У Мсціславе невядомыя зламыснікі выкралі туі па вуліцы Кірава, што знаходзіцца паблізу кальцавой дарогі. Па гэтай жа вуліцы каля мясцовага інтэрната злачынцы выкапалі вярбу.
Крадзяжы адбыліся і ў сельскіх населеных пунктах Мсціслаўскага раёна. У жыхара аграгарадка Мушына была скрадзена металічная лесвіца, а ў вёсцы Мілейкава з халадзільніка зніклі прадукты харчавання – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”.
Па ўсіх злачынных учынках праводзіцца праверка ў раённым аддзеле міліцыі.
Фота ілюстратыўнае
Category: Навіны Мсціслава
Пад Мсціславам у возера выпусцілі паўтонны карпа
Было праведзена зарыбленне сажалкі, размешчанай каля вёскі Сапрынавічы Мсціслаўскага раёна.
Для гэтых мэтаў прадпрыемства “Кастрычнік” закупіла 500 кілаграм карпа аднагадовага ўзросту. Зарыбленне ажыццяўлялася спецыяльнай камісіяй, у якую ўвайшлі прадстаўнікі раённай структуры рэспубліканскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама — паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”.
Фота: “Святло Кастрычніка”
У Мсціславе прайшоў конкурс прыгажосці, у якім удзельнічалі ўсяго чатыры дзяўчыны
Кульмінацыяй свята стала выступленне канкурсантак на патрыятычную тэматыку.
У Мсціславе прайшоў конкурс прыгажосці і талентаў «Міс Вясна–2023», у якім прымалі ўдзел харэограф, школьніца, навучэнка каледжа і ўдзельніца танцавальнага калектыва.
Традыцыйна конкурс пачаўся з дэфіле, дзе дзяўчаты прадэманстравалі сваю грацыю рухаў і ўсмешкі. Потым яны прадставілі свае таленты ў творчым этапе конкурсу. Кульмінацыяй праграмы конкурса сталі выступленні дзяўчат на патрыятычную тэматыку – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”.
Калі хочаце трохі трэшу, то вось відэа з конкурса.
Кожная з удзельніц была па-свойму асляпляльная і прыгожая, аднак пераможцай конкурсу стала навучэнка сярэдняй школы №2 г. Мсціслава Анастасія Пушкіна. Дзяўчына заваявала тытул «Міс Вясна-2023», усяго на некалькі балаў абышоўшы сваіх суперніц.
Фота: “Святло Кастрычніка”
У Мсціслаўскім раёне пенсіянер тушыў траву і атрымаў апёкі першай ступені
У вёсцы Краснае Мсціслаўскага раёна гаспадар участку 1943 года нараджэння спрабаваў самастойна тушыць траву, але атрымалася няўдала і ён апёкся. Як выявілася, на ўчастку адбывалася гарэнне травы на плошчы 100 метраў квадратных. Медыкі на месцы аказалі пенсіянеру неабходную дапамогу, з дыягназам “тэрмічны апёк першай ступені” ён быў шпіталізаваны ў цэнтральную раённую бальніцу – паведамляе мсціслаўская газета “Святло Кастрычніка”.

Фота “Святло Кастрычніка”
Замест віна ў Мсціславе пачнуць выпускаць газіроўку
Лінію па вытворчасці слабаалкагольных і безалкагольных напояў адкрыюць у мсціслаўскім філіяле булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”.
Да нядаўняга часу мсціслаўскі хлебзавод выпускаў пладовае віно, вытворчасць якога стала нерэнтабельнай.
Каб не дапусціць звальнення сотні працаўнікоў, Мсціслаўскім райвыканкамам і кіраўніцтвам кампаніі «Дамачай» было прынята рашэнне аб перапрафіляванні вытворчасці віна і ўстаноўцы аўтаматызаванай лініі па вытворчасці слабаалкагольных і безалкагольных напояў – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. На дадзены момант частка абсталявання для выпуска новай прадукцыі набыта і ўстаноўлена.
Выйсці на рынак мсціслаўцы плануюць з шасцю відамі слабаалкагольных напояў і чатырма відамі безалкагольных. Цяпер прапрацоўваецца пытанне брэндавання і пазнавальнасці новай прадукцыі. Дарэчы, новае абсталяванне дазволіць таксама разгледзець магчымасць вытворчасці і пітной вады высокай якасці.
Фота: mogilevnews.by
На Мсціслаўшчыне ў шматдетнай сям’і згарэў дом, ім збіраюць дапамогу
У вёсцы Каськова Мсціслаўскага раёна адбыўся пажар. Сям’я з трыма малымі дзецьмі засталася без дома.
Як паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка” ў выніку пажару знішчаны дах пабудовы, маёмасць і аздабленне ў сярэдзіне дома. Прычынай пажару стала кароткае замыканне электраправодкі. Пацярпелых няма, аднак шматдзетная сям’я з грудным дзіцём, трохгадовым хлопчыкам і шасцігадовай дзяўчынкай засталіся без уласнага дома.
Мсціслаўская раённая арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа аб’явіла аб зборы дапамогі пацярпелым.
Фота mstlife.by
У аграгарадку пад Мсціславам жыхары талакой будуюць капліцу
З ініцыятывай пабудовы праваслаўнай каплічкі да мясцовых уладаў звярнуліся жыхары аграгарадка Разанцы Мсціслаўскага раёна.
Пасля ўзгаднення дадзенага пытання з мясцовай уладай і Магілёўскай епархіяй, ў цэнтры аграгарадка восенню мінулага года быў закладзены падмурак пад будучы будынак – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. Адзначаецца, што свой уклад, як у будаўніцтва, так і ў збор сродкаў, унеслі не толькі дэпутаты і мясцовае начальства, але і прадстаўнікі епархіі, ААТ “Кастрычнік”, індывідуальныя прадпрымальнікі і, вядома ж, самі жыхары.
Цяпер прапрацоўваецца канцэпцыя добраўпарадкавання тэрыторыі, прылеглай да будучай капліцы, яе азелянення, а таксама разглядаецца пытанне правядзення дадатковага збору сродкаў на гэтыя мэты. Само ж будаўніцтва капліцы працягнецца, як толькі наступяць для гэтага спрыяльныя прыродныя ўмовы.
З праектам капліцы дапамагло ААТ “Кастрычнік” і ў прыватнасці намеснік кіраўніка сельскагаспадарчай арганізацыі Пётр Лаўнікаў, які з’яўляецца ідэйным натхняльнікам з’яўлення вясковай святыні.
Адзначым, што населены пункт Разанцы быў заснаваны ў 1991 годзе як пасёлак для перасяленцаў з зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС з жылымі двухпавярховымі дамамі і неабходнай інфраструктурай: дарогамі, крамамі, дзіцячым садком, школай, поштай і медпунктам. Сёння тут жыве 650 жыхароў.
Фота mogilevnews.by
Мсціслаўскія малочнікі вырабілі рэкордную галоўку сыру
У Магілёве прайшоў конкурс прафмайстэрства сярод філіялаў “Бабушкінай крынкі”, што вырабляюць сыры. Мсціслаўскі філіял малочнай кампаніі прадставіў на конкурс рэкордную галоўку сыру вагой 140 кілаграм.
Як паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло Кастрычніка”, на конкурсе «Сырная карона» было прадстаўлена 12 найменняў сыроў у трох намінацыях, у якіх прымалі ўдзел розныя філіялы холдынга “Бабушкіна крынка”. У межах конкурсу адбылася закрытая дэгустацыя. Адметна, што сыры мсціслаўскага філіяла занялі два прызавых месцы ў двух намінацыях.
Асабліва ўразіла ўсіх прысутных рэкордная галоўка сыра вагой 140 кілаграм, якая была прэзентавана на конкурсе мсціслаўскімі сыраробамі.
Дарэчы, рэкордны сырны выраб мсціслаўскіх прафесіяналаў будзе перададзены ў дар Чавускаму дому-інтэрнату.
Фота: mstlife.by
У Мсціславе абрынуўся схіл Замкавай гары
На старадаўнім гарадзішчы Замкавая гара ў Мсціславе адбылося абрушэнне схілу.
Абвал схілу, які адбыўся з-за непагадзі, стаў прычынай частковага абрушэння агароджы. Як паведамляе “Святло Кастрычніка” камунальныя службы ўжо распачалі работы па рамонце агароджы.
Адзначым, што Замкавая гара – гэта цэнтр старажытнага Мсціслава, на якім знаходзіцца гісторыка-музейны комплекс. Менавіта тут праходзяць асноўныя мерапрыемствы, падчас фестывалю сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”.
Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае
У цэнтры Мсціслава з помніка архітэктуры абсыпаецца тынкоўка
Са сцен будынка былога казначэйства ў Мсціславе адвалілася частка абліцовачнай пліткі і тынкоўкі, яшчэ частку абабілі камунальнікі.
Разбуральныя працэсы сцяны для старога будынку пакуль што некрытычныя, аднак яны ўяўлялі пэўную небяспеку для пешаходаў. Як паведамляе “Святло Кастрычніка”, мясцовыя службы правялі неабходныя работы для бяспекі гараджанаў. Плітка, якая патэнцыйна магла абсыпацца, была знята, прыбрана з пешаходнай зоны, а тэрыторыя абнесена сігнальнай стужкай.
Нагадаем, што будынак былога казначэйства канца ХІХ стагоддзя знаходзіцца на Савецкай вуліцы ў самым цэнтры горада і ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Фота mstlife.by