У аграгарадку пад Мсціславам жыхары талакой будуюць капліцу

У аграгарадку пад Мсціславам жыхары талакой будуюць капліцу

З ініцыятывай пабудовы праваслаўнай каплічкі да мясцовых уладаў звярнуліся жыхары аграгарадка Разанцы Мсціслаўскага раёна. 

Пасля ўзгаднення дадзенага пытання з мясцовай уладай і Магілёўскай епархіяй, ў цэнтры аграгарадка восенню мінулага года быў закладзены падмурак пад будучы будынак – пішуць “Магілёўскія ведамасці”. Адзначаецца, што свой уклад, як у будаўніцтва, так і ў збор сродкаў, унеслі не толькі дэпутаты і мясцовае начальства, але і прадстаўнікі епархіі, ААТ “Кастрычнік”, індывідуальныя прадпрымальнікі і, вядома ж, самі жыхары.

Цяпер прапрацоўваецца канцэпцыя добраўпарадкавання тэрыторыі, прылеглай да будучай капліцы, яе азелянення, а таксама разглядаецца пытанне правядзення дадатковага збору сродкаў на гэтыя мэты. Само ж будаўніцтва капліцы працягнецца, як толькі наступяць для гэтага спрыяльныя прыродныя ўмовы.

З праектам капліцы дапамагло ААТ “Кастрычнік” і ў прыватнасці намеснік кіраўніка сельскагаспадарчай арганізацыі Пётр Лаўнікаў, які з’яўляецца ідэйным натхняльнікам з’яўлення вясковай святыні.

Адзначым, што населены пункт Разанцы быў заснаваны ў 1991 годзе як пасёлак для перасяленцаў з зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС з жылымі двухпавярховымі дамамі і неабходнай інфраструктурай: дарогамі, крамамі, дзіцячым садком, школай, поштай і медпунктам. Сёння тут жыве 650 жыхароў.

Фота mogilevnews.by