Студзень 2023 года ў Магілёўскай вобласці – доўгатэрміновы прагноз, народныя прыкметы

У старабеларускай мове месяц назваўся стычень (як і ў польскай –  Styczeń) пры гэтым славянская назва выкарыстоўвалася побач з лацінскай формай генвар. У выданнях Ф. Скарыны даецца народная назва студзеня – стычень, таксама яна ўпамінаецца ў «Храналогіі» Андрэя Рымшы (1581). 

Слова студень выкарыстоўвалася ў старабеларускіх тэкстах у значэнні «холад».

Назва, ужываная ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, узнікла ў асяроддзі газеты «Наша ніва» і набыла больш-менш канчатковую форму ў 1912 годзе, калі ў календары «Нашай нівы» былі пададзены прапанаваныя назвы месяцаў з тлумачэннямі. 

Паслядоўна ў «Нашай ніве» ўжываліся такія варыянты назвы: у 1907 – январ (стычань), у 1908 – стычань, у 1909 – январ, у 1910-1912 – студзень (январ); далей – студзень бо дужа сцюдзёна»).

Іахім фон Зандрарт, Студзень, 1642.

“Студзень – году пачатак, зіме сярэдзіна”.

За гэты месяц паўдзённая вышыня сонца павышаецца на 8º (на 22 студзеня), амаль на 1,5 гадзіны павялічваеца дзень, але гэта недастаткова, каб паўплываць на тэмпературу паветра ў бок яе павышэння, – піша П. Лярскі ў кнізе “Прырода Магілёўскай вобласці” (2005).

У студзені сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ніжэйшая за снежаньскую толькі на 1ºС, у межах вобласці вагаецца ад -8,3º у Горках да -6,8ºС у Бабруйску. У Магілёве яна складае -7,6ºС.

Самая халодная трэцяя дэкада студзеня – на 1ºС ніжэй за пачатак месяца. Адзін раз на 4 гады сярэдняя тэмпература паветра ў студзені ніжэйшай за -10º, адзін раз на 20 гадоў -13ºС і ніжэй.

Студзень 1987 года стаў самым халодным за ўсю гісторыю метэаназіранняў з паказчыкам – 17,1ºС (у 1950 годзе -15ºС). А рэкорд цяпла пабіў студзень 1989 года, -0,6º (да гэтага быў рэкорд 1925 года  -0,9ºС).

Глыбокія і доўгія адлігі пад уплывам марскога умеранага паветра, калі тэрмометр паказвае +3 +5ºС у студзені на тэрыторыі Магілёўшчыны не такія ўжо і рэдкія. 11 студзеня 2005 года у Магілёве фіксаваўся рэкорд +9,8º С.

У студзені нас турбуе і Арктыка. Арктычныя паветраныя масы часта прыносяць “калядныя маразы” – у канцв другой, пачатку трэцяй дэкады. 

17 студзеня 1940 года быў пастаўлены рэкорд абсалютнай мінімальнай тэмпературы ў Магілёве -37,3º. Былі пастаўлены рэкорды і ў іншых месцах: Горкі -39,5ºС, Касцюковічы -38,1ºС, Бабруйск і Прапойск (з 1945 года – Слаўгарад) -37,4ºС, Клічаў -37,0ºС. 

А вось на тэрыторыі Жорнаўскай лясной доследнай станцыі ў Асіповіцкім раёне слупок тэрмометра ўвогуле ўпаў да адзнакі -41ºС – самая нізкая з калі-небудзь адзначаных у Магілёўскай вобласці. Ад такіх марозаў поўнасцю загінулі граб і арэшнік.

У студзені менш за ўсё адліг.  Дзён без адліг у Бабруйску – 21, Горках – 24.

За месяц у сярэднім выпадае ападкаў 40-45 мм. У 1915 годзе ў Магілёве выпала іх рэкордная колькасць – 103 мм, а ў 1947 годзе толькі толькі 3 мм. Амаль рэкордным па ападках стаў і 2004 год – 99,7 мм.

Сярэдняя вышыня снегавога порыва на канец месяца складае 25-30 см, а вось снежны 2004 год даў у студзені вышыню – 60 см.

Пры вялікіх марозах у Магілёве глеба прамярзае да 130 см пры адсутнасці значнага покрыва снега.

Доўгатэрміновы прагноз на студзень 2023 года (можа спраўдзіцца на 30%) такі: 

Пасля адлігі на пачатку года, яшчэ магчыма адліга ў сярэдзіне месяца. У асноўным прагназуюцца тэмпературы паветра ўдзень ад -2 да -10ºС, уночы ад -5 да -13ºС, у самую халодную дэкаду студзеня начныя тэмпературы могуць скласці -10 -17ºС. Прагназуецца 2 дні ясных, 12 перменна ясных, 17 з воблачнасцю. 18 дзён будзе без ападкаў, 13 – з ападкамі, у тым ліку 4 – снег з дажджом.

Народныя прыкметы

Калі ў студзені дажджы – дабра не жджы.

Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакавік.

Студзень пагодны – будзе год плодны.

Калі студзень добра марозіць, селянін лучынку паліць і дровы з лесу возіць.

Калі студзень імглісты – мокры год, калі халодны – позняя вясна і халоднае лета.

Студзень мяце – ліпень залье.

Прагноз надвор’я на першы тыдзень 2023 года. Першая палова з лістападаўскім характарам, другая – са студзеньскім. Адліга зменіцца маразамі да -12 °С

У панядзелак, 2 студзеня, паводле прагнозаў сіноптыкаў, на тэрыторыі Магілёўскай вобласці захаваюцца станоўчыя тэмпературы: ноччу 0 +2°, месцамі да +4  +6°С, днём +5 +6°С, месцамі да +8°С. Магчыма, што 2 студзеня разам з 1 студзеня, можа стаць самым цёплым днём бягучага студзеня. Вецер паўднёва-усходні, хуткасцю да 6 м/с. Па большай частцы вобласці прагназуюцца дажджы, воблачна. На асобных участках дарог захаваецца галаледзіца, уранні і да 12:00 чакаецца туман. 

У аўторак, 3 студзеня, чакаецца воблачнае надвор’е з дажджамі па большай частцы вобласці. Ападкі прынясуць заходнія вятры. Хуткасць ветра да 7-9 м/с. Тэмпература ноччу +1  +4 °С, месцамі да +6°С. Дзённыя тэмпературы дасягнуць рысак +4  +5°С, месцамі да +7 °С. На асобных участках дарог галаледзіца, уранні чакаецца туман.

У сераду, 4 студзеня, пачнецца невялікі прыток халоднага паветра з паўночнага захада. У ноч да 0  -1°С, днём каля 0- -1°С. Прагназуецца снег на большай тэрыторыі вобласці. Хуткасць ветра да 6 м/с.

У чацвер, 5 студзеня, працягнецца прыток халоднага паветра. Вецер паўднёва-усходні, хуткасцю да 4-6 м/с, месцамі да 10 м/с. І ноччу і днём будуць панаваць адмоўныя тэмпературы, у дзень слупок тэрмометра апусціцца да -2°С, месцамі да -5-6°С. Вялікая верагоднасць ападкаў у выглядзе снега.

У пятніцу, 6 студзеня, паўночна-усходнія паветраныя масы прынясуць хвалю пахаладання: у ноч да  -6°С, месцамі да -8°С, удзень да -4   -6°С. Усталюецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Хуткасць ветра да 5 м/с, месцамі да 8-10 м/с. Раніцой магччымы ападкі, днём без ападкаў.

На праваслаўныя Каляды, 7 студзеня, субота, чакаецца “каляднае” надвор’е. Паўночна-усходнія вятры прынясуць арктычныя паветраныя масы, будзе ясна, без ападкаў, тэмпература ноччу да -10 – 12°С, месцамі да -14°С, удзень да -8  -10°С. Хуткасць ветра да 5 м/с.

У нядзелю, 8 студзеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, пераважна без ападкаў. Вецер паўднёва-заходні, хуткасцю 2-4 м/с. Тэмпература паветра ўноч да -10 °С, днём да -6°С. У апошні дзень школьных канікул выпадае добрая магчымасць пахадзіць на лыжах.

Плюсавыя тэмпературы, дождж і снег, моцны вецер

Прагноз надвор’я на выходныя і навагоднія святы. 

У апошнія дні 2022 года, 30 і 31 снежня, у пятніцу і суботу, на асобных участках дарог захаваецца галаледзіца, а ў першы дзень новага года –  1 студзеня, у нядзелю, у многіх  раёнах вобласці прагназуецца ўзмацненне ветра з парывамі да 15-20 м/с, – паведамляе Белгідрамет.

30 і 31 снежня чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор’е. Часам ападкі – дождж, мокры снег. Верагоднасць ападкаў высокая 80-90%. 

Тэмпература паветра ўдзень +1-+3°C, ноччу да 0°С – паведамляе Белгідрамет. Вецер паўднёва-заходні хуткасцю 4-9 м/с. 

У навагоднюю ноч чакаецца да +2°С, а ў першы дзень 2023 года, 1 студзеня, прагназуецца вільготнае, воблачнае надвор’е, з дзённымі тэмпературамі +2 +5°С, месцамі да +7°С. Хуткасць ветра да 5-7 м/с, месцамі да 10-12 м/с. Часам месцамі ападкі – дождж.

У панядзелак, 2 студзеня, захаваюцца станоўчыя тэмпературы: ноччу 0 +2°, месцамі да +4°С, днём +5 +6°С. Па большай частцы вобласці прагназуюцца дажджы.

Прыкладна такое ж воблачнае надвор’е чакаецца і ў аўторак, 3 студзеня, калі дзённыя тэмпературы дасягнуць +4 +5°С. Будзе воблачна, магчымы дождж.

У сераду, 4 студзеня, пачнецца невялікі прыток халоднага паветра. У ноч да -1°С, днём каля 0 -1°С. Чакаецца снег.

У чацвер, 5 студзеня, і ноччу і днём будуць панаваць адмоўныя тэмпературы, у дзень слупок тэрмометра апусціцца да -5 -6°С. Узмацняцца вятры – да 10 м/с, месцамі да 14 м/с.

Шпацыр па снезе карысны не толькі для здароўя, але і павышае самаацэнку людзей

Да такой высновы прыйшлі польскія і брытанскія навукоўцы.

Па іх словах, як паведаміў канал euronews, 40-хвілінная прагулка ў зімовым лесе аказвае непасрэдны станоўчы ўплыў на людзей, якія раней былі незадаволеныя сваім уласным целам. Нават прагляд фільмаў з падобнымі ландшафтамі мае станоўчы эфект, хаця і менш выяўлены.

Папярэднія даследаванні такога кшталту тычыліся зялёных ці сініх прастор, напрыклад, лясоў, паркаў, рэк, азёр. Навукоўцы ніколі не вывучалі, ці мае “белая прастора – натуральны ландшафт пакрыты снегам – той жа самы станоўчы эфект. Цяпер яны зацікавіліся гэтым. 

Даследаванні праводзіліся ў групе з 87 жанчын, якія гулялі па снежным польскім лесе. Навукоўцы сцвярджаюць, што памер выбаркі не мае вялікага значэння, паколькі высновы былі падмацаваны вынікамі іншых падобных эксперыментаў.

Цяпер навукоўцы маюць намер даведацца, ці з’яўляецца снежная сельская мясцовасць лепшым ландшафтам для паляпшэння настрою і самаацэнкі.

Ад снега абрынуўся дах і парвала трубу, газ пачаў запаўняць дом з людзьмі пад Магілёвам

У вёсцы Мікалаеўка-3 ў некалькіх кіламетра ад Магілёва з-за снега абрынуўся дах аднаго з прыватных дамоў.

Пры гэтым была пашкоджана газавая труба, з-за чаго ў памяшканне пачаў паступаць прыродны газ. У гэты час у доме знаходзіліся двое бацькоў-пенсіянераў і іх 39-гадовая дачка – паведамляе прэс-служба абласнога МНС.  

Надзвычайнае здарэнне адбылося сёння, 21 снежня 2022 года ў 10.30. Дыспетчар МНС рэкамендаваў сям’і не карыстацца электрапрыборамі і адкрытым агнём і неадкладна эвакуіравацца на вуліцу. Ніхто не пацярпеў.

Фота: прэс-служба МНС

Аранжавы ўзровень небяспекі захоўваецца – прагноз надвор’я

На 18 снежня, нядзелю, Белгідрамет папярэджвае аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве (аранжавы ўзровень небяспекі).

Па прагнозах  сіноптыкаў, днём у нядзелю воблачна з праясненнямі. Часам снег, верагоднасць ападкаў больш за 90%, слабая мяцеліца. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўноч да -13°С, удзень -5..-7°C. 

Вецер паўночна-заходні хуткасцю да 5-10 м/с, пры парывах да 14 м/с. 

З 18 па 24 снежня ў Магілёве самыя кароткія дні – 7 гадзін і 24 хвіліны.

У панядзелак, на  Міколу Зімовага, прагназуецца рэзкае паніжэнне слупка тэрмометраў, асабліва ў начны час. 19 снежня ўдзень да -9°С пры ясным надвор’і, ападкаў не прагназуецца. Уноч да -14°С, месцамі да 17 -19°С, хуткасць ветра да 3-5 м/с, месцамі да 13-14 м/с.

«Без Міколы не бывае ні зіма, ні лета». «Да Міколы няма зімы ніколі». 

Не трэба пужацца такіх нізкіх начных тэмператур на Міколу, бо ў народзе кажуць: «Ніводнаму Міколу ня вер ніколі». Не трэба думаць, што пойдзе чарада марозных начэй. Ад сілы яшчэ адна.

Аўторак, 20 снежня, па ўсіх прагнозах, захаваецца халоднае надвор’е ўночы з марозамі да -16°С, а вось удзень тэмпература падымецца ўжо крыху вышэй за 0°, да +1°С, будзе снег. Узмацніцца вецер, да 8-10 м/с, месцамі да 18-19 м/с.  У гэты дзень і ў наступныя на асобных участках дарог галалёдзіца. 

У сераду 21 снежня і днем і ўноч чакаюцца станоўчыя тэмпературы – да +1°С пры воблачным надвор’і. Снег. Хуткасць ветру да 4 м/с.

У чацвер, 22 снежня, чакаем ноччу тэмпературу каля 0°, днём да +1°С. Снег. Вецер да 5-6 м/с.  

У пятніцу, 23 снежня, прагназуецца воблачнае надвор’е, уноч каля 0°С, днём, магчыма, слупок тэрмометра падымецца да +2°С. Вялікая верагоднасць выпадзення снегу.

Свята Ганны і Зімовае сонцастаянне. «Ганкі — сядайце на санкі». Нягледзячы на станоўчыя тэмпературы, снег не растане. Даўжыня дня найкарацейшая ў годзе – каля 7 гадзінаў, у Магілёве дзень складае 7 гадзін і 24 хвіліны (такая даўжыня з 18 па 24 снежня), даўжыня ночы – 16 гадзін і 36 хвілін.

Прыкладна такое ж надвор’е чакае нас і на выходныя, 24-25 снежня, са снегам. У нядзелю магчыма праясненне неба.

Фота: planetabelarus.by 

У Мікалаеве падлічылі папярэднія страты ад расійскай агрэсіі

Паводле падлікаў гарадскіх улад, страты Мікалаева ад расійскай агрэсіі складаюць 852 мільёны еўра. Спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць шкоду на 220 мільёнаў, але ёсць пэўная колькасць аб’ектаў, якія немагчыма ацаніць па спадарожнікавых здымках. Найбольшую шкоду панёс жыллёвы фонд – пашкоджана 360 000 квадратных метраў жылля на агульную суму амаль 400 мільёнаў еўра (амаль палова ўсіх страт). 

Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.

Але фінальныя лічбы страт будуць ясныя толькі пасля падрыхтоўкі праекта аднаўлення горада.

У Мікалаеве ідэнтыфікаваны 43% пашкоджаных збудаванняў, зафіксаваны пашкоджанні больш за 87 000 аб’ектаў. Для гэтага выкарыстоўваліся і паведамленні мясцовых улад, і спадарожнікавыя здымкі, і іншыя тэхналогіі, каб верыфікаваць пашкоджанні. Мэр Аляксандр Сянкевіч дадаў, што ў ідэнтыфікацыі пашкоджанняў, месцаў траплення расійскіх ракет вельмі дапамаглі відэакамеры, устаноўленыя ў рамках праекта “Бяспечны горад”.

На тэрыторыі вобласці праводзяцца падлікі страт. Можна канстатаваць, што ёсць асобныя населеныя пункты, якія поўнасцю знішчыны расійскімі акупантамі. Да такіх адносіцца, напрыклад, сяло Партызанскае (на фотаздымку).

сяло Партызанскае

16 снежня працягнуліся ракетныя абстрэлы рускімі акупантамі, у выніку чаго ў Мікалаеве часткова перасталі працаваць тралейбусы, трамваі, прыпынілі працу кацельні «Мікалаеваблэплаэнерга» – паведамляюць у “Мікалаеўэлектратранс” і энергетыкі.

Нагадаем, што тэмпература паветра ў гэтыя дні тут ад 0 да +8С, месцамі па вобласці ляжыць снег.

У дэакупаванай Снігіроўцы пад Мікалаевым працягваюць знаходзіць небяспечныя прадметы, пакінутыя расейскімі акупантамі, паведамляюць выратавальнікі. “У заплечніку знойдзена супрацьпяхотная міна ПМН-2 у баявым стане. “Невядома, колькі б гэта прынесла гора, калі б не нашы адважныя выбухоўцы, якія знішчылі яго на месцы» – распавялі яны.

Тым часам, у складскім памяшканні побач са Снігіроўкай супрацоўнікі контрвыведкі СБУ выявілі чарговы склад расійскіх боепрыпасаў, паведамляе «Сніг». 

З пачаткам 2023 года ў Мікалаеве будзе прынята рашэнне па аднаўленню навучання ў школах. «Пасля Новага года абмяркуем» – кажа кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім. 

У сувязі з тым, што лінія фронту была адсунутая і Херсон быў вызвалены, у Мікалаеў і вобласць пачалі вяртацца людзі, у тым ліку і дзеці. Таму ўжо ставіцца пытанне аб аднаўленні афлайн-навучання.

У Мікалаеўскай вобласці  сталі вядомы тэрміны  зімовыя школьных канікул. Плануецца іх пачаць 24-25 снежня і завяршыць 8 студзеня. Аднак у некаторых населеных пунктах канікулы пачнуцца 29-31 снежня, таму скончацца пазней. Таксама адпачынак можна падоўжыць, калі будуць перабоі з электрычнасцю і інтэрнэтам.

У Тэлеграм з’явіліся фота з коштамі на штучныя елкі у гандлёвых кропках Мікалаева: ад 7300 да 16 900 грывен. Каментатары сцвярджаюць: дорага! На сёння курс 1 беларускі рубель – 13,29 грыўны, што азначае, што елкі прапаноўвацца па 549-1270 беларускіх рублёў.  

Для параўнання ў сетцы беларускіх крам “ОМА” штучныя елкі можна набыць ад 14 да  454 рублёў, а на елачных кірмашах жывую елку за 7,8 – 212,7 беларускіх рублёў.

 Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

На кожным чацвёртым аб’екце Магілёўшчыны не праводзіцца сваечасовая ўборка снегу

Санэпідслужбай Магілёўскай вобласці з 25 лістапада па 9 снежня бягучага года пры  абследаванні 2 861 тэрыторый і аб’ектаў у частцы захавання санэпідзаканадаўства па пытанні правядзення суб’ектамі гаспадарання супрацьгалалёдных мерапрыемстваў выяўлены шматлікія выпадкі несвоечасовай ачысткі снегу – на 752 аб’ектах (а гэта 26,3% ад агульнай колькасці), несвоечасовага прымянення супрацьгалалёдных сродкаў на 741 (25,9%).

Асноўная частка парушэнняў прыпадае на ўнутрыдваровыя тэрыторыі (праезды, пешаходныя дарожкі, тратуары, вуліцы, аўтадарогі) – 597 парушэнняў нарматываў ачысткі снегу, і 591 парушэнне што да прымянення супрацьгалалёдных сродкаў. 

На прыпыначных пунктах  – 46 парушэнняў па ачыстцы снегу і 39 па прымяненні супрацьгалалёдных сродкаў. 

Для ўстаранення парушэнняў патрабаванняў санэпідзаканадаўства кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў выдадзены рэкамендацыі, па выніках нагляду за выяўленыя парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства вынесена 4 пастановы аб накладанні штрафаў.

Надвор’е на выходныя 10-11 снежня ў Магілёўскай вобласці. Аранжавы ўзровень небяспекі

Шквалы, маразы, снегапады, завеі. Папярэджанне аб неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’яве (аранжавы ўзровень небяспекі)

Раніцай і днём 10 снежня (субота) у многіх раёнах па паўднёвым усходзе краіны чакаюцца моцныя ападкі – снег, мокры снег, з дажджом.

У суботу, 10 снежня па Магілёўскай вобласці прагназуецца ў ноч да -6ºС, раніцай да -2ºС, днём  да 0º С. 

У нядзелю, 11 снежня, чакаецца   ў ноч да -4ºС, раніцай  -4º С, днём да -1º С. Вецер паўночны, паўночна-усходні, хуткасцю да 4-8 м/с

Энергію са снега пачнуць атрымліваць у Японіі

У Японіі прыдумалі, як здабываць электраэнергію са снегу – паведамляе pogoda.mail.ru

Метад збіраюцца пратэставаць у горадзе Аамары, дзе гэтага рэсурсу ў лішку з-за асаблівасцяў клімату. Тэхналогія заснавана на розніцы тэмператур у масе снега і на яго паверхні. У рэгіёне таксама ёсць тэрмальныя крыніцы, якія дапамогуць узмацніць эфект.

Эканамічна развітыя і багатыя краіны могуць прыродныя катаклізмы звярнуць на карысць чалавеку і гаспадаркі.

Сістэма дапаўняе спіс прыродных рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца для здабычы аднаўляльнай энергіі, як сонечныя батарэі ці ветравыя ўстаноўкі. Аднак стваральнікі лічаць, што іх устаноўка Snow power (даслоўна з ангельскай – моц снега) будзе эфектыўней.

Тэхналогію запусцяць ужо ў снежні 2022 года. Яна павінна прапрацаваць да сакавіка 2023 года. Камунальныя службы будуць звазіць снег з вуліц у спецыяльны басейн, які абсталяваны ў былой школе. Там у пласты снега будуць устаноўлены цеплаперадаючыя трубкі, а паветра над імі будзе натуральна награвацца сонцам. Розніцу тэмператур паміж снежнымі масамі і вонкавым паветрам выкарыстаюць для стварэння канвекцыйнага току ўнутры турбіны, якая будзе вырабляць электраэнергію.

Таксама плануецца выкарыстоўваць цяпло ад гарачых крыніц для стварэння яшчэ большых ваганняў тэмпературы, адзначаюць японскія інжынеры.

«У гэтым рэгіёне шмат курортаў з гарачымі крыніцамі і выпадае шмат снега. Чым большая розніца тэмператур, тым вышэйшая эфектыўнасць выпрацоўкі электраэнергіі».

Калегі вынаходнікаў “снежнай” сістэмы раней прыдумалі аналагічны спосаб атрымліваць энергію з розніцы тэмператур паверхневых і глыбінных вод акіяна. Яны палічылі, што такая электрычнасць будзе абыходзіцца ўсяго ў 20 ен (14 цэнтаў ЗША) за квт/гадзіну, што танней, чым энергія ветра, цеплавая ці энергія ад спальвання мазута. Аўтары новай тэхналогіі адзначаюць: у выпадку са снегам перапады тэмператур будуць мацнейшыя, таму і сістэма павінна стаць больш эфектыўнай.

Сістэма зможа вырашаць пытанні здабычы энергіі толькі ў зімовы час. Але хаця б на гэты перыяд яна стане экалагічнай альтэрнатывай сонечным батарэям і ветракам. А ад расталага снега можна пазбаўляцца, як ад звычайных сцёкавых вод.