Магілёвец поўгады выносіў рэчы з суседскага дома

Жыхар Магілёва выявіў прапажу маёмасці ў сваім дачным доміку на агульную суму 3 500 рублёў. Як высветлілася, рэчы з хаты выносіў 33-гадовы сусед, які на працягу некалькіх месяцаў перыядычна прабіраўся ў дом і забіраў сабе ўсё, што здавалася каштоўным. Да сябе ў хату ён вынес нават сталы і крэслы. Мужчына сачыў за суседскім домам і выбраў зімні час для рабавання, калі ў дачным доміку ніхто не паяўляўся – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Узбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

На пажары ў Магілёве загінула пенсіянерка

Трагедыя адбылася вечарам 31 мая ў шматпавярховым доме па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве. У кватэры на чацвёртым паверсе здарыўся пажар, падчас якога загінула пенсіянерка 1956 года нараджэння. Яе цела было знойдзена на балконе. Дачка ахвяры і яе сын, што таксама пражывалі ў кватэры, на момант пажару адсутнічалі дома. Прычыны ўзгарання высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Ідзе пахаладанне, месцамі дажджы – прагноз надвор’я на канец тыдня

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць ноччу ад +3°С да +10°С, днём – ад +12°С да +18°С.

Будзе пераважаць пераменна воблачнае, месцамі з ападкамі надвор’е. З пятніцы 2 чэрвеня на суботу 3 чэрвеня месцамі падзенне тэмператур да +1 +3°С. Працягласць дня вырасце да 16 гадзін 54 хвілін 4 чэрвеня. У нядзелю сонца ўзыйдзе ў 4:31, зойдзе ў 21:25.

Сінаптычны прагноз надвор’я на першыя чэрвенскія выходныя наступны.

2 чэрвеня, пятніца

Надвор’е абяцае быць воблачным. Ноччу і раніцай і днём пройдуць дажджы. Уноч да +10°С, днём тэмпература падрасце нязначна – да +12°С, месцамі да +14°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, захаду, хуткасць вятроў 3-6 м/с. Поўня. Магнітнае поле неўстойлівае.

Субота, 3 мая 

Пераважна воблачна. Уноч пры ясным надвор’і да +1 +3°С, уранні да +9°С, днём слупкок тэрмометра падымецца да адзанкі +15°С, месцамі да +16°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага захаду, захаду, хуткасць вятроў 4-6 м/с. Поўня. Магнітнае поле няўстойлівае.

У нядзелю, 4 чэрвеня – праваслаўная Троіца

Ноччу будзе ясна, да +4°С, месцамі магчыма паніжэнне да +2 +3°С, раніцай да +4 +5°С, удзень паветра прагрэецца да +18°С, воблачна, пераважна без ападкаў. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць паўднёва заходнія і заходнія вятры хуткасцю 2-3 м/с. Поўня.

Ранак панядзелка 5 чэрвеня пачнецца з воблачнага надвор’я, з паўднёва-заходнімі і паўднёвымі вятрамі хуткасцю да 3 м/с, якія прынясуць дзённыя дажджы і падвышэнне тэмпературы да +21°С.

Фота: mogilev.media 

Магілёвец папаўся п’яным на чужой машыне – у пяты раз

44-гадовы мужчына вырашыў у нецвярозым стане пакатацца на чужым аўтамабіле BMW, які яму пакінулі для афарбоўкі. Пры затрыманні аказалася, што ён садзіцца ўжо ў пяты раз кіраваць аўтамабілем у нецвярозым стане. 

Магілёўца затрымалі супрацоўнікі дзяраўтаіснпекцыі і даставілі на агляд, які паказаў наяўнасць у яго 2,3 праміле алкаголю. Аказалася, што на рахунку мужчыны гэта ўжо пятая такая паездка, раней былі адміністрацыйныя пратаколы, а папярэдняя скончылася крымінальнай справай за паўторнае кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення – паведамляе ўпраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама.

На гэты раз за адну паездку ў дачыненні да мужчыны распачаты адразу дзве крымінальныя справы. Яму давядзецца адказаць за паўторнае кіраванне ў нецвярозым стане і выкраданне чужога аўтамабіля.

Фота ілюстрацыйнае 

Чэрвень – разгар лета

Расказваем пра шосты месяц года – максімальна інфарматыўна і паэтычна.

Чэрвень – разгар лета. 22 чэрвеня – дзень летняга сонцастаяння, у Магілёве ён доўжыцца больш за 17 гадзін. Але толькі ў 15% выпадках чэрвень самы цёплы месяц лета. Чэрвеньскія тэмпературы вышэйшыя за майскія на 3,5-4°С. Яго сярэдняя тэмпература складае 16,5°С у Бабруйску, 15,9°С у Горках, 16,3°С у Магілёве. 

Змарыўся несці ношку лета
Чырвоны Чэрвень-чараўнік,
Прысеў пад ліпай і да флейты
Губамі млявымі прынік.

Дрыжыць пялёстачак рамонка
На вейках змружаных вачэй,
Струменьчыкам мядовым тонкім
Павольна музыка цячэ.

Цячэ — і сонным ліпам сніцца
Руплівых пчол гудлівы хор,
I сонца спелаю суніцай
У стоме хіліцца за бор.

Алег Мінкін

Ва ўмовах бесхмарных начэй пад раніцу на зямлю кладзецца шчодрая раса, асабліва паблізу вадаёмаў і на нізкіх месцах.

Як брыльянты, рассявае
Ночка летняя расіцу,
Туманамі спавівае
Луг зялёны над крыніцай.

А як раніца настане,
Бліскі сонца загуляюць, –
Рос прыходзіць адцвітаньне,
Туманы у рэчцы таюць.

Як брыльянты, гінуць росы
На зялёнай сенажаці;
Сонца косы, нашы косы
Не даюць паўдня ім знаці!

Янка Купала

Але і ў чэрвені бываюць халады. Абсалютны мінімум тэмператур склаўся ў 1930 годзе ў Горках, калі тэмпература склала -2,1°С. У 1949 годзе у Крычаве фіксаваліся замаразкі у ноч з 14 на 15 чэрвеня. А ў Магілёве апошні замаразак рэгістраваўся 11 чэрвеня 1982 года, у Клічаве – 12 чэрвеня таго ж года.

Сапраўды “Да Духа не скідай кажуха” (Духаў Дзень – на 51 дзень пасля Вялікадня, у гэтым годзе – 5 чэрвеня).

У лесе яшчэ цвітуць чарніцы, брусніцы. З’яўляюцца кветкі на леташніх парастках маліны. Чэрвень – разліўное мора кветак на лугах.

А тая ранiчка на полi
У часе летняга расквету!
Эх, выйдзi ў поле, брат, дасвету:
Не будзеш каяцца нiколi.
Зiрнi, прыслухайся наўкола:
Як цiхамiрна, як вясёла.
I ў кожным дрэве, i былiнцы,
I ў малюпасенькай раслiнцы,
Ну, ва ўсiм чысценька дазвання
Блукае радасць спадзявання.
Куды нi глянь – усё ў настроi
I ў добрай згодзе мiж сабою;
Само паветра жыва, дыша,
Бы ў iм хтось хвалы жыццю пiша…

Якуб Колас.

Бліжэй да сярэдзіны месяца з’яўляюцца спелыя плады суніц лясных, потым – садовых. У лясах вырастаюць грыбы – “каласавікі”, сярод якіх падбярозавікі, падасінавікі, сыраежкі, баравікі.

Шмат працы ў агароднікаў: праполка, прарэжванне, паліванне культур, маладыя ўсходы бульбы патрабуюць акучвання – двойчы на месяц.

“На ўвесь голас” яшчэ спяваюць птушкі. Ліецца звонкая песня жаўрука. Усяго на некалькі гадзін на суткі змаўкаюць салавей, перапёлка, драч. Але ў канцы чэрвеня з ляснога “хору” выпадаюць многія галасы: трэба выкормліваць патомства, некаторыя віды птушак селі на гнёзды ў другі раз – не да песень.

Выбуховым чынам размнажаюцца насякомыя, у тым ліку шкоднікі садоў, агародаў, на барацьбу з якімі ідзе шмат сіл і сродкаў.

 

Цікавыя факты.

Лета – перыяд года з устойлівай сярэднесутачнай тэмпературай вышэй за +15°С. Яно на тэрыторыі Магілёўскай вобласці цёплае, у сярэднім дастаткова вільготнае. У вобласці феналагічнае лета пачынаецца ў 2-3 дэкадзе мая. Працягваецца ў сярэднім да 21-27 верасня: 149 дзён у Бабруйску, 139 – у Горках.

Падчас вяртання чэрвеньскіх халадоў магчыма выпадзенне снегу, як гэта было 6 чэрвеня 1962 года. Але звычайна чэрвень умерана цёплы і вільготны месяц.

У чэрвені ў сярэднім 11 дзён з максімальнай тэмпературай +20 +25°С, 8 – з тэмпературай +15 +20°С, адзін з тэмпературай больш за +30°С.

За месяц выпадае каля 80 мм ападкаў. У сярэднім здараецца 8 дзён з навальніцай. У чэрвені 1989 года у Горках і Слаўгардзе іх было па 18.

Навальніцы часцей за ўсё здараюцца паміж 15:00 і 18:00. На 20 навальніц прыпадае адзін выпадак з градам.

Фота з адкрытых крыніц.

Жыхар Чавускага раёна асуджаны на 22 гады за забойства

Мужчына забіў свайго сабутэльніка, меўшы пры гэтым  наркотыкі ў доме і незнятую судзімасць за папярэдняе забойства. 

У Чавускім раёне 55-гадовы мясцовы жыхар у канцы 2022 года распіваў у сябе дома спіртное з прыяцелем. У нейкі момант гаспадар ударыў госця ў грудзі нажом. Мужчына памёр на месцы. Прычынай агрэсіі стала асабістая непрыязнасць, якая раптоўна ўспыхнула да пацярпелага. Варта адзначыць, што зламыснік ужо меў незнятую і непагашаную судзімасць за раней учыненае забойства.

Праваахоўнікі абшукалі дом злачынцы і знайшлі марыхуану. На судзе жыхар Чавускага раёна сваю віну так і не прызнаў, адмаўляў сваю датычнасць і да забойства і да незаконнага абарота наркотыкаў – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА. 

Суд вынес абвінаваўчы прысуд, на падставе якога мужчын асуджаны ў сукупнасці на 22 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.

Фота ілюстрацыйнае

Шакаладны батончык у падарунак – маштаб турыстычнай акцыі на Магілёўшчыне ўражвае

“Вандруй. Адчуй. Натхняйся” – пяць кавярняў на Магілёўшчыне зробяць скідкі для турыстаў на час рэспубліканскай акцыі. І, бадай што, усё.

У Беларусі з 6 па 12 чэрвеня для стымуляцыі ўнутранага турызма будзе праходзіць акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”. У ёй заявілі свой удзел каля 900 аб’ектаў турыстычнай галіны па ўсёй краіне. 

На Магілёўшчыне акцыю падтрымалі 35 аб’ектаў – арганізацыі грамадскага харчавання, аграсядзібы, музеі, прадпрыемствы, што ладзяць экскурсіі па сваёй вытворчасці. Трэба адзначыць, што ў маштабе вобласці ўдзельнікаў акцыі – кропля ў моры. Поўны спіс можна пабачыць тут.

Як вынікае са спісу ўдзельнікаў і са звестак пра асаблівыя прапановы ад аб’ектаў турыстычнай галіны, акцыя праводзіцца “для галачкі”. Так, большасць заяўленых аб’ектаў будуць рабіць усё тое самае, што робяць і без акцыі – музеі будуць праводзіць экскурсіі, ладзіць выставы, а гасцініцы будуць прымаць падарожнікаў на начлег.

Толькі некаторыя аб’екты гандлю абвясцілі пра скідкі на час акцыі. Так, кіраўская “Смажанка” дае зніжку ў 70% на смажанку з грыбамі, буфет у фізкультурна-аздараўленчым комплексе “Жамчужына” ў Асіповічах зробіць скідку ў 50% на марожанае і бульбу-фры і да 80% – на халаднік.

Кавярня “Пікнік” у вёсцы Ермалавічы Магілёўскага раёна пры заказе фірменнага абеда з кавай падорыць наведвальніку шакаладны батончык. А ў чэрыкаўскай кавярні “МІХ” пры заказе двух піц – кава ў падарунак.

Фота ілюстрацыйнае

Жыхар Чэрыкава фатаграфаваў непаўналетнюю пляменніцу аголенай і забыў тэлефон у сяброў

На 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны жыхар Чэрыкава за сэксуальныя дзеянні ў дачыненні да непаўналетняй пляменніцы. Дачакаўшыся, калі дзяўчынка застанецца адна дома, ён фатаграфаваў яе аголеную і здзяйсняў іншыя дзеянні супраць полавай недатыкальнасці – паведаміў пракурор Чэрыкаўскага раёна Аляксандр Маісееў на старонках выдання “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Мужчына мэтанакіравана застаўся сам насам са сваёй пляменніцай, калі дома не было яе бацькоў і зрабіў серыю парнаграфічных фотаздымкаў дзеля свайго самазадавальнення. Дзяўчынка пры гэтым, з-за асаблівасцяў развіцця, не магла ўсвядоміць таго, што адбываецца – адзначаецца ў публікацыі. Злачынства было раскрыта выпадкова. Пасля п’янкі ў кампаніі сяброў, мужчына забыў свой тэлефон дома ў знаёмай жанчыны. Каб даведацца, каму належыць тэлефон, жанчына разблакіравала яго і паглядзела галерэю фотаздымкаў. Пабачыўшы фота непаўналетняй дзяўчынкі, якую яна і сама ведала, адразу звярнулася ў міліцыю.

Фота ілюстрацыйнае

У магілёўскага прадпрымальніка канфіскавалі абутак на паўмільёна рублёў

Супрацоўнікамі мытні падчас правядзення маніторынгу гандлёвых аб’ектаў Магілёва выяўлена рэалізацыя жаночага абутку без суправаджальных дакументаў. 

Падчас правядзення праверкі было ўстаноўлена, што каля 3 тысяч пар жаночага абутку коштам каля 500 тысяч беларускіх рублёў індывідуальны прадпрымальнік набыў у Расіі для рэалізацыі у ў гандлёвых аб’ектах Магілёва. 

Па дадзеным факце супрацоўнікі магілёўскай мытні распачалі адміністрацыйны працэс, які прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры паловы сумы ад кошту ўсяго тавара. Гэта значыць што штрафныя санкцыі могуць дасягнуць 250 тысяч рублёў. — паведамляюць “Магілеўскія ведамасці”. 

Фота ілюстрацыйнае

Дзіцячы фестываль “Залатая пчолка” пройдзе ў Клімавічах з 1 па 4 чэрвеня – вось праграма

Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” збярэ больш за 900 удзельнікаў. Аднак творчыя калектывы і выканаўцы прадстаўлены толькі чатырма краінамі: Беларусь, Расія, Узбекістан і Кыргызстан.

Удзельнікі 21-га фестываля прадставяць сваю творчасць у трох жанрах – вакальнае, харэаграфічнае і выяўленчае мастацтва. Кожны напрамак падзелены на асобныя намінацыі. Дзеці выступяць у трох узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў), сярэдняя (13-15 гадоў) і старэйшая (16-18 гадоў). 

Узельнікаў з іншых краін катастрафічна мала, бо ў папярэднія гады ў фестывалі прымалі ўдзел выканаўцы з Польшчы і Украіны, краін Балтыі і Малдовы. А часам у Клімавічы даязджалі нават удзельнікі з Германіі, Фінляндыі, Сербіі, Славакіі, Чэхіі і Румыніі.

У першы дзень “Залатой пчолкі” будуць арганізаваны мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей.

У другі дзень фестывалю адбудзецца конкурснае праслухоўванне ўдзельнікаў. У 20:30 удзельнікі і госці “Залатой пчолкі” збяруцца на святочнае адкрыццё фестывалю, а завершыцца дзень святочным феерверкам – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

У суботу, 3 чэрвеня, пройдуць круглыя сталы з удзелам чальцоў міжнароднага журы фэсту. Будуць працаваць розныя тэматычныя, гульнявыя пляцоўкі. Адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фестывалю і гала-канцэрт удзельнікаў форуму. Будзе арганізаваны конкурс “Малюнак на асфальце”. Увечары адбудзецца канцэртная праграма творчых калектываў Клімаўшчыны.

У нядзелю, 4 чэрвеня, у гарадскім парку пачнуць працаваць творчая і выставачна-гандлёвая пляцоўкі. Свае экспазіцыі прадэманструюць майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўстаноў раёна. Будзе арганізавана спартыўна-забаўляльная праграма – інфармуюць пра штогадовы фестываль “Магілёўскія ведамасці”. 

Падрабязную праграму XXI Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці

«Залатая пчолка» вы зможаце паглядзець па гэтай спасылцы.

Фота з адкрытых крыніц.