Дзень у гісторыі. 16 мая. Забойства А. Баболі. Кароль Ян III Сабескі. “Тарас на Парнасе”. Першы “Оскар”. Нарадзіліся пісьменнік В. Вітка, гімнастка В. Корбут.

Успамін святога Андрэя Баболі (Каталіцкі каляндар)

Андрэй Баболя (30.11.1591 – 16.5.1657) – рэлігійны каталіцкі дзеяч, місіянер. Святар і мучанік. Святы, апякун Пінскай дыяцэзіі. 

Андрэй Баболя праславіўся як знаўца твораў грэчаскіх айцоў царквы і здольны прамоўца, што дазваляла яму перамагаць прадстаўнікоў праваслаўя ў дыспутах і схіляць іх да каталіцызму. Быў празваны «душахватам», «апосталам Піншчыны».

У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 гадоў схоплены і закатаваны ў Янаве-Палескім (цяпер г. Іванава Брэсцкай вобл.) атрадам казакаў палкоўніка А. 3дановіча.

Цела Андрэя Баболі пазней перавезена ў Пінск і пахавана ў крыпце касцёла езуітаў, у 1702 годзе крыпта была эксгумавана і цела знойдзена нятленным. Культ Андрэя Баболі пачаў пашырацца ў Рэчы Паспалітай, потым у Аўстрыі і Германіі. 

Беатыфікаваны ў 1853, кананізаваны ў 1938 годзе. У 1808 яго цела перавезена ў Полацк, у 1924 – у Рым, у 1938 – у Варшаву.

16 мая 2002 года святы Андрэй Баболя абвешчаны патронам Польшчы. Ён таксама ёсць патронам Пінскай дыяцэзіі. У Полацку з 1997 года працуе касцёл Св. Андрэя Баболі.

Дзень памяці ахвяраў вайны 1654-1667 гадоў.

У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у параўнанні з 1648 годам, насельніцтва краіны паменшылася ўдвая. На Магілёўшчыне і Смаленшчыне існаваў партызанскі рух супраць захопнікаў – рух “шышэй”.

1674 год. Абранне каралём і вялікім князем ВКЛ Яна III Сабескага (1629-1696).

Удзельнічаў у войнах супраць Масковіі, казакоў Хмяльніцкага, шведаў у Паўночнай вайне 1655-1660, Асманскай імперыі. Перамог турак і татар пад Хоцінам (1673), выратаваў Еўропу ад турак, разбіўшы іх пад Венай (1683). Мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

Пры ім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым.

1762 год. Нарадзіўся Юзаф Копаць (1762-1827).

Удзельнік паўстання 1794 года, генерал, падарожнік, даследчык Камчаткі, мемуарыст, аўтар «Дзённіка падарожжа ўздоўж усёй Азіі па сушы да порта Ахоцк, акіянам праз Курыльскія астравы да Ніжнекамчацка…» (1817). 

З павагай пісаў пра камчадалаў, чукчаў, якутаў, буратаў i прыводзіў пра ix этнаграфічныя звесткі. Кніга мае навукова-этнаграфічную каштоўнасць, некалькі разоў перавыдавалася (Берлін, 1863; Парыж, 1867; Львоў, 1867), перакладзена на французскую і рускую мовы. Рукапіс зберагаецца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве.

1889 год. Упершыню апублікавана паэма “Тарас на Парнасе” Канстанціна Вераніцына (1834-1903) у газеце “Минскій листок”.

На працягу 1890-х-1910-х гадоў перавыдаваўся неаднаразова, у перыёдыцы і асобна, пад рознымі назвамі, і актыўна распаўсюджваўся ў спісах. Этнограф Е. Раманаў, які падрыхтаваў адно з першых выданняў, сцвярджаў у 1896 годзе, што Тараса “ва ўсякай хаце знайсці можна”.

“Тарас на Парнасе” ўваходзіць ва ўсе праграмы вывучэння беларускай літаратуры, перакладаўся на многія мовы, ілюстраваўся і інсцэніраваўся.

1911 год. Нарадзіўся Васіль Вітка (Цімох Крысько, 1911-1996).

Класік беларускай дзіцячай літаратуры, літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, драматург, педагог. Заслужаны дзеяч культуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР. Занесены  ў Ганаровы спіс Х. Андэрсена (1978).

Працаваў на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у газетах «Камуніст» (Бабруйск), «Ударнік» (Жлобін), «Чырвоная змена», сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь.

Пасля вайны працаваў у часопісе «Беларусь», галоўным рэдактарам «Літаратуры і мастацтва», «Вясёлкі».

Паводле ўспамінаў унучкі, культуролага Ю. Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання. Беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.

Аўтар больш за 10 зборнікаў вершаў, зборніка сатыры і гумару, каля 20 кніг паэзіі і вершаваных казак для дзяцей, п’ес «Прамень будучыні», «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (пастаўлена купалаўскім тэатрам), кніг дзённікаў, нарысаў і апавяданняў, суаўтар чытанак «Роднае слова» для малодшых школьнікаў, перакладаў. У 1973 годзе выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Памёр 5 ліпеня 1996 года.

1929 год. У ЗША адбылася першая цырымонія ўручэння прэміі Амерыканскай кінаакадэміі “Оскар”.

Заснавана ўраджэнцам Мінска Лазарам Маерам. Квіток на цырымонію каштаваў 5 даляраў, цягнулася яна 15 хвілін. Першы “Оскар” прайшоў сціпла і сабраў усяго 270 гасцей.

Акцёры і актрысы, якія перамаглі, былі ўзнагароджаны не за канкрэтны праект, а за ўсе фільмы, у якіх яны здымаліся на працягу года.

Першай лепшай актрысай у гісторыі кінематографа стала Джанет Гейнар (“Сёмае неба”, “Вулічны анёл” і “Узыход сонца: песня двух людзей”), а нямецкі кінаакцёр Эміль Янінгс (“Апошні загад” і “Шлях усякай плоці”) стаў першым мужчынай, які атрымаў прэмію кінаакадэміі.

Першы “Оскар” за лепшую рэжысуру быў уручаны Люісу Майлстоуну (“Два аравійскіх рыцара”). Лепшымі карцінамі 1927-1929 гадоў былі прызнаны дзве – “Узыход сонца” і “Крылы”.

Статуэткі таксама атрымалі сцэнарыст Бэн Хэтч і прадзюсер Джэк Уорнер. Чарлі Чаплін, акцёр, рэжысёр і прадзюсер стужкі “Цырк”, быў удастоены прэміі “За выдатныя дасягненні ў кінематографе”. Аналагічную статуэтку атрымала кампанія Warner Brothers за гукавы фільм “Спявак джаза”.

Першая цырымонія ўручэння Оскараў была адзінай цырымоніяй, якая ніяк не транслявалася ў СМІ ці на радыё.

1955 год. У Гродна нарадзілася Вольга Корбут.

Беларуская і савецкая гімнастка. Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. Занесена ў Міжнародную залю славы гімнастыкі.

У 15 гадоў стала чэмпіёнкай СССР і ўвайшла ў зборную СССР. Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР, шматразовая чэмпіёнка СССР. У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету.

3 1991 года жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл. Ганаровая грамадзянка г. Атланта.

1986 год. У Гродна адкрыўся Дом-музей Максіма Багдановіча.

Месціцца ў мемарыяльным доме па вул. 1-га Мая, 10, пабудаваным у 1888 годзе. У гэтым доме з чэрвеня 1892 па кастрычнік 1896 года разам з бацькамі жыў беларускі паэт.

Між іншых у стварэнні калекцыі музея паўдзельнічала беларуская паэтэса Л. Геніюш, музею былі перададзены яе вышыванкі, якія вельмі падабаліся Максіму Багдановічу. Рарытэтны зборнік «Вянок» (1913) музею перадаў яе сын Юрый.

1995 года. Кіраўнік справаў прэзідэнта Іван Ціцянкоў сарваў дзяржаўны сцяг Беларусі.

Ціцянкоў – ураджэнец в. Клеявічы Касцюковіцкага раёна. Пасля завяршэння рэферэндуму па дзяржаўнай сімволіцы, ён сарваў з даху Дому ўраду і разарваў на кавалкі гістарычны нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг – дзяржаўны ў 1991-1995 гадах.

1999 год. Памёр Мікола Ганько (1923-1999).

Беларускі дзеяч на эміграцыі. Брат старшыні Саюза беларускай моладзі Міхася Ганько.

У час нямецкай акупацыі вучыўся ў Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школе, у 1944 годзе быў на курсах сярэдніх кіраўнікоў Саюза беларускай моладзі.

З лета 1944 года ў эміграцыі. Быў адным з заснавальнікаў парафіі Св. Кірылы Тураўскага ў Таронта, шматгадовым кіраўніком Згуртавання беларусаў у Канадзе. Адзін з ініцыятараў стварэння таварыства дапамогі дзецям – ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.

Пахаваны на могілках Пайн Хілс у Таронта.

2001 год. Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама званне Ганаровы грамадзянін горада было прысвоена спартсменам і пісьменніку, Герою СССР.

Званне прысвоена алімпійскім чэмпіёнам Святлане Баітавай (гімнастыка), Аляксандру Масяйкову (веславанне), Герою Савецкага Саюза Аляксандру Мініну, тульскаму пісьменніку, аўтару кнігі аб абароне Магілёва ў 1941 года Мікалаю Дружыніну.

Фота. С. Баітава.

2021 год. Памёр Яўген Анішчанка (1955-2021).

Беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук, адзін з арганізатараў “Асацыяцыя свабодных беларускіх гісторыкаў”, даследчык гісторыі падзелаў Рэчы Паспалітай, гісторыі Беларусі XVII-XIX стст.

Аўтар 27 кніг і больш за 400 навуковых артыкулаў. Працаваў у інстытуце культуры, Інстытуце гісторыі НАНБ.

У 2004 годзе  абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелу Рэчы Паспалітай», якая, аднак, не была зацверджана ВАК. 

На думку аўтара, сапраўднай прычынай такога рашэння атэстацыйнай камісіяй у адносінах да яго з’яўляліся тэматыка і вынікі яго даследаванняў, якія не адпавядаюць дзяржаўнай ідэалогіі, а таксама яго актыўная грамадзянская і прафесійная пазіцыя.

Пасля звальнення з НАНБ у 2004 годзе працаваў дворнікам, галоўным архівістам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, у Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, у Беларускім дзяржаўным медуніверсітэце.

У Расіі рэзка расце колькасць дыверсій

У Расіі, якая развязала вайну супраць Украіны рэзка расце колькасць дыверсій. Амаль 25% з іх адбыліся толькі за 13 майскіх дзён – паведамляе news.pn.

Так, у студзені і лютым расійцы, якія пратэстуюць супраць вайны, здзейснілі па 12 спроб дыверсій. У сакавіку іх колькасць упала да 7, а ў красавіку зноў вырасла да 12. У маі ўжо адбыліся як мінімум 14 спроб знішчэння расійскай дзяржаўнай уласнасці.

Самы распаўсюджаны від дыверсій у Расіі – падпалы рэлейных шаф на чыгунках. З пачатку года вядома аб 36 такіх выпадках. Другія па папулярнасці – падпалы ваенкаматаў, іх было 9. Таксама дыверсанты пашкоджвалі чыгуначныя пуці, падрывалі газаправод, падпальвалі паліцэйскія машыны, будынак ФСБ, склад Росгвардыі і цэнтр збору гуманітарнай дапамогі для салдат.

У маі павялічыўся маштаб дыверсій.
1 і 2 мая ў Бранскай вобласці Расіі адбыліся два падрывы чыгуначных пуцей, з рэек сышлі два грузавыя саставы. 1 мая ў Ленінградскай вобласти невядомыя ўзарвалі апору лініі электраперадачы, а яшчэ адну замініравалі. Праз тыдзень на тэрыторыі авіязавода Чкалава ў Новасібірску адбыўся падпал закансерваванага бамбавіка Су-24.

З пачатку года дыверсіі здзяйсняліся ў 26 рэгіёнах (з улікам акупаванага Крыма). Больш за ўсё іх адбылося ў Падмаскоўі – 9. 5 – у Новасібірскай вобласці, па 4 – у Ленінградскай вобласці і Санкт-Пецярбургу.

Фота news.pn

Украінскія войскі атрымалі першы поспех пад Бахмутам – генерал Сырскі

Камандуючы Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі назваў першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута.

“Прасоўванне нашых войскаў на Бахмуцкім напрамку – гэта першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута. – заявіў Сырскі – Апошнія некалькі дзён паказалі, што мы можам рухацца наперад і знішчаць ворага нават у такіх звышскладаных умовах.”

Таксама Сырскі зазначыў, што Украіна ваюе меншым рэсурсам, чым вораг. Разам з тым, украінцам удаецца разбураць планы расійскіх акупантаў.

“Зрэшты, гэта толькі частковы поспех. І менавіта так яго трэба ўспрымаць. Аперацыя па абароне Бахмута працягваецца” – прыводзіць словы камандуючага агенцтва Unian.

У сваім штодзённым дакладзе аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначылі, што расійскім акупантам не ўдалося дабіцца ніякіх прасоўванняў у Бахмуце.

У справаздачы адзначаецца, што расійскія сілы правялі беспаспяховыя наступальныя аперацыі ў самім Бахмуце, за 9 кіламетраў на паўночны захад ад Бахмута ў раёне Грыгараўкі, Багданаўкі і Хромавага а таксама за 14 км на паўднёвы захад ад Бахмута ў раёне Белай Гары і Прадцечына.

Ваенны аналітык Юрый Фёдараў выказаў меркаванне, што пад Бахмутам украінская армія пачала браць расіян у клешчы. 

“Для таго, каб зразумець, што адбываецца пад Бахмутам, трэба паглядзець на карту, на якой ясна бачна, што ўзброеныя сілы Украіны рухаюцца, пачынаюць сціскаць абцугі вакол такга “языка”, які накіраваны ў бок Іваноўскага. Гэта населены пункт на паўднёвы захад ад Бахмута і там ёсць такі “язык”, занятая расійскімі войскамі, і там пачынаюць сціскаць “абцугі”. ВСУ падразаюць з поўначы і з поўдня” – прыводзіць словы аналітыка Unian.

На сайце DeepStateMap прадэманстраваная дынаміка баёў пад Бахмутам (на фота). Сінім колерам выдзеленыя тэрыторыі, адваяваныя ўкраінскімі войскамі за апошнія некалькі дзён.

Фота: “Украінская праўда”.

15 мая ў гісторыі. Дзень сям’і. Магілёўскі тэатр, беларуская бібліятэка ў Лондане. Нарадзіліся Я. Чэрскі, У. Галубок, Цзян Фанлян, Ксенія Сітнік. Памёр К. Малевіч.

Міжнародны Дзень сям’і (International Family Day, з 1993 года).

Створана дзеля прыцягнення ўвагі шырокай грамадскасці да праблем сям’і, якіх сёння існуе вялікая колькасць.

Сям’я, як асноўны элемент грамадства, была і застаецца захоўніцай чалавечых каштоўнасцяў, культуры і гістарычнай пераемнасці пакаленняў, фактарам стабільнасці і развіцця. З сям’і пачынаецца жыццё чалавека, тут адбываецца фармаванне яго як асобы і грамадзяніна.

Сям’я – крыніца любові,  павагі, салідарнасці і прыхільнасці, тое, на чым будуецца кожнае цывілізаванае грамадства, без чаго не можа існаваць чалавек.

У наш час ва ўсім свеце існуе сур’ёзная праблема няпоўных сем’яў і велізарнай колькасці разводаў.

1762 год. У Нясвіжы памёр Міхал Казімір Радзівіл “Рыбанька” (1702-1762). 

Найбольш уплывовы прадстаўнік роду Радзівілаў XVIII стагоддзя, адзін з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат.

Пры звяртанні да кагосьці ўжываў слова “рыбанька”, ад чаго і пайшла мінушка.

Аднавіў замак ў Нясвіжы, разбураны шведамі ў 1706 годзе, дзейнасць Нясвіжскай друкарні. Адкрыў Нясвіжскі кадэцкі корпус, заснаваў першыя ў ВКЛ мануфактуры, у тым ліку Слуцкую персіярню па вырабе шаўковых паясоў.

1845 год. Нарадзіўся Ян Чэрскі (1845-1892).

Беларускі геолаг і даследчык Сібіры, заснавальнік байкалазнаўства, удзельнік паўстання К. Каліноўскага.

Уладальнік трох Залатых медалёў Рускага геаграфічнага таварыства. У гонар яго названы: хрыбеты ва Усходняй Сібіры (1500 км), у Забайкаллі, пасёлак у Якуціі, пік, гара ў Забайкаллі і іншыя, вуліцы ў шэрагу гарадоў Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы, у беларускім Верхнядзвінску, краязнаўчы музей на радзіме – у в. Валынцы Верхнядзвінскага раёна, Іркуцкае таварыства беларускай культуры.

За ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў выключаны з Віленскага шляхецкага інстытута, высланы ў Сібір салдатам.

У ссылцы займаўся даследаваннямі прыроды азіяцкай часткі Расіі. Значны след пакінуў у геалогіі, геаграфіі, заалогіі, анатоміі, археалогіі, метэаралогіі, этнаграфіі. Склаў першую геалагічную карту ўзбярэжжа возера Байкал, даследаваў басейн ракі Селенга.

Аўтар шматтомнага выдання «Землеведение Азии».

1878 год. На наступны дзень пасля свайго дня нараджэння памёр Эдвард Ян Ромер (1806-1878). 

Грамадскі дзеяч, літаратар, перакладчык і мастак. Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў. Двойчы прыгаварываўся да смерці, двойчы высылаўся ў ссылку.

Пасля вяртання ў Вільню быў пад наглядам паліцыі. Быў сябрам Музея старажытнасцей i Віленскай археалагічнай камісіі, дырэктарам 2-га аддзела Таварыства дабрачыннасці, сябар шэрагу іншых таварыстваў.

Аўтар эпіграм на знакамітых сучаснікаў, перакладаў, партрэтаў.

Пахаваны ў сямейнай капліцы Ромераў у касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках.

1882 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок (1882-1937).

Беларускі рэжысёр, драматург, адзін з заснавальнікаў сучаснага беларускага тэатра, першы Народны артыст БССР (1928). Рэпрэсаваны разам з трупай свайго тэатра. Некалькі разоў з вандроўным тэатрам выступаў у Магілёве.

Яго драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць з’яўляюцца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам. Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч. У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.

1888 год. Адкрыццё будынка Магілёўскага губернскага тэатра.

Асвячэнне адбылося 14 мая. Тэатр будаваўся ў 1886-1888 гадах пад кіраўніцтвам архітэктара П. Камбурава, інжынера В. Міляноўскага. Да 1889 года працягвалася ўнутраная аддзелка будынка.

Адкрыццё тэатральнага сезона адбылося ў 1889 годзе пастаноўкай камічнай п’есы “Сямейнае шчасце” трупы Дзяркача. Будынак рэканструіраваўся у 1992-2001 гадах.

1911 год. Нарадзіўся Уладзімір Шыманец (1911-1977).

Беларускі грамадскі дзеяч у Францыі, інжынер, мастак.

Скончыў Віленскую тэхнічную школу. Працаваў намеснікам начальніка электрастанцыі чыгуначнай станцыі Баранавічы-Цэнтральная. Пасля прыходу саветаў быў арыштаваны ў 1940 годзе, асуджаны на 5 гадоў канцлагераў у Сібіры.

Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў у Баранавічах.

З 1944 года на эміграцыі. У Капенгагене арганізаваў Згуртаванне беларусаў Даніі, браў удзел у працы Аб’яднання беларускіх работнікаў у Францыі, Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі, дзейнасці ўрада БНР – міністр фінансаў.

Як мастак, быў аўтарам праектаў паваенных марак БНР, удзельнічаў у мастацкіх выстаўках, аўтар прац пра творчасць беларускіх мастакоў на эміграцыі.

Памёр 27 жніўня 1977 года ў Францыі.

1916 год. Нарадзілася Цзян Фанлян (1916-2004).

Першая ледзі Тайваня ў 1978-1988 гадах.

Нарадзілася пад беларускай Оршай як Фаіна Вахрава ў сям’і пуцявога абходчыка.

У Свярдлоўску на “Уралмашы” пазнаёмілася з Цзян Цзінго – сынам Чан Кайшы. Яны пажаніліся 15 сакавіка 1935 года.

У 1936 годзе пераехала у Кітай.

1924 год. У Бабруйску нарадзіўся Уладзімір Ярмак (1924-1943).

Герой Савецкага Саюза.

Да вайны працаваў слесарам на заводзе ў горадзе Ніжні Тагіл.

Стралок 14-га асобнага штрафнога батальёну 42-я арміі лейтэнант Ярмак 19 ліпеня 1943 года падчас правядзення разведкі боем у раёне Сінявінскіх вышыняў пад Ленінградам зачыніў сваім целам амбразуру варожай агнявой кропкі, чым забяспечыў групе разведчыкаў выкананне баявога задання.

У яго гонар названы вуліцы ў Бабруйску, Ніжнім Тагіле, Пецярбургу, Мінску, пастаўлены стэла ў Бабруйску, помнік ў Пецярбургу.

1930 год. Нарадзіўся Генадзь Банкевіч (1930-2007).

Сузаснавальнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, Сябра Сойму БНФ, Рады ТБМ. Падпалкоўнік.

1935 год. Памёр Казімер Малевіч (1879-1935).

Мастак-авангардыст, тэарэтык мастацтва, дызайнер-мастак-авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму.

Нарадзіўся ў сям’і беларускага этнографа і фалькларыста Севярына Малевіча, па некаторых дадзенах на Капыльшчыне, па іншых – у Кіеве.

Вучыўся жывапісу, скульптуры і дойлідству ў студыі Ф. Рэрберга ў Маскве. У 1919-1922 гадах выкладаў у Народнай мастацкай школе ў Віцебску, быў дырэктарам Ленінградскага інстытута мастацкай культуры.

На пачатку 1900-1910-х гадоў імкнуўся сумясціць прынцыпы кубізму і футурызму, потым перайшоў да супрэматычных кампазіцый, адмовіўся ад канкрэтнай сюжэтнай змястоўнасці твораў («Чорны квадрат», «Чырвоны квадрат»). З дапамогай прасторавых кампазіцый («архітэктонаў») вывучаў фармальную мову пластычных мастацтваў, ствараў праекты побытавых рэчаў, малюнкі для тэкстыля і іншыя. У 1918 стварыў афармленне першай пастаноўкі «Містэрыі-буф» У. Маякоўскага.

Аўтар мастацтвазнаўчых прац «Ад кубізму да супрэматызму», «Супрэматызм» і іншых.

Адна з самых дарагіх карцін у гісторыі – «Супрэматычная кампазіцыя» – напісана Малевічам.

1936 год. Нарадзіўся Барыс Сачанка (1936-1995).

Беларускі пісьменнік, перакладчык і выдавец.

Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, загадчык рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». Аўтар больш за 20 кніг.

У сааўтарстве з Янкам Сіпаковым і Рыгорам Барадуліным пад псеўданімамі І. Сібарсач ці Р. Сібарсач змяшчалі ў «Вожыку» вострыя і надзённыя крытычныя нататкі, артыкулы, гумарэскі, сатырычныя замалёўкі.

Памёр 5 ліпеня 1994 года.

1954 год. Нарадзілася Наталля Чорнагалова

Беларуская мастачка, жывапісец-неаэкспрэссіяніст.

Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча і мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута.

Працуе ў станковым жывапісу і ў станковай графіцы (акварэль), у жанрах пейзажу, нацюрморту, партрэту.

Яе працы знаходзяцца ў галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Швецыі, Швейцарыі, Даніі, ЗША, ФРГ, Аўстраліі, Канады, Вялікабрытаніі, Ізраілю і іншых.

1971 год. У Лондане адкрылася Беларуская бібліятэка імя Ф.Скарыны.

Бібліятэка і музей займаюць 8 пакояў, у якіх захоўваецца каля 40 000 тамоў кніг і камплектаў газет і часопісаў. Сярод іх фрагмент першай кнігі «Царствы» Ф. Скарыны, Статут ВКЛ 1588 года, рэдкія беларускія выданні, першадрукі беларускіх пісьменнікаў, першавыданні прац гісторыкаў, старабеларускамоўныя дакументы 1499-1682 гадоў, архівы.

Узначальвае бібліятэку рада, якая складаецца з дзеячаў беларускай эміграцыі і брытанскіх беларусазнаўцаў.

1979 год. У Мінску адкрыўся Музей старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Заснаваны 7 ліпеня 1977 года як цэнтр вывучэння і прапаганды беларускай мастацкай спадчыны.

Мае больш за 17 000 экспанатаў, у тым ліку 600 твораў іканапісу і жывапісу, 4 500 дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, 170 скульптур, і 1 000 узораў народнага ткацтва.

Мае навуковую лабараторыю, вядзе выставачную дзейнасць.

1995 год. Нарадзілася Ксенія Сітнік.

Прадстаўніца ад Беларусі і пераможца на конкурсе песень на конкурсе “Дзіцячае Еўрабачанне-2005”.

Удзельніца і пераможца многіх конкурсаў, у тым ліку Міжнароднага фестываля дзіцячага мастацтва «Залатая пчолка» (Клімавічы),  дзіцячага конкурса фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.

Скончыла Англа-Амерыканскі Універсітэт у Празе. Журналіст-фрылансер у сферы моды.

Пад Бранскам была збіта расійская авіягрупа, якая атакавала Украіну – падрабязнасці

Днём 13 мая ў ваколіцах горада Клінцы Бранскай вобласці былі збітыя два верталёты Мі-8, а таксама самалёты Су-34 і Су-35. Самалёты пры гэтым падымаліся ў паветра для нанясення ўдараў па тэрыторыі Харкаўскай вобласці Украіны, а верталёты выкарыстоўваіся для прыкрыцця і на выпадак неабходнасці падбіраць пілотаў самалётаў.

Як пісалі mogilev.media, першая атака на расійскі верталёт адбылася апоўдні 13 мая ў небе над горадам Клінцы, у якім размяшчаецца вялікая вайсковая база. Верталёт Мі-8 разбіўся ў прыватным сектары горада, экіпаж загінуў. Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў пра разбурэнне пяці дамоў у Клінцах у выніку падзення верталёта – перадаюць “Навіны Бранска”.

Крушэнне самалёта Су-34 адбылося следам за падзеннем верталёта і пэўны час прычына аварыі была няяснай. Да вечара 13 мая правяралася інфармацыя пра магчымае збіццё альбо аварыю яшчэ двух “бартоў” расійскай арміі – самалёта і верталёта. Пазней інфармацыя пацвярдзілася – сумарна 13 мая ў Бранскай вобласці былі збітыя два верталёты і два самалёты.

Як мяркуецца, самалёты павінны былі нанесці ўдары па цэлях у Чарнігаўскай вобласці (Украіна), а верталёты іх падстрахаваць, у тым ліку падабраць экіпажы – піша “Свабодная прэса”.

У сацсетках з’явіўся выкладзены мясцовымі жыхарамі відэазапіс атакі на адзін з верталётаў. Мяркуючы па ім, па Мі-8 нанеслі ўдар з зямлі. Для пошуку магчымых дыверсантаў у Бранскай вобласці быў абвешчаны план “Перахоп”. Вынікі пакуль невядомыя. Гэтаксама, няма дакладнай інфармацыі, адкуль быў ненесены ўдар па іншых верталёце і самалётах – з зямлі, ці з паветра.

Як паведамляе тэлеграм-канал Baza, у выніку крушэння загінулі дзевяць чалавек. У верталёце Мі-8 у Клінцах знаходзіліся тры члены экіпажа. Другі верталёт Мі-8 упаў ва Унецкім раёне. Там таксама знаходзіліся тры члены экіпажа. У вёсцы Ніжняе загінулі два пілоты знішчальніка-бамбардзіроўшчыка Су-34. У вёсцы Сурэцкі Муравей загінуў пілот знішчальніка Су-35.

Па масштабах, страта расійскай арміяй цэлай авіягрупы за адзін дзень, супастаўляльная толькі з масавымі стратамі ў самым пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 14 мая. Аблога Быхава. Дывізія Касцюшкі. Рэферэндум – 1995. Нарадзіліся ўсходазнавец К. Касовіч, мастак Я. Кругер, кампазітар Я. Жыновіч.

1659 год. Маскоўскія ваяводы Змееў і Лабанаў-Растоўскі пачалі аблогу Быхаўскага замка.

Аблога працягвалася да 4 снежня і закончылася начным штурмам Быхава. Карнікі, якія захапілі замак, у 1660 годзе самі апынуліся ў аблозе і ў снежні 1661 здаліся войску Рэчы Паспалітай на чале з гетманам Чарнецкім.

Замак стаяў на высокім правым беразе Дняпра, на месцы былога пасялення XIV-XV стагоддзяў.

Замкавы комплекс складаўся з некалькіх мураваных карпусоў, якія ўтваралі ў плане няправільны чатырохвугольнік памерамі 75х70 м.

З поўначы ўнутраны двор замыкаўся мураванай сцяной з выхадам на гарадскі вал. Заходні бок замкавага комплекса, павернуты да гандлёвай плошчы, быў забудаваны карпусамі казарм, меў пасярэдзіне ўязную браму з пад’ёмным мастом і фланкіраваўся па вуглах васьміграннымі абарончымі вежамі.

1814 год. У Полацку нарадзіўся Каэтан Касовіч (1814-1883).

Беларускі ўсходазнаўца, першы санскрытолаг у Расіі.

Скончыў Віцебскую гімназію, Маскоўскі ўніверсітэт.

Працаваў выкладчыкам ў Цвярской і 2-й Маскоўскай гімназіях. Вывучаў яўрэйскую і арабскую мовы, санскрыт. Перакладчык з санскрыта.

У Маскве быў рэдактарам навуковых прац пры публічнай бібліятэцы, прафесарам універсітэта, быў ганаровым доктарам Харкаўскага, прафесарам Пецярбургскага ўніверсітэтаў.

Выдаў “Санскрыцка-рускі слоўнік”, збор персідскіх клінападобных надпісаў, пераклад “Яўрэйскай граматыкі” Гезеніуса і “Яўрэйскай хрэстаматыі”, “Грэчаска-рускі слоўнік”.

Памёр 7 лютага 1883 года.

1869 год. У Мінску нарадзіўся Янкель Кругер (1869-1940).

Беларускі жывапісец і педагог, заслужаны дзеяч мастацтваў, настаўнік знакамітых мастакоў.

Вучыўся ў Варшаве, у акадэміі Жуліяна ў Парыжы, у Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Падарожнік па еўрапейскіх краінах. Неаднаразова дэманстраваў свае палотны на Парыжскіх выстаўках.

У Мінску вёў курсы малявання і жывапісу. Меў шматлікіх вучняў, сярод якіх Г. Фімянтоўскі, В. Руцай, І. Ахрэмчык, І. Мільчын, З. Азгур, Х. Суцін, М. Кікоін, М. Станюта.

Працаваў у БДУ, у этнаграфічнай экспедыцыі Беларускага Дзяржаўнаг музея.

Аўтар партрэтаў І. Жухавіцкага, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Зм. Бядулі, С. Міхоэлса, навукоўцаў, палітычных савецкіх военачальнікаў і партыйных дзеячаў, жанравых карцін на тэмы працы, серыі карцін, якія адлюстроўваюць сцэны яўрэйскага побыту.

Я. Кругер. Янка Купала.

1885 год. Нарадзіўся Мікалай Крыленка (1885-1938).

Вярхоўны галоўнакамандуючы расійскай арміі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Кіраўнік ліквідацыі Стаўкі ў Магілёве ў 1917 годзе. Рэспрэсаваны.

У яго гонар у Магілёве названа вуліца, усталявана мемарыяльная шыльда.

Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Удзельнік І Сусветнай вайны, прапаршчык.

У ліпені 1917 года быў арыштаваны ў Магілёве і абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе. 8 лістапада 1917 года ўвайшоў у першы склад Саўнаркама ў якасці члена Камітэта па справах ваенных і марскіх.

22 лістапада 1917 года прызначаны галоўнакамандуючым войск, 3 снежня адхіліў ад пасады генерала М. Духоніна і стаў камандуючым Стаўкі ў Магілёве.

Быў пракурорам РСФСР, народным камісарам юстыцыі РСФСР, СССР.

Актыўна змагаўся з Вышынскім і Вінакуравым (старшыня Вярхоўнага Суда СССР) за ўплыў у сістэме органаў юстыцыі СССР. Вынікам гэтай барацьбы стала гібель Крыленкі і яго людзей, перамога групоўкі Вышынскага.

Арыштаваны НКУС 31 студзеня 1938 года. Расстраляны 29 ліпеня 1938 года.

1899 год. Нарадзіўся Тодар Куніцкі (1899-1985).

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, лекар, сузаснавальнік Беларускага Студэнцкага Саюза ў Вільні і Беларускага Сялянскага Саюза.

Працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, урачом на Беласточчыне.

3 чэрвеня 1937 года Галоўліт БССР Указам № 33 «Спіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі з бібліятэк грамадскага карыстання, навучальных устаноў і кнігагандлю» загадаў спальваць усе кнігі Куніцкага.

У час Другой сусветнай вайны працаваў у Вільні, пасля вайны працаваў урачом у Гданьску. Памёр 5 сакавіка 1985 года.

Сябры Беларускага студэнцкага саюза, 1930-я гады.

1907 год. Нарадзіўся Язэп Жыновіч (Жыдовіч, 1907-1974).

Беларускі музыка-цымбаліст, дырыжор, кампазітар, народны артыст БССР і СССР, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі.

У 1922 годзе стаў салістам-цымбалістам у БДТ-1 (купалаўскі тэатр). Скончыў Мінскі музычны тэхнікум, БДУ, кансерваторыю (з яе выключаўся як сын кулака).

У 1930 годзе кіраўнік, саліст, канцэртмайстар і педагог створанага Дзяржаўнага ансамблю народных інструментаў БССР.

Падчас вайны працаваў у Казахскай філармоніі, у складзе канцэртнай брыгады выязджаў на фронт.

З 1946 года – мастацкі кіраўнік і дырыжор Дзяржаўнага народнага аркестра БССР. У Беларускай кансерваторыі аснаваў клас цымбалаў і кафедру народных інструментаў.

Напісаў музычныя творы: «Беларуская мелодыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі народных танцаў «Лявоніха» і «Мікіта».

Пераклаў для цымбалаў п’есы шматлікіх еўрапейскіх аўтараў.

Памёр у Мінску 13 студзеня 1974 года.

У Мінску названа ў яго гонар вуліца, а на доме, дзе жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

1943 год. У СССР пачалося фарміраванне 1-ай пяхотнай дывізіі імя Т. Касцюшкі Войска Польскага.

Дывізія фарміравалася ў Сялецкіх ваенных лагерах пад Разанню. 15 ліпеня 1943 года, у дзень гадавіны Грунвальдскай бітвы, дывізія прыняла прысягу. Дывізія мела штатны расклад савецкай стралковай дывізіі і ўключала тры пяхотныя палкі, асобны жаночы пяхотны батальён імя Э. Плятэр, полк лёгкай артылерыі, знішчальны супрацьтанкавы дывізіён, дывізіён мінамётаў, разведроту, роту сувязі, падраздзяленні зенітных сродкаў, часткі тылу.

Першым камандзірам дывізіі стаў палкоўнік Зыгмунт Берлінг. Па стане на 5 ліпеня 1943 года, дывізія мела 14 380 чалавек (13 520 палякаў, 439 яўрэяў, 209 украінцаў, 108 беларусаў, 112 рускіх і 1 азербайджанец).

12-13 кастрычніка 1943 года пад Леніна Горацкага раёна адбыўся першы бой дывізіі. Падчас баёў дывізія нанесла значны ўрон суперніку, заняла вёскі Трыгубава і Паўзухі. Тры байцы дывізіі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, 247 – узнагароджаны ордэнамі і медалямі.

З. Берлінг.

1955 год. Утворана ваенная арганізацыя Варшаўскай Дамовы.

У яе склад увайшлі Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, СССР, Чэхаславакія. Скасавана ў 1991 годзе. Усе краіны, акрамя СССР, увайшлі ў НАТА (з былога СССР у НАТА – Эстонія, Літва, Латвія).

Трэцім галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі краінаў-удзельніцаў дамовы быў ураджэнец Горацкага раёна Маршал Савецкага Саюзу І. Якубоўскі (1967-1976), першым начальнікам штаба – ураджэнец Гродна, уладальнік ордэна Перамогі, генерал арміі – А. Антонаў (1955-1962).

І. Якубоўскі.

1973 год. Нарадзілася Наталі Касцюшка-Марызэ.

Францускі палітык, з беларускага роду Касцюшкаў. Былы міністар экалогіі ва ўрадзе Ф. Фіёна (2010-2012).

Скончыла Політэхнічную школу ў Парыжы, Нацыянальную школу лясных і водных інжынэраў.

Займала пасады дзяржаўных сакратароў дэпартамэнтаў экалогіі, планавання і развіцця лічбавай гаспадаркі, мэра Лянжумо.

1995 год. Па ініцыятыве А. Лукашэнкі прайшоў рэферэндум.  

На галасаванне выносіліся чатыры пытанні, першыя тры з іх – на абавязковы рэферэндум, пастанова якога насіла канчатковы характар, а чацвёртае – на кансультацыйны, пастанова якога насіла рэкамендацыйны характар:

  1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове аднолькавага статусу з беларускай?
  2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?
  3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?
  4. Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага ці грубага парушэння Канстытуцыі?[

Паводле афіцыйных звестак, па першаму пытанню “За” выступілі 88,3%, па другому падтрымка атрымана ў 75,1% галасоў, па трэцяму – 83,3%, па чацвёртаму – 77,7%.

Пытанні, вынесеныя на рэферэндум, супярэчылі прэамбуле і артыкулам 1, 2, 3 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, прэамбуле і артыкулам 17 і 78 Канстытуцыі Беларусі 1994 года, артыкулу 3 Закона «Аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь».

Фота з адкрытых крыніц.

Пад Бранскам збілі верталёт, упаў самалёт. Магчыма, упалі яшчэ верталёт і самалёт

Днём 13 мая ў небе Бранскай вобласці адбылося падзенне двух адзінак вайсковай тэхнікі. Каля палудня ў горадзе Клінцы, дзе размяшчаецца вялікая ваенная база, быў збіты верталёт Мі-8.

“Навіны Бранска” паведамляюць, што перад падзеннем верталёт доўга кружыў над горадам, а потым загарэўся і камянём упаў у прыватны сектар. Экіпаж – два чалавекі – загінуў.

Адразу пасля гэтага паявілася інфармацыя пра падзенне ваеннага самалёта Су-34, экіпаж якога таксама загінуў. Калі ў выпадку з верталётам дакладна вядома, што ён быў збіты, то абставіны падзення самалёта яшчэ высвятляюцца. Ад месца падзення Мі-8 да месца падзення Су-34 – 40 кіламетраў.

У Клінцоўскім раёне ўведзены план “Перахоп” – верагодна, шукаюць дыверсантаў.

Тэлеграм-канал Baza піша, што правяраецца інфармацыя пра магчымае падзенне яшчэ аднаго Су-34. Раней канал “112” паведаміў, што збітых верталётаў Мі-8 магло быць два. «Асцярожна, навіны» пішуць, што другі верталёт упаў ля вёскі Сурэцкі Муравей за 10 кіламетраў ад Клінцоў.

Фота: “Навіны Бранска”

Расія ноччу атакавала Украіну, у Мікалаеве жылы дом трапіў пад удар

Ноччу расійскія войскі ўдарылі беспілотнікамі па чатырох рэгіёнах Украіны – Кіеўшчыне, Хмяльніччыне, Львоўшчыне і Мікалаеўшчыне. Найбольш сур’ёзна пацярпеў горад Мікалаеў, тут быў уражаны пяціпавярховы жылы дом (на фота) і будынак хлебазавода, ёсць параненыя – перадаюць news.pn.

У Хмяльніцкай вобласці ёсць пападанне ў аб’ект інфраструктуры. Ён знаходзіцца па-за межамі населеных пунктаў і ў выніку ўдару будзе зменены расклад руху цягнікоў.

У Кіеўскай вобласці збіты беспілотнік упаў на жылы дом – паведамляе агенцтва Unian.

Фота з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 13 мая. Раненне Папы Рымскага. Нарадзіліся мастакі С. Жукоўскі, А. Кішчанка, дзеячы БНР Я. Серада, І. Ермачэнка, актрыса С. Станюта, пераможца “Еўрабачання” А. Рыбак.

Успамін Найсвяцейшай Марыі Панны з Фацімы (каталіцкі каляндар).

“Вам давядзецца шмат пакутаваць, але Божая ласка заўсёды будзе вашым суцяшэннем” – такія былі словы Маці Божай, якая 13 мая 1917 года аб’явілася тром дзецям-пастушкам: Люцыі, Францішку і Жасінце ў партугальскім мястэчку Фаціма. Яна прыходзіла да дзяцей да 13 кастрычніка.

Маці Божая, раскрыўшы далоні, паслала дзецям такое моцнае святло, што яно пранікла ў іх і ў самую глыбіню душаў. Праз момант Найсвяцейшая Панна дадала: «Маліцеся на ружанцы кожны дзень, каб выпрасіць спакой для свету і канец вайны». Праз імгненне яна пачала плаўна ўздымацца ў кірунку ўсходу, пакуль нарэшце не знікла ў бязмежнай далечыні.

1622 год. Памёр Іван Мялешка (?-1622).

Дзяржаўны і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1613 годзе ініцыяваў стварэнне ўніяцкага Жыровіцкага манастыра на чале з І. Кунцэвічам, перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў.

Стольнік Гродзенскі, мазырскі падкаморы, маршалак слонімскі, кашталян мсціслаўскі, брэсцкі, смаленскі, член Рады ВКЛ.

Хто Аўтар «Прамовы Івана Мялешкі, кашталяна смаленскага, на Варшаўскім сойме ў прысутнасці караля Жыгімонта III Вазы ў 1589 годзе», якая ўяўляе сабой вобраз сацыяльна-палітычнай сатыры, высмейвае норавы польскай шляхты. 

Аўтар абураецца вынікамі Люблінскай уніі і адстойвае інтарэсы жыхароў ВКЛ, якія пакутуюць ад польскага прыгнёту. Сур’ёзную пагрозу дзяржаўнапалітычнай незалежнасці Беларусі, яе свабоднаму нацыянальна-культурнаму развіццю сатырык бачыў не толькі з боку польскай экспансіі, але i з боку Масковіі. 

Выйсце з такіх складаных для Айчыны абставін аўтар «Прамовы…» бачыў у як мага больш хуткім выгнанні ўсіх чужынцаў, што «да нас улезлі насуперак праву нашаму». Па сваёй аб’ектыўнай накіраванасці «Прамова…» – глыбока патрыятычны літаратурны твор, этапная з’ява ў развіцці беларускай літаратуры, узбагачэнні яе сацыяльнага i духоўна-маральнага зместу.

У XVIІ стагоддзі «Прамова…» бытавала ў шырокіх колах грамадства, неаднаразова перараблялася i дапаўнялася. Існавала мноства разнастайных яе спісаў i рэдакцый, але да нашага часу дайшлі толькі тры рэдакцыі. Упершыню яна надрукаваная Ю. Нямцэвічам у 1822 годзе

1624 год. Нарадзіўся Аляксандр Сапега (1624-1671).

Рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзеяч ВКЛ, каралеўскі сакратар, канонік віленскі і варшаўскі, рэферэндарый вялікі духоўны літоўскі, камандзір драгунскай харугвы (1666), біскуп жмудскі і віленскі. 

У 1671 годзе перанёс Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у новую капліцу, дзе ён знаходзіцца і зараз.

Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любліне, Віленскай езуіцкай акадэміі, калегіуме Барталамея Навадворскага ў Кракаве, у Кракаўскім універсітэце, у духоўных установах Падуі, Балоньі, Рыма і Парыжа.

Памёр 22 мая 1671 года. Пахаваны ў кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Вільні.

1870 год. Нарадзіўся Аляксандр Турчыновіч (1870-1917)

Беларускі гісторык, краязнавец, педагог.  

Скончыў Гродзенскую гімназію, Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут.

Працаваў у Магілёўскай, Віленскай, Гродзенскай, Пецярбургскай гімназіях. 

Адзін з ініцыятараў правядзення вучнёўскіх адукацыйных экскурсій па Расіі. Разам з гімназістамі з Магілёва, Вільні і Гродна ўдзельнічаў у такога кшталту экскурсіях у Маскву, Пецярбург, Кіеў, затым былі Крым, Каўказ, Прыбалтыка, падарожжы па Дняпры, Волзе і Каспійскім моры.

Падарожнік па еўрапейскіх краінах.

Аўтар дапаможнікаў і даведніка для настаўнікаў па экскурсійнай справе, кніг «Пра лёс помнікаў класічнай літаратуры», «Паладыум: галоўныя звесткі з рымскіх старажытнасцей, літаратуры і метрыкі», падручніка “Кароткая, але поўная граматыка лацінскай мовы для гімназій”, нарыса “Стагоддзе Гродзенскай губерні (1802–1902)”.

Пасля 1917 года далейшы лёс невядомы.

Гродзенская мужчынская гімназія.

1875 год. Нарадзіўся Станіслаў Жукоўскі (1875-1944).

Польскі і расійскі жывапісец, пейзажыст беларускага паходжання, адзін з найвыдатнейшых прадстаўнікоў свайго жанру канца XIX – першай трэці XX стагоддзя, аўтар 670 шэдэўраў мастацтва. Акадэмік жывапісу Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў.

Дзяцінства прайшло Пружанамі.

Вучыўся ў Варшаве, Беластоку, у Маскоўскім мастацкім вучылішчы (аднакласнік В. Бялыніцкага-Бірулі). Удзельнік Таварыства перасоўнікаў, Саюза рускіх мастакоў.

Кастрычніцкую рэвалюцыю не прыняў. Як упаўнаважаны па справах аховы помнікаў мастацтва пры савецкім урадзе ўратаваў некалькі сядзіб ад знішчэння.

Пасля таго, як пачалося адкрытае цкаванне мастака, ён выехаў у 1923 годзе ў Польшчу, дзе крытыкі станоўча адзначылі прызнанага майстра пейзажнага жывапісу, яго таленавітае і тэмпераментнае майстэрства.

Штогод выяжджаў на пленэры на Гродзеншчыну, дзе маляваў у сваіх улюбёных жанрах пейзажу і інтэр’еру. Часта падчас гэтых вандровак малюе свае родныя мясціны: Палессе, Свіслацкую пушчу, Панямонне, Падароск, Рось, Гарнастаевічы.

Падчас Другой сусветнай вайны падтрымліваў сувязі з варшаўскім падполлем. Быў арыштаваны нацыстамі як удзельнік Варшаўскага паўстання. Загінуў у гітлераўскім канцлагеры Прушкаў каля Варшавы.

Яго палотны захоўваюцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін.

С. Жукоўскі. Рака Нёман. Палатно, алей, 1895

1879 год. Нарадзіўся Янка Серада (1879-1943).

Беларусі педагог, дзеяч нацыянальнага руху, першы старшыня прэзідыума Рады БНР, трэці старшыня Народнага Сакратарыята Беларусі.

Скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Удзельнік руска-японскай, Першай сусветнай войн,

Сябра Беларускай сацыялістычнай грамады. Старшыня Усебеларускага з’езда (1917), удзельнік мірных перамоваў у Брэст-Літоўску.

Працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні, выкладаў у Мар’іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы, быў навуковым супрацоўнікам і загадчыкам бібліятэкі Інбелкульта, выкладчыкам Мінскага беларускага педтэхнікума, арганізатарам і дырэктарам Мінскага ветэрынарнага-заатэхнічнага тэхнікума, дацэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках.

У 1930 годзе арыштаваны ДПУ, сасланы ў Яраслаўль. У снежні 1941 года паўторна асуджаны на 10 гадоў зняволення. Датэрмінова вызвалены ў лістападзе 1943 года. Далейшы лёс невядомы.

1894 год. Нарадзіўся Іван Ермачэнка (1894-1970).

Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, лекар, ад’ютант генерала П. Урангеля, прадстаўнік ураду БНР у Канстантынопалі, консул на Балканах, сузаснавальнік Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэту.

З 1922 года жыў у Празе, скончыў медыцынскі факультэт Карлава ўніверсітэта, браў удзел у беларускім студэнцкім руху і ў працы беларускай эміграцыі ў Чэхіі.

У 1940 годзе заснаваў беларускае выдавецтва ў Празе, якое дзейнічала ў ягоным доме. Прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

Пасля вайны жыў у ЗША. Працаваў лекарам. Адзін з заснавальнікаў Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта ў Саўт-Рывэры (штат Нью-Джэрсі). Публікаваўся ў часопісе «Беларус у Амерыцы».

1895 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Паўлюкоўскі (1895-1955).

Беларускі паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак.

У Першую сусветную вайну служыў у расійскім войску, прапаршчык. Падчас службы рабіў фатаграфіі баёў з ворагам, салдат і афіцэраў свайго падраздзялення, пацярпелых, параненых, ахвяр вайны. З атрыманых здымкаў склаў фотаальбом «Памяткі вайны 1914-1917».

Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расіі на баку чырвоных. Сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады. За актыўную грамадска–палітычную дзейнасць супраць польскай дзяржавы быў арыштаваны і зняволены ў Лукішках, у канцлагеры Бяроза-Картузскі, адкуль вызваліўся ў верасні 1939 года.

Быў загадчыкам бібліятэкі і сакратаром Віленскага беларускага гісторыка–этнаграфічнага музея імя І. Луцкевіча, дырэктарам Літаратурнага музея А. Пушкіна.

У 1948 годзе арыштаваны КДБ, асуджаны да 10 гадоў лагераў.

Памёр у 1955 годзе, пахаваны на віленскіх могілках Роса.

Аўтар вершаў, артыкулаў, замалёвак, апавяданняў, трох кніг вершаў. Перакладчык Л. Талстога, М. Зошчанкі.

Ілюстратар віленскіх беларускіх календароў-гадавікоў, падручнікаў, фотаальбомаў, буклетаў, дапаможнікаў па мастацтве, разьбе па дрэве.

1905 год. Нарадзілася Стэфанія Станюта (1905-2000).

Беларуская актрыса, легенда сцэны купалаўскага тэатра, Народная артыстка Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій, уладальніца прызоў Міжнародных фестываляў, Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра.

Сыграла некалькі дзясяткаў ролей у тэатральных пастаноўках па творах Я. Купалы, З. Бядулі, К. Губарэвіча, У. Шэкспіра, Р. Шэрыдана, К. Крапівы, І. Мележа, А. Макаёнка і іншых.

Здымалася ў многіх кінафільмах, у тым ліку «Родная справа», «Памяць зямлі», «Белыя Росы», «Слухаю, чую», «Мама, я жывы», тэлефільмах «Мы – хлопцы жывучыя», «Нас выбраў час», «Пра Чырвоную Шапачку», «Атланты і карыятыды», тэлеспектаклях «Людзі на балоце», «Ткачы» і іншых.

У яе гонар названа вуліца ў Мінску.

1921 год. Савет народных камісараў РСФСР прыняў дэкрэт аб стварэнні сеткі дамоў адпачынку.

Першымі ў Беларусі запрацавалі дамы адпачынку “Ждановічы”, “Чонкі” (1922), “Мінскі” (1923). З 1930 года запрацаваў Дом адпачынку завода штучнага валакна ў Салтанаўцы.

Ждановічы. 1920-я гады.

1933 год. Нарадзіўся Аляксандр Кішчанка (1933-1997).

Народны мастак Беларусі. Аўтар слыннага “Габелену стагоддзя”, на якім выяўленыя самыя значныя постаці свету і Беларусі – занесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса, мае памеры 14х19 м, вагой – каля 300 кг.

Скончыў Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва.

Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўным мастацтве, габелене.Выкладаў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.

Найбольш вядомыя працы: мазаіка «Беларусь партызанская» на мінскім гатэлі «Турыст», серыя пано на будынках у мікрараёне Усход-1, шэраг габеленаў.

Памёр 11 лістапада 1997 года ў Мінску.

1981 год. У Рыме турэцкі тэрарыст Агджа некалькі разоў стрэліў у Папу рымскага Яна Паўла ІІ.

Натоўп вернікаў сабраўся ў гэты дзень на плошчы Святога Пятра, каб вітаць вярхоўнага іерарха. Ян Павел ІІ ехаў у адкрытым аўтамабілі, які павольна прабіраўся праз натоўп вернікаў. Раптам пачуліся стрэлы, і святы айцец, сьцякаючы крывёй, упаў на рукі свайго сакратара.

23-гадовага тэрарыста-турка Мехмеда Алі Агджу, члена падпольнай тэрарыстычнай арганізацыі “Шэрыя ваўкі” схапілі на месцы злачынства, а паранены Ян Павел быў тэрмінова дастаўлены ў шпіталь, дзе яму прыйшлося перанесці нялёгкую чатырохгадзінную аперацыю. 

Лекары абвясцілі, што жыццю папы нічога не пагражае: хоць стрэлы былі зроблены амаль ва ўпор, ні адна з куль па шчаслівай выпадковасці не закранула жыццёва важных органаў.

1986 год. У Мінску нарадзіўся Аляксандр Рыбак.

Нарвежскі скрыпач, спявак, кампазітар, канцэртмайстар. Адзіны з беларусаў пераможца “Еўрабачання” (2009).

Вучыўся ў школе пры Беларускай акадэміі музыкі, кансерваторыі ў Осла.  Яго бабулі і дзядулі жывуць у Мінску і Віцебску.

Выконвае музыку свайго бацькі на вершы Максіма Багдановіча. Лічыць, што родная культура паўплывала на яго музычны густ. У 2011 годзе запісаў для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую версію свайго хіта «Europe’s Skies», у беларускай інтэрпрэтацыі яна атрымала назву «Небасхіл Еўропы».

1996 год. Пачала выдавацца газета “Педагог” Магілёўскага педінстытута імя А. Куляшова.

З верасня 1997 года – “Універсітэцкі веснік” МДУ імя А. Куляшова. Рэдактары газеты: Л. Шышакова (1996-2018), В. Караткевіч (2018-2019), С. Сомаў (2019-2023).

Фота з адкрытых крыніц

Украінская армія пачала контрнаступ – заяўляюць ваенкоры і аналітыкі

Днём 11 мая Тэлеграм-каналы расійскіх ваенкораў выбухнулі паведамленнямі пра тое, што ўкраінская армія прарвала лінію фронта пад Бахмутам. Так, Аляксандр Сіманаў напісаў пра адступленне расійскай арміі і прарыве Узброеных сілаў Украіны ў накірунку Берхаўкі і Ягаднага. Блогер Паддубны выказаў меркаванне, што украінская армія пачала аперацыю па акружэнні расійскай групіроўкі пад Бахмутам, а таксама распаўсюдзіў алярмісцкія з’яўленні, быццам Украіна нацэлілася на ўварванне на тэрыторыю Расіі.

“Нашы таварышы з Харкава паведамляюць, што па аб’язной дарозе ўвесь дзень ідуць калоны ваеннай тэхнікі ВСУ ў бок мяжы з Белгарадскай вобласцю і на купянскі напрамак. У калонах танкі, САУ, РСЗА, бронемашыны з пяхотай.” – напісаў блогер.

Паспяховыя контрнаступальныя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў зафіксаваныя таксама складальнікамі мапы DeepState https://t.me/DeepStateUA/16533. “Упершыню за доўгі час на мапе з’явіўся сіні колер”, пішуць аўтары канала – сінім колерам адзначаецца тэрыторыя, вызваленая ад расійскіх войскаў.

Высокапастаўлены вайсковы аналітык з ЗША, імя якога не называецца, распавёў CNN, што ЗСУ пачалі “фарміраваць аперацыі” напярэдадні доўгачаканага контрнаступлення, што выяўляецца ў нанясенні ўдараў па расійскіх складах зброі, камандных цэнтрах і зборах тэхнікі для падрыхтоўкі поля бою да пачатку наступальных дзеянняў. 

Як растлумачыў выданню вайсковец, гэта стандартная тактыка перад буйнымі наступальнымі аперацыямі.

Адначасова аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) заявілі, што небяспека маштабнага акружэння сіл украінскай арміі з боку акупантаў у Бахмуце, верагодна, мінула. 

Мінабароны РФ больш не ставіць гэта за мэту, а некваліфікаваныя падраздзяленні ворага не здольныя ўтрымаць флангі вакол горада, каб ажыццявіць задачу. Аналітыкі лічаць, што абароннае ведамства Расіі прадэманстравала першыя прыкметы дэпрыярытызацыі намаганняў на Бахмуцкім напрамку яшчэ ў студзені 2023 года. Пра гэта сведчыць спыненне вярбоўкі на фронт зняволеных ПВК “Вагнер”.

Расійскае міністэрства абароны выступіла з заявай,  што інфармацыя пра прарыў украінцамі лініі фронта пад Бахмутам “не адпавядае рэчаіснасці” – піша Meduza.

У Кіеве ніякіх каментароў наконт магчымага перамяшчэння сваіх войскаў не давалі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю брытанскім СМІ напярэдадні заяўляў, што для падрыхтоўкі контрнаступлення ВСУ неабходна “яшчэ крыху часу”.

Фота з адкрытых крыніц