Байкер-бяспраўнік разам з пасажыркай без шлема вылецелі ў кювет у Шклоўскім раёне

Толькі тыдзень таму 34-гадовага магілёўца аштрафавалі за п’яную язду і пазбавілі правоў на тры гады, прысудзіўшы штраф у 100 базавых велічынь. Раніцай 20 мая разам з 33-гадовай пасажыркай, матацыкліст не справіўся з кіраваннем каля вёскі Камароўка Шклоўскага раёна, на закругленым участку дарогі, і з’ехаў у кювет. Ён і яго сяброўка былі шпіталізаваныя з цяжкімі траўмамі. У прэс-службе абласнога УУС падкрэсліваюць таксама, што жанчына была без шлема.

Фота: УУС

У Магілёве была начная пагоня за бяспраўнікам на матацыкле

На хлопца склалі 13 пратаколаў.

На вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве экіпаж ДАІ даў сігнал аб неабходнасці спыніцца маладому байкеру – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Хлопец, аднак, толькі паддаў газу і паспрабаваў адарвацца ад патрульнай машыны. У ходзе пагоні ён выяжджаў на паласу процілеглага руху, скіроўваў на ўзбочыну і ўрэшце рэшт пакаціўся ў кювет. Як высветлілася, прычынай уцёкаў была адсутнасць правоў кіроўцы.

Ні матацыкл, ні сам байкер у выніку вымушанага прыпынку не пацярпелі. На маладога чалавека было складзена 13 пратаколаў: за невыкананне патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі аб спыненні, выезд на паласу сустрэчнага руху, адсутнасць права кіравання, парушэнні правілаў манеўравання і іншыя парушэнні.

 

Байкер у Бабруйску не справіўся з кіраваннем – матацыкл выбухнуў пад коламі МАЗа

Жудасная карціна дарожна-транспартнага здарэння трапіла на камеры відэаназірання. На відэа, якое публікуе ў сваім Тэлеграм-канале прэс-служба магілёўскага УУС, бачны момант падзення байкера на праезжую частку. Імгненнем пазней матацыкл сутыкнуўся з коламі грузавіка МАЗ, што ехаў наперадзе, і ўспыхнуў.

Байкер – 33-гадовы жыхар Бабруйска – ударыўся аб прыпаркаваныя на ўзбочыне дарогі аўтамабілі. Са шматлікімі траўмамі ён шпіталізаваны. 

Здарэнне адбылося на вуліцы Дняпроўскай Флатыліі ў Бабруйску.

 

Байкер у Магілёве збіў пешахода і ганяўся за ім – відэа

Відэа пра здарэнне з’явілася на папулярным беларускім інстаграм-канале 001BY. На ім бачна, што ДТЗ адбылося на вуліцы Піянерскай у Магілёве, за кінатэатрам “Радзіма”. 

 

Пешаход пераходзіў дарогу на забараняльны сігнал светлафора і быў збіты байкерам. Ад удару пацярпелі абодва, але кінуўшы свой матацыкл на праезжай частцы, байкер здолеў падняцца ды яшчэ й пагнаўся за пешаходам-парушальнікам.

Правілы дарожнага руху, аднак, не пазбаўляюць віны і кіроўцу матацыкла, паколькі ён быў за стырном сродка павышанай небяспекі.