Дзень у гісторыі. 9 студзеня. Прэм’ера фільма “Ідзі і глядзі”. Нарадзіліся Рычард Ніксан, кампазітар Уладзімір Солтан. Памёр святар Юзэф Булька

Сцяпан, Стэфан (народны каляндар). 

«На святога Сцяпана вышэй слуга за пана». Дзень найму парабкаў, слугаў, пастухоў. У пастухі наймешся – уся вёска ў цябе ў абавязку.

Прыйшоў Стэфан – на ім чырвоны жупан (марозны дзень).

У гэты дзень праводзілі абрады абароны ад сурокаў. За вёскай на заснежанай Чырвонай горцы сяляне ставілі 12 калоў ці жэрдак. Каля гэтых калоў дзяўчыны злівалі ваду ў чару згубную, нібы змывалі нуду з сэрца і выплюхвалі яе ў сярэдзіну кола.

Клапаціліся аб канях, паілі іх праз срэбра – вадой, прапушчанай праз срэбнае сіта.

На Сцяпана па ўсіх кутах двара ставілі асінавыя калы – каб ведзьмы не маглі падысці.

Час, калі пачыналіся маладзёвыя вечарынкі, хадзілі калядоўшчыкі па дварах.

1801 год. Нарадзіўся Восіп Кавалеўскі. 

Беларускі філолаг, манголазнавец. Акадэмік Пецярбургскай Акадэміі навук.

Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладамі і  высланы ў Казань. Падарожнік па Манголіі і Кітаі (1829).

Рэктар Казанскага ўніверсітэта (1855-1860). Прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (з 1862).

Аўтар «Кароткай граматыкі мангольскай кніжнай мовы», «Мангольскай хрэстаматыі», «Мангольска-руска-французскага слоўніка».

Памёр 21 кастрычніка 1878 года ў Варшаве.

1913 год. Нарадзіўся Рычард Ніксан. 

36-ы віцэ прэзідэнт (1953-1961) і 37-ы прэзідэнт (1969-1974) ЗША. Першы прэзідэнт ЗША, які наведаў Беларусь – 1 ліпеня 1974 года. Пры Ніксане палепшыліся адносіны з Кітаем, было падпісана Парыжскае пагадненне 1973 года пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме, заключаны шэраг дагавароў з СССР пра абмежаванне стратэгічных узбраенняў, прадухіленне ядзернай вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры.

Пры наведванні Беларусі, госця прынялі ва ўрадавай рэзідэнцыі “Заслаўе”. Ніксан азнаёміўся з горадам, усклаў вянок да падножжа манумента на плошчы Перамогі, наведаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Падчас абеду ў тосце ён ушанаваў подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і дадаў: “Я раней думаў, што Мінск і Беларусь увогуле знакамітыя толькі тым, што тут вырасла маленькая дзяўчынка Вольга Корбут”. А яшчэ ён разгадаў хітрыкі савецкіх палітыкаў: замест Катыні, яго прывезлі ў Хатынь.

Адзіны за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі прыезд кіраўніка ЗША у асобе Біла Клінтана адбыўся 15 студзеня 1994 года.

1927 год. Памёр ураджэнец Ружанаў Аляксандр Дунін–Гаркавіч. 

Член геаграфічнага таварыства, даследчык Поўначы Заходняй Сібіры, краязнавец, лесазнавец.

Герой руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, узнагароджаны медалём “За адвагу”. Працаваў ляснічым у Самарскай, Ніжагародскай, Разанскай, Табольскай губернях. 

За даследаванні прыроды, насельніцтва Поўначы ў 1904 годзе ўдастоены малым залатым і вялікім сярэбраным медалямі Рускага геаграфічнага таварыства. Выкладаў у Табольскім зааветтэхнікуме, з’яўляўся Ганаровым членам таварыства вывучэння краю пры Табольскім музеі Поўначы. 

Аўтар 67 прац па краязнаўстве, геаграфіі, этнаграфіі, карты Табольскай губерні, манаграфіі «Табольская Поўнач». Яму пастаўлены помнікі ў Табольску, Ханты-Мансійску, імем вучонага названа вуліца ў Ханты-Мансійску.

1953 год. Нарадзіўся Уладзімір Солтан. 

Беларускі кампазітар. Выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі.

Аўтар шэрагу інструментальных і вакальных твораў разнастайных малых і буйных жанраў. Найзначнейшае творчае дасягненне – опера «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле матываў аповесці Уладзіміра Караткевіча,  найбольш папулярная беларуская опера у рэпертуары Тэатра оперы і балета Беларусі, атрымала Дзяржаўную прэмію БССР.

Сярод пазнейшых твораў У. Солтана – оперы «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К. Тарасава «Чорны шлях»), «Mілавіца», вакальныя цыклы на вершы М. Багдановіча, А. Таркоўскага, пecні і музыка да некалькіх кінафільмаў, тэлесерыяла «Проклятый уютный дом» (34 серыi).

Загінуў 1 чэрвеня 1997 года ў дарожна-транспартным задарэнні.

1966 год. Трагічна загінуў ад рукі бандыта на падставе моўнай нянавісці Ігар Хадановіч (1940-1966). 

Беларускі пісьменнік. 

Скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ. Працаваў у газетах «Чырвоная змена», «Літаратура і Мастацтва», у Мінскім абкаме камсамола.

1986 год. Адбылася прэм’ера мастацкага фільма рэжысёра Элема Клімава “Ідзі і глядзі”

Фільм пра падзеі ў 1943 годзе зняты на кінастудыях “Беларусьфільм”, “Масфільм”. Сцэнарысты: Алесь Адамовіч, Элем Клімаў. У фільме вясковага хлопца-партызана сыграў Аляксей Краўчанка.

Фільм узяў 1-ы прыз “Залатая пласціна” на ХХV Міжнародным кінафестывалі ў Авеліна, 1985, Галоўныя прэміі на I Міжнародным кінафестывалі ў Троі, Партугалія, 1985, на XIX кінафестывалі ў Алма-Аце, 1986, Залаты прыз на XIV Маскоўскім Міжнародным кінафестывале, 1985.

1993 год. Будынак мінскага Архікафедральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі вернуты каталікам. 

Кафедральны сабор Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, у стылі віленскага барока.

Касцёл узведзены ў 1710 годзе як езуіцкая рэзідэнцыя, а касцёльныя вежы былі завершаны толькі ў 1730 годзе. У вежах былі ўстаноўлены прывезеныя з Данцыга гадзіннік і званы. 

Кафедральны сабор з 1798 года, у 1820 годзе пераасвячоны ў гонар Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Зачынены ў 1934 годзе і пераўтвораны ў гараж. 

Падчас Другой сусветнай вайны нямецкая адміністрацыя дазволіла касцёлу функцыянаваць, але ў 1947 годзе зноў зачынены. У 1951 годзе будынак ператварылі ў спартыўны комплекс таварыства «Спартак». 21 кастрычніка 1997 года касцёл асвечаны нанова.

2004 год. Памёр Юрый Сідараў. 

Беларускі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст.

Працаваў у Гродзенскім абласным, Дзяржаўным рускім драматычных тэатрах, выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў.

Яго творчасці ўласцівыя лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры нутранай напружанасці, дакладнасць дэталяў, пластычнасць мастацкага вобраза.

Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камедыйных роляў у пастаноўках па творах К. Губарэвіча, А. Петрашкевіча, В. Быкава і шматлікіх іншых. Удзельнічаў у тэлевізійных і радыёспектаклях.

2009 год. Памёр Аркадзь Жураўскі. 

Беларускі мовазнавец. Член-карэспандэнт АН БССР. Доктар філалагічных навук, прафесар.

Працаваў дырэктарам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Даследаваў гісторыю беларускай мовы і беларускага мовазнаўства. 

Першым у славянскім мовазнаўстве даказаў існаванне беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы ў старабеларускі перыяд, прааналізаваў мову дзеячаў беларускай культуры мінулага (Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага і іншых).

Адзін са стваральнікаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1-13, 1982-1993).

2010 год. Памёр Юзэф Булька. 

Каталіцкі святар, пробашч касцёла святой Ганны ў Мосары Глыбоцкага раёна.

Нарадзіўся ў 1925 годзе ў Літве. Пасля сыходу на пенсію з віленскага завода электрычных лічыльнікаў, стаў ксяндзом і 22 гады служыў у Мосары. Прапагандыст здаровага ладу жыцця, зрабіў Мосар турыстычнай Мекай: антыалкагольны музэй, Алея цвярознікаў, Крыжовы шлях, стадыён, страусіная ферма, дэндрапарк, помнік Яну Паўлу II, капліцы.

У 2005 годзе стаў першым беларускім ксяндзом, узнагароджаным прэміяй «За духоўнае адраджэнне», у 2006 годзе ўзнагароджаны медалём Францішка Скарыны.

Дзень у гісторыі. 7 студзеня. Раство Хрыстова. Нарадзіўся адраджальнік іўрыта Эліэзер Бэн-Егуда. Памёрлі паэты Янка Журба, Кандрат Крапіва

Раство Хрыстова (праваслаўны каляндар) і пачатак Калядаў.

Каля мястэчка Віфлеем нарадзіўся Сын Божы Ісус Хрыстос. Прыйшоўшы на зямлю, Хрыстос не быў сустрэты пашанай, шляхетнасцю і багаццем. У яго нават не было зыбкі (калыскі), як ва ўсіх дзяцей, не было і прыстанку. Ён нарадзіўся ў пячоры і быў пакладзены ў яслі, куды кладуць корм для жывёл.

Першымі гасцямі боскага немаўлятка былі не цары і вяльможы, а простыя пастухі, якім Анёл абвясціў аб Нараджэнні (Растве) Хрыстовым. Затым прыйшлі вешчуны, якім цудоўная Віфлеемская зорка паказала шлях. Вешчуны прынеслі дары: золата, ладан і смірну. Гэтыя дары мелі глыбокі сэнс: золата прынеслі як Цару ў выглядзе даніны, ладан як Богу, а смірну як чалавеку, які павінен памерці (смірнай памазвалі памерлых).

Святая царква распавядае, што ўсё тварэнне Божае сустракала Збавіцеля: анёлы прынеслі спевы, вяшчуны – дары, пастыры сустрэлі дзіцятка, зямля прыгатавала пячору – батлейку, а Маці Госпада стала Дзева Марыя. 

Раство Хрыстова завяршае саракадзённы Калядны пост (святая Чатырохдзесятніца), напярэдадні свята выконваецца строгі пост. Пасля Раства настаюць каляды – святыя 12 дзён, на працягу якіх адзначаецца свята. «Ой, Калядачкі, бліны-ладачкі». Ідзе калядаванне і нашэнне «звязды». Паказваюць батлейку і праводзяць ігрышчы: «ваджэнне казы», «жаніцьба Цярэшкі» і гульню ў «Яшчура».

1858 год. У мястэчку Лужкі (зараз Шаркаўшчынскі раён) нарадзіўся Эліэзер Бэн-Егуда. 

Яўрэйскі мовазнаўца, адраджальнік іўрыта. Адзін з заснавальнікаў гебраізму, піянер сіянізму.

Скончыў полацкую ешыву, Дзвінскае рэальнае вучылішча, Сарбонскі універсітэт Парыжа.

У 1881 годзе іміграваў ў Палесціну. Яго сын Бэн-Цыён быў першым ізраільцянінам, для каго іўрыт быў роднай мовай, бо іншай не ведаў.

Выкладчык іўрыта, перакладчык, аўтар артыкулаў для газет, заснавальнік уласнай газеты «Гацві» на іўрыце.

Аўтар 17-тамовай працы  «Поўны слоўнік старажытнагабрэйскай мовы і сучаснага іўрыту», заснавальнік Акадэміі мовы іўрыт.

Яго намаганнямі 29 кастрычніка 1922 года іўрыт, разам з арабскай і англійскай мовамі, абвешчаны адной з афіцыйных моў Брытанскага мандату ў Палесціне.

У яго гонар у Іерусаліме ўсталяваная памятная дошка, названы вуліцы ў Іерусаліме, Тэль-Авіве, Хайфе і іншых гарадах Ізраіля.

У Лужках усталяваны памятны знак на месцы дома, дзе ён нарадзіўся. Яго бюст усталяваны на Алеі славутых землякоў у Глыбокім.

Памёр 16 снежня 1922 года.

1877 год. Нарадзіўся Стафан Багушэўскі. 

Беларускі і польскі грамадска-палітычны дзеяч. Антыфашыст.

Вучыўся ў Інстытуце сельскай гаспадаркі і лясніцтва ў Пулавах, Ягелонскім універсітэце ў Кракаве.

Разам з В. Іваноўскім і М. Фальскім займаўся арганізацыяй нелегальнай беларускай выдавецкай дзейнасці ў Кракаве, удзельнік работы Беларускай сацыялістычнай грамады.

За рэвалюцыйную дзейнасць арыштаваны ў 1905 годзе разам з К. Каганцом. 

Працаваў аграномам, у 1-ю сусветную вайну служыў у польскіх легіёнах аўстра-венгерскай арміі, выкладаў у Вольным польскім універсітэце, з’яўляўся членам Міжнароднай земляробчай камісіі пры Лізе Нацый, членам польскага сената.

У 1933 годзе заснаваў Польскі антыфашысцкі і антываенны камітэт, дэлегат Еўрапейскага антыфашысцкага рабочага кангрэса ў Парыжы, рэдактар часопіса ‘Kolumna’. Крытык санацыйнага ўрада Польшчы, за што быў зняволены ў турме ў 1936 годзе.

Памёр 18 красавіка 1938 года.

1888 год. Нарадзіўся Дамінік Аніська. 

Беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, публіцыст.

Браў удзел у беларускім рэлігійным і грамадскім руху, быў аўтарам віленскай газеты «Беларус», беларускага каталіцкага часопіса «Хрысціянская думка». Аўтар брашур: «Да беларускага народу», «Усё ў міласці».

Адзін з відных беларускіх рэлігійных публіцыстаў 1-й паловы ХХ стагоддзя.

У 1939 мабілізаваны ў польскае войска. 

Быў арыштаваны органамі савецкай дзяржбяспекі, знаходзіўся ў лагерах. У 1942 годзе ўступіў у армію генерала Андэрса, разам з ёю выйшаў у Іран, а адтуль у Палестыну. 

З 1949 жыў у Вялікабрытаніі, у Беларускім Доме ў Лондане. Быў аўтарам беларускага рэлігійнага часопіса «Божым шляхам» (Парыж-Лондан).

Памёр  28 снежня 1971 года ў Лондане, дзе пахаваны на могілках Святога Панкрата.

1897 год. Нарадзіўся Язэп Адамовіч. 

Беларускі дзяржаўны дзеяч, другі старшыня СНК БССР (1924-1927). Адзін з актыўных дзеячаў палітыкі беларусізацыі.

Удзельнік Першай сусветнай вайны, георгіеўскі кавалер. Вёў рэвалюцыйна-прапагандысцкую дзейнасць сярод салдат.

У 1918 годзе фармаваў палкі дзеля спынення нямецкіх войск, удзельнік падаўлення антысавецкіх выступленняў ў Гомелі, у Віцебскай, Смаленскай губернях, камендант Смаленска, ваенны камісар Смаленскай губерні, Магілёўскага і Лепельскага ваенных Саветаў.

У 1920-1927 гадах сябра ЦВК БССР і прэзідыума ЦВК БССР, ваенны камісар Менскай губерні, старшыня Менскага гарнізона, народны камісар па вайсковых справах БССР і адначасова народны камісар унутраных спраў БССР, старшыня СНК БССР.

Браў удзел у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР, прыняў удзел у першым і другім узбуйненнях БССР

У 1924 годзе разам з А. Чарвяковым і У. Ігнатоўскім падпісаў «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры». Паводле слоў Язэпа Пушчы, у Адамовіча знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары.

Пасля канфлікта з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б А. Крыніцкім быў пераведзены ў Маскву. Працаваў на розных пасадах у Маскве, на Далёкім Усходзе.

22 красавіка 1937 года у атмасферы масавых рэпрэсій і цкаванняў застрэліўся ў цягніку Уладзівасток – Масква.

1907 год. У Копысі нарадзілася Соф’я Друкер. 

Беларуская оперная спявачка, народная артыстка Беларусі.

Скончыла Беларускія музычны тэхнікум, студыю оперы і балета,  кансерваторыю. Усё сваё жыццё прысвяціла служэнню Дзяржаўнаму тэатру оперы і балета БССР, за выключэннем гадоў ваеннай эвакуацыі, калі спявала ў Саратаўскім тэатры, удзельнічала ў працы франтавых канцэртных брыгад.

Адна з першых беларускіх оперных спявачак. Першая выканаўца многіх партый у беларускіх нацыянальных операх.

Лепшыя партыі опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А. Барадзіна), Наташа («Русалка» А. Даргамыжскага), Марыя («Мазепа» П. Чайкоўскага), Аіда («Аіда» Джузэпэ Вердзі) і іншых.

Яе двое дзяцей загінулі ў першы дзень бамбардзіроўкі Мінска нацыстамі.

Памерла 21 красавіка 1984 года.

1907 год. У в. Гарадзец Быхаўскага раёна нарадзіўся Канстанцін Лукашоў. 

Беларускі геолаг. Рэктар Ленінградскага і Беларускага дзяржаўных ўніверсітэтаў. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі БССР.

Пасля сканчэння Ленінградскага ўніверсітэта, працаваў загадчыкам кафедры, дэканам геолага-глебава-геаграфічнага факультэта, рэктарам ЛДУ.

Падчас Другой Сусветнай вайны быў прадстаўніком у Нью-Ёрку па ленд-лізу. Пасля вайны загадваў кафедрай у Маскоўскім універсітэце імя М. Ламаносава, быў рэктарам БДУ (1953-1956), віцэ-прэзідэнтам АН БССР (1956-1969), дырэктарам Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР, старшынёй Беларускага геаграфічнага таварыства (1957-1960).

Аўтар прац па грунтазнаўству, фізічнай і эканамічнай геаграфіі, чацвярцічнай геалогіі і геахіміі, праблемах рацыянальнага выкарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, геалогіі Забайкалля і Амурскай вобласці, даследаванняў па эканоміцы ЗША, праблемах мінеральных рэсурсаў і геапалітыцы. Абгрунтаваў перспектывы пошукаў радовішчаў металаў і неметалічнай сыравіны на тэрыторыі Беларусі.

Памёр 23 мая 1987 года.

1910 год. Нарадзіўся Канстанцін Заслонаў. 

Адзін з кіраўнікоў беларускага савецкага партызанскага руху. Герой Савецкага Саюза.

Да вайны працаваў начальнікам дэпо станцыі Орша. У верасні 1941 года стварыў партызанскі атрад з чыгуначнікаў. Сам Заслонаў уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо начальнікам рускіх паравозных брыгад, стварыў і ўзначаліў некалькі падпольных дыверсійных груп, якія паралізавалі работу Аршанскага чыгуначнага вузла.

У лютым 1942 года пайшоў у партызаны. Камандзір партызанскай брыгады «Дзядзькі Косці», камандуючы  партызанскімі сіламі аршанскай зоны.

Загінуў 14 лістапада 1942 года ў баі супраць карнікаў.

У Айчынную вайну 2 партызанскія брыгады называліся імем Заслонава. У Оршы створаны мемарыяльны музей Заслонава, яго імя прысвоена дэпо станцыі Орша, школе, алеі ў Оршы, чыгуначнай станцыі ў Лепельскім раёне, вёсцы ў Сенненскім раёне, дзіцячай чыгунцы ў Мінску, многім вуліцам у шэрагу населеных пунктах Беларусі, у тым ліку ў Магілёве.  Пра яго складзены народныя песні і легенды.

1960 год. Нарадзіўся Георгій Кандрацьеў. 

Беларускі футбаліст і трэнер. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі. Чэмпіён СССР (1982), бронзавы прызёр чэмпіянату СССР, фіналіст кубка СССР, уладальнік Кубка Федэрацыі футбола СССР (1990).

Гулец віцебскай «Дзвіны», мінскага і брэсцкага «Дынама», адэскага «Чарнаморца», маскоўскага «Лакаматыва», мазырскай «Славіі», іншых клубаў, у тым ліку еўрапейскіх, член зборнай СССР.

Трэнераваў мазырскую «Славію», мінскае «Дынама», віцебскі «Лакаматыў», «Смаргонь» (вывеў у Вышэйшую лігу чэмпіянату) і іншыя, ўзначальваў моладзевую зборную Беларусі.

1964 год. Памёр Янка Журба (Іван Івашын).  

Беларускі паэт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і, у якой было 12 чалавек.

Настаўнічаў ва Украіне, Беларусі, Расіі, працаваў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага, Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923-1927), выкладчыкам Чэрыкаўскай сямігодкі, Магілёўскага медвучылішча (1927-1934), супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР, настаўнікам спеваў у Чашніцкім раёне.

Апошнія гады жыцця правёў у в. Слабада пад Полацкам, у Полацку ў сваякоў і манашак зачыненага Свята-Еўфрасінеўскага манастыра, у доме састарэлых.

Аўтар этнаграфічных нарысаў, вершаў для «Нашай нівы», «Савецкай Беларусі», «Полымя», 5 зборнікаў паэзіі, 3 кніг вершаў для дзяцей. У 1950 выйшлі Выбраныя творы.

У яго гонар названы вуліцы ў Полацку, Магілёве, некаторых іншых гарадах.

1991 год. Памёр Кандрат Крапіва (Атраховіч). 

Беларускі пісьменнік, паэт, сатырык, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч, літаратуразнавец. Народны пісьменнік. Герой Сацыялістычнай Працы. Лаўрэат дзвюх Сталінскіх, Дзяржаўнай прэмій СССР. Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук. Заслужаны дзеяч навукі.

Працаваў у Цэнтральным бюро краязнаўства, у часопісах, газетах, дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН БССР, віцэ-прэзідэнтам АН БССР.

Неаднаразова абіраўся дэпутатам, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.

Аўтар вершаваных фельетонаў, сатырычных вершаў, куплетаў, баек, прозы, крытычных, лінгвістычных артыкулаў, каля 20 кніг сатыры і гумару. Майстар  камедыйнага жанру, па яго п’есах зняты кінафільмы.

Творы Крапівы перакладзены на многія мовы свету. Сам пераклаў шмат твораў рускай і замежнай класікі.

Адзін з навуковых рэдактараў «Русско-белорусского словаря», рэдактар «Беларуска-рускага слоўніка», «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў 5 тамах. Узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, непасрэдна займаўся распрацоўкай тэрміналогіі ў розных галінах навукі. Навуковы рэдактар «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы».

У яго гонар названы Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору акадэміі навук, Уздзенская СШ № 2, названы вуліцы ў Мінску і Уздзе. У Мінску на доме па праспекце Незалежнасці, 76, устаноўлена мемарыяльная дошка.

1995 год. Памёр Анатоль Ляляўскі. 

Беларускі тэатральны рэжысёр. Народны артыст.

У 1956-1986 гадах працаваў рэжысёрам Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек, выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Сярод яго лепшых пастановак па творах беларускіх аўтараў «Дзед і жораў» В.Вольскага, «Сярэбраная табакерка» паводле Змітрака Бядулі, «Ліпавічкі» У. Галубка, «Сымон-музыка» паводле Якуба Коласа і іншыя.

2017 год. Памёр Антон Шукелойць

Дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША. Беларускі этнограф, педагог.

Падчас студэнцтва ва Універсітэце Стэфана Баторыя працаваў у  этнаграфічным музеі, выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза, старшынёй Таварыства прыяцеляў беларусаведы, спяваў у хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

З 1939 года настаўнічаў, арганізаваў першую ашмянскую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы, каля 90 беларускіх школ на Ашмяншчыне, працаваў загадчыкам аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.

23 чэрвеня 1941 года арыштаваны НКУС, вызваліўся ў выніку налёту нямецкай авіяцыі.

Эміграваў. У Германіі адшукваў сляды беларускіх музейных каштоўнасцей. У ЗША працаваў старшынёй Беларуска-Амерыканскага задзіночання, членам рэдакцыі газеты «Беларус», Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Дзень у гісторыі. 6 студзеня. Тры каралі. Сканчэнне Лівонскай вайны. Капенгагенская Русалачка страціла галаву. Нарадзіўся Адам Станкевіч, памерла Магдалена Радзівіл

Першая Посная куцця. Перадкалядная вячэра (праваслаўны каляндар). Які дзень, такі і год.

Гэта назва звязана са звычаем праваслаўных хрысціян ужываць у гэты дзень у ежу куццю – сушаныя хлебныя зерні, што размочаныя ў вадзе, папросту кажучы – кашу. Куццёй называлі не толькі кашу і ўсякую посную ежу, а таксама сок, ці, як казалі раней, “малако” рознага насення: макавае, канаплянае, сланечнікавае, гарчычнае, арэхавае, міндальнае і іншыя. Гэтым “малаком” запраўлялі кашы падчас 40-дзённага Піліпавага паста перад Калядамі і ў калядную куццю.

Ужо ў IV стагоддзі былі прыняты правілы як святкаваць вячэру перад Раством. У V стагоддзі Анатоль, Патрыярх Канстанцінопальскі, затым Анатоль і Сафроній Іерусалімскія (VI стагоддзе), Козма Маюмскі і Іаан Дамаскін (VIII стагоддзе) напісалі для свята Нараджэння Хрыстовага святыя спевы, якімі Царква і ў цяперашні час услаўляе свята.

Самая вясёлая частка перадкаляднай вячэры – раздача падарункаў. Сачэльнік (ад сочыва) – адзін з нямногіх выпадкаў, калі дзеці садзіліся за стол разам з дарослымі.

Абрад «Тры каралі», Багаяўленне (каталіцкі каляндар).  

Узнік у першыя стагоддзі хрысціянства на Усходзе, у праваслаўнай царкве звязваецца з хрышчэннем Ісуса Хрыста Янам Хрысціцелям і сашэсцем на яго Духа Святога ў выглядзе голуба (19 студзеня). 

У каталіцызме Багаяўленне святкуецца з ІV стагоддзя, яго сімволіка звязваецца з паведамленнем евангелляў, як паганскія цары-варажбіты Каспар, Мельхіёр і Балтазар, папярэджаныя анёлам, прыйшлі пакланіцца немаўляці Ісусу і прынеслі дары. У памяць гэтага ў касцёлах служаць удзячныя малебны, Хрысту прыносяцца ў ахвяру як цару – золата, як Богу – ладан, як чалавеку – міра. 

Асвечанай у касцёле крэйдай на дзвярах дамоў пішуць першыя літары іменаў трох каралёў, перамяжаючы іх крыжыкамі, і нумар году, накшталт: +М+M+Х+Х+ІІІ (2023). «Шчодрым вечарам» напярэдадні гэтага свята заканчваюцца «святыя вечары», г.зн. вечары ад Божага Нараджэння да свята Трох каралёў. Дзецям і сваякам у  вечар напярэдадні свята, 5 студзеня, дараць падарункі, раздаюць пірагі. З самога свята пачынаюцца карнавальныя гульні і забавы, якія заканчваюцца на Папялец.

Традыцыйна на вячэру самога свята ў Рэчы Паспалітай пяклі мігдалавы торт або пірог з запечаным у сярэдзіне вялікім мігдалам. Той, каму даставаўся кавалак з гэтым мігдалам, мусіў сваім коштам арганізаваць вечарыну на Папялец; дзяўчыне ў гэтым выпадку варажылі хуткае замужжа. У канцы ХІХ ст. звычай быў крыху зменены, і таго, хто даставаў мігдал, абвяшчалі «мігдаловым каралём», г.зн. ганаровым маршалкам банкету.

1582 год. Заключаны Ям-Запольскі мір. Скончылася Лівонская вайна. 

Мірны дагавор паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай  заключаны на 10 год у в. Ківерава Гара, за 15 вёрст ад Запольскага Яма пасламі Івана Грознага і Стэфана Баторыя пры пасярэдніцтве папскага легата Антоніа Пасевіна. 

Вайну пачаў Іван Грозны з Вялікім княствам Літоўскім за валоданне Лівоніяй. Паводле ўмоў міру Іван Грозны адмовіўся ад Лівоніі і Полацка, Маскоўская дзяржава атрымала назад Вялікія Лукі і некаторыя іншыя землі.

Фота: Карціна Яна Матэйкі «Стэфан Баторый пад Псковам».

1892 год. Нарадзіўся Адам Станкевіч. 

Беларускі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец і публіцыст.

Святар з 1914 года. У Петраградзе ўзначальваў беларускі гурток, супрацоўнічаў з беларускімі газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман».

Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці, ініцыятараў правядзення з’езда беларускага каталіцкага духавенства ў Мінску (1917).

Адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў.

Адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».

Аўтар літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі, кнігі «Доктар Францішак Скарына – першы друкар беларускі».

Адмаўляў палажэнне пра гвалтоўнае далучэнне заходне-рускіх зямель да ВКЛ. Пытанні гісторыі беларускага народа разглядаў у працах «Вітаўт Вялікі і беларусы», «Кастусь Каліноўскі: „Мужыцкая праўда“ і ідэя незалежнасці Беларусі», «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення». Даследчык нацыянальнай асветы, беларускага нацыянальнага адраджэння. Аўтар падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы.

У 1949 годзе (у другі раз) арыштаваны, асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі, сасланы ў лагер у Іркуцкую вобласць, дзе і памёр.

1900 год. Нарадзіўся Аляксандр Адамовіч. 

Партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Намеснік наркама земляробства БССР. 

Працаваў на дзяржаўных і партыйных пасадах па ўсёй краіне, у тым ліку ў Бабруйску,  Клімавічах. 

Загадваў аддзелам друку ЦК КП(б)Б, быў намеснікам рэдактара газеты «Беларуская вёска».

Расстраляны НКУС 15 верасня 1937 года.

1912 год, стварэнне падмурка сучаснай геалогіі. 

На з’ездзе Германскага Геалагічнага таварыства ў Франкфурце нямецкі метэаролаг, геафізік і палярны даследчык Альфрэд Вегенер у гэты дзень выступіў з дакладам, азагалоўленым “Утварэнне буйных форм рэльефу зямной кары кантынентаў і акіянаў”. 

У ім на падставе комплексу навуковых дадзеных вучоны ўпершыню публічна выклаў сваю канцэпцыю дрэйфу кантынентаў, якая стала падмуркам сучаснай геалогіі. 

У пачатку лістапада 1930 года Вегенер трагічна загінуў у льдах Грэнландыі.

1942 год. У в. Сушчаўская Слабодка Чавускага раёна нарадзіўся Мікалай Кірэеў. 

Беларускі мастак і педагог.

Працуе ў галіне тэматычнай карціны, партрэта, пейзажаў. Галоўнае ў творчасці – паэтычнае спасціжэнне народнага жыцця. Рэальнай паэтыкай народных вобразаў вылучаецца работа «Кветкі маёй Радзімы». Рамантыкай дыхае палатно «У купальскую ноч». Мастак фарбамі здолеў перадаць цеплыню чалавечых адносін.

Чавуская прырода для мастака – музыка душы, крыніца натхнення.

Загадчык кафедры «Рысунак, жывапіс і скульптура» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

1942 год. Памёр ураджэнец в. Паддуб’е Магілёўскага раёна  Герасім Якушка.  

Беларускі архітэктар. Дзядзька вядомага географа, доктара геаграфічных навук Вольгі Якушкі.

Скончыў Магілёўскае рэальнае вучылішча, Петраградскі інстытут грамадзянскіх інжынераў.

У 1936-1941 гадах працаваў галоўным архітэктарам Мінска.

Па яго пректах у Мінску, Магілёве, Барысаве і іншых гарадах БССР было пабудавана каля двух дзясяткаў арыгінальных жылых дамоў і грамадскіх будынкаў.

У Магілёве захаваўся яго праекта 5-павярховы 96-кватэрны жылы дом (“Дом МУСаўцаў, Дом ля фантана, 1940 год) па вуліцы Ленінская, 68.

1943 год. У СССР уведзены наплечныя пагоны для асабовага складу Савецкай Арміі. 

Першапачаткова пагоны насілі практычны сэнс. З іх дапамогай трымаўся рамень патроннай торбы. Таму і пагон спачатку меўся толькі адзін, на левым плячы, бо патронная торба насілася на правым баку.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі дэкрэтам Саўнаркама РСФСР былі адменены пагоны ў арміі і нашыўкі ў флоце, як сімвал няроўнасці. Адменены былі і воінскія званні.

У студзені 1919 года былі заснаваны знакі адрознення па родах войскаў і знакі адрознення каманднага складу вайскоўцаў Чырвонай Арміі. У верасні 1921 года былі ўведзены першыя знакі адрознення і ў флоце.

1945 год. Памерла Магдалена Радзівіл. 

Беларуская мецэнатка з роду Завіша, арыстакратка, дзеяч беларускага культурнага руху.

Дзяцінства правяла ў родавых маёнтках Жорнаўка (зараз Асіповіцкі раён) і Кухцічы.

Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш.

Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) наведвалі В. Іваноўскі, I. Луцкевіч, А. Луцкевіч, Р. Скірмунт і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М. Багдановіча, К. Буйло. У знак удзячнасці ёй В. Іваноўскі і І. Луцкевіч змясцілі герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным аркушы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».

Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і яўрэйскаму культурным рухам.

У ліпені 2017 года яе прах быў вернуты ў Мінск і перададзены касцёлу Святых  Сымона і Алены, 17 лютага 2018 года перапахаваны ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы ў Мінску.

1963 год. Памёр Андрэй Александровіч. 

Беларускі пісьменнік, перакладчык, публіцыст, літаратурны крытык.

У гады Першай сусветнай вайны быў удзельнікам хору У. Тэраўскага, наведваў «Беларускую хатку».

Кіраваў распрацоўкай нарматыўнага руска-беларускага слоўніка, Інстытутам мовы, з’яўляўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР.

Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Рэдактар часопіса «Малады араты»), працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і мінскіх выданняў.

Аўтар паэтычных зборнікаў, паэм, кніг для дзяцей.

Падчас рэпрэсій 1929-1931 гадоў выступіў супраць «нацдэмаў», але сам патрапіў пад рэпрэсіі: арыштаваны НКУС у ліпені 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў, паўторна арыштаваны ў лютым 1949 года і сасланы ў Краснаярскі край.

1975 год. Памёр Юрка Віцьбіч (Серафім Шчарбакоў). 

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускай эміграцыі.

У студзені 1941 года быў арыштаваны органамі савецкай бяспекі. Пад час вайны – член Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, у 1944 г.одзе выдаў зборнікі публіцыстыкі “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары”, “Нацыянальныя Сьвятыні”, быў рэдактарам часопіса “Узвышша”. 

У 1943 годзе перавёз з Віцебска ў Полацк рэшткі Еўфрасінні Полацкай, якія там знаходзяцца і сёння, спрыяў аднаўленню Полацкай праваслаўнай епархіі. З 1944 года знаходзіўся на эміграцыі.

У 1946 годзе разам з Н. Арсенневай стварыў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”. Рэдагаваў шэраг беларускіх газет, у тым ліку “Беларускае слова”, выступаў на Радыё “Свабода”. Аўтар цікавых гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Святой гары Нёман”.

Пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы.

1988 год. Памёр Рэм Салавухін. 

Беларускі савецкі фізік, прафесар БДУ. Акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР і Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Лаўрэат Ленінскай прэміі.

Узначальваў Інстытут цепла- і масаабмену імя А. Лыкава Акадэміі навук БССР, працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры БДУ.

Працаваў у галіне фізікі ўдарных хваляў, фізікі плазмы, квантавай электронікі, высокатэмпературнай газадынамікі.

Прапанаваў метады вымярэння ціску, шчыльнасці, тэмпературы і іншых параметраў працэсаў ва ўдарных хвалях.

Аўтар больш за 140 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій.

1998 год. У Капенгагене варвары адрэзалі галаву помніку Русалачцы. 

Ханс Крысціян Андэрсан пісаў прыгожыя, але сумныя казкі. І яго казкі сталі знакамітымі на ўвесь свет, таму што нясуць у сабе дзіўную дабрыню. А ў рэальным жыцці знаходзіцца велізарная колькасць маральных вырадкаў, якія нясуць толькі зло і разбурэнні.

Помнік у гонар Русалачкі, гераіні казкі Андэрсана, быў узведзены ў 1913 годзе і стаў адной з галоўных славутасцяў сталіцы Даніі. З таго часу ён неаднаразова падвяргаўся апаганьванню.

У пачатку вандалы абмяжоўваліся толькі размалёўкай скульптуры, але ўжо ў 1964 яна ўпершыню пазбавілася галавы, праз 20 гадоў ёй адрэзалі правую руку, у 1990 годзе зноў была здзейснена чарговая спроба абезгаловіць няшчасную, на шыі помніка знойдзены надрэз 18 сантыметровай глыбіні.

11 верасня 2003 года, у гадавіну тэракту ў Нью-Ёрку, пад статую была падкладзена ўзрыўчатка, статую выбухам знесла з пастамента.

У 2007 годзе ўлады Капенгагена аб’явілі, што статуя будзе перанесена далей у гавань, каб пазбегнуць далейшых выпадкаў вандалізму і для прадухілення пастаянных спроб турыстаў узлезці на яе.

Дзень у гісторыі. 3 студзеня. Пачатак будаўніцтва Бруклінскага моста. Нарадзіліся архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, палітык Уладзімір Канаплёў

1738 год. Нарадзіўся Казімір Нарбут. 

Мысліцель, асветнік і філосаф эпохі Асветніцтва, член ордэна піяраў. Прафесар філасофіі.

Вучыўся ў піярскіх навучальных установах ВКЛ, у Рыме. Працаваў прафесарам і прэфектам піярскіх калегіумаў, прэфектам піярскай друкарні, пробашчам у розных гарадах.

Аўтар падручніка «Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», курса «Эклектычная філасофія». Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў». У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. 

Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве, лічыў свецкую этыку адной з асноўных адукацыйных дысцыплін. Член «Таварыства па складанні элементарных кніг», напісаў 2 раздзелы для школы «Статута парафіяльных школ» і настаўленне «Аб інспектаванні школ».

Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі.

Памёр 17 сакавіка 1807 года.

 

1834 год. У в. Асінаўка Магілёўскай губерні (цяпер – Віцебскі раён) нарадзіўся Зміцер Сямёнаў. 

Першы беларускі, другі рускі метадыст,  папулярызатар геаграфічнай адукацыі, пісьменнік.

Настаўнічаў у Віцебску, Пецярбургу. Адзін з ініцыятараў адкрыцця ў Расіі настаўніцкіх семінарый. Першая такая семінарыя адкрыта ў Маладзечне ў 1864 годзе. 

Дырэктар Кубанскай, Закаўказскай (г. Горы) настаўніцкіх семінарый. 

Стаў другім, пасля К. Ушынскага метадыстам геаграфіі, рускай мовы. 

Першым у Расіі стаў друкаваць у педагагічных часопісах паурочныя распрацоўкі па прадметах. 

Распрацаваў шэраг першых наглядных дапаможнікаў для гімназій. Аўтар геаграфічнай хрэстаматыі «Айчыназнаўства» (6 тамоў), метадычнага дапаможніка для настаўнікаў “Каментары да нагляднага навучання па карцінках”, больш за 300 артыкулаў педагагічнага, біяграфічнага, крытычнага і гістарычнага зместу. 

Распрацоўшчык краязнаўчага (радзімазнаўчага) прынцыпу выкладання геаграфіі. Яго ідэі закладзены ва ўведзеным у 1996 годзе вучэбным прадмеце для беларускай пачатковай школы “Мая Радзіма – Беларусь”. 

Памёр 21 сакавіка 1902 года.

1855 год. Памёр Антон Марціноўскі. 

Беларускі выдавец і публіцыст, апякун здольнай моладзі. Адзін з арганізатараў Віленскага друкарскага таварыства, літаратурна-грамадскага аб’яднання шрубаўцаў, рэдактар «Вулічныя навіны», «Dziennik Wileński», уладальнік друкарні, у якой друкаваліся «Статут ВКЛ» (1819), літаратурныя творы. 

Сакратар Камісіі Часовага ўрада ВКЛ (1812). Марціноўскі стаў узорам новага тыпу патрыёта Беларусі: будучы палякам, любіць Беларусь, а будучы беларусам, любіць Польшчу.

1870 год. У Нью-Ёрку пачалося будаўніцтва Бруклінскага моста праз праліў Іст-Рывер. 

Да будаўніцтва прыцягнулі 2 000 транспартных сродкаў і 150 000 гараджан. Мост будаваўся 13 гадоў, злучае Манхэтэн і Бруклін, яго даўжыня  1 825 метраў (цэнтральны пралёт – 486 метраў) пры шырыні 26 метраў, максімальная вышыня над Іст-Рывер – 41 метр. 

Палатно маста ўтрымліваецца чатырма тросамі дыяметрам каля паўметра, прычым кожны з іх складаецца з 5434 сталёвых жыл. Гэтыя апорныя тросы абапіраюцца на дзве пабудаваныя ў гатычным стылі вежы, якія ўзвышаюцца над вадой на 84 метры.

Бруклінскі мост – папулярнае месца адпачынку і веласіпедных прагулак для жыхароў Нью-Ёрка, адзін з сімвалаў горада.

1888 год. Дзень нараджэння саломінкі для кактэйляў. 

Першую штучную саломінку для кактэйлю вынайшаў амерыканскі прадпрымальнік Марвін Стоўн, уладальнік фабрыкі па вытворчасці папяровых цыгарэтных мунштукоў. 

Ён вынайшаў яе падчас дэпрэсіі, калі папіваў кактэйль праз жытнюю саломінку. Некаторыя валокны жытняй саломінскі расшчапіліся і падчас чарговага ўцягвання вадкасці загразлі ў Марвіна на зубах. І гэта моцна яго раздражняла. 

Тады ён узяў палоску паперы і намазаў яе край па ўсёй даўжыні клеем, наматаў спіраллю на аловак, а затым зняў атрыманую трубачку. Але звычайная папера хутка намакала і пераставала трымаць форму. Тады ён стаў выкарыстоўваць устойлівую паперу з манільскай пянькі, а дыяметр абраў такім, каб праз трубачку не праскоквала цытрынавая костачка.

Яшчэ ў старажытныя часы сярод арыстакратаў Егіпта і Месапатаміі лічылася модным піць праз залатую або срэбную трубачку.

У 1906 годзе была вынайдзена аўтаматычная машына для вырабу папяровых саломінак. У 1939 годзе амерыканец Джозэф Фрыдман заснаваў карпарацыю “Flexible Straw Corporation” і стаў выпускаць гафраваную саломінку, якая магла згінацца над шклянкай. Фрыдман знайшоў рынак збыту не толькі ў рэстаранах, але і ў шпіталях: ляжачых пацыентаў было зручна паіць з іх дапамогай.

У ІІ палове XX стагоддзя балтыморац Ота Дайфенбах вынайшаў пластыкавую саломінку для піцця.

1900 год. Нарадзіўся Аляксандр Адамовіч

Партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. Намеснік наркама земляробства БССР. Працаваў на дзяржаўных і партыйных пасадах па ўсёй краіне, у тым ліку ў Бабруйску, Клімавічах. Загадваў аддзелам друку ЦК КП(б)Б, быў намеснікам рэдактара газеты «Беларуская вёска».

Арыштаваны НКУС 19 ліпеня 1930 года. Пакаранне адбываў у Салавецкім, Беламорска-Балтыйскім лагерах. Расстраляны 15 верасня 1937 года каля станцыі Сягежа ў Карэліі.

1905 год. Нарадзіўся Уладзімір Хадыка. 

Беларускі паэт, перакладчык.

Настаўнічаў, служыў у Чырвонай Арміі, працаваў сакратаром Дудзіцкага сельсавета. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Аўтар вершаў, паэтычных зборнікаў, лірычных цыклаў.

Пераклаў на беларускую мову аповесць К. Гарбунова «Ледалом», кнігу выбраных твораў У. Бахмецьева «Людзі і рэчы», шэраг твораў М. Горкага, якія ўвайшлі ў 5 і 6-ы тамы Збору твораў М. Горкага на беларускай мове, раман М. Шолахава «Ціхі Дон» і іншыя. На яго верш «Расцём і дужэем» А. Туранкоў напісаў песню.

У лістападзе 1936 года арыштаваны НКУС, у 1937 асуджаны на 10 год пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у лагерах Сібіры. 

Загінуў 12 мая 1940 года на будоўлі чыгункі каля Улан-Удэ.

1944 год. Нарадзіўся Міхаіл Раманюк. 

Беларускі мастацтвазнавец, мастак, этнограф. Кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар. Даследчык народнага мастацтва, матэрыяльнай культуры Беларусі, зрабіў мастацтвазнаўча-этнаграфічнае раянаванне беларускага народнага адзення ХІХ— пачатку ХХ стагоддзяў. 

Аўтар альбомаў, кніг, серыі паштовых марак па народнаму адзенню, сцэнічных касцюмаў для розных мастацкіх калектываў, альбома «Беларускія народныя крыжы».

Кансультант «Беларусьфільма».

Памёр 4 верасня 1997 года.

Марка з малюнкам Раманюка

1946 год. Нарадзіўся Тадэвуш Кандрусевіч. 

Каталіцкі архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі (да 3 студзеня 2021 года). Доктар тэалогіі. Член Мальтыйскага ордэна.

Служыў у Літве, Расіі і Беларусі. 

Адлічаны з Гродзенскага педінстытута за наведванне касцёла і ўдзел у набажэнствах. Скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут, каўнаскую Духоўную семінарыю. Працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў. Вынайшаў «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

Служыў у Вільні, Друскеніках, біскупам Мінскай дыяцэзіі (1989-1991), у Расіі (1991-2007), архібіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім (2007-2021), заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове, заснаваў маскоўскі Каледж каталіцкай тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага з 3 філіяламі, «Радыё Марыя» і Вышэйшую духоўную семінарыю «Марыя — Каралева Апосталаў» у Санкт-Пецярбургу,

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян. Заявіў аб наяўных падставах меркаваць, што прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі праходзілі несумленна.

31 жніўня 2020 года, пасля вяртання з паездкі ў Польшчу, беларускія памежнікі адмовілі мітрапаліту ва ўездзе ў краіну. МУС Беларусі прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным.

24 снежня 2020 года вярнуўся ў Беларусь і 3 студзеня 2021 года завяршыў пастырскую дзейнасць.

1947 год. Нарадзіўся Васіль Гігевіч. 

Беларускі пісьменнік.

Настаўнічаў у Харкаўскай вобласці, арганізатар ашмянскай раённай газеты «Красное знамя», працаваў на Барысаўскім шклозаводзе, на кінастудыі «Беларусьфільм», у часопісе «Маладосць».

Аўтар апавяданняў, 10 зборнікаў прозы, раманаў.

Выкарыстоўваючы своеасаблівыя мастацкія формы, даследуе сучасныя праблемы існавання цывілізацыі ў Сусвеце: паводзіны звычайнага чалавека, які па няволі апынуўся ў чужым грамадстве; магчымасці найноўшых тэхналогій стварыць штучны розум, каб устанавіць дыктат над людзьмі; рэакцыя зямлян на незвычайныя бытавыя праявы, якія выкліканы кантактамі з іншапланецянамі.

1954 год. У в. Акулінцы Магілёўскага раёна нарадзіўся Уладзімір Канаплёў. 

Беларускі палітык, спартыўны функцыянер. Выхаванец геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута.

Працаваў настаўнікам, намеснікам дырэктара школы ў Шклове, у Шклоўскім РАУС, памочнікам дэпутата Вярхоўнага Савета А. Лукашэнкі, галоўным памочнікам прэзідэнта. 

Дэпутат Вярхоўнага Савета XIII склікання, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, узначальваў дэпутацкую фракцыю “Згода”, быў намеснікам Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу I і II склікання, старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь III склікання. 

Прэзідэнт Федэрацыі гандбола. Падтрымаў стварэнне рэгіянальнага часопіса “Магілёўскі мерыдыян”, выданне манаграфіі П. Лярскага “Прырода Магілёўскай вобласці”, праект мемарыялізацыі навуковай спадчыны вучоных-географаў Магілёўскага педінстытута.

2005 года. Указам прэзідэнта зацверджаны гербы Бабруйска, Дрыбіна, Слаўгарада, Чавус, Асіповічаў, Клічава, Касцюковічаў, Краснополля.

2008 год. Памерла Вольга Ладыгіна. 

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар.

Працавала архітэктарам, галоўным архітэктарам Белдзяржпраекта, у Белдзяржпраекце, Дзяржбудзе, старшынёй праўлення Саюза архітэктараў БССР (1961-1965).

Аўтар шматлікіх праектаў па ўсёй Беларусі, а таксама моста праз р. Дняпро (1955) і Палаца культуры вобласці (1976) у Магілёве.

2018 год. Памерла Людміла Яфімава. 

Народная артыстка Беларусі, харавы дырыжор.

Прадстаўнік Ленінградскай школы харавога дырыжыравання.

Працавала ў Мінскім музычным вучылішчы імя Міхаіла Глінкі, дзе заснавала канцэртны хор. З 1987 года мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы. 

Выканаўчай манеры Яфімавай былі ўласцівы глыбокае пранікненне ў змест твору, апора на класічны вакал.

Узнагароджана ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай Беларускай праваслаўнай царквы.

Дзень у гісторыі. 16 снежня. Першая згадка пра Маладзечна. Нарадзіліся Леў Альпяровіч, Іван Ахрэмчык, Валяр’ян Янушкевіч. Дзень памяці Эліэзера Бэн-Егуды

1388 год. Першая згадка пра Маладзечна. 

Змяшчаецца ў прысяжным лісце князя ноўгарад-северскага Дзмітрыя Альгердавіча вялікаму князю Ягайлу. 

Знаходзіцца на рацэ Уша, за 73 км на паўночны захад ад Мінска. Назва ад ракі Маладзечанка. Насельніцтва цяпер – 90 000 чалавек. 

Адзіны ў краіне горад, дзе ў 1991-1994 гадах была праведзена дэкамунізацыя гарадской тапанімікі – па ініцыятыве мэра Генадзя Карпенкі. 

У горадзе працуюць Мінскі абласны краязнаўчы музей, драмтэатр, праводзіцца больш 30 культурных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскі тэатральны фестываль «Маладзечанская сакавіца», Маладзечанскі фестываль беларускай песні і паэзіі (з 1993 года). 

Цэнтр машынабудавання і металаапрацоўкі – адзіны завод парашковай металургіі, лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і іншых галін прамысловасці.

1672 год. Памёр Ян Казімір Ваза. 

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі  (1648–1668), апошні манарх з дынастыі Вазаў.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, са Швецыяй. 

Пры ім былі страчаны Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна. 

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай, смерць энергічнай і актыўнай у палітыцы каралевы Марыі Людвікі прывялі да адрачэння ад трона і эміграцыі ў Францыю ў верасні 1668 года.

1874 год. Нарадзіўся Леў Альпяровіч. 

Беларускі мастак.

Скончыў Віленскую мастацкую школу акадэміка Івана Трутнева, Адэскую рысавальную школу і Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Вучань І. Рэпіна.

Выкладаў у Мінскім прыватным мужчынскім яўрэйскім рэальным вучылішчы.

Пісаў  партрэты, пейзажы, бытавыя кампазіцыі. Адстойваў прынцыпы рэалізму.

Яго творы найбольш поўна – 230 работ – былі прадстаўлены на персанальнай выставе ў Мінску ў 1939 годзе.

Памёр у 1913 годзе ў Мінску.

1903 год. Нарадзіўся Іван Ахрэмчык. 

Беларускі мастак-жывапісец.  Народны мастак, прафесар.

Выкладаў у Беларускім дзяржаўным мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім політэхнічным інстытуце, Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Пачаў удзельнічаць у выставах у 1921 годзе.

Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манументальнага мастацтва.

Адзін з першых у беларускім жывапісе звярнуўся да тэм сацыялістычнага будаўніцтва, станаўлення Савецкай улады.

У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у выданні ЦК КПБ «Раздавім фашысцкую гадзіну» (1943-1944).

Творчасці І. Ахрэмчыка, заснаванай на рэалістычных традыцыях, ўласціва глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет сучасніка.

Памёр 9 сакавіка 1971 года.

Фота: аўтапартрэт І. Ахрэмчыка.

1905 год. Нарадзіўся Мікалай Сярдобаў. 

Беларускі оперны спявак. Народны артыст БССР, Заслужаны артыст Арменіі.

Працаваў у оперных тэатрах Куйбышава, Ерэвана, Пермі, Свярдлоўска, з 1946 года ў якасці саліста Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі.

У 1960-1975 гадах выкладчык і рэжысёр Опернай студыі Беларускай кансерваторыі, адначасова ў 1960-1987 гадах кіраўнік Мінскай народнай опернай студыі Палаца культуры Белсаўпрофа.

1922 год. У Іерусаліме памёр ураджэнец Глыбоччыны  Эліэзер Бэн-Егуда. 

Яўрэйскі мовазнаўца, адраджальнік іўрыта. Адзін з заснавальнікаў гебраізму, піянер сіянізму.

Скончыў полацкую ешыву, дзвінскае рэальнае вучылішча, вывучыў фрацузскую, нямецкую і рускую мовы. У Сарбонскім універсітэце Парыжа вывучаў медыцыну, гісторыю і палітыку Блізкага Усходу, пазнаёміўся з сіянісцкім рухам.

У 1881 годзе іміграваў у Палесціну. Яго сын Бэн-Цыён быў першым ізраільцянінам, для каго іўрыт быў роднай мовай, бо іншай не ведаў.

Выкладчык іўрыта, перакладчык, аўтар артыкулаў для газет, заснавальнік уласнай газеты «Гацві» на іўрыце.

Аўтар 17-тамовай працы  «Поўны слоўнік старажытнагабрэйскай мовы і сучаснага іўрыту», заснавальнік Акадэміі мовы іўрыт.

Яго намаганнямі 29 кастрычніка 1922 года іўрыт, разам з арабскай і англійскай мовамі, абвешчаны адной з афіцыйных моў Брытанскага мандату ў Палесціне.

У яго гонар у Іерусаліме ўсталяваная памятная дошка, названы вуліцы ў Іерусаліме, Тэль-Авіве, Хайфе і іншых гарадах Ізраіля.

На радзіме ў Лужках Глыбоцкага раёна ўсталяваны памятны знак на месцы дома, дзе ён нарадзіўся. Яго бюст усталяваны на Алеі славутых землякоў у Глыбокім.

1934 год. Нарадзіўся Леанід Анцімонаў. 

Беларускі мастак   

Выкладчык графікі, жывапісу, малюнка, кампазіцыі на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута,  прафесар вышэйшай педагагічнай школы ў польскай Зялёнай Гуры.

Працаваў у розных графічных тэхніках, акварэлі, алейным жывапісе.

Аўтар шэрагу навучальных дапаможнікаў: па графіцы, манатыпіі, гравюры на кардоне, фларатыпіі.

Сярод асноўных твораў: «Кветка папараці», «Мефістофель», «Дрэва жыцця», «Ахвярапрынашэнне», «Канец ХХ стагоддзя. Рэквіем», цыклы работ «Успаміны пра вайну», «На купальскую ноч», «Рэпрэсіі», «Поры года» (2003) і іншыя.

Творам мастака ўласцівыя філасофская трактоўка вобраза, паэтычная ўзнёсласць, полістылізм, выкарыстанне складаных тэхнічных прыёмаў, асацыятыўнасць колеру, эксперыментальны характар мастацкай мовы.

Памёр 16 лютага 2012 года ў Віцебску. 

1951 год. Заснаваны Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Ёрку. 

Грамадская навукова-культурная арганізацыя беларускай эміграцыі ў ЗША. Мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955 года) і Канадзе (Таронта, з 1967 года). Выдае навуковы штогоднік «Запісы». Акрамя гэтага ў 1950-1960-х гадах выдаваліся часопісы «Конадні», «Абежнік».

Падтрымлівае сувязі з многімі бібліятэкамі свету, асабліва з Публічнай бібліятэкай у Нью-Ёрку.

У розны час інстытут узначальвалі У. Тамашчык, Я. Ліманоўскі, В. Тумаш, А. Адамовіч, у 1982-2022 гадах – В. Кіпель.

Вітаўт Кіпель
Вітаўт Кіпель

1962 год. Нарадзіўся Валяр’ян Янушкевіч. 

Беларускі скульптар. Брат Ф. Янушкевіча і Я. Янушкевіча.

Працуе ў манументальнай і станковай скульптуры, жывапісе.

Аўтар помнікаў А. Міцкевічу ў Лідзе і Навагрудку, харты князя Радзівіла ў замкавым парку ў г. Нясвіж, Ф. Скарыне ў Лідзе, І. Падарэўскаму ў г. Кракаў (1995), М. Доўнар-Запольскаму ў г. Рэчыца, Б. Івановай у г. Уроцлаў, Я. Скрыгану ў г. Йыхві (Эстонія), К. Каліноўскаму ў г. Шальчынінкай (Літва), М. К. Агінскаму ў г. Маладзечна  і іншых.

Аўтар мемарыяльных дошак Ф. Скарыну ў Кракаве, Падуі, Мінску, М. Агінскаму ў г. Фларэнцыі, С. Манюшку і шмат іншых.

Ён з’яўляўся афарміцелем касцёлаў Св. Роха ў Мінску, Св. Андрэя Баболі ў Полацку, надмагілляў.

Выканаўца серый рэльефаў для Музея камянёў у Мінску, Музея М. Багдановіча і іншых, станковых кампазіцый вядомых дзеячаў, у тым ліку  Ягайлы, Вітаўта, Т. Касцюшкі, Янкі Купалы». Працуе і ў жывапісе.

1977 год. Нарадзіўся  Максім Пятруль. 

Беларускі скульптар і дызайнер.

Скончыў Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава,

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Мастак сучаснага светапогляду, для якога творчае пераасэнсаванне і спазнанне свету – правакацыйная гульня, дыялог з гледачом.

Яго працы незвычайныя як па форме, так і па змесце, маюць асаблівы філасофскі сэнс і незвычайную метафарычнасць.

Яго скульптурныя творы ўсталяваны ў кітайскіх гарадах Фучжоу, Куньмін, Чанчунь.

Аўтар твораў візуальнага мастацтва, інтэграваных у грамадскую прастору некалькіх станцый мінскага метрапалітэна.

Стваральнік помніка ахвярам Мінскага гета.

Творы аўтара знаходзяцца ў прыватнай калекцыі Райнольда Вюрта Кунцельзау ў Германіі, Музеі алімпійскага мастацтва ў Пекіне, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у музеях, галерэях, прыватных калекцыях і грамадскіх прасторах Беларусі, Расіі, Літвы, Нідэрландаў, Германіі, Кітая і ЗША.

1980 год. Званне Ганаровы грамадзянін Магілёва нададзена Івану Макараву. 

Партыйны, дзяржаўны і грамадскі дзеяч БССР. 

У 1939-1941 гадах – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны праводзіў вялікую работу па арганізацыі абароны Магілёва, эвакуацыі насельніцтва і каштоўнага абсталявання, стварэнню партыйнага падполля. 

Пры ім знік Крыж Еўфрасінні Полацкай. 

У 1943-1946 гадах  – першы сакратар Магілёўскага абкама КП(б)Б.

Яго імем названы вуліца і завулак у Магілёве.

2006 год. На Кальварыйскіх могілках у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё надмагільнага помніка Вацлаву Іваноўскаму. 

В. Іваноўскі  (1880–1943) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, доктар тэхнічных навук.

Яўген Хлябцэвіч і Браніслаў Тарашкевіч вызначылі яго як цэнтральную фігуру беларускага жыцця ў Пецярбургу, а Максім Гарэцкі – як правадыра нацыянальнага адраджэнскага руху перад Першай сусветнай вайной. 

Дзень у гісторыі: 15 верасня. Нарадзіўся вайсковец, удзельнік беларускага руху Канстанцін Аляксееўскі. Памёр паэт, публіцыст Уладзіслаў Сыракомля. Расстраляны партыйны, дзяржаўны дзеяч савецкай Беларусі Аляксандр Адамовіч. Міжнародны дзень дэмакратыі і Дзень бібліятэк Беларусі

Міжнародны дзень дэмакратыі.

Адзначаецца ад 2007 году і заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН для пашырэння і падтрымкі прынцыпаў дэмакратыі.

Дэмакратыя належыць да ўніверсальных і фундаментальных чалавечых каштоўнасцяў і прынцыпаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Дэмакратыі маюць агульныя рысы, але адзінай мадэлі ў свеце няма.

Дзень бібліятэк Беларусі.

Адзначаецца ад 2001 году, а нагодаю стала гадавіна заснавання Нацыянальнай бібліятэкі ў 1922 годзе.

У Нацыянальнай бібліятэцы даступна больш за 9 мільёнаў кніг і 3 мільёны перыядычных друкаваных выданняў.У бібліятэцы захоўваецца каля 70 тысяч рэдкіх старадрукаў, а таксама рукапісаў.

1855 год. Нарадзіўся Канстанцін Аляксееўскі.

Вайсковы дзеяч.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя.

У 1917 годзе ў Выбаргу далучыўся да арганізацыі матросаў-беларусаў Балтыйскага флоту.

Выбраны ў склад Савету старэйшын на Першым Усебеларускім з’ездзе, на якім заклікаў «адрадзіць беларускую дзяржаву», выступіў у абарону бел-чырвона-белага сцяга.

У 1918 годзе запрошаны Радай БНР у Менск для фармавання беларускай нацыянальнай арміі. Далейшы лёс невядомы.

1862 год. Памёр Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч).

Паэт, публіцыст этнограф.

Падарожнік па Беларусі, Літве, Польшчы.

Творчасць Сыракомлі адметная палымяным патрыятызмам, глыбокім веданнем гісторыі Бацькаўшчыны, асаблівасцяў нацыянальнай псіхалогіі беларусаў.

Яго імем названа вуліцы ў Нясвіжы, Мінску, Варшаве.

1898 год. Нарадзіўся Мікалай Кавязін.

Рэжысёр, педагог, мастак, тэатральны дзеяч.

Арганізатар і мастацкі кіраўнік тэатру юнага гледача, мастацкі кіраўнік абласных драматычных тэатраў: Палескага імя Янкі Купалы (Мазыр), Бабруйскага, Гродзенскага.

Николай Ковязин фотография

1929 год. Нарадзіўся Арлен Кашкурэвіч.

Беларускі мастак у галіне станковай і кніжнай графікі. Народны мастак Беларусі. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Аўтар дзясятка серый ілюстрацыяў да кніг.

1937 год. Расстраляны Аляксандр Адамовіч.

Партыйны і дзяржаўны дзеяч.

Намеснік народнага камісара земляробства БССР.

Працаваў на дзяржаўных і партыйных пасадах, у тым ліку ў Бабруйску, Клімавічах.

Загадваў аддзелам друку ЦК КП(б)Б, быў намеснікам рэдактара газеты «Беларуская вёска».

Арыштаваны ў 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюзу вызвалення Беларусі» і асуджаны да 10 гадоў папраўча-працоўных работ. Пакаранне адбываў спачатку ў Салавецкім, затым у Беламорска-Балтыйскім лагерах.

У 1935 годзе, быўшы зняволеным, зноў арыштаваны і асуджаны да 7 гадоў папраўча-працоўных работ.

У 1937 года прыгавораны за «антысавецкую агітацыю» да расстрэлу.

Рэабілітаваны ў 1988 годзе.

1971 год. Створана арганізацыі «Грынпіс» («Greenpeace»).

Найвядомейшая незалежная некамерцыйная міжнародная грамадская экалагічная арганізацыя.

Паўстала ў канадскім Ванкуверы для вырашэння глабальных экалагічных праблем.

Грынпіс дзеіць на ахвяраванні прыхільнікаў і прынцыпова не прымае фінансавую дапамогу ад дзяржаўных структур, палітычных партый або бізнесу.

Грынпіс вядомы сваімі акцыямі, нацэленымі на прыцягненне ўвагі СМІ да экалагічных праблем.

Імкнецца пабываць на месцы экалагічных здарэнняў і даць незалежную інфармацыю.

Офісы прадстаўніцтваў «Грынпіс» працуюць у большасці еўрапейскіх краін. У Беларусі прадстаўніцтва няма.

 


У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Дзень у гісторыі: 3 верасня. Нарадзіўся пісьменнік і грамадскі дзеяч Алесь Адамовіч. Магілёўцы здалі маскоўцам горад, а праз 7 гадоў узнялі паўстанне супраць іх. Памерлі каталіцкі святар, руплівец беларушчыны Пётр Татарыновіч і дзеяч беларускага руху ў міжваеннай Польшчы Міхась Васілёк

1654 год. Жыхары Магілёва здалі горад маскоўкаму войску і палку Канстанціна Паклонскага.

Трыма месяцамі раней шматтысячнае войска Вялікая Княства Маскоўскага атакавала беларускія землі. Вайна доўжылася 13 гадоў і прынесла вялізныя страты беларускай гаспадарцы, загінула шмат людзей. Край абязлюдзіў і на доўгія гады заняпаў. Багата рамеснікаў нападнікі палонам вывезелі ў Масковію. Вайну 1654-1667 гадоў называюць Патопам.

Маскоўцы былі абазнаныя ў канфесійных праблемах Літвы і ўмела схілялі праваслаўнае насельніцтва краю на свой бок.

На пазіцыю пераважна праваслаўнага жыхарства Магілёва паўплываў і розгалас, пра тое, што твораць маскоўцы з гарадамі, якія бароняцца. На той момант быў акупаваны Полацк. Абложаны Смаленск.

Магілёў за здраду пазбавілі магдэбургскага права, але новая ўлада пакінула гараджанам некаторыя вольнасці. Ад іх не патрабавалася хадзіць на вайну, іх не маглі высяляць у іншыя гарады, гарадскія двары вызвалілі ад ваеннага пастою. Пры гэтым каталіцкаму насельніцтву і яўрэям забаранялася жыць у горадзе.

1 лютага 1661 году магілёўцы ўзнялі паўстанне і выбілі маскоўскі гарнізон. Гораду ўлады Рэчы Паспалітай вярнулі магдэбургскае права і даравалі новы герб. Са зменамі, ён застаецца сімвалам Магілёва дагэтуль.

1731 год. Нарадзіўся Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.

Каталіцкі святар, архіепіскап магілёўскі, навуковец, пісьменнік.

З 1798 года – мітрапаліт усіх рымска-каталіцкіх касцёлаў у Расійскай імперыі. Спачуваў паўстанню 1794 года.

У Магілёве заснаваў друкарню, тэатр, бровар, суконную фабрыку, аранжарэю ў Буйнічах.

Аўтар вершаў, казанняў, паэм. Старшыня Вольнага эканамічнага таварыства, прэзідэнт Імператарскай Акадэміі навук.

Адзін з заснавальнікаў ідэалогіі заходнерусізму.

Аўтар «Граматыкі літоўскай» са слоўнікам (пад «літоўскай мовай», мусіць, мелася на ўвазе беларуская).

1915 год. Нарадзіўся Барыс Райскі.

Дырыжор. Заслужаны артыст Беларусі.

Працаваў галоўным дырыжорам аркестраў Мінскага цырка, беларускага тэлебачання і радыё.

Пад яго кіраўніцтвам зроблены фондавыя запісы опер «Кастусь Каліноўскі», «У пушчах Палесся», «Зорка Венера» і іншыя, радыёоперы, музыкі балетаў, камедый «Паўлінка» і «Несцерка».

Быў рэпрэсаваны ў 1950 годзе і 4 гады адбыўся ў лагерах. Вызвалілі ў 1954 годзе.

1927 год. Нарадзіўся Алесь Адамовіч.

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч.

Доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР.

Дырэктар Усесаюзнага НДІ кінематаграфіі, сустаршыня Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля».

Народны дэпутат СССР. Удзельнік працы Сойму Беларускага Народнага Фронту.

Адамовіч не прымаў савецкага погляду на Другую сусветную вайну. Трымаўся таго, што вайна для беларуса – была «вайною пад стрэхамі».

Ягоныя творы экранізаваныя. Сярод іх «Вайна пад стрэхамі», «Сыны сыходзяць у бой».

У 1985 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» Элем Клімаў паставіў мастацкі фільм «Ідзі і глядзі», у аснове якога творы «Хатынская аповесць» і «Карнікі».

У пасёлку Глуша Бабруйскага раёну, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка, імем пісьменніка названая вуліца, у 2018 адкрыты арт-аб’ект – «Прыпынак Адамовіча», а ў 2019 пастаўлены бюст.

1960 год. Памёр Міхась Васілёк.

Паэт. Арганізатар гурткоў Таварыства беларускай школы, дзеяч вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі.

Першы надрукаваны зборнік лірыкі «Шум баравы» быў канфіскаваны польскімі ўладамі, канфіскаваны і знішчаны быў і рукапіс другога зборніка.

Аўтар некалькіх кніг паэзіі.

У яго гонар названа вуліца ў Гродна, на якой стаяў дом паэта.

1978 год. Памёр Пётр Татарыновіч.

Каталіцкі святар, перакладчык, арганізатар Беларускай секцыі Ватыканскага радыё, паэт, выдавец. Доктар тэалогіі.

Прыхільнік беларусізацыі царкоўнага жыцця.

За патрыятычнае выхаванне беларускай каталіцкай моладзі пераследаваўся польскімі ўладамі.

Спрыяў пашырэнню ўніяцтва на Століншчыне.

Аўтар доктарскай дысертацыі «Святы Кірыла, біскуп Тураўскі, і ягонае духоўнае вучэнне».

Быў кіраўніком і асноўным аўтарам беларускіх перадач «Радыё Ватыкана».

Апекаваў беларусаў-католікаў у эміграцыі.

Аўтар шэрагу кніг. Перакладчык на беларускую мову, у тым ліку рамана Генрыка Сянкевіча «Quo vadis?».

 

У публікацыі выкарыстаныя звесткі з рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў