Украінская армія наступае, нясе страты, але прасоўваецца наперад

Актыўныя контрнаступальныя дзеянні украінскай арміі заўважаны на чатырох участках фронта – адзначаюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).

У той час як расійскае Міністэрства абароны сцвярджае, што расійскія войскі адбілі абмежаваныя і лакалізаваныя наземныя атакі Украіны ў раёне Крэмянной, украінскія афіцыйныя асобы 9 чэрвеня заявілі, што ЗСУ прасунуліся на 1,2 кіламетра падчас працяглых наступальных дзеянняў пад Бахмутам. 9 чэрвеня украінскія войскі працягвалі абмежаваныя контрнаступальныя аперацыі на захадзе Данецкай вобласці ў раёне мяжы Данецка-Запарожскай вобласці і дасягнулі тактычных поспехаў у гэтым раёне. 

9 чэрвеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што украінскі контрнаступ ідзе ўжо пяць дзён і украінская армія “не дасягнула пастаўленых задач ні на адным з участкаў баявых дзеянняў”.

Расійскія мілітары-блогеры і ваенкоры актыўна каментуюць здымкі з падбітай тэхнікай украінскай арміі – танкамі “Леапард” і БМП “Брэдлі”. Заяўляецца пра страту украінцамі некалькіх дзясяткаў адзінак тэхнікі – да 35 танкаў. У ISW адзначаюць, што ўкраінскія афіцыйныя асобы наўпрост прызналіся, што войска чакае стратаў тэхнікі падчас контрнаступальных аперацый. Дакладная колькасць знішчанай украінскай тэхнікі пакуль невядомая, а украінскія мілітары-блогеры сцвярджаюць пра некалькі адзінак, звяртаючы ўвагу на тое, што расійскія апаненты адзін і той жа фрагмент боя падаюць ужо каторы дзень пад рознымі ракурсамі, павялічваючы такім чынам колькасць страт.

Адначасова паяўляюцца відэасведчанні адступлення расійскіх вайскоўцаў з перадавых ліній у Запарожскай вобласці.

Фота з адкрытых крыніц

Украінская армія перахоплівае ініцыятыву пад Бахмутам – ISW

Збройныя сілы Украіны перахапілі тактычную ініцыятыву і дабіліся тактычна значных поспехаў у раёне Бахмута падчас контратак 18 мая – адзначае Інстытут вывучэння вайны.

У інстытуце заявілі, што адпаведныя аперацыі ўкраінскіх сіл з’яўляюцца працягам лакальных контрнаступленняў, якія яны праводзяць ужо некалькі дзён, але не з’яўляюцца пачаткам новай буйной аперацыі.

Аналітыкі адзначылі, што некалькі расійскіх ваенкараў сцвярджаюць, што ўкраінскія сілы прарваліся праз расійскія лініі абароны на поўдзень і паўднёвы захад ад Іванаўскага (6 км на захад ад Бахмута) і на паўночны захад ад Кляшчэеўкі (6 км на паўднёвы захад ад Бахмута).

Ваенкары таксама сцвярджаюць, што расійскія сілы адступілі з пазіцый на поўнач ад Сака і Ванцэці (15 км на поўнач ад Бахмута) на пазіцыі на поўдзень ад гэтага сяла, але ўкраінскія войскі ў гэтую вёску яшчэ не ўваходзілі, гаворыцца ў справаздачы ISW.

Вызваленне украінскімі войскамі шэрагу ўчасткаў на лініі судакранання можна прасачыць таксама на мапе сайта DeepStateMap. Вызваленыя ўчасткі абазначаны блакітным колерам.

Фота: “Слово и Дело”, DeepStateMap

Украінскія войскі атрымалі першы поспех пад Бахмутам – генерал Сырскі

Камандуючы Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі назваў першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута.

“Прасоўванне нашых войскаў на Бахмуцкім напрамку – гэта першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута. – заявіў Сырскі – Апошнія некалькі дзён паказалі, што мы можам рухацца наперад і знішчаць ворага нават у такіх звышскладаных умовах.”

Таксама Сырскі зазначыў, што Украіна ваюе меншым рэсурсам, чым вораг. Разам з тым, украінцам удаецца разбураць планы расійскіх акупантаў.

“Зрэшты, гэта толькі частковы поспех. І менавіта так яго трэба ўспрымаць. Аперацыя па абароне Бахмута працягваецца” – прыводзіць словы камандуючага агенцтва Unian.

У сваім штодзённым дакладзе аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначылі, што расійскім акупантам не ўдалося дабіцца ніякіх прасоўванняў у Бахмуце.

У справаздачы адзначаецца, што расійскія сілы правялі беспаспяховыя наступальныя аперацыі ў самім Бахмуце, за 9 кіламетраў на паўночны захад ад Бахмута ў раёне Грыгараўкі, Багданаўкі і Хромавага а таксама за 14 км на паўднёвы захад ад Бахмута ў раёне Белай Гары і Прадцечына.

Ваенны аналітык Юрый Фёдараў выказаў меркаванне, што пад Бахмутам украінская армія пачала браць расіян у клешчы. 

“Для таго, каб зразумець, што адбываецца пад Бахмутам, трэба паглядзець на карту, на якой ясна бачна, што ўзброеныя сілы Украіны рухаюцца, пачынаюць сціскаць абцугі вакол такга “языка”, які накіраваны ў бок Іваноўскага. Гэта населены пункт на паўднёвы захад ад Бахмута і там ёсць такі “язык”, занятая расійскімі войскамі, і там пачынаюць сціскаць “абцугі”. ВСУ падразаюць з поўначы і з поўдня” – прыводзіць словы аналітыка Unian.

На сайце DeepStateMap прадэманстраваная дынаміка баёў пад Бахмутам (на фота). Сінім колерам выдзеленыя тэрыторыі, адваяваныя ўкраінскімі войскамі за апошнія некалькі дзён.

Фота: “Украінская праўда”.

Украінская армія пачала контрнаступ – заяўляюць ваенкоры і аналітыкі

Днём 11 мая Тэлеграм-каналы расійскіх ваенкораў выбухнулі паведамленнямі пра тое, што ўкраінская армія прарвала лінію фронта пад Бахмутам. Так, Аляксандр Сіманаў напісаў пра адступленне расійскай арміі і прарыве Узброеных сілаў Украіны ў накірунку Берхаўкі і Ягаднага. Блогер Паддубны выказаў меркаванне, што украінская армія пачала аперацыю па акружэнні расійскай групіроўкі пад Бахмутам, а таксама распаўсюдзіў алярмісцкія з’яўленні, быццам Украіна нацэлілася на ўварванне на тэрыторыю Расіі.

“Нашы таварышы з Харкава паведамляюць, што па аб’язной дарозе ўвесь дзень ідуць калоны ваеннай тэхнікі ВСУ ў бок мяжы з Белгарадскай вобласцю і на купянскі напрамак. У калонах танкі, САУ, РСЗА, бронемашыны з пяхотай.” – напісаў блогер.

Паспяховыя контрнаступальныя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў зафіксаваныя таксама складальнікамі мапы DeepState https://t.me/DeepStateUA/16533. “Упершыню за доўгі час на мапе з’явіўся сіні колер”, пішуць аўтары канала – сінім колерам адзначаецца тэрыторыя, вызваленая ад расійскіх войскаў.

Высокапастаўлены вайсковы аналітык з ЗША, імя якога не называецца, распавёў CNN, што ЗСУ пачалі “фарміраваць аперацыі” напярэдадні доўгачаканага контрнаступлення, што выяўляецца ў нанясенні ўдараў па расійскіх складах зброі, камандных цэнтрах і зборах тэхнікі для падрыхтоўкі поля бою да пачатку наступальных дзеянняў. 

Як растлумачыў выданню вайсковец, гэта стандартная тактыка перад буйнымі наступальнымі аперацыямі.

Адначасова аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) заявілі, што небяспека маштабнага акружэння сіл украінскай арміі з боку акупантаў у Бахмуце, верагодна, мінула. 

Мінабароны РФ больш не ставіць гэта за мэту, а некваліфікаваныя падраздзяленні ворага не здольныя ўтрымаць флангі вакол горада, каб ажыццявіць задачу. Аналітыкі лічаць, што абароннае ведамства Расіі прадэманстравала першыя прыкметы дэпрыярытызацыі намаганняў на Бахмуцкім напрамку яшчэ ў студзені 2023 года. Пра гэта сведчыць спыненне вярбоўкі на фронт зняволеных ПВК “Вагнер”.

Расійскае міністэрства абароны выступіла з заявай,  што інфармацыя пра прарыў украінцамі лініі фронта пад Бахмутам “не адпавядае рэчаіснасці” – піша Meduza.

У Кіеве ніякіх каментароў наконт магчымага перамяшчэння сваіх войскаў не давалі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю брытанскім СМІ напярэдадні заяўляў, што для падрыхтоўкі контрнаступлення ВСУ неабходна “яшчэ крыху часу”.

Фота з адкрытых крыніц

Прыгожын заявіў, што павесіў расійскі сцяг на будынак адміністрацыі Бахмута, але яго ўжо не існуе

Заснавальнік ПВК “Вагнер”, расійскі мільярдэр Яўген Прыгожын позна вечарам 2 красавіка выклаў відэа ў сваім Тэлеграм-канале, у якім заявіў, што ставіць расійскі сцяг на будынку гарадской адміністрацыі горада Бахмута. 

“Юрыдычна Бахмут узяты” – заявіў Прыгожын і прысвяціў гэта блогеру Уладлену Татарскаму, што загінуў учора падчас выбуху ў кавярні Прыгожына.

Аналітыкі аднаго з украінскіх рэсурсаў, што адсочвае сітуацыю на фронце, зрабілі выснову, што будынка гарадской адміністрацыі ў Бахмуце ўжо проста не існуе – ён цалкам разбураны.

Гэта ўскосна пацвярджаецца тым фактам, што ніводнага фотаздымка расійскага сцяга над будынкам адміністрацыі потым не было апублікавана, а сам Яўген Прыгожын сфатаграфаваўся з тым самым сцягам у іншай лакацыі.

Расіяне заяўляюць пра захоп Саледара, украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што горад у “шэрай зоне”

Сітуацыя крытычная – прызнаюць салдаты ЗСУ – “Мы трымаемся да апошняга”.

Увечары 10 студзеня глава прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнер” Яўген Прыгожын і кіраўнік самаабвешчанай ДНР Дзяніс Пушылін заявілі, што “вагнераўцы” цалкам захапілі украінскі горад Саледар.

Прыгожын – дэзертырства ўкраінцаў не было

– Падраздзяленні ПВК «Вагнер» узялі пад кантроль усю тэрыторыю Соледара. У цэнтры горада ўтвораны кацёл, у якім вядуцца гарадскія баі. Колькасць палонных будзе паведамлена заўтра. – гаворыцца ў начной афіцыйнай заяве Прыгожына на яго тэлеграм-канале – Яшчэ раз хачу падкрэсліць, што ў штурме Салядара не ўдзельнічалі ніякія падраздзяленні акрамя байцоў ПВК «Вагнер».

Пры гэтым кіраўнік “Вагнера” абверг чуткі пра дэзерцірства салдат ЗСУ з Саледара: “Сённяз’явілася інфармацыя, што ў групоўку пад Бахмут перакінутыя супрацоўнікі СБУ, задачай якіх з’яўляецца спыніць дэзерцірства ў шэрагах ВСУ. Давайце будзем сумленнымі адзін з адным. Гэта не так. Украінская армія адважна змагаецца за Бахмут і Саледар. На заходніх ускраінах Саледара ідуць найцяжкія кровапралітныя баі. ВСУ з гонарам абараняюць тэрыторыю Саледара. Таму інфармацыя пра іх масавае дэзерцірства не адпавядае рэчаіснасці.

Салдат ЗСУ – сітуацыя крытычная

Пра стан рэчаў у Саледары карэспандэнту агенцтва CNN расказаў адзін з байцоў украінскай арміі, неназваны ваеннаслужачы 46-ай аэрамабільнай брыгады:

– Сітуацыя крытычная. Складаная. Мы трымаемся да апошняга.

Ваеннаслужачы апісаў дынамічнае поле бою, дзе будынкі штодзень пераходзяць з рук у рукі, а падраздзяленні не могуць адсочваць рост колькасці загінуўшых.

– Ніхто вам не скажа, колькі ёсць загінуўшых і параненых. Таму што ніхто не ведае дакладна. Ні адзін чалавек. Ні ў штабе. Нідзе. Пазіцыі бяруцца і здаюцца пастаянна. Тое, што сёння было нашым домам, заўтра становіцца домам “Вагнера”. У Саледары ніхто не лічыць загінуўшых – сказаў ён.

Па словах вайскоўца, па стане на вечар 10 студзеня было незразумела, якую частку горада ўтрымліваюць расейцы.

Інфармацыю пра акружэнне украінскіх вайскоўцаў абвяргае журналіст Юрый Бутусаў, які знаходзіцца ў Саледары ў гэтыя дні:

– Расійскія каналы распаўсюджваюць дэзінфармацыю па абстаноўцы на фронте. Ніякіх акружэнняў нашых войскаў няма.

Фота: Associated Press

Баі пад Бахмутам блізкія да кульмінацыі, расійскія войскі прыкметна дэградавалі – ISW

Аналітыкі з Інстытуту вывучэння вайны заяўляюць, што расійскі наступ, магчыма, захлынаецца.

У сваім штодзённым аналізе ваеннай сітуацыі на франтах вайны ва Украіне каманда ISW (Institute for the Study of War) сцвярджае, што украінскія войскі паспяхова наступаюць на Харкаўшчыне – “верагодна, дасягнулі большых поспехаў на паўночным усходзе Украіны, чым ISW ацэньвала раней.” У прыватнасці, паведамляецца, што ўкраінскія войскі захапілі расейскі апорны пункт каля Чырвонапапоўкі – прыкладна ў 5 кіламетрах на паўночны захад ад Крэмянной – куды, паводле ацэнак ISW, украінскія войскі прасоўваліся прынамсі з 23 снежня.

Таксама ў дакладзе гаворыцца, што расейскія войскі ў Бахмуце, магчыма, набліжаюцца да кульмінацыі, падобна таму як гэта адбылося з імі ў Херсоне ў жніўні 2022 года. 

Расейскія баявыя страты, верагодна, вымушаюць расійскіх вайскоўцаў у раёне Бахмута выкарыстоўваць штурмавыя групы памерам у атрад. Прэс-сакратар украінскай Усходняй групы войскаў палкоўнік Сяргей Чараваты 27 снежня паведаміў, што расійскія сілы ў раёне Бахмута больш не дзейнічаюць у выглядзе ротна-батальённа-тактычных груп, а замест гэтага дзейнічаюць меншымі групамі з дзесяці-пятнаццаці ваеннаслужачых.

Падобным чынам расійскія войскі ператварыліся з ротных і батальённых тактычных груп у асобныя групы памерам з атрад, калі расійскія падраздзяленні ў Херсонскай вобласці прыкметна дэградавалі ў жніўні 2022 года.

ISW ацаніла ў той час, што выкарыстанне расейскімі вайскоўцамі груп памерам у атрад у Херсонскай вобласці сведчыць аб тым, што расійскі наступ дасягнуў кульмінацыі, паколькі расійскія сухапутныя войскі былі настолькі дэградаваны, што яны больш не маглі кіраваць элементамі ў эшалонах, дастаткова высокіх, каб быў сэнс наступаць.

Хуткасць прасоўвання расійскіх вайскоўцаў у раёне Бахмута нядаўна запаволілася на фоне павелічэння недахопу ў асабовым складзе і боепрыпасах, якія, верагодна, не дазволяць ім падтрымліваць высокі тэмп наступальных аперацый у гэтым раёне ў бліжэйшай перспектыве. 

Фота: RBK-Украіна

Зяленскі наведаў Бахмут – самую гарачую кропку на фронце

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пабяваў на перадавой і ўручыў узнагароды і падарункі байцам Узброеных сілаў Украіны – перадае выданне “Суспільне новини”.

Напярэдадні ў вячэрнім звароце Зяленскі заявіў, што Бахмут застаецца самай гарачай кропкай на ўсёй лініі фронту.

«Больш за 1300 кіламетраў актыўных баявых дзеянняў. З траўня акупанты спрабуюць зламаць наш Бахмут, але час ідзе, і Бахмут ломіць не толькі расейскую армію, але і расейскіх наймітаў, якія прыйшлі на змену страчаным арміям акупантаў» — сказаў ён у звароце.

– Бахмут — адзін з важных гарадоў Данецкай вобласці. Узяўшы Бахмут, можна закрыць этап захопу Саледара. – сказаў у інтэрвію «Суспільнаму» камандуючы войскамі, якія абараняюць Бахмут, палкоўнік Арцём Ілюхін – Адпаведна, некалькі артэрый забеспячэння ўкраінскіх падраздзяленняў будуць перакрытыя. Шэраг вышынь будзе пад кантролем расійскіх войскаў, якія могуць быць выкарыстаныя для працягу наступальных дзеянняў.