Дзень у гісторыі. 17 чэрвеня. Выратавальнік Еўропы Я. Сабескі. Статуя Свабоды. “Астравы Дулебы”. Акупацыя Латвіі і Эстоніі СССР.

Сусветны дзень барацьбы з апустыньваннем і засухай (World Day to Combat Desertification and Drought, з 1995 года). 

Устаноўлены Генеральнай Асамблеяй ААН у сувязі з гадавінай з дня прыняцця Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем (1994).

Чвэрць сушы на планеце знаходзіцца пад пагрозай апустыньвання. Гэта пагроза для крыніц сродкаў існавання звыш за 1 мільярд чалавек больш як у 100 краінах.

Апустыньванне – адзін з найболей трывожных сусветных працэсаў дэградацыі навакольнага асяроддзя. 

Пад засухай разумеюць працяглы і значны недахоп ападкаў, які адбываецца пры падвышанай тэмпературы і паніжанай вільготнасці паветра. Засуха прыводзіць да памяншэння запасаў вільгаці ў глебе, што, у сваю чаргу, прыводзіць да зніжэння ці гібелі ўраджаю. 

1696 год. Пайшоў з жыцця Ян Сабескі (1629-1696).

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1674-1696).

Скончыў Ягелонскі ўніверсітэт, падарожнічаў па краінах Заходняй Еўропы, ведаў італьянскую, лацінскую, нямецкую, татарскую і французскую мовы.

Удзельнічаў у пасольстве ў Асманскую імперыю, у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы, Швецыі, супраць казакоў Б. Хмяльніцкага. Праславіўся перамогай над туркамі і татарамі ў бітве пад Хоцімам (1673).

Правёў радыкальную рэформу ва ўзбраенні і арганізацыі войска.

У 1683 годзе, калі турэцкая армія аблажыла Вену, з 27-тысячным войскам падышоў да горада і ўзначаліў агульнае войска аўстрыйскага імператара і германскіх князёў (агулам 70 000), якое 12 верасня разграміла асманаў.  У выніку гэтага, Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец. Пры ім Рэч Паспалітая зведала свой апошні ўздым.

Увайшоў у гісторыю як выдатны палкаводзец, мецэнат, апякун навукі і мастацтва ў Рэчы Паспалітай.

1848 год. Памёр Максімільян Станіслаў Рыла (1802-1848).

Філосаф, археолаг, арыенталіст, каталіцкі місіянер на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы

Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію, вучыўся ў Віленскім, Грыгарыянскім (Рым) універсітэтах. Прафесар філасофіі. 3 1833 года святар.

Упершыню даследаваў руіны старажытнага Вавілона і ахвяраваў музею Ватыкана багатую калекцыю археалагічных знаходак. У 1837 абраны ў Папскую археалагічную акадэмію і Арыенталагічнае таварыства Францыі. 

Адкрыў у Бейруце Каталіцкую акадэмію, якая была пераўтворана ў Бейруцкі ўніверсітэт Святога Іосіфа. У 1841-1843 гадах на Мальце надрукаваў каментарыі да выдання заснавальніка ордэна езуітаў Ігнація Лаёлы «Духоўныя практыкаванні». 

Быў рэктарам Рымскага калегіума, апостальскім вікарыям Цэнтральнай Афрыкі ў Хартуме (Судан).

1882 год. Нарадзіўся Павел Вент (1882-1971).

Беларускі, чэхаславацкі вайсковы дзеяч

Скончыў Маскоўскі 3-ці кадэцкі корпус, Міхайлаўскае артвучылішча, ваенныя электратэхнічную, аўтамабільную школы, Акадэмію Генеральнага штаба.

Прайшоў шлях ад унтэр-афіцэра да капітана рускай арміі.

З’яўляўся начальнікам штаба арміі БНР, фарміраваў дывізію БНР у Адэсе (1918), генерал-маёр беларускага войска.

У Адэсе перайшоў на бок камуністаў і стаў фарміраваць 1-ю беларускую брыгаду, але ў маі 1919 года пад час антыбальшывіцкага паўстання Н. Грыгор’ева, далучыўся з брыгадай да паўстанцаў.

Пасля Адэсы быў саветнікам місіі БНР у Парыжы, Эстоніі, Латвіі, саветнікам Генеральнага штаба літоўскай арміі, удзельнічаў у распрацоўцы аператыўных планаў для беларускіх часцей.

З ліпеня 1921 года паступіў на службу ў армію Чэхаславакіі. Падпалкоўнік Генштаба.

З 1942 года сябра Беларускага камітэта самапомачы ў Празе.

Памер у 1971 годзе, пахаваны на Вышаградскіх могілках.

1882 год. Нарадзіўся Ігар Стравінскі (1882-1971).

Рускі кампазітар беларускага паходжання, дырыжор і піяніст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сусветнай музычнай культуры XX стагоддзя. Грамадзянін Францыі, ЗША.

Паходзіць з беларускай шляхты Стравінскіх герба «Суліма».

Аўтар шматлікіх музычных твораў: скерца, санаты,  балетаў («Жар-птушка», «Пятрушка», «Вясна святая»), опер, песень. Актыўна гастраляваў па Еўропе, Амерыцы.

Памёр 6 красавіка 1971 года, пахаваны на могілках Сан-Мікеле ў Венецыі.

1885 год. У Нью-Ёрк прыбыў дар французскага народа Злучаным Штатам Амерыкі – статуя Свабоды.

Гэта падарунак да 100-й гадавіны амерыканскай рэвалюцыі. Праўда, прыбыў са спазненнем на 10 гадоў.

Для перавозкі на борце французскага парахода “Ізеры”, статую разабралі на 350 частак і запакавалі ў 214 скрыняў. Яе правая рука з паходняй, што была скончана раней, ужо экспанаваліся на Сусветнай выставе ў Філадэльфіі ў 1876, а затым у Мэдысан-скверы ў Нью-Ёрку.

Статую сабралі на яе новым фундаменце за 4 месяцы. Урачыстае адкрыццё статуі з выступленнем прэзідэнта ЗША Гровера Кліўленда адбылося 28 кастрычніка 1886 года.

1907 год. На з’ездзе ў Вільні створана Краёвая партыя Літвы і Беларусі.

Палітычная партыя ліберальна-кансерватыўнага кірунку, якая сумяшчала ў сваёй праграме «краёвыя» (аўтанамісцкія) і ліберальна-кансерватыўныя лозунгі.

З прапановай стварэння партыі ўпершыню выступіў адзін з ідэолагаў «краёвасці» Раман Скірмунт (1868-1939). Партыя патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабод і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і палітычнае роўнасці нацыянальнасцяў, краёвага самакіравання.

Лозунгам партыі абвяшчаліся словы «Справядлівасць для ўсіх». Заяўлялася, што партыйны клопат пра разьвіццё «краю» не будзе супярэчыць культурна-нацыянальнай працы асобных народаў. Раман Скірмунт выступіў таксама за ўтварэнне ў Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі асобнай фракцыі дэпутатаў ад «Літвы і Русі».

Э. Вайніловіч, 1910.

1938 год. Расстраляны ўраджэнец в. Бацэвічы сённяшняга Клічаўскага раёна Аркадзь Смоліч (1891-1937).

Беларускі навуковец, палітычны і грамадскі дзеяч.

Адзін з заснавальнікаў БНР. Вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, геаграфіі. Першы беларускі прафесар геаграфіі, член Прэзідыума Беларускай акадэміі навук. Суарганізатар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, тэарэтык беларускай сацыял-дэмакратыі.

Старшыня Таварыства беларускай школы, Цэнтральнага Бюро краязнаўства, загадчык планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства БССР, намеснік старшыні Інбелкульта.

Пачынальнік беларускай геаграфічнай навукі, аўтар першага акадэмічнага падручніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 2-е выд. 1922; 3-е выд. 1923).

Рэпрэсаваны ў 1930 годзе. Расстраляны ў Омскай турме.

1940 год. Савецкія войскі акупавалі Латвію і Эстонію. Дзень савецкай акупацыі.

У ноч на 15 чэрвеня 1940 года савецкія памежныя войскі атакавалі латвійскіх памежнікаў, 17 чэрвеня савецкія войскі ўвайшлі ў Латвію і Эстонію, на талінскім рэйдзе ўсталі караблі Балтыйскага флота. Быў высаджаны марскі дэсант і фактычная ўлада ў краінах перайшла да амбасадаў СССР пад кантролем якіх былі сфарміраваны новыя органы ўлады і забяспечана далучэнне Латвіі і Эстоніі да СССР.

СССР акупавалі дзве незалежныя краіны на падставе нібыта таго, што ўрады Эстоніі і Латвіі быццам бы парушылі пакт аб ненападзе 1932 года і пакт аб узаемнай дапамозе 1939 года, уключыўшы ў эстонска-латвійскі ваенны саюз Літву.

Савецкімі ваеннымі ўладамі былі забаронены народныя сходы, у насельніцтва на працягу 24 гадзін была канфіскавана зброя.

Уваход савецкіх акупацыйных войск у Рыгу.

1954 год. Памёр ураджэнец Бабруйска Барыс Мікуліч (1912-1954).

Беларускі пісьменнік, празаік, крытык.

Член бабруйскага філіяла «Маладняка», працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст». У Мінску працаваў у Дзяржвыдавецтве, у газеце «Літаратура і мастацтва», у Інстытуце журналістыкі.

Да 1936 года выдаў 7 мастацкіх кніг, шэраг апавяданняў, аповесцей, рэцэнзій, аглядаў тэатральнага рэпертуару.

Зведаў нападкі на свае творы. Арыштаваны ў лістападзе 1936 года,  асуджаны  за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў сібірскіх лагераў.

Пасля вызвалення ў 1946 годзе пераехаў у Ашгабад да сястры, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. Тут ён напісаў 1-ю частку рамана «Адвечнае» з задуманай эпапеі пра вайну 1812 года, пісаў пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, аднак апальнага пісьменніка ніхто не друкаваў.

З 1947 года без дазволу ўлад вярнуўся ў Беларусь, жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. Працаваў у бабруйскай бібліятэцы.

Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949 года, высланы ў Сібір на вечнае пасяленне.

Памёр у с. Машукоўка Краснаярскага края.

Аповесць «Развітанне» прысвечаная М. Багдановічу апублікаваная ў 1959 годзе. Напісаў успаміны пра беларускіх пісьменнікаў, літаратурнае і тэатральнае жыццё Беларусі ў 1920-1950-я, пра сваё жыццё ў лагерах і турмах.

1998 год. У межах Клічаўскага і Бялыніцкага раёнаў створаны рэспубліканскі гідралагічны заказнік “Астравы Дулебы”.

Месціцца на былым ваенным палігоне, плошча ў 26 600 гектар. Мае статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння.

Назва заказніка нагадвае пра старажытных дулебаў-славян, якія жылі ў VI-X стагоддзях. Ян Длугаш паведамляў легендарную версію паходжання назвы племя ад імя князя Дулеба, чыё племя стала звацца дулебамі. Былі і іншыя  князі, а менавіта Радзім і Вятка, адзін з якіх, Радзім, застаўся на Сожы, другі, Вятка, – асеў на Ацэ, даўшы свае імёны землям і народам: ад Радзіма – радзімічы, ад Вяткі – вяцічы. Славяне, якія аселі па Бугу, назваліся дулебамі, пасля яны сталі звацца валынянамі, лучанамі.

Заказнік уяўляе сабой адзін з нямногіх лесабалотных масіваў на ўсходзе краіны, на водападзеле Друці і Ольсы. Ядро заказніка складаюць балоты Дулебскае і Вялікае, адкуль бярэ пачатак цэлы каскад рэк, месцяцца рэшткавыя азёры.

Лясы займаюць амаль 85% тэрыторыі, пераважаюць хвойнікі. Балоты займаюць 16% тэрыторыі. У заказніку прадстаўлены ўсе асноўныя тыпы балот тайгі. У флоры 705 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, з якіх 15 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу. Фауна наземных пазваночных жывёл налічвае 192 віды.

2011 год. У Магілёве адчынена мемарыяльная дошка ў гонар Канстанціна Бахановіча (1931-2007).

З’явілася на адміністрацыйным будынку Магілёўскай абласной бальніцы ў памяць аб беларускім ўрачы-гігіенісце, арганізатары сістэмы аховы здароўя, заслужанага ўрача Беларусі, заснавальніку і першым галоўным урачы абласной бальніцы (на працягу 27 гадоў).

Пры яго ўдзеле была ўведзены ў эксплуатацыю бальніца на 1100 ложкаў з 20-цю спецыялізаванымі аддзяленнямі, паліклінікай на 500 наведванняў за змену і арганізацыйна-метадычны цэнтр.

Аўтар дошкі – скульптар А. Вараб’ёў.

Дзень у гісторыі. 12 чэрвеня. Арышт А. Аскеркі. Панамскі канал і А. Галынскі. Знішчана гета ў Друі. Катастрофа Су-25. Нарадзіўся Л. Родзевіч.

Сусветны дзень барацьбы супраць дзіцячай працы  (World Day Against Child Labour, з 1997 года).

Устаноўлены Міжнароднай арганізацыяй працы.

Тэма дня-2023 – “Сацыяльная справядлівасць для ўсіх. Скончым з дзіцячай працай!”.

Паводле звестак ААН, колькасць дзяцей, якія працуюць у свеце, ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, складае 160 мільёнаў, прычым больш за 100 мільёнаў з’яўляюцца ахвярамі сучаснага рабства, а 80 мільёнаў з іх заняты небяспечнай працай. Многія з іх практычна не маюць часу, каб хадзіць у школу, а ўжо тым больш – гуляць, часта яны не атрымліваюць належнага харчавання і догляду.

Досвед барацьбы з дзіцячай працай на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў паказаў, што дзіцячую працу можна выкараніць, калі ўхіліць першапрычыны.

1863 год. Рускімі карнікамі схоплены Аляксандр Аскерка (1830-1911).

Адзін з лідараў паўстання 1863-1864 гадоў, беларускі грамадскі дзеяч.

Паручнік (1853-1857) грэнадзёрскага імя караля Фрыдрыха Вільгельма палка.

У 1862 зладзіў у Варшаве выданне беларускага буквара-катэхізу для дзетак-каталікоў.

Вылучаўся ліберальнымі поглядамі, быў прызначаны мінскім губернатарам у камітэт па падрыхтоўцы сялянскай рэформы, працаваў у рэдакцыйных камісіях па рэформе ў Санкт-Пецярбургу, Вільні, у Віленскай археалагічнай камісіі.

Падчас паўстання быў начальнікам Вільні, памочнікам К. Каліноўскага. Быў прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 15 гадоў сібірскай катаргі.

Пасля катаргі пасяліўся ў Екацярынаславе (сучасны Днепр), дзе з  1872 года рэдагаваў варшаўскі часопіс «Ateneum».

У 1882-1885 гадах пабудаваў драўляную вілу «Падгор’е», частку пакояў якой здаваў пад санаторый. У гэтым доме пабыло нямала знакамітых людзей, у іх ліку паэт А. Адынец, ветэраны паўстання.  

Апошнія гады жыцця правёў у маёнтку Відзы Лаўчынскія каля Браслава. 

Магіла А. Аскеркі на Росах, Вільня.

1895 год. Нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895-1938).

Беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Рэдактар беларускіх газет «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Чырвоны сцяг», часопіса «Бальшавік», дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі.

Аўтар шматлікіх п’ес, зборнікаў вершаў: «Беларусь», «На паняволеных гонях» і інш. Многія творы, асабліва «Збянтэжаны Саўка», ставяцца сучаснымі тэатральнымі калектывамі Беларусі. Арыштоўваўся ДПУ ў 1933 і 1938 гадах. 

Загінуў у саратаўскай ссылцы ў 1938 годзе.

П. Бадунова, Л. Родзевіч, Я. Лагіновіч, 1923.

1897 год. Карл Элзенэр запатэнтаваў швейцарскі вайсковы нож.

У 1891 годзе ўладальнік кампаніі па вытворчасці хірургічнага абсталявання Элзенер выявіў, што кішэнныя нажы для швейцарскага войска робяцца ў Нямеччыне. Ён вырашыў забяспечыць армію нажамі швейцарскага выраба і заснаваў Асацыяцыю Швейцарскіх нажоўшчыкаў.

Асноўнай ідэяй “салдацкага нажа” было сумясціць кішэнны складаны нож і адкрутку для разборкі новай швейцарскай вінтоўкі Schmidt-Rubin. Свае нажы Элзенер пастаянна ўдасканальваў і дамогся стварыць нож з двума клінкамі, штопарам, адкруткамі.

1920 год. Афіцыйнае адкрыццё Панамскага канала.

Канал лучыць Атлантычны і Ціхі акіяны. Праз яго праходзяць найважнейшыя марскія шляхі, у тым ліку ад Нью-Ёрку да Сан-Францыска (14 500 км).

Даўжыня канала – 81,6 км, з іх 16,4 км прыходзяцца на Панамскую затоку і Затоку Калумба.

Першапачатковая задума будаўніцтва канала адносіцца да ХVІ стагоддзя, але кароль Іспаніі Філіп II наклаў забарону на разгляд падобных праектаў, бо «што Бог злучыў, чалавек раз’яднаць ня можа». У 1790-я першы праект канала ў Мезаамерыцы быў распрацаваны А. Маласіна.

У 1853 годзе была апублікавана праца з аналізам будаўніцтва канала з указаннем на Панаму Аляксандра (Яна-Іаахіма) Галынскага (1816-1893), удзельніка паўстання 1830-1831 гадоў, падарожніка, саўладальніка маёнтка Крычаў. Ягоны праект паспрыяў планам будаўніцтва (1904-1920) суднаходнага шляху на Панамскім перашыйку.

1934 год. У Менску адкрыты стадыён «Дынама».

Галоўная арэна футбольнай зборнай Беларусі.

Месціцца на вуліцы Кірава. Умяшчальнасць 22 000 чалавек.

Стадыён рэканструяваўся ў 1939 годзе, разбураны падчас Другой сусветнай вайны, адноўлены ў 1954 годзе.

На стадыёне праходзілі футбольныя матчы падчас летніх Алімпійскіх гульняў 1980 года.

1942 год. Нацыстамі знішчана гета ў Друі.

Забіта 1318 габрэяў, згарэла і знакамітая Друйская сінагога.

Падчас расстрэлаў вязні аказалі супраціўленне і падпалілі гета ў розных месцах.

На месцы расстрэлу ў 2001 годзе пастаўлены помнік на сродкі выхадцаў з Друі. 

1947 год. Нарадзіўся Мікалай Мяцельскі.

Беларускі матэматык, доктар фізыка-матэматычных навук, прафесар

Скончыў БДУ. З 1970 працуе ў Інстытуце матэматыкі НАН Беларусі.

Навуковыя працы – па камбінаторнай геаметрыі, дыскрэтнай аптымізацыі. Распрацаваў новыя мэтады даследавання і рашэння задач камбінаторна-геаметрычнае аптымізацыі, тэарэтычныя асновы частковай выкупнасці ў канечнамернай прасторы.

Інстытут матэматыкі НАНБ.

1997 год. У Парыжы памёр Булат Акуджава (1924-1997).

Савецкі і расійскі бард, паэт, празаік, кампазітар балад, лірычных і сатырычных песень, драматург, сцэнарыст.

Аўтар зборнікаў паэзіі «Сакавік велікадушны», «Арбат, мой Арбат», «Прысвячаецца вам», «Міласці лёсу».

Пісаў таксама аповесці і раманы гістарычнай тэматыкі.

Шэраг яго вершаў на беларускую мову пераклалі Р. Барадулін і Л. Баршчэўскі.

1998 год. У ЗША памёр Антон Адамовіч (1909-1998).

Беларускі літаратуразнавец, гісторык, празаік, дзеяч беларускай эміграцыі.

Аўтар манаграфічнага даследавання пра творчасць М. Гарэцкага, прац пра І. Луцкевіча, “Якуб Колас у супраціве саветызацыі”, “Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры” і інш. Двойчы арыштоўваўся НКУС (1930, 1931).

На эміграцыі з 1943 года. Адзін з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода».

2012 год. Катастрофа Су-25 пад Навагрудкам.

Загінуў падпалкоўнік Мікалай Грыднеў, лётчык 116-й штурмавой авіябазы (Ліда).

Пасля выканання задання у 15.35 на вышыні 200 метраў самалёт пачаў губляць кіраванне. Кіраўніком палёту была дадзена каманда лётчыку на катапультаванне,, але пілот загінуў, адводзячы самалёт ад вёскі Навіны Навагрудскага раёна.

2021 год. Памёр Ігар Жалязоўскі (1963-2021).

Выбітны беларускі канькабежац, заслужаны майстар спорту СССР, Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Беларусі.

5 разоў прызнаваўся лепшым спартоўцам году Беларусі (1985, 1986, 1989, 1991, 1993). Адзін з наймацнейшых у свеце канькабежцаў-спрынтэраў ў 1980-1990-х гадах.

Прэзідэнт Беларускага саюзу канькабежцаў, член НАК Беларусі, прэзідэнт Параалімпійскага камітэту Беларусі.

 

Дзень у гісторыі. 20 мая. Магдэбургскае права Магілёву. Першыя атлас, джынсы. Радыё Свабода. Нарадзіліся паэт Я. Пушча, спявачка Н. Падольская.

Сусветны дзень метралогіі (World Metrology Day). 

Устаноўлены ў гонар падпісання 20 мая 1875 года ў Парыжы на міжнароднай дыпламатычнай канферэнцыі знакамітай “Метрычнай Канвенцыі”.

Метралогія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і азначае “навука аб вымярэннях”.

Няма ніводнай галіны практычнай дзейнасці чалавека, дзе можна было б абысціся без колькасных адзнак, якія атрымліваюцца ў выніку вымярэнняў.

Чалавек з’яўляецца на святло, яшчэ не мае імя, але нам становяцца вядомыя яго рост, вага, тэмпература – ужо ў першыя хвіліны жыцця яму даводзіцца сутыкацца з лінейкай, вагамі, тэрмометрам. 

Штораніцы, выходзячы з дамоў, мы ацэньваем тэмпературу паветра на вуліцы і апранаем пры неабходнасці капялюш ці вушанку, паліто ці футра. Увесь свой дзень мы распісваем па гадзінах і спрабуем выканаць гэты план, перыядычна пазіраючы на гадзіннік. Стоячы перад лужынай і вырашаючы – скокнуць праз яе ці абыйсці, мы сувымяраем даўжыню лужыны і свае магчымасці. Гэта і ёсць вымярэнне – знаходжанне суадносін паміж вымяранай велічынёй (даўжынёй лужыны) і “адзінкай” гэтай велічыні (магчымай даўжынёй скачку).

Аб’ектамі метралогіі з’яўляюцца адзінкі велічынь, сродкі вымярэнняў, эталоны, методыкі выканання вымярэнняў. 

Сусветны дзень пчол (World Bee Day)

Пчолы і іншыя апыляльнікі – матылі, кажаны і калібры – дазваляюць узнаўляць многія расліны, у тым ліку многія харчовыя культуры.

Сёння апыляльнікі могуць унесці дадатковы ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі, паколькі яны не толькі дапамагаюць раслінаводству, але і стаяць на варце ўзнікнення экалагічных рызык, сігналізуючы аб праблемах са здароўем мясцовых экасістэм. Апыляльнікі таксама з’яўляюцца асноўнымі захавальнікамі біяразнастайнасці, яшчэ адным асноватворным фактарам у галіне ўстойлівага развіцця.

Свята цудоўнай з’явы на небе Крыжа Гасподняга ў Ерусаліме.

Пасля смерці першага хрысціянскага імператара Канстанціна Вялікага імператарскі пасад заняў яго сын Канстанцый, які ўхіліўся ў ерась Арыя, які адмаўляў адзінаснасць Сына Божага з Айцом. 

У зацвярджэнне святога Праваслаўя Гасподзь явіў у Ерусалім дзівосны знак. У дні Святой Пяцідзесятніцы, 20 мая 351 года, а 3 гадзіне раніцы на небе з’явілася выява роўнаканцовага Крыжа Гасподняга, якая ззяла невымоўным святлом, што пераўзыходзіла святло сонца. 

Сведкам быў увесь народ, уражаны вялікім жахам і здзіўленнем. З’ява азнакі Крыжа пачалася над святой Галгофскай гарой, на якой быў укрыжаваны Гасподзь, і дасягала гары Аліўнай, якая ад Галгофы за 15 стадый. 

Знак пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі і прыцягнуў да сябе позіркі ўсіх людзей. Многія людзі, пакінуўшы свае справы, выходзілі з дамоў і са страхам сузіралі цудоўную з’яву. Потым шматлікія натоўпы жыхароў Ерусаліма з трапятаннем і радасцю паспяшаліся да святога храма Уваскрэсення.

Свята Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Штогод 20 мая ў аграгарадку Жыровічы Слонімскага раёна адзначаецца свята Жыровіцкай Іконы Божай Маці. У гэтым годзе яно прысвечана 553-м угодкам з’ўлення цудоўнага абраза Маці Божай.

Па традыцыі, выносяць ікону з Успенскага сабора і праносяць па тэрыторыі Жыровіцкага манастыра да Богаяўленскай царквы.

1299 год. Памёр Даўмонт (?-1299).

Князь у Нальшанскай зямлі, служылы князь пскоўскі (1266-1299). Кананізаваны праваслаўнай царквой.

Памёр у Пскове падчас эпідэміі, пахаваны ў Траецкім саборы, над магілай быў павешаны яго меч. Перад Пскоўскім Крамлём знаходзіцца Даўмонтава гарадзішча.

Князь абараняў Пскоў, апекаваў манастырам і храмам Пскоўскай зямлі, заснаваў пскоўскі Снетагорскі манастыр.

Бацька Давыда, гарадзенскага старосты і ваяводы князя Гедзіміна.

1506 год. Памёр Хрыстафор Калумб (1451-1506).

Італьянскі мараплавец родам з Генуі на службе Іспанскай кароны, першаадкрывальнік Амерыкі.

Калумб першым з дакладна вядомых падарожнікаў перасек Атлантычны акіян у субтрапічнай і трапічнай паласе паўночнага паўшар’я і першым з еўрапейцаў хадзіў у Карыбскім моры. Ён адкрыў і паклаў пачатак даследаванню Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі.

Мастак Д. Вандэрлін. Высадка Калумба ў Амерыцы.

1561 год. Кароль і Вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Аўгуст дараваў Магілёву малое Магдэбургскае права.

Поўнае магдэбургскае права і першы герб нададзены Магілёву каралём і вялікім князям ВКЛ Стэфанам Баторыем 28 студзеня 1577 года. На гэты час у горадзе быў 1261 жылы дом.

Першы герб Магілёва.

1570 год. У Антверпене надрукаваны першы ў свеце геаграфічны атлас.

Атлас Артэлія, які складаецца з 53-х карт вялікага фармату з тлумачальнымі тэкстамі выйшаў у выдавецтве Крыстафа Плантэна.

1755 год. Прывілеем караля Аўгуста III на магілёўскую праваслаўную кафедру зацверджаны Георгі Каніскі (1717-1795).

Царкоўны і грамадскі дзеяч Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, пісьменнік.

У 1993 годзе прылічаны да ліку мясцовашанаваных святых Беларускай праваслаўнай царквы.

У 1757 годзе адкрыў у Магілёве пры архірэйскім доме друкарню і перавыдаў скарочаны тэкст «Катэхізіса» Ф. Пракаповіча ў сваім перакладзе на «рускі дыялект», стварыў пры Спаскім манастыры школьныя класы і заснаваў духоўную семінарыю. Сабраў шмат дакументаў па гісторыі праваслаўнай царквы.

У 1793 годзе абраны ў Сінод. Яго намаганнямі арганізавана праваслаўная Мінская епархія.

Аўтар «Мемарыяла аб крыўдах праваслаўным», «Правоў і вольнасці жыхароў грэчаскага веравызнання», «Збору павучальных слоў», «Запісак аб тым, што ў Расіі да канца 16 ст. не было ніякай уніі з Рымскай царквой», духоўнага дзённіка «Думкі», адказу на «Пісьмо Вальтэра да настаўнікаў царквы і багасловаў», драм і іншых.

Адлюстраваны на помніку 1000-годдзя хрышчэння Русі у Ноўгарадзе, у яго гонар устаноўлены мемарыяльная шыльда (1992) на архіепіскапскім доме, помнік (2022), перайменаваны ў Вал Каніскага былы Вал Чырвонай Зоркі.

1873 год. “Levi Strauss & Co” атрымала ліцэнзію на вытворчасць штаноў з заклёпваннямі на кішэнях. Дзень нараджэння джынсаў.

Першая пара джынсавых штаноў была выпушчана ў Амерыцы Леві Страўсам у 1850 годзе і прададзена за 1,46 даляр.

Гэта былі трывалыя штаны з парусіны, са швамі, узмоцненымі падвойным радком, з мноствам кішэняў. Штаны карысталіся папулярнасцю ў каліфарнійскіх золаташукальнікаў. Першая прамысловая партыя разышлася імгненна, і праз некаторы час Страус арганізаваў у Сан-Францыска фірму “Levi Strauss & Co” па пашыве працоўнай вопраткі.

Рабочы люд хутка ацаніў трываласць і практычнасць новых штаноў. Неўзабаве пасля запуску вытворчасці кампанія перайшла ад шэрай тканіны на прывабны і трывалы сіні матэрыял, названы “дэнім”, гэта значыць “з Німа”, французскага горада. 

Сіняя фарба “індыга” для штаноў “Levi’s” рыхтавалася на аснове натуральных інгрыдыентаў і каштавала вельмі дорага.

Брэнд “Levi’s” быў па-за канкурэнцыяй да сярэдзіны ХХ стагоддзя, калі з’явіліся Lee, Wrangler і Cooper.

Зараз рынак джынсаў асвоілі Calvin Klein, Diesel, Gap, Guess, Mustang, Polo, Tommy Hilfinger, Zara і шматлікія іншыя. Джынсы сталі модным адзеннем для прадстаўнікоў усіх узростаў і саслоўяў.

1902 год. Нарадзіўся Язэп Пушча (Іосіф Плашчынскі, 1902-1964).

Беларускі паэт, настаўнік, адзін з заснавальнікаў літаб’яднанняў «Маладняк», «Узвышша».

Працаваў у Інбелкульце, Белдзяржвыдавецтве.

Аўтар паэтычных кніг, зборнікаў вершаў, паэм, перакладаў Ф.  Дастаеўскага, А. Талстога. Асобныя творы Пушчы пакладзены на музыку.

Рэпрэсаваны ДПУ ў 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.

Вярнуўся ў Беларусь у 1958 годзе, жыў у Мінску.

Памёр 14 верасня 1964 года.

Язэп Пушча (першы злева ў 1-м шэрагу) сярод чальцоў літаратурнага згуртавання «Узвышша». Мінск, 1928.

1914 год. У Бабруйску нарадзіўся Майсей Плоткін.

Савецкі эканом–географ, падарожнік, даследчык Поўначы, прафесар.

У 1949-1950 гадах загадчык кафедры эканамічнай геаграфіі Магілёўскага педінстытута. Прафесар Казахскага, Маскоўскага ўніверсітэтаў.

Аўтар падручнікаў для студэнтаў-географаў, эканамістаў.

1918 год. Памёр Карусь Каганец (Кастравіцкі, 1868-1918).

Беларускі пісьменнік, перакладчык, мастак, графік, скульптар, мовазнавец, палітык, родзіч вядомага францускага паэта Гіёма Апалінэра (Кастравіцкага).

Удзельнік рэвалюцыйнага руху.

Удзельнічаў у стварэнні Беларускай Сацыялістычнай Грамады, распрацоўцы яе праграмы. Падрыхтаваў праект газеты «Палессе» (1904).

Аўтар апрацовак народных паданняў, казак, легенд, паданняў, навукова-папулярных нарысаў для дзяцей, драм, камедыі «Модны шляхцюк», які карыстаўся вялікай папулярнасцю і быў адным з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпертуару (ставіўся ў 1910 трупай І. Буйніцкага), малюнкаў, палітычнай карыкатуры, вырабаў з гліны, дрэва і косці. Афарміцель вокладкі кнігі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа (1909).

Супрацоўнічаў з газетай «Наша ніва». Апрацаваў кірылічны варыянт першага беларускага падручніка новага часу «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (1906), распрацаваў праект адмысловага беларускага алфавіта.

Яго імя носіць вуліца ў Мінску.

1923 год. Нарадзіўся Васіль Ракашэвіч (1923-1984).

Удзельнік антысавецкага падполля.

Працаваў у саўгасе «Ганчароўскі», пражываў у в. Смалянікі Ляхавіцкага раёну. Сябра КПСС.

Арыштаваны 20 лютага 1964 года. Быў затрыманы з рацыяй на могілках каля вёскі Мядзведзічы.

Паводле следчай справы: «У 1960 уступіў у створаную Грыгор’евым Беларускую рэвалюцыйную партыю, чытаў яе статут і падпісаў прысягу. Спрабаваў абрабаваць сельскую краму дзеля здабыцьця грошай для партыі. Незаконна захоўваў вінтоўку».

Асуджаны за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» на 4 гады лягероў і 2 гады высылкі.

Адбываў тэрмін у Дубраўлаге.

Пасля вяртання з лагераў жыў у в. Хацяж Ляхавіцкага раёна.

1942 год. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР заснаваны Ордэн Айчыннай вайны.

Меў I і II ступені. Першая ўзнагарода, якая з’явілася ў гады Вялікай Айчыннай вайны,  першы савецкі ордэн са ступенямі.

Ордэнам ўзнагароджваліся асобы радавога і кіруючага састава Чырвонай Арміі, Ваенна-Марскога Флота, войскаў НКУС і партызанскіх атрадаў, якія выявілі ў баях за Савецкую Радзіму адвагу, устойлівасць і мужнасць, а таксама ваеннаслужачыя, якія сваімі дзеяннямі спрыялі поспеху баявых аперацый савецкіх войскаў.

Ордэнам узнагароджваліся і гарады СССР. Сярод іх беларускія гарады Магілёў  (1980), Орша (1984), Барысаў (1985).

1954 год. Пачала вяшчанне беларуская секцыя Радыё “Вызваленне” (беларуская служба Радыё Свабода).

Радыё «Свабода» заснавана ў Мюнхене ў 1952 годзе ва ўмовах «халоднай вайны» пад назвай Радыё «Вызваленне».

У склад першай беларускай рэдакцыі ўвайшлі: В. Жук-Грышкевіч (кіраўнік), П. Сыч (намеснік), Я. Ліманоўскі, С. Кабыш (Кандыбовіч), Л. Карась. Напачатку гэта былі 15‑хвілінныя перадачы 24 разы на суткі, потым па 20 хвілін 18 разоў на суткі.

Беларуская рэдакцыя гаварыла аб мінуўшчыне беларускага народу, аб яго палітычным, сацыяльным і нацыянальным жыцці ў межах СССР, пра рэпрэсіі, пра падзеі і здарэнні, якія замоўчваліся ў савецкіх СМІ, пра праваабарончы рух, дысідэнтаў, чыталіся творы, што былі забаронены ў СССР.

Пасля распаду СССР і спынення «халоднай вайны» беларуская рэдакцыя Радыё «Свабода» вяшчае ў новых умовах. У 1995 штаб-кватэра перанесена з Мюнхена ў Прагу. Былі створаны карэспандэнцкія пункты ў Беларусі.

Са жніўня 2020 года па загаду Міністэрства інфармацыі доступ на сайт Радыё «Свабода» ў краіне абмежаваны за асвятленне рэсурсам пратэстаў у Беларусі.

23 снежня 2021 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала Беларускую службу Радыё «Свабода» “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

1962 год. У Ваўкавыску нарадзіўся Аляксандар Дзядзюшка (1962-2007).

Беларускі  і расійскі акцёр.

Працаваў у тэатрах Мінска, Уладзіміра,

Здымаўся ў кіно: «ДМБ», «Дырэкторыя смерці», серыялы «Аператыўны псеўданім», «Сармат».

Загінуў 3 лістапада 2007 года ў аўтакатастрофе разам з сям’ёй (жонкай і сынам).

Пахаваны на Траекураўскіх могілках у Маскве разам з жонкай і сынам.

1969 год. У Гродна нарадзіўся Валеры Дзідзюля.

Беларускі гітарыст і кампазітар, сольны выканаўца. Выконвае фолк-музыку і музыку ў жанры фламенка. Лідар гурту «ДиДюЛя».

Іграе на гітары з 5 гадоў. Удзельнік ВІА «Алые Зори», «Белыя Росы», пабываў з гастролямі ў многіх краінах.

З’яўляецца прадзюсарам класічнага гітарыста Дз. Асімовіча, які страціў зрок у раннім узросце.

1982 год. У Магілёве нарадзілася Наталля Падольская.

Беларуская і расійская поп-спявачка, удзельніца “Фабрыкі зорак-5”, прадстаўніца Расіі на “Еўрабачанні-2005”. Жонка Ул. Праснякова-малодшага.

У дзяцінстве ўдзельнічала ў тэатры-студыі «Вясёлка», “Студыі W” Магілёўскага ліцэя музыкі і харэаграфіі, выйграла гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў «Зорная ростань», міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» (Магілёў) і «Goldenfest» (Польшча). Фіналістка нацыянальнага фестываля “На скрыжаваннях Еўропы”.

Прымае ўдзел у розных музычных праектах, дае канцэрты.

2009 год. Памёр Алег Янкоўскі (1944-2009).

Савецкі, расійскі акцёр тэатра і кіно, рэжысёр. Народны артыст СССР. Лаурэат Дзяржаўных прэмій СССР, Расіі. Уладальнік Прэміі «Ніка».

Яго бацька паходзіў з польскай шляхты. Нарадзіўся ў Джэзказгане, куды быў сасланы бацька.

Некаторы час жыў са старэйшым братам Расцілавам у Мінску, дэбютаваў на сцэне тэатра ў эпізадычнай ролі. Скончыў Саратаўскае тэатральнае вучылішча. Працаваў у Саратаўскім драматычным тэатры, у Маскоўскім тэатры «Ленком».

Сярод роляў: князь Мышкін («Ідыёт» паводле Ф. Дастаеўскага), Трыгорын («Чайка» А. Чэхава), Гамлет («Гамлет» У. Шэкспіра), Аркадзь Бурмін («Хлопец з нашага горада» К. Сіманава), Берынг («Аптымістычная трагедыя» У. Вішнеўскага) і іншыя.

3 1968 года здымаўся ў кіно: «Шчыт і меч», «Служылі два таварышы», «Я, Францыск Скарына…», «Зорка чароўнага шчасця», «Звычайны цуд», «Той самы Мюнхгаўзен», «Закаханы па ўласным жаданні», «Забіць дракона» і шматлікія іншыя.

Памёр 20 мая 2009 года.

Дзень у гісторыі. 3 мая. Дзень Сонца, вольнага друку. Першая ў Еўропе Канстытуцыя. Нарадзіўся артыст У. Галубок. Дзень памяці Станіслава Шушкевіча.

Сусветны дзень Сонца (World Day of the Sun, з 1994 года).

Сонца – найбліжэйшая да Зямлі зорка. Яна знаходзіцца на адлегласці 150 мільёнаў кіламетраў. Іншая бліжэйшая да нас зорка Проксіма з сістэмы aльфа Цэнтаўра ў 2500 разоў далей Сонца. Сонца дае святло і цеплыню, неабходныя для Зямлі. Менавіта яно вызначае жыццё і экалогію планеты.

Сонца – цэнтральная і адзіная зорка Сонечнай сістэмы, вакол якой круцяцца іншыя аб’екты сістэмы – планеты, карлікавыя планеты са сваімі спадарожнікамі, астэроіды, метэарыты, каметы і касмічны пыл.

Цікавыя факты.

Маса Сонца складае 99,8% ад масы ўсёй Сонечнай сістэмы.

Па спектральнай класіфікацыі Сонца адносіцца да тыпу “жоўты карлік”. Сонца свеціць бялявым святлом, але з-за прыгнечання часткі спектру атмасферай Зямлі гэта святло набывае жоўтае адценне.

На Зямлю пападае 1/2 мільярднай часткі сонечнага выпраменьвання.

Сонца абарочваецца вакол цэнтра Галактыкі з хуткасцю 220-240 км/с.

Гравітацыя на паверхні Сонца ў 28 разоў перавышае гравітацыю Зямлі: калі чалавек на Зямлі важыць 60 кг, то на Сонцы ён стане важыць 1680 кг.

Сонечнае святло да Зямлі праходзіць за 8,3 хвіліны, да Плутона – за 5,5 гадзіны.

Зорка круціцца вакол сваёй восі за 25,38 зямных сутак.

Тэмпература на паверхні складае каля 5 500°С, у ядры 13 599 726°С.

Сонца пражыло ўжо палову свайго жыцця, яго ўзрост 4,57 млрд. гадоў.

Сонца – адна з 6 000 зорак, якія мы можам убачыць няўзброеным вокам.

Яно адно з 200 мільярдаў зорак у галактыцы Млечны Шлях.

Сонца абсалютна газападобнае.

Дзякуючы сонечнаму святлу, у арганізме ўтвараеца натуральны антыдэпрэсант – мелатанін, які забяспечвае нам паўнавартасны сон, а значыць аднаўленне ўсяго арганізма.

Сусветны дзень вольнага друку (World Press Freedom Day, з 1993 года).

Устаноўлены ЮНЕСКА.

У 1991 годзе ў сталіцы Намібіі была прынята “Віндхукская дэкларацыя”, у якой змяшчаўся заклік да ўрадаў дзяржаў свету забяспечваць свабоду прэсы і яе дэмакратычны характар.

У дэкларацыі падкрэслівалася, што найважнейшым складнікам любога дэмакратычнага грамадства з’яўляецца свабодная, плюралістычная і незалежная прэса.

Сусветны дзень свабоды друку з’яўляецца штогадовым напамінам міжнароднай супольнасці аб тым, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Беларусь у 2023 годзе заняла 195-е месца з 210 краін у рэйтынгу “Свабода ў свеце-2023”.

1113 год. Вялікім князем Кіеўскім стаў Уладзімір Манамах (1053–1125).

Праўнук полацкай княжны Рагнеды, адзін з самых выбітных дзеячаў старажытнай Русі, рэфарматар.

1791 год. Прыняцце першай ў Еўропе Канстытуцыі.

Вялікі Сойм Рэчы Паспалітай зацвердзіў Канстытуцыю – першую ў Еўропе, другую ў свеце (пасля ЗША) і апошнюю для супольнай дзяржавы Каралеўства Польскага і ВКЛ. У Польшчы Дзень Канстытуцыі – 3 мая.

Асноўны закон змяняў форму праўлення Рэчы Паспалітай на канстытуцыйную манархію, вызначыў падзел галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). У Канстытуцыі дэталёва прапісана і вызначана важная роля караля (вялікага князя). Уводзілася спадчыннасць трона замест ранейшай выбарнасці манарха соймам. Скасоўваліся такія характэрныя да таго часу для Рэчы Паспалітай правы як права ліберум вета ў сойме і права шляхты на канфедэрацыю.

23 лістапада 1793 года дзеянне Канстытуцыі было скасавана рашэннем Гарадзенскага сойма.

У 2014 годзе Канстытуцыя 3 мая была занесена ў Польскі дзяржаўны спіс праграмы ЮНЕСКА «Памяць свету», у 2015 годзе занесена ў Спіс Еўрапейскай спадчыны.

1863 год. Пачатак баявых дзеянняў паўстанцаў на Магілёўшчыне.

3-9 мая 1863 года дзейнічаў Чарнаруцкі паўстанцкі атрад пад час паўстання 1863–1864 гадоў.

Назва атрада – ад фальварка Чарнаручча на Кругляншчыне, дзе быў сфарміраваны 20 красавіка ў 40 чалавек. У яго склад уваходзілі афіцэры, дробныя чыноўнікі, студэнты, шляхта і іх дваровыя людзі. Узначальваў атрад А. Алендскі па мянушцы “Антоній”.

Атрад абходзіў вёскі поўначы Магілёўскага павета, зачытваўся маніфест з заклікам да сялян далучыцца да паўстання. Атрад прайшоў вёскі Навасёлкі, Палыкавічы, Літвары, Дудаковічы, Варгуцёва, Філатава, мястэчкі Друцк, Круча. Да моманту разгрому царскімі войскамі ён меў больш за 100 чалавек.

Атрад разгромлены ротай рускага Алексапольскага палка ў лесе каля мястэчка Славені (цяпер Талачынскі раён), калі паўстанцы сталі на начлег: забіта 21, паранена 2, узяты ў палон каля 160 чалавек (з іх каля 60 здалі рускім войскам мясцовыя сяляне).

Паўстанцы. Фота носіць ілюстрацыйны характар

1864 год. Памёр Станіслаў Горскі (1802–1864).

Беларускі прыродазнавец, медык, педагог.

Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Працаваў загадчыкам батанічнага сада Віленскага ўніверсітэта, прафесарам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі, працаваў у Паставах, Берліне, у маёнтку А. Кубліцкага ў Свянцянскім павеце.

За спачуванні нацыянальна-вызваленчаму руху высланы ў Сібір, дзе скончыў жыццё самагубствам.

Адзін з першых даследчыкаў Белавежскай пушчы. Аўтар прац па батаніцы і энтамалогіі. Публікаваў нататкі з падарожжаў па батанічных садах Еўропы. Арганізаваў шырокі абмен гербарыямі паміж вучонымі Еўропы. Многія адкрытыя ім віды раслін названы яго імем.

Белавежская пушча.

1877 год. Нарадзіўся Антон Грыневіч.

Збіральнік беларускага музычнага фальклору, выдавец.

Заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910) у Пецярбургу, удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца».

Да рэвалюцыі выдаў сваім коштам два тамы «Беларускія песьні з нотамі», зборнікі паэзіі Янкі Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Якуба  Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

Выдавец чатырох кніг па спевах, падрыхтаваў да друку зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні» і іншыя. Аўтар «Праграмы-інструкцыі для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (часопіс «Наш край»).

Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкаму, Беларускага народнага дому, сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульту, супрацоўнік Акадэміі навук БССР. Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.

У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.

Арыштаваны ў 1933 годзе. Памёр у ГУЛАГу 8 снежня 1937 года.

1904 год. Джордж Паркер запатэнтаваў сваю першую пісьмовую асадку.

Гэта была асадка з механічнай сістэмай набору чарнілаў, якая ўяўляла сабой практычны гумавы мяшочак.

Паркер займаўся канструяваннем асадак і ў 1892 годзе заснаваў “Parker Pen Company”. Першы свой патэнт атрымаў у 1889 годзе, а ў 1894-м ён здзейсніў рэвалюцыю ў свеце ручак, запатэнтаваўшы фідэры Lucky Curve. Ён практычна цалкам вырашыў праблему пёравых асадак свайго часу, якія ўвесь час працякалі ў кішэнях і партфелях.

1882 год. Нарадзіўся Уладзіслаў Галубок (Голуб, Голубеў).

Беларускі драматург, акцёр і рэжысёр, заснавальнік беларускага савецкага тэатра. Народны артыст Беларусі (1928).

Яго драматургічная, рэжысёрская і акцёрская дзейнасць  з’яўляецца сувязным звяном паміж дарэвалюцыйным і савецкім беларускім тэатрам.

Творча развіў традыцыі старажытнага народнага тэатра: батлейкі, народнай драмы, інтэрмедый. Выхаваў многіх беларускіх акцёраў, у тым ліку У. Дзядзюшка, К. Быліч, А. Блажэвіч.

У яго трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне С. Станюта, музычнай часткай кіраваў Н. Сакалоўскі – аўтар Дзяржаўнага гімна Беларусі.

Арыштаваны НКУС ў 1937 годзе. Далейшы лёс невядомы. У біяграфічных крыніцах датай смерці ўказваецца 28 верасня 1937 года.

У фальшывай адпісцы НКУС засведчана, што памёр у 1942 годзе ад гіпертаніі.

1953 год. Нарадзіўся Франц Сіўко.

Беларускі празаік, публіцыст, педагог. Лаўрэат прэміі «Гліняны Вялес».

Скончыў БДУ. Настаўнічаў у Верхнядзвінску, Віцебску, працаваў у газеце «Віцебскі рабочы», у Віцебскім тэхналагічным універсітэце. Супрацоўнічае з каталіцкім часопісам «Ave Maria». Член Беларускага ПЭН-цэнтра, быў старшынёй Віцебскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Аўтар 13 кніг прозы.

2022 год. Памёр Станіслаў Шушкевіч (1934–2022).

Беларускі навуковец-фізік, дзяржаўны дзеяч. Першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь (1991–1994), адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

У 1989 годзе стаў народным дэпутатам СССР. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (1998–2018). У 2007 годзе Лех Валенса вылучыў С. Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.

Член-карэспандэнт НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі.

У 1986–1990 гадах працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ.  Чытаў лекцый ва ўніверсітэтах ГДР, Югаславіі, Польшчы, ЗША (Гарвардскі, Ельскі, Калумбійскі), працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне. 

Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый.

Фота з адкрытых крыніц

29 красавіка. Дзень у гісторыі. Мсціслаўская бітва. Прэм’ера “Няўлоўных мсціўцаў”. Рэцэпт “Доктарскай”. Нарадзіўся М. Ермаловіч. Дзень памяці Я. Карскага, І. Гермянчука.

Міжнародны дзень танцу (International Day of Dance, з 1982 года).

Устаноўлены па ініцыятыве камітэта танца Міжнароднага інстытута тэатра пры ЮНЕСКА ў дзень нараджэння французскага балетмайстра Жана Жоржа Навера (1727–1810), рэфарматара і тэарэтыка мастацтва танца, які ўвайшоў у гісторыю як “бацька сучаснага балета”, аўтара знакамітага тэарэтычнага сачынення “Лісты аб танцы і балетах”, у якім ён не толькі абагульніў назапашаны да таго часу досвед у вобласці харэаграфіі, але і з матэматычнай дакладнасцю і мастацкай вобразнасцю абгрунтаваў асноўныя прынцыпы харэаграфіі.

Па задуме заснавальнікаў, Міжнародны дзень танца закліканы аб’яднаць усе напрамкі танца, стаць падставай для ўшаноўвання гэтай формы мастацтва і яго здольнасці пераадольваць усе палітычныя, культурныя і этнічныя бар’еры, аб’ядноўваць людзей, дазваляючы размаўляць на агульнай мове – мове танца.

На выяве: Жан Жорж Навер

1386 год. Вялікі князь смаленскі Святаслаў, які падтрымаў выступленне Андрэя Полацкага супраць Ягайлы, быў разгромлены падчас Мсціслаўскай бітвы.

Ва ўмовах унутрыпалітычнай барацьбы ў ВКЛ вялікі князь смаленскі Святаслаў Іванавіч падтрымаў Андрэя Альгердавіча, спадзяючыся вярнуць страчаны раней Мсціслаў.

18 красавіка 1386 года ён аблажыў Мсціслаў, аднак узяць горада не здолеў. 29 красавіка падышло вялікалітоўскае войска на чале з Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам і Вітаўтам. Бітва адбылася на рацэ Віхры, вялікалітоўскае войска перамагло, Святаслаў загінуў у бітве.

1770 год. Брытанскі мараплавацель Джэймс Кук (1728–1779) упершыню высадзіўся ў Аўстраліі.

Ён падышоў да ўсходняга берага Аўстраліі. На беразе заліва, у водах якога спыніўся яго карабель «Індэвар», экспедыцыі атрымалася знайсці шмат невядомых раней відаў раслін, таму Кук назваў гэты заліў Батанічным. З Батанічнага заліва Кук накіраваўся на паўночны захад уздоўж усходняга ўзбярэжжа Аўстраліі.

Кук здзейсніў тры вандраванні ў Ціхім акіяне і стаў першым еўрапейцам, які даследаваў большую частку яго ўзбярэжжа, адкрыў Гаваі, шматлікія астравы, першым абыйшоў вакол Новай Зеландыі, даследаваў частку ўзбярэжжа Аляскі, склаў дакладныя марскія карты.

1921 год. Нарадзіўся Мікола Ермаловіч (1921–2000).

Беларускі гісторык, публіцыст, крытык і літаратуразнаўца, брат магілёўскага тэатральнага рэжысёра Валянціна Ермаловіча (1925–2004). Заснавальнік новай беларускай рамантычнай гістарыяграфіі.

Даказваў, што Літва ніколі не заваёўвала Беларусь, а ВКЛ з’яўлялася беларускай дзяржавай.

Альтэрнатыўнае бачанне гісторыі Беларусі выклікала раздражненне ўлады, пераслед КДБ.

Выдаваў рукапісны самвыдавецкі часопіс «Падснежнік» («Гутаркі», 1963–1976, каля 50 выпускаў) пад псеўданімам Сымон Беларус.

Аўтар кніг «Па слядах аднаго міфа», «Дарагое беларусам імя» (1970), «Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды», «Старажытная Беларусь: Віленскі перыяд», «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае».

Працы Ермаловіча ў значнай ступені паўплывалі на фармаванне сучаснай грамадскай думкі і гістарыяграфіі Беларусі.

У апошні дзень жыцця 5 сакавіка 2000 года амаль невідушчы 78-гадовы навуковец трапіў пад колы аўтамабіля ў Мінску. Кіроўца ўцёк з месца здарэння.

1924 год. Памёр Міхаіл Пліс (1858–1924).

Праваслаўны святар, грамадска-культурны дзеяч, педагог, давераная асоба патрыярха Ціхана, член Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Віленскага беларускага нацыянальнага камітэта, выкладач Закона Божага на беларускай мове, адзін з ініцыятараў стварэння ў Вільні Святатроіцкага беларускага праваслаўнага таварыства, сузаснавальнік Таварыства беларускай школы.

У міжваенны час выступаў за беларусізацыю праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі.

Аўтар працы па гісторыі праваслаўнай царквы, якая захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы.

1931 год. Памёр Яўхім Карскі (1860/1961–1931).

Беларускі філолаг-славіст. Заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, акадэмік Пецярбургскай АН, правадзейны член Інбелкульта, Чэшскай акадэміі навук.

Абараніў першую ў гісторыі дысертацыю па беларускім мовазнаўстве «Да гісторыі гукаў і форм беларускай гаворкі» (1893).

Працаваў прафесарам універсітэтаў Варшаўскага (загадчык кафедрай, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта, рэктар, 1905–1910), Растоўскага  (1915–1916, былы Варшаўскі), Мінскага педінстытута.

Удзельнік беларускага нацыянальнага руху, ганаровы старшыня Першага ўсебеларускага з’езда, старшыні камісіі па адкрыцці БДУ.

Аўтар больш за 1000 прац, у тым ліку даследаванняў па гісторыі беларускай мовы, дыялекталогіі, фальклоры, этнаграфіі, гісторыі беларускай літаратуры, сямітомнай працы «Беларусы» – энцыклапедыі беларусазнаўства. Прарадзімай славян  лічыў Палессе, даказваў, што беларусы – аўтахтоны на сваіх землях, склаў этнаграфічную карту Беларусі пачатку ХХ стагоддзя

На радзіме вучонага, на будынку сярэдняй школы ў в. Лаша працуе з 1964 года мемарыяльны музей, яго імя носіць Гродзенская абласная бібліятэка.

1936 год. Дзень нараджэння доктарскай каўбасы.

На маскоўскім мясакамбінаце імя А. Мікаяна створаны рэцэпт каўбасы “Доктарская”: свініна, гавядзіна, яйкі курыныя, сухое малако, арэх мускатны.

Гатунак каўбасы быў распрацаваны як дыетычны прадукт для тых савецкіх грамадзян “чыё здароўе было падарвана ў выніку Грамадзянскай вайны і царскага дэспатызму”.

Каўбаса гатунка “Доктарская” паважаецца многімі беларусамі і па сённяшні час.

1940 год. Нарадзіўся Уладзімір Ганчарык.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч.

Скончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Кандыдат эканамічных навук.

Быў на партыйнай рабоце, займаў шэраг кіраўнічых пасад, у тым ліку другога сакратара Магілёўскага абкама КПБ, працаваў старшынёй Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1986–1990), Вярхоўнага Савета СССР (1989–1991), Вярхоўнага Савета Беларусі (1995–1996).

Адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе.

1967 год. Адбылася прэм’ера мастацкага фільма “Няўлоўныя мсціўцы”, у якой зняўся і ўраджэнец г. Рэчыцы Яфім Капелян (1912–1975).

Капелян – адзін з вядучых акцёраў Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе, Народны артыст СССР.

2002 год. Памёр Ігар Гермянчук (1961-2002).

Журналіст, грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12 склікання, рэдактар газеты “Свабода”, заснавальнік часопісу “Кур’ер”.

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з актыўных удзельнікаў незалежніцкага руху 1980-х гадоў. Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979–1984). Член БНФ «Адраджэньне».

У 29-гадовым узросце стаў адным з самых маладых дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР. 11 красавіка 1995 года разам з іншымі дэпутатамі ад Апазіцыі БНФ абвясціў галадоўку пратэсту супраць ініцыяванага А. Лукашэнкам рэферэндуму пра дзяржаўную мову і сімволіку.

У 30-гадовым узросце ўзначаліў газету «Свабода», якая пры ім зрабілася найбуйнейшым і самым папулярным апазіцыйным выданнем краіны. За вострыя публікацыі пракуратура чатыры разы заводзіла на яго крымінальныя справы.

Пад канец 1997 года газета «Свабода» была забароненая, але ўжо ў студзені 1998 года  Гермянчук здолеў адрадзіць яе пад назвай «Навіны».

Дзень у гісторыі. 25 сакавіка. Дзень Волі. Утварэнне Беларускага нацыянальнага камітэта, БНР. Выгнанне езуітаў. Нарадзіліся пісьменнік У.Папковіч, артыст Я. Шыфрын

Дзень Волі, Дзень Незалежнасці (неафіцыйнае свята).  

Гадавіна абвяшчэння незалежнасці першай нацыянальнай дзяржавы – Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцця Трэцяй Устаўной граматы 25 сакавіка 1918 года. У Беларусі святкуецца на неафіцыйным узроўні, таксама адзначаецца беларускай дыяспарай.

Першая афіцыйная назва свята – Дзень абвяшчэння (дзяржаўнай) Незалежнасці Беларусі. Упершыню назву надалі ў 1921 годзе ў «Дэкларацыі ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі з прычыны трэцяй гадавіны абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларусі».

Назва Дзень Волі ўпершыню з’явілася ў спецыяльным выпуску газеты «Свабода» у 1990 годзе.

Публічныя святкаванні ў Беларусі сталі праводзіцца з 1989 года, з перформанса мастака А. Пушкіна ў Мінску. З гэтага часу і да 2020 года ў краіне  праводзіліся палітычныя акцыі, мітынгі, шэсці, прысвечаныя даце 25 сакавіка.

Святкаванне стагоддзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі на Траецкай Гары ў Мінску, 2018 год

Дзень Зямлі (апошняя субота сакавіка). Гадзіна Зямлі.

У рамках Дня Зямлі з 20:30 да 21:30 па мясцовым часе праводзіцца акцыя “Гадзіна Зямлі”. Асноўная мэта акцыі – прыцягнуць увагу да наступстваў змены клімату, неабходнасці адказнага стаўлення да прыроды і рэсурсаў планеты. 

Арганізатары акцыі просяць на гадзіну выключыць электраэнергію, у тым ліку ў грамадскіх будынках, падсветку славутасцяў. 

Упершыню гэтае мерапрыемства было праведзена ў аўстралійскім Сіднэі 31 сакавіка 2007 года. Ужо праз год акцыю падтрымала 35 дзяржаў і звыш 400 гарадоў. У Беларусі акцыя пройдзе ўжо 15-ы раз.

Рыгор і Тэафан, Дабравешчанне або Звеставанне і Гуканне вясны (народны каляндар). 

Былы Новы год у Еўропе.

На Рыгора зіма ідзе ў мора. І птушка гнязда не кладзе.

Прылёт бусла.

1820 год. У Магілёве аб’яўлены ўказ цара Аляксандра I аб выгнанні езуітаў з Расіі. 

Магілёўскія езуіты былі высланы ў Аўстрыю. У Полацку зачынена езуіцкая акадэмія (універсітэт, 1812–1820).

У ВКЛ езуіты з’явіліся пры Стэфане Баторыі. У 1569 годзе віленскі біскуп Валяр’ян Пратасевіч запрасіў у ВКЛ 13 прадстаўнікоў Ордэна. На ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай езуіты на працягу XVI–XVIII стагоддзяў стварылі 153 апорныя пункты, звыш паловы з іх (79) знаходзілася ў Беларусі.

Пасля роспуску ордэна рашэннем папы Клімента XIV у 1773 годзе і выгнанні іх з большасці краін Еўропы, свае пазіцыі яны захавалі толькі ў Расійскай імперыі. На працягу 30-ці гадоў, пакуль ордэн быў пад забаронай, генераламі Ордэна былі нашы суайчыннікі: Станіслаў Чарневіч, Гаўрыіл Лянкевіч, Францыск Карэ (з сям’і англійскіх перасяленцаў у Оршы).

Пасля сябе езуіты пакінулі ў Беларусі не толькі іншы погляд на адукацыю, але і багатую архітэктурную спадчыну – будынкі касцёлаў, калегій, манастыроў.

1886 год. У Шлісельбургскай крэпасці памёр у заключэнні ўраджэнец Магілёва Рыгор Ісаеў (1857–1886).

Выхаванец Магілёўскай гімназіі. Вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце і Медыка-хірургічнай акадэміі.

Удзельнік студэнцкага руху 1878-1879 гадоў у Пецярбургу, член тэрарыстычнай групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканаўчага камітэта. Удзельнік падрыхтоўкі замаху на цара пад Масквой, у Адэсе і Пецярбургу. Разам з М. Кібальчычам рыхтаваў выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў 1881 годзе. Прыгавораны да смяротнага пакарання, якое заменена вечнай катаргай.

1917 год. У Мінску пачала работу канферэнцыя Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), якая аб’явіла сябе З’ездам нацыянальных партый і арганізацый.

На форуме члены партыі выступілі ў падтрымку Часовага ўрада, выставілі патрабаванне аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Расійскай рэспублікі, выказаліся за агульнанародную ўласнасць на зямлю, 8-гадзінны рабочы дзень.

У выніку працы з’езда ў Мінску з’явіўся палітычны цэнтр у форме Беларускага нацыянальнага камітэта, які адводзіў сабе ролю часовага агульнакраёвага органа ўлады, прызванага забяспечыць абвяшчэнне Беларусі як аўтаномнай дзяржаўна-палітычнай адзінкі ў складзе Расійскай федэратыўнай дэмакратычнай рэспублікі. БСГ атрымала 10 месцаў у камітэце.

Грамада пашырала свой уплыў сярод інтэлігенцыі, сялян, гараджан, бежанцаў, ваеннаслужачых, рабочых. Яе арганізацыі ўзніклі  ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Петраградзе, Маскве і іншых. Да сярэдзіны 1917 года БСГ налічвала каля 5000 членаў.

Дзеяч БСГ Аркадзь Смоліч

1918 год. У Мінску а 8:00 Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Устаўную грамату, згодна з якой Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай.

БНР праіснавала да 3 снежня 1918 года ў межах этнаграфічнай тэрыторыі, у складзе Магілёўскай, Мінскай, Віцебскай, беларускіх частак Гродзенскай, Віленскай, Смаленскай, Чарнігаўскай і суседніх губерняў, у 300 000 квадратных кіламетраў.

Рада БНР пастанавіла, што Брэсцкі мірны дагавор, падпісаны бальшавікамі і немцамі, страціў моц, таму заклікала перагледзець яго ўмовы. Пацвярджаліся правы і вольнасці грамадзян і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 года.

Дзяржаўнымі сімваламі БНР сталі бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня, дзяржаўнай і абавязковай мовай з 12 красавіка 1918 года – беларуская. Ад 11 кастрычніка 1918 года дзейнічала часовая канстытуцыя, праводзілася выдача пашпартоў.

Роўна праз два гады пасля абвяшчэння незалежнасці БНР Янка Купала напісаў верш «25.III.1918 – 25.III.1920. Гадаўшчына – памінкі»:

Не свята светлае спраўляці

Сягоння будзе наш народ.

А трызну па айчыне-маці

Ён справе ў гэты цяжкі год

Прыняццю Трэцяй Устаўной граматы прысвяцілі свае вершы В. Адважны, А. Змагар, М.  Машара, Н. Арсеннева, Р. Барадулін, Н. Гілевіч.

1935 год. Нарадзіўся Уладзімір Папковіч.

Беларускі пісьменнік, перакладчык.

Скончыў Мінскі педінстытут замежных моў. Працаваў у інстытуце замежных моў, інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды, у Мінскім вышэйшым інжынерна-радыётэхнічным вучылішчы, на Мінскім оптыка-механічным заводзе, у Віцебскім педінстытуце, Віцебскім індустрыяльным тэхнікуме.

Лаўрэат прэміі «Сузор’е муз» імя У. Караткевіча.

З 1962 года друкаваўся ў рэспубліканскіх, абласных і гарадскіх выданнях у Мінску і Віцебску: часопісах «Нёман», «Полымя», «Маладосць», альманахах «Дзень паэзіі», «Далягляды», «Братэрства», «Дзвіна», «Ратуша».

Памёр 10 красавіка 2021 года ў Віцебску.

1937 год. Памёр Зыгмунт Нагродскі (1866–1937).

Беларускі паэт і культурны дзеяч. Належаў да ліберальна-дэмакратычнага кірунку «краёўцаў».

Праводзіў культурна-асветную работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Ф. Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 годзе перавыдаў гэты зборнік.

Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы».

На ўласныя сродкі заснаваў «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання.

Аўтар напісанай на беларускім фальклорна-этнаграфічным матэрыяле п’есы «На каляды» (пастаўлена ў Вільні ў 1936), вершаў, успамінаў пра Ф. Багушэвіча.

Яго творы зберагаюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы і Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Дом З. Нагродскага, Вільня, вул. Піліма, 9

1956 год. Нарадзіўся Яфім Шыфрын.

Расійскі артыст эстрады, акцёр і рэжысёр, гумарыст, спявак, тэлевядучы.

Нарадзіўся ў сям’і рэпрэсаваных выхадцаў з Магілёўшчыны. Яго бацька родам з Дрыбіна, маці – з мястэчка Ляды (“Орша, Копысь і Ляды – усё вялікія гарады”).

1957 год. Створана Еўрапейская эканамічная супольнасць у складзе 6 дзяржаў (Бельгія, Германія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Францыя).

Еўрапейская эканамічная супольнасць – міжнародная арганізацыя, якая існавала з 1957 па 1993 год.

З часам супольнасць уключыла ў сябе яшчэ шэсць краін, і з 1967 года яе органы таксама рэгулявалі Еўрапейскае аб’яднанне вугалю і сталі і Еўрапейскую супольнасць па атамнай энергіі пад агульнай назвай Еўрапейскія супольнасці. Пасля стварэння Еўрапейскага саюза ў 1993 годзе ЕЭС была пераназвана ў Еўрапейскую супольнасць, стаўшы асноўнай супольнасцю адной з трох апораў Еўрасаюза, а інстытуты супольнасці сталі інстытутамі Саюза.

2004 год. Памерла Валянціна Пашкевіч (Жукоўская, 1916–2004).

Беларускі педагог, грамадская і культурная дзеячка. Сястра Раісы Жук-Грышкевіч.

Скончыла гімназію ў Пружанах, Віленскі ўніверсітэт, актывістка Беларускага студэнцкага саюза.

У Другую Сусветную вайну жыла ў Берліне. З 1949 года жыла ў Таронта, дзе ўзяла шлюб з грамадскім дзеячом М. Пашкевічам. Прымала актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, арганізавала і кіравала танцавальным гуртком, кіравала беларускай суботняй школкай пры царкве Св. Еўфрасінні Полацкай, супрацоўнічала з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША.

Аўтар падручнікаў “Першая чытанка пасля лемантара для беларускіх дапаўняльных школаў”, “Беларуская мова” і ангельска-беларускага слоўніка (30 000 слоў) – першага ў Беларусі на аснове амерыканскага варыянту ангельскай мовы.

Дзень у гісторыі. 17 сакавіка. Нашэсце мышэй. Скончана «Хроніка Магілёва». Запрыгоньванне сялян у СССР. Нарадзіўся кампазітар Я. Голанд.

Герасім-гракоўнік (народны каляндар). Герасім гракоў прыгнаў.

Калі гракі прыляцелі, то праз тры тыдні можна будзе пачынаць пасяўную.

Калі гракі “гуляюць”, гэта значыць, што добрае надвор’е будзе.

Калі гракі крычаць, значыць надвор’е хутка сапсуецца (хутчэй за ўсё будзе дождж).

Калі на Герасіма прыляцяць гракі, то гэта да неўраджаю, а калі пасля, то ўраджай будзе добры.

Даўней, у дзень Герасіма Гракоўніка сяляне выпякалі хлеб у выглядзе гракоў.

1233 год. Мільёны мышэй запаўняюць баварскі горад Фрэйзінг, змушаючы жыхароў пакінуць месца.

Як жыхары горада перамаглі мышэй, дакладна невядома. А вось самай вядомай і найбольш часта цытаванай еўрапейскай легендай часоў Сярэднявечча на тэму пазбаўлення ад грызуноў з’яўляецца гісторыя з іншага месца. Аднойчы ў нямецкім горадзе Хамельн зніклі без вестак амаль усе дзеці старэйшыя за чатыры гады, усяго – 130 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Незадоўга да гэтага здарэння нейкі вандроўны Пацукалоў з дапамогай сваёй чароўнай дудачкі ўтапіў у тутэйшай рацэ Везер цэлае полчышча пацукоў, пазбавіўшы ад нашэсця грызуноў гарадскія дамы і сутарэнні. Аднак, нягледзячы на дамову і выкананую паслугу, абяцаную ўзнагароду пацукалову так і не заплацілі.

Бяспраўны валацуга пакінуў горад без належных яму залатых гульдэнаў – сышоў, каб неўзабаве вярнуцца і адпомсціць. Пераапрануўшыся паляўнічым, ён пад гукі свайго чарадзейнага інструмента сярод белага дня, калі дарослыя знаходзіліся на богаслужэнні ў царкве, павёў за сабой амаль усіх юных жыхароў Хамельна – за выключэннем двух-трох хлопцаў і кульгавага хлопчыка на мыліцах. Пацукалоў выкраў у горада самае каштоўнае – яго будучыню. А сёння легенда пра яго і пацукоў прыносіць гораду вялікую карысць ад турыстаў.

 

1597 год. Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Віцебску магдэбургскае права і герб  «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч».

Пасля Віцебскага паўстання (1623) горад быў пазбаўлены магдэбургскага права. Яно было адноўлена ў 1644 годзе.

Гісторыя горада бярэ пачатак ад 974 года. Атрымаў назву ад р. Віцьба. У свой час быў цэнтрам Віцебскага княства (з 1101), Віцебскага ваяводства ў ВКЛ, губерні (1772–1919), цяпер – вобласці (з 1938)

Быў у ліку 15 найбуйнейшых гарадоў ВКЛ. Падчас войнаў  неаднаразова спалены і зруйнаваны. 

Сёння мае 360 тысяч насельнікаў. Горад мастакоў, “Славянскага базара”, цэнтр падрыхтоўкі медыкаў, ветэрынараў, тэхнолагаў, настаўнікаў, абутковая сталіца і сталіца дэсантнікаў. 

Буйны прамысловы цэнтр, вядомы прадукцыяй станкабудавання, завода “Віцязь”, кандытарскай фабрыкі „Віцьба“, вогнетушыцеляў, дываноў, футра.

1633 год. Кароль і вялікі князь ВКЛ Уладзіслаў IV падпісаў прывілей «Магілёўскім мяшчанам на набыццё плошчы, на пабудову царквы, на фармаванне законаў і брацтва, але не змешчанага ва Уніі».

Была гарантавана свабода выканання праваслаўных абрадаў.

1711 год. Пётр I афіцыйна аб’яўляе Марту Скаўронскую (1684–1727, будучую Кацярыну I) сваёй жонкай.

Стала расійская імператрыцай у  1721 годзе як жонка дзейнага імператара, з 1725 як кіруючая гасударыня. Другая жонка Пятра I, маці імпэратрыцы Лізаветы Пятроўны.

Ёсць звесткі аб тым, што паходзілі Скаўронскія з-пад Мінска. Марта была захоплена ў палон расейскімі войскамі ў Прыбалтыцы. У чэрвені 1706 года яе прывез у Магілёў А. Меншыкаў.  

1746 год. Нарадзіўся Ян Давід Голанд.

Нямецкі кампазітар і дырыжор, кіраўнік нясвіжскай капэлы, выкладчык музыкі ў Віленскім універсітэце.

Ужо ў 1760-х гадах быў дастаткова аўтарытэтным кампазітарам у Германіі.

На пачатку 1780-х гадоў Караль Станіслаў «Пане Каханку» Радзівіл запрасіў кампазітара на пасаду дырыжора нясвіжскай капэлы. Менавіта тут Голанд упершыню звярнуўся да оперна-балетных жанраў.

17 верасня 1784 года адбылася прэм’ера яго оперы «Агатка, або Прыезд пана» – адна з першых опер, створаных і пастаўленых у Беларусі ў XVIII стагоддзі. Пасля гэтага яна  больш за 40 год ішла на сцэнах тэатраў Рэчы Паспалітай.

У Нясвіжы кампазітар напісаў і іншыя творы – оперу «Чужое багацце нікому не служыць» і балет «Арфей і Эўрыдыка» («Арфей у пекле»), а таксама кантату, прысвечаную Каралю Радзівілу.

Амаль 20 год працаваў Я. Голанд у Нясвіжы. У пачатку XIX ст. ён пераехаў у Вільню, дзе на працягу 23 год выкладаў музыку ў Віленскім універсітэце, кіраваў універсітэцкім хорам і аркестрам, працягваў пісаць музыку. Тут ён напісаў і сваё самае значнае тэарэтычнае даследаванне – падручнік «Акадэмічны трактат аб сапраўдным мастацтве музыкі», у свой час шырока вядомы і папулярны сярод музыкантаў.

Творчасць Голанда  аказала значны ўплыў на развіццё беларускай музычнай школы эпохі класіцызму.

Памёр 26 снежня 1827 года.

Несвіжскі тэатр Радзвілаў.

1807 год. Памёр Казімір Нарбут (1738–1807).

Мысліцель-асветнік, прадстаўнік эклектычнага кірунку ў філасофіі эпохі Асветніцтва ў Беларусі і Літве, член ордэна піяраў. Прафесар філасофіі.

Працаваў прафесарам і прэфектам піярскіх калегіумаў, прэфектам піярскай друкарні, пробашчам у розных гарадах.

Аўтар падручніка «Логіка, або Навука разважання і меркавання пра прадметы навукі», курса «Эклектычная філасофія».

Пераклаў з французскай мовы на польскую кнігу «Ваенная навука прускага караля для яго генералаў». У прадмове да яе выказаў сваё захапленне грамадскімі мерапрыемствамі, што ажыццяўляліся ў тагачаснай Беларусі, у прыватнасці будаўніцтвам Пінскага канала. Як член Адукацыйнай камісіі, займаўся рэформай школьнага навучання ў Беларусі і Літве, лічыў свецкую этыку адной з асноўных адукацыйных дысцыплін.

Выступаў за вызваленне філасофіі ад схаластыкі і багаслоўя, за развіццё навукі.

Памёр 17 сакавіка 1807 года.

1808 год. Нарадзіўся Шыман Канарскі.

Дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Польшчы, Літве і на Беларусі.

Удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, быў у эміграцыі ў Францыі. У 1835 годзе нелегальна вярнуўся з эміграцыі ў Расію і стварыў падпольную арганізацыю «Садружнасць польскага народа».

Фактычна рыхтаваў новае паўстанне. У Беларусі ён знайшоў немалую колькасць прыхільнікаў, а яго арганізацыя пачала разрастацца, быў нават створаны філіял «Жаночае таварыства».

Памёр у вязьніцы 11 сакавіка 1839 года.

Малюнак Яна Матэйкі. Шыман Канарскі ў турме, Вільня.

1837 год. У Мазыры нарадзіўся Эдуард Каверскі.

Расійскі ваенны дзеяч, генерал ад інфантэрыі, картограф, пад кіраўніцтвам якога ўпершыню была складзена карта Азіяцкай часткі Расійскай Імперыі, фундатар касцёла святога Аляксея у Івянцы.

Член-заснавальнік Рускага астранамічнага таварыства, член Пецярбургскага мінералагічнага, Рускага геаграфічнага таварыства – памочнік старшыні Аддзялення геаграфічнай матэматыкі. Удастоены Малога залатога медаля Геаграфічнага таварыства за складанне карт. Начальнік Трыянгуляцыі Заходняй памежнай прасторы.

Памёр 30 студзеня 1916 года. Пахаванне ў г. Івянец у крыпце касцёла Св. Аляксея.

У 2022 годзе каля касцёла ўсталявана мемарыяльная дошка.

1864 год. Летапісец Іван Трубніцкі зрабіў адзіны ў гэты дзень і апошні запіс у знакамітай «Хроніцы горада Магілёва». 

Гэта была згадка аб вялікай навальніцы ўвечары ў горадзе. На гэтым Хроніка скончылася.

А вось у ХХ стагоддзі самая ранняя навальніца ў Магілёўскай вобласці адбылася 18 сакавіка 1938 года.

Магілёўская хроніка – летапісны звод, помнік беларускага гарадскога летапісання. Складалася на працягу ХVІІІ-ХІХ стагоддзяў купецкім старостам і лаўнікам Трафімам Суртой (да 1701) і рэгентам канцылярыі Юрыем Трубніцкім (1709-1747),  яго сынам Аляксандрам (1747-1788), унукам Міхаілам (1812-1857), праўнукам Іванам (1857-1864).

Пэўны час лічылася згубленай. Магілёўскі краязнавец Геранім Філіповіч адшукаў страчаны арыгінал летапіса ў Салтыкоўскай бібліятэцы ў падмаскоўнай Балашыхе.

1922 год. У Магілёве нарадзіўся Ілля Клаз.

Савецкі беларускі пісьменнік. Пісаў на беларускай і рускай мовах.

Працаваў у рэдакцыях газет, у “Літаратуры і мастацтва”, у бюлетэні “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”.

Працаваў пераважна ў гістарычным жанры. Ім напісаны гістарычныя аповесці «Жарцы» (пра 1812 год у Беларусі), «Пралескі» (пра К. Каліноўскага), «Прасталюдзін з Крычава», раман “Белая Русь”, у якім адлюстроўваецца сумесная барацьба беларускіх сялян і казакоў супраць панскага прыгнёту ў ХVII стагоддзі, а таксама «Разбег», «По Двине на вёслах», «Потомству в пример».

Памёр 22 снежня 1980 года.

1937 год. У СССР прыняты закон, які пазбавіў сялян свабоды перамяшчэння.

Была ўведзена пашпартная сістэма, якая не распаўсюджвалася на сялян. Пашпарты ўводзіліся толькі для жыхароў гарадоў, працоўных новабудоўляў і саўгасаў. Сяляне, як і ў часы прыгоннага права, аказаліся намёртва прывязанымі да месца свайго пражывання. Яны павінны былі напаўняць засекі сацыялістычнай Радзімы за так званыя працадні і фактычна бясплатна, бо іншага выбару ў іх проста не было.

Закон дзейнічаў да 1974 года, калі 28 жніўня Пастановай Саўміна СССР № 677 «Аб зацвярджэнні палажэння аб пашпартнай сістэме ў СССР» былі адмененыя абмежаванні.

1951 год. Памёр Альберт Паўловіч (1875–1951).

Беларускі паэт-гумарыст, драматург, перакладчык і мастак. Найбольш значная постаць беларускай гумарыстыкі пачатку XX стагоддзя.

У яго доме ў Мінску бывалі Б. Эпімах-Шыпіла, Янка Купала, Якуб Колас, Цётка, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, М.Багдановіч і іншыя.

Вышываў ваўнянымі ніткамі вялікія дываны з адлюстраваньнем розных краявідаў, два з якіх дэманстраваліся на мастацкай выставе ў 1914 годзе.

Калекцыянер манет, пёраў, паштовак з пейзажамі, марак.

Друкавацца пачаў у «Нашай Ніве». Аўтар 175 гумарыстычных, 120 лірычных вершаў.

Перакладаў творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі і іншых.

Распрацоўшчык беларуска-польскага слоўніка.

Аўтар шматлікіх копіяў карцін Левітана, Шышкіна і іншых расійскіх мастакоў.

1969 год. 70-гадовая Голда Мэір уступае на пасаду прэм’ер-міністра Ізраілю. 

Першая і адзіная жанчына – прэм’ер-міністр Ізраіля, трэцяя ў свеце, 4-ты прэм’ер-міністр Ізраіля (1969-1974).

Голда Мэір (Мабовіч, 1898-1978) нарадзілася ў Кіеве ў сям’і выхадцаў з Пінска Мабовічаў. З канца 1920-х па 1948 год – дзеяч сацыялістычнага сіянізму, функцыянер Гістадрута і Габрэйскага агенцтва, член Нацыянальнай рады. Адна з заснавальнікаў Дзяржавы Ізраіль. Працавала паслом Ізраіля ў СССР (1948–1949), міністрам працы і сацыяльнай абароны, міністрам замежных спраў, міністрам унутраных спраў Ізраіля.

У 1903-1906 гадах выхоўвалася ў дзеда з бабай у Пінску, потым з бацькамі выехала ў ЗША.

1991 год. У СССР адбыўся першы і апошні за ўсю гісторыю яго існавання рэферэндум.

Было вынесена толькі адно пытанне: «Ці лічыце Вы неабходным захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантавацца правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці ?».

Адмовіліся праводзіць рэферэндум 6 з 15 рэспублік: Латвійская, Літоўская, Эстонская, Малдаўская, Армянская і Грузінская ССР.

З 185,6 мільёна галасуючых грамадзян СССР у рэферэндуме прынялі ўдзел 148,5 мільёна, або 79,5%. З іх 113,5 мільёна, або 76,43%, выказаліся за захаванне СССР, але фактычна меркаванне ўдзельнікаў рэферэндуму ўжо нічога не вырашала, тым больш, што рэферэндум насіў “апытальны і рэкамендацыйны характар”.

Дзень у гісторыі. 15 сакавіка. Дзень Канстытуцыі. Маршы свабоды, недармаедаў і ”Хаўер”. Нарадзіліся выдавец Ю. Завадскі, пісьменнік А. Мрый, гісторык В. Мялешка, Нобелевец Ж. Алфёраў

Сусветны дзень правоў спажыўца (World Consumer Rights Daу, з 1983 года).

Устаноўлены па рашэнні Генасамблеі ААН. 

15 сакавіка 1962 года прэзідэнт ЗША Дж. Кенэдзі, выступаючы ў Кангрэсе, сказаў: “Спажыўцы, па азначэнні, гэта ўсе мы. Спажыўцы – гэта найбуйны эканамічны пласт… Але гэта адзіны голас, якога часцяком не чуваць”.

Амерыканскі прэзідэнт назваў тады чатыры асноўныя і неад’емныя правы спажыўца: на бяспеку, на інфармацыю, на выбар і права быць пачутым.

9 красавіка 1985 года Генасамблея ААН прыняла Кіруючыя прынцыпы для абароны інтарэсаў спажыўцоў.

Дзень Канстытуцыі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынята 15 сакавіка 1994 года на сесіі Вярхоўнага Савета. Набыла сілу 30 красавіка 1994 з моманту яе апублікавання.

Тагачасны старшыня Вярхоўнага Савета М. Грыб узгадвае, што асноўны закон краіны прымаўся вельмі цяжка і складана – па главах, па раздзелах, літаральна па радках – неабходна было, каб прагаласавалі дзве траціны дэпутатаў.

24 лістапада 1996 года па ініцыятыве А. Лукашэнкі быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27 лістапада 1996 года. Дадатковыя змены былі ўнесены ў Канстытуцыю пасля рэферэндуму 2004 года.

У гэты ж дзень у 2022 годзе, год таму назад, уступае ў дзеянне новая Канстытуцыя, прынятая на “рэферэндуме” 27 лютага 2022 года.

Самы першы збор законаў канстытуцыйнага характару – Статут ВКЛ (1529). Статут быў удасканалены ў 1566 і 1588 гадах. Выданне 1588 года захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва.

У Беларусі было да 2022 года некалькі канстытуцый: 1918 (часовая, БНР), 1919, 1927, 1937, 1978 і 1994 года.

1781 год. Нарадзіўся Юзаф Завадскі.

Віленскі друкар і выдавец.

Вучыўся выдавецкай справе ва Уроцлаве і Лейпцыгу. У 1803 годзе адкрыў друкарню ў Вільні. Калі ў 1805 годзе да яго перайшла ўніверсітэцкая друкарня, ён злучыў дзве друкарні і заснаваў выдавецтва. Быў сябрам масонскай ложы «Гарлівы Літвін».

Яго сыны Адамі і Фелікс, таксама былі выдаўцамі.

Памёр 5 снежня 1838 года. Пахаваны ў Вільні на Антокальскіх могілках.

Абеліск на магіле Ю. Завадскага

1789 год. У губернскіх Магілёве і Полацку адкрыты рускія галоўныя народныя вучылішчы.

Створаны расійскімі ўладамі на анэксіраванай па І Раздзелу тэрыторыі ВКЛ. Адзначаліся нізкім узроўнем адукацыі і русіфікатарскай скіраванасцю. Галоўныя, губернскія, вучылішчы былі 4-х класнымі.

Адкрыццё вучылішча ў Магілёве адбывалася з вялікай помпай: архіяпіскап Г. Каніскі правёў урачыстую службу і ўзначаліў хросны ход з царквы ў вучэльню. 

Па першым часе ў вучылішчах працавалі толькі прысланыя з цэнтральных расійскіх губерняў настаўнікі. 

У 1809 годзе вучылішча пераўтворана ў мужчынскую гімназію.

1881 год. Нарадзіўся Аляксей Назарэўскі.

Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, дзейнічаў у Заходняй Беларусі.

У 1922 годзе быў абраны ў польскі Сенат, быў членам Беларускага пасольскага клуба. Працаваў у магістраце г. Баранавічы.

Арыштаваны НКУС 2 студзеня 1940 года, асуджаны на 8 гадоў лагераў. У верасні 1941 года быў вызвалены з Сіблага і накіраваны ў Паўладарскую вобласць.

Далейшы лёс невядомы.

1893 год. У в. Палуж (зараз Краснапольскі раён) нарадзіўся Андрэй Мрый (Шашалевіч).

Беларускі празаік, журналіст, перакладчык. Вязень ГУЛАГу.

Настаўнічаў у Краснаполлі, разам з братам і шваграм стварыў першы ў раёне народны тэатр, выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта.

Найбольш вядомы сваім сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».

Супрацоўнік часопіса «Наш край», інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша», стылістычны рэдактар у газеце «Звязда».

У 1934 годзе арыштаваны НКУС па «справе краснапольскіх настаўнікаў». Асуджаны да лагераў. Зноў арыштаваны ў чэрвені 1940 года, асуджаны і адпраўлены ва Усць-Вымскі канцлагер Комі АССР.

Медкамісіяй прызнаны інвалідам і 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены паміраць дадому.

Паводле некаторых звесткак 8 кастрычніка 1943 года забіты рэцэдывістамі ў цягніку.

У Магілёве яго імя носіць бульвар.

1921 год. Нарадзіўся Васіль Мялешка.

Беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук, прафесар. Аўтар манаграфіі «Могилев в XVI-XVII вв.», даследчык гісторыі Магілёва. 

Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, старшынёй камісіі Акадэміі навук па гісторыі сельскай гаспадаркі і сялянства Беларусі.

Вывучаў праблемы класавай барацьбы ў беларускай вёсцы, прааналізаваў тры формы сялянскіх выступленняў: пасіўнае супраціўленне (скаргі, адмова ад выканання павіннасцей, уцёкі), узброеныя акцыі (напады на маёнткі, сутычкі з узброенымі атрадамі і інш.), паўстанні  – на Каменшчыне, 1736-1754 і Крычаўскім старостве, 1740-1744.

Памёр 5 верасня 2004 года.

1927 год. Закладзены ДнепраГЭС.

На беразе Дняпра, на скале “Каханне”, каля Запарожжа з’явіўся сцяг з надпісам “Днепрабуд пачаты”. 

Першая чарга ГЭС была пабудавана ў 1932 годзе. Узровень у Дняпры, у тым ліку ў Магілёве, павысіўся, былі затоплены Кабяляцкія парогі (з 2000 г. – помнік прыроды мясцовага значэння) у Оршы.

1930 год. У Віцебску нарадзіўся Жарэс Алфёраў.

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур і стварэнне хуткіх опта- і мікраэлектронных кампанентаў. Яго даследаванні адыгралі вялікую ролю ў інфарматыцы. Акадэмік АН СССР, Расійскай акадэміі, НАН Беларусі. Доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Віцэ-прэзідэнт АН СССР.

Працаваў у Фізіка-тэхнічным інстытуце імя А. Іофэ, старшынёй Навукова-адукацыйнага комплекса «Санкт-Пецярбургскі фізіка-тэхнічны навукова-адукацыйны цэнтр» РАН.

Аўтар больш як 500 навуковых прац, трох манаграфій і каля 50 вынаходніцтваў.

Памёр 1 сакавіка 2019 года.

1938 год. Расстраляны ўраджэнец Магілёва Мікалай Красцінскі (1883–1938).

Рэвалюцыянер, дыпламат.

Вучыўся ў Магілёўскай, Віленскай гімназіях, на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. 

Усё жыцце, з 1903 года, быў на службе бальшавікоў, якія яго і расстралялі. За партыйную работу ў Вільна, Віцебску неаднаразова арыштоўваўся. У 1914-1917 гадах быў сасланы на Урал, быў старшынёй Екацярынбургскага рэвалюцыйнага камітэта.

У першыя месяцы Савецкай улады прызначаны намеснікам галоўнага камісара Дзяржаўнага банка. Яго рукой былі падпісаны першыя савецкія грошы.

Пасол у Германіі (1921-1930), удзельнічаў у Генуэзскай канферэнцыі. У 1930 годзе прызначаны першым намеснікам народнага камісара замежных спраў СССР.

У 1937 годзе арыштаваны, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання.

У яго гонар названа вуліца ў Екацярынбургу.

2000 год. У Мінску прайшоў «Марш свабоды».

Масавая вулічная акцыя ў абарону незалежнасці Беларусі, правоў чалавека і дэмакратыі, супраць паглыблення беларуска-расійскай інтэграцыі.

Намер прэзідэнтаў Б. Ельцына і А. Лукашэнкі стварыць Саюзную дзяржаву быў сустрэты масавымі вулічнымі акцыямі пратэсту. 

Першы «Марш свабоды», арганізаваны апазіцыяй 17 кастрычніка 1999 года, адзначыўся брутальнымі сутыкненнямі ўдзельнікаў з міліцыяй і АМАПам.

Другі «Марш свабоды» 2000 года быў  прымеркаваны да дня прыняцця Канстытуцыі Беларусі. Міжнародная супольнасць салідарызавалася ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў, што стрымала А. Лукашэнку, які за суткі да пачатку маршу пагражаў, што ад удзельнікаў акцыі «паляціць шмаццё».

У вулічнай акцыі ў Мінску ўзялі ўдзел да 40 000 чалавек, у тым ліку ў маршы – 15 000.

У Магілёве на марш выйшла каля 150 чалавек.

2013 год. 10 год таму назад на Беларусь абрынуўся цыклон «Хаўер».

Ад стыхіі таксама пацярпелі Венгрыя, поўнач Украіны і захад Расіі.

«Хаўер» – наймацнейшы падобны прыродны катаклізм у гісторыі Беларусі. 

Падчас цыклону пачаўся вялікі снегапад пры моцным ветры да 28 м/с. Па ўсёй краіне стаў транспарт, прыкметна павялічылася колькасць аварый, адбыўся транспартны калапс (аўтазаторы дасягалі 20 км), без святла засталіся 1728 трансфарматарных падстанцый, 558 населеных пунктаў, было перанесена святкаванне Масленіцы, скарэктаваны расклад заняткаў у навучальных установах.

12 сакавіка Белгідрамет спрагназаваў пагаршэнне надвор’я, 14 сакавіка быў абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі і штармавое папярэджанне. Але інфармацыя аб шкале ўзроўняў небяспекі да «Хаўера» давалася Белгідраметам толькі ў МНС, і шырокія слаі насельніцтва не маглі ацаніць ступень рэальнай небяспекі ўмоў надвор’я.

Па збегу абставінаў напярэдадні катаклізму кіраўнікі дзяржавы адбылі на пасяджэнні ў Пецярбург і Маскву. З вышэйшых асоб застаўся толькі другі намеснік прэм’ера А. Калінін.

Месцамі таўшчыня снежнага покрыва склала 57 см, а ў выніку моцнай завеі, што актыўна пераносіла снежныя масы, у многіх месцах гурбы дасягалі 1 м і вышэй. У Слаўгарадскім раёне выпала 26 мм ападкаў.

Для барацьбы са снегам у Мінску і іншых гарадах 19 сакавіка былі праведзены суботнікі.

2017 год. У Мінску, абласных цэнтрах, буйных гарадах прайшлі масавыя маршы пратэсту вядомыя як “Маршы недармаедаў” у адказ на Дэкрет №3. 

Дзень 15 сакавіка аб’яўлены нацыянальным днём барацьбы з падаткам на беспрацоўе.

Гэта быў 8-ы пратэст недармаедаў з пачатку года. Першы адбыўся 17 лютага. Усяго за год адбылося 22 маршы, апошні – 21 кастрычніка.

Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны 2 красавіка 2015 года. Самі акцыі пратэсту выліліся толькі пасля атрымання грамадзянамі «ліста шчасця» – ліста ад падатковай інспекцыі з прад’яўленнем аб выплаце «падатку на дармаедства».

Усяго падатковыя органы разаслалі каля 470 000 апавяшчэнняў на выплату падатку. 20 лютага 2017 года павінен быў скончыцца апошні тэрмін выплаты гэтага збору.

Клайпеда адсвяткуе Дзень абаронцаў свабоды

13 студзеня, у Клайпедзе, як і па ўсёй Літве, будуць адзначаць Дзень абаронцаў свабоды. Пройдуць традыцыйныя мерапрыемствы: памятнае вогнішча, прабег па сцежках Абаронцаў свабоды, грамадзянскае запальванне свечак, канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, фотавыставы, богаслужэнні.

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Дзень абаронцаў свабоды ў Літве – гэта дзень памінання ахвяр крывавых студзеньскіх падзей 1991 года. У ноч на 13 студзеня 1991 года савецкія войскі распачалі спробу захапіць тэлевізійную вежу ў Вільнюсе пры падтрымцы танкаў. Увесь свет уважліва сачыў за гэтымі падзеямі. Тады пад танкамі загінулі 14 чалавек, у тым ліку жанчына, сотні атрымалі раненні – такую цану заплаціла Літва за сваю незалежнасць.

Начальнік Вільнюскага гарнізона генерал-маёр Уладзімір Усхопчык пазбег пакарання за свае дзеянні. Ён уцёк на тэрыторыю Беларусі, пазней стаў намеснікам міністра абароны і апорай А. Лукашэнкі.

Фота: пахаванне абаронцаў тэлевежы

Дамова аб Пабрацімстве Клайпеды і Магілёва была падпісана 8 сакавіка 1997.

27 лютага 2022 году, на трэці дзень уварвання расійскіх войск ва Ўкраіну, мэр Клайпеды заявіў аб спыненні пабрацімскіх сувязяў з расійскімі і беларускімі гарадамі. Паводле яго ён звярнуўся да кіраўніцтва гарадоў партнёраў, каб тыя супраціўляліся агрэсіі супраць Украіны, але рэакцыі не было. У афіцыйным спісе гарадоў пабрацімаў Клайпеды Магілёва няма.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Клайпеды, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам са спадзевам, што пабрацімства між гарадамі адновіцца.

Клайпеда месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.