За сем карасікаў і рака рыбак у Горацкім раёне атрымаў штраф у 5 600 рублёў

Мсціслаўская міжраённая прыродаахоўная інспекцыя затрамала каля аграгарадка Леніно Горацкага раёна рыбака на лодцы і з двума сеткамі. Усяго мужчына вылавіў сем карасёў і аднаго рака, прычым лоўля ажыццяўлялася не толькі забароненымі сродкамі, але і ў перыяд нераста. Інспектары налічылі рыбаку штраф у 151,5 базавую велічыню, альбо 5 605 рублёў штрафа – піша “Горацкі веснік”.

Фота ілюстрацыйнае

Паглядзіце, у якіх умовах возяць дачнікаў з Магілёва ў Сідаравічы – відэа

У сацсетках пашырылася відэа, знятае ў аўтобусе, які перавозіць людзей з Магілёва ў дачны кааператыў “Хімік” каля вёскі Сідаравічы. На відэа бачна, як людзі літаральна захлынаюцца ад пылу ў салоне аўтобуса.

На відэа, верагодна, трапіў рэйс прыгараднага аўтобуса, які запусцілі зімой, у снежні мінулага года – пра новы маршрут пісалі mogilev.media. Таксама ў дачны кааператыў з вясны па восень ходзіць аўтобус ад прадпрыемства “Хімвалакно”.

На фота: скрыншот відэа, з сацыяльных сетак

Пад Магілёвам на пажары загінуў мужчына

Трагедыя адбылася апоўначы ў аграгарадку Раманавічы Магілёўскага раёна. Пажар узнік у кватэры шматпавярховіка на вуліцы Фабрычнай. Ратавальнікамі на месцы ўзгарання было знойдзена цела мужчыны 1973 года нараджэння, які нідзе не працаваў. Прычыны пажару высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

На пляжах Крычава цяпер не адпачнеш – выкапаны траншэі, каб гараджане не пад’язджалі да Сожа

Мясцовая дзяржаўтаінспекцыя сёлета выкапала шырокія траншэі, каб крычаўляне і госці горада не маглі пад’ехаць блізка да рэчкі. Адна з іх прайшла проста па валейбольнай пляцоўцы. 

Цяпер да Сожа не толькі пад’ехаць, але і падыйсці можна з цяжкасцю. На адным з самых папулярных пляжаў  у гарадскім раёне Забялышан шырокая траншэя з’явілася па перыметру ўсёй зоны адпачынку. Што цікава, у гэтым жа месцы ўсталяваны шлагбаум, які забараняе праезд аўто далей паркоўкі. Але траншэю-роў тым не менш выкапалі, каб ужо дакладна ніхто не прасачыўся на пляжную зону.

На іншым пляжы гадамі раней можна было гуляць у валейбол. Сёлета гэта практычна немагчыма: выкапаная траншэя праходзіць акурат па валейбольнай пляцоўцы. 

Такія дзеянні дзяржаўтаінспекцыі абумоўлены тым, што супрацоўнікі службы нібыта турбуюцца за бяспеку крычаўлянаў у летні перыяд, пагэтаму з дапамогай трактароў вырылі траншэі. 

Жыхары горада занепакоены станам гарадскіх пляжаў, бо пакуль што ў межах Крычава няма дзе атрымаць асалоду ад надыходзячай летняй цяплыні.

Фота mogilev media

Ад заўтра ў Казіміраўку пачнуць хадзіць тралейбусы і электробусы

З панядзелка 22 мая ў тэставым рэжыме ў Магілёве ўводзяцца маршруты электрычнага транспарту №16 і №16д, якія будуць хадзіць ад Пераезда ў мікрараён Казіміраўка – паведамляе Магілёўскі “Тралейбусны парк №1”.

Маршрут №16 будзе прытрымлівацца маршрута: “Завулак Ватуціна – праспект Міру – Казіміраўка”. Маршрут № 16 д – “Гарадская ветэрынарная станцыя – завулак Ватуціна – праспект Міру – Казіміраўка”.

Маршрут 16. 

Маршрут 16 д

Па дадзеных маршрутах будуць працаваць тралейбусы з аўтаномным ходам і электробусы.

Фота з адкрытых крыніц

У двух раёнах Магілёўшчыны дазволілі наведваць лясы – Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім

Забарона на наведванне захоўваецца для ўсіх астатніх раёнаў Магілёўскай вобласці – паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства лясной гаспадаркі.

У цэнтральных і ўсходніх раёнах Беларусі захоўваецца ІV клас пажарнай небяспекі. У Віцебскай і Мінскай абласцях забаронены або абмежаваны да наведвання лесу ў 20 раёнах у кожнай, у, Гомельскай – ва ўсіх раёнах. Забарона наведваць лясы дзейнічае ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці, акрамя Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага – тут знятыя ўсе абмежаванні.

Фота з адкрытых крыніц

Па-летняму цёпла, да +24, месцамі з навальніцамі – надвор’е на рабочы тыдзень

На новы рабочы тыдзень у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць у асноўным цёплае з дажджамі і месцамі з навальніцамі надвор’е. Пад канец тыдня крыху пахаладае.

На працягу перадапошняга тыдня мая будзе адносна цёпла: удзень да +20 +24°С, уноч да +3 +13°С. Працягласць дня з панядзелка да пятніцы вырасце яшчэ на 11 хвілін і дасягне 16,5 гадзін. Ужо ў канцы працоўнага тыдня сонца ўзыдзе а 4:41, зойдзе а 21:13.

Сінаптычны прагноз на панядзелак, 22 мая. 

У ноч з нядзелі на панядзелак да +3 +8°С, раніцай +7 +8°С, у дзённыя гадзіны паветра прагрэецца да +18 +21°С, месцамі да +23°С. На працягу сутак будзе пераменна воблачна, у асноўным без ападкаў, дажджы найбольш верагодны ў асобных раенах толькі ў дзённыя гадзіны. Вятры паўночна-заходнія і паўночна-ўсходнія, хуткасцю да 4-9 м/с. Геамагнітнае поле неустойлівае. Маладзік на небе.

Аўторак, 23 мая.

Надвор’е абяцае быць дастаткова камфортным па тэмпературнаму рэжыму. Пераменна воблачна, кароткатэрміновыя дажджы, днем – з верагоднымі навальніцамі. Будуць панаваць паўднёвыя і паўночна-ўсходнія вятры хуткасцю да 2-4 м/с. Уноч і раніцай ад +4 +6°С да +7 +12°С, днём тэмпература падрасце да +18 +20°С, а месцамі і да +24°С. Да вечара слупок тэрмометра ўтрымаецца на рысцы не ніжэй за +16°С. Геамагнітнае поле неўстойлмвае. Месяц расце.

24 мая. 

У сярэдзіне рабочага тыдня прагназуецца воблачнае надвор’е, месцамі з кароткатэрміновымі дажджамі, днем магчымы навальніцы. Начныя і ранішнія тэмпературы да +7 +12°С, у другой палове дня да +18 +20°С, месцамі да +25°С. На працягу сутак прагназуюцца вятры ўсходніх напрамкаў, хуткасць вятроў да 3-5 м/с. Месяц расце.

Чацвер, 25 мая. 

Сіноптыкі прагназуюць воблачнае з дажджамі, пераважна ў другой палове дня, надвор’е. Вецер паўднёва-ўсходніі, хуткасцю да 2-4 м/с. Ноччу і ўранні да +13°С, у абед і на працягу другой паловы дня тэмпература паветра падвысіцца да +22 +24°С. Месяц расце.

Пятніца, 26 мая, крыху пахаладае. 

У апошні дзень працоўнага тыдня, 26 мая, па папярэдняму прагнозу будзем чакаць у асноўным воблачнае, з вялікай верагоднасці даждлівае, надвор’е з панаваннем паўночна- заходніх  вятроў хуткасцю 3-5, месцамі да 7 м/с і невялікім паніжэннем тэмператур. Уноч і ў ранішнія гадзіны да +8 +13 °С, удзень і ўвечары да +20°С. Месяц расце.

Фота mogilev.media

Пад Бабруйскам алабай насмерць загрыз жанчыну

Трагедыя здарылася сёння ў аграгарадку Кавалі Бабруйскага раёна. Паводле звестак следства, днём 20 мая ў двары аднаго з прыватных падворкаў аграгарадка Кавалі знайшлі цела 66-гадовай мясцовай жыхаркі. Побач з ёй на прывязі знаходзіўся сабака пароды алабай.

Загінулую знайшоў знаёмы гаспадара падворка, ён адцягнуў жывёлу і выклікаў хуткую. Нягледзячы на намаганні ўрачоў выратаваць жанчыну не ўдалося. Яна жыла праз некалькі дамоў ад месца трагедыі – паведамляе Следчы камітэт.

Байкер-бяспраўнік разам з пасажыркай без шлема вылецелі ў кювет у Шклоўскім раёне

Толькі тыдзень таму 34-гадовага магілёўца аштрафавалі за п’яную язду і пазбавілі правоў на тры гады, прысудзіўшы штраф у 100 базавых велічынь. Раніцай 20 мая разам з 33-гадовай пасажыркай, матацыкліст не справіўся з кіраваннем каля вёскі Камароўка Шклоўскага раёна, на закругленым участку дарогі, і з’ехаў у кювет. Ён і яго сяброўка былі шпіталізаваныя з цяжкімі траўмамі. У прэс-службе абласнога УУС падкрэсліваюць таксама, што жанчына была без шлема.

Фота: УУС

На хлопчыку загарэлася вопратка, калі ён варыў сабе пяльмені

У Бабруйску хлопец 2011 года нараджэння застаўся дома адзін і гатаваў сабе пяльмені на пліце. У нейкі момант ён пацягнуўся ў шафу за спецыямі і полымя ад пліты перакінулася на яго кашулю. Самастойна затушыўшы агонь на сабе ў ваннай, хлопчык патэлефанаваў маці, а тая ўжо выклікала медыкаў. З апёкамі падлетак быў шпіталізаваны – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС