларускага драматурга Ф. Аляхновіча. 

У СССР працаваў загадчыкам аддзела Польшчы і Прыбалтыкі ў Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. 

Даследчык грамат XII стагоддзя, гістарычнай граматыкі беларускай мовы. Аўтар першай «Беларускай граматыкі для школ» – галоўнага падручнікама па беларускай мове ў часы беларусізацыі 1920-х гадоў.

Пераклаў на беларускую мову «Іліяду» Гамера і «Пана Тадэвуша» А. Міцкевіча.

6 траўня 1937 года арыштаваны, 5 студзеня 1938 «двойкай» НКУС і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу.  Даследчык Л. Маракоў мяркуе, што Тарашкевіч загінуў у часе катаванняў  29 лістапада 1938 года.

Імем вучонага названы вуліцы ў Маладзечне, Радашковічах, Мінску, ліцэй у польскім Бельску Падляскім. У Вільнюсе ўсталявана памятная дошка.

1892 год. Нарадзіўся Рыгор Шырма

Беларускі харавы дырыжор, кампазітар, педагог, фалькларыст, грамадскі дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец. Народны артыст БССР і СССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

Аарганізатар беларускіх хораў у Пружанах, Вільні, Беластоку. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939-1970). 

Сабраў больш за 2 000 беларускіх народных песень. 

Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца. Прапагандаваў творчасць сваіх вучняў-гімназістаў Алеся Салагуба і Валянціна Таўлая.

Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у Лукішскай турме, у 1942 г. быў арыштаваны НКУС, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены паводле хадайніцтва Якуба Коласа і П. Панамарэнкі і высланы ў Казахстан.

Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом» (1964). 

Па ўспамінах З. Пазняка, у сярэдзіне 1970-х, Шырма пагадзіўся падпісаць зварот да Л. Брэжнева ў абарону ад зруйнавання старога Мінска і руйнаванне спынілася.

Памёр 23 сакавіка 1978 года.

1913 год. Нарадзілася Ларыса Алексютовіч

Беларуская танцоўшчыца, балетмайстар. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працавала ў балетнай групе Беларускага драмтэатра (Купалаўскага), у аб’яднанні музычных эстрадных і цыркавых работнікаў, у Ансамблі беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі. 

У 1950-1973 гадах працавала балетмайстрам ансамбля танца БДУ, выкладчыкам Беларускага харэаграфічнага вучылішча. 

Ставіла шэраг сцэнічных танцаў на традыцыйнай аснове («Ручнікі», «Вязанка», «Кола» і інш.). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні», кнігі пра бацьку «Балетмайстар Канстанцін Алексютовіч. Жыццё і творчы шлях».

Памерла ў 2003 годзе.

1919 год. Адкрыты Беларускі абласны музей у Мінску. 

З 2009 года – Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь.

Размешчаны ў гістарычным будынку былога банка па вуліцы К. Маркса, 12. 

У яго фондах захоўваецца самая вялікая музейная калекцыя ў Беларусі — гэта каля 400 000 адзінак захоўвання. 

У структуру музея ўваходзяць 5 філіялаў: Музей гісторыі беларускага кіно, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Дом-музей І з’езда РСДРП, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, Музей прыроды і экалогіі Беларусі.

1922 год. У Стаўрапалі з голаду памёр Еўдакім Раманаў. 

Беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, прафесар, настаўнік, “чалавек-універсітэт”. 

Аўтар дадаткаў да слоўніка І. Насовіча, 15-ці томнага «Беларускага зборніка» – энцыклапедыі побыту, творчасці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. 

Пад яго рэдакцыяй выйшлі 3 выпускі «Магілёўскай даўніны», выпуск «Крыніц для гісторыі Магілёўскага краю» і іншыя працы. Склаў археалагічныя карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губерняў, сабраў звесткі пра 1000 гарадзішчаў Беларусі. 

Сузаснавальнік Віцебскага, Магілёўскага, Віленскага этнаграфічных музеяў.

Імя вучонага носяць Магілёўскі абласны краязнаўчы музей, бібліятэка і вуліца ў Гомелі, праводзяцца навуковыя раманаўскія чытанні. Усталяваны мемарыяльныя шыльды ў яго гонар у Магілёве на будынку абласнога краязнаўчага музе, у Гомелі на будынку бібліятэкі-філіяла №3.

1949 год. Памёр Юзаф Пузына. 

Польскі і беларускі гісторык, пісьменнік, паэт. Доктар філасофіі. Працаваў у міністэрстве замежных спраў Польшчы, рэдактарам міністэрскага часопіса “Messager Polonais”, членам рэдакцыі “Miesięcznik heraldyczny”, кіраўніком аддзела культуры магістрата Чанстаховы.

Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, патрыятычных паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар вялікай працы “Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга”, мемуараў пра пісьменніцу М. Радзевіч.

1960 год. У БССР ліквідавана Маладзечанская вобласць

Заснавана 4 снежня 1939 года як Вілейская, 20 верасня 1944 года пераўтворана ў Маладзечанскую. 20 раёнаў вобласці перададзены ў тры іншыя вобласці. 

У Мінскую вобласць уключаны Вілейскі, Валожынскі, Івянецкі, Крывіцкі, Маладзечанскі, Мядзельскі, Радашковіцкі. У Віцебскую – Браслаўскі, Відзаўскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Дунілавіцкі, Мёрскі, Пліскі, Пастаўскі, Шаркаўшчынскі. У Гродзенскую – Астравецкі, Ашмянскі, Смаргонскі, Юрацішскі. 

У краіне засталося 7 сучасных рэгіёнаў: Мінск і 6 абласцей – Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская.

1961 год. Нарадзіўся Сяргей Тарасаў. 

Беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, узначальваў аддзел археалогіі сярэдневяковага перыяду. Спецыяліст у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX – XVIII стагоддзяў, прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI – XIII стагоддзяў, пісьменнасці і эпіграфікі.

Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка, Мінска.

Суаўтар навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска. Аўтар больш чым 50 навуковых прац, падручніка «Мая Радзіма – Беларусь» для 4-га класа школ, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. 

У 1987 – 1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларуская хата».

Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў: «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.

1970 год. Устаноўлена званне Ганаровы грамадзянін Магілёва. 

Рашэнне прынята Пятай сесіяй Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў.  Прысвойваецца за выбітны ўклад у развіццё і росквіт горада Магілёва. 

Першым Ганаровым грамадзянінам стала ў 1970 годзе Заслужаны настаўнік Лізавета Казлоўская, апошнім – у 2022 годзе – дырэктар ААТ «Мажэліт» Вікенці  Ермалёнак. 

Усяго 31 ганаровы грамадзянін: удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – 12, прадстаўнікі адукацыі, культуры, спорта – 10, дзяржаўныя дзеячы – 4, прамыслоўцы і Героі Сацыялістычнай працы – 5.  

Новая Інструкцыя аб парядку прысваення звання “Ганаровы грамадзянін горада Магілёва” прынята рашэннем гарсавета 21 красавіка 2022 года.

2005 год. Зацверджаны гербы шэрагу гарадоў Віцебскай вобласці. 

Зацверджаны гербы Бешанковічаў, Браслава, Глыбокага, Гарадка, Докшыцаў, Лёзна, Мёраў, Полацка, Паставаў, Расонаў, Сянна, Талачына, Чашнікаў, Шаркаўшчыны, Шуміліна.

Герб Полацка

Дзень у гісторыі. 24 верасня. Дзень памяці палкаводца, графа на Быхаве Яна Караля Хадкевіча. Дзень дальнабойшчыка і караваншчыка. Дзень нараджэння дзеячкі беларускай культуры Паўліны Мядзёлкі

Міжнародны дзень караваншчыка (International Day of caravan). Заснаваны Міжнароднай асацыяцыяй па рацыяналізацыі транспартна-грузавых аперацый у 1995 годзе. Прафесійнае свята караван-важатых у прыватнасці і ўсіх удзельнікаў транспартных калон і суднавых караванаў у цэлым. 

Адзначаецца ў дзень нараджэння ў 1564 годзе Адама Уільямса, вядомага брытанскага марахода і навігатара, які лічыцца першым еўрапейцам, які дасягнуў берагоў Японіі. 

Па іншай версіі, дзень прымеркаваны да заканчэння Хіджры, перасялення прарока Мухамада і першых мусульман з Мекі ў Медыну ў 622 годзе. 

Традыцыйна адзначаецца дальнабойшчыкамі, камандамі гандлёвых судоў і экіпажамі караблёў эскорту.

1621 год. Памёр Ян Караль Хадкевіч.

Вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Гетман вялікі літоўскі, ваявода віленскі.

Належаў да найстарэйшай, быхаўскай галіны роду Хадкевічаў. 

Адзін з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў ХVIІ стагоддзя.

Герой вайны са Швецыяй (1600—1629), камандаваў войскам у паходах 1611 на Маскву, абараняў Смаленскае ваяводства ад расійскіх войскаў. 

У 1617-1618 узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам (фармальна царом Расіі з 1610) здабываць маскоўскі трон. 

Герой славутых і пераможных бітваў – пад Кірхгольмам (1605 г.), Хоцінскай (1621 г.) і шматлікіх іншых.

1641 год. Нарадзіўся Станіслаў Незабытоўскі.

Дзеяч рэфармацыі,  мемуарыст. 

Кіраваў адміністрацыяй Багуслава Радзівіла ў Слуцкім княстве. Дэпутат сесіі Трыбунала ВКЛ.

Клапаціўся пра захаванне ў Слуцку свабоды веравызнання.

Аўтар успамінаў, дзе паказаныя падзеі і факты грамадска-палітычнага і прыватнага жыцця 1682-1700 гадоў на Новагародчыне і Случчыне.

1739 год. Нарадзіўся Рыгор Пацёмкін.

Рускі дзяржаўны і ваенны дзеяч, дыпламат, генерал-фельдмаршал. Кіраваў далучэннем да Расіі і ўладкаваннем Наваросіі, заснаваў шэраг гарадоў, уключаючы сучасныя абласныя цэнтры Дніпро, Херсон  і Мікалаеў. 

Фаварыт Кацярыны II.

Пасля Першага раздзелу Рэчы Паспалітай стаў уладальнікам Крычаўскага староства і Крычава, у якім пабудаваў палац, мануфактуры і верф.

1815 год. Нарадзілася Альбіна Габрыэля Пузына.

Пісьменніца, паэтка, мемуарыстка.

Аўтарка ўспамінаў «Мая памяць», якія багата ілюстраваны малюнкамі, літаграфіямі і фотаздымкамі. Яны ўяўлялі панараму жыцця ўсіх слаёў грамадства паўночна-заходняй Беларусі, змяшчалі каштоўную інфармацыю пра мастацкае жыццё краю, паўстанне 1830-1831 гадоў.

Паасобныя яе вершы перакладзены Ірынай Багдановіч і іншымі.

1878 год. Нарадзіўся Юзаф Эдвард Пузына. Гісторык, пісьменнік, паэт.

Аўтар лірычных і сатырычных вершаў, патрыятычных паэм, гімнаў, паэтычных драм, аповесцей.

Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага, іх палітычную ролю ў жыцці дзяржавы.

Аўтар вялікай працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга».

1893 год. Нарадзілася Паўліна Мядзёлка

Дзеячка беларускай культуры, артыстка, педагог, мемуарыстка.

У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Янкі Купалы. 

Грамадска-палітычны дзеяч у Заходняй Беларусі, Літве, Латвіі, БССР. 

Працавала ў школах, Інбелкульце, Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі ў Горках.

Арыштоўвалася польскімі ўладамі і ДПУ БССР, была саслана ў Казань. Аўтар мемуараў «Сцежкамі жыцця».

1904 год. Нарадзіўся Мар’ян Пецюкевіч

Беларускі этнограф і грамадскі дзеяч Заходняй Беларусі. 

Актыўны член шматлікіх арганізацый, рэдактар часопісу «Шлях моладзі», беларускіх перадач на Віленскім радыё. 

Узначальваў Дзяржаўную бібліятэку, Беларускі музей імя І. Луцкевіча.

Тройчы арыштоўваўся савецкімі ўладамі, быў у ссылцы.

У 1957 годзе рэпатрыяваны ў Польшчу. 

Быў звязаны з беларускім рухам на Беласточчыне, вывучаў народную культуру беларусаў. 

Аўтар прац па этнаграфіі, тапаніміцы, жартоўных гісторый, успамінаў.

1941 год. Нарадзіўся Ігар Ясуловіч. 

Расійскі акцёр тэатра і кіно, кінарэжысёр, заслужаны артыст Расіі. 

Беларус па паходжанню. 

Сыграў больш за 320 роляў у кіно, у тым ліку ў стужках «Магіла льва»«Дыяментавая рука», «12 крэслаў», «31 чэрвеня», «Той самы Мюнхгаўзен», «Госця з будучыні».

Займаецца агучваннем фільмаў і мультфільмаў.

1952 год. 70 гадовы юбілей святкуе Таццяна Ліхачова

Беларуская актрыса. Заслужаная артыстка.

Усё жыццё прысвяціла служэнню ў Беларускім нацыянальным драматычным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа. 

Старшыня Віцебскай суполкі саюза тэатральных дзеячаў. 

Сыграла каля 20 роляў у пастаноўках па творах У. Шэкспіра, В. Быкава, А. Дударава, У. Караткевіча, М. Чарота і іншых.

1954 год. Нарадзіўся Станіслаў Суднік

Беларускі пісьменнік, журналіст.

Прафесійны ваенны. Знаходзячыся на вайсковай службе ў Казахстане, выдаваў беларускую газету «Рокаш» (1990-1992). 

Аўтар некалькіх кніг і паэтычных зборнікаў.

У 1997 аднавіў у Лідзе выпуск газеты Таварыства беларускай мовы «Наша слова», стаў яе рэдактарам. 

Стваральнік і рэдактар краязнаўчага часопіса «Лідскі летапісец».

1958 год. Нарадзіўся Сяргей Чыгрын

Беларускі паэт, літаратуразнавец, гісторык, краязнавец, перакладчык, журналіст. 

Вучыўся ў Магілёўскім культасветвучылішчы. 

Загадчык аддзела культуры і спадчыны «Газеты Слонімскай», літаратурнай часткі Слонімскага беларускага драматычнага тэатра.

Аўтар зборнікаў паэзіі, кніг гісторыка-краязнаўчых артыкулаў, якія прысвечаны Слонімшчыне, Беласточчыне, выбітным людзям.

Перакладчык на беларускую мову французскіх, украінскіх паэтаў, драматургаў розных краін

1986 год. Памёр Філафей (Уладзімір Нарко). 

Праваслаўны святар, іерарх Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, удзельнік беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя. 

Да Другой сусветнай вайны – настаяцель беларускага праваслаўнага прыхода ў Варшаве. 

У гады вайны ўдзельнічаў у аднаўленні і фармаванні царкоўнага кіраўніцтва БАПЦ, быў епіскапам Слуцкім, Магілёўскім і Мсціслаўскім.

У 1946 г. перайшоў у Рускую праваслаўную царкву за мяжой, стаў архіепіскапам Берлінскім і Германскім.

2000 год. У Слуцку адкрыты помнік Святой Соф’і Слуцкай. 

Жонка Януша Радзівіла. Выдзяляла сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. 

Ёй удалося атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў