Прыступкі рассыпаюцца на вачах – у Крычаве ўжо нікога не здзіўляе выгляд гандлёвага цэнтра

Праблема з прыступкамі гандлёвага аб’екта у Камсамольскім мікрараёне, з’яўляецца ўжо не першы раз. Іх жудасны выгляд не здзіўляе крычаўлянаў, бо ў такім стане яны ўжо не першы месяц.

Друхпавярховы будынак з вялікай колькасцю крамаў – “Міла”, “Дабраном”, пункт выдачы “Вайлдберыз” і іншыя – размешчаны ў цэнтры горада і карыстаецца сярод крычаўлянаў вялікай папулярнасцю. Магчыма, менавіта з-за гэтага ганак будынка так хутка прыходзіць у непрыдатнасць.

Летась прыступкі ўжо рамантаваліся адпаведнымі службамі, але доўга прыгажосць не пратрымалася. Праз год прыступкі зноў апынуліся ў жудасным стане, а выпраўляць іх стан ніхто не спяшаецца – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Праблема тут заключаецца не толькі ў эстэтычным выглядзе цэнтра горада, але і ў бяспецы насельніцтва. У вячэрні час гэты гандлёвы цэнтр наведвае нямалая колькасць людзей, пагэтаму варта чакаць бяды, калі не выправіць будаўнічы недахоп своечасова і якасна.

Фота: “Крычаўскае жыццё”.

 

У Хоцімскім раёне недалічыліся 39 кароў

Заведзена крымінальная справа ў дачыненні да загадчыцы аграрнага прадпрыемства, якую абвінавацілі ў фальшывых запісах у афіцыйныя дакументы.

Падчас следства вырашана, што абвінавачаная ўтойвала падзёж 39 галоў буйной рагатай жывёлы і птушак. У судовым паседжанні абвінавачаная прызнала віну і раскаялася ў здзейсненым – паведамляе генеральная пракуратура.

У выніку абвінавачанай назначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць кіруючыя пасады на тэрмін у два гады.

Фота ілюстрацыйнае

Спатрэбіўся тыдзень, каб крычаўскія камунальнікі залаталі ямы на дарозе ў цэнтры горада

Тыдзень таму mogilev.media са спасылкай на раённую газету “Крычаўскае жыццё” друкавалі матэрыял пра дарогу паміж дамамі 13 і 20 па вуліцы Мікрараён Камсамольскі, дзе па шырыні ўсяго асфальтавага палатна лакалізавалася шырокая выбоіна з ямамі, што пагражала мясцовым аўтамабілістам праблемамі. 

Больш за тое, на вузкай дарозе заўсёды ўтваралася вымушаная пробка, калі кіроўцы сустрэчных напрамкаў руху прапускалі адзін аднаго, каб кожны мог пераадолець гэты ўчастак з мінімальнымі наступствамі для свайго аўто.

Як паведамляе газета “Крычаўскае жыццё”, праблема на цяперашні момант на гэтым участку дарожнага палатна вырашана. Гараджане, несумненна, гэтаму факту рады, бо ў бліжэйшы час на дарозе больш не будзе затору і можна ехаць не баючыся пашкодзіць уласную машыну.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Да канца месяца пад Асіповічамі будуць грымець выбухі

Пачынаючы з сённяшняга дня і па 30 чэрвеня з раніцы і да вечара ў працоўныя дні на падрыўной пляцоўцы палігона “Асіповіцкі” ваеннай часткі №12147 будуць праводзіцца планавыя падрыўныя работы.

За гадзіну да пачатку падрыву тут будзе паднімацца чырвоны сцяг і выстаўляецца ачапленне. За 10 хвілін да пачатку будуць гучаць гукавы сігнал аўтамабіля або ўдары ў гільзу працягласцю 2-3 хвіліны.

У гэты час катэгарычна забараняецца з’яўленне людзей, праезд тэхнікі, выпас жывёлы і вытворчасць сельскагаспадарчых работ на тэрыторыі палігона радыусам не менш як 2 кіламетры – перадае “Асіповіцкі край”.

Фота ілюстрацыйнае

У Бабруйску востра не хапае кіроўцаў аўтобусаў, многія маршруты адмяняюцца

У сувязі з вострым недахопам вадзіцельскага саставу, а таксама з прычыны сыходу вялікай колькасці кіроўцаў на бальнічны, сёння 21 чэрвеня ў горадзе не будуць выконвацца ажно дзясяткі рэйсаў – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Поўны спіс адмененых рэйсаў можна знайсці тут.

Фота: “Камерцыйны кур’ер”

На пажары ў Клімавіцкім раёне загінуў пастух

Цела 50-гадовага пастуха было знойдзена ў старожцы – паведамляе прэс-служба МНС. 

Пажар вартоўні адбыўся апоўначы з 20 на 21 чэрвеня. Загарэлася старожка на полі каля прадпрыемства “Прымежны-Агра” ў аграгарадку Звянчатка Клімавіцкага раёна. Ратавальнікі знайшлі на месцы трагедыі 50-гадовага мясцовага жыхара, які працаваў пастухом і даглядаў статак цялят на летнім выпасе. Прычына пажару высвятляецца, але гледзячы па публікацыі навіны на сайце МНС, супалі такія частыя фактары, як алкаголь і неасцярожнасць з агнём.

Фота: МНС

Хутка чакаецца адкрыццё адноўленнага тэатральнага фантана ў Магілёве – з сюрпрызам

Падчас вясновай перапланіроўкі Камсамольскай вуліцы і сквера Герцана, які неўзабаве вярнуў сабе гістарычную назву Тэатральны, быў дэмантаваны фантан. Зараз вядуцца работы па будоўлі новага.

Плануецца, што фантан будзе адкрыты, калі не на дзень горада, то на пачатку ліпеня.

Фантан упрыгожыць новы твор магілёўца, скульптара Андрэя Вараб’ёва. Вядома, што яго праца будзе прысвечана тэме кахання, але падрабязнасці пакуль не раскрываюцца, каб захаваць інтрыгу.

Тэатральны фантан – улюбёнае месца многіх пакаленняў магілёўцаў. Яшчэ ў 2020 годзе выношваліся планы па стварэнню тут “цэнтра прыцягнення творчых сіл”. Такая ідэя агучвалася тады дырэктарам Магілёўскага драмтэатра Андрэем Новікавам, горача падтрымлівалася тагачасным дырэктарам Музея гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым, тым больш, што дадзеная пляцоўка ўжо станавілася месцам рэалізацыі асобных мерапрыемстваў. Напрыклад, у 2019 годзе ўдзельнікамі міжнароднага арт-праекта “Магілёў вачыма гасцей” гэты фантан быў творча размаляваны. 

Нагадаем, што Тэатральны сквер вярнуў сваю гістарычную назву на пачатку гэтага лета. Ён месціцца за драмтэатрам – паміж вуліцамі Болдзіна і Камсамольскай – да вуліцы Ленінскай. Гэта найстарэйшы сквер горада, закладваўся ў 1829 годзе пры губернатары М. Мураўёве, як сад. Сквер быў агароджаны, летам у ім граў духавы аркестр. 

Пэўны час сквер называўся Мураўёўскім, у гонар губернатара, душыцеля паўстанняў 1830 і 1863-1864 гадоў. Потым – Тэатральным. У 1917-1919 гадах сквер меў назву Дняпроўскі, у 1919-2023 гадах – імя Герцэна. 

Фота: mogilev.media і mogilevnews.by

Да жанчыны пад Мсціславам прыблудзіўся расіянін, яго дэпартавалі з Беларусі

Жыхарка аграгарадка Мазалава Мсціслаўскага раёна паведаміла ў мясцовы аддзел міліцыі аб тым, што да яе “прыблудзіўся” мужчына і не хоча сыходзіць.

Як высветлілі супрацоўнікі міліцыі, прыблудзіўшымся мужчынай аказаўся грамадзянін Расійскай Федэрацыі з горада Новасібірска. Мужчына быў дэпартаваны, бо незаконна знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Больш за тое, на яго складзены адміністратыўны пратакол. Цяпер яму пагражае штраф у памеры да васьмі базавых велічыняў – паведамляе пра здарэнне мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота ілюстратыўнае

Плавалі на самаробным плыце – у Магілёве патануў хлопчык

Некалькі гадзін дактары змагаліся за жыццё хлопчыка 2014 года нараджэння, але выратаваць яго не ўдалося.

Кампанія падлеткаў днём 20 чэрвеня каталася на самаробным плыце на дняпроўскай затоцы ў Магілёве каля гандлёвага цэнтра “Е-Сіці”. Плыт быў імправізаваным – шчыт з дошак. Сярод іншых, на плыце плавалі два браты 2010 і 2014 гадоў нараджэння. У нейкі момант малодшы з братоў зваліўся ў ваду і пачаў тануць – ён не ўмеў плаваць.

Кампанія падлеткаў не здолела выцягнуць хлопчыка з вады самастойна. Старэйшы брат патэлефанаваў ратавальнікам, астатнія спалохаліся і разбегліся. Яшчэ жывога, дзіцёнка даставілі ў абласную дзіцячую бальніцу. Медыкі змагаліся за яго жыццё некалькі гадзін, але выратаваць хлопчыка не ўдалося – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц

Аранжавы ўзровень небяспекі з-за спякоты аб’яўлены на 21 чэрвеня

З прычыны спякотнага надвор’я аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі на 21 чэрвеня – перасцерагае Белгідрамет

У сераду па Магілёўскай вобласці пераменная воблачнасць і пераважна без ападкаў (іх верагоднасць ніжэй за 10%). Уначы і раніцай месцамі слабы туман. 

Вецер паўночны хуткасцю 2-7 м/с, тэмпература ўноч да +12  +16°C, днём спякотна – да +28 +30°C, у сувязі з чым і аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі.