Глускаму наркаману-пенсіянеру далі два гады хіміі, прызначылі прымусовае лячэнне і канфіскавалі ровар

Жыхар Глускага раёна 1960 года нараджэння быў затрыманы напрыканцы мінулага года за тое, што трымаў у сваім доме слоік з 0,02 грама марыхуаны. Як высветлілася, у лістападзе і снежні 2023 года 64-гадовы мужчына ездзіў на ровары ў поле і збіраў там дзікія каноплі, якія потым сушыў і ўжываў. 

На судзе было ўлічана, што пенсіянер мае станоўчыя характарыстыкі з месцаў працы і пражывання, ніколі не затрымліваўся міліцыяй у п’яным выглядзе, а сабраную марыхуану гатаваў толькі для свайго ўласнага ўжытку, а не на продаж. У выніку суд Глускага раёна асудзіў мужчыну да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў калонію, а таксама ў пенсіянера быў канфіскаваны ровар як сродак здзяйснення злачынства – піша газета “Радзіма”.

Па заключэнні судовай медыцынскай псіхіятрычнай экспертызы, мужчына пакутуе на наркаманію, таму суд таксама прызначыў яму прымусовае лячэнне.

Фота ілюстрацыйнае 

Кіраўнік будаўнічай фірмы знайшоў чужую закладку і сеў з ёй на шэсць гадоў

На аўтазапраўцы пад Асіповічамі быў затрыманы 31-гадовы жыхар Гомельскай вобласці з пакункам марыхуаны. Працуючы генеральным дырэктарам будаўнічай арганізацыі на тэрыторыі Расіі, аднойчы на адной з АЗС ён заўважыў мужчыну, які стаяў каля дрэва і нешта фатаграфаваў. Дачакаўшыся пакуль незнаёмец сыдзе, генеральны дырэктар падыйшоў да таго месца і знайшоў два пакункі, пераматаных скотчам і ізалентай. Як потым высветлілася, у пакунках было каля 200 грамаў марыхуаны.

Жыхар Гомельшчыны здагадаўся, што ён знайшоў, і забраў наркотыкі сабе. Спачатку хаваў марыхуану ў сябе дома ў Расіі, але пасля таго, як яго дама сэрца зладзіла скандал, знайшоўшы пакункі, перахаваў наркотыкі на працы. Потым вырашыў адвезці іх у бацькоўскі дом у Светлагорску. Па дарозе туды яго і затрымала міліцыя.

Цяпер мужчына асуджаны па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – перавозка праз мяжу, транспаруціроўка і захоўванне наркатычных рэчываў – да шасці гадоў пазбаўлення волі, пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае

Больш за два дзясяткі кустоў канопляў знайшлі ў жыхара Быхаўскага раёна

На заднім двары за гаспадарчымі пабудовамі рос 21 куст забароненай расліны. Акрамя таго, каля 40 г марыхуаны супрацоўнікі наркакантролю знайшлі ў доме – паведамляе УУС.

Затрыманы 65-гадовы мясцовы жыхар, раней неаднаразова судзімы за рабаванне і разбой. Мужчына патлумачыў, што вырошчваў каноплі для ўласнага спажывання.

Фота: УУС

Жыхар Чавускага раёна асуджаны на 22 гады за забойства

Мужчына забіў свайго сабутэльніка, меўшы пры гэтым  наркотыкі ў доме і незнятую судзімасць за папярэдняе забойства. 

У Чавускім раёне 55-гадовы мясцовы жыхар у канцы 2022 года распіваў у сябе дома спіртное з прыяцелем. У нейкі момант гаспадар ударыў госця ў грудзі нажом. Мужчына памёр на месцы. Прычынай агрэсіі стала асабістая непрыязнасць, якая раптоўна ўспыхнула да пацярпелага. Варта адзначыць, што зламыснік ужо меў незнятую і непагашаную судзімасць за раней учыненае забойства.

Праваахоўнікі абшукалі дом злачынцы і знайшлі марыхуану. На судзе жыхар Чавускага раёна сваю віну так і не прызнаў, адмаўляў сваю датычнасць і да забойства і да незаконнага абарота наркотыкаў – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА. 

Суд вынес абвінаваўчы прысуд, на падставе якога мужчын асуджаны ў сукупнасці на 22 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.

Фота ілюстрацыйнае

У Бабруйску выявілі наркалабараторыю на 100 грам марыхуаны

Наркакантроль затрымаў у Бабруйску 38-гадовага мясцовага жыхара, які зладзіў у сваёй кватэры невялікую лабараторыю для вырошчвання канабіса. Яшчык з некалькімі кустамі марыхуаны быў абсталяваны сістэмамі вентыляцыі, паліву і асвятлення. Міліцыя канфіскавала ў фігуранта справы кусты канабіса і насенне агульнай вагой у 100 грам. Цяпер бабруйчаніну пагражае да пяці гадоў няволі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

У Бабруйску знайшлі наркалабараторыю

У сваім дачным доме 29-гадовы бабруйчанін абсталяваў памяшканне для вырошчвання канопляў – піша Тэлеграм-канал прэс-службы МУС.

Падчас обшуку было знойдзена абсталяванне для вентыляцыі і асвятлення, рэгулятар кіслотнасці глебы, угнаенні, сістэма паліву. Канфіскаваны кусты канабісу, гашыш і марыхуана агульнай вагой больш за 100 г.

Фігурант затрыманы, следчымі, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Жыхар Быхава збіраў і ўжываў дзікую марыхуану

Сушылку дзікарослай каноплі ён абсталяваў ва ўласным гаражы. Як паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС, падчас аператыўных мерапрыемстваў быў затрыманы 26-гадовы жыхар Быхава. Падчас вобшуку ў яго былі знойдзеныя кусты марыхуаны, якія малады хлопец трымаў ва ўласным гаражы, а таксама яшчэ 850 грамаў ужо гатовай прадукцыі. 

Наркатычныя рэчывы жыхар Быхава ўжываў сам, а дзікарослую каноплю збіраў у сваім раёне. Узбуджаная крымінальная справа.