Пад Асіповічамі ў лесе выратавалі жанчыну – у яе пачалася паніка і сутаргавы сіндром

Заблукаўшы ў лесе, жыхарка Бабруйска не справілася з эмоцыямі. Яе прыйшлося шпіталізаваць на “хуткай”.

Дзве бабруйчанкі, маці і дачка, адправіліся за грыбамі ў лясны масіў у Асіповіцкім раёне днём 10 жніўня. Неўзабаве дачка 1987 года нараджэння адарвалася ад маці і зразумела, што заблукала. Яна патэлефанавала маці, а тая выклікала ратавальнікаў, якія даволі хутка змаглі выявіць месцазнаходжанне жанчыны з дапамогай праграмы GPS extremum. 

Бабруйчанку, што заблукала ў лесе, знайшлі каля 18:00 у двух кіламетрах ад вёскі Бродзішча Асіповіцкага раёна. Жанчыну апанавала паніка, у яе пачаўся сутаргавы сіндром. Яна была шпіталізаваная на карэце “хуткай дапамогі” – паведамляе прэс-служба МНС.

Заблукала ў лесе

Фота: МНС

Лесавоз упаў з моста пад Княжыцамі

Позна вечарам 8 жніўня на мінскай трасе каля вёскі Княжыцы з моста ўпаў гружаны лесавоз. Фотаздымкі здарэння публікуюцца ў канале “ДПС [Магілёў] ДАІ”. Паводле каментарыяў відавочцаў, ніхто не пацярпеў. Кіроўца нават не падрапаўся – піша адзін з карыстальнікаў групы. “Чуў сам асабіста, як у яго лопнулі два колы” – дадае відавочца.

лесовоз упал

Фота з Тэлеграм-канала “ДПС [Магілёў] ДАІ”

У Асіповічах гарэў райвыканкам

Агнём ахапіла першы корпус Асіповіцкага райвыканкама. Фотаздымкі з пажару апублікаваў Тэлеграм-канал газеты “Асіповіцкі край”.

Як патлумачылі ў МНС, пажар ахапіў паддашак будынка. Ратавальнікі ўжо ліквідавалі яго. У выніку агнём пашкоджана кроквенная сістэма даху на плошчы каля 900 кв. метраў.

Пад Бабруйскам сутыкнуліся дзве легкавушкі, пяць чалавек шпіталізаваныя

Пра ДТЗ на трасе пад Бабруйскам паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. 7 жніўня на трасе Р-31 у Бабруйскім раёне сутыкнуліся два легкавыя аўтамабілі. У выніку аварыі пяць чалавек былі шпіталізаваныя. Афіцыйныя крыніцы МУС пакуль не каментавалі гэтае здарэнне, але пра падрабязнасці аварыі ўдалося даведацца карэспандэнтам бабруйскага “Камерцыйнага кур’ера”.

ДТЗ адбылося каля 17.00 недалёка ад вёскі Лысая Горка. Па папярэдніх дадзеных, кіроўца аўтамабіля «Нісан» пры здзяйсненні развароту не пераканаўся ў бяспецы манёўру: у машыну ўрэзаўся іншы транспартны сродак.

Фота ілюстрацыйнае

Пару грыбнікоў пад Бабруйскам шукалі да позняй ночы

У жанчыны быў уключаны тэлефон, але знайсці іх змаглі толькі калі сям’я грыбнікоў натыкнулася на квартальны слупок у лесе.

Пажылыя муж і жонка адправіліся па грыбы яшчэ днём 6 жніўня. Калі пад вечар яны так і не вярнуліся дадому, трывогу забіў іх дарослы сын. Каля 21:00 ён выклікаў супрацоўнікаў МНС. Пошукі працягваліся да глыбокай ночы. Нягледзячы на тое, што ў грыбнікоў былі з сабой уключаны тэлефон, і добра працавала мабільная сувязь, ратавальнікі на трох адзінках тэхнікі доўга не маглі вызначыць месцазнаходжанне пары. Сітуацыю выратавала тое, што грыбнікі выйшлі на квартальны слупок у лесе, пасля чаго знайсці іх у начным лесе стала справай тэхнікі.

грибники заблудились

Фота: МНС

У Бабуйску згарэў домік на дзіцячай пляцоўцы

Паводле папярэдняй версіі, прычына пажару – дзіцячыя гульні з агнём.

На дзіцячай пляцоўцы па завулку Тухачэўскага ў Бабруйску днём 4 жніўня здарыўся пажар. Як паведамляе прэс-служба МНС, відавочцы заўважылі, як успыхнуў лялечны домік на пляцоўцы, а незадоўга адтуль разбегліся дзеці. Верагодна, іх гульні з запалкамі прывялі да ўзгарання, і толькі дзівам малыя пазбеглі апёкаў, альбо больш трагічных наступстваў.

Фота: МНС

Сусед пабачыў, як палае дом – пад Быхавам згарэлі два пенсіянеры

Мужчыны 62 і 66 гадоў выпівалі ў прыватным доме ў вёсцы Баркалабава Быхаўскага раёна. Амаль у 4 гадзіны раніцы 22 ліпеня сусед пабачыў, што дом, у якім сабраліся сябры, палае адкрытым полымем. Ратавальнікі, што прыехалі на месца здарэння, знайшлі целы двух пенсіянераў. Як высветлілі ў Следчым камітэце, гаспадар дома 1958 года нараджэння і мужчына, які знаходзіўся ў яго ў гасцях, 1962 года нараджэння, выпівалі і курылі ў той вечар. Неасцярожнае абыходжанне з агнём і стала прычынай трагедыі – мяркуюць следчыя.

Фота: МНС

У магілёўскай псіхіятрычнай лякарні знайшоўся мужчына, які 25 гадоў лічыўся зніклым без вестак

Дзякуючы ДНК-тэсту, судовыя эксперты змаглі ідэнтыфікаваць чалавека, які трапіў у магілёўскую псіхіятрычную бальніцу яшчэ ў канцы 1990-х гадоў. Пра гэты выключны выпадак паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Больш за дваццаць гадоў таму ў псіхіятрычную бальніцу ў Магілёве паступіў малады мужчына без якіх-небудзь дакументаў, які назваў даволі сціслыя звесткі пра сябе – прозвішча, імя і год нараджэння, як пасля аказалася, не праўдзівымі. Іншыя звесткі, у тым ліку месцажыхарства, у сілу свайго псіхічнага здароўя, пацыент паведаміць не змог. Прынятыя спробы вышуку сваякоў поспеху не мелі.

У 2024 годзе ў пацыента адабралі ўзор букальнага эпітэлія і змясцілі яго генатып на ўлік даных ДНК Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Пры праверцы па базе высветлілася, што яго генетычныя характарыстыкі адпавядаюць генетычным характарыстыкам жыхара Віцебскай вобласці, 1945 года нараджэння. Гэта сведчыла аб тым, што пацыент бальніцы і выяўлены грамадзянін магчыма з’яўляюцца сваякамі першага парадку (біялагічны бацька і сын).

Пацвердзіць або выключыць сваяцтва мужчын магла б генетычная экспертыза, аднак жыхар Віцебскай вобласці памёр 9 гадоў таму, у той час як у яго засталіся дзеці, якія жывуць у Віцебскай вобласці. Стала вядома, што адзін з дзяцей у іх сям’і, які пакутаваў на псіхічнае захворванне, знік без вестак у 1998 годзе.

Для правядзення судовай генетычнай экспертызы былі адабраны біялагічныя ўзоры ў 40-гадовага сына памерлага мужчыны 1945 года нараджэння. Па выніках было ўстаноўлена, што пацыент псіхіятрычнага шпіталя і 40-гадовы жыхар Віцебскай вобласці з высокай ступенню верагоднасці з’яўляюцца біялагічнымі сваякамі па мужчынскай лініі, у тым ліку могуць з’яўляцца роднымі братамі.

Такім чынам, вынікі экспертызы дапамаглі не толькі ўстанавіць асобу пацыента бальніцы – ім аказаўся ўраджэнец Віцебскай вобласці, 1973 года нараджэння, але адыгралі вельмі важную ролю ў далейшым жыцці мужчыны. Праз 25 гадоў чалавек зноў здабыў сям’ю – сваякі забралі яго з лякарні дадому.

Фота: Судовыя экспертызы

Расійскі беспілотнік-камікадзэ лётаў над Бабруйскам, Быхавам і Магілёвам – абноўлена

Сёння раніцай каля 08:40 гадзін па беларускім часе ў небе над Беларуссю быў заўважаны расійскі беспілотнік-камікадзе тыпу “Шахед”. Ён зайшоў у паветраную прастору нашай краіны з боку Жытомірскай вобласці Украіны, накіраваўся ў бок Нароўлі, а потым рушыў на Бабруйск – паведамляе “Беларускі Гаюн”.

Маніторвнгавы канал адзначыў, што раніцай у небе над Гомельскай і Магілёўскай вобласцю Беларусі ляталі знішчальнік Су-30 ваенна-паветраных сілаў Беларусі і верталёт Мі-24 ВПС РБ, якія былі ўзняты з аэрадромаў «Баранавічы» і «Мачулішчы».

Раней ужо некалькі разоў з’яўляліся паведамленні пра тое, што атакуючы Украіну, расійскія беспілотнікі залятаюць у паветраную прастору Беларусі. У адным выпадку такі дрон праляцеў над Беларуссю каля 350 кіламетраў, дасягнуўшы Віцебска.

Абноўлена:

“Беларускі Гаюн” размясціў абноўленую інфармацыю пра пралёт дрона над Магілёўскім рэгіёнам. З графіка можна зрабіць выснову, што лятальны апарат пасля Бабруйска ўзяў кірунак на Быхаў, потым развярнуўся ў бок Беразіна і накіраваўся на Магілёў. Над абласным цэнтрам, як паведамляецца, баыла заўважана вынішчальная авіяцыя.

Фота ілюстрацыйнае

Армагедон на Магілёўшчыне – самы моцны ўдар стыхіі прыйшоўся на Асіповічы. Фота, відэа

Днём 14 ліпеня на Магілёўшчыну абрынуўся жорсткі ўдар стыхіі. Навальніца, якая прайшла па паўднёвых рэгіёнах нашай краіны, закранула таксама некаторыя ўчасткі Магілёўшчыны. Сярод раённых цэнтраў самы моцны ўдар стыхіі адчулі на сабе жыхары Асіповіч.

Так, сапраўдная паніка пачалася ў наведвальнікаў цырка, калі ад моцнага ветра тут пачало проста рваць сам шацёр. Відэа, знятае гледачамі прадстаўлення, а таксама іншыя наступствы стыхіі на вуліцах Асіповіч і на дарогах Магілёўскай вобласці – у нашай відэападборцы.

У Асіповічах стыхія ламала дрэвы ў парку і на вуліцах. Увесь вечар 14 ліпеня і сёння раніцай у горадзе камунальныя службы і іншыя арганізацыі займаліся разборам завалаў.

На некаторых трасах рэгіёна паваленыя дрэвы заблакавалі рух транспарта. Гэта назіралася на трасе Гомель-Магілёў, на дарозе пад Чавусамі – пісалі карыстальнікі Тэлеграм-канала “ДАІ Магілёў ДПС”. 

У Бабруйску пасля навальніцы заліло некалькі гарадскіх вуліц – піша “Камерцыйны кур’ер”.

Нажаль, у піянерскім лагеры пад Рэчыцай ахвярай навальніцы стаў 13-гадовы хлопчык.

АБНОЎЛЕНА:
Ахвярай стыхіі таксама стала 5-гадовая дзяўчынка ў Магілёўскім раёне – паведамляе Следчы камітэт.

Фота, відэа: “Асіповіцкі край”.