Два ДТЗ на трасе пад Асіповічамі: чатыры чалавекі шпіталізаваныя

На 109-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гомель Citroen сутыкнуўся з Mitsubishi, а на 81-м кіламетры той жа аўтадарогі адбылося сутыкненне грузавіка Mercedes-Benz з трактарам «Беларус».

Днём 23 красавіка 41-гадовы кіроўца аўтамабіля Citroen, рухаючыся па 109-м кіламетры аўтадарогі М-5 Менск-Гомель, здзейсніў сутыкненне з аўтамабілем Mitsubishi, які ехаў у тым жа кірунку.

Тры дарослыя пасажыры і дзіця дастаўлены ў шпіталь для агляду. 9-гадовая дзяўчынка знаходзілася ў бустэры і была прышпіленая рамянём бяспекі.

У гэты ж дзень на 81-м кіламетры аўтадарогі Менск-Гомель адбылося папутнае сутыкненне грузавіка Mercedes-Benz пад кіраваннем 24-гадовага жыхара Мінска з трактарам «Беларус». Ад моцнага ўдару трактарыста – 42-гадовага жыхара Асіповіч – выкінула з кабіны транспартнага сродку на праязную частку. З цяжкімі траўмамі ён быў шпіталізаваны.

Як паведамляе афіцыйны прадстаўнік УСК па Магілёўскай вобласці Таццяна Старасотнікава, папярэдне ўстаноўлена, што трактарыст выконваў працы па добраўпарадкаванні абочыны, а кіроўца грузавіка адцягнуўся ад кіравання і здзейсніў сутыкненне.

ДТЗ

Фота: УУС Магілёўскага аблвыканкама, Следчы камітэт

У Магілёве на праспекце Міра бачылі спалоханага лася

Амаль што ў цэнтры горада, каля прадпрыемства “Шагавіта” на праспекце Міра ў Магілёве мінакі сёння раніцай заснялі спалоханага лася. Жывёліна відавочна сама знаходзілася ў шоку ад таго, куды патрапіла, і бегала з боку ў бок, шукаючы бяспечны шлях на волю. Відэаролік з гэтымі прыгодамі лася ў Магілёве выклаў Тэлеграм-канал “Магілёў 24/7” каля восьмай гадзіны раніцы. Якім быў далейшы лёс дзікай жывёлы – пакуль не паведамляецца.

Фота: “Магілёў 24/7”, скрыншот 

Трагедыя ў Асіповічах – загінула палутарамесячная дзяўчынка

Бацькі спрабавалі зрабіць выгляд, што яны ні пры чым.

Следчы камітэт Беларусі раскрыў таямніцу трагедыі, што адбылася ў Асіповічах. Тут ад чэрапна-мазгавой траўмы загінула палутарамесячная дзяўчынка. Як высветлілі следчыя, бацькі дзяўчынкі ў той вечар, калі гэта здарылася, выпівалі разам са сваяком. Потым яны вярнуліся ў дом, каб супакоіць малую, і калі займаліся дзіцёнкам, дзяўчынка ўпала і атрымала смяротную траўму галавы. 

Першапачаткова, паводле следчых, бацькі спрабавалі пераканаць, што траўма адбылася без іх удзелу. Узбуджаная крымінальная справа за прычыненне смерці па неасцярожнасці.

Фота: Следчы камітэт

Гэта не пакістанцы! – з’явілася нервовая рэакцыя сілавікоў на гучную бойку ў Гомелі

Аб’яўленае Лукашэнкай запрашэнне 150 000 пакістанцаў працаваць у Беларусь выклікала відавочнае напружанне ў грамадстве, якое спрабуюць пагасіць прапагандысты і сілавікі. 

Днямі Лукашэнка выказаўся, што наша краіна гатовая прыняць 100-150 тысяч работнікаў з Пакістана. У беларускім грамадстве гэта выклікала штосьці падобнае на шок – навіну з яўнай трывогай абмяркоўваюць у калектывах, паміж знаёмымі, дома. У адказ на гэтую рэакцыю, некаторыя прапагандысты пачалі дружна тушыць абурэнне беларусаў – заўважыла “Наша ніва”. 

Так, Азаронак выказаўся на гэты конт, што сітуацыю разгойдваюць “беглыя”, якія нібыта масава закідваюць “нацыянальную нянавісць” дзяўчынкам-падлеткам. “Яны (дзяўчынкі-падлеткі) чамусьці ўсе думаюць, што іх цяпер згвалцяць. Яны чамусьці думаюць, што ў нас пачнуцца цяпер нейкія нормы шарыяту. І пачаліся, прабачце, ну не масавыя, але маштабныя праявы гэтага ў сацсетках” – прызнае Азаронак.

Іншы характэрны выпадак – у сацыяльных сетках завірусілася відэа з бойкай замежнікаў у Гомелі.  Амаль што ігненнай рэакцыяй на гэта сталі каментарыі, маўляў – глядзіце, што робяць пакістанцы. “Прекратите делать преждевременные выводы!” – нервова адрэагаваў на гэта звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал і патлумачыў, што бойку зладзілі студэнты-мараканцы. Двое з іх, нібыта, пабіліся з-за дзяўчыны, а пра трэцяга, які непрытомны ляжыць на асфальце, узгадаць забылі. Акрамя таго, сілавікі прыгразілі каментатарам, што да іх “ужо выехалі”.

Фота: скрыншот

Сталi вядомыя асноўныя прычыны гібелі людзей на пажарах на Магілёўшчыне

У Магілёўскай вобласці за першы квартал 2025 года сітуацыя з пажарнай бяспекай істотна пагоршылася — зафіксаваны 273 пажары, у выніку якіх загінулі 40 чалавек.

Паводле звестак інфармацыйнай службы абласной пракуратуры, на якiя спасылаеца БелТА, большасць ахвяр — пенсіянеры і непрацуючыя грамадзяне. Асноўнымі прычынамі трагедый сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём і курэнне, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення: 31 загінулы быў нецвярозым.

Праверка пракуратуры выявіла сур’ёзныя недапрацоўкі з боку органаў прафілактыкі. Парушэнні датычыліся фармальнага падыходу да ліквідацыі пагроз у жыллёвым фондзе і ігнаравання выпадкаў небяспечных умоў пражывання. Так, у адным з трагічных інцыдэнтаў у Круглянскім раёне загінулы ўтрымліваў дом у антысанітарным стане, але замест прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці атрымаў толькі папярэджанне.

Былі выяўлены і сістэмныя памылкі ў працы мясцовых уладаў. У шэрагу сельсаветаў не вяліся ці не актуалізаваліся спісы адзінока пражываючых пажылых людзей і асоб, схільных да злоўжывання спіртнымі напоямі. У выніку пракурорская праверка паказала, што доля домаўладанняў з прыкметамі небяспечнага пражывання ў некаторых раёнах можа дасягаць 70%, у той час як мясцовыя справаздачы фіксавалі толькі 16%.

У сувязі з выяўленымі парушэннямі пракуратура Магілёўскай вобласці накіравала прадстаўленне ў аблвыканкам з патрабаваннем ліквідаваць выяўленыя недахопы і забяспечыць рэальнае выкананне нормаў пажарнай бяспекі. Выкананне прадпісанняў знаходзіцца пад кантролем нагляднага органа.

Варта адзначыць, што па стане на 21 красавіка 2025 года, згодна з інфармацыяй, апублікаванай на афіцыйным сайце Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, у красавіку 2025 года ў Магілёўскай вобласці быў зафіксаваны прынамсі адзін выпадак гібелі чалавека на пажары.

Фотаздымак ілюстрацыйны з адкрытых крыніц

У Бабруйскім раёне загінуў пешаход – ён ішоў ледзь не па цэнтры дарогі

Увечары 20 красавіка на трасе Р43 у Бабруйскім раёне адбылося смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне, паведамляе УУС Магілёўскага аблвыканкама.

На 242-м кіламетры аўтадарогі мяжа РФ – Бабруйск – Івацэвічы 60-гадовы вадзіцель аўтамабіля Volkswagen здзейсніў наезд на 66-гадовага мужчыну, які знаходзіўся на праезнай частцы. Ад атрыманых траўм пешаход памёр на месцы.

Паводле інфармацыі праваахоўнікаў, пацярпелы не меў на вопратцы святлоадбівальных элементаў, што магло спрыяць трагедыі. Варта адзначыць, што гледзячы па фотаздымках з месца здарэння, удар прыйшоўся на левае крыло аўтамабіля, а гэта значыць, што пешаход мог рухацца ледзь не па цэнтры дарогі.

У Бабруйску і яго ваколіцах за апошнія гады адбываліся дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам пешаходаў, некаторыя з якіх завяршыліся трагічна.

Так, 14 снежня 2018 года на вуліцы Комбінатскай у Бабруйску жанчына-вадзіцель аўтамабіля Ford Galaxy збіла двух пешаходаў. Адзін з іх, 27-гадовы мужчына, загінуў на месцы, другі быў шпіталізаваны ў цяжкім стане. Пасля наезду аўтамабіль урэзаўся ў дом.

5 лістапада 2016 года каля вёскі Баяры вадзіцель Renault Megane здзейсніў наезд на жанчыну і двух яе дзяцей, якія пераходзілі дарогу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Маці загінула на месцы, дзеці былі шпіталізаваны з траўмамі.

Працверазеўшы, нічога не памятаў – п’яны бабруйчанін разграміў гандлёвую кропку

Пра тое, што ён натварыў, 37-гадовы жыхар Бабруйска даведаўся ўжо ад міліцыянтаў. Здорава напіўшыся, мужчына ўварваўся ў гандлёвы цэнтр і стаў крушыць прылавак гандлёвай кропкі, разбіваючы вітрыны нагамі. Супрацоўнікі цэнтра выклікалі ахову, якая і скруціла дэбашыра. Пазней, ужо працверазеўшы, мужчына так і не ўспомніў, што ён натварыў, пакуль яму не паказалі відэа з камер назірання – піша міліцэйскі Тэлеграм-канал.

Фота ілюстрацыйнае 

Цела жыхара Чэрыкаўскага раёна знайшлі на месцы гарэння сухой травы

Вечарам на Вялікдзень, каля 18:30 20 красавіка здарыўся пажар сухой расліннасці на прыдамавым участку ў вёсцы Вербеж Чэрыкаўскага раёна. Калі на месца ўзгарання прыбылі ратавальнікі, то выявілі цела мясцовага жыхара, пенсіянера 1955 года нараджэння. Дакладныя абставіны яго гібелі высвятляюцца – паведамляе прэс-служба МНС. 

Фота ілюстрацыйнае

Лопасць вятрака сарвала стыхіяй пад Магілёвам, загарэўся лес

Моцны вецер, які абрынуўся ўчора на Магілёўшчыну, прывёў да пашкоджанняў у шэрагу раёнаў. У Магілёўскім раёне парывам ветру адарвала лопасць ветрагенератара, якая ўпала на электрападстанцыю. У выніку кароткага замыкання ўспыхнула сухая трава на ўчастку каля падстанцыі – паведамілі ў Магілёўскім лесагаспадарчым аб’яднанні. 

Пажар распаўсюдзіўся на бліжэйшы лес. У выніку тушыць агонь ляснікам дапамагалі разлікі МНС.

Фота: Магілёўскае дзяржаўнае вытворчае лесагаспадарчае аб’яднанне

Прадаваў патроны – міліцыя зладзіла аблаву на паляўнічых на Магілёўшчыне

Пятнаццаць чалавек былі затрыманыя, адну краму абвінавацілі ў незаконным збыце зброі.

Міліцыя правяла рэйд па прадстаўніках Таварыства паляўнічых і рыбаловаў Магілёўскага рэгіёна – паведамляюць у ведамстве. Падставай стаў факт быццам бы незаконнага продажу адным з паляўнічых каля 60 патронаў свайму земляку, што не меў права на трыманне зброі. Банальны, здавалася б, браканьерскі выпадак магілёўская міліцыя ператварыла ў цэлую акцыю. Як расказаў у сваім каментарыі прадстаўнік ГУБАЗіК Уладзімір Горагляд, дазнаўшыся пра здзелку, аператыўнікі затрымалі каля 15 чалавек, а таксама зладзілі ператрус у неназванай краме паляўнічых тавараў. 

Вынік акцыі павінен уразіць непадрыхтаванага слухача маштабамі – “па месцах іх жыхарства знойдзена 30 адзінак агнястрэльнай і халоднай зброі, больш за 7 000 патронаў, 11 слоікаў з порахам, 3 тратылавыя шашкі.” Але што з гэтага ўтрымлівалася ў гаспадарках законна, а што не, і наогул, ці аднеслі “праваахоўнікі” да халоднай зброі кухонныя нажы – не гаворыцца. 

Яшчэ адна цытата ўказвае, відаць, на маніпулятыўнае ўспрыманне інфармацыі: “падчас праверкі магазіна паляўнічых тавараў канфіскавана амаль 400 незаконна захоўваемых, а таксама несертыфікаваных патронаў”. Незразумела, тавары захоўваліся сапраўды незаконна, ці ўзніклі пытанні з сертыфікацыяй? 

Можа здарыцца, што пад гучнае раскрыццё надуманай справы мгуць паляцець галовы выпадковых вінаватых.

Фота: УУС