Развальваецца абарончае ўмацаванне XVI-XVII стагоддзяў на гарадзішчы ў Крычаве

На гарадзішчы Замкавая гара ў Крычаве знаходзіцца не толькі драўляная Свята-Мікалаеўская царква, але і малапрыкметны помнік абарончай архітэктуры, зроблены з цэглы-пальчаткі. На сённяшні час ён у занядбаным стане, патрабуе належнага дагляду спецыялістаў, да таго ж ахоўны статус у яго адсутнічае.

Даволі ўнікальным помнікам на прасторах Магілёўшчыны з’яўляецца цагляная пабудова, што ўваходзіць у комплекс абарончых збудаванняў на Замкавай гары ў Крычаве. На гарадзішчы Замкавая гара няблага захаваўся абарончы вал і фрагменты ўмацаванняў, зробленыя з цэглы-пальчаткі. Аб’ект з’яўляецца помнікам абарончай архітэктуры прыблізна XVI-XVII стагоддзяў эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пры гэтым у пазнейшыя часы цаглянае збудаванне магло выкарыстоўвацца як ляднік, дзе захоўвалі запасы харчавання. 

Гэты помнік ужо “пабіты” часам, хаця яшчэ з дзясятак гадоў таму ўяўляў сябой суцэльную цагляную пабудову. Цяпер жа пад уздзеяннем часу і прыродных ападкаў ён пакрысе развальваецца і патрабуе неадкладнай кансервацыі, а ў далейшым і рэстаўрацыі. На жаль, ніякага ахоўнага статусу збудаванне не мае.

Згодна з гарадскімі легендамі, цагляныя скляпенні маркіруюць уваход у патаемны падземны ход, што вёў праз Сож. Помнік згадваецца таксама ў рознай гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя кшталту “Опыт описания Могилевской губернии”. 

Нязграбны на першы погляд аб’ект з’яўляецца даволі значным помнікам для Крычава і ўнікальным збудаваннем па ступені захаванасці. На вялікі жаль, уэкскурсійныя маршруты па старому Крычаву гэты аб’ект не ўваходзіць. Калі ж брацца за захаванне помніка, то патрэбна будзе папрацаваць: зрабіць кансервацыю аб’екта, пашукаць інфармацыю пра яго ў гістарычных крыніцах, а магчыма і археалагічна даследаваць.

Фота: mogilev media і з адкрытых крыніц

Глабальны экалагічны фонд прафінансуе садова-паркавы комплекс у Слаўгарадзе

На Замкавай гары ў Слаўгарадзе пройдзе маштабнае добраўпарадкаванне тэрыторыі, плануецца пракласці безбар’ерную экалагічную сцежку і арганізаваць фестываль “Прапойскія вытокі”. Гэта стане магчыма дзякуючы таму, што мясцовая асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам атрымала грант на інфраструктурнае развіццё тэрыторыі замчышча ад міжнароднай арганізацыі Глабальны экалагічны фонд на амаль 50 000 долараў.

Каарданатар праекта Віталь Варабей распавёў газеце “Прысожскі край” пра дэталі пректа. На тэрыторыі Замкавай гары ў Слаўгарадзе будуць праведзены добраўпарадкаванне тэрыторыі, пасадка новых дрэў, укладка пешаходных дарожак, устаноўка асвятлення і арт-аб’ектаў. Таксама запланавана правядзенне на тэрыторыі замчышча штогадовага фестываля “Прапойскія вытокі”. Рэалізацыя гэтага комплекса мерапрыемстваў разлічаная на два гады.

Глабальны экалагічны фонд  – гэта незалежная міжнародная фінансавая арганізацыя, чыя дзейнасць рэалізуецца праз Праграму развіцця ААН, Праграму па навакольным асяроддзі ААН, і Сусветны банк. ГЭФ дае фонды для фінансавання дадатковых выдаткаў для таго, каб праект стаў экалагічна прывабным. Арганізацыя створана ў 1991 годзе, у яе склад уваходзяць прадстаўнікі 181 дзяржавы.

Фота: Планета Беларусь

У Мсціславе абрынуўся схіл Замкавай гары

На старадаўнім гарадзішчы Замкавая гара ў Мсціславе адбылося абрушэнне схілу.

Абвал схілу, які адбыўся з-за непагадзі, стаў прычынай частковага абрушэння агароджы. Як паведамляе “Святло Кастрычніка”  камунальныя службы ўжо распачалі работы па рамонце агароджы. 

Адзначым, што Замкавая гара гэта цэнтр старажытнага Мсціслава, на якім знаходзіцца гісторыка-музейны комплекс. Менавіта тут праходзяць асноўныя мерапрыемствы, падчас фестывалю сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае

У Мсціславе на Замкавай гары адновяць гарадскую забудову часоў Кіеўскай Русі

На працягу 2023 года плануецца рэканструкцыя гарадской забудовы XII – XIV стагоддзяў на Замкавай гары ў Мсціславе. 

Першасная задача, якая стаіць перад будаўнікамі – захаваць трохяруснасць вежы-данжона на Замкавай гары – распавяла БелТА начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп. Таксама плануецца рэканструкцыя элемантаў гістарычнай гарадской забудовы ў такім выглядзе, як гэта было ў часы Кіеўскай Русі.

– Грошы для гэтых работ ужо атрыманы. Цяпер мы знаходзімся на этапе карэкціроўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, паколькі яна распрацоўвалася яшчэ ў 2016 годзе і на сённяшні дзень страціла актуальнасць. Працуем у цесным звязку з Міністэрствам культуры – гэта ж гісторыка-археалагічны помнік, аб’ект не просты. Заказчыкам выступае УКБ.

Карэкціроўка і ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі зоймуць некалькі месяцаў, пасля гэтага на Замкавай гары пачнуцца рэканструкцыйныя працы. Яны будуць падзелены на некалькі этапаў. Да канца гэтага года плануецца завяршэнне будаўніча-мантажных работ аб’ектаў на Замкавай гары.

Фота: БелТА

У Мсціславе рыцарскі фэст. У рысталішчах клубы гістарычнай рэканструкцыі высвятляюць, хто з іх дужэйшы

Традыцыйна месцам правядзення рысталішчаў становіцца мясцовая замкавая гара. На ёй сёлета, паводле афіцыйнай інфармацыі, сабралася 160 чальцоў клубаў гістарычнай рэканструкцыі.

Адраджэнцы рыцарскай культуры на замчышчы застаюцца пакуль трывае фэст. Завершыцца ён 7 жніўня.

У Беларусі цяпер назіраецца росквіт клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Для многіх іх удзельнікаў магчымасць апрануць даспехі альбо вопратку мінулых эпох – сапраўдныя, а не рафінаваныя патрыятызм і павага, нават прага да мінулага 

У мінулыя гады фэст прымяркоўвалі да ўгодкаў Грунвальдскай бітвы – 15 ліпеня. З цягам часу яго пачатак стаў рухомым.

Свята сярэднявечнай культуры ўпершыню было арганізавана ў 2007 годзе. У анонсах сёлетняга фэсту не згадваецца, што яго ініцыяваў тагачасны мсціслаўскі ксёндз Караль Тамэцкі. Ажыццявіць задуманае яму дапамаглі Цэнтр сацыяльных інавацыяў з Мінску і выканаўчая ўлада. У арганізацыі фэсту прадугледжваўся ўдзел актыўнай часткі мясцовага грамадства.

Свята мелася быць рэсурсам для развіцця тутэйшай супольнасці і павелічэння яе ўплывовасці. У далейшым незалежныя ад дзяржавы грамадскія структуры ўладаю былі адсунутыя ад арганізацыі і фэст ператварыўся выключна ў забаўляльнае дзейства. Яго арганізацыя цалкам пад кантролем ідэолагаў.

«Калі фэст становіцца толькі забаўляльным мерапрыемствам, а жыхары гораду – толькі гледачамі, то пра развіццё гораду казаць цяжка», – адзначалі грамадскія актывісты, які арганізоўвалі першыя фэсты ў Мсціславе.

Тым часам улады абяцаюць, што сёлетні фэст стане рэкордны колькасцю наведнікаў. Асабліва падкрэсліваецца, што на свята беларускага рыцарства прыедзе багата расіян, якія пасля кавідных абмежаванняў «гатовыя павесяліцца»