Украінскі контрнаступ ідзе ўжо некалькі дзён – Міхаіл Падаляк

Дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк заявіў, што некалькі дзён таму пачалося контрнаступленне Узброеных сіл Украіны. 

У рамках украінскага контрнаступлення ўжо ідуць “асобныя аперацыі”, яно было пачата некалькі дзён таму – заявіў дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк італьянскаму тэлеканалу RAI, паведамляе выданне “Камерсант”.

“Контрнаступленне ідзе ўжо некалькі дзён, [гэтыя баявыя дзеянні] расцягнуты на 1,5 тыс. км уздоўж мяжы, але асобныя аперацыі ўжо пачаты” – сказаў Падаляк.

Ён таксама заявіў, што Украіна збіраецца прымяняць заходняе ўзбраенне толькі на тых тэрыторыях, якія лічыць сваімі.

Фота з адкрытых крыніц

Украінскія войскі атрымалі першы поспех пад Бахмутам – генерал Сырскі

Камандуючы Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі назваў першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута.

“Прасоўванне нашых войскаў на Бахмуцкім напрамку – гэта першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута. – заявіў Сырскі – Апошнія некалькі дзён паказалі, што мы можам рухацца наперад і знішчаць ворага нават у такіх звышскладаных умовах.”

Таксама Сырскі зазначыў, што Украіна ваюе меншым рэсурсам, чым вораг. Разам з тым, украінцам удаецца разбураць планы расійскіх акупантаў.

“Зрэшты, гэта толькі частковы поспех. І менавіта так яго трэба ўспрымаць. Аперацыя па абароне Бахмута працягваецца” – прыводзіць словы камандуючага агенцтва Unian.

У сваім штодзённым дакладзе аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначылі, што расійскім акупантам не ўдалося дабіцца ніякіх прасоўванняў у Бахмуце.

У справаздачы адзначаецца, што расійскія сілы правялі беспаспяховыя наступальныя аперацыі ў самім Бахмуце, за 9 кіламетраў на паўночны захад ад Бахмута ў раёне Грыгараўкі, Багданаўкі і Хромавага а таксама за 14 км на паўднёвы захад ад Бахмута ў раёне Белай Гары і Прадцечына.

Ваенны аналітык Юрый Фёдараў выказаў меркаванне, што пад Бахмутам украінская армія пачала браць расіян у клешчы. 

“Для таго, каб зразумець, што адбываецца пад Бахмутам, трэба паглядзець на карту, на якой ясна бачна, што ўзброеныя сілы Украіны рухаюцца, пачынаюць сціскаць абцугі вакол такга “языка”, які накіраваны ў бок Іваноўскага. Гэта населены пункт на паўднёвы захад ад Бахмута і там ёсць такі “язык”, занятая расійскімі войскамі, і там пачынаюць сціскаць “абцугі”. ВСУ падразаюць з поўначы і з поўдня” – прыводзіць словы аналітыка Unian.

На сайце DeepStateMap прадэманстраваная дынаміка баёў пад Бахмутам (на фота). Сінім колерам выдзеленыя тэрыторыі, адваяваныя ўкраінскімі войскамі за апошнія некалькі дзён.

Фота: “Украінская праўда”.

Украінская армія пачала контрнаступ – заяўляюць ваенкоры і аналітыкі

Днём 11 мая Тэлеграм-каналы расійскіх ваенкораў выбухнулі паведамленнямі пра тое, што ўкраінская армія прарвала лінію фронта пад Бахмутам. Так, Аляксандр Сіманаў напісаў пра адступленне расійскай арміі і прарыве Узброеных сілаў Украіны ў накірунку Берхаўкі і Ягаднага. Блогер Паддубны выказаў меркаванне, што украінская армія пачала аперацыю па акружэнні расійскай групіроўкі пад Бахмутам, а таксама распаўсюдзіў алярмісцкія з’яўленні, быццам Украіна нацэлілася на ўварванне на тэрыторыю Расіі.

“Нашы таварышы з Харкава паведамляюць, што па аб’язной дарозе ўвесь дзень ідуць калоны ваеннай тэхнікі ВСУ ў бок мяжы з Белгарадскай вобласцю і на купянскі напрамак. У калонах танкі, САУ, РСЗА, бронемашыны з пяхотай.” – напісаў блогер.

Паспяховыя контрнаступальныя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў зафіксаваныя таксама складальнікамі мапы DeepState https://t.me/DeepStateUA/16533. “Упершыню за доўгі час на мапе з’явіўся сіні колер”, пішуць аўтары канала – сінім колерам адзначаецца тэрыторыя, вызваленая ад расійскіх войскаў.

Высокапастаўлены вайсковы аналітык з ЗША, імя якога не называецца, распавёў CNN, што ЗСУ пачалі “фарміраваць аперацыі” напярэдадні доўгачаканага контрнаступлення, што выяўляецца ў нанясенні ўдараў па расійскіх складах зброі, камандных цэнтрах і зборах тэхнікі для падрыхтоўкі поля бою да пачатку наступальных дзеянняў. 

Як растлумачыў выданню вайсковец, гэта стандартная тактыка перад буйнымі наступальнымі аперацыямі.

Адначасова аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) заявілі, што небяспека маштабнага акружэння сіл украінскай арміі з боку акупантаў у Бахмуце, верагодна, мінула. 

Мінабароны РФ больш не ставіць гэта за мэту, а некваліфікаваныя падраздзяленні ворага не здольныя ўтрымаць флангі вакол горада, каб ажыццявіць задачу. Аналітыкі лічаць, што абароннае ведамства Расіі прадэманстравала першыя прыкметы дэпрыярытызацыі намаганняў на Бахмуцкім напрамку яшчэ ў студзені 2023 года. Пра гэта сведчыць спыненне вярбоўкі на фронт зняволеных ПВК “Вагнер”.

Расійскае міністэрства абароны выступіла з заявай,  што інфармацыя пра прарыў украінцамі лініі фронта пад Бахмутам “не адпавядае рэчаіснасці” – піша Meduza.

У Кіеве ніякіх каментароў наконт магчымага перамяшчэння сваіх войскаў не давалі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю брытанскім СМІ напярэдадні заяўляў, што для падрыхтоўкі контрнаступлення ВСУ неабходна “яшчэ крыху часу”.

Фота з адкрытых крыніц

Вайна ва Ўкраіне. «Працягваем знішчаць рэзервы праціўніка» – міністэрства абароны Ўкраіны пра наступленне на поўдні

Пра контрнаступленне ўкраінскіх узброеных сілаў у Херсонкай вобласці стала вядома 29 жніўня. Тады паведамлялася, што прасоўванне вайскоўцаў суправаджаецца разбурэннем лагістыкі расіян на акупаваных тэрыторыях. Падрабязнасці не агучваліся. Расія ж заявіла, што контрнаступленне спыненае.

1 верасня Міністэрства ўзброеных сіл Украіны паведаміла пра ход ваенных дзеянняў на поўдні. Паводле ведамства ўкраінскія вайскоўцы вядуць пазіцыйныя баі з расіянамі і замацаваліся на тэрыторыях.

Кіраўніца Аб’яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтру Сіл абароны Поўдня Украіны Наталля Гумянюк адзначае, што Узброеныя сілы працягваюць знішчаць рэзервы і камандныя пункты расіян.

«Працягваем знішчаць рэзервы праціўніка, працягваем трымаць пад кантролем транспартныя шляхі, па якіх яны спрабуюць падцягнуць рэзервы. Працягваем знішчаць іх камандныя пункты і месцы канцэнтрацыі асабовага складу і тэхнікі, усё, што звязана са скарачэннем сіл і магчымасцяў праціўніка», – даводзіць Гуменюк, якую цытуе інфармацыйнае агенцтва «УНІАН».

Ведамства раней паведамляла, што ва Узброеных сілах з іроніяй адрэагавалі на заяву Расіі аб тым, што «контрнаступленне з трэскам правалілася». У міністэрстве адзначалася, што «маральна-псіхалагічны стан войск праціўніка на правым беразе Херсоншчыны вельмі хісткі».

З пачаткам контрнаступлення стаў больш інтэнсіўным абстрэл расійскімі войскамі ўкраінскіх гарадоў. Яго зазналі Запарожжа, Адэса, Мікалаеў, Харкаў, памежныя з Расіяй раёны Харкаўскай вобласці. Дзясяткі чалавек былі забітыя і параненыя. Разбураныя інфраструктура і жылыя дамы.