У Магілёве гарэла машына, побач магла загарэцца другая

Вечарам 26 лютага ў Магілёве па вуліцы Яраслаўскай успыхнуў аўтамабіль “Audi А6” 1996 года выпуску. На момант прыбыцця пажарных машына гарэла адкрытым полымем, прычым агонь мог перакінуцца на суседні аўтамабіль – паведамляе Тэлеграм-канал “ЧП в Могилеве”. У выніку пажару абгарэлі маторны адсек, капот. Прычына ўзгарання высвятляецца.

Фота з адкрытых крыніц.

Дзяржкантроль спаганяе з бальніцы ў Касцюковічах 200 000 рублёў

Праверка Камітэта дзяржкантроля выявіла ў Касцюковіцкай раённай бальніцы незаконнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў на суму ў 200 000 рублёў – паведамляе “Голас Касцюкоўшчыны”. Гэта стала вынікам парушэнняў пры налічэнні заработнай платы, некампенсацыі ў поўным аб’ёме бюджэтных расходаў пры аказанні платных паслуг, і нават залішняй выдачы малака пры рабоце са шкоднымі ўмовы працы.

Зараз Дзяржкантроль высвятляе вінаватых і вызначае парадак вяртання сродкаў у бюджэт.

Фота з адкрытых крыніц.

Невялікія маразы зменяцца калянулявымі тэмпературамі, у асноўным будзе пахмурна

Надвор’е на бліжэйшыя дні – канец лютага, пачатак сакавіка.

На новы рабочы тыдзень, на які прыпадае першы тыдзень паста ў праваслаўных, канец лютага і пачатак сакавіка, у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць неустойлівае надвор’е, з невялікімі маразамі ўночы і блізкімі да нуля тэмпературамі ўдзень, у асноўным пахмурнае, з праясненнямі і ападкамі. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце на 18 хвілін і дасягне 10 гадзін 54 хвіліны.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 27 лютага: раніцай -6 -4°С, удзень каля -2 -4°С, увечар -5 -10°С. Прагназуюцца снегапады, пахмурнае з праясненнямі надвор’е. Вецер днём заходні і паўночна-заходні, пад вечар – паўночны, які і прынясе паніжэнне тэмператур, хуткасцю да 3-5 м/с. На дарогах галаледзіца.

Кірыла (народны каляндар). Прыкметы.

Добрае надвор’е на Кірылу абяцае працяг маразоў.

У аўторак, апошні дзень месяца, 28 лютага, надвор’е абяцае быць пахмурным з праясненнямі, з невялікім снегам. Раніцай тэмпература -5 -10°С, але паўночна-заходнія вятры прынясуць з Балтыкі ужо павышэнне тэмператур да 0 +1°С. Хуткасць ветра 4-6 м/с.

Прыкметы. Вялікія ледзяшы прадказваюць, што вясна будзе доўгай.

У сярэдзіне рабочага тыдня і ў першы дзень сакавіка, будзе крышачку марознае з невялікім снегам, пераважна пахмурнае надвор’е. Уранні -1 -3°С, удзень -2 -3°С, увечары -4 -5°С. На працягу сутак працягнецца панаванне паўночна-заходніх вятроў хуткасцю да 3–5 м/с. Пераважна без ападкаў.

Прыкметы. Звычайна ўпершыню ў новым годзе з’яўляюцца кучавыя аблокі.

У чацвер, 2 сакавіка, пры пануючых заходніх вятрах хуткасцю да 5-7 м/с, з рання прагназуецца невялікі мароз да -5 -6°С, днём тэмпература падрасце да 0 +1°С, увечары каля 0°С. Пахмурна, пераважна без ападкаў.

Вялікапакутнік Фёдар. Прыкметы.

З гэтага дня варона пачынае будаваць гняздо.

Якое надвор’е на Фёдара, такое яна і ўлетку.

У апошні дзень працоўнага тыдня, 3 сакавіка, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным пахмурнае без ападкаў надвор’е з панаваннем заходніх вятроў хуткасцю 3-5 м/с. Раніцай каля -1°С, днём да +1 +2°С, да ночы тэмпература будзе вагацца каля 0 -2°С.

Які сноп – пшанічны, жытні ці іншы пакрыецца больш інеем, на той і ўраджай будзе больш.

Птушку-аўсянку пачыталі, ды прыгаворвалі: “балёк у яе жаўтлявы, хрыбцік зялёны”.

З’яўленне звычайнай аўсянкі азначала набліжэнне цёплых вясновых дзён.

У Магілёве прайшла выстава “Беларусь інтэлектуальная” – відэа

У магілёўскім спорткомплексе “Алімпіец” прайшла выстава навінак навукі і тэхнікі “Беларусь інтэлектуальная”.

Масшстабная выстава праходзіла з 24 па 26 лютага ў комплексе “Алімпіец” і сабрала больш за 600 экспанатаў ад 170 беларускіх прадпрыемстваў і навукова-даследчых цэнтраў.

Фота, відэа: mogilev.media

Пайшоў з жыцця дырэктар магілёўскага тэатра лялек Уладзімір Андрэенка

Уладзімір Андрэенка, дырэктар Магілёўскага абласнога тэатра лялек памёр 25 лютага – паведамляе афіцыйны Telegram-канал Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. 

Уладзімір Андрэенка працаваў дырэктарам лялечнага тэатра з 2008 года. Пры ім тэатр атрымаў званне Заслужанага, прайшоў масштабную рэкансрукцыю. За шматлікія творчыя поспехі на чале творчага калектыва і асабістую прафесійную дзейнасць Уладзімір Андрэенка 25 лютага 2022 года быў ушанаваны медалём Францыска Скарыны.

Уладзімір Андрэенка нарадзіўся ў Мсціславе, тут пачаў навучацца музыцы на духавых інструментах. Ён скончыў Мінскі інстытут культуры, выкладаў у Магілёўскай музычнай школе №4, працаваў кіраўніком духавога аркестра ў Шклове. З 2000 па 2008 гады быў дырэктарам Магілёўскай дзіцячай музычнай школы №5.

Развітанне з Уладзімірам Андрэенкай запланаванае на 27 лютага з 10.00 да 14.00 у тэатры лялек.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”.

Сафія Булгак вярнулася ў Жыліцкі палац праз два стагоддзі

Фонды Жыліцкага гістарычнага комплексу-музея ў Кіраўскім раёне папоўнены партрэтам Сафіі Булгак – былой жыхаркі гэтага архітэктурнага і культурнага помніка Магілёўшчыны.

У Жыліцкі музей перададзена копія партрэта Сафіі Булгак, якую намалявала мастачка з Бялыніч Ларыса Журавовіч, паведамляе на сваіх старонках раённая газета Кіравец.

Само мястэчка Жылiчы вядома з XV стагоддзя. Яно належала князям Трабскiм, Хадкевiчам, Сапегам. У XVII стагоддзi тут была ўзведзена крэпасць: яе земляныя валы ў 3-4 чалавечыя росты часткова захавалiся да нашых часоў. У XIX стагоддзi крэпасць страцiла сваё значэнне. I якраз у гэты час Iгнацiй Булгак набыў Жылiчы ў Францiшка Сапегi.

Лідар шляхты Бабруйскага павету Ігнацій Булгак быў двойчы жанаты. Ён ажаніўся з Ізабэлай-Кларай са старажытнай і багатай сям’і Сліжаў. У гэтым шлюбе нарадзіліся двое дзяцей: Джозэф-Вітольд (1829-1892) і Сафія (1832-1881).

Старэйшая дачка Ігната Сафія ў 1853 годзе стала жонкай Генры Валовіча і нарадзіла чатырох сыноў і дзвюх дачок.

Булгакі – старажытны і вельмі разгалінаваны род, які вядзе сваю гiсторыю з XV стагоддзя. Па сямейнаму паданню, дабаснянская лінія роду паходзіць з Навагрудскай зямлі. У Булгакаў быў герб “Сыракомля”. На долю старажытнага роду не выпала нi яркiх перамог, нi гучных здзяйсненняў. Разбагацеў род толькi ў пачатку XIX стагоддзя. І гэта, верагодна, непакоiла ганарыстых уладальнiкаў Жылiч.

Таму ў Жылічах Ігнаці Булгак пачаў будаваць палац. Пра перспектывы і асаблівасці яго рэканструкцыі mogilev.media паведамлялі ў ранейшых публікацыях.

Інтэр’еры палаца былі надзвычай разнастайнымі і маляўнічымі. Калі аздабленне столі ў залах даволі добра захавалася, то сцены выглядаюць сіратліва. Адной з важных задач рэстаўрацыі палаца з’яўляецца аднаўленне інтэр’ераў.

Паколькі ў залах мелася шмат карцін, то вяртанне партрэта Сафіі Буглак вельмі прыемны і важны крок аздаблення і аднаўлення выгляду сценаў палаца.

Фотаздымкі ўзяты з адкрытых крыніц і сацыяльных сетак.

Што ў Крычаве з помнікамі архітэктуры – адзін аднавілі, астатняе разбурылі

Адрэстаўравалі толькі палац Пацёмкіна-Галынскіх, і на гэтым клопат пра спадчыну палічылі завершаным. Стайні палаца, вінакурню, піўзавод знішчылі, плябанія ў занядбаным стане

Лёс крычаўскай архітэктурнай спадчыны яскрава сведчыць нам пра ўменне мясцовых чыноўнікаў пускаць пыл у вочы. Мясцовыя вертыкаль і прэса гадамі ўсхваляюць на сваіх старонках рэстаўрацыю палаца Пацёмкіна-Галынскіх – архітэктурнай перліны горада. Аднак гэта адзіны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны ў старадаўнім Крычаве, які быў адноўлены ў часы незалежнай Беларусі. Што ж да астатняй архітэктурнай спадчыны горада, то яна як быццам бы ўжо і не патрэбная і нават лішняя. 

Што да палаца – ён быў пабудаваны на працягу 1778-1787 гг. па праекце Івана Старова ў стылі класіцызму, аднак змяніў архітэктурны выгляд пры Галынскіх.

У 1980-х гадах пачаліся работы па рэстаўрацыі палаца, але з-за недахопу фінансавання помнік быў закансерваваны на дваццаць год. Урэшце ў 2003 годзе будынак быў уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. З гэтага часу пачалося аднаўленне і рэстаўрацыя аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны, якое было завершана ў 2008 годзе. У гэты ж час у помнік архітэктуры пераехаў мясцовы краязнаўчы музей. Дарэчы, на сайце мясцовага райвыканкама можна прачытаць змястоўны матэрыял, прысвечаны падрабязнай гісторыі эклектычнага помніка і сучаснай музейнай экспазіцыі, што ў ім знаходзіцца. 

І гэта адзіны станоўчы прыклад. У той жа самы час страчаных і занядбаных гістарычных аб’ектаў у Крычаве – процьма. Яскравы прыклад, акрамя самога палаца Пацёмкіна-Галынскіх побач з ім захаванымі доўгі час заставаліся стайні, якія былі часткай палацава-паркавага комплексу.  Падчас рэстаўрацыі палаца ўнікальная гаспадарчая пабудова канца XVIII стагоддзя была практычна знішчана, засталіся толькі падмуркі, аб чым пісалі mogilev.media. Падмуркі ад былых стайняў, якія непасрэдным чынам адносіліся да палацава-паркавага комплексу, цяпер знаходзяцца за жалезным плотам музейнай тэрыторыі ў разбураным і занядбаным стане.

Пра стайні ў Крычаве зараз нагадвае толькі банер з выявай дваранскай карэты з рамізнікам на фоне палаца Пацёмкіна-Галынскіх. Выглядае такі банэр як сапраўдны здзек над знішчанай ўнікальнай гаспадарчай пабудовай.

Будынак вінакурні таксама аказаўся знішчаным. Узведзены ён быў яшчэ напрыканцы XVIII стагоддзя. Першы яго ўладальнік – «святлейшы» князь Рыгор Пацёмкін, які наладзіў там скураную вытворчасць. Але неўзабаве ўладальнікам стаў мясцовы шляхціц Іван Галынскі. Менавіта ён перапрафіляваў вытворчасць і наладзіў выпуск спірту. З канца XVIII стагоддзя і ажно да 1940-х гадоў у гэтым будынку была размешчана вінакурня, а пазней спіртзавод.

З пасляваеннага часу – піўны завод. Пасля таго, як напрыканцы 1990-х піўзавод быў закрыты мясцовымі ўладамі, будынак знаходзіўся ў занядбаным стане. Рэстаўрацыі гэтага цікавага помніка прамысловай архітэктуры, на вялікі жаль, так і не адбылася.

Гэты помнік прамысловай гісторыі Крычаў страціў назаўжды, бо на пачатку 2020 года яго зруйнавалі. Цяпер на месцы былой вінакурні знаходзяцца некалькі пагоркаў з будаўнічым смеццем, кавалкі сценаў са старой чырвонай цэглы, а таксама не да канца зруйнаваныя падмуркі, пра што паведамлялі mogilev.media.

У занядбаным стане на сённяшні дзень знаходзіцца будынак былой плябаніі. Нягледзячы на тое, што за савецкім часам яе перабудавалі ў двухпавярховы будынак пошты, аднак ён і дагэтуль ўяўляе сабой гістарычную каштоўнасць. Плябанія – адзінае, што захавалася ад касцёльнага комплексу, хоць і не захавалася ў аўтэнтычным выглядзе. Цяпер будынак плябаніі-пошты закінуты, з выбітамі вокнамі і дзвярыма, аб чым таксама пісалі mogilev.media. 

Фота з адкрытых крыніц

Могилевчанин в недоумении – свастика, антисемитские лозунги в центре города в порядке вещей?

В редакцию mogilev.media обратился житель Могилева, пораженный безразличием городских коммунальных служб к реальному – не выдуманному экстремизму на улицах города. Публикуем его письмо без изменений, с использованием иллюстраций, предоставленных автором.

Можно отвернуться и пройти мимо, можно сослаться на то, что это пишут малолетки, мол не ведают, что творят… Но так ли всё просто и безобидно. Граффити призывающие к геноциду народа, оскорбляющие народ, просто свастика, могут висеть на стенах домов бесконечно долго.

Встаёт вопрос – для государства, фашистская символика, призывы уничтожить народ, возвеличивание соседнего народа, соответственно этим принижая свой – это нормально, это в порядке вещей?

Почему к народу, к его памяти, такое отношение? Или мы будем только по праздникам вспоминать то горе, которое принесли носители этих символов и таких призывов? Мы рьяно ищем признаки нацизма у соседей, при этом закрывая глаза на ростки своего.
Не единожды оскверняли памятный знак жертвам нацизма, установленный возле Концертного зала “Могилев”. Свастика на домах в центре города – не смущает?

Почему, какие-то символы могут висеть на стенах домов и службы не обращают на них внимания, а другие отслеживаются и моментально закрашиваются?
Вопрос – что в приоритете?

От редакции: изображения используются в данной публикации в качестве иллюстрации проблемы, редакция не ставит целью популяризацию либо возвеличивание фашистской либо какой угодно человеконенавистнической символики.

Фото предоставлено читателем mogilev.media

На Магілёўшчыне пакаралі 747 маршрутчыкаў

Падвялі вынікі праверак пасажыраперавозчыкаў за 2022 год. Усяго было аштрафаваныя ці пакараныя 747 маршрутчыкаў – піша “Прыдняпроўская ніва”. Двое з пакараных не мелі права займацца перавозкай пасажыраў, 128 кіроўцаў парушылі правілы перавозкі людзей, 12 чалавек парушылі правілы абгону. Яшчэ 22 перавозчыкі дапусцілі на лінію аўтамабілі з тэхнічнымі няспраўнасцямі, альбо без тэхагляду. 

На фоне аварый з удззелам маршрутных таксі – адна з якіх адбылася ўчора пад Бабруйскам, пра што пісалі mogilev.media – на дарогах Беларусі з 27 лютага па 13 сакавіка будзе праходзіць комплекс мерапрыемстваў па забеспячэнні бяспекі падчас пасажырскіх перавозак маршрутчыкамі.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Пад Мсціславам паляўнічыя забілі сям’ю ваўкоў

Двое ваўкоў абжылі балаціну каля вёскі Буліна Мсціслаўскага раёна, але былі выяўленыя мясцовымі паляўнічымі і забітыя.

Сляды пары ваўкоў, што вялі ў балота, заўважыў кіроўца школьнага аўтобуса, які з’яўляецца таксама паляўнічым. Сляды вялі ў балота каля вёскі Буліна пад Мсціславам. Вадзіцель-паляўнічы тут жа звязаўся з кіраўніцтвам раённай арганізацыі паляўнічых і была арганізаваная аблава на ваўкоў – паведамляе газета “Святло Кастрычніка”.

Сляды ваўкоў – самца і самкі – вялі ў балота, а зваротных слядоў выяўлена не было. Па гэтай прыкмеце паляўнічыя выявілі, што пара драпежнікаў застаюцца на месцы сваёй лёжкі. Акружыўшы сцяжкамі кіламетр тэрыторыі і сабраўшы шаснаццаць чалавек паляўнічых, у тым ліку на трох снегаходах, удзельнікі адстрэла дабылі драпежнага звера. І самец і самка былі забітыя са снегаходаў.

Паляванне на валкоў, яшчэ з часоў СССР – абавязак паляўнічых арганізацый і гаспадарак. Нягледзячы на статус санітараў лесу, ваўкі разглядаюцца як небяспечныя суседзі для людзей і хатняй жывёлы, а таксама могуць спрычыніцца да распаўсюджвання шаленства. 

Фота: “Святло Кастрычніка”