Глускі прадпрымальнік сабраў ахвяраванні каб запусціць у возера больш за 200 кілаграмаў карпаў

Гаспадар рыбалавецкай крамы “Клёвы” ў горадзе Глуску Дзяніс Купчэня паўтары гады таму захапіўся ідэяй зарыбіць карпамі возера ў суседняй вёсцы Вольніцы. На касе сваёй крамы ён паставіў скрынку для ахвяраванняў. За гэты час у скрынцы сабралося 965 рублёў, за якія Купчэня набыў у Любанскім рыбгасе 215 кілаграмаў жывой рыбы – піша газета “Радзіма”. У асноўным гэта падрослыя карпікі, а таксама амур і таўсталобік. 

Праз год ці два рыба павінна падрасці і адужэць, спадзяецца Дзяніс Купчэня – калі, вядома, яе раней часу не вылавяць рыбакі – і вось тады пачнецца рыбалка.

Фота: “Радзіма”

У Бабруйску на продаж выставілі падземны камандны бункер

На электроннай пляцоўцы “БелЮрЗабеспячэнне” на продаж выстаўлены падземны пункт кіравання – вайсковы камандны бункер. Стартавы кошт 22 800 рублёў. На экзатычны лот аўкцыёна па продажы нерухомасці звярнула ўвагу выданне komkur.info.

Бункер знаходзіцца па вуліцы Кірава, каля дома 25а. Ён даўно не эксплуатуецца ваеннымі, а ў 2018 годзе перайшоў у прыватную ўласнасць. У мінулым годзе ўласнікам падземнага каманднага пункта стала ААТ “Старт-Корп”, у якой гэтая маёмасць была канфіскаваная за даўгі.

У адрозненне ад іншых падобных аб’ектаў, пункт кіравання ўнутры цалкам прэзентабельны – сцены зашытыя ў пластык, устаноўлены сучасныя свяцільні. Галоўным чынам памяшканні – скляпеністыя сцены і лямінаваную падлогу.

Аб «баявым» мінулым нагадваюць толькі браняваныя гермадзверы і прызначэнне абъекта (відавочна, ранейшае): «будынак спецыялізаваны для органаў дзяржаўнага кіравання, абароны, дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў».


З вуліцы аб’ект паходзіць на земляны вал

Агульная плошча ўсяго аб’екта складае 294 квадратныя метры. Свайго зямельнага ўчастка пункт упраўлення не мае. На аўкцыён незвычайны лот выстаўлены за пачатковую цану ў 22800 рублёў. Прэтэндэнт на куплю павінен унесці задатак – дзесяць працэнтаў ад названай сумы. Таргі прызначаны на 28 лістапада.

Фота: e-auction.by

Тры чалавекі патанулі за суткі на Магілёўшчыне – рыбак і двое палюбоўнікаў

Днём 8 лістапада на самаробным вадаёме каля вёскі Сычкава Бабруйскага раёна ў сямі метрах ад берага быў знойдзены труп жанчыны 1978 года нараджэння. Яе цела было ў вадзе ў верхняй вопратцы. Жанчына з’яўлялася жыхаркай вёскі Сычкава і нідзе не працавала. З гэтага ж вадаёма ратавальнікі дасталі таксама труп мужчыны 1968 года нараджэння, што быў сужыцелем жанчыны. Зараз праводзіцца праверка па факту гібелі – паведамляе прэс-служба МНС.

Цела яшчэ аднаго чалавека было выяўлена ў рацэ Ольса ў Клічаве. Вядома, што мужчына 1958 года нараджэння днём 7 літапада пайшоў на рыбалку і не вярнуўся. Яго труп ратавальнікі знайшлі ў вадзе каля берага ракі, у верхняй вопратцы.

Фота: МНС

Хакеісты “Магілёва” прайгралі 8:0 лідарам чэмпіяната і застаюцца на апошнім радку

Вечарам 8 лістапада прайшла выязная гульня хакейнага клуба “Магілёў” у Чэмпіянаце Беларусі па хакеі. У Салігорску магілёўская каманда прайграла “Шахцёру”, які займае першы радок у розыгрышы Экстралігі. Пасля 23 гульняў у “Магілёва” 13 ачкоў і ён працягвае знаходзіцца на самым апошнім радку турнірнай табліцы.

– Сёння няма чаго каментаваць. – так выказаўся пра гульню галоўны трэнер “Магілёва” Аляксандр Мацерухін – Нешта пайшло не так. Заўтра разбярэмся.

Фота: ХК “Магілёў”

Парушэнні – на кожным аб’екце. Санстанцыя праверыла шаўрмічныя і блінныя

Санітарная служба Магілёўскай вобласці правяла наглядныя мерапрыемствы на пяцідзесяці аб’ектах хуткаха грамадскага харчавання, што гатуюць шаўрму, блінчыкі з начынкамі і г.д. На ўсіх аб’ектах былі выяўлены парушэнні – паведамляе “Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”.

У пяці выпадках было зафіксавана выкарыстанне прадуктаў, у якіх завяршыўся тэрмін прыдатнасці. Сярод парушальнікаў – кафэ хуткага абслугоўвання ІП Рошчына ў Крычаве, па вуліцы Ленінскай, 46А, а таксама выязны гандаль ІП Ахрорава ў Чэрыкаве па вуліцы Ленінскай каля аўтавакзала.

У дзевяці выпадках парушаліся ўмовы захоўвання прадуктаў. Такое было выяўлена ў міні-кафэ «Грыльяж» ІП Рэянтовіч у Бабруйску, на вуліцы 50 год ВЛКСМ, 108, а таксама на фудтраку «Шава Бро» ў Магілёве, каля гандлёвага цэнтра «Арбат».

На астатніх аб’ектах былі выяўлены нездавальняючы санітарна-тэхнічны стан памяшканняў, адсутнасць медыцынскіх аглядаў, выкарыстанне прадуктаў з недаставернай маркіроўкай і іншае.

Фота ілюстрацыйнае

У Бабруйску закладчыцамі сталі маці ў дэкрэце і яе 18-гадовая сяброўка

Дзве жанчыны 23 і 18 гадоў былі затрыманыя аператыўнікамі наркакантролю Бабруйска. Старэйшая з жанчын пры гэтым знаходзіцца ў адпачынку пасля нараджэння дзіцяці. Абедзьве фігуранткі набывалі ў наркамаркеце вялікія партыі альфа-PVP, фасавалі і пакідалі ў закладках – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Пры жанчынах і ў схованках было знойдзена 40 грамаў гэтага наркатычнага рэчыва. Зараз ім пагражае да 15 гадоў зняволення.

Фота: УУС, скрыншот

У Магілёве на пажары загінула жанчына, двух суседзяў зверху выратавалі

Позна вечарам 7 лістапада, каля 22.30 здарыўся пажар у кватэры на другім паверсе пяціпавярховіка па Пушкінскім праспекце, 45 у Магілёве. Ратавальнікамі на месцы трагедыі было знойдзена цела жанчыны 1976 года нараджэння, гаспадыні кватэры. З кватэры на трэцім паверсе былі выратаваныя маці і сын, 1965 і 1989 гадоў нараджэння, з атручэннем прадуктамі гарэння. Яны шпіталізаваныя. Яшчэ чатырох чалавек, у тым ліку двух дзяцей эвакуявалі з іншых кватэр дома. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

У Горках зноў правядуць грамадскае абмеркаванне аднаго дрэва

Ужо ў трэці раз за год горацкі райвыканкам выносіць на грамадскае абмеркаванне лёс аднаго дрэва. Mogilev.media пісалі пра першае падобнае мерапрыемства 3 красавіка. Тады рашаўся лёс бярозы, што расла на вуліцы Якубоўскага. Затым 26 красавіка вырашаўся лёс бярозы на вуліцы Пагодзінскай. Сёння, 8 лістапада ў 14.30 у Горацкім райвыканкаме пройдзе абмеркаванне вішні на вуліцы Фрунзэ, каля дома нумар 7. Мяркуецца, што дрэва перашкаджае ў эксплуатацыі гэтага дома.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Магілёўскі “Барысфен” атрымаў дзявятую перамогу з дзевяці і лідзіруе ў чэмпіянаце

Баскетбольны клуб “Барысфен” абыграў каманду “Мінск рэзерв” з разгромным лікам 94:68 у дзявятым туры групы А чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Гэта дзявятая перамога запар у магілёўскай каманды. “Барысфен” займае першы радок у турнірнай табліцы групы А, маючы 18 ачкоў. На другім радку ў групе – “Гродна 93” з 14 баламі. У групе “Б” лідзіруе “Гродна 93 ГрГУ” з 12 ачкамі, але ў гэтай групе прайшло толькі шэсць гульняў.

Наступную гульню “Барысфен” правядзе на выездзе супраць “Гродна 93” 14 лістапада.

Фота: bcborisfen.by

Пачалася рэканструкцыя галоўнай бальніцы Бабруйска, знакамітую мазаіку на ёй – знішчаць

З будынка бабруйскай бальніцы імя У. Марзона ўжо выселілі ўсіх пацыентаў, будынак рыхтуюць да зносу – паведамляе bobr.by. На месцы старога чатырохпавярховага корпуса бальніцы плануецца пабудаваць новы, шасціпавярховы.  Разам са старым корпусам “марзонаўкі” знікне і самы пазнавальны бабруйскі арт-аб’ект – першая ў горадзе мазаіка, створаная мясцовым мастаком Сямёнам Абрамавым у 1968 годзе.

Галоўны герой на мазаічным пано – чалавек у медыцынскай масцы, які стаіць на варце грамадскага здароўя. Як толькі стала вядома аб зносе будынка, аўтар мазаікі выказаўся за захаванне свайго твора і нават прапанаваў варыянты. Але, відаць, да яго не прыслухаліся. Мазаіку разбяруць разам са сцяной, якую яна ўпрыгожвае.

Пра пагрозу знішчэння знакавага для Бабруйска арт-аб’екта mogilev.media пісалі яшчэ ў лютым гэтага года.

Вось як каментуюць чытачы рэсурса bobr.by навіну пра страту пано:

– Шкада, што знікне мазаічнае пано. Памятаю яго яшчэ з дзяцінства. І хоць гэты доктар у масцы з сэрцам у руках мне здаваўся далёка не самым добрым, усё ж аб’ект вядомы. У кожнага мастака сваё бачанне… Маглі б знайсці варыянты для захавання. Шкада, што горад губляе сваю самабытнасць і ўсё паступова зліваецца няхай і ў сучасна-адрамантаваную, але шэрую масу…

Фота: bobr.by