На пляжах Крычава цяпер не адпачнеш – выкапаны траншэі, каб гараджане не пад’язджалі да Сожа

Мясцовая дзяржаўтаінспекцыя сёлета выкапала шырокія траншэі, каб крычаўляне і госці горада не маглі пад’ехаць блізка да рэчкі. Адна з іх прайшла проста па валейбольнай пляцоўцы. 

Цяпер да Сожа не толькі пад’ехаць, але і падыйсці можна з цяжкасцю. На адным з самых папулярных пляжаў  у гарадскім раёне Забялышан шырокая траншэя з’явілася па перыметру ўсёй зоны адпачынку. Што цікава, у гэтым жа месцы ўсталяваны шлагбаум, які забараняе праезд аўто далей паркоўкі. Але траншэю-роў тым не менш выкапалі, каб ужо дакладна ніхто не прасачыўся на пляжную зону.

На іншым пляжы гадамі раней можна было гуляць у валейбол. Сёлета гэта практычна немагчыма: выкапаная траншэя праходзіць акурат па валейбольнай пляцоўцы. 

Такія дзеянні дзяржаўтаінспекцыі абумоўлены тым, што супрацоўнікі службы нібыта турбуюцца за бяспеку крычаўлянаў у летні перыяд, пагэтаму з дапамогай трактароў вырылі траншэі. 

Жыхары горада занепакоены станам гарадскіх пляжаў, бо пакуль што ў межах Крычава няма дзе атрымаць асалоду ад надыходзячай летняй цяплыні.

Фота mogilev media