У Крычаве адміністрацыя забараняе жыхарам садзіць агароды ўшчыльную з дамамі

На пад’ездах шэрагу дамоў мікрараёна Камсамольскі з’явіліся аб’явы-звароты да жыльцоў пяціпавярховікаў, у якіх пазначаюцца змены ў выкарыстанні прылеглай тэрыторыі да шмакватэрных будынкаў. 

У аб’явах напісана, што для бесперабойнага абслугоўвання дома і пад’езда спецыялізаванай тэхнікай, забараняецца распрацоўваць зямлю для пасеву пладова-агароднінных культур за домам бліжэй за пяць метраў.    

Адзначым, што агароды, якія знаходзяцца ўсутыч з шматпавярховымі дамамі, з’яўляюцца досыць распаўсюджанай з’явай на тэрыторыі мікрараёна. Цяпер жа сотні жыхароў Крычава пазбаўляюцца магчымасці садзіць агародніну і садавіну на ўласных зямельных участках побач з домам. 

Фота: mogilev.media

Мікалаеў – 290 дзён вайны

За апошнія суткі ў Мікалаеўскай вобласці расійскімі абстрэламі пашкоджаны 26 грамадзянскіх аб’ектаў, такую інфармацыю дае Друге ТВ.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Усяго за час вайны ў Мікалаеўсакай вобласці пашкоджана часткова або поўнасцю 14 045 грамадзянскіх аб’ектаў, з іх:

– аб’екты жыллёвага фонду – 9048;

– медыцынскія ўстановы – 92;

– навучальныя ўстановы – 389;

– установы культуры – 184;

– аб’екты прамысловых прадпрыемстваў – 189;

– аб’екты жыццезабеспячэння: газа – 1025, электра – 881, вода – 32, цеплазабеспячэнне – 96; іншыя не ваенныя аб’екты – 2109.

Зараз у вобласці працягваюцца работы па аднаўленні газа- і электразабеспячэння ў населеных пунктах, якія пацярпелі ў выніку вайны. Да гэтага часу без газазабеспячэння пакутуюць 6086 спажыўцоў, спынена электразабеспячэнне, водазабеспячэнне, водаадвод у 81 населеным пункце, у 4 – часткова.

Усяго з Мікалаеўскай вобласці эвакуіравана 27751 чалавек. 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў Турцыю і ААН гарантаваць бяспеку Мікалаеўскай вобласці і яе портаў, што стане яшчэ адным крокам для забеспячэння глабальнай харчовай бяспекі.

Аб гэтым ён паведаміў на міжнародным форуме TRT World Forum 2022 у Стамбуле:

– Цяпер больш за 13 мільёнаў тон аграпрадукцыі на экспарт, а можам даць яшчэ дзясяткі мільёнаў тон. Нашы парты задзейнічаны ў экспартнай збожжавай ініцыятыве, працуюць толькі на палову магутнасці. І гэта таму, што Расія тармозіць рэалізацыю экспарту, трымае судны ў чаканні інспекцый. Па стане на сённяшні дзень больш за 80 суднаў.

Зяленскі перакананы, што калі гарантаваць бяспеку Мікалаеўскай вобласці і яе портаў, гэта стане яшчэ адным крокам для забеспячэння глабальнай харчовай бяспекі.

Мікалаеўскі порт
Мікалаеўскі порт

 

Мост паміж Мікалаевам і Херсонам, які быў зруйнаваны расійскімі акупантамі, адновяць праз некалькі месяцаў, паведаміў намеснік кіраўніка Офіса Прэзідэнта Кірыл Цімашэнка ў сваім тэлеграм-канале. Пуцеправод ужо абследавалі спецыялісты і пачынаюцца работы па аднаўленні. Дарожнікі запэўніваюць, што справяцца праз некалькі месяцаў

З мостам звязана шмат чаго: эвакуацыя жыхароў, гуманітарная дапамога, перавозка грузаў, лагістыка для бізнесу. 

Рамонт моста
Рамонт моста

 

А вось будынак Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі, які быў напалову разбураны ўранні 29 сакавіка ў выніку ракетных абстрэлаў расійскіх акупантаў, аднаўленню не падлягае. Яго знясуць,  паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім. Пры абстрэлах будынку адміністрацыі пацярпеў офіс Кіма, загінула 7 чалавек, з пад завалаў выратавалі яшчэ 22 параненых.

Мікалаеўская абласная ваенная адміністрыцыя
Фота: Мікалаеўская абласная ваенная адміністрыцыя

 

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

Плануецца русіфікацыя геаграфічных назваў у Беларусі

Выступаючы перад Рэспубліканскім саветам па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыіі Лукашэнкі яе кіраўнік Ігар Сергеенка заявіў, што будзе «разгледжана пытанне транслітарацыі ў геаграфічных назвах вуліц і населеных пунктаў з выкарыстаннем рускай мовы”, бо быццам бы “паступаюць звароты грамадзян па гэтым пытанні, і мы вырашылі разгледзець яго і ўнесці яснасць, як далей выкарыстоўваць рускую мову ў назвах вуліц, населеных пунктаў, у транспарце».

Наш каментар. Цяжка зразумець ход думак чыноўнікаў, але хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тое, што камусьці не даспадобы назвы вуліц і населеных пунктаў на беларускай мове і іх дубліраванне на лацінцы. Але тут нюанс: няма ў Беларусі рускіх назваў населеных пунктаў – усе яны беларускія.

Падача назваў на лацінцы – нармальная сусветная з’ява, тым больш што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, на перакрыжаванні шляхоў зносін. 

Усе такія назвы на лацінцы рабіліся паводле “Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіта”— метада запісу лацінскім пісьмом беларускіх геаграфічных назваў. 

Сама Інструкцыя была ўхвалена пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь за № 15 ад 23 лістапада 2000 года. Апошнія змены ў яе ўносіліся 11 чэрвеня 2007 года.

У лютым 2013 года інструкцыя была рэкамендаваная Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый у якасці міжнароднай сістэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў.

У 2003-2010 гадах пад эгідай Камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі былі выдадзены дастаткова грунтоўна прапрацаваныя нарматыўныя даведнікі з назвамі населеных пунктаў краіны па абласцях:

Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с.

Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с.

Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с.

Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. —Мн.: Тэхналогія, 2004.—469 с..

Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с.

Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. 

Усе назвы нарматыўных даведнікаў даваліся на беларускай мове кірыліцай, лацінкай і на рускай мове і ніякай асаблівай крытыкі не выклікалі, а наадварот былі ўхвалены, як узорныя, ААН.

Калі будуць зрусіфікаваны назвы населеных пунктаў краіны, то будзе поўнасцю разбурана нацыянальная тапанімічная прастора, якая з’яўляецца элементам гістарычнай спадчыны.

Спяшацца з высновамі не будзем, трэба выслухаць мовазнаўцаў з акадэмічных інстытутаў, членаў тапанімічных камісій пры Савеце Міністраў і Акадэміі навук.

Ва Ўкране арыштаваная маёмасць расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў на 8 мільёнаў долараў

На патрабаванне Генеральнай пракуратуры Ўкраіны арышт накладзены на верталёт, запчасткі да яго ды іншую маёмасць, якія ацэненыя ў 300 мільёнаў грыўнаў (8 203 759 долараў ЗША на 13 верасня, ММ).

У паведамленні ведамства прадпрыемствы не называюцца. Адзначаецца, што іх маёмасць была завезеная для рамонту на некалькі ўкраінскіх прадпрыемстваў перад поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Ўкраіну.

Заказчыкам выступала Міністэрства абароны Беларусі, беларускія ды расійскія прадпрыемствы. Цяпер вырашаецца пытанне аб перадачы арыштаванай маёмасці ўзброеным сілам Украіны.

Акрамя таго, дадае Генеральная пракуратура Ўкраіны, беларускія прадпрыемствы знаходзяцца пад санкцыямі ЗША. Што да расійскіх прадпрыемстваў, то асноўнымі іхнымі заказчыкамі былі нацыянальная гвардыя Расіі, а таксама Міністэрства ўнутраных справаў, ды адміністрацыя Пуціна.

фота: t.me/pgo_gov_ua

У Магілёве зносяць гаражы – ва ўласнікаў ёсць 10 дзён, каб забраць з іх маёмасць

Гараджане абавязаныя вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Уладальнікі металічных гаражоў павінны прыбраць іх да 10 верасня. На іх месцы ўзвядуць шматпавярховікі.

Будаўніцтва трох дзесяціпавярховых дамоў на вуліцы 30 год Перамогі адгукнулася на лёсе невялікага гаражнага кааператыва. Гаражы, пабудаваныя ў пачатку 1990-х ідуць пад знос у сувязі з распачатым будаўніцтвам. Будаўнікі збіраюцца знішчыць больш за 200 металічных каробак – паведамляе тэлеканал «Беларусь 4 Магілёў».

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Ленінскага раёну Аляксей Шарай даводзіць: яшчэ падчас будаўніцтва гаражоў у Дамову быў уключаны адмысловы пункт. Гараджане абавязаліся вызваліць месца, адведзенае пад гаражы, па першым патрабаванні адміністрацыі. Цяпер такое патрабаванне агучанае – на месцы кааператыва запланавана шматкватэрнае будаўніцтва з добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

Уласнікі металічных гаражоў павінны самастойна забраць з іх каштоўную маёмасць і паклапаціцца пра новае месца размяшчэння да 10 верасня. Пакінуць гараж на прыдамавой тэрыторыі змогуць толькі інвалідам ІІ групы па хваробе апорна-рухальнага апарату.

Гаражы, у якія не будзе забяспечаны доступ будаўнікам, будуць ускрытыя без прысутнасці ўладальнікаў, а самі металічныя каробкі адправяцца на адмысловы палігон, чакаць свайго далейшага лёсу.

 

Настаўніцу гісторыі з Бабруйску звольнілі за салідарнасць з Украінай

З Ларысай Секержыцкай адміністрацыя школы не падоўжыла кантракт пасля таго, як настаўніцу асудзілі за жоўта-блакітную стужку ў прычосцы. У ёй міліцыя і суд угледзелі прыкметы «правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства». 

Секержыцкую затрымалі на працоўным месцы, а міліцыю выклікала ў школу яе адміністрацыя.

У сакавіку Ларысу Секержыцкую за салідарнасць з Украінай аштрафавалі на 70 базавых велічыняў (2240 рублёў). Бабруйскі суд прызнаў настаўніцу сярэдняй школы № 27 вінаватай у парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства. 

Паводле судовага вердыкту яна арганізавала пікетаванне для «прыцягнення ўвагі грамадзян шляхам публічнага дэманстравання стужачак сіняга і жоўтага колераў, якія сімвалізуюць нацыянальны сцяг Украіны».

Напярэдадні навучальнага году з педагогам, які мае 17-гадовы працоўны стаж, не працягнулі кантракту, бо яна мае адміністрацыйнае спагнанне.

«Увесну казалі, што працягваюць кантракт, бо па закону, калі ёсць дзеці да пяці год, нельга пазбаўляць магчымасці ўтрымліваць сям’ю. Але ў другой палове лета, я так разумею, пачалі дзейнічаць законы іншыя. Вынік – я шукаю працу», напісала Ларыса Секержыцкая ў Фэйсбуку.

Яна адзначае, што мае спецыялізацыю: гісторыя Беларусі, сусветная гісторыя і грамадазнаўства.

«Заняткі магу праводзіць онлайн на беларускай і рускай мовах, дапамагу падцягнуць веды, больш грунтоўна падрыхтавацца да экзамену, ЦТ. Буду ўдзячна за рэпост. Веру ў моц пяці поціскаў рукі. Пішыце ў прыват, калі ёсць прапановы» – адзначыла Секержыцкая са спадзевам, што ёсць ахвотныя скарыстацца з яе настаўніцкага досведу.

На Ларысу Секержыцкую за стужку ў прычосцы паскардзілася яе каляжанка. Настаўніца матэматыкі і кіраўніца вайскова-патрыятычнай класы Наталля Сіманенка разам з настаўніцай гісторыі Святланай Хутаранскай сталі патрабаваць, каб яна зняла стужкі. Секержыцкая адмаўлялася тое рабіць. Адміністрацыя навучальнай установы выклікала міліцыю і настаўніцу забралі ў аддзел, дзе склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.

фота: facebook.com

У Магілёве падлеткаў з закрытай спэцвучэльні трэніруюць, як абыходзіцца з аўтаматам

У мясцовае вучылішча закрытага тыпу №2 адпраўляюць на перавыхаванне падлеткаў за сістэматычныя правапарушэнні. Як сведчыць сайт навучальнай установы, вайсковы складнік, як элемент перавыхавання, з’явіўся нядаўна.

 

Сёлета група навучэнцаў гасцявала ў спецназаўцаў у Марʼінай Горцы. Там для іх арганізавалі курс маладога байца. Падлеткі на фотаздымках пазіруюць са зброяй.

Цяпер у вучылішчы арганізавалі, як паведамляецца, этап патрыятычнай гульні «Зарніца». Хлопцы зноў са зброяй. Пад прыглядам вайскоўцаў вучацца разбіраць аўтамат.

Дырэктар вучэльні Дзмітрый Генісеў падобныя гульні назваў «выхаваўчымі мерапрыемствамі».

Самі навучэнцы тэлеграм-каналу «MOGILEVNEWS» прызнаваліся, што ім спадабалася разбіраць аўтамат, страляць з яго і яшчэ страляць з пісталета.

Вучэльня створаная для «вырашэння задач сацыяльнай рэабілітацыі, карэкцыі і ўтрымання падлеткаў, якія здзейснілі грамадска небяспечныя ўчынкі альбо парушылі правілы грамадскіх паводзінаў». У вучэльню накіроўваюцца хлопцы ад 14 да 18 гадоў тэрмінам на два гады.

Вучэльня агароджаная чатырохметровым плотам. Ён, аднак, не становіцца перашкодаю для ўцёкаў гадаванцаў. У 2014 годзе збеглі 34 падлеткі.

У 2017 годзе навучальная ўстанова трапіла пад увагу медыяў, бо збеглых гадаванцаў супрацоўнікі ўстановы пабілі. Адзін з хлопцаў трапіў у лякарню. Пазней суд прызнаў дырэктара і яшчэ двух супрацоўнікаў вучэльні вінаватымі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Іх адправілі на розныя тэрміны зняволення ў калоніі.