Ашуканец на даверы развёў жыхароў Бабруйска і Асіповіч на 600 000 рублёў

24-гадовы юнак прасіў сваіх знаёмых пазычаць яму грошы, браць крэдыты і купляць дарагія рэчы – папаліся 42 чалавекі.

Пачынаючы з ліпеня 2020 года па верасень 2022 года, малады хлопец пераканаў сваіх знаёмых перадаць яму грошы і маёмасць у пазыку, атрымаць крэдыты ў банкаўскіх установах Бабруйска і Асіповіч, а таксама набыць розныя тавары ў крэдыт і лізінг з афармленнем растэрміноўкі плацяжоў у гандлёвых аб’ектах і інтэрнэт-краме. Пры гэтым сам юнак і не збіраўся вяртаць сродкі, альбо разлічвацца па крэдытах – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.

Усяго ад махляра пацярпелі 42 чалавекі, а агульная сума не вернутых сродкаў склала 618 тысяч рублёў. За махлярства ў асабліва буйным памеры маладому чалавеку прызначана сем гадоў пазбаўлення волі, але прысуд яшчэ можа быць абскарджаны.

Фота ілюстрацыйнае

Унук забіў дзеда, сусед – суседку. Побытавыя трагедыі адбыліся ў Бабруйску, пад Асіповічамі

Бытавое забойства, звычайна ўяўляе сабой кульмінацыю бытавога канфлікту – мяркуюць спецыялісты. Як асноўны матыў для бытавога забойства, звычайна выступае рэўнасць, зайздрасць, помста і іншыя праявы асобаснай непрыязнасці. Тыповай падставай да здзяйснення бытавога забойства служаць скандалы, сваркі, раптоўна ўзніклыя непрыязныя адносіны.

У Бабруйску непрыязныя адносіны сталі прычынай, па якой 29-гадовы ўнук забіў свайго 76-гадовага дзеда. Спачатку некалькі разоў ударыў рукамі, а потым тройчы – нажом, паведамляе БелТА. Малады чалавек быў раней судзімы, але прычына канфлікту не называецца.

Падобны выпадак адбыўся ў Асіповіцкім раёне ў вёсцы Шэйпічы. Аднавяскоўцы, мужчына 59 гадоў і жанчына 55-ці выпівалі дома ў ахвяры. У нейкі момант успыхнула спрэчка, мужчына тройчы ўдарыў жанчыну нажом і пайшоў з хаты. Цела знайшоў сусед – піша тое ж інфармацыйнае агенцтва.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Асіповічамі разбілася маршрутка

Раніцай 5 траўня на трасе Мінск-Гомель у Асіповіцкім раёне кіроўца маршруткі сутыкнуўся з аўтамабілем ГАЗ, што ехаў у тым жа кірунку. У выніку аварыі пацярпела 21-гадовая жыхарка Бабруйска, яна была дастаўлена ў шпіталь з траўмамі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

На лецішчы пад Асіповічамі гарэла цэлая сям’я – бацька загінуў, маці атрымала апёкі, дзеці выратаваліся

Трагедыя адбылася ў дачным доміку ў вёсцы Станцыя Ясень Асіповіцкага раёна. позна вечарам 28 мая ў хаце пачаўся пажар. У гэты час там знаходзілася сям’я з чатырох чалавек, бацька 1963 года нараджэння, маці 1975-га і дзве іх дачкі 2000 і 2019 гадоў нараджэння.

Да прыбыцця пажарных жанчына і дзеці здолелі самі выратавацца з дома праз вакно, пры гэтым маці атрымала апёкі 46% цела. Цела яе мужа было знойдзенае ў доме ратавальнікамі. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Пад Асіповічамі супрацоўнік аграпрадпрыемства скраў хімікаты на суму каля 1400 рублёў

Супрацоўнікі асіповіцкай міліцыі спынілі крадзеж 30 літраў хімічнага сродку для абароны раслін з тэрыторыі сельскагаспадарчага прадпрыемства. 

Устаноўлена, што супрацоўнік аграпрадпрыемства на службовым аўтамабілі ў працоўны час са складскога памяшкання сельскагаспадарчай арганізацыі ў некалькіх пластмасавых каністрах вывез хімічны сродак, каб прадаць жыхару суседняга аграгарадка – паведамляе упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама. 

Супрацоўнікі міліцыі скрадзенае канфіскавалі. Хімічны сродак на агульную суму амаль 1400 рублёў у поўным аб’ёме вернуты на прадпрыемства. У дачыненні да 38-гадовага асіпаўчаніна заведзена крымінальная справа. 

Фота: mogilev.mvd.gov.by

У Асіповіцкім раёне тройчы падпальвалі лес

Тры выпадкі падпалу леса былі зафіксаваныя ў Асіповіцкім раёне. Два выпадкі падпалаў выяўлены ў Дараганаўскім лясніцтве і яшчэ адзін – у Цэнтральным. Выявіць узгаранні дапамаглі камеры відэаназірання. Агульная плошча ачагоў склала 0,06 гектара – паведамляе БелТА.

Нагадаем, што пад Асіповічамі знаходзіцца вялікая вайсковая база, на якой праходзіла навучанне расійскіх мабілізаваных, што адпраўляліся на вайну ва Украіну. Але, безумоўна, нельга сцвярджаць пра ўзаемасувязь гэтых фактаў.

Фота ілюстрацыйнае.

Пад Асіповічамі вадзіцель грузавіка кінуў у ваенных выбухоўку – Следчы камітэт

Вечарам 11 мая 50-гадовы кіроўца аўтамабіля DAF, праяжджаючы міма калоны вайскоўцаў каля вёскі Ясень у Асіповіцкім раёне, кінуў у іх самаробнай выбуховае прыстасаванне, зробленае з піратэхнікі – заяўляе прэс-служба Следчага камітэта Беларусі.

Самаробная выбухоўку спрацавала каля вайсковай тэхнікі і салдат, але ніхто не пацярпеў. Ваенныя самі дагналі і спынілі кіроўцу. Цяпер яго абвінавачваюць у злосным хуліганстве, але разглядаецца верагоднасць абвінавачвання таксама ў экстрэмізме, заявілі ў ведамстве.

У відэароліку, прысвечаным затрымання кіроўцы, завастраецца ўвагу на наяўнасці ў кабіне вадзіцеля нацыянальнай сімволікі, на факце падпіскі мужчыны на Тэлеграм-каналы, якія афіцыйна прызнаныя экстрэмісцкімі ў Беларусі. Сярод выяваў, якія характарызуюцца як экстрэмісцкія, прысутнічае лагатып гурту “Рамштайн”.

Фота: Следчы камітэт

Восем прадпрыемстваў Магілёўшчыны не маюць неабходнай загружанасці з-за санкцый – Дзяржкантроль

З-за страты еўрапейскіх рынкаў збыту, восем арганізацый Магілёўскага рэгіёна працуюць з недазагрузкай вытворчых магутнасцей – паведамілі ў Камітэце дзяржкантроля “Магілёўскім ведамасцям”. Гэта прадпрыемствы трубавай, дрэваапрацоўчай прадукцыі, мяккіх дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў.

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

Затрымалі жыхара Асіповічаў, што здымаў ваенную тэхніку

33-гадовы работнік аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, жыхар Асіповічаў быў затрыманы КДБ – паведамляе газета “Асіповіцкі край”. Яго імя не раскрываецца. Мужчыне ў віну ставяць здымкі ваеннай тэхнікі на чыгуначнай станцыі “Вярэйцы”, якія ён быццам бы адправіў Тэлеграм-каналу, прызнанаму ў Беларусі экстрэмісцкім. Узбуджана крымінальная справа, жыхар Асіповічаў узяты пад варту.

Фота ілюстрацыйнае.

Пад Мсціславам у возера выпусцілі паўтонны карпа

Было праведзена зарыбленне сажалкі, размешчанай каля вёскі Сапрынавічы Мсціслаўскага раёна.

Для гэтых мэтаў прадпрыемства “Кастрычнік” закупіла 500 кілаграм карпа аднагадовага ўзросту. Зарыбленне ажыццяўлялася спецыяльнай камісіяй, у якую ўвайшлі прадстаўнікі раённай структуры рэспубліканскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама — паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”.

Фота: “Святло Кастрычніка”